Сустрэча з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным

  • 6
  • 2

Сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Расіі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна прайшла 14 верасня ў Сочы на тэрыторыі рэзідэнцыі "Бачароў ручай".

Перагаворы праходзілі ў фармаце сам-насам. Лідары краін абмеркавалі стан і перспектывы развіцця двухбаковага супрацоўніцтва ў розных сферах, тэматыку саюзных адносін, разгледзелі міжнародную праблематыку і сітуацыю ў рэгіёне, пытанні сумеснага рэагавання на выклікі, якія ўзнікаюць.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў расійскаму боку і асабіста Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну за падтрымку ў паслявыбарны перыяд. Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што ў сваім уступным слове расійскі лідар адкрыта і даволі поўна закрануў пытанні цяперашняй сустрэчы ў Сочы: "Гэта правільна. Таму што як ніколі раней - я з-за пэўных акалічнасцей вельмі ўважліва сачу цяпер за публікацыямі ў розных СМІ - столькі канспіралагічнага было напярэдадні нашай сустрэчы... Таму ўсё, што вы сказалі, вельмі важна. І яно, увогуле, адказвае на ўсе тыя выклікі і настроі ў СМІ".

"Перш за ўсё хачу вам падзякаваць. Гэта натуральна, гэта ўсе цудоўна разумеюць. Падзякаваць не за тое, што мы выконваем дагаворы. Гэта зразумела. Вы зрабілі вельмі па-чалавечы. Таму я асабіста вам дзякую і ўсім тым расіянам, хто меў дачыненне да таго, каб падтрымаць нас у гэты паслявыбарны час", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён паабяцаў падрабязна расказаць Уладзіміру Пуціну аб тым, што адбывалася. "Яно, вядома, не так бачыцца на самай справе, як гэта дэманструюць у СМІ. Вы чалавек вопытны, не горш за мяне ведаеце, як можна паказаць, расказаць і гэтак далей, - заўважыў беларускі лідар. - І потым, у наш час інфармацыйных процістаянняў і войнаў вы ведаеце, як гэта падаецца. Таму я вас падрабязна інфармую аб тым, што адбываецца на самай справе, нават не ў Беларусі, а ў Мінску".

"Не спрашчаю, але з усмешкай гляджу на тое: у нас у суботу марш жанчын і дзяўчат, а ў нядзелю агульны марш. У звычайныя (будныя. - Заўвага) дні краіна жыве звычайным жыццём. Ды і ў суботу і нядзелю. Частку Мінска мы вызваляем для таго, каб людзі маглі, калі ў іх ёсць жаданне, прайсціся", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Але галоўнае, я гэта пастаянна гавару, - не пераходзіць рысу. Ёсць чырвоная лінія (вам таксама гэта знаёма і вядома больш, чым мне, вам давялося гэтыя лініі праводзіць па Чачні перш за ўсё, калі вы сталі яшчэ зусім маладым Прэзідэнтам). Не дай бог, вядома, гэта ў Беларусі. Але тым не менш ёсць пэўныя чырвоныя лініі, якія ніхто не мае права пераходзіць. Пакуль гэтыя чырвоныя лініі ніхто не парушаў", - дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сябар пазнаецца ў бядзе. "Я гэта шчыра гавару. Гэта нам урок - не толькі Беларусі і Расіі, але і нашым постсавецкім рэспублікам. Аб гэтым мы будзем яшчэ гаварыць на сустрэчы ЕАЭС, АДКБ, ды і ў рамках СНД ёсць аб чым пагаварыць. Думаю, вам цікава будзе мая заява ў гэтых структурах, - сказаў Прэзідэнт. - Як мы з вамі па тэлефоне размаўлялі яшчэ ў пачатку гэтых падзей у Беларусі, што ўрокі трэба атрымліваць з усіх падзей. І для нас таксама вельмі сур'ёзны ўрок, які мы з вамі, спадзяюся, вытрымалі".

"Мы сапраўды па дагаворы АДКБ ішлі роўна і, улічваючы адносіны паміж брацкімі народамі, фактычна адным народам, мы так і зрабілі. Не ваявалі, не стралялі, не кідаліся нават палкамі. Але прадэманстравалі сваю рашучасць. Што калі там, за межамі беларускіх граніц, некаму хочацца пачасаць рукі, мы можам пачасаць у любы момант. І што мне вельмі прыемна, я вам вельмі за гэта ўдзячны, - вы прадэманстравалі, што беларускія граніцы - гэта граніцы Саюзнай дзяржавы. І нікому не дазволена бразгаць там зброяй", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што пры стварэнні і развіцці дагавора аб Саюзнай дзяржаве бакі ішлі планамерна, паступова. "Нашы дзяржавы і нашы народы заўсёды будуць дружалюбнымі", - упэўнены беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што бачыць неабходнасць у больш цесным супрацоўніцтве з Расіяй, у тым ліку ў сферы эканомікі. "Эканоміка ляжыць у аснове ўсяго. І паверце, што мы заўсёды прытрымліваліся гэтай лініі. А вось гэтыя падзеі паказалі, што нам трэба цясней трымацца з нашым старэйшым братам і супрацоўнічаць па ўсіх пытаннях, у тым ліку і ў эканоміцы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца эканомікі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што 10 млн чалавек у Расіі працуюць на прадпрыемствах, якія ў той ці іншай ступені завязаны на кааперацыі з партнёрамі ў Беларусі. "Калі ў сярэднім 4 чалавекі ў сям'і, то 40 млн расіян. Гэта значыць кааперацыя вельмі цесная. І вы абсалютна маеце рацыю. Мы ў гэтым напрамку будзем рабіць усё. Таму што ў нас уся краіна фактычна завязана на сыравіну, камплектуючыя, матэрыялы, супрацоўніцтва (з Расіяй. - Заўвага), я не гавару ўжо аб рынках. Асноўны рынак - 48% сваёй прадукцыі мы пастаўляем у Расійскую Федэрацыю", - заявіў беларускі лідар.

