Наведванне Мінскага гарадскога Цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі
- 13
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 кастрычніка прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця Мінскага гарадскога Цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі.
"Беларусь - адна з нямногіх краін, якія не проста валодаюць інавацыйнымі тэхналогіямі. Нашы вучоныя ствараюць гэтыя інавацыйныя тэхналогіі самі, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Сёння, напрыклад, беларускія прадпрыемствы выкарыстоўваюць штучны інтэлект, у разы скарачаючы час, неабходны для ўвасаблення навуковай ідэі ў канкрэтны доследны ўзор. У вытворчыя працэсы актыўна ўкараняюцца робаты і іншыя разумныя ўстройствы".
Прэзідэнт, звяртаючыся да дзяцей, адзначыў, што з-за юнага ўзросту ім можа быць цяжка ўсвядоміць, наколькі імкліва навука і тэхніка мяняюць жыццё чалавека. "Паверце, вельмі імкліва. Калі яшчэ нейкіх 20 гадоў таму камп'ютар і інтэрнэт былі не ў кожнай беларускай сям'і, то ў нашы дні яны разам з мабільнымі тэлефонамі сталі штодзённасцю", - прывёў прыклады Кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што ў вытворчасць і побыт пастаянна прыходзяць тэхналогіі, якія нядаўна здаваліся абсалютнай фантастыкай. "Разумныя гарады, робаты, беспілотнікі, штучны інтэлект ужо не проста спрэчкі вучоных аб блізкай будучыні, а рэальнасць. І працвітаць будуць менавіта тыя дзяржавы, якія могуць ствараць новыя тэхналогіі, эфектыўна выкарыстоўваць іх у вытворчасці і іншых сферах жыцця", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што лічбавізацыя хутка мяняе цэлыя галіны, робіць непатрэбнымі адны прафесіі і вельмі запатрабаванымі іншыя. "Але яны звязаны з высокім інтэлектам людзей (таму што ўсё гэта стварае чалавек) і высокай адукацыяй. Таму цяпер мы такую пільную ўвагу ўдзяляем навучанню інжынераў, канструктараў, праграмістаў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Падрыхтоўка адукаваных, кампетэнтных, адказных спецыялістаў - стратэгічны напрамак для эканомікі, аснова прагрэсу і бяспекі нашай дзяржавы. Мы ўкладваем і будзем укладваць сродкі ў развіццё перспектыўных тэхнічных напрамкаў - робататэхнікі, нанаэлектронікі, складаных самаабучальных сістэм і іншых галін навукі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі пастаянна ўдасканальваецца падрыхтоўка кадраў, узмацняецца ўзаемадзеянне адукацыі з высокатэхналагічнымі прадпрыемствамі. "Гэта асабліва важна. І ўжо, як мне толькі што далажылі, на гэтым шляху нямала зроблена", - дадаў ён.
Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што навука павінна быць цесна звязана з вытворчасцю. "Мы нешта вынаходзім, навука працуе, а вытворчасць гэта не спажывае. Гэта дрэнна. Тады мы шукаем шчасця за мяжой, і замежжа пачынае намі кіраваць, пераконвае нас у тым, што Беларусь ні на што не здольная. Таму навука, вынаходствы і вытворчасці. Сувязі вытворчасці з навукай і творчасцю нашых людзей будуць садзейнічаць стварэнню вось такіх галіновых калектываў", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.
"Новы гарадскі Цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі павінен стаць адной са ступеней такой падрыхтоўкі, дзе кожны, каго вабяць навуковыя таямніцы і адкрыцці, мог бы знайсці свой шлях у вялікую навуку або рэальную вытворчасць. І адкрыта скажу, чаго нам не хапае: нам патрэбны інжынеры", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што ў гэтым плане здольных дзяцей шмат, але трэба іх выяўляць і працаваць з імі: "У дзяцінстве мы іх заўважаем, цягнем наверх праз такія цэнтры. Разлічваю, што такія тэхнаінкубатары будуць не толькі ў сталіцы, але і па ўсёй краіне. Якімі яны павінны быць, мы прыкладна і паказваем - тым, хто хоча гэта рабіць і каго мы, мякка кажучы, папросім".
