Удзел у Глабальным атамным форуме ў Маскве

  • 18
  • 4

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 25 верасня прыняў удзел у Глабальным атамным форуме, які праходзіў у Маскве на тэрыторыі ВДНГ.

Разам з іншымі высокімі гасцямі да пачатку пленарнага пасяджэння Кіраўнік беларускай дзяржавы агледзеў экспазіцыю павільёна "Атам". Экскурсію правёў генеральны дырэктар расійскай дзяржкарпарацыі "Расатам" Аляксей Ліхачоў. Ён прэзентаваў сам павільён і расказаў пра магчымасці атамнай прамысловасці Расіі.

У сваім выступленні на форуме Аляксандр Лукашэнка ў першую чаргу звярнуў увагу ўдзельнікаў мерапрыемства на факт правядзення Расіяй цяперашняга форуму, улічваючы міжнародную абстаноўку. "Вы ведаеце, у якой сітуацыі знаходзіцца Расія, мы ў тым ліку. Што толькі пра нас сёння не пішуць, не гавораць, абзываюць рознымі словамі. І агрэсары мы, і суагрэсары, і гэтак далей, - сказаў Прэзідэнт Беларусі. - Што граху таіць, у Расіі, як і ва ўсіх іншых краін, якія тут прысутнічаюць, праблем дастаткова. Асабліва ў нашай Расійскай Федэрацыі шмат пытанняў, праблем і шмат барацьбы, якую ацэняць у будучым. Я ў гэтым проста ўпэўнены".

"Тым не менш, мы што, гаворым сёння пра вайну, гаворым пра ваенныя праблемы? Не. А з падачы той жа Расіі, у якой нямала праблем, мы гаворым пра мірны атам. Мы сабраліся на форум, дзе Расія дзеліцца сваім вопытам. Назавіце яшчэ іншыя краіны, якія валодаюць такімі тэхналогіямі, якія б так адкрыта заявілі: "Прыходзьце і глядзіце!" Самыя перадавыя тэхналогіі, якімі адкрыта не дзеляцца. Вось так адкрыта ў складаны час заявілі аб тым, што прыходзьце, мы будзем з вамі супрацоўнічаць і мы вас навучым. У Расіі сёння няма сакрэтаў у самай сакрэтнай галіне. У складаны час Расія адкрывае нам самую сакрэтную сферу", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Расія пабудавала і пабудуе шмат яшчэ атамных станцый у іншых краінах, але ён падкрэсліў падыход менавіта ў адносінах да Беларусі, уключаючы выдзяленне крэдытных рэсурсаў і перадачу практычнага вопыту. "Мы разам стварылі атамную станцыю, рэалізаваўшы самы сучасны праект. Мы стварылі самую сучасную, самую прыгожую атамную станцыю", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён яшчэ раз падзякаваў расійскаму боку за рэалізацыю ў Беларусі гэтага праекта.

"Таму станцый будзе шмат. Але тое, што робіць сёння Расія ў гэтым плане ў добрым сэнсе слова, - гэта немагчыма ні адной іншай краіне. Гэта вялікая справа, якую Расія сёння ажыццяўляе, і за гэта ў свеце яе паважаюць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы з Уладзімірам Уладзіміравічам (Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. - Заўвага) заўтра параімся, пагаворым і прымем рашэнне аб будаўніцтве другой атамнай станцыі ў Рэспубліцы Беларусь, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - У нас няма пытанняў, хто будзе будаваць гэту станцыю. Мы будзем яе будаваць разам з расіянамі. Таму што яны навучылі нас гэта рабіць. І ўжо мы па просьбе "Расатама" дзе-нідзе ў асобных дзяржавах удзельнічаем у будаўніцтве такіх станцый".

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Прэзідэнту Расіі за тое, што ў Беларусі была пабудавана АЭС і беларускія спецыялісты атрымалі адпаведны вопыт: "Дзякуй за навуку, дзякуй, што вы зрабілі нашу краіну па-сапраўднаму ядзернай дзяржавай. Не шкадуючы ніякіх сакрэтаў, захоўваючы міжнароднае права, прынцыпы. Гатовы дзейнічаць і далей не толькі ў Беларусі, але і на міжнароднай арэне, дапамагаючы будаваць станцыі".

