Нарада з кіраўніцтвам Савета Міністраў
- 10
- 20:33
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 кастрычніка сабраў нараду з кіраўніцтвам Савета Міністраў.
Фармат мерапрыемства традыцыйны - такія сустрэчы з Урадам Кіраўнік дзяржавы праводзіць рэгулярна.
"Перад тым як прымаць важнейшыя рашэнні або рашэнні, якія выклікаюць асаблівае гучанне ў нашым грамадстве, мы сустракаемся з вамі для таго, каб параіцца. І для мяне важна, прымаючы рашэнні, атрымаць дадатковую інфармацыю ад ініцыятараў тых ці іншых пытанняў", - адзначыў Прэзідэнт.
Адной з тэм нарады ў Кіраўніка дзяржавы стала далейшае развіццё Беларускай чыгункі.
"Бясспрэчна, чыгунка - важнейшае прадпрыемства не толькі транспартнай галіны, але і ўсёй нашай краіны. Чыгуначным транспартам штогод перавозяцца дзясяткі мільёнаў тон грузаў. Гэта і сыравіна, імпарт, экспартныя пастаўкі нашай прадукцыі. Для людзей - самы танны і бяспечны спосаб перамяшчэння. І хоць пасажырскія перавозкі - хутчэй сацыяльны, а не камерцыйны напрамак работы, развіваць трэба абодва", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён канстатаваў, што з-за санкцый, а таксама сітуацыі ва Украіне, дзе некалькі беларускіх таварных саставаў літаральна па-пірацку былі захоплены і ўтрымліваюцца, грузапатокі давялося кардынальна трансфармаваць, шукаць новую лагістыку і ў цэлым мабілізавацца. Хоць даходы і праселі, але ў цэлым перавозачная дзейнасць БЧ застаецца прыбытковай.
"Як мне дакладваюць, фінансавае становішча прадпрыемства цяпер абцяжарваюць высокія расходы па абслугоўванні крэдытаў, прыцягнутых пад інфраструктурныя праекты і закупку новага рухомага саставу", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Каб стабілізаваць сітуацыю, падрыхтаваны праект распараджэння аб дзяржаўнай падтрымцы Беларускай чыгункі.
"На першы погляд, трэба, напэўна, дапамагчы. Але давайце разбяромся, у якой частцы мы будзем аказваць (калі будзем) гэту дапамогу. Наогул, чарговы раз публічна вас папярэджваю: перастаньце хадзіць сюды за грашыма. Перастаньце. Ёсць працоўныя калектывы, ёсць кампетэнцыі. У гэтым выпадку ёсць паязды, аўтамабілі, самалёты, верталёты і іншае. Лятайце і перамяшчайцеся", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Дык давайце разбяромся, праблемы сапраўды абумоўлены знешнімі фактарамі (якіх сёння няма і быць не можа - я вас папярэджваў шмат гадоў таму) або гэта недапрацоўкі і халатнае стаўленне да сваіх абавязкаў кіраўніцтва галіны і БЧ? Можа, гэта самыя бедныя нашы людзі? Бяднейшыя, чым у сельскай гаспадарцы або ў Віцебскай вобласці? Усе кажуць: "Не". Тады чаго вы да мяне прыйшлі?" - спытаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што таксама трэба разумець, якія меры па вырашэнні праблем прыняты ўжо Урадам і які ад гэтых мер эфект.
"Я, калі кажу аб тым, што трэба чыгунку падтрымліваць, я ўспамінаю нядаўнія даклады праваахоўных органаў. Мы там, па-мойму, нямала службовых асоб адправілі на "пасядзелкі". І яны прыйшлі прасіць грошы з бюджэту або нейкай дапамогі (адтэрміноўкі, растэрміноўкі), - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - І яшчэ: ці дастаткова зацягнулі паясы? Не можаце - зацягвайце паясы. Пачняце "паміраць" - тады прыходзьце, будзем думаць, што з вамі рабіць".
Аляксандр Лукашэнка папрасіў далажыць, ці ўсё падлічана, ці забяспечаць прапануемыя меры фінансавую стабілізацыю і ці не атрымаецца так, што праз нейкі час зноў прыйдуць "з працягнутай рукой".
