Нарада па пытаннях рэалізацыі гістарычнай палітыкі
- 11
- 2
Год гістарычнай памяці, якім у Беларусі аб'яўлены 2022-і, пройдзе пад знакам захавання гераічнай спадчыны і праўды аб усіх перыядах жыцця беларускага народа. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 6 студзеня на нарадзе па пытаннях рэалізацыі гістарычнай палітыкі.
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, неабходна сістэматызаваць гістарычныя даследаванні, мемарыяльныя комплексы, вызначыць на перспектыву даты, падзеі, асобы, якія трэба ўвекавечыць, унесці карэктывы ў работу па патрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі з апорай на факты гераічных подзвігаў продкаў. "Сёння ўся гэта работа - адзін з важнейшых напрамкаў забеспячэння нацыянальнай бяспекі краіны", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што трэба ўдзяліць пільную ўвагу пытанням так званай гістарычнай палітыкі: "Упершыню за гады сваёй незалежнасці мы ставім гэтыя два паняцці - "гісторыя" і "палітыка" - побач. Да гэтага часу мы стараліся не палітызаваць гісторыю. Выбраны беларускім народам палітычны курс краіны быў нацэлены на захаванне добрых адносін перш за ўсё з нашымі суседзямі".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: у Беларусі спынялі любую праяву рэваншызму, нацыяналізму, шавінізму і іншых ідэй, якія дыскрымінуюць гісторыю, культуру і іншыя народы. У краіне таксама не вялі войнаў памяці ў мэтах умацавання сваёй дзяржаўнасці, стараліся не закрануць нацыянальныя пачуцці тых, з кім некалі жылі ў адзіных дзяржавах. "А прычын у беларусаў дастаткова", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт канстатаваў, што некаторыя суседзі Беларусі выбудоўвалі ўласную гістарычную палітыку, фарміравалі інстытуты і праграмы. Пры гэтым сваю канцэпцыю гістарычных падзей яны падстройвалі пад зусім канкрэтныя палітычныя мэты, пад партыі, асобных палітыкаў і гэтак далей. "Для адных, як я ўжо гаварыў, Беларусь - гэта плацдарм для кідка на Расію. Другія пакутуюць ад фантомнага болю - усе шукаюць тут свае гістарычныя землі. І першым, і другім суверэнная Беларусь і беларускі народ не патрэбны", - падкрэсліў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на гэтыя мэты былі кінуты немалыя сродкі: "Яшчэ ў 90-я, калі пачаўся перыяд ашалелай палітызацыі гісторыі. Яе перавярнулі з ног на галаву. Грамадства раскалолі. Мы былі за крок ад страты нацыянальнай дзяржаўнасці".
"Не без дапамогі Сораса і "сарасят" унутры, якія ўзяліся за выданне новых падручнікаў па гісторыі Беларусі. Да 1994-га вядомыя амерыканцамі "свядомыя" паспелі многае перапісаць і вывучыць частку дзяцей. Ды і мы з вамі таксама паддаваліся на некаторыя рэчы. Тыя вучні і студэнты, выхаваныя на створаных тады гістарычных фэйках, сёння самі бацькі. Вынік навязанай нам у тыя гады рамантызацыі і вылучэння некаторых перыядаў у гісторыі беларускага народа мы бачым, асабліва цяпер", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.
Ён прывёў прыклад: ва ўяўленні часткі моладзі Напалеон, які паабяцаў аднавіць Рэч Паспалітую, - "вызваліцель". "Чаму здзіўляцца, калі партрэтаў літоўскай і польскай знаці па ўсёй краіне было больш, чым, напрыклад, герояў Вялікай Айчыннай вайны або нашай сучаснай гісторыі, - сказаў Прэзідэнт. - Вынікі такога "патрыятычнага" выхавання мы назіралі і ў 2020-м. Але няма ліха без дабра. Дзякуючы гэтым падзеям цяпер усе ведаюць сапраўдную гісторыю сімвала акупацыі роднай зямлі і здрадніцтва беларускага народа".
