Урачыстая цырымонія ўшаноўвання аграрыяў на фестывалі-кірмашы "Дажынкі-2024" у Мастах

  • 40
  • 38:08

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 2 лістапада прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі ўшаноўвання аграрыяў на фестывалі-кірмашы "Дажынкі-2024" у горадзе Масты Гродзенскай вобласці.

Прыбыўшы ў Масты, Аляксандр Лукашэнка перш за ўсё пацікавіўся ў чыноўнікаў, якія праблемы на дадзены момант ёсць у Гродзенскай вобласці. Памочнік Прэзідэнта - інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў расказаў аб падзяжы жывёлы, недастатковых тэмпах меліярацыі і некаторых работ у палях.

"Вельмі дакладна. Вы катастрафічна спазняецеся з пад'ёмам зябліва, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - І яшчэ адна "хвароба", аб чым я папярэджваў губернатара, - гэта крайнія раёны па перыметры. Далёкія вашы раёны вельмі адрозніваюцца. Трэба, каб культура земляробства была як тут. Гэтага няма".

Прэзідэнт таксама запатрабаваў прывесці ў парадак і рэкультываваць тыя землі, дзе раней распрацоўваліся кар'еры. Асаблівую ўвагу Кіраўнік дзяржавы звярнуў на закінутыя прысядзібныя ўчасткі.

"З Гродзенскай вобласцю ў гэтым плане трэба разбірацца, нягледзячы на тое, што яны не горшыя, а часам лепшыя за іншыя вобласці. Гэта вельмі сур'ёзныя недахопы. Я ж бачу ўсю краіну", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Дэвізам абласнога свята "Дажынкі" сталі словы "Масты аб'ядноўваюць на подзвіг і на працу!". У горадзе арганізавалі работу выязных гандлёвых пунктаў, гастранамічны фестываль. Свае дасягненні прэзентавалі падворкі раёнаў Гродзенскай вобласці, дзе можна было пазнаёміцца з традыцыямі рэгіёна і пакаштаваць свежы хлеб новага ўраджаю.

Асноўныя ўрачыстасці прайшлі на галоўнай сцэне. Тут адбылося ўзнагароджанне працаўнікоў аграпрамысловага комплексу.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў яго як у чалавека ад зямлі да "Дажынак" асаблівае стаўленне, бо гэта свята - добрае і самае сапраўднае, тое, якое стварыла само жыццё. "Гэта вынік каласальнай працы і радасць ад яе рэзультатаў. Нагода заслужана пахваліць  рукі, якія вырошчваюць хлеб і пахнуць хлебам", - падкрэсліў Прэзідэнт. 

Ён заўважыў, што Гродзенская вобласць, як у той прыказцы, па памеры самая маленькая, ды ўдаленькая. Гэты рэгіён - адзін з лідараў айчыннага АПК, культурны і духоўны цэнтр, захавальнік некалькіх аб'ектаў са спіса Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. 

"Але ж усяго гэтага магло і не быць. Як і самой вобласці. Мы з вамі гэта добра памятаем і ведаем. Зямля і людзі тут шмат разоў станавіліся разменнай манетай у палітычных гульнях. Прыехаўшы сюды праз шмат гадоў, я павінен сказаць, што больш ніколі Гродзенская вобласць і нашы беларусы, якія жывуць тут (беларуская нацыя - і палякі, і яўрэі, і татары, украінцы, рускія), ніколі больш не будуць разменнай манетай у палітыкаў, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Але мы тады не страчвалі веры, надзеі, нацыянальнай ідэнтычнасці і ўз'ядналіся ў адзінай Беларусі ў далёкім 39-м годзе мінулага стагоддзя". 