Прэзідэнт падкрэсліў, што плошчаў для гэтага хапае, нават будаваць не трэба. Напрыклад, Мінскі гарадскі Цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі быў створаны на месцы былога аўтавакзала "Усходні". Будынак рэканструяваны і аснашчаны неабходным абсталяваннем. Цэнтр займае памяшканні агульнай плошчай больш за 7,2 тыс. кв.м.
"Неабходна толькі рацыянальна, з розумам выкарыстоўваць тое, што ўжо ёсць. Сёння трэба шукаць таленты з самага юнага ўзросту, ствараць умовы для іх вучобы і прафесійнага росту. Шкадаваць на гэта грошы не трэба, таму што гэта будучыня, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Дзяцей трэба забраць з вуліцы, адцягнуць іх увагу ад пустога марнавання часу за экранамі гаджэтаў, навучыць думаць і прымяняць атрыманыя веды на практыцы. Гэта не толькі важна для краіны, але і для іх саміх добры зачын на будучыню".
Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што лабараторыі цэнтра, аснашчаныя самым сучасным абсталяваннем, трэніровачныя пляцоўкі, прасторныя вучэбныя класы пасадзейнічаюць дасягненню гэтай мэты, а таксама стануць сапраўдным падарункам для сталічнай моладзі. "Калі хто-небудзь прыедзе сюды з рэгіёнаў, я думаю, мы нікому не будзем адмаўляць", - дадаў ён.
"Цяпер слова за вамі, мае юныя сябры. Як бы пафасна гэта ні гучала, менавіта вам - новаму пакаленню вучоных, канструктараў, інжынераў і спецыялістаў - давядзецца праз некалькі гадоў ствараць заўтрашні дзень нашай краіны, - звярнуўся да дзяцей Аляксандр Лукашэнка. - Часта чую: гэтага не хапае, гэтага хацелася б... Рэалізоўвайце свае "хацелкі". Рабіце так, каб гэта было выгадна для вас, для вашых бацькоў, для сям'і. І каб гэта было выгадна для краіны".
Прэзідэнт адзначыў, што дзеці і моладзь, працуючы ў лабараторыях, канструктарскіх бюро або вытворчых цэхах, будуць прымаць і ўвасабляць у жыццё рашэнні, якія вызначаць лёс Беларусі на гады і дзесяцігоддзі.
"Дарагія сябры, вучоба ў Цэнтры дае вам унікальны шанц праявіць сябе ў інавацыйнай тэхнічнай творчасці ў галіне радыёэлектронікі, робататэхнікі і праграмавання. Верце ў сябе. Я ведаю, вы ўжо паверылі. Мы вам будзем усяляк дапамагаць, таму што без навукі нікуды", - запэўніў ён.
Аляксандр Лукашэнка назваў цяперашнюю сустрэчу з дзецьмі і моладдзю, якія займаюцца творчасць у навукова-тэхнічнай сферы, толькі "маленькай размовай", якая папярэднічае вялікай - з вучонымі і акадэмікамі краіны. Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што ў хуткім часе плануецца правесці чарговы з'езд вучоных, на якім будуць абмяркоўвацца далейшыя напрамкі развіцця навукі ў краіне і яе больш цеснай сувязі з вытворчасцю.