"Многія, хто развешваў у сябе на вокнах БЧБ-анучы, сёння гэтага саромеюцца. Разумеюць, хто імі кіраваў. Але дрэнна тое, што ў гэтым выпадку нам давялося рэагаваць на падзеі, а павінны былі апярэджваць гэтыя падзеі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Мы павінны прызнаць, што старонкі айчыннай гісторыі ператварыліся ў інфармацыйнае поле бою. І здарылася гэта не цяпер. Сёння гістарычная палітыка з'яўляецца для нас стратэгіяй самазахавання ва ўмовах глабальнага перадзелу сфер уплыву ў свеце. Гэта фактар нацыянальнай бяспекі", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Я хачу, каб вы, навуковыя дзеячы, палітолагі, эксперты, мяне правільна разумелі. Сваю гісторыю мы перапісваць не павінны, і мы гэта рабіць не будзем. Прынамсі, пры цяперашнім Прэзідэнце. Але і не будзем больш замоўчваць канкрэтныя факты. Менавіта факты. Нават калі яны закранаюць нечыя амбіцыі або нацыянальныя пачуцці. Як у выпадку са злачынствамі беларускіх, а таксама польскіх, літоўскіх, украінскіх калабарацыяністаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Недапушчальна толькі крытычна глядзець на савецкую спадчыну, сціпла замоўчваючы дасягненні і перамогі эпохі. І я лічу, што як мінімум несправядліва прыхарошваць іншыя гістарычныя перыяды, не надаючы значэння фактам зняваг і дыскрымінацыі беларусаў".
Аляксандр Лукашэнка выступіў за адэкватную ацэнку гістарычных перыядаў на беларускіх землях, уключаючы часы Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай: "Калі сёння літоўцы і палякі адмаўляюць уклад беларускага народа ў развіццё такіх гістарычных форм дзяржаўнасці на нашай зямлі, як Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, то што нам перашкаджае даць гэтым перыядам адэкватную ацэнку".
"Давайце ў падручніках па гісторыі, у замкавых і музейных экспазіцыях так і назавём, напрыклад, перыяд Рэчы Паспалітай - акупацыяй беларускай зямлі палякамі. Этнацыдам беларусаў. А што гэта было для нашых продкаў? - задаў рытарычнае пытанне кіраўнік дзяржавы. - Родная мова, культура, вера пад забаронай. Нельга было нават быць чалавекам. Магнаты на сабак мянялі беларускіх сялян. Але народ выжыў і больш таго - захаваў сваю самабытнасць".
"А вазьміце Вялікае Княства Літоўскае. Сучасныя літоўцы фактычна прыватызавалі спадчыну гэтага дзяржаўнага ўтварэння. Але што там было літоўскага? Мова - наша, на ёй жа напісана і Канстытуцыя - Статут. Галоўная вера - праваслаўе. Тэрыторыя - у асноўным беларуская, украінская, часткова рускія землі. Народ на 80% - наш. Славяне. А гэта асноўныя атрыбуты і прыкметы дзяржаўнасці", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Акрамя таго, калі на ўсю Еўропу грымелі Полацкае і Тураўскае княствы як цэнтры духоўнасці і асветы, продкі літоўцаў усё яшчэ жылі ў цемры язычніцтва і вялі прымітыўную гаспадарку. Як ёсць. Гэта пытанне нашай нацыянальнай годнасці – абараніць слаўны шматвяковы летапіс беларускага народа. Мы разумеем, што нам ёсць чым ганарыцца, - заявіў Прэзідэнт. - Чаго толькі варта гісторыя Полацкага і Тураўскага княстваў, якая неяк згубілася на фоне гістарыяграфічнай, навуковай і культурнай цікавасці да іншых старажытных эпох".
Разам з гэтым Прэзідэнт заклікаў не забываць і аб дасягненнях савецкага перыяду: "Давайце не будзем забываць, што як нацыя мы канчаткова сфарміраваліся менавіта ў савецкі час. Менавіта тады пачалася гісторыя беларускай дзяржавы. Па-сапраўднаму".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння беларускі народ прадаўжае пісаць сваю гісторыю. "Нам трэба перайсці на новы этап, як гавораць эксперты, пачаць вызначаць і фарміраваць сэнсы ў галіне нацыянальна-гістарычнага развіцця беларускага народа і дзяржавы. Мы павінны папярэджваць новыя выклікі і пагрозы ў сферы нацыянальнай памяці. Трэба вызначыць стратэгію і тактыку работы ў гэтай галіне. Інакш мы, нашы дзеці зноў паўторым чорныя дні гісторыі, калі былі вымушаны жыць пад прыгнётам чужых гаспадароў на сваёй зямлі. Як я гавару, пад бізуном", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што цяпер стаіць задача не дапусціць развіцця ідэй, якія могуць падарваць краіну ў будучым. "Для гэтага ў нас ёсць усё - і час, і неабходныя рэсурсы. Таму спакойна, без хістанняў нам трэба гэтыя пытанні адпрацаваць і канцэптуальна вызначыцца ў падыходах, пракласці моцны мост паміж мінулым і будучым нашай Беларусі", - адзначыў ён.