У 1990-я гісторыя ледзь не паўтарылася. "Калі тут, як, зрэшты, і па ўсёй краіне, не было ні работы, ні перспектыў, - нагадаў Кіраўнік дзяржавы. - Тавары па талонах. Мізэрныя пенсіі, і тыя тыднямі, а тое і месяцамі затрымліваліся. Людзі трапілі ў вельмі цяжкае становішча. У рэгіёне выжывалі за кошт чаўночнага гандлю. Вазілі ў суседнія краіны гарэлку і цыгарэты. На фоне гэтага развалу зноў паспрабавалі разыграць тую самую карту пра "крэсы ўсходнія". Але ў Беларусі мы не дазволілі ўзвысіць прадстаўнікоў адной нацыянальнасці над іншымі. І вы ў Гродне гэта добра ведаеце. Тут жывуць нашы беларусы, нашы ўкраінцы, нашы рускія, нашы яўрэі, нашы палякі, нашы прадстаўнікі ўсіх нацыянальнасцей, якіх у краіне паўтары сотні". 

Нездарма, паводле слоў Прэзідэнта, менавіта ў шматнацыянальным Гродне праходзіць Фестываль нацыянальных культур, які стартаваў у 1996-м (ён равеснік "Дажынак"). І на сваім нацыянальным падворку кожны гаспадар прыме любога госця з гасціннасцю і гордасцю. "Прыемна глядзець на свята, якое вы праводзіце", - заявіў беларускі лідар. 

"Мы ўсе розныя. Часам абсалютна розныя. Але мы - адзіны беларускі народ. Па праву зямлі, на якой разам жывём цяпер і на якой будуць жыць нашы дзеці. І для гэтага мы зробім усё", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Суверэнная Беларусь моцна стаіць на нагах. Мы кардынальна змяніліся і шмат чаму навучыліся. Увесь свет ведае: калі хочаш купіць смачнае і якаснае - шукай з паметкай "Зроблена ў Беларусі". Нам удалося ў гэты тэхнагенны век захаваць высокія стандарты натуральных прадуктаў. У свеце яны сталі не толькі брэндам, але ўжо трэндам", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Гродзеншчына як адзін з аграрных лідараў паступальна рухаецца наперад па ўсіх напрамках, - канстатаваў Прэзідэнт. - Сабраныя ў гэтым годзе звыш 2,2 млн т галоўнага беларускага золата - збожжавых і зернебабовых культур - уражваюць". 

Традыцыйна вобласць выходзіць на першае месца па ўраджайнасці - амаль 55 ц/га, што, вядома, вельмі адрозніваецца ад 32 ц/га ў 1990-я гады. Больш таго, ёсць гаспадаркі, у якіх гэты паказчык перавышае сотню. Гэта сельгаспрадпрыемствы Гродзенскага раёна: імя В.І.Крамко, "Свіслач" і "Гродзенскі". 

"Надышоў час браць новыя рубяжы - устойліва выходзіць на 2,5 млн т па намалотах, - паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка. - Для гэтага ў вобласці ёсць усё. Трэба дабавіць крыху адказнасці і арганізаванасці".

У бягучым годзе ў рэгіёне рэкордны ўраджай рапсу: валавы збор склаў 287 тыс. т пры сярэдняй ураджайнасці 40 ц/га. "А пачыналі мы 30 гадоў таму ўсяго толькі з шасці - шэсць з паловай цэнтнераў была ўраджайнасць!" - заўважыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што тады ў рапс ніхто не верыў і ён асабіста літаральна прымушаў яго сеяць тых, хто не хацеў думаць стратэгічна. Вучоных кіраўнік дзяржавы заклікаў вывесці айчынныя азімыя сарты. "І мы гэта зрабілі, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Беларусь сёння асацыіруецца з бязмежнымі жоўтымі палямі. Едзеш - краіна пахне мёдам. Рапс стаў другім золатам". 

Таму, паводле слоў Прэзідэнта, напоўнены рапсавым алеем гродзенскі хрустальны зубр заслужана ўпрыгожвае экспазіцыю Палаца Незалежнасці. "Гэта сапраўды культура сучаснага і будучага. Паколькі рапс - не толькі прадукт харчавання, але і камбікорм, біядызель, сыравіна для кандытарскай і касметычнай галін", - падкрэсліў беларускі лідар. 

