Нарада па пытаннях удасканалення заканадаўства
- 14
- 19:18
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў 28 студзеня нараду па пытаннях удасканалення заканадаўства.
Кіраўнік дзяржавы ў пачатку нарады адзначыў, што мінулы год стаў па многіх аспектах павучальным. "Шэсці пратэстуноў, заклікі да забастовак на прадпрыемствах, дыверсіі на чыгунцы, пагрозы і насілле ў адносінах да прадстаўнікоў улады, хакерскія атакі на дзяржаўныя інфармацыйныя рэсурсы і гэтак далей. Гэта далёка не поўны пералік таго, з чым нам давялося сутыкнуцца", - канстатаваў беларускі лідар.
Ён звярнуў увагу, што ўся гэта падрыўная дзейнасць актыўна накіроўвалася і фінансавалася з-за мяжы: "Праз сацыяльныя сеткі і мэсэнджары ішла каардынацыя незаконных акцый, укідвалася інфармацыя, нацэленая на дыскрэдытацыю намаганняў па навядзенні парадку ў Беларусі. Час прайшоў. Усё, што гавару, пацвердзілася з цягам часу".
"Праваахоўныя і іншыя дзяржаўныя органы дазволілі нашай краіне не зваліцца ў прорву чарговай каляровай рэвалюцыі, як бы таго ні хацелі загранічныя спонсары пратэстаў, - сказаў Прэзідэнт. - Хоць найбольш яркія праявы пратэснай актыўнасці мы спынілі, падстаў для самазаспакаення я не бачу. Прычыны я шмат разоў выкладаў. Магу іх паўтарыць яшчэ раз. Самае галоўнае - мы не ведаем, што яны выкінуць чарговы раз. Там працуюць спецыялісты, прабачце за шчырасць, не раўня нашым, якія ўчынілі нямала так званых каляровых рэвалюцый, мяцяжоў, у выніку якіх разбураны краіны, згвалчаны кіраўнікі дзяржаў, пасаджаны на кол (прозвішчы не называю) і гэтак далей".
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што самазаспакойвацца нельга, і прыклад таго - Расія. "Кажуць, Пуцін паўтарае тое, што рабіў Лукашэнка. Ды не, нам трэба вучыцца ў расіян, як рэагаваць на такія рэчы, і не толькі ў плане сілавога кампанента", - заўважыў Прэзідэнт.
"Ёсць нязгодныя, носьбіты так званага свайго меркавання. І гэта нармальна. Іншае меркаванне ў нас было заўсёды. Слухайце, нічога новага, за выключэннем працягласці гэтага перыяду, не адбылося. Гэта было заўсёды пасля таго, як я стаў Прэзідэнтам і зламаў гэты нацыяналістычны, нацменаўскі, фашысцкі курс, які праводзілі яны да гэтага. І адразу ж - падпалы аўтамабіляў, пераварочвалі аўтамабілі. Трызубцы з Украіны, з Польшчы. Пэўныя бчб-шныя сцягі і гэтак далей і да таго падобнае. Усё гэта мы праходзілі. Адзінае, пандэмія наклала пэўны адбітак: усё тое ж самае, толькі больш працягла адбывалася", - пералічыў Кіраўнік дзяржавы.
Ён дадаў, што ў пратэстах прымалі ўдзел і грамадзяне, якія раней працавалі ў іншых дзяржавах і вярнуліся ў Беларусь, тыя, хто ва ўмовах пандэміі і закрыцця граніц аказаўся ні пры чым. "Выкінутыя з Расіі, Польшчы, Літвы, Украіны, іншых краін нашы людзі, якія ад'ехалі на заработкі. Яны месца сабе не знайшлі тут. Плюс тыя, хто праз граніцу вазіў у Брэсцкай і Гродзенскай абласцях і з Мінска - хто анучы, хто сякеры, але ў асноўным паліва, прадавалі, перапрадавалі. Пандэмія перакрыла граніцы. Не я іх перакрываў тады, пандэмія перакрыла. Іншую работу яны не ўмеюць", - сказаў Прэзідэнт.