"Мы ўмеем ужо рабіць усё. Мы не можам толькі рэактар зварыць, зрабіць гэта. Гэта ўжо вашы кампетэнцыі. І не трэба (рабіць гэта ў Беларусі. - Заўвага). Усё астатняе мы ўжо навучыліся рабіць. Гатовы рэалізоўваць ва ўсіх краінах-партнёрах і тых, хто яшчэ думае, якую станцыю пабудаваць. Мы гатовы ў гэтым удзельнічаць. Якасць, ужо магу сказаць з расіянамі разам, мы гарантуем", - заявіў беларускі лідар.

"Так, Нікол Ваваевіч, калі трэба, звяртайцеся. Калі Прэзідэнт (Расіі. - Заўвага) адобрыць, мы гатовы пачаць", - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да прысутнага на форуме Прэм'ер-міністра Арменіі Нікола Пашыняна.

Кіраўнік беларускай дзяржавы папрасіў расійскую дзяржкарпарацыю "Расатам" не сыходзіць з Беларусі і прапанаваў "аднавіць рух" па існуючым у краіне ядзерным цэнтры.

"Хачу вас (звяртаючыся да кіраўніка "Расатама" Аляксея Ліхачова. - Заўвага) публічна яшчэ раз папрасіць не сыходзіць з Беларусі. Думаю, я змагу пераканаць Прэзідэнта Расіі ў тым, што ў Беларусі трэба прадаўжаць працаваць. І не толькі ў плане рэалізацыі нашых з вамі задумак з часоў Сяргея Кірыенкі (раней узначальваў "Расатам". - Заўвага). Нам трэба прадаўжаць працаваць па многіх напрамках. Мірных і перш за ўсё ў галіне аховы здароўя", - сказаў беларускі лідар.

"Вельмі прашу, каб мы з вамі (адобрыць, думаю, Прэзідэнт) аднавілі наш рух па ядзерным цэнтры ў Беларусі. Я яго захаваў, якім ён мне дастаўся з савецкіх часоў. Там пад кантролем Гросі (кіраўнік МАГАТЭ. - Заўвага) знаходзіцца нямала добрых матэрыялаў. Вы ведаеце. Мы свята дамоўленасці свае выконваем", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама падзякаваў кіраўніку МАГАТЭ Рафаэлю Гросі за яго пазіцыю па Беларускай АЭС.

"Хачу Вам, спадар Гросі, падзякаваць за тое, што Вы былі сапраўдным мужыком, сапраўдным чалавекам. Наша станцыя, Вы помніце, была сур'ёзна палітызавана. І не там будуем, і не тое будуем, і амерыканцы супраць, а еўрапейцы наогул былі ў шаленстве. Вы шмат разоў бывалі на гэтай станцыі. Але Вы адкрыта перад журналістамі гаварылі: "Не нападайце на Беларусь, яны будуюць з расіянамі самую прагрэсіўную станцыю, пытанняў няма", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Калі Вы ставілі перад намі пытанні, мы іх заўсёды рэалізоўвалі. Вы зрабілі вялікую справу. Вы ніколі не падстаўлялі нас з расіянамі, не прымушалі нас апраўдвацца. Вы былі шчырым і прыстойным чалавекам. Дзякуй Вам вялікі за ўсё тое, што Вы зрабілі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама выказаўся ў падтрымку думкі аб тым, што калі Рафаэль Гросі захацеў бы стаць кіраўніком у ААН, то можна падтрымаць яго кандыдатуру.

Пасля завяршэння форуму Аляксандр Лукашэнка таксама адказаў на шэраг пытанняў ад прадстаўнікоў СМІ.