Беларусь цяпер уваходзіць у топ-10 сусветных экспарцёраў рапсавага алею. Вырабляе каля 1 млн т, прадае больш як на паўмільярда долараў у год. І нават экспартуе насенне ўласнай селекцыі, якога чвэрць стагоддзя таму амаль не было. 

"Але давайце гаварыць сумленна: магутнасці нашых прадпрыемстваў па вытворчасці гэтага ўнікальнага прадукту, які супастаўны, а тое і перасягае для нас па сваіх якасцях аліўкавы алей, даюць магчымасць вырабляць у два разы больш. Проста мы дрэнна, мабыць, рэкламіруем гэты прадукт. Не аліўкавы алей трэба ужываць у ежу беларусам, а рапсавы. Я гэта зрабіў, заклікаю і вас. Аграрыі ўсёй Беларусі павінны нарасціць аб'ёмы гэтай культуры як мінімум удвая, - арыентаваў Кіраўнік дзяржавы. - Рапс - наш экспартны патэнцыял. Пакуль на рынку ёсць попыт на нейкую прадукцыю, яе трэба вырабляць і прадаваць".

Аднак цяперашнія вынікі Гродзенскай вобласці, вядома, невыпадковыя, звярнуў увагу Прэзідэнт. Тут умеюць планаваць яшчэ з савецкіх часоў, выконваюць тэхналогіі, укараняюць перадавыя методыкі і працуюць не складаючы рук. "Я, калі быў яшчэ зусім маладым кіраўніком гаспадаркі, прыязджаў сюды ініцыятыўна вучыцца. Вучыцца, як трэба працаваць", - успомніў Аляксандр Лукашэнка.

У нарыхтоўцы кармоў, напрыклад, укаранілі так званыя прамежкавыя культуры і "паўночную сою" - белы лубін. Таму і надоі выдатныя, да канца года павінны атрымаць больш за 7,5 тыс. кг ад каровы. І малако ў асноўным гатунку экстра. Не проста так Гродзеншчына - адзіны ў краіне рэгіён, дзе выпускаюць сухія малочныя сумесі для дзяцей.

"Мы цяпер многія-многія праекты спрабуем ажыццявіць, "Адзін раён, адзін праект". Укладваем велізарныя грошы і часам хапаемся за праекты, дзе ў нас няма кампетэнцый. Мы хапаемся за тое, што мы не ўмеем рабіць. І не ведаем, удасца нам прадаць тое, што мы вырабляем, ці не. А малочныя сумесі, дзіцячае малако (я на поўдні Афрыкі быў, увесь свет аб'ехаў) - толькі дайце. Дзяцей у свеце няма чым карміць. Дык што ж мы выдумліваем? Давайце яшчэ адзін завод пабудуем і будзем вырабляць яшчэ лепшыя дзіцячыя сумесі", - прапанаваў Кіраўнік дзяржавы. 

Паводле яго слоў, гэта датычыцца многіх напрамкаў, напрыклад, дрэваапрацоўкі. "Па ўсім свеце вялікі попыт на піламатэрыялы, лесаматэрыялы. Тое, аб чым мы марылі. Я гаварыў: настане час - і гэта будзем прадаваць, ды яшчэ як будзем прадаваць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. 

"Добра, што ўсе дасягненні, колькасныя паказчыкі перарастаюць у якасць жыцця людзей (можа, не зусім хутка ў сувязі з тым, што мы сталі канкурэнтамі і нас пачынаюць душыць). Гэта галоўны прынцып нашай сацыяльнай дзяржавы, дзяржавы для народа - жыццё людзей, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Любыя вытворчыя поспехі, у сельскай гаспадарцы гэта ці ў прамысловасці, павінны быць накіраваны на паляпшэнне жыцця нашых людзей". 