Аляксандр Лукашэнка таксама ўказаў на неабходнасць выпрацаваць выразную канцэпцыю ацэнкі падзей і ролі асоб у гісторыі беларускай дзяржавы.
На нарадзе былі заслуханы прапановы па рэалізацыі гістарычнай палітыкі ў краіне, выпрацаваныя па даручэнні Кіраўніка дзяржавы Адміністрацыяй Прэзідэнта Беларусі сумесна з Нацыянальным сходам, прадстаўнікамі гістарычнай грамадскасці, іншымі зацікаўленымі.
"Мяне насцярожылі прапановы, што трэба недзе нечага стварыць і тады мы гэту гістарычную памяць адродзім", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"У нас часам бывае, калі трэба нечага зрабіць, мы абавязкова ўдарым нейкім апаратам па праблемах. Вось, абавязкова патрэбна яшчэ адна Акадэмія навук, якая зоймецца, груба кажучы, гэтай распрацоўкай гістарычнай памяці, - іранічна адзначыў Прэзідэнт. - Трэба, каб два дзясяткі, тры, а лепш - дзве сотні, вызваленыя работнікі пачалі бударажыць нашу гістарычную памяць. Не ведаю, што з гэтага можа атрымацца, я, напрыклад, катэгарычна супраць гэтага".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў справе рэалізацыі гістарычнай палітыкі хацеў бы бачыць больш актыўную ролю канкрэтных людзей, экспертаў з Нацыянальнай акадэміі навук, інстытутаў і ўніверсітэтаў. І такія людзі, на якіх можна абаперціся, ужо відаць: напрыклад, старшыня праўлення Беларускага таварыства "Веды" Вадзім Гігін, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў доктар гістарычных навук, прафесар Ігар Марзалюк, рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі Вячаслаў Даніловіч.
"Я не толькі Гігіна бачу з яго разважаннямі (выдатнымі разважаннямі) у грамадстве, але і яго калег, якія гатовы працаваць. Давайце мы лепш грошы ім заплацім, чым будзем пладзіць сотні апаратаў, адміністрацый, якія будуць займацца гістарычнай памяццю. Не будуць яны займацца, а будуць проста вам перашкаджаць", - сказаў беларускі лідар.
"Трэба займацца канкрэтнай справай. А каб канкрэтныя людзі займаліся гэтай справай, трэба проста іх убачыць, - прадоўжыў ён. - Трэба гігіных і марзалюкоў падтрымаць".
"Давайце падтрымліваць сваіх людзей, няхай яны пішуць дысертацыі, кандыдацкія, доктарскія, ідуць у студэнцкія калектывы, у школы, там гэта чытаюць, расказваюць - каб мы, узняўшы гэту тэму, не замуцілі яе ў чыноўніцкім бязмежжы, - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка. - Патрэбны вынік. Калі мы не гатовы гэтым заняцца, то лепш наогул не ўлазіць у гэту глабальную праблему. Мы яе спахабім, а потым будзе зноў да яе вярнуцца вельмі складана".
У час нарады Кіраўнік дзяржавы зрабіў шэраг заяў адносна сітуацыі ў Казахстане.
"Карыстаючыся выпадкам, традыцыйна, калі ўзнікае неабходнасць, некалькі слоў пра апошнія падзеі, якія так ці інакш звязаны з нашай краінай. Я пра падзеі ў Казахстане. Нашы журналісты малайцы. Наогул, часта мы іх хвалім у апошні час. Але яны дэталёва разабралі сітуацыю. Я назіраў па ўсіх каналах. Дзякуй нашым палітолагам, грамадскім дзеячам, лектарам і гэтак далей", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што няма чаго дадаць да таго, што ім было сказана дагэтуль, ды і не трэба дадаваць. "Я вас усіх папярэджваў у дэталях аб тым, што будзе. Вось яно і адбываецца. Але гэта яшчэ нават не сярэдзіна. Што нас чакае, мы ў многім не ведаем, але павінны быць гатовы да ўсяго. Вось такая парадаксальная сітуацыя: павінны быць гатовы да ўсяго, да чаго - самі часам не разумеем, не ведаем".
"Таму трэба, як у народзе кажуць, трымаць нос па ветры і адчуваць сітуацыю. І 2020-ы год, жнівень 2020-га, нас шмат чаму навучыў: не біць па хвастах і прадугадваць тое, што можа здарыцца", - дадаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка расказаў пра свае начныя перагаворы па сітуацыі ў Казахстане і рашэнне ўвесці ў гэту краіну міратворчыя сілы.