"Былі і аблудныя. І я заўсёды аб гэтым гаварыў: мы з імі будзем працаваць. І я ў тым ліку больш актыўна пачну працаваць, хоць я не спыняў гэту работу. Я вёў дыялог з усімі, хто гэтага хацеў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што за апошнія гады ў краіне многае зроблена ў напрамку лібералізацыі прававых норм. "Аднак падзеі, якія адбыліся, востра ставяць пытанне: ці не занадта мы захапіліся? Заканадаўства павінна не толькі аператыўна рэагаваць на любыя парушэнні, але і апярэджваць магчымыя пагрозы. І гэта самае галоўнае", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён канстатаваў, што па прапановах грамадзян шэраг неабходных для гэтага норм ужо ўключаны дэпутатамі ў новыя кодэксы аб адміністрацыйнай адказнасці, а таксама ў папраўкі да крымінальнага заканадаўства. "Ці дастаткова гэтага або трэба нешта яшчэ, напрыклад, у сферы барацьбы з экстрэмізмам, тэрарызмам? Можа, варта таксама вярнуцца да заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і іншых актаў, якія датычацца грамадскай бяспекі? Паглядзець, як за мяжой, у тых жа Францыі, Германіі ды і ў суседняй Расіі? - пацікавіўся беларускі лідар. - Адказы на гэтыя пытанні павінны быць у органаў, якія знаходзяцца сёння на перадавой процідзеяння спробам дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне".
"І наогул, я вам раю пры распрацоўцы гэтых норм проста ўзяць у французаў, немцаў, у іншых краінах, у Расіі гэтыя нормы і перанесці ў наша заканадаўства. Тады нас ніхто не папракне. У апоры цывілізацыі мы бяром нарматыўна-прававыя акты, імплементуем і адаптуем да сваёй краіны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Таму давайце вучыцца на прыкладах Германіі, Францыі, Злучаных Штатаў Амерыкі. Толькі не трэба страляць у жанчыну, якая чатыры вайны прайшла і абараняла інтарэсы Злучаных Штатаў Амерыкі (размова ідзе аб застрэленай пры штурме Капітолія Эшлі Бэбіт, ветэране амерыканскай арміі, якая 14 гадоў служыла ў ВПС ЗША, удзельнічала ў шэрагу ўзброеных канфліктаў на тэрыторыях розных краін. - Заўвага). Вось гэтаму мы ў іх не павінны вучыцца", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць абароны краіны. "Калі страцім, як я гаварыў, - ужо назад да гэтага не вернемся. На гэтым будзе пастаўлена тлустая кропка. І з нацыяй, і з намі, і з нашымі дзецьмі, унукамі і гэтак далей. І мы гэта сёння павінны прапісаць у нарматыўна-прававых актах і давесці да людзей, каб людзі разумелі", - сказаў ён.
Паводле слоў Прэзідэнта, неабходна дакладна прапісаць адказнасць і меру пакарання за кожнае парушэнне: "Заблакіраваў рух на дарозе ( у асноўным гэта ў Мінску) - вось такое. Выйшаў незаконна на акцыі і пачынаеш парушаць грамадскі парадак - мы цябе папярэдзім, аштрафуем. Другі раз выйдзеш - сядзеш. Так, як мы, у прынцыпе, і рабілі".
Чарговы раз Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу і на адказнасць бацькоў: "З бацькоў трэба запатрабаваць, чые дзеткі выходзяць. Каб потым нас не абвінавачвалі, што кагосьці задушылі або затапталі".
"Ну і потым, давайце будзем шчырыя: і сваіх касякоў у нас дастаткова, ва ўсіх, хто сядзіць за гэтым сталом. Таму, пакуль ёсць час, давайце будзем працаваць, устараняць гэтыя касякі, каб людзі ўбачылі, што мы чуем нават меншасць, нязначную меншасць. А тыя, хто ўзняў руку на краіну і на народ, - ён павінен застацца без рукі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, каардынуе адпаведную работу Дзяржаўны сакратарыят Савета Бяспекі, актыўна ажыццяўляе нагляд за выкананнем заканадаўства Генеральная пракуратура, Вярхоўны Суд забяспечвае судовы разгляд матэрыялаў, падрыхтаваных праваахоўнымі і іншымі ўпаўнаважанымі органамі.
"Таму хачу пачуць ад прысутных тут кіраўнікоў максімальна ўзважаныя прапановы па тэматыцы нарады. Трэба не захапляцца дэталямі і ведамаснымі інтарэсамі, а падумаць пра глабальнае, перш за ўсё пра наступствы для бяспекі краіны. Нам важна вызначыцца, чаго рэальна не хапае ў заканадаўстве для надзейнага выяўлення і спынення любых дзеянняў, накіраваных супраць дзяржавы", - заявіў беларускі лідар.