Прэзідэнт, звяртаючыся да маладых людзей у час адкрыцця Цэнтра, пажадаў ім моцнага здароўя, а таксама новых дасягненняў і адкрыццяў на карысць Беларусі. "Не імкніцеся куды-небудзь збегчы. Некаторыя збеглі - сёння не ведаюць, як вярнуцца. Таму, робячы свае рашучыя крокі, вы крыху райцеся са старэйшымі - патрыётамі нашай Беларусі", - параіў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што сённяшнім маладым людзям літаральна праз дзесяць гадоў давядзецца не проста будаваць новую Беларусь, але і адказваць за яе. "Мы сёння бачым на вашых мадэлях, на вашых пачатковых вынаходствах, што вы рухаецеся ў правільным напрамку", - дадаў ён.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што жыццё становіцца больш складаным, і гэта звязана ў тым ліку з вельмі высокай канкурэнцыяй. У гэтых умовах задача дзяржавы - з самага ранняга ўзросту прадаставіць магчымасці для развіцця і самарэалізацыі. "Галоўнае для дзяржавы - прадаставіць магчымасць. Вось мы прадастаўляем вам магчымасці з ранняга ўзросту, каб вы паглядзелі, на што вы здольныя, і спрабавалі гэта рэалізаваць у сабе", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што маладыя людзі, якія займаюцца ў розных творчых цэнтрах, робяць гэта з цікавасцю, але ў будучым гэта можа змяніцца пэўным напружаннем, і яго трэба пераадольваць. "Не ўсё будзе ў жыцці цікава. Але вы, сціснуўшы зубы, ідзяце да сваёй мэты і проста рухаецеся па гэтым жыцці. Такія людзі ніколі не просяць: "Дай!". Зарплату там, яшчэ нешта... Яны самі ствараюць сваё жыццё. Таму здароўя вам, поспехаў, развівайце свае навыкі. І наперад, толькі наперад. Толькі вы можаце зрабіць сваё жыццё і парадаваць сваіх бацькоў і дзяржаву", - сказаў ён.
Прэзідэнт даручыў прадумаць стымулы для замацавання ўнутры краіны таленавітай моладзі.
"Я намякаю на тое, каб вы не страцілі талковых людзей. А попыт каласальны на нашу моладзь, нашых студэнтаў", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што трэба старацца ўтрымліваць перспектыўныя кадры ў Беларусі, ствараючы для гэтага неабходныя ўмовы. "Сілай не ўтрымаеш цяпер. Трэба ствараць адпаведныя інтарэсы", - сказаў ён.
У Цэнтры тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Кіраўніку дзяржавы далажылі аб сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў Мінску, а таксама перспектывах развіцця тэхнічнай творчасці. Паводле слоў старшыні Мінскага гарвыканкама Уладзіміра Кухарава, установы дадатковай адукацыі ў сталіцы наведваюць каля 70 тыс. дзяцей. Пры гэтым перавагу навучэнцы аддаюць у асноўным гуманітарным і мастацкім напрамкам, у той час як да тэхнічнага напрамку яны праяўляюць менш цікавасці.
Разам з тым, праінфармаваў ён, у Мінску дзейнічае 141 інжынерны клас, у якім займаюцца амаль 2,5 тыс. навучэнцаў. Шэраг прадпрыемстваў і навучальных устаноў зацікаўлены ў рабоце з інжынернымі класамі і падрыхтоўцы кадраў для высокатэхналагічных галін.
"Патрэбны быў цэнтр, які будзе даваць неабходныя веды з шасцігадовага ўзросту і дапаможа знайсці сябе", - адзначыў Уладзімір Кухараў. Цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі ў Мінску ўключае 18 вучэбных лабараторый, якія аснашчаны ўсім неабходным абсталяваннем для навучання найноўшым тэхналогіям. "Усяго тут будуць навучацца, калі браць у разрэзе месяца, 7,5 тыс. навучэнцаў, (будзе. - Заўвага БЕЛТА) 281 аб'яднанне па інтарэсах", - сказаў старшыня Мінгарвыканкама.
Міністр адукацыі Андрэй Іванец адзначыў, што па краіне ў цэлым дзейнічае 180 інжынерна-тэхнічных цэнтраў для школьнікаў. Паводле яго слоў, такія цэнтры ёсць у кожным раёне. На ўзроўні абласных цэнтраў і Мінска створаны буйныя цэнтры тэхнічнай творчасці, а своеасаблівай верхавінай піраміды з'яўляецца Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк. "Сёння 80% праектаў у Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку выконваюцца па заказах прадпрыемстваў. За кожнай лабараторыяй (іх там 15) замацаваны профільныя міністэрствы", - паведаміў Андрэй Іванец.