"Што датычыцца падзей у Казахстане, усё, што адбываецца, вы ведаеце. Але нас больш тут хвалюе тое, што загадзя ўсё было спланавана. Учора ўсю ноч ішлі кансультацыі, у гэтым плане сачылі за сітуацыяй з Пуціным у Казахстане, вялі размовы па некалькі разоў", - расказаў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, вельмі непакоіла абстаноўка ў Алматы: "Там усё, што можна было спаліць, спалілі. Захапілі аэрапорт. Прытым мэтанакіравана. І ў Алматы, і ў Нур-Султане была спроба захапіць аэрапорт. Мэтанакіравана. Таму што разумелі, што туды будуць перакінуты ўзброеныя сілы, перш за ўсё Расіі і краін АДКБ. Інакш кажучы, трэба было ўзяць пад кантроль, каб нельга было прызямліцца там. Добра, што пад Алматы за 40 кіламетраў ёсць ваенны яшчэ аэрадром, які быў заўсёды пад кантролем ваенных. Аэрапорт у Нур-Султане захапіць не ўдалося на момант маёй размовы з Такаевым".
"Тое ж, што і ў нас: у асноўным уркі, былыя асуджаныя, пакрыўджаныя і іншыя", - заўважыў беларускі лідар.
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка нагадаў і пра ранейшыя падзеі ў Кыргызстане: "Не трэба забываць усё, што адбывалася ў майго сябра Бакіева на радзіме і з ім таксама. Там ужо прафесійныя салдаты рэвалюцыі ёсць, не адна тысяча... Вось яны сядзяць да пэўнага моманту. Затым іх задзейнічаюць. І з Афганістана падпіраюць, і з іншых краін. І вось яны сабраліся".
"Але, самае галоўнае, усё ж было скаардынавана і спланавана ў многіх гарадах. А адлегласць - тысячы кіламетраў. Казахстан большы па тэрыторыі, чым, напэўна, уся Еўропа. Або Заходняя Еўропа - гэта дакладна. І адлегласці там, вядома, шалёныя. І маразы, і іншае. Але тым не менш усё сінхронна адбылося. Спланавана было. Умяшанне звонку, зразумела. У плане каардынацыі", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, інфармацыя аб тым, што АДКБ акажа Казахстану падтрымку, мела эфект: "На сённяшнюю раніцу бачым, яны нават не падышлі да рэзідэнцыі. Паведамленне ўжо было аб тым, што сілы АДКБ акажуць падтрымку".
"Мы дамовіліся - усю ноч вялі дыялог - кіраўнікі дзяржаў АДКБ. Таму што кансэнсус павінен быць пры прыняцці рашэння. Уначы прынялі, - расказаў беларускі лідар. - Рэзервы створым. Калі трэба будзе перакінуць, значыць, перакінем. І ўсю ноч ішла падрыхтоўка міратворчых гэтых сіл - войскаў АДКБ, якія для гэтага і прызначаны. Прынялі рашэнне, што мы перакідваем туды войскі".
Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў, што папрасіў Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, каб ён прадаставіў самалёты для гэтага: "Трэба нашу тэхніку перакінуць і іншае. Ну і дамовіліся, што мы павінны міратворчай місіяй займацца і дапамагаць людзям".
"Таму ідзе перакідка цяпер войскаў туды, эшалонамі з Масквы. І нашы хлопцы будуць з Мінска вылятаць. Наша рота - міратворчая, тая, што і павінна працаваць у такіх умовах. Трэніровак было дастаткова, вучэнняў", - заявіў Прэзідэнт.
"Мы разумеем цудоўна, што Казахстан аддаць нельга. Нават нашы журналісты сказалі: ну нельга яго аддаць і ўсё, таму што гэта будзе такі падарунак… Ну як Украіна для Амерыкі, НАТА. Так і там. Таму я хачу, каб вы зразумелі правільна, чаму прынята рашэнне аб уводзе міратворчых сіл", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы пракаменціраваў рэакцыю шэрага прадстаўнікоў апазіцыі на рашэнне падтрымаць накіраванне міратворчых сіл АДКБ у Казахстан, а таксама адзначыў адрозненні ў падыходах "бандыцкіх СМІ" ў выпадку з падзеямі ў Казахстане і Беларусі.
