Нарада па пытаннях развіцця Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі і правядзення меліярацыі
- 16
- 15:57
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 19 снежня сабраў нараду па пытаннях развіцця Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі і правядзення меліярацыі.
Удзельнікамі нарады сталі члены Урада, кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, губернатары, прадстаўнікі навуковай сферы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў такім складзе традыцыйна на разгляд выносяцца найбольш злабадзённыя, вельмі важныя пытанні стратэгічнага развіцця дзяржавы.
"На парадку дня сённяшняй нашай нарады два важнейшыя пытанні - развіццё Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі і выкананне на месцах праграмы па меліярацыі. Ужо год, як адбылося ўрачыстае адкрыццё унікальнай маштабнай вытворчасці БНБК. Мы ў свой час, ды і цяпер ганарымся гэтай вытворчасцю. Для старту яе работы былі створаны ўсе ўмовы. І мы дамовіліся, што будзем усяляк падтрымліваць гэты праект", - нагадаў Аляксандр Лукашэнка.
Разам з тым, паводле інфармацыі Кіраўніка дзяржавы, на прадпрыемстве справы ідуць не зусім так, як планавалі.
"Камітэт дзяржкантролю, якому было даручана прарэвізаваць вельмі сур'ёзна сітуацыю на БНБК, дакладвае: ёсць істотныя недапрацоўкі і праблемы па загрузцы магутнасцей завода, збыце гатовай прадукцыі. Усё гэта негатыўна ўплывае на фінансавыя паказчыкі БНБК (яшчэ б!). Хацелася б пачуць ад урада дакладны алгарытм устаранення ўсіх існуючых недапрацовак, забеспячэння фінансавай устойлівасці ў рабоце прадпрыемства", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка перш за ўсё пацікавіўся, як рэалізуюцца вытворчыя планы і экспартная стратэгія, ці патрэбны дадатковыя рашэнні для збалансаванага развіцця карпарацыі.
"Я хачу, каб вы разумелі: гэта іміджавы праект, вельмі важны тэхналагічны праект для нашай краіны. Вы ведаеце, у што ён абышоўся не толькі мне, але і дзяржаве", - заявіў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што год таму на рэспубліканскім семінары-нарадзе па пытаннях аднаўлення і выкарыстання меліярацыйных зямель былі вызначаны цалкам зразумелыя задачы.
"Дамовіліся аб неабходнасці з 2023 па 2025 год аб'ёмы меліярацыйных мерапрыемстваў патроіць адносна паказчыка 2021 года. Як мне дакладвае профільны віцэ-прэм'ер Леанід Канстанцінавіч Заяц, патроілі ў гэтым годзе. Патроілі?" - удакладніў Прэзідэнт.
Леанід Заяц пацвердзіў гэту інфармацыю.
"Патроілі. Але што мяне здзіўляе, зыходзячы з вашых пісанняў: усё паламана, усё зламана, з сотні траншэекапальнікаў толькі адзін працуе і іншае, і іншае. Ратаваць трэба меліярацыю як галіну. А як жа ў тры разы павялічылі за гэты год? Вы што, рыдлёўкамі капалі траншэі? Ці вы хочаце выдаць жаданае за сапраўднае? Не атрымаецца", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што яго насцярожвае работа Урада па некаторых напрамках, асобныя прынцыповыя даручэнні Прэзідэнта так і засталіся нявыкананымі. "Гэта што, практыкай становіцца Урада? Гэта недапушчальна. Са мной гэта не пройдзе", - папярэдзіў ён.
Вяртаючыся да тэмы меліярацыі, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што губернатары абавязаліся ўвесці ў сельскагаспадарчы абарот у гэтым годзе 110 тыс. га зямель. Рашэнні на ўзроўні Кіраўніка дзяржавы па фінансаванні меліярацыйных работ і закупцы тэхнікі прыняты, прычым яшчэ ў сярэдзіне года. "Мы трыма пальцамі сабралі з усіх сфер і галін грашовыя рэсурсы і прадаставілі для меліярацыі. Аднак, як мне дакладваюць, у асобных абласцях сітуацыя з выкананнем далёкая ад ідэальнай", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
Для яе выпраўлення Урад з аблвыканкамамі ініцыююць змяненне структуры выконваемых работ з канцэнтрацыяй рэсурсаў на культуртэхнічнай меліярацыі. На гэта Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што культуртэхніка і меліярацыя хоць і падобныя, але розныя рэчы. У першым выпадку размова ідзе проста аб прывядзенні ў парадак сельскагаспадарчых угоддзяў - напрыклад, высечцы кустоў. Таму Прэзідэнт не разумее, як меліярацыю можна падмяняць такім відам работ.