Па ўзроўні заработнай платы Гродзенская вобласць наступае на пяты сталіцы і сталічнай вобласці. І, на думку Аляксандра Лукашэнкі, цалкам мае патэнцыял дагнаць іх. 

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што менавіта на Гродзеншчыне пачалася эпоха мірнага атама - пабудавана і ўведзена ў эксплуатацыю першая айчынная АЭС. Астравец, дзе яна знаходзіцца, стаў райцэнтрам будучыні. "Мы яго не проста так адбудоўвалі. Я хацеў, каб Масты і іншыя раённыя гарады мадэрнізавалі пад Астаравец. Гэта самы сучасны і зручны горад для жыцця людзей", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Па сваёй інфраструктуры і магчымасцях - гэта ўзор, на які могуць раўняцца астатнія. 

"Як і на сталіцу цяперашніх "Дажынак". Ваш горад вельмі пахарашэў і зусім не падобны на тыя Масты, якія сустракалі мяне ў 1997 годзе на другіх рэспубліканскіх "Дажынках", - прадоўжыў Прэзідэнт. - Мясцовыя жыхары паэтычна называюць Масты маленькім Парыжам. Памыляецеся. Паверце, Масты сёння прывабней за сам Парыж. Разбітыя вітрыны, спаленыя машыны, клапы, крымінал, мігранты - усё гэта мы бачылі ў рэпартажах з Алімпійскіх гульняў. А брудная рака Сена і падноска не вартая нашаму велічнаму, паўнаводнаму Нёману. Асабліва ў раёне Мастоў, дзе знаходзіцца самы вялікі ў Беларусі падвесны мост (амаль 200 метраў)".

Менавіта таму іншаземцам вельмі падабаецца ў Беларусі - чыстай, бяспечнай і камфортнай краіне. "Яны сюды з задавальненнем едуць, нягледзячы на хлусню, якую распаўсюджваюць пра беларускую дзяржаву, - заўважыў Прэзідэнт. - І чаго б нам гэта ні каштавала, мы гэту прывабнасць павінны захоўваць. Я ўжо не раз гаварыў, што народы не павінны цярпець з-за глупства сваіх кіраўнікоў". 

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Беларусь на санкцыі і абмежаванні ўезду сваіх фур, паяздоў, самалётаў і легкавых аўтамабіляў адказала бязвізам для грамадзян амаль сотні краін. Кіраўнік дзяржавы расказаў, што, калі прымаў гэта рашэнне, успамінаў свае першыя прэзідэнцкія выбары, якія пачыналіся з Гродзенскай вобласці. "Я памятаю, калі нашы палякі, беларусы, рускія, украінцы, яўрэі і татары прасілі мяне: зрабіце так, каб мы свабодна маглі перамяшчацца праз граніцу", - адзначыў ён. 

Прэзідэнт прызнаўся, што гэта просьба яго тады здзівіла, паколькі сярод яго сапернікаў былі празаходне настроеныя палітыкі. Чаму яны не вырашылі гэтыя пытанні, знаходзячыся ў кіраўніцтве краіны? Усё проста: абяцалі, але не вырашылі. "І тады я пакляўся, што гэта пытанне будзе вырашана ў першы год майго прэзідэнцтва. Я гэта зрабіў перш за ўсё, мы адкрылі граніцу", - нагадаў Кіраўнік дзяржавы. 

Гэта рашэнне, звярнуў ён увагу, дазволіла ў тым ліку вырашыць і чалавечыя пытанні: стала прасцей наведваць магілы сваякоў, сустракацца з роднымі і знаёмымі. 

