Удзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета

  • 12
  • 9:45

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, якое прайшло 10 снежня ў рэжыме відэаканферэнцыі.

Для ўдзелу ў мерапрыемстве былі запрошаны кіраўнікі дзяржаў Еўразійскага эканамічнага саюза, а таксама Ганаровы старшыня ВЕЭС, Першы Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў, прэзідэнты дзяржаў - наглядальнікаў пры ЕАЭС - Кубы і Узбекістана, Старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіл Мясніковіч.

У парадку дня пасяджэння было больш за 20 пытанняў. Кіраўнікам дзяржаў саюза было даложана аб выкананні рашэнняў ВЕЭС ад 11 снежня 2020 года - аб стратэгічных напрамках развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года і ходзе перагавораў з Ісламскай Рэспублікай Іран.

Члены Вышэйшага савета разгледзелі асноўныя напрамкі міжнароднай дзейнасці Еўразійскага эканамічнага саюза на 2022 год, палажэнне аб статусе дзяржавы - наглядальніка пры ЕАЭС. Таксама на парадку дня былі пытанні рэалізацыі планаў лібералізацыі па асобных сектарах паслуг у саюзе, забеспячэння функцыянавання адзінага рынку паслуг у сферы будаўніцтва, агульныя падыходы да ўмоў ажыццяўлення ацэначнай дзейнасці ў рамках функцыянавання гэтага рынку, а таксама пратакол аб унясенні змяненняў у Дагавор аб ЕАЭС, так званы II Вялікі Пратакол і тры пагадненні - аб прымяненні ў ЕАЭС навігацыйных пломбаў для адсочвання перавозак, аб ажыццяўленні аўдытарскай дзейнасці ў рамках ЕАЭС і пагадненне аб асаблівасцях прымянення забеспячэння выканання абавязку па выплаце мытных пошлін, падаткаў, спецыяльных, антыдэмпінгавых, кампенсацыйных пошлін пры перавозцы (транспарціроўцы) тавараў у адпаведнасці з мытнай працэдурай мытнага транзіту.

У час свайго выступлення Аляксандр Лукашэнка заклікаў лідараў больш сур'ёзна рэагаваць на выклікі сучаснасці.

"Вельмі разлічваю, што гэта будзе апошні год, калі мы размаўляем па "тэлевізары". Меў рацыю тут наш Ганаровы старшыня (Нурсултан Назарбаеў. - Заўвага): мы не толькі засумавалі адзін па адным, але час ужо нам пачынаць сур'ёзна рэагаваць на тыя выклікі, якія нам падкідвае пастаянна жыццё", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яго калегам па ЕАЭС добра вядома сітуацыя ў Беларусі і яе ўзаемаадносіны з Захадам. "Гэта ўваходзіць, на жаль, у першае пытанне міжнароднага парадку дня. Нас гэта не радуе, але мы павінны разумець, што Злучаныя Штаты і калектыўны Захад ад сваёй палітыкі не адыдуць, ім патрэбны падставы для націску на нашу братэрскую Расію і на нас у тым ліку", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Такой чарговай падставай, паводле яго слоў, стала сітуацыя на беларуска-польскай граніцы і міграцыйны крызіс. "Не мы парадзілі гэту праблему, у тым ліку і не вы, былыя постсавецкія рэспублікі, але гэта выкарыстоўваецца як падстава для націску, перш за ўсё на Беларусь", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён заўважыў, што краіны ЕАЭС пакуль у рознай ступені зведваюць націск Захаду. Але ён будзе толькі нарастаць, перакананы беларускі лідар.