"Не атрымалася капаць і пракладваць дрэны, сур'ёзным чынам ратаваць сельскагаспадарчыя ўгоддзі - вы мне падкідваеце ініцыятыву ўсё гэта перавесці ў культуртэхнічныя работы. А заўтра вы прапануеце грошы, якія адпушчаны на меліярацыю, перакінуць на высечку кустоў. Дык вось маё рашэнне: кусты, Раман Аляксандравіч (Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка. - Заўвага) будзеце высякаць сякерай і рыдлёўкамі. Гэта павінны рабіць сельскагаспадарчыя прадпрыемствы - культуртэхнічныя мерапрыемствы. А меліярацыю будзем весці так, як належыць па навуцы", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт заявіў, што яго ўражвае стаўленне адказных службовых асоб да гэтых пытанняў. "Мною імем рэвалюцыі прынята рашэнне па фінансаванні гэтых работ. Я вас папярэджваў, што мы адрываем, як я часта гавару, ад лякарстваў і іншага для таго, каб выратаваць землі сельскагаспадарчага прызначэння. Чаму? Таму што 8 мільярдаў долараў у нас экспарт па сельгаспрадукцыі. Чаго нам не хапае? Зямельных рэсурсаў? Дык у нас жа прастойваюць як мінімум паўмільёна гектараў (больш нават) - тое, што мы намецілі па меліярацыі. Трэба выратаваць тое, што сёння можна і трэба выратаваць", - паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы таксама незадаволены праведзенымі меліярацыйнымі работамі ў асобных рэгіёнах. Паводле яго слоў, у гэта былі ўкладзены вялікія грошы, аднак патрэбных вынікаў не дасягнута: вада як стаяла, так і стаіць.
"На больш як 10 тысячах гектараў (пералік па абласцях: Гродна - 2,2 тыс. га, Віцебская і Магілёўская вобласці - амаль па 5 тыс. га) прапануеце правесці не рэканструкцыю меліярацыйных сістэм, а работы па высечцы кустоў, ачыстцы каналаў, раскарчоўцы і іншае. Дык карчуйце, якія вам грошы!" - запатрабаваў Прэзідэнт.
Ён падкрэсліў, што ўтрымліваць меліярацыйныя каналы ў чысціні і парадку, своечасова абслугоўваць, каб кожны кавалак зямлі быў у севазвароце, - гэта святы абавязак уласніка (прадпрыемстваў меліярацыйных сістэм і сельгасарганізацый). "Па якой прычыне гэта не зроблена? І мне не трэба канстатацыя фактаў, Васіль Мікалаевіч. Вы ведаеце, што трэба рабіць", - звярнуўся Кіраўнік дзяржавы да Старшыні КДК Васіля Герасімава.
Савет Міністраў спасылаецца на высокую ступень зносу траншэекапальнікаў і адсутнасць праектнай дакументацыі на ўсю плошчу рэканструкцыі меліярацыйных сістэм.
"Што ж гэта за праблема ўзяць старую дакументацыю? Я ж вас не штурхаю новыя меліярацыйныя сістэмы асвойваць. А тыя, якія былі асвоены ў савецкі час, трэба аднавіць. Усё, не трэба больш лезці ў лясы і балоты! Аднавіце гэтыя паўмільёна гектараў, потым будзем весці размову. Праектнай дакументацыі ў іх не хапае канал ачысціць, які зарос хмызняком, чорт ведае чым, і ўкласці дрэну ад лужыны на палях у канал. Хаця б гэта для таго, каб можна было ўзворваць гэтыя плошчы. Па-гаспадарску падысці", - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле даных Урада, у краіне ёсць 101 траншэекапальнік, з якіх 99 поўнасцю самартызаваны.
"Скажы сумленна, ты падпісаў тое, што табе падсунулі, ці сам палічыў?" - удакладніў Прэзідэнт у Прэм'ер-міністра.
"Кожны, вядома, не правяралі", - адказаў Раман Галоўчанка.
"Дык не падпісвай тое, што не правяраў. Пакліч іх і скажы, як можна з сотняй, якія няспраўныя, у тры разы павялічыць аб'ёмы. Гэта ж на паверхні", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што раней не раз ставіў задачы па аднаўленні сельскагаспадарчай тэхнікі. Як паказала практыка, рамонт машын абыходзіцца ў два-тры разы танней за куплю новых. Калі гаворка ідзе пра сотні тысяч долараў, эканомія атрымліваецца істотная. Так, новы камбайн каштуе прыкладна $520 тыс., а аднаўленне абыходзіцца $200 тыс.
"Усё павінна быць адноўлена і працаваць! - запатрабаваў Прэзідэнт. - Год таму я даручаў правесці інвентарызацыю меліярацыйнай тэхнікі, прыняць усе неабходныя меры па яе аднаўленні, рамонце і захаванасці. Калі будзе вынік?"