"Мы робім усё. Мы не закрываемся. Спытайце ў іншых. Спытайце ў сваіх збеглых, вашых сяброў, якія ў 2020 годзе хадзілі па Гродзенскай вобласці, вывешваючы бела-чырвона-белыя сцягі. Яны якую палітыку там праводзяць? Бегаюць па начальніках, па ўрадах і крычаць: душыць, душыць, душыць, давайце санкцыі. Дайшлі да таго, што нашых бізнесменаў, якія могуць уехаць у Польшчу і іншыя краіны, там перахопліваюць і патрабуюць з іх грошай", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Я вам прама кажу: жывіце на сваёй зямлі. Вы нікому там не патрэбны, гэтыя збеглыя даказалі: дзеткі ў школу пайшлі - булінг, у школе дзетак пачынаюць нашых цкаваць. Чаго вы туды паехалі? У вас ёсць свая зямля, вы на ёй павінны жыць. Вы павінны гаспадарыць на сваёй зямлі і даражыць ёю", - падкрэсліў беларускі лідар. 

"Час змяніўся. Мы і тады, да 1939 года (калі адбылося ўз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР. - Заўвага), там былі не сваімі людзьмі. Цяпер тым больш. Многія просяцца: вярніце. Калі ласка, вяртайцеся, мы адкрыты. Але калі ты парушыў закон, разбураў краіну, перашкаджаў іншым людзям жыць, ты павінен адказаць. Але лепш вярніся і адкажы. Я хачу, каб вы разумелі. Давядзецца мне працаваць Прэзідэнтам, не - вы павінны ведаць: мы Гродзенскую вобласць нікому не аддадзім, гэта наша беларуская зямля, на якой павінны жыць нашы палякі, яўрэі, рускія, беларусы", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што пасля ўвядзення бязвізу ўжо амаль мільён чалавек змаглі на свае вочы пераканацца, што ў Беларусі сапраўды ёсць дыктатура.

"Дыктатура стабільнасці, бяспекі, парадку, дабрыні і гасціннасці. Дыктатура справядлівасці. Можа, мы яшчэ не ўсё зрабілі. Але любому Прэзідэнту, які будзе кіраваць у бліжэйшы час краінай, трэба зрабіць усё за пяць гадоў, каб у нас была самая справядлівая краіна. Я заўсёды гавару: людзі ў любой краіне і ў турме сядзяць і гэтак далей. Але нельга крыўдзіць нават тых, хто парушыў закон, так, каб яны затаілі зло на цябе. Яны павінны разумець, што рашэнне прынята справядліва. Галоўнае - справядлівасць. Мы такую краіну павінны стварыць", - абазначыў прыярытэты Аляксандр Лукашэнка. 

"У адрозненне ад заходніх чыноўнікаў мы разумеем: пры ўсіх супярэчнасцях, нават знаходзячыся на розных берагах, самае галоўнае - умець наводзіць масты. Мы так робім заўсёды і будзем рабіць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Паверце, мы не нагнятаем сітуацыю. Ніякая Расія не збіраецца праз Беларусь нападаць на Польшчу, Літву або Латвію, на Украіну. Глупства поўнае! - заявіў Прэзідэнт. - Ніхто ў Беларусі без нашага з вамі ведама ваяваць з суседзямі і НАТА не збіраецца. Гэта яны паставілі перад сабой мэту задушыць нас з Расіяй і сёння, да гэтай мэты ідучы, шукаюць прычыны. Усё проста: шукаюць прычыну нас у нечым папракнуць". 

Адной з такіх прычын, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, стала сітуацыя з нелегальнай міграцыяй. Беларусь, падкрэсліў Прэзідэнт, не зацікаўлена ў стварэнні напружанасці на граніцы, але і абараняць еўрапейскія краіны ў гэтай сітуацыі не мае намеру. "Яны супраць нас санкцыі, а мы іх павінны абараняць? Гэтага не будзе. Мы сумленна аб гэтым сказалі, - нагадаў Аляксандр Лукашэнка. - Таму мы адкрытыя, мы шчырыя, не ствараем нікому тут праблем".

