Нарада аб гатоўнасці да ўвядзення ў Беларусі біяметрычных дакументаў
- 11
- 3:13
Гатоўнасць да ўвядзення ў Беларусі біяметрычных дакументаў абмеркавана 25 студзеня на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
"Работа ў гэтым напрамку вядзецца даўно. Цяпер Урад і службовыя асобы інфармуюць, што ўсё гатова: сфарміраваны інфармацыйныя сістэмы, закуплена неабходнае абсталяванне, праведзена растлумачальная работа з насельніцтвам. Можна хоць заўтра выдаваць ідэнтыфікацыйныя карткі і новыя пашпарты. Трэба толькі стварыць неабходнае прававое рэгуляванне, падпісаўшы адпаведны Указ", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што, як яму дакладваюць, укараненне біяметрычных дакументаў паслужыць штуршком для развіцця электронных паслуг, скароціць час на правядзенне шэрага працэдур, павысіць абароненасць ад падробак. "Тое, што мы падштурхоўваем развіццё электронных паслуг, - добра. Тое, што гэта павысіць абароненасць ад падробак, - вельмі сумняваюся, зыходзячы з апошніх падзей", - заўважыў беларускі лідар.
"Таму я і вырашыў з-за пэўных прычын разгледзець у больш шырокім коле з зацікаўленымі распрацоўшчыкамі праект Указа, які рэгуляваў бы парадак у асваенні біяметрычных дакументаў, і пашпартоў у прыватнасці. Ёсць вялікія сумненні, і не толькі ў мяне, але і ў людзей. Вы памятаеце: на тым этапе, як мы толькі пачалі пра гэта гаварыць, і грамадскія арганізацыі, і асобныя людзі выступілі катэгарычна супраць гэтага, - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. - Мне давялося ўзяць тайм-аўт, каб мы сур'ёзна папрацавалі над гэтым пытаннем. Сёння вы прыйшлі да высновы, што ўсё гатова. Мы цяпер паглядзім, што ў вас гатова і наколькі народ будзе абаронены ад падробак".
"Прадугледжваецца, што гэта новаўвядзенне закране абсалютна ўсіх, але пры гэтым беларусы павінны атрымаць дадатковыя магчымасці, а не праблемы, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Нельга выпускаць з-пад увагі цяжкасці, з якімі могуць сутыкнуцца людзі і арганізацыі пры атрыманні новых дакументаў і іх далейшым выкарыстанні".
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на неабходнасць улічыць усе арганізацыйныя і тэхнічныя нюансы. "Ці не створым мы перашкод для рэалізацыі грамадзянамі сваіх правоў, ці забяспечым абарону іх персанальных даных? Гэта мяне больш за ўсё насцярожвае, - сказаў Прэзідэнт. - Ці не атрымаецца, што мы нахамутаем яшчэ адну праблему, па-народнаму кажучы? Ці трэба ўводзіць біяметрычныя дакументы імгненна, як прапануецца, з 30 красавіка або патрабуецца яшчэ час для падрыхтоўкі? Усе пытанні трэба дасканала адпрацаваць да пачатку выдачы новых дакументаў".
У якасці каардынатараў гэтай дзейнасці Прэзідэнт вызначыў Міністэрства ўнутраных спраў і Мінсувязі.
Па выніках нарады Аляксандр Лукашэнка ў цэлым адобрыў увядзенне ў краіне біяметрычных дакументаў, але асобныя моманты даручана дадаткова прааналізаваць і дапрацаваць. Дата, з якой пачнуць выдаваць такія дакументы, пакуль не вызначана. Яна будзе прапанавана Прэзідэнту ў праекце Указа, калі ўсе нюансы будуць улічаны.