У час нарады Прэзідэнт расказаў аб паспяховай рабоце спецслужбаў па спыненні тэрарыстычных актаў. "Ёсць нязгодныя, зразумела. Але ж ёсць парушальнікі закону. Пад гэта падлезлі многія, і асабліва баевікі - групы. Вось з часам Камітэт дзяржбяспекі абнародуе факты, як спрабавалі не проста ўзарваць абстаноўку маральна неяк, яшчэ неяк, а як спрабавалі ўзрываць дамы і вуліцы ў нас у краіне, і адкуль ішлі боепрыпасы, узрыўчатка. Цалкам адноўлены ланцужкі, затрыманы людзі, якія праз граніцу вадзілі іх", - заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка пакуль не стаў раскрываць інфармацыю адносна канкрэтных імёнаў і груп. "Некаторыя ўжо вядомы. Я думаю, з часам, у бліжэйшы час, мы ўжо гатовы будзем гэта прадэманстраваць нашаму грамадству", - адзначыў Прэзідэнт.
"І вось калі б хоць адзін дом яны ўзарвалі, то нашы ачумелыя ў Мінску, якія ўжо так перажывалі за насілле, многае зразумелі б. Але дзякуй КДБ і міліцыі. Ва ўзаемадзеянні яны нейтралізавалі гэтых дзеячаў. Шчыра кажучы, у нас падазрэнне ёсць на некаторыя групы, але мы не ўпэўнены, што бачым і ведаем усіх. І мы не можам іх ведаць, таму што закінуць да нас людзей са зброяй і боепрыпасамі, узрыўчаткай ніякіх праблем няма, як і ў любую іншую краіну", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што дзеянні ўлады і яго асабіста былі накіраваны ў першую чаргу на абарону краіны. "Ні ў якім разе нельга расслабляцца. Нам людзі ніколі не даруюць нашай бязладнасці. Тое, што мы дзейнічалі жорстка, абараняючы сваю краіну, ужо многія зразумелі. А астатнія зразумеюць. І мяне ў тым папракаць не трэба, што я абараняў сваю краіну. Гэта мае канстытуцыйныя абавязкі. І я буду абараняць, чаго б мне гэта ні каштавала. Трэба - на танку, БМП, з аўтаматам у руках", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама выказаўся на тэму так званай палітычнай амністыі. "Сёння некаторыя стогнуць і рыдаюць: вось, амністыя... палітычная амністыя і іншае. Заўтра будзе палітычная амністыя, калі мне хто-небудзь пакажа хоць адзін палітычны артыкул у нашым Крымінальным кодэксе і што яны асуджаны або затрыманы, арыштаваны па палітычных матывах. Я іх зараз жа памілую", - сказаў Прэзідэнт.
"Слухайце, трэба спыніць гэту ўсякую балбатню. Нават ім, калі быў у СІЗА, я ім усім сказаў, калі яны мне задавалі галоўнае пытанне: "Калі нас адпусцяць?" Я ім усім выклаў сваё бачанне: усё, што ўкрадзена ў народа, вярні. Тады мы будзем з вамі весці размову, і я пастараюся адказаць на ваша пытанне, калі. Чакаю. Да гэтага часу чакаю... - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Але я чалавек дасведчаны. Я ведаю, што абмяркоўваліся гэтыя пытанні са сваякамі. Такая магчымасць у гэтых пратэстуноў (верхаводаў) была - грошай шкада".