"Але мы суседзі. Суседзяў не выбіраюць, яны ад Бога. Давайце па-суседску будаваць нашы адносіны. Не хочаце - не трэба. Мы знойдзем іншыя краіны, з якімі будзем супрацоўнічаць. Але, калі мы ад вас пойдзем і вы нам перастанеце быць цікавыя, вы ўжо да нас не зойдзеце", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт нагадаў, як у 1997 годзе, выступаючы ў Мастах на "Дажынках", гаварыў: "Ёсць хлеб - будзе мір, будзе і песня!" 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што збожжа - гэта залаты запас краіны: гарантыя ўпэўненага, дынамічнага развіцця і працвітання дзяржавы. "Але не бывае золата без тых, хто здабывае яго мазолістымі рукамі. Штодзённа, штогадзінна. Без нашых аратых - працавітых і адказных. Як бы ні было цяжка, вы заўсёды ў полі. Вялікі вам дзякуй за вашу вытрымку. Вы апора, вы апора нашай дзяржавы,- сказаў ён. - І вы павінны разумець: нягледзячы на прагрэс, новыя тэхналогіі, лёгкага хлеба ў нас ніколі не было і не будзе. Ніколі лёгкага хлеба не бывае, што б ні гаварылі нам пра ежу з 3D-прынтараў і парашка з цвыркуноў. Хлеб - гэта галоўнае, тараканаў есці мы не будзем!" 

"Я ганаруся, што Беларусь - краіна хлеба, тэрыторыя міру, узаемаразумення і павагі адзін да аднаго. Гэта наша філасофія. Так было і так будзе заўсёды", - заявіў Прэзідэнт. 

Наконт гэтага Кіраўнік дзяржавы згадаў вядомы фільм "Белыя росы", які здымалі на Гродзеншчыне. "Там гаворыцца, што людзі не мовамі павінны размаўляць, а душой. Так і адбываецца на сельскай ніве. Зямля аб'ядноўвае людзей розных узростаў, прафесій і нацыянальнасцей", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У час фестывалю Прэзідэнт узнагародзіў лепшых працаўнікоў вёскі Гродзенскай вобласці, пажадаўшы ўсім работнікам сельскай гаспадаркі добрага надвор'я не толькі на хлебнай ніве, але і ў дамах.

"Перш чым на гэту сцэну выйдуць героі жніва, я яшчэ раз схіляюся перад вамі, вяскоўцы, дзякую ўсім аграрыям, тым, хто ім дапамагаў у гарачую пару, за дастойныя вынікі. Перакананы, вы і далей будзеце прымнажаць нашы лепшыя традыцыі. Ад душы жадаю моцнага  здароўя, дабрабыту, заўсёды добрага надвор'я. Не толькі на хлебнай ніве, але і ў вашых дамах", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Ордэна Працоўнай Славы быў удастоены Вытворчы кааператыў імя В.І.Крамко.

Ордэн Пашаны з рук Кіраўніка дзяржавы атрымалі аператар машыннага даення прадпрыемства "Галынка" Таццяна Грыгорык, аграном па насенняводстве гаспадаркі "Гервяты" Антаніна Дзярван, кіраўнік комплексу па дагадоўванні і адкорме буйной рагатай жывёлы прадпрыемства "Алекшыцы" Норберт Малецкі, вадзіцель гаспадаркі "Імя Дзяржынскага" Пётр Петручэня.

Нагрудны знак да ганаровага звання "Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь" Аляксандр Лукашэнка ўручыў начальніку свінагадоўчага комплексу сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва імя І.П.Сянько Еўдакіі Дасевіч і трактарысту-машыністу прадпрыемства "Пагранічны-Агра" Аляксандру Кухарчыку.

Медалём "За працоўныя заслугі" ўзнагароджаны аператар машыннага даення племзавода "Рось" Ніна Свінчук, трактарыст-машыніст ААТ "Чарлёна" Юрый Сліўко, начальнік Іўеўскай раённай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Лілія Шостак, трактарыст-машыніст прадпрыемства "Суботнікі" Юрый Яковіч.