Падчас нарады Прэзідэнт паставіў пытанне аб функцыянаванні магістратуры.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як ідуць справы з улікам раней прынятых рашэнняў. "Некалькі гадоў таму мы на гэту тэму з вамі грунтоўна пагаварылі і вызначыліся: ніякага Балонскага працэсу, у нас нармальная адукацыя", - сказаў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што раней у нейкі час з падачы асобных дзеячаў была папулярная тэма Балонскага працэсу, каб падрыхтаваць "спецыялістаў на ўсе рукі", на якіх будзе попыт за межамі краіны. "Я памятаю гэту размову. Вы што, у беларускіх універсітэтах будзеце рыхтаваць для замежжа людзей?" - спытаў ён.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі вучыцца шмат іншаземцаў, якія хацелі б закончыць магістратуру. "Добра, давайце так і зробім. Яны плацяць грошы за ўсё, за магістратуру. Прыходзьце, навучайцеся ў магістратуры ў тым ліку. Колькі хочаце гадоў. Вашы грошы, мы вас вучым. Едзьце куды хочаце працаваць", - сказаў Прэзідэнт.
Што датычыцца падрыхтоўкі ў магістратуры айчынных спецыялістаў, нагадаў Аляксандр Лукашэнка, прынялі рашэнне, што магістрантамі будуць тыя, хто ў далейшым будзе займацца навукай і выкладаннем.
"Як ідуць справы цяпер? Хацеў бы, каб міністр адукацыі тут дакладна і адназначна далажыў", - сказаў Прэзідэнт.
Яшчэ адно з пытанняў на нарадзе Кіраўніка дзяржавы заключалася ў тым, як выбудавана сістэма харчавання дзяцей у школах з улікам раней дадзеных даручэнняў.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што пытанне навядзення парадку ў арганізацыі харчавання ва ўстановах адукацыі знаходзіцца на яго пастаянным кантролі. "Я вас неаднаразова папярэджваў: абкрадаць дзяцей, труціць іх няякаснай ежай - злачынна! І даручыў тады выпрацаваць нармальную сістэму", - сказаў ён.
"Хацелася б пачуць, што зроблена ў гэтым плане", - паставіў пытанне Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што часам цяжка ўявіць, што, як і хто гатуе ў школах, хоць чыноўнікі дакладваюць, што ўсё пад кантролем. "Ды немагчыма гэта пракантраляваць", - заўважыў Прэзідэнт. Менавіта таму і трэба было выбудаваць выразную сістэму ў гэтым пытанні.
Другое важнае пытанне ў гэтай сферы - наколькі запатрабавана прапанаванае харчаванне з боку саміх дзяцей. "Адходаў палова, - абазначыў праблему Кіраўнік дзяржавы. - Гэта нармальна? Што зрабілі для таго, каб гэтага не было? Як будзем карміць дзяцей, каб было смачна, карысна, каб ежа была не астылай?"
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што на харчаванне дзяцей ва ўстановах адукацыі дзяржава расходуе каласальныя грошы. І ў свой час ён прымаў прынцыповае рашэнне ў гэтым плане, каб захаваць такую магчымасць.
На абмеркаванне ў Прэзідэнта былі таксама вынесены прапанаваныя меры аб падтрымцы моладзі. Урад унёс праект Указа "Аб мерах падтрымкі моладзі".
Дакумент накіраваны на фарміраванне ўмоў для прыцягнення і захавання маладых кадраў на прадпрыемствах.
Аляксандр Лукашэнка заклікаў падыходзіць да гэтага пытання ўзважана. Ён адзначыў, што дапамога моладзі не павінна пераходзіць у празмерную апеку, бо сродкі дзяржаве патрэбны і на іншыя напрамкі, уключаючы развіццё вытворчай сферы і эканомікі. Акрамя таго, у маладым узросце людзі і самі цалкам здольныя працаваць і зарабляць, у адрозненне, напрыклад, ад людзей пажылога ўзросту, якім з-за аб'ектыўных прычын можа быць складаней.
