Нарада з кіраўніцтвам Міністэрства абароны

  • 10
  • 7:25

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 сакавіка правёў нараду з кіраўніцтвам Міністэрства абароны.

"Мы сабраліся, каб на перспектыву абмеркаваць важнейшыя пытанні ажыццяўлення ваеннай бяспекі краіны. Абстаноўка ў рэгіёне і прагноз яе развіцця відавочна паказваюць, што ў бліжэйшай і сярэднетэрміновай перспектыве пагрозы ваеннай бяспекі нашай краіне будуць знаходзіцца на ўзроўні высокага абвастрэння", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што бяспека краіны патрабуе ад яго і перш за ўсё ад кіраўніцтва Міністэрства абароны забеспячэння належнага ўзроўню баявой гатоўнасці і баявой здольнасці беларускіх Узброеных Сіл. "Спакойна не будзе", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Што больш за ўсё нас павінна непакоіць (я хачу звярнуць на гэта вашу ўвагу, і перш за ўсё кіраўніка нашых сіл спецыяльных аперацый). Мы заўсёды асцерагаліся прысутнасці ў сумежных дзяржавах, асабліва ва Украіне, наёмнікаў. Наша разведка, прытым некалькі крыніц, выявілі такіх наёмнікаў, якія не пераходзяць граніцу з Беларуссю, асцерагаюцца, але рухаюцца паралельна беларуска-ўкраінскай граніцы ў напрамку Чарнобыля", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы даручыў ваенным і пагранічнікам не дапусціць парушэння Дзяржаўнай граніцы. "Мы павінны іх бачыць, і перш за ўсё вашымі магчымасцямі. Як мы разумеем, цяпер з граніцы на тэрыторыі Украіны пагранічнікі практычна пайшлі, яе ніхто не ахоўвае, акрамя беларускіх пагранічнікаў. Таму ваша задача, вашай разведкі - бачыць, што адбываецца на сумежнай тэрыторыі, асабліва ў частцы наёмнікаў, - адзначыў Прэзідэнт. - Нельга дапусціць парушэння Дзяржаўнай граніцы гэтымі людзьмі перш за ўсё. Вы разумееце, што гэта за людзі".

"Трэба рухацца з імі паралельна. Там яны ходзяць невялікімі групамі, гэта ўскладняе сітуацыю. Але тым не менш вы іх павінны бачыць, як яны перамяшчаюцца. Не парушаючы Дзяржаўнай граніцы з Украінай, кантраляваць іх перамяшчэнне. Дакладвайце пра любое перамяшчэнне і пра іх задумы", - паставіў задачу Галоўнакамандуючы.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што Беларусь не можа дапусціць удару ў спіну расійскім Узброеным Сілам. "Каб яны (праціўнікі. - Заўвага) не змаглі перарэзаць шляхі забеспячэння арміі Расійскай Федэрацыі. Каб яны не змаглі зайсці ў тыл і нанесці з тылу ўдар па людзях з Расіі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"У нас ствараецца сітуацыя ў плане напружання яшчэ і бежанцамі з Украіны. Пайшлі людзі з Украіны. Прычым гэта бедныя людзі. Гэта не на мерседэсах. На веласіпедах, пешшу ідуць нараджаць да нас; дзетак, старых вядуць да нас на тэрыторыю", - адзначыў Прэзідэнт.

"Я папрашу, каб перш за ўсё брэсцкі губернатар і гомельскі (яны трымаюць гэта на кантролі). Яшчэ раз трэба ім прапанаваць, калі не хопіць месцаў там у іх у санаторыях і гэтак далей (яны заняты сёння), каб мы маглі прыняць гэтых бедных людзей. Гэта бедныя людзі, якія па трое сутак, тыдзень наогул нічога не елі. І дзеткі галодныя", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што напярэдадні вечарам адбылася яго тэлефонная размова з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Расійскі калега праінфармаваў аб сітуацыі ў райне Чарнобыльскай АЭС.

"Але мы і самі бачым, і іх даныя супадаюць з нашымі: спынена падача электраэнергіі на чарнобыльскую станцыю. Вы ж цудоўна разумееце, што сама станцыя вырабляе электраэнергію, але і спажывае для таго, каб працаваць, нямала электраэнергіі, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Так, там спынена чарнобыльская станцыя. Так, там сховішча ядзерных адходаў. І для працэсу патрэбна халодная вада. Як мінімум для ахаладжэння. А гэта электрычнасць. Электрычнасці няма".

Прэзідэнт растлумачыў, што цяпер на станцыі задзейнічаны рэзервовыя магутнасці, але іх тэрмін абмежаваны. Каб арганізаваць энергазабеспячэнне Чарнобыльскай АЭС, туды былі накіраваны беларускія спецыялісты. "Міністру энергетыкі даручана арганізаваць гэту работу, каб неадкладна падаць туды электраэнергію. У нас лінія электраперадачы з савецкіх часоў ёсць, яна закансервавана. Яе трэба неадкладна аднавіць. Па часовай схеме давядзецца, напэўна, да падстанцыі Чарнобыльскай электрастанцыі падаваць гэту электрычнасць, каб у штатным рэжыме арганізаваць бяспеку чарнобыльскай станцыі, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Трэба прадугледзець усе варыянты".

Аляксандр Лукашэнка таксама паставіў задачу ваенным і пагранічнікам кантраляваць дзеянні наёмнікаў, выяўленых на тэрыторыі Украіны. Паводле разведданых, яны перамяшчаюцца ўздоўж беларускай граніцы ў напрамку Чарнобыля. "Мы не ведаем, чаго яны ідуць у бок чарнобыльскай станцыі", - дадаў ён.

"Яшчэ раз гавару: праблем будзе не менш. Мы іх павінны бачыць. Але, яшчэ раз паўтараю, мы не збіраемся нікога правакаваць. Але мы павінны выразна бачыць: як толькі пераступіў нашу граніцу - адказ павінен быць неадкладным. Генерал Лапо ведае", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў: Беларусь мае кампактную дзеяздольную армію, дзяржава прымае меры па перааснашчэнні Узброеных сіл новымі ўзорамі ўзбраення. Удасканальваецца падрыхтоўка войскаў да выканання задач па прызначэнні, сістэматычна праводзяцца вучэнні.

"Нашай арміі трэба развівацца з улікам сучаснага вопыту вядзення ваенных дзеянняў. Я хачу ад вас пачуць ваша меркаванне па сітуацыі ва Украіне і чаму вучыць гэты вопыт нас, - заявіў Прэзідэнт. - На сённяшні дзень мы ўжо бачым асаблівасці правядзення ваеннай аперацыі ва Украіне. Мы маем інфармацыю аб прадаўжэнні нарошчвання колькасці і характары дзеянняў груповак войскаў ля заходніх граніц нашай Беларусі".

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, з боку Украіны назіраецца аднаўленне аховы і прыкрыцця асобных участкаў граніцы.

"Нам яшчэ давядзецца абагульніць і вывучыць вопыт вядзення баявых дзеянняў у цэлым за ўвесь перыяд аперацыі ва Украіне. Ад гэтага нікуды не дзенешся. Але некаторыя меры мы павінны прымаць ужо сёння", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.