"Мы валодаем інфармацыяй, што ўжо і ў вашы міністэрствы замежных спраў пайшлі візіцёры з заходніх краін і Злучаных Штатаў Амерыкі, угаворваючы вас падключыцца да націску на Беларусь. Вы ведаеце, што супраць Беларусі пяты пакет санкцый ужо, гавораць, што рыхтуюць і шосты, і сёмы, і невядома колькі будзе. Гэта эканамічны націск для ўдушэння Беларусі, для змены, як яны прама ўжо кажуць, не толькі ўлады, але і дзяржаўнага ладу ў Рэспубліцы Беларусь", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падзякаваў расійскаму боку і астатнім краінам ЕАЭС за пасільную падтрымку Беларусі.

"Але яшчэ раз падкрэсліваю: вобразна кажучы, вас будуць душыць, настройваючы супраць Беларусі, каб вы падключыліся да гэтых санкцый супраць нашай краіны. Мая просьба, каб мы былі разам, таму што гэты націск будзе нарастаць. Захад націскам на Беларусь, Расію не абмяжуецца", - папярэдзіў беларускі лідар.

"Відавочна адно: рэальная мэта Захаду ў метадычным знішчэнні канкурэнтаў. Гэта сітуацыя наглядна прадэманстравала, што сяброў у нас там няма", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу: краіны ЕАЭС павінны разлічваць толькі на свае сілы і ў іх ёсць усе магчымасці для наладжвання імпартазамяшчэння. "Мы можам сябе забяспечыць усім неабходным", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што пры вочнай сустрэчы лідары ЕАЭС змогуць больш падрабязна абмеркаваць гэтыя праблемы.

Прэзідэнт таксама выказаўся па ключавых пытаннях у парадку дня інтэграцыйнага аб'яднання.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў: нягледзячы на існуючую складаную сітуацыю на сусветным рынку, у бягучым годзе краіны саюза дасягнулі даволі добрых вынікаў у знешнім і ўзаемным гандлі. "Амаль усе краіны нашага саюза маюць двухзначны рост экспарту на знешнія рынкі - гэта добры сігнал. І справа не толькі ў эфекце адкладзенага попыту або нізкай базе мінулага года", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аб фарміраванні агульных рынкаў

Прэзідэнт адзначыў, што рэалізацыя стратэгічных напрамкаў развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года ідзе ў планавым парадку. "Нягледзячы на некаторыя складанасці, прадаўжаецца паступальная работа па фарміраванні агульных рынкаў саюза. Разам з тым захоўваецца шэраг пытанняў прынцыповага характару ў частцы стварэння агульных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

"Думаю, мы ў бліжэйшы час зможам вочна абмеркаваць і гэтыя пытанні", - дадаў ён.

Аб лічбавізацыі перавозак

Для падпісання на цяперашнім пасяджэнні было вынесена Пагадненне аб прымяненні ў ЕАЭС навігацыйных пломбаў для сачэння за перавозкамі. Яно з'яўляецца адным з асноўных элементаў фарміруемай адзінай сістэмы мытнага транзіту саюза.

"Лічбавізацыя перавозак сёння поўнасцю адпавядае духу часу. Прымяненне такіх пломбаў дасць магчымасць павысіць узровень даверу ў гандлі паміж нашымі краінамі, аптымізаваць кантрольныя мерапрыемствы на ўнутраных граніцах, павялічыць транзітную прывабнасць саюза", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Аб прадыктаваных жыццём змяненнях

Яшчэ адзін вынесены на падпісанне дакумент - другі Вялікі пратакол аб унясенні змяненняў у Дагавор аб Саюзе, які датычыцца шырокага кола пытанняў: прымяненне антыдэмпінгавых мер у адносінах да трэціх краін, канкурэнцыя і дзяржаўнае цэнавае рэгуляванне, спагнанне ўскосных падаткаў і механізм кантролю за іх выплатай, тэхнічнае рэгуляванне і многае іншае. "Усё, што прадыктавана жыццём", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аб супрацоўніцтве на міжнародным трэку

У адпаведнасці з Асноўнымі напрамкамі міжнароднай дзейнасці ЕАЭС, што зацвярджаюцца на 2022 год, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў сканцэнтравацца на некалькіх ключавых пытаннях.