Паводле слоў Міністра, падтрымка, якую дзяржава аказвае адораным дзецям, ужо дае свае вынікі. У гэту ўступную кампанію 90% пераможцаў рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд і амаль 100% медалістаў паступілі ў беларускія ВНУ.
Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання Цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі таксама звярнуў увагу на добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі і сталіцы ў цэлым, адзначыўшы добрую работу ў гэтым напрамку гарадскіх улад.
"Добра, што ты ўжо навучыўся Мінск у парадак прыводзіць. Калі ствараеш якую-небудзь жамчужыну, цукерку зробім, а вакол - страшна глядзець (так часам бывала раней. - Заўвага). Дык мы за пяцігодку, магчыма, Мінск у парадак прывядзём", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Уладзімір Кухараў далажыў аб работах па завяршэнні мадэрнізацыі Сляпянскай воднай сістэмы, рамонце вадаспадаў і навядзенні парадку ў прыбярэжнай зоне. "Усе збудаванні. Цяпер яна добраўпарадкавана практычна поўнасцю. Там і дзіцячыя пляцоўкі", - сказаў ён.
Створаны ўмовы ў тым ліку для актыўнага адпачынку людзей, добраўпарадкаваны трэнажорныя пляцоўкі.
"Дзецям, якія займаюцца такой справай (у Цэнтры тэхнічнай творчасці. - Заўвага), спорт вельмі паказаны. Няхай займаюцца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы таксама пацікавіўся, як працуе комплекс "Лошыцкі" ў Мінску, які ён наведваў у верасні напярэдадні Дня горада. Нагадаем, у складзе комплексу ёсць і зала ўрачыстых цырымоній для рэгістрацыі шлюбаў. Аляксандр Лукашэнка тады пабываў на першай такой цырымоніі і асабіста павіншаваў маладажонаў.
"Вядома. Там такая рэклама! У дзесяць разоў больш заявак", - далажылі Кіраўніку дзяржавы чыноўнікі, якія яго суправаджалі.
Было адзначана, што ў адзін з дзён нават не змаглі распісаць усіх жадаючых, бо фізічна не атрымлівалася задаволіць такую вялікую колькасць заявак.
"Ну, трэба неяк і ноччу, калі... - жартам заўважыў Прэзідэнт. - Людзі хочуць - трэба рабіць".
Прэзідэнту далажылі, што ў адказ на ажыятаж у комплексе для вяселляў сапраўды прапануюць розныя лакацыі для выязной рэгістрацыі шлюбаў. "Цяпер і ў сядзібе прапануем, і ўсюды. Там людзей цяпер! У выхадныя наогул забіта, не праціснуцца", - сказаў Уладзімір Кухараў.
У цырымоніі адкрыцця Мінскага гарадскога Цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі было задзейнічана спецыяльнае ўстройства - мехатронная сістэма. Гэта сімвалічны механізм, які адкрыў дзверы для ўсіх, хто імкнецца да пазнання свету тэхналогій і інавацый. Разам з Кіраўніком дзяржавы ў запуску ўстройства ўдзельнічалі двое навучэнцаў цэнтра. Пасля націскання на рычаг усе шасцярэнькі прыйшлі ў рух. З механізма з'явілася "рука робата" з яшчэ адной шасцярэнькай. Яе ўручылі Прэзідэнту ў знак памяці аб сімвалічным моманце.
У час наведвання Цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Аляксандр Лукашэнка паразмаўляў з выхаванцамі гэтай установы і ацаніў прадстаўленыя распрацоўкі.
