Нарада з кіраўніцтвам Савета Міністраў
- 11
- 11:25
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 6 лютага сабраў нараду з кіраўніцтвам Савета Міністраў.
На парадку дня былі такія пытанні, як урэгуляванне неплацежаздольных арганізацый і работа антыкрызісных кіраўнікоў; дадатковыя меры па абароне работнікаў ад нявыплаты заработку; прапановы па абароце нетытунёвых вырабаў (электронныя сістэмы курэння).
"Гэтыя тры праблемы вынесены на такі высокі ўзровень, таму што непасрэдна закранаюць працоўныя калектывы і правы нашых людзей", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Абмяркоўваючы пытанне ўрэгулявання неплацежаздольнасці арганізацый, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што нядаўна ў гэтай сферы быў прыняты новы закон, які некалькі разоў абмяркоўваўся на ўзроўні Прэзідэнта. "Мы змянілі падыходы да працэдур, зрушыўшы акцэнты з банкруцтва на аздараўленне і захаванне прадпрыемстваў і, такім чынам, працоўных месцаў. Далажыце, як паўплывалі навацыі таго закона на зніжэнне стратнасці ў эканоміцы, - сказаў беларускі лідар. - Ці ёсць выяўленыя практыкай вузкія месцы, якія трэба ўстараніць для далейшага недапушчэння банкруцтва?"
У сувязі з гэтым беларускі лідар спыніўся на інстытуце антыкрызісных кіраўнікоў. "Вельмі хацелася б, каб дакладчык па гэтым пытанні, міністр эканомікі, далажыў нам, адкуль гэта з'ява прыйшла ў Беларусь, што яна азначае. І самае галоўнае - навошта яна нам. Гэта ж новая з'ява ў незалежнай Беларусі, - звярнуўся да ўдзельнікаў нарады Кіраўнік дзяржавы. - Які эфект мы атрымалі ад гэтых самых антыкрызісных кіраўнікоў?"
Як далажыў Міністр эканомікі Юрый Чабатар, закон аб урэгуляванні неплацежаздольнасці, прыняты ў канцы 2022 года, даў паўнамоцтвы мясцовым органам улады на прадухіленне банкруцтва прыватных арганізацый. "Сёння вопыт ужо ёсць. За час работы закона восем прыватных арганізацый зайшлі ў санацыю па сваёй ініцыятыве", - адзначыў ён.
Другім новаўвядзеннем закона стала ўзмацненне ролі савета крэдытораў. Калі гаворка ідзе пра арганізацыі, якія маюць валаўтваральнае значэнне, у міністэрстваў і аблвыканкамаў ёсць права назначыць у савет свайго праверанага чалавека. Акрамя таго, узмацнілася роля прадстаўнікоў працоўных калектываў. У савет крэдытораў абавязкова ўваходзіць работнік, які кантралюе пытанні выплаты зарплаты, заключэння і скасавання працоўных дагавораў.
Размова зайшла аб тым, наколькі эфектыўна працуе механізм назначэння антыкрызісных кіраўнікоў у праблемныя арганізацыі. Кіраўнік дзяржавы ўсумніўся ў эфектыўнасці падыходу, пры якім, як запэўніваюць чыноўнікі, праверанага, але ўсё ж старонняга чалавека фактычна назначаюць кіраваць прадпрыемствам. Аднак пры гэтым дадзены антыкрызісны кіраўнік такім кіраўніком з фармальнага пункту гледжання ўсё ж не з'яўляецца. "Паўстае пытанне: я не кіраўнік, не дырэктар, я непасрэдна за гэта не адказваю", - заўважыў беларускі лідар.
Раней з прапановай аб увядзенні інстытута антыкрызісных кіраўнікоў у тым ліку выступаў Вярхоўны Суд, каб зменшыць колькасць разглядаемых у судзе спраў, якія датычацца эканамічнай плацежаздольнасці прадпрыемстваў. "Нахамуталі пад нейкую рыначную эканоміку, якой ніколі не было і не будзе. Усюды трэба кіраваць, кантраляваць, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - А што гэтыя кіраўнікі нам даюць? Нічога не давалі".
Аляксандр Лукашэнка зыходзячы са свайго асабістага вопыту ўпэўнены, што пытаннямі канкрэтных прадпрыемстваў усё ж павінны займацца органы ўлады на месцах: "Ім лепш відаць. Няхай яны туды накіроўваюць і адказваюць".