"Калі ў красавіку месяцы не пачнуць працаваць гэтыя ўсе траншэекапальнікі, якія там павінны быць на ўліку, - усіх пасадзіць. Публічна вас папярэджваю, - паставіў задачу кіраўніцтву КДК Кіраўнік дзяржавы. - Сотні тысяч рублёў у зямлю закапаны і разабраны! Яшчэ раз падкрэсліваю: лягчэй аднавіць і адрамантаваць гэту тэхніку (танней будзе), чым вырабіць новую. А калі трэба вырабіць дзясятак-паўтара траншэекапальнікаў - вырабіце".
У студзені Прэзідэнту дакладвалі, што на падставе заявак меліярацыйных арганізацый зацверджаны план вытворчасці спецыялізаванай тэхнікі кампаніі "АМКАДОР" і стварэння сэрвісных цэнтраў па яе гарантыйным абслугоўванні. "Дзе гэта? - спытаў Аляксандр Лукашэнка. - Вы ж прыходзілі і плакаліся за "АМКАДОР" разам з Галоўчанкам: дапамагчы трэба, грошы выдзеліць. Мы куды грошы выдзяляем? Вельмі шмат там балбатні, а мала справы!"
Як далажыў Намеснік Прэм'ер-міністра Пётр Пархомчык, у гэтым годзе засталося паставіць 6 траншэекапальнікаў. Да новага года яны ўсе будуць перададзены ў гаспадаркі, запэўніў ён.
Аднак у Прэзідэнта іншая інфармацыя. "З запланаваных да пастаўкі на 2023 год 188 адзінак "амкадораўскай" тэхнікі на 12 снежня пастаўлена 64 - трэцяя частка. Што ты мне расказваеш? Шматкаўшовых траншэекапальнікаў з таго ж плана - толькі адзін з 14. Адзін! Я цябе папярэджваю апошні раз", - сказаў ён.
"Наколькі абгрунтаваны ўвогуле вашы падыходы да змянення структуры меліярацыйных работ у кантэксце дзяржзадачы па маштабнай рэканструкцыі меліярацыйных сістэм да 2025 года? Галоўнае пытанне, на якое мы павінны адказаць", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт пацікавіўся ў Прэм'ер-міністра, якім ён бачыць стан спраў у сферы меліярацыі. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што з паветра часта знаёміцца з тэмпамі работ на зямлі. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, калі вакол яго малой радзімы, у Шклоўскім раёне, усё прыведзена ў парадак, то ў іншых рэгіёнах ёсць шмат праблем.
"Я вас папярэджваў ужо. Мяне прыводзіць у роспач тое, што вы паказухай займаецеся. Я ж па ўсёй краіне лятаю і бачу, дзе вы працуеце, дзе - не. Адсюль нарадзілася гэта меліярацыя, адсюль я разумею, што гэтыя землі трэба выратаваць. Нам трэба гэта выратаваць і зрабіць задзел для нашых дзяцей, каб яны разумелі, як працаваць", - падкрэсліў беларускі лідар.
Раман Галоўчанка заявіў, што ў яго складваецца цяжкае ўражанне ад стану спраў у гэтай галіне. Ён адзначыў, што апошнія гадоў дзесяць меліярацыі не надавалася належнай увагі, у выніку чаго было расфарміравана падраздзяленне ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання, якое курыравала гэтыя пытанні, а абласныя меліярацыйныя арганізацыі аказаліся ў свабодным плаванні. Цяпер Урад займаецца рэанімацыяй усёй гэтай сістэмы.
"Першае, з чым сутыкнуліся, - гэта ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы арганізацый. Недзе было ўвогуле ўсё развалена, гэта значыць тэхніка пад плотам. Не было аб'ёмаў работ, адпаведна людзі разбегліся", - сказаў кіраўнік Урада.
"Хто адказаў?" - спытаў Прэзідэнт.
Паводле слоў Прэм'ер-міністра, каля 100 службовых асоб былі прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці, 10 чалавек звольнены па дыскрэдытуючых акалічнасцях, узбуджана 13 крымінальных спраў.
"Вы пакаралі - звольнілі. А яны ў прыватных структурах ужо сядзяць, у тры разы больш зарабляюць і з вас насміхаюцца. Немагчыма такое?" - удакладніў Аляксандр Лукашэнка.
"Магчыма", - згадзіўся Раман Галоўчанка.
"Вось у гэтым стыль вашай работы. Мы тут рашэнне прынялі, а там што?" - яшчэ раз падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся пазіцыяй Камітэта дзяржаўнага кантролю. Паводле інфармацыі Васіля Герасімава, асноўнай праблемай застаюцца прыпіскі, прычым гэта характэрна для кожнай вобласці. "Самае страшнае - гэта тое, аб чым вы гаварылі і па чым былі ўзбуджаны крымінальныя справы: калі была зроблена меліярацыя, але ўсё зарасло па-новаму. Гэта значыць, мы грошы проста закапалі. У гэтым выпадку і намі, і пракуратурай прымаюцца самыя жорсткія меры", - сказаў Старшыня Камітэта дзяржкантролю.