Сустрэча з мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Веніямінам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі
- 4
- 13:22
Дзяржава заўсёды будзе прыхільная да міжканфесійнага міру ў Беларусі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 2 лістапада на сустрэчы з мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Веніямінам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі.
Аб асабістай сустрэчы Кіраўнік дзяржавы і Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі дамовіліся ў пачатку кастрычніка ў час цырымоніі адкрыцця новага храма ў аграгарадку Шаршуны Мінскага раёна. Прэзідэнт растлумачыў, што неабходна абмеркаваць існуючыя ў дзяржаве праблемы.
"Вы ведаеце, што мы вельмі цэнім той канфесійны мір, які нам удалося сфарміраваць за чвэрць стагоддзя. Можа, вельмі нясціпла, але я ганаруся, што гэта адбылося ў гады, калі мне давялося служыць нашай айчыне. Я вельмі гэта цаню, гэта глыбока асабістае. Вы павінны разумець, што мы той міжканфесійны мір, які ў нас склаўся, нікому не аддадзім. Мы заўсёды будзем да яго прыхільныя, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Пры гэтым, бываючы ў царкве, я заўсёды гаварыў, што апорай гэтага міру з'яўляецца Праваслаўная царква. Проста таму, што яна гіганцкая па сваіх памерах, калі параўнаць з іншымі канфесіямі".
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ў Беларусі зарэгістравана мноства рэлігійных канфесій і напрамкаў, у тым ліку праваслаўныя, каталіцкія і пратэстанцкія арганізацыі, абшчыны старавераў, іўдзейскія аб'яднанні, мусульманскія і будысцкая абшчыны. "Нам удалося захаваць гэту раўнавагу і баланс пры ўсіх падзеях, якія адбываліся і яшчэ адбываюцца, асабліва ў Мінску. Вядома, не без памылак і з боку ўлад, і з боку нашых канфесій. Але (хачу, каб вы мяне разумелі і пачулі іншыя) калі хоць адна арганізацыя ў Беларусі, грамадская гэта або рэлігійная, будзе нацэлена на разбурэнне дзяржавы, я, вядома, буду вымушаны на гэта рэагаваць. Я як Кіраўнік дзяржавы па Канстытуцыі абавязаны абараняць гэту дзяржаву, гэта мой найпершы абавязак", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб сітуацыі з мітрапалітам Мінска-Магілёўскім архібіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, які "ездзіў у Польшчу і атрымліваў кансультацыі, як разбураць краіну". Падобнае, папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы, нікому не дазволена.
Прэзідэнт таксама звярнуў увагу, што, акрамя Праваслаўнай царквы, беларуская дзяржава актыўна супрацоўнічае і з іншымі канфесіямі. У якасці прыкладу ён прывёў будаўніцтва мячэці ў Мінску.
"Мусульмане ніколі нам не стваралі праблем. Я часта гавару, што мусульмане на ўсіх выбарах практычна на 100% падтрымлівалі ўладу і мяне як Прэзідэнта. Мы ніколі сабе не дазволім тое, што нядаўна пачаў заяўляць Прэзідэнт Францыі аб свабодзе слова і рэлігійных пачуццях: што табе дасць гэта ў краіне, што ты пачынаеш крытыкаваць мусульман? Можа, яму якраз трэба пасрэдніцтва паміж ім і мусульманамі? Я магу яму тут дапамагчы, таму што ў мяне з мусульманамі вельмі добрыя адносіны. Але катэгарычна непрымальна ўмешвацца ў пачуцці вернікаў. Мы ніколі сабе не дазволім кідаць камяні ў вернікаў. Мая пазіцыя была заўсёды такой: кожны чалавек павінен знайсці сваю дарогу да храма", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым, на яго думку, дзяржава і грамадства павінны лічыцца з тым, што большасць грамадзян аддае перавагу якой-небудзь плыні, у выпадку Беларусі - праваслаўю. "Трэба ўсім абшчынам з гэтым лічыцца. Гэта ісціна садзейнічала таму, што ў нас баланс у грамадстве, раўнавага. У нас вялікая Праваслаўная царква ніколі не крыўдзіла меншую, ніколі не было гэтых сутыкненняў і супярэчнасцей, як бы камусьці ні хацелася. Таму што народ гэта не прыме: ён хоча спакойна маліцца, займацца сваімі справамі", - перакананы Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт таксама закрануў тэму пандэміі. Ён адзначыў, што наступствы распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі сур'ёзна паўплывалі на эканоміку як дзяржавы, так і царквы. "Прыходы