Прэзідэнт заявіў, што трэба прымаць перш за ўсё такія рашэнні, каб быў вынік, а гэта можна толькі з удзелам райвыканкама або аблвыканкама, дзе непасрэдна знаёмы з сітуацыяй у той ці іншай арганізацыі. І судовы разбор, упэўнены Кіраўнік дзяржавы, не можа гарантаваць улік усіх нюансаў. "Суд прыняў рашэнне, абмінаючы органы ўлады - райвыканкам, аблвыканкам, - і з сябе спіхнуў", - сказаў ён.
Кіраўнік дзяржавы ў сувязі са сказаным пацікавіўся, якія менавіта прапануюцца навацыі ў гэтай сферы і як гэта дапаможа змяніць сітуацыю.
Па выніках нарады ў Прэзідэнта было прынята рашэнне павысіць патрабаванні да кваліфікацыі антыкрызісных кіраўнікоў у Беларусі. Паводле слоў Юрыя Чабатара, гэта можа быць зроблена ў рамках дапрацоўкі закона "Аб урэгуляванні неплацежаздольнасці". Дакумент плануецца дапрацаваць да канца года.
Акрамя таго, неабходна выпрацаваць дакладныя і зразумелыя патрабаванні да антыкрызісных кіраўнікоў, каб пазбегнуць парушэнняў заканадаўства з іх боку. Гэта звязана з тым, што часам да антыкрызісных кіраўнікоў узнікаюць пытанні з боку праваахоўных і кантралюючых органаў, а таксама Міністэрства эканомікі.
Яшчэ адным дакументам, вынесеным на разгляд Кіраўніка дзяржавы, быў праект Указа аб забеспячэнні выплаты ўзнагароджанняў за праведзеную работу. Ён прадугледжвае ўвядзенне дадатковых механізмаў па абароне работнікаў у выпадках нявыплаты заработку па грамадзянска-прававых дагаворах (дагаворах падраду).
"Здавалася б, у краіне выбудавана дакладная сістэма, дзякуючы якой кожны атрымлівае плату за сваю працу, - заўважыў Прэзідэнт. - І калі мы нешта паабяцалі і не выплацілі, куды чалавеку ісці, як абараніць тут свае інтарэсы. Ён вымушаны ісці ў суд, шукаць на гэта грошы, адрываючы ад сям'і, дзяцей, траціць нервы, час і іншае".
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як праект Указа ўвязаны з заканадаўчымі ініцыятывамі, якія прадугледжваюць узмацненне мер адказнасці за нявыплату заработнай платы і ўжо ўнесены ў парламент.
Як растлумачыў Міністр працы і сацыяльнай абароны Андрэй Лабовіч, праектам Указа прапануецца распаўсюдзіць на ўзнагароджанні па грамадзянска-прававых дагаворах тую ж сістэму дасудовага парадку спагнання запазычанасці, якая цяпер існуе пры нявыплаце работнікам заработнай платы. І такі падыход па выніках нарады быў падтрыманы Кіраўніком дзяржавы.
У Беларусі плануюць на заканадаўчым узроўні ўзмацніць ліцэнзаванне гандлю электроннымі цыгарэтамі і адпаведнымі сумесямі. Прапанаваны адносна гэтага праект закона стаў трэцяй тэмай нарады ў Кіраўніка дзяржавы.
"Медыкі б'юць трывогу з-за папулярнасці электронных цыгарэт, асабліва сярод нашай моладзі - студэнтаў і школьнікаў. Усё часцей гучаць заклікі абмежаваць і нават татальна забараніць іх вытворчасць і абарот", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт, аднак, звярнуў увагу і на іншы бок пытання: "Ці не сфарміруем падпольны нейкі гандаль? Памятаю, калі мы ўводзілі гэтыя электронныя (сістэмы курэння. - Заўвага), стаяла пытанне, што ў Расіі гэта зараза ўжо існуе. Граніц у нас няма. Мы можам не ўводзіць. Ну каму мы дабро зробім? Адтуль завязуць. Ужо завозілі, колькі хацелі і колькі трэба. Ну, вырашылі выраўнаваць сітуацыю. Ці не? І раптам з'яўляецца гэта тэма (новы праект закона. - Заўвага). Я так разумею, што мы павінны сёння прыняць рашэнне - быць ці не быць".