Журналісты спыталі ў беларускага лідара, ці плануе ён перадаць якое-небудзь паведамленне ад прадстаўнікоў ЗША свайму расійскаму калегу ў час асабістай сустрэчы. "Я яму заўтра перадам усе вестачкі і паведамленні. Тым больш, гэта такі вялікі блок для абмеркавання нашых пытанняў агульных. Там мы абмяркуем прапановы некаторыя", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Адказваючы на ўдакладняючае пытанне журналістаў, ці будуць гэта паведамленні ад амерыканцаў, Прэзідэнт сказаў: "І ад амерыканцаў. Назбіралася шмат пытанняў. Заўтра я вам змагу аб гэтым сказаць".

У час размовы з прадстаўнікамі СМІ Кіраўнік беларускай дзяржавы ацаніў прапанову Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна па далейшым лёсе Дагавора па скарачэнні стратэгічных наступальных узбраенняў (ДСНУ).

"Выдатная ініцыятыва", - сказаў Прэзідэнт Беларусі. Развіваючы тэму, ён звярнуў увагу на паслядоўную палітыку Расіі і правёў паралель з тэматыкай форуму, дзе размова ішла пра развіццё атамнай энергетыкі, і ў тым ліку пра гатоўнасць Расіі дзяліцца сваімі перадавымі тэхналогіямі ў гэтай сферы. "Я сёння гаварыў пра атам. Усе нас дзяўбуць: і агрэсары, і суагрэсары, і мы такія-сякія... А мы, перш за ўсё Расійская Федэрацыя, прапануем свету: вось мірны атам, давайце развівацца, вось вам мірныя тэхналогіі - бярыце. Тое ж самае ДСНУ, - звярнуў увагу беларускі лідар. - Колькі б мы тут не цялёпкаліся пра розныя канфлікты (гэта дрэнна, людзі гінуць і гэтак далей), але не дай бог мы не вырашым праблему, пра якую вы сказалі (датычыцца дзеяння ДСНУ. - Заўвага), быць бядзе. І Расія ў гэты момант працягвае руку ўсім: давайце дагаворвацца. Не можаце сёння - давайце на год прадоўжым дагавор і дамовімся".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што з вялікім задавальненнем пачуў аб прапанове Уладзіміра Уладзіміравіча і абсалютна яго падтрымлівае. "Гэта адсоўвае глабальную вайну", - перакананы Кіраўнік беларускай дзяржавы.

У сувязі з гэтым прагучала ўдакладняючая заўвага з боку журналістаў, што для вырашэння праблемы вельмі важна падтрымка з боку Прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, а далей прагучала пытанне аб тым, якую параду мог бы даць Аляксандр Лукашэнка амерыканскаму лідару. "Я гэта абавязкова зраблю, - сказаў у адказ Прэзідэнт Беларусі. - Дзякуй богу, у мяне ёсць такая магчымасць".

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што чуў выступленне Дональда Трампа на пасяджэнні Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку. Яно добра характарызуе асобу амерыканскага Прэзідэнта і дазваляе дапусціць меркаванне адносна яго адказу па дагавору ДСНУ.

"Трамп як бунтар, у добрым сэнсе слова, і рэвалюцыянер, ён адназначна падтрымае гэту ініцыятыву, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - І потым, у Трампа вялікая сям'я. І, што мне падабаецца, ён любіць сям'ю, цэніць сям'ю, цэніць дзяцей, і ён ведае, да чаго можа прывесці глабальнае сутыкненне і вайна".

Акрамя таго, сам Дональд Трамп заяўляў, што за час свайго цяперашняга прэзідэнцтва змог спыніць сем войнаў. І гэта таксама характарызуе яго як асобу і палітыка, неабыякавага да мірнага ўрэгулявання. "Ён робіць усё для таго, каб гэтай (патэнцыяльна магчымай. - Заўвага) вайны не было. Калі ён шчыры ў гэтым імкненні, ён абавязкова падтрымае гэту ініцыятыву (Уладзіміра Пуціна па ДСНУ. - Заўвага)", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

Журналісты ўдакладнілі ў Кіраўніка дзяржавы, ці даехаў да Беларусі "Арэшнік". "Ужо ў дарозе. Усё будзе нармальна", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.