крыху збяднелі, таму што менш людзей прыходзіць, хоць мы храмы ніколі не закрывалі і закрываць не будзем, таму што любая бяда - ідзі і маліся, каб Гасподзь дапамог. Што значыць закрыць храмы ў бяду? Ды мы ў вайну храмы не закрывалі. Таму мы ніколі гэта рабіць не будзем. Гэта справа кожнага чалавека: хоча памаліцца, няхай пойдзе памоліцца - адзін, удваіх, з сям'ёй. У гэтым плане мы гатовы зразумець становішча, трэба прапрацаваць гэта пытанне ва Урадзе - калі трэба царкву падтрымаць у гэтыя цяжкія часы, значыць, трэба падтрымаць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У час сустрэчы ён узняў пытанне падрыхтоўкі свяшчэннаслужыцеляў у Беларусі. "Мы пабудавалі нямала прыходаў, і ў нас часам не хапае свяшчэннаслужыцеляў. І не толькі ў вас. Але Праваслаўная царква з-за мяжы, з чужых нам краін не вязе свяшчэннаслужыцеляў, як гэта адбываецца ў некаторых канфесіях. І я Папу Рымскаму (і ранейшаму, і цяперашняму) абазначыў гэту тэму. Як мы можам прымаць цяпер свяшчэннаслужыцеляў з Польшчы, калі польская дзяржава, чыста каталіцкая, заняла такую пазіцыю ў адносінах да Беларусі? Гэта ненармальна", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт лічыць, што ў Беларусі трэба "больш інтэнсіўна рыхтаваць сваіх каталіцкіх свяшчэннаслужыцеляў". Гэта пытанне, паводле яго слоў, было пастаўлена яшчэ перад Папам Рымскім Бенядзіктам XVI. "Мы будзем на гэтым настойваць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Што датычыцца Праваслаўнай царквы, вышэйшая багаслоўская навучальная ўстанова БПЦ - Мінская духоўная семінарыя - знаходзіцца ў Жыровічах. У беларускай сталіцы дзейнічае Мінская духоўная акадэмія, аднак лёс гэтай установы да гэтага часу не вырашаны. Было меркаванне, што яе неабходна перанесці ў Жыровічы. Гэту ідэю падтрымаў і Кіраўнік дзяржавы.
"Жыровічы - яны створаны па духу для падрыхтоўкі свяшчэннаслужыцеляў. Трэба вывучыць разам з царквой гэту праблему і паглядзець. Перанесці адукацыю зусім проста - прыняў рашэнне і перанёс, але там база павінна быць адпаведная, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Там многае зроблена. Трэба паглядзець, што яшчэ трэба зрабіць для таго, каб задаволіць патрэбнасці новага прытоку свяшчэннаслужыцеляў, якіх будзем рыхтаваць. Гэта ж вучэбна-лабараторныя заняткі, паточныя аўдыторыі, дастойныя інтэрнаты - як і ў ВНУ. Таму трэба вывучыць пытанне ў сувязі з пераносам. Калі ўладыка з гэтым згодзіцца, мы гатовы падставіць плячо, таму што кадры - гэта аснова. Ёсць людзі - будзе толк. А так прыходы будуць, а людзей не будзе".
Прэзідэнт заўважыў, што ў некаторых прыходах БПЦ няма настаяцеляў, і там даводзіцца несці службу свяшчэннікам з суседніх храмаў. "А людзі хочуць, каб свяшчэннаслужыцель як урач духоўны пастаянна там быў", - падкрэсліў ён.
Мітрапаліт растлумачыў, што такая сітуацыя, як правіла, складваецца ў невялікіх вёсках, якія не могуць утрымліваць свяшчэнніка.
"Значыць, мы павінны дапамагчы. Свяшчэннаслужыцель ніколі не быў абузай і абцяжараннем для дзяржавы. Таму нам трэба прадумаць. Калі там сапраўды маленькая вёсачка, які сэнс трымаць свяшчэннаслужыцеля. Няхай у яго будзе прыход шырэйшы - дапусцім, у рамках сельскага Савета. Трэба паглядзець па гэтых структурах, і мы тут гатовы падключыцца. Дэфіцыт свяшчэннаслужыцеляў за пяцігодку трэба ліквідаваць. Трэба, каб у нас былі нармальныя кадры", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт таксама выказаўся аб запрашэнні Папу Рымскаму наведаць з візітам Беларусь. "Вельмі шмат размоў наконт візіту Папы Рымскага: запрашэнне і гэтак далей. Я хачу, каб вы ведалі маю пазіцыю, і грамадства павінна гэта пачуць. Папа Рымскі - кіраўнік дзяржавы і царквы, таму запрашэнне, калі яно будзе з Беларусі, павінна быць ад Кіраўніка дзяржавы і Праваслаўнай царквы, з якой у католікаў ёсць шмат праблем", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы заявіў, што ён не хоча "апынуцца паміж молатам і кавадлам і стварыць нейкія нязручнасці". Паводле яго слоў, ён абмяркоўваў гэта пытанне з Папам Рымскім, і кіраўнік Каталіцкай царквы паставіўся да яго з разуменнем.