Паводле яго слоў, сумесная работа на знешнім контуры і дзейнасць Еўразійскай эканамічнай камісіі павінны быць арыентаваны перш за ўсё на вырашэнне практычных задач развіцця экспарту тавараў і паслуг.

"Кітай тут займае асаблівае месца. Лічу неабходным акцэнтаваць увагу на ўзаемадзеянні з гэтай краінай у рамках спалучэння планаў развіцця ЕАЭС, ініцыятывы "Адзін пояс, адзін шлях" і Пагаднення аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве 2018 года", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама лічыць неабходным прадоўжыць дыялог з Егіптам і Іранам для завяршэння перагавораў па пагадненнях аб свабодным гандлі, а таксама актывізаваць яго з Ізраілем.

Чакаецца таксама хуткае завяршэнне папярэднай работы з Інданезіяй і Манголіяй і прыняцце рашэння па пытанні мэтазгоднасці пачатку перагавораў з гэтымі краінамі аб зоне свабоднага гандлю.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што неад'емным элементам міжнароднай дзейнасці як у 2022 годзе, так і ў доўгатэрміновай перспектыве павінна стаць эфектыўная абарона эканамічных інтарэсаў ЕАЭС.

Аб захаванні дадатнай дынамікі эканамічнага росту

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што бягучая ўдачная кан'юнктура ў знешнім гандлі мае цыклічны характар, і каб захаваць дадатную дынаміку эканамічнага росту, у 2022 годзе партнёрам па ЕАЭС трэба сфакусіравацца на рэалізацыі шэрага мерапрыемстваў.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, перш за ўсё трэба актывізаваць прамысловую кааперацыю па сумеснай вытворчасці новай, запатрабаванай на сусветным рынку прадукцыі. "Важным практычным крокам у гэтым напрамку будзе ўзгадненне пераліку сумесных маштабных высокатэхналагічных праектаў, а таксама вызначэнне ўмоў іх фінансавання і рэалізацыі. Над такімі праектамі мы з Расійскай Федэрацыяй працуем, - сказаў Прэзідэнт. - Для вырашэння гэтай задачы ў бліжэйшыя гады нам неабходна асаблівую ўвагу ўдзяліць укараненню інавацыйных тэхналогій, каб не страціць знешнія рынкі. Акумуляванне сумесных намаганняў і навуковага патэнцыялу нашых краін дасць магчымасць зрабіць гэта з максімальнай аддачай".

Яшчэ адным неабходным элементам для гарманічнага развіцця прамысловасці і паспяховай кааперацыі ў гэтай сферы Прэзідэнт назваў збліжэнне інструментаў і ўмоў дзяржпадтрымкі прамысловасці ў краінах ЕАЭС. Ён заклікаў партнёраў адказна падысці да гэтай тэмы.

"У рамках фарміравання агульнага рынку дзяржаўных закупак у наступным годзе неабходна забяспечыць узаемнае прызнанне электроннага лічбавага подпісу і вызначыць на ўзроўні Саюза комплекс мер па далейшай лічбавізацыі дзяржаўных закупак у нашых краінах. Для гэтых мэт мы таксама павінны вырашыць ужо не новае пытанне - узаемнае прызнанне гарантый, што выдаюцца банкамі нашых краін", - прадоўжыў беларускі лідар.

Акрамя таго, з улікам нядаўна прынятай бакамі заявы аб супрацоўніцтве ў рамках кліматычнага парадку дня, а таксама дэкларуемых вядучымі эканомікамі свету мэт па руху да нізкавугляроднай эканомікі Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным вывучыць мэтазгоднасць карэкціроўкі палажэнняў стратэгіі развіцця ў ЕАЭС і плана яе рэалізацыі.

"Лічу, што добрасумленная праца па гэтых напрамках павінна прынесці максімальную аддачу і забяспечыць значны рух наперад у рэалізацыі палажэнняў стратэгіі", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.