Даклад аб навядзенні парадку ў лясах
- 8
- 8:34
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў 9 сакавіка з дакладам чыноўнікаў па навядзенні парадку ў лясах пасля студзеньскай стыхіі.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што перад Урадам і мясцовымі органамі ўлады ставіліся адпаведныя задачы. Кантраляваць працэс павінен быў КДК.
"Задача была пастаўлена па навядзенні парадку ў максімальна кароткія тэрміны і менавіта зімой. Таму што забалочанасць лясоў вялікая, грунтавое стаянне вод высокае. Не заўсёды можна вясной, а тым больш летам увайсці туды, каб выратаваць пацярпелыя ад буралому ўчасткі. Ды і часу мала. Таму што ўся гэта драўніна ператворыцца ў непрыдатную. Таму трэба было хутка ліквідаваць гэтыя наступствы", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
У адпаведнасці з планамі, да 15 сакавіка неабходна вывезці ўвесь нарыхтаваны лесаматэрыял да дарог, каб затым можна было з ім працаваць у вясенне-летні перыяд. "Ведаю, зроблена нямала. Міністэрства лясной гаспадаркі пераарыентавала сілы і тэхніку ў найбольш пацярпелыя раёны. Прыцягнуты рэсурсы недзяржаўных структур, якія маюць лесанарыхтоўчыя комплексы, і індывідуальных прадпрымальнікаў", - сказаў Прэзідэнт. На яго думку, для якаснага правядзення работ па навядзенні парадку ў лясах недастаткова адміністрацыйна-камандных метадаў, а трэба зацікавіць тых, хто займаецца перапрацоўкай лесу, асабліва сельскагаспадарчыя прадпрыемствы: "Аж да таго, каб бясплатна перадаць некаторыя ўчасткі для нарыхтоўкі лесаматэрыялаў".
Асобна Аляксандр Лукашэнка спыніўся на праблемных момантах, выяўленых Камітэтам дзяржкантролю ў лясной галіне. Кіраўнік дзяржавы, у прыватнасці, звярнуў увагу, што не ўсюды належным чынам праведзена інвентарызацыя бураломных участкаў, ёсць факты неабгрунтаванага назначэння ў высечку здаровага дрэвастою. "Нам трэба нарыхтоўваць лес, які можа загінуць, а мы пачынаем пілаваць нармальныя дрэвы, якія яшчэ год могуць пастаяць? Калі гэта робіцца для таго, каб падысці да ўчасткаў (бывае і гэта), гэта адна сітуацыя. Калі гэта проста бяздумна ажыццяўляецца высечка - гэта іншая справа", - заўважыў Прэзідэнт.
Ёсць выпадкі скажэння інфармацыі аб фактычна выкананых работах, так званыя прыпіскі, прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы. "За гэта нехта можа сесці проста ў турму. Я вас папярэджваю", - падкрэсліў ён.
Гаворачы аб праблемах у галіне, Прэзідэнт таксама закрануў пытанне неналежнага ўліку нарыхтаванай драўніны, што стварае перадумовы для карупцыйных праяў і крадзяжу. "Я прасіў Вас, Юрый Віктаравіч (Назараў, віцэ-прэм'ер. - Заўвага), каб Вы ўзялі пад кантроль гэту работу. Вы як ніхто іншы ў краіне ведаеце, што такое лес і як з ім працаваць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Драўніна - гэта вельмі каштоўны рэсурс для нашай краіны, І якія б санкцыі супраць нас ні ўводзілі, драўніны ў свеце недастаткова. Яе будуць прасіць, купляць. І Еўрапейскі саюз, і паўднёвыя нашы дзяржавы і суседзі", - акцэнтаваў увагу беларускі лідар.
Ён таксама падкрэсліў, што важны і фінансавыя вынікі ад перапрацоўкі і атрыманне максімальнага прыбытку. Але да працэсу лесанарыхтоўкі трэба падыходзіць з розумам, рабіць так, каб яна была не толькі эканамічна мэтазгоднай, але і не парушала экасістэму, канстатаваў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка выказаў крытыку адносна павольных тэмпаў лесааднаўлення ў Беларусі.
"Вельмі павольна ідзе лесааднаўленне, - сказаў Прэзідэнт. - Трэба кожны лапік пустуючых зямель заняць лясамі. Я ўжо не гавару аб месцах, дзе вы высеклі лес для нарыхтоўкі. Там лесааднаўленне павінна быць неадкладна. І былыя фермы, вакол аграгарадкоў, буйных вёсак, якія захаваюцца і ў будучым. Дзе воданапорныя вежы былі, мехдвары, а цяпер іх няма. Малочнатаварныя фермы, фермы адкорму (былыя. - Заўвага). Колькі ў нас пустуючых такіх зямель! Тысячы і тысячы (гектараў. - Заўвага). Чаму мы там, дзе проста без вялікіх затрат можна высадзіць лес, гэтым не займаемся?! А калі і займаемся, то спусціўшы рукавы".
Кіраўнік дзяржавы нагадаў і аб даручэнні рабіць лесапасадкі, высаджваць кусты ўздоўж дарог, дзе ў свой час былі ўбраны лесапалосы на сотні метраў.
Аляксандр Лукашэнка таксама заўважыў, што якасць лесааднаўлення агідная: "Гэта наколькі я разумею, бываючы ў лясах. І там, дзе, вы ведаеце, я бываю. Там, ведаеце, не разважаючы. Там ніхто не быў з вашых спецыялістаў. Ніхто не сказаў таму механізатару, які рыў там гэтыя "акопы" для таго, каб высадзіць лес. Ніхто ім не сказаў, як трэба гэтым займацца. Безадказнасць поўная. Гэтаму трэба пакласці канец".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў персанальную адказнасць за гэта пытанне Старшыні Камітэта дзяржкантролю. "Паглядзіце ўсё, аб чым я сказаў, і запатрабуйце. Не зробяць - да пабачэння! Дысцыпліну трэба падцягваць. Расхісталіся далей няма куды. Больш ва Украіне ваююць языком, чым займаюцца сваёй краінай. Дык вось каб войнаў не было на тэрыторыі Беларусі, трэба эканоміку ўмацоўваць сваю", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Як растлумачыў у дакладзе Кіраўніку дзяржавы Міністр лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа, зімой было два асноўныя ўдары стыхіі, пасля якіх утварыліся значныя плошчы паваленых ветрам і зламаных дрэў: 14 і 15 студзеня больш за 18 тыс. га з аб'ёмам 634 тыс. куб.м, а таксама ў лютым - 7 тыс. га і да 190 тыс. куб.м.
"У выніку да ўліку прынялі пашкоджаных лясных насаджэнняў на плошчы больш за 28 тыс. га ў аб'ёме больш за 900 тыс. куб.м у цэлым па краіне, у тым ліку на плошчы 1,8 тыс. га (у аб'ёме - больш за 560 тыс. куб.м) - гэта тыя плошчы, якія патрабавалі правядзення суцэльных санітарных высечак", - праінфармаваў Міністр.