"Ну і нашы гэтыя - "пілсудчына". Але, заўважце, сродкі масавай інфармацыі працуюць - вось гэтыя - бандыцкія - не так, як супраць Беларусі. Так ціхенька, спакойна, а цяпер практычна прыціхлі. Чаму - таму што кіруюцца спецслужбамі. А спецслужбы на службе вось гэтых буйных карпарацый, якія сядзяць на газе, нафце ў Казахстане", - сказаў Прэзідэнт.
Гаворачы пра перакідку ў Казахстан міратворчых сіл АДКБ і ўдзел у гэтым Беларусі, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што і "нашы опы разышліся гвалтам". "Рэферэндум жа, ім трэба за нешта зачапіцца, каб брыкнуць Прэзідэнта. Таму што мне ж прымаць рашэнне давялося", - заўважыў ён.
"Але паўстае пытанне. Ну добра, яны (апазіцыя. - Заўвага) прапануюць у НАТА ўступіць. А калі б мы былі ў НАТА? Колькі загінула палякаў, члены НАТА, у Афганістане, Сірыі і гэтак далей? Дзясяткі. Цішыня. Чаму не асуджаюць? Таму калі ў саюзе, то саюзам давядзецца і дзейнічаць, асабліва ў гэты гарачы час. Калі яны пачынаюць выць, нашы збеглыя гэтыя, адтуль, зразумела - яны адпрацоўваюць грошы. Але паўстае пытанне: чаму не вылі, калі 30 тысяч ваенных былі перакінуты да граніцы Беларусі і Польшчы?" - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што на беларуска-польскай граніцы хацелі ажыццявіць правакацыю: "Яны масіравана апрацоўвалі насельніцтва, у свеце ў тым ліку, што я выкарыстоўваю збеглых як зброю там і гэтак далей, не шкадую, варвар… Нам проста пашанцавала, што гэты хлопец (польскі ваеннаслужачы Эміль Чэчка. - Заўвага) збег, і мы паказвалі, што адбывалася на самай справе. Там вельмі шмат яны перабілі гэтых збеглых у лесе. Там калі цяпер расследаваць… Яны ж замялі гэта пытанне, не хочуць наогул яго ўзнімаць".
"Яны хацелі ўчыніць канфлікт на граніцы. І апагеем стала вось гэта парушэнне дзяржаўнай граніцы, калі палівалі і святлошумавыя гранаты кідалі. Гэта было прамое парушэнне. Нам трэба было рэагаваць, - адзначыў Прэзідэнт. - Згодна з нашым законам мы павінны былі адказаць агнём. На што яны разлічвалі? Цяпер гэта ўжо зразумела: што я падыму верталёты і нанясу ўдар. Я ў адпаведнасці з законам меў права на гэта, але я разумеў, што правакацыя, самая сапраўдная. Я гэтага не зрабіў - правакацыя не ўдалася. Але гэта так, адыходзячы ад асноўнай тэмы, каб вы разумелі, як гэта брыдкая каша спецслужбамі закручваецца".
"Я хачу проста звярнуцца ад беларусаў да гэтых (іх бандытамі нехта называе, розныя там людзі) пратэстуючых. Я ім проста сказаў бы, што ну, пашумелі, пакрычалі, хопіць. Хопіць. Трэба дамаўляцца, пакуль далёка не зайшлі. А з Прэзідэнтам Такаевым можна дамовіцца. Гэта нармальны чалавек, дыпламат, з якім можна дамовіцца. Вельмі разумны, адукаваны чалавек", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што казахстанцы павінны зразумець: гэта іх краіна і іншай у іх не будзе. "Перавярнуць краіну - дорага потым яе будзе аднаўляць. І там супярэчнасці паміж кланамі, групамі дай бог якія, яшчэ трэба будзе дамовіцца", - адзначыў ён.
"Трэба, па-народнаму кажучы, пайсці, стаць на калені, папрасіць прабачэння перад ваеннымі, каб гэту трэшчыну згладзіць, якая намецілася, і садзіцца з уладай, з Такаевым (ён запрашае ўсіх, хто жадае) для перагавораў і выбудоўвання сваёй дзяржавы", - выказаў упэўненасць Прэзідэнт.
Сітуацыю ў Казахстане Аляксандр Лукашэнка лічыць павучальнай для Беларусі. "Для нас гэта ўрок. Яшчэ адзін урок. У тым плане, што мы цяпер зразумелі, што магло б быць з намі. І справа нават не ў тым, што мы мірныя беларусы. Справа не ў гэтым. Не беларусы вырашалі б пытанні ў Беларусі", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.