"Таму не трэба строіць ілюзіі: палітычныя зняволеныя, амністыя і гэтак далей. Калі чалавек не хоча сядзець у турме за злачынства эканамічнае, фінансавае - крымінальнае злачынства - аддай апошняе, калі ў цябе ёсць. Мы паказалі, усё, што ёсць. Не - суд вырашыць. Як вырашыць суд, так і будзе. Вось і ўся палітычная або іншая амністыя", - падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт таксама закрануў тэму маючага адбыцца Усебеларускага народнага сходу і рэакцыі на яго ў апазіцыйных колах. "На злобу дня: Усебеларускі народны сход. Гэта што, навацыя на сённяшні дзень? Не, ён шосты. І заўсёды ён даваў эфект. І ўсе, хто хацеў весці нейкі дыялог, яны на гэтых дыялогавых пляцоўках унізе сустракаліся, абмяркоўвалі. Мы выкрышталізоўвалі гэтыя меркаванні і падымаем іх наверх, на Усебеларускі народны сход. Нас пачынаюць цяпер крытыкаваць: ды гэта не тое, ды што гэта за сход... Хто - збеглыя перш за ўсё. Яны збеглі і пачынаюць там нешта "плявузгаць", як я кажу па-беларуску", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Чаго вы "плявузгаеце"? Вы аб'явілі байкот Усебеларускаму народнаму сходу. Далей - "альтэрнатыўны сход замежжа". Яны наогул адмовіліся прызнаваць гэты "Усебеларускі народны сход - так званая апазіцыя і збеглыя. Чаго вы сёння рыдаеце? Вы яго не прызнаяце. Хто вас будзе выбіраць на гэты Усебеларускі народны сход, хто вас туды будзе запрашаць? Аб'явілі альтэрнатыву - праводзьце ў гэтым "замежжы" гэты "сход", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт дадаў, што на Усебеларускі народны сход могуць быць запрошаны ў тым ліку прадстаўнікі апазіцыйнага пункту гледжання, калі яны хочуць весці дыялог і працаваць у імя краіны. "Дэлегаты выбраны, але калі нехта з палітычных, апазіцыйных - той, хто хоча размаўляць у імя краіны, - мы іх запросім, мы ж дамовіліся. Нам утойваць няма чаго. Грамадства павінна ведаць нашу пазіцыю", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ўсё больш і больш людзей адкрыта заяўляюць аб сваёй пазіцыі ў падтрымку дзеючага Прэзідэнта і ўлады. "І ў дакор мне ставяць: першае - перадайце Прэзідэнту, каб ён больш не гаварыў, што не хоча быць Прэзідэнтам. Я гэта пачуў, маўчу. Ад гэтага маё меркаванне не змянілася, але гавораць людзі, мае прыхільнікі, якія падтрымалі нас. Па-другое, адкрыта і сумленна гаварыце тое, што мы думаем, улада павінна адкрыта гаварыць, не баяцца, не хітраваць. Мы, напэўна, таксама гэта робім. У тым ліку і сённяшняя нарада", - расказаў беларускі лідар.
Ён канстатаваў, што ў Беларусі ёсць і заўсёды былі людзі, якія яго не падтрымліваюць, але неабходна лічыцца з меркаваннем большасці. "Мы ведалі, што ёсць людзі, іх было нямала - паўмільёна. Яны і раней (прыкладна столькі) не галасавалі за дзеючага Прэзідэнта. Гэтак жа адбылося і ў апошнія выбары. Але трэба ж разумець, што каля 6 млн чалавек прагаласавалі за дзеючую ўладу, за дзеючага Прэзідэнта", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка ў час нарады выказаў свой пункт гледжання і пра апошнія падзеі ў Расіі. "Апошнія падзеі ў Расіі сведчаць аб тым, што мы абсалютна дакладна яшчэ ў першай палове мінулага года ўлавілі напрамак дзеянняў з-за мяжы супраць нас, і, вы гэта памятаеце, я не раз гаварыў, што Беларусь ім патрэбна як трамплін для атакі на Расійскую Федэрацыю. Мы прыводзілі шмат фактаў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Адрозненне паміж беларускімі падзеямі і расійскімі - вось убачыце - іх можа быць некалькі. Але галоўнае адрозненне ў тым, што ў нас у жніўні вырашылі ажыццявіць бліцкрыг. Імгненна звергнуць уладу або хаця б паказаць, што ўлада пала, і ўвесці сюды натаўскія войскі. У Расіі будуць расхістваць доўга. Яны добра разумеюць, што ў Расіі ажыццявіць бліцкрыг немагчыма, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Усё робяць, як у нас, за выключэннем (таго, што. - Заўвага) гульня будзе доўгай, да думскіх выбараў. Гэта будзе першая рэпетыцыя. Атрымаецца - не атрымаецца. А пасля думскіх выбараў будзе яшчэ мадней. Яны ўмеюць гуляць доўга. Гэта не хлапчукі. Мы гэта бачылі, па лініі спецслужбаў, і МУС, і КДБ ведаюць. Мы пастаянна інфармавалі расіян. Мы бачылі, што гэта ўсё рыхтуюць для Расіі".