"Я ўвогуле ў курыве слаба разбіраюся, як і ў алкаголі. Таму хацелася б ад спецыялістаў, якія або кураць, або ўніклі ў гэту тэму, каб растлумачылі, што гэта такое. Кажуць, што гэта горш, чым тытунь. Паслухаем і прымем адпаведнае рашэнне, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Самае галоўнае - я катэгарычны праціўнік як алкаголю, так і курэння. Але курэнне - гэта жах. Ну выпіў там 100 грам... Хто не п'е? П'юць. А курыць - губіць сваё здароўе, калі медыкі ўжо дакладна ведаюць, што рак лёгкага - першапрычына - гэта курэнне".
Па выніках нарады Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Артур Карповіч расказаў, што на стадыі падрыхтоўкі дакумента абмяркоўваліся два варыянты. Гэта або поўная забарона электронных сістэм курэння, або абмежаванне на заканадаўчым узроўні і прыняцце мер па рэгуляванні гэтага напрамку.
Спыніліся на другім шляху. Плануецца ўзмацніць ліцэнзійныя патрабаванні ў рознічным гандлі з улікам вялікай колькасці фактаў рэалізацыі тавараў неналежнай якасці, а таксама недастаткова жорсткіх існуючых мер адказнасці.
"У нас скарачаецца пералік суб'ектаў гаспадарання, якія маюць права вырабляць электронныя сістэмы курэння, імпартаваць іх у краіну, займацца аптовым гандлем. Пры гэтым Прэзідэнт падтрымаў прапанову Урада ў частцы захавання шырокага пераліку суб'ектаў гаспадарання, якія маюць права рэалізоўваць у розніцу. Гэта значыць, мы на стадыі ўвозу вырабу ў краіну ўключаем жорсткі фільтр. Мы забараняем шырокаму колу займацца аптовым гандлем гэтых вырабаў. Пры гэтым максімальна захоўваем працоўныя месцы і ўзмацняем ліцэнзійныя патрабаванні", - падзяліўся падрабязнасцямі кіраўнік МАРГ.
Пад нормы закона будуць падпадаць не толькі нікаціназмяшчальныя сумесі, але і самі сістэмы электроннага курэння. У цэлым жа пакуль яшчэ абмяркоўваецца, якія менавіта патрабаванні будуць узмоцнены ў частцы рэалізацыі ў розніцу. Распрацоўшчыкам праекта закона выступае канцэрн "Белдзяржхарчпрам". Чакаецца, што ў першай палове 2026 года ўжо дакумент паступіць у парламент.
Аляксандр Лукашэнка ў сваім уступным слове на нарадзе закрануў і шэраг іншых актуальных тэм. Адна з іх - змяненне рэжыму вулічнага асвятлення.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што скарачэнне часу работы вулічнага асвятлення нават на кароткі прамежак дае ў маштабах краіны значную эканомію грашовых сродкаў. Па суме гэта супараўнальна, напрыклад, з затратамі на будаўніцтва некаторых аб'ектаў для АПК або дадатковымі расходамі для павышэння пенсій. "Кухараў (старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў. - Заўвага) на 15 хвілін або на 10 нават святло выключыў раней - божа мой, з Украінай параўналі! Дзесяць хвілін! А ніхто не палічыў, што гэтыя 10-15 хвілін, як Уладзімір Яўгенавіч кажа, на працягу года даюць тры малочнатаварныя комплексы па кошце і сем прафілакторыяў для цялят, як модна цяпер гаварыць. Але самае галоўнае: з 1 лютага (я падпісаў Указ) - павышэнне пенсій. Няшмат, на 10%, але павысілі пенсіі ў гэтых умовах пенсіянерам. Калі за год узяць такую эканомію (на вулічным асвятленні. - Заўвага), гэта практычна гэта павышэнне. Дзесяць хвілін пацярпець", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў такіх буйных гарадах, як Мінск, дастаткова і дадатковых крыніц асвятлення, акрамя вулічных ліхтароў, у тым ліку святло ад будынкаў, жылых дамоў, вітрын і гэтак далей. Таму, паводле слоў Прэзідэнта, складана зразумець, як нехта нібыта вымушаны быў перамяшчацца па сталіцы навобмацак або з цяжкасцю арыентаваўся ў прасторы з-за карэкціровак у рэжыме гарадскога асвятлення.
Кіраўнік дзяржавы расказаў, што і сам раніцай напярэдадні нарады праманіторыў, наколькі светла на вуліцы ў той ці іншы час: "Раз у акно, другі раз, на вуліцу выйшаў - ну, калі можна ўвогуле выключыць святло?"
"Трэба аддаць належнае: нарэшце губернатар Мінскай вобласці выключыў святло ў вёсках вакол вёскі Прэзідэнта. Дзякуй вам", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён паставіў задачу перад адказнымі асобамі яшчэ раз прааналізаваць і пры неабходнасці дадаткова наладзіць сістэму работы вулічнага асвятлення з улікам пастаяннага змянення працягласці светлавога дня. Асабліва гэта датычыцца Мінска, дзе больш за ўсё "навобмацак хадзілі", заўважыў Прэзідэнт. Магчыма, трэба зрабіць акцэнт на выкарыстанні фотарэле, замест таго, каб уключаць або выключаць святло на вуліцах у канкрэтны час. Гэта забяспечыць большую дакладнасць і, адпаведна, эканомію.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, як у часы Савецкага Саюза прымаліся розныя рашэнні, у тым ліку па пераходзе на зімовы і летні час, і заклікаў больш эканомна ставіцца да расходавання энергарэсурсаў. "Каб гадзіну выйграць. Па краіне - гадзіна светлавая. Гэта ж эканомія была велізарная. А ў нас чаго? Свеціцца і свеціцца", - сказаў ён.
Наконт наяўнасці ў Беларусі ўласнай АЭС і электрычнасці, што там выпрацоўваецца, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што эксплуатацыя станцыі, яе абслугоўванне і своечасовая замена паліва патрабуюць затрат. "Адна зарадка паліва каштуе $150 млн, як раней будаўнікі мне дакладвалі. Цяпер, напэўна, $200 млн. Пастаянна, на працягу пяці гадоў, порцыямі мы з рэактара дастаём уранавыя стрыжні і туды закладваем новыя. Гэта немалыя грошы. Усё каштуе грошай. Таму калі гатовы плаціць, можна і цяпер свяціць", - сказаў ён.
Прэзідэнт таксама не выключыў, што актыўнае раскручванне тэмы вулічнага асвятлення з'яўляецца інфармацыйна-псіхалагічнай спецаперацый (ІПСА) супраць Беларусі. "Думаю, ну адкуль жа тэма ўзялася? ІПСА збеглых. Гэта ж яны адтуль закінулі. З космасу. І з Украінай параўналі. Ды куды нас, "таталітарную" дзяржаву, з "дэмакратычнай" Украінай параўноўваць?! - з сарказмам заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Думаць жа трэба, што робяць. Але, калі яшчэ раз такая ІПСА, з аднаго боку, а з іншага боку - тры малочнатаварныя комплексы і сем прафілакторыяў або гадавое павышэнне на 10% для пенсіянераў - я яшчэ пагадзіўся б на гэтыя 10-15 хвілін".
Улічваючы прысутнасць на нарадзе кіраўнікоў рэгіёнаў, Прэзідэнт нагадаў ім пра неабходнасць аператыўнага вырашэння такой злабадзённай для АПК праблемы, як падзеж жывёлы.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што нават у Гродзенскай вобласці, дзе сітуацыя ў сельскай гаспадарцы адна з лепшых па краіне, гэты паказчык значна вырас. "Амаль тысячу галоў дабавілі да мінулага года ў студзені. Я з цябе запатрабую", - папярэдзіў Прэзідэнт старшыню Гродзенскага аблвыканкама Юрыя Караева. Пры гэтым, дадаў ён, ёсць рэгіёны, дзе сітуацыя з падзяжом яшчэ горшая.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на Магілёўскую вобласць. Раней ён заслухаў даклад кіраўніка рэгіёна Анатоля Ісачанкі, у якім таксама гучала тэма падзяжу. "Як Ісачанка кажа, мы на працягу года выраўнуем. Як выраўнуеце, калі ўжо тысяча загінула? Як тут выраўнаваць можна? - задаў рытарычнае пытанне беларускі лідар. - Ці вы мяне не чуеце, ці вы стаміліся ад працы".