У сувязі з гэтым ён згадаў аб сваёй размове з Прэм'ер-міністрам Венгрыі Віктарам Орбанам. "Я неяк у свайго таварыша Орбана спытаў аб супрацоўніцтве з іншымі краінамі, асабліва ў ЕС, у сувязі з яго асобай пазіцыяй. Ён мне назваў лічбу: па-мойму, да 90%, гаворыць, мы гандлюем з Германіяй. Вось і ўвесь адказ на тваё пытанне, - ён мне гаворыць", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі яны з Уладзімірам Пуціным дамаўляліся пасля электаральнай кампаніі актыўна заняцца пытаннямі эканамічных адносін. Было прапанавана, каб у Мінск прыехаў расійскі Прэм'ер-міністр з членамі Урада, правялі перагаворы. "Каб мы зноў не наступалі на граблі, звычайна спатыкаючыся на складаных пытаннях. Так, Міхаіл Мішусцін прыехаў у Мінск, мы з ім сустракаліся. Яны вельмі добрую работу правялі па ўсіх пытаннях, якія ляжалі на паверхні. Дамоўленасцей дасягнулі. Некаторыя пытанні мы адклалі спецыяльна для сустрэчы прэзідэнтаў, каб іх абмеркаваць і прыняць рашэнне", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

У сваім уступным слове ў пачатку перагавораў Прэзідэнт таксама заявіў аб неабходнасці прадоўжыць узаемадзеянне Расіі і Беларусі ў абароннай сферы. "Я маю на ўвазе перш за ўсё абаронныя прадпрыемствы. Тут у нас таксама вялікая кааперацыя, прычым у даволі адчувальных галінах", - адзначыў ён.

Кіраўнік беларускай дзяржавы пацвердзіў непахіснасць беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў ваеннай сферы. "Па абароне мы заўсёды прытрымліваліся з вамі, як людзі ваенныя, адной тактыкі. Я, можа, груба сказаў нядаўна расійскім журналістам: сабачыцца мы можам па любых пытаннях, спрачацца і гэтак далей, але абарона і бяспека ў нас ніколі не выклікала ніякіх спрэчак і сумненняў. Мы ні ў каго не павінны пытацца, праводзіць ці не праводзіць у нас вучэнні. Мы праводзілі і будзем праводзіць. Нехта хоча, няхай далучаецца да гэтых вучэнняў, хтосьці не хоча, няхай не робіць гэтага, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я думаю, што, Уладзімір Уладзіміравіч, вы дадзіце каманду Міністру абароны Расіі, а наш Міністр ужо атрымаў такую каманду: мы сплануем на гады наперад гэтыя вучэнні, будзем іх канкрэтызаваць. І малыя, і вялікія вучэнні мы павінны праводзіць разам".

У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на адным з урокаў цяперашняй сітуацыі ў Беларусі і вакол яе: "Ну навошта бразгаць гусеніцамі ля граніц Саюзнай дзяржавы і Беларусі (размова пра ваенныя манеўры заходніх краін і НАТА. - Заўвага)? Складаны перыяд, ну пацярпіце".

Аляксандр Лукашэнка прывёў канкрэтны прыклад - перакідка на палігон Пабрадзе ў Літве за 15 км ад дзяржаўнай граніцы амерыканскага танкавага батальёна. "Навошта гэта рабіць? Таму нам трэба не дапусціць памылак Вялікай Айчыннай вайны, калі ўсе ўціхамірвалі - правакацый не дапусціць, вайны не будзе і іншае... І мы аказаліся як ля разбітага карыта. Савецкая армія была, а прайшлі (нямецка-фашысцкія войскі. - Заўвага) Беларусь, нават практычна не паспелі сабрацца і супраціўляцца. Гналі нас аж да Смаленска, і толькі там змаглі неяк процістаяць гэтаму", - канстатаваў Прэзідэнт.

"Таму я лічу, што нам ні ў якім разе нельга аглядвацца на тое, што нам скажуць. Яны з намі не лічацца. Яны не глядзяць на нашы насцярожанасці, праводзяць вучэнні тады, калі хочуць. Таму мы таксама, калі вы падтрымаеце гэты тэзіс, не напружваючы абстаноўку вакол, будзем рыхтаваць свае арміі, каб калі, не дай бог, можна было гэтаму процістаяць", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка не выключае, што другая хваля каранавіруса ў Еўропе будзе мацнейшая за першую. "Што датычыцца каранавіруса, я вам удзячны, і мы гэта вельмі цэнім, што вы паставілі нас на першы радок у забеспячэнні вакцынай (раней бакі дамовіліся, што Беларусь будзе першай краінай, куды Расія паставіць распрацаваную вакцыну. - Заўвага). Вы бачыце, што адбываецца ў Еўропе. Ужо адназначна пачалася моцная другая хваля. Баюся, што яна будзе больш моцная, чым першая. Ужо бачу гэтыя тэндэнцыі, мы сочым за імі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым ён адзначыў, што ў Беларусі гэтага ўсплёску, як у шэрагу краін Еўропы, няма. "Але гэта не значыць, што мы рукі апусцілі. Мы вельмі сур'ёзна рыхтуемся да таго, каб не атрымаць гэту хвалю. Што абнадзейвае, нашы спецыялісты, вучоныя заўважылі: гэта вірус ужо не той. Але баюся, што гэты вірус будзе накладвацца на розныя грыпозныя вірусы, якія ходзяць тут. Таму нам з вамі нельга расслабляцца", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.