Нарада па пытаннях развіцця супрацоўніцтва з КНР

  • 11
  • 11:27

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27 студзеня сабраў нараду па пытаннях развіцця супрацоўніцтва з КНР.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што дабаўленая вартасць беларуска-кітайскага супрацоўніцтва бясспрэчная і відавочная для абодвух бакоў. "Кітай сёння не проста наш асноўны партнёр. Кітай - асноўны партнёр для ўсіх краін, якія намецілі для сябе развіццё", - упэўнены беларускі лідар.

"Ва ўмовах тэктанічных геапалітычных змяненняў Пекін для Мінска - найважнейшы пункт апоры. І не толькі для Мінска. Асаблівы статус беларуска-кітайскага ўзаемадзеяння прызнаюць і ўлічваюць усе - ад расіян і амерыканцаў да краін Афрыкі", - заявіў Прэзідэнт.

"Для нас Кітай - надзейны саюзнік па ўсіх пытаннях", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка пры гэтым адзначыў спецыфіку кітайскага падыходу да развіцця супрацоўніцтва. "Кітай нікуды не спяшаецца. Гэта традыцыйна. Мы да гэтага прывыклі. Многаму ў кітайцаў сёння вучымся - вельмі старажытная нацыя. Раю, хто не знаёмы, азнаёміцца з гісторыяй КНР", - сказаў ён.

"Рашэнне аб выбудоўванні з Кітаем стратэгічных адносін самага высокага ўзроўню перагляду не падлягае. Наадварот, мы будзем інвесціраваць рэсурсы, час, увагу ва ўмацаванне нашага супрацоўніцтва. Для гэтага ёсць усе рэзервы, - заявіў беларускі лідар. - Кітай - гэта сур'ёзна і надоўга. З Кітаем мы будзем супрацоўнічаць заўсёды, колькі будзе існаваць наша краіна як самастойная і незалежная дзяржава. Я ўпэўнены, што мы будзем незалежнымі і суверэннымі таксама заўсёды".

Ён адзначыў, што ў людзей у Беларусі ўжо іншае ўяўленне аб Кітаі, чым было раней. "БЕЛДЖЫ" практычна ў кожным беларускім двары. І нядрэнная машына атрымалася. Мінск упрыгожылі спартыўныя аб'екты сусветнага класа, і гэта падарунак сапраўдных сяброў. Вучыць кітайскую мову і вучыцца ў КНР становіцца нармальным для нашай моладзі", - прывёў Аляксандр Лукашэнка шэраг прыкладаў.

Прэзідэнт таксама заявіў, што пашырэнне авіязносін (Хайнань, Шанхай, Урумчы) хутка адновіць турыстычныя патокі. "Дарэчы, гэта адна з задач Урада і абяцанне Урада, што тут мы істотна рушым наперад з 2% амаль да 5% ВУП", - заўважыў Прэзідэнт. 

"Упэўнены, мы можам больш. Рычагі для гэтага вядомы: уласная тавараправодная сетка са складамі і лагістыкай. Прамыя пастаўкі, у тым ліку ў гандлёвыя сеткі і канечнаму спажыўцу праз электронны гандаль. Сумесныя вытворчасці на іх тэрыторыі і ў нас - канкрэтна пад кітайскага пакупніка. Нарэшце, работа з кітайскімі рэгіёнамі, якая пакуль буксуе", - сказаў беларускі лідар. 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, з аднаго боку, Кітай цяпер - другі па велічыні гандлёвы партнёр Беларусі, а айчынны экспарт на кітайскі рынак перасягнуў аб'ём паставак у Еўрасаюз. "І гэта надоўга", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. 

З іншага боку, каля $1,7 млрд за 2025 год і больш за 4% ад агульнага аб'ёму паставак - вельмі мала нават па беларускіх мерках, ацаніў сітуацыю Аляксандр Лукашэнка. 

"У кітайскай статыстыцы закупак за мяжой наша доля вылічаецца ў сотых працэнта. І дзе эфект ад другой нашай Дырэктывы (аб развіцці адносін з Кітаем. - Заўвага)?" - паставіў пытанне Кіраўнік дзяржавы. 

Ён падкрэсліў, што задачы ў новую Дырэктыву трэба прапісваць і ў штуках, і ў кілаграмах. Але ў гэтым стратэгічным дакуменце трэба ставіць генеральныя мэты. Напрыклад, нарасціць долю Кітая ў сукупным экспарце Беларусі. "У ідэале - да двухзначных лікаў. Вось гэта будзе якаснае змяненне, - адзначыў Прэзідэнт. - А канкрэтныя лічбы ў разрэзе арганізацый і тавараў - адказнасць Урада".

"Сваё бачанне Дырэктывы на чарговую пяцігодку Урад прадставіць сёння не гатовы. Можа, і правільна. Цяпер трэба вызначыцца з магістральнымі параметрамі новага дакумента. І абмеркаваць тыя ключавыя праекты, якія з падачы Урада развіваліся апошнім часам, у тым ліку ў ходзе візітаў на вышэйшым узроўні ў 2025 годзе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт таксама заклікаў усіх больш актыўна працаваць на кітайскім рынку.

"Патрабуецца перафармаціраваць інвестыцыйны напрамак. Кітайскія ўкладанні за мяжу ставяць рэкорды, асабліва ў краіны "Пояса і шляху". Наш Урад таксама рапартуе аб росце (за 9 месяцаў мінулага года ў адносінах да аналагічнага перыяду 2024 года больш як у два з паловай разы да $443 млн). Але ў Дырэктыву (аб развіцці адносін з Кітаем. - Заўвага) закладваліся істотна больш напружаныя паказчыкі (не менш як паўмільярда долараў, прычым штогод, і не менш як $150 млн прамых інвестыцый у кожную вобласць і горад Мінск), - сказаў Прэзідэнт. - Калі бачыш лічбы прамых кітайскіх інвестыцый па абласцях (Віцебская - $1 млн, Гродзенская - $100 тыс. за пяцігодку), адразу зразумела, хто як працуе. Але не па Кітаі - у прынцыпе". 

"Ці ўсё мы зрабілі для таго, каб кітайскія інвестары беглі да нас па Шаўковым шляху?" - паставіў пытанне Кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што ў індустрыяльным парку "Вялікі камень" зарэгістраваны дзясяткі кітайскіх кампаній, і новае кіраўніцтва парка, Урад павінны дапамагчы больш хуткаму запуску і выхаду на планавую магутнасць усіх заяўленых праектаў.