"Добры дзень, Кулібіны! А хто з вас ведае, хто такі Кулібін (выдатны механік-вынаходнік Іван Кулібін, чыё прозвішча стала хадзячай назвай. - Заўвага), чым ён займаўся? Гэта вам дамашняе заданне. Даложыце мэру Мінска. Ён мне скажа", - прывітаў дзяцей Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка настройвае выхаванцаў цэнтра на далейшае развіццё сваіх здольнасцей, а дзяржава ў сваю чаргу будзе ствараць для гэтага неабходныя ўмовы. "Дзякуй вялікі. Зрабіце што-небудзь карыснае, такое моцнае для краіны. Поспехаў вам. Калі будуць праблемы, гаварыце. Але толькі майце на ўвазе, што ўсё роўна вам давядзецца іх вырашаць - задачы, праблемы. Мы будзем ствараць умовы для таго, каб вы маглі вырашыць, як тут. Дом нармальны (размова пра будынак, дзе размясціўся цэнтр. - Заўвага) для таго, каб на першым этапе паспрабаваць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падрабязна азнаёміўся з вучэбна-матэрыяльнай базай цэнтра, наведаў лабараторыі па розных напрамках інавацыйнай тэхнічнай творчасці, паразмаўляў з педагогамі і іх выхаванцамі, азнаёміўся з прадстаўленымі распрацоўкамі.
У лабараторыі робататэхнікі Прэзідэнту прадэманстравалі робат-усюдыход. Яго юнага распрацоўшчыка завуць Яўген. Ён расказаў, чым начынены яго робат і які мае патэнцыял. Разлічвае, што ў перспектыве ўдасца нават запусціць выраб у масавую вытворчасць.
"Ты ж у масавую вытворчасць можаш увесці толькі калі зацікавіш, дапусцім, вытворцу. Ідэя, ты ж разумееш, не новая. Такія робаты ёсць. Але ты павінен стварыць лепшага робата. Канкурэнцыя жорсткая. Таму я табе жадаю ў гэтай канкурэнцыі перамагаць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама параіў падабраць талковую каманду, паколькі аднаму ўсё рабіць цяжка.
Там жа Кіраўнік дзяржавы паглядзеў трасу для робататэхнічных комплексаў, якая выкарыстоўваецца для навучання робатаў пераадоленню розных перашкод. Аб гэтым расказаў педагог Дзмітрый Жук.
Аляксандр Лукашэнка задаў вельмі актуальнае цяпер пытанне, на якое многія не могуць даць адназначнага адказу: "Ты схільны да таго, што ніякія робаты ў бліжэйшай і ў далёкай перспектыве чалавека не заменяць?"
"Усё роўна хтосьці павінен пісаць праграмы пад іх. Цяпер ёсць нейрасеткі, але хто ўсё роўна іх настройвае - чалавек. Нікуды не дзенешся ад чалавека", - прагучаў такі адказ.
Прэзідэнт пагадзіўся з гэтым і падзякаваў за работу. "Дзякуй, што вы адбіраеце юнакоў і дзяўчат, накіроўваеце іх па гэтых складаных інжынерных прафесіях. Гэта нам вельмі патрэбна. Запатрабаваны (гэты напрамак. - Заўвага) і будзе яшчэ больш узрастаць. А мы пастараемся ўжо зрабіць так, каб яны не беглі за мяжу. Ні ў Амерыку, ні ў Германію, а тут маглі вучыцца, нешта вынаходзіць і працаваць у Беларусі", - сказаў Прэзідэнт.
"Усе ўмовы ёсць", - адзначыў Дзмітрый Жук.
"Не толькі тут. Далей нешта прыдумаем яшчэ больш", - падкрэсліў беларускі лідар.
У яшчэ адным памяшканні размясцілася лабараторыя праектнай дзейнасці. Яна аснашчана камп'ютарамі, мультыбордам, 3D-прынтарамі і іншым абсталяваннем. Работа ў лабараторыі развівае ў вучняў інжынерныя навыкі, дапамагае планаваць крокі для дасягнення пастаўленых вынікаў.
Адзін з вучняў лабараторыі па імені Уладзіслаў прадставіў свой праект - прататып айчыннага робата-пыласоса. Прыбор сабраