Нарада па пытанні стану грамадска-палітычнай абстаноўкі ў Беларусі

  • 9
  • 4:22

Розным сілам, перш за ўсё звонку, вельмі хочацца абвастрыць у Беларусі абстаноўку. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 29 сакавіка на нарадзе па пытанні стану грамадска-палітычнай абстаноўкі ў краіне.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што запрасіў на нараду сілавы блок Савета Бяспекі, каб абмеркаваць акрэсленую тэматыку перш за ўсё з пазіцыі таго, якім чынам дзейнічаць далей, ажыццяўляючы ўнутраную і знешнюю бяспеку, што трэба зрабіць зыходзячы са зменлівай абстаноўкі. "Я ўжо не аднойчы гаварыў аб тым, што спакойнага жыцця ў нас не будзе. Яно можа быць спакойным, можа быць больш вострая сітуацыя, але абсалютнага спакою ў краіне ніколі не будзе. Таму што вельмі ўжо хочацца розным сілам, перш за ўсё звонку, абвастрыць тут абстаноўку", - сказаў Прэзідэнт.

"Вы бачыце, што памяняліся рэжысёры за мяжой. Ужо некаторыя там каналы, якія раней вадзілі па Мінску пратэстуноў, ад гэтага адмовіліся. З'явіліся больш радыкальныя, тыпу BYPOL, дзе паўтара-два дзясяткі былых нібыта ваеннаслужачых. Цяжка іх, вядома, назваць ваеннаслужачымі. Вы бачыце гэтыя заклікі да радыкалізацыі", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

У сувязі з гэтым ён адзначыў работу праваахоўнікаў, якія не дапусцілі такіх здарэнняў. Асаблівыя словы ўдзячнасці Прэзідэнт адрасаваў супрацоўнікам галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС.

"Хлопцы проста малайцы: раскрылі чарговае злачынства тэрарыстычнай накіраванасці. Трэба ўсіх, хто ўдзельнічаў у гэтай аперацыі, прадставіць да дзяржаўных узнагарод. Яны гэта заслужылі, абаранілі вялікую колькасць людзей, якія маглі пацярпець, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Нам гэта добры ўрок: і для людзей, якія займаюцца ўнутранай бяспекай, і для людзей, якія забяспечваюць абарону нашай краіны".

Аляксандр Лукашэнка папрасіў Міністра абароны коратка далажыць аб сітуацыі на знешніх граніцах Беларусі, а Старшыню КДБ і кіраўніка МУС - аб сітуацыі ўнутры краіны і перспектывах яе развіцця.

"Тое, што ў нас ідзе перафармаціраванне дзеянняў пратэстуноў і збеглых, мы гэта бачым. Павінен проста сказаць, што мы ніколі не дапусцім таго, каб наш народ баяўся выйсці на вуліцы. Гэтага дапусціць мы не можам і не маем права. І гэта характэрна перш за ўсё для горада-героя Мінска", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым даў асобнае даручэнне Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталлі Качанавай, якая таксама з'яўляецца ўпаўнаважаным Прэзідэнта па горадзе Мінску. "Глядзіце за парадкам. Трэба кожны дзень працаваць, як гэта вы рабілі на працягу зімы. Таму ёсць і вынік. Людзі ў нас не ідыёты. Яны ж цудоўна бачаць, што нехта, як яны кажуць, "бабкі косіць за мяжой", - сказаў Прэзідэнт. - Зразумела, хто сядзіць на гэтых патоках. І людзі не хочуць быць, як яны кажуць: што вы нас на вілы кідаеце, а самі там гэтыя грошы па кішэнях раскладаеце? Яны адчуваюць, што іх проста падстаўляюць, і мы гэта бачым унутры краіны".

"Так, трэба працаваць строга з тымі, хто бярэцца за зброю, хто прывозіць сюды ўзрыўчатку або рыхтуе гэту ўзрыўчатку і спрабуе ў кантэйнерах для смецця або вогнетушыцелях зрабіць гэтыя ўзрывы. З гэтымі мы размаўляць не будзем. І лічыць да трох таксама не будзем. Але асноўная ж маса людзей, з якімі трэба размаўляць, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Зразумеюць яны нас ці не, пачуюць ці не - гэта іх справа. Але з людзьмі трэба размаўляць".

Гаворачы аб перспектывах і прагнозах развіцця сітуацыі, Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на важнасць ажыццяўлення і эканамічнай бяспекі краіны. "Мы жывём не ў закрытым свеце. І сваю ўнутраную, эканамічную перш за ўсё, бяспеку мы павінны забяспечыць самі. Нам абсалютна няма на каго спадзявацца", - падкрэсліў ён.