Спецыяльныя лісты аб аб'яўленні Падзякі Прэзідэнта атрымалі трактарыст-машыніст філіяла "Дзітва" ААТ "Лідахлебапрадукт" Аляксей Боўшыс, намеснік кіраўніка аддзялення ў жывёлагадоўлі малочнатаварнага комплексу "Сенна" ААТ "Прынёманскі" Алена Канаваленка, вадзіцель кааператыва "Жухавічы" Барыс Кулак, інжынер па кантрольна-вымяральных прыборах і сродках аўтаматыкі ААТ "Граніт-Агра" Дзяніс Трафімчык.

Падзякі Прэзідэнта быў удастоены і калектыў сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва "Сынковічы". Аграрыям таксама ўручылі сертыфікат на трактар.

Аграрыі Гродзенскай вобласці ў сваю чаргу ўручылі Кіраўніку дзяржавы каравай адзінства. Хлеб выпякалі прадстаўнікі розных нацыянальнасцей. Каравай Прэзідэнту перадала Ірына Сасноўская - менавіта яна ўручала такі ж хлеб Аляксандру Лукашэнку 27 гадоў таму, калі ён у 1997 годзе наведваў "Дажынкі" ў Мастах.

"Дзякуючы вашаму ўменню краіна ў гэтым годзе атрымае амаль $9 млрд даходаў ад продажу прадуктаў харчавання. І гэта патрэбнасць у свеце пастаянна будзе нарастаць", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў: у тым, што ён доўга працуе Прэзідэнтам, ёсць важная перавага. Ён пабываў у многіх краінах і можа параўноўваць жыццё там і ў Беларусі.

"Я бачыў тыя краіны, якія галадаюць. Сёння недаядаюць амаль тры мільярды чалавек. Галодныя - 750 мільёнаў", - канстатаваў Прэзідэнт.

Пакутуюць нават багацейшыя па сваіх рэсурсах краіны: Захад спрабуе задушыць гэтыя дзяржавы, каб займець іх багацці.

"Мы жывём у раі ў параўнанні з тым, як жыве свет. Як раскрадаюць, як расцягваюць краіны, як знішчаюць людзей, таму што яны маюць іншы колер скуры і таму што ў іх вялізныя багацці ў зямлі. Таму я вас прашу і патрабую: буду я Прэзідэнтам ці не, захавайце для сябе сваю зямлю! - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Мы павінны захаваць сваю краіну. У нас сёння ёсць усё неабходнае, каб адказаць ашалелым, калі яны не зразумеюць, што з намі трэба жыць, сябраваць, супрацоўнічаць і разам гадаваць нашых дзяцей. Жывіце мірна. Будзе няпроста. Наступная пяцігодка будзе вельмі няпростая, але мы вытрымаем, калі будзем адзіныя і будзем разам".

Пасля цырымоніі ўзнагароджання, ужо спусціўшыся са сцэны, Прэзідэнт коратка паразмаўляў з аграрыямі.

"Трэба, трэба, трэба! - хорам звярнуліся да Кіраўніка дзяржавы госці свята, намякаючы на нядаўні трэнд, які ахапіў усю краіну. - Дзякуй вам за ўсё! Жывіце доўга і на выбары ідзіце!"

"Вам дзякуй. Вы самыя надзейныя людзі ў нас, - адказаў Аляксандр Лукашэнка. - Дзякуй, мужыкі. Не крыўдуйце, што я жанчын хвалю пастаянна. Але я гавару: жаночы Прэзідэнт, жаночы... А яны бабахнулі ў альтэрнатыву свайго кандыдата! Я жартую. Правільна зрабілі".

"Аляксандр Рыгоравіч, час выбраў вас! Трэба-трэба!" - пракрычалі ў натоўпе.