Адным з этапаў па расхістванні сітуацыі ў Расіі беларускі лідар лічыць расследаванні, якія выдае Аляксей Навальны. "Вось гэтыя ўсе расследаванні збеглага таксама, але прынятага назад у Расію нямецкага пратэстуна - гэта толькі пачатак", - перакананы Прэзідэнт.
На яго думку, чалавек, які займаецца барацьбой з карупцыяй і праводзіць такія расследаванні, павінен быць сам з крыштальна чыстай біяграфіяй, чаго не скажаш пра Навальнага, у адносінах да якога была ўзбуджана крымінальная справа. "Пуцін памілаваў яго, пакінуўшы на волі з пэўнымі абмежаваннямі, сам (Навальны. - Заўвага) быў судзімы, і ён сёння змагар з карупцыяй! - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Калі хтосьці вырашыў змагацца, асабліва супраць уладных людзей, супраць улады, супраць Прэзідэнта, вырашыў ажыццяўляць барацьбу з карупцыяй, трэба быць самому крыштальна чыстым. Не павінна ў цябе быць ніводнай коскі, літары ў тваёй біяграфіі, каб хтосьці мог за гэта зачапіцца".
Прэзідэнт таксама пракаменціраваў і нядаўні фільм гэтага апазіцыйнага расійскага палітыка. "Выпусцілі ў Германію (захацеў там лячыцца), і ў гэты час, знаходзячыся ў непрытомным стане, скляпаў двухгадзінны фільм. Што, людзі гэтага не разумеюць? Прытым я па змесце нічога не гавару і гаварыць не збіраюся. Я не даследаваў ніякіх фактаў. Я проста гавару: для таго каб весці гэту барацьбу, трэба самому быць па-за падазрэннямі", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз паўтарыў сваё сцвярджэнне, што ні Беларусі, ні Расіі спакойна жыць не дадуць. "Расія, непадуладная, як модна гаварыць у народзе, вашынгтонскаму абкаму і іншым еўрасаюзам - такая Расія ў свеце нікому не патрэбна. Яе трэба загнаць у стойла. І гэта - сённяшняя мэта дзеянняў з-за мяжы, пачынаючы са Злучаных Штатаў Амерыкі. У сябе яны не бачаць і ўчыняюць беззаконне больш, чым у Расіі і Беларусі. Вось гэтага бервяна ў воку яны не бачаць. А ў нас з Расіяй яны ўбачылі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Ніхто Пуціну не даруе, што ён аб'яднаў Расію, - падкрэсліў беларускі лідар. - Ніхто яму не даруе, што ён спыніў войны ў Расіі і тое, што ў кучу сабраў Расію. Яму гэта ніхто не даруе: ні амерыканцы, ні Еўрасаюз, ні ўнутраныя лібералы. І ён да гэтага павінен быць гатовы. Я ведаю, што ён да гэтага гатовы, ён вопытны чалавек. І няма чаго тут апраўдвацца. Людзі ва ўсім разбяруцца самі".
"Расія і людзі ў Расіі павінны таксама разумець: Расію зноў хочуць вярнуць у сярэдзіну 90-х гадоў, калі ва Урадзе, ФСБ, Адміністрацыі Прэзідэнта сядзелі саветнікі са Злучаных Штатаў Амерыкі і НАТА і раілі, што рабіць са зброяй, ядзернай зброяй і гэтак далей і да таго падобнае. Я гэта ведаю не па чутках. Я працаваў тады з кіраўніцтвам Расіі і бачыў, што адбываецца. З прыходам Пуціна гэтыя ж чэкісты і іншыя, якіх сёння дзяўбуць у Расіі (эфэсбэшнікі і міліцыя), яны краіну ўціхамірылі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што пастаянна размаўляе з Прэзідэнтам Расіі, іншымі службовымі асобамі, абмяркоўваючы ў тым ліку і актуальны парадак дня. Па многіх пытаннях бакі знаходзяць абсалютнае ўзаемаразуменне. "Мы да гэтага былі на адным баку барыкад, будзем і далей ваяваць за тое, каб людзьмі звацца", - рэзюмаваў беларускі лідар.