"Таму ўсялякія інсінуацыі, размовы, што, вось, ледзь не інкогніта прыедзе Папа Рымскі, тут збярэцца натоўп з усёй Еўропы... Зразумела, прыедуць католікі з усёй Еўропы, і сто, і дзвесце тысяч, - гэта факт. Але падстаўляць Папу Рымскага пад гэтыя праблемы, дзе дзяржава запрашае, а Праваслаўная царква, галоўная наша канфесія, і наш Патрыярх будзе не згодны, мы на гэта ніколі не пойдзем. Мы раскольнікамі не былі і не будзем, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Я не супраць, каб і Папа Рымскі, не гаворачы ўжо пра нашага Патрыярха і гэтак далей, прыязджалі да нас сюды. Але павінна быць агульная згода на гэта. Гэта не павінна нанесці непапраўны раскол. Таму не трэба наконт гэтага весці нейкія незразумелыя размовы і ў палітычнай гульні разыгрываць гэту карту. Гэта непрымальна".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што царква з'яўляецца апорай і адным з асноўных стрыжняў дзяржавы. "У нас вельмі модна гаварыць, што царква аддзелена ад дзяржавы. З першых дзён свайго прэзідэнцтва я гаварыў і паўтараю нястомна: царква, асабліва праваслаўная, - асноўная скрэпа нашай дзяржавы, асабліва цяпер, калі свет наогул ашалеў і страціў духоўнасць. Як можа быць царква аддзелена ад дзяржавы, чытай: па-за дзяржавай быць? Не можа. Гэта апора, адзін з асноўных стрыжняў дзяржавы, ідэалагічных, калі хочаце", - заявіў Прэзідэнт.
"І пакуль мы не выпрацавалі ў сваёй ідэалогіі нейкую цэласную нацыянальную ідэю (цяпер больш за ўсё патрыятызм выступае на першае месца), царква заўсёды з'яўлялася і будзе з'яўляцца духоўнай асновай, калі хочаце, ідэалагічнай асновай нашай дзяржавы. Я не магу ўявіць, што нашы канфесіі, у тым ліку галоўная - праваслаўная, па-за дзяржавай, - дадаў Прэзідэнт. - Але гэтым я хачу, уладыка, сказаць, што вы не чужы чалавек у дзяржаве. Вы не дзесьці там - вы наш, дзяржаўны чалавек, як і ўсе іншыя. І дзяржава заўсёды гатова падставіць вам плячо".
Мітрапаліт у сваю чаргу падкрэсліў, што і царква не можа існаваць па-за дзяржавай. "І мы перажываем за дзяржаву. Рыхтуючыся да сустрэчы, мы прадумалі, прааналізавалі, у чым можна было б дапамагчы з улікам цяперашняй сітуацыі", - адзначыў ён.
На сустрэчы Прэзідэнт таксама заявіў, што выступае за выказванне розных пунктаў гледжання, але супраць парушэнняў заканадаўства. "Я не супраць іншадумства. Я наогул не магу існаваць у нейкай прасторы, дзе няма іншага пункту гледжання. Я ж, лічу, з разважлівай, разумнай апазіцыі прыйшоў да ўлады. Калі збіраем нараду, калі няма двух-трох пунктаў гледжання - адкладваем. Навошта збірацца тады? Таму я за розныя пункты гледжання і іншадумства. Але катэгарычна супраць, калі парушаецца закон", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што пратэстуючыя называюць сябе мірнымі, паколькі яны, паводле іх жа заяў, не парушаюць заканадаўства. Аднак грамадзяне выходзяць на няўзгодненыя, а значыць, незаконныя дэманстрацыі. "Яны цяпер ужо нават не мірныя акцыі. Вы парушаеце грамадскі парадак, кідаецеся на міліцыю і іншае - там букет парушэнняў. Якія ж тут могуць быць паблажкі, калі вы парушаеце закон? - спытаў Кіраўнік дзяржавы. - Калі вы хочаце падыскутаваць: студэнты ў ВНУ сабраліся і абмеркавалі. Але я ж разумею, адкуль ногі растуць, хто ім падкідвае гэтыя ідэі: ідзіце на канфрантацыю, здымайце, у Telegram-каналы ўкідвайце - за гэта мы вам грошы дадзім. Мы ж бачым гэта".
"Таму я не супраць іншадумства. Наадварот, усё маё жыццё сведчыць аб тым, што ў нас заўсёды былі розныя пункты гледжання і розныя меркаванні. Нават вось я гавару, што мы падтрымліваем усе канфесіі. А колькі іх, і палічыць складана", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.