"Я не да таго, каб не дапамагаць моладзі. Моладзь - наша будучыня, і ёй трэба дапамагчы. Давайце канкрэтна скажам, у чым мы павінны дапамагчы моладзі. І паставім на гэтым кропку, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Мы павінны стварыць умовы, каб моладзь зарабіла".
Прэзідэнт падкрэсліў, што любыя абяцанні з боку дзяржавы наконт падтрымкі якіх-небудзь ільгот павінны быць папярэдне падлічаны і абгрунтаваны, падмацаваны ўпэўненасцю, што існуючых сродкаў дастаткова, каб у будучым выконваць узятыя на сябе абавязацельствы. "Давайце будзем зыходзіць з рэалій, а не закідваць сюды: давай ільготы, ільготы, ільготы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы не раз звяртаў увагу, што ў краіне "лішніх" грошай няма. "І калі мы нейкай катэгорыі нашага грамадства аказваем дапамогу і падтрымку, мы павінны разумець, што гэта - за кошт тых, хто працуе, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Я хачу, каб вы гэту філасофію разумелі, уносячы прапановы на мой узровень. Я вам адкрыта гэта сказаў. І няхай людзі, пачуўшы мяне, ацэньваюць гэта, як лічаць патрэбным".
Сітуацыя цяпер у краіне такая, што колькасць працуючых складае амаль 4 млн чалавек, і трэба аб'ектыўна ацэньваць магчымасці па забеспячэнні льгот каму б там ні было. Інакш ёсць рызыкі негатыўных наступстваў для тых, хто працуе. "Хутка гэтыя 4 млн працуючых сагнуцца, на карачкі стануць і будуць целяпацца. Мы ім не зможам зарплату нармальную плаціць. Хто будзе працаваць? Адкуль возьмем грошы?" - абазначыў Прэзідэнт магчымы негатыўны сцэнарый.
"У нас гэтыя льготы няма чым ільгатаваць. А тыя, хто сёння працуе, вы што, гатовы са сваёй зарплаты палавіну ўзяць і аддаць на льготы некаму? Не гатовы, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - Давайце вяртацца да рэалій сённяшняга дня і разумець, чаго гэта (забеспячэнне льгот і дзяржпадтрымкі. - Заўвага) каштуе".
Прэзідэнт звярнуў увагу, што будаўніцтва жылля для ваеннаслужачых і шматдзетных сем'яў уваходзіць у лік прыярытэтаў для дзяржавы і будзе ў далейшым заставацца пытаннем нумар адзін. І для падтрымкі шматдзетных сем'яў цяпер ужо робіцца нямала, уключаючы дапамогу пры будаўніцтве жылля і выплату сямейнага капіталу.
Аднак у частцы будаўніцтва жылля Кіраўнік дзяржавы крытычна адазваўся аб месцах размяшчэння дамоў для шматдзетных. "Мы пачалі будаваць жыллё ў Мінску, у зручных месцах, сцягваючы рабочую сілу ў гарады. Што мы робім? - сказаў ён. - Мы навошта шматдзетныя сем'і сцягваем да Мінска? Яны павінны, як усе, жыць па ўсёй краіне. Раўнамернае размеркаванне рабочых рук, рабочай сілы, як гэта было ў савецкія часы".
Акрамя таго, за межамі буйных гарадоў ёсць магчымасць будаўніцтва не толькі кватэр, а дамоў з прысядзібнымі ўчасткамі, дзе можна нешта вырошчваць. "Трэба корпацца ў зямлі і нешта рабіць сваімі рукамі. Мы пра гэта забылі, пачалі ў Мінску, абласных цэнтрах будаваць жыллё для шматдзетных", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што пры аказанні дапамогі падыход павінен быць адрасным, нельга дзейнічаць агулам. "Перш чым забяспечыць чалавека, дом даць або кватэру, вы разбярыцеся, каму мы з дзяржпадтрымкай даём жыллё, што гэта за шматдзетныя сем'і. Разбірацца трэба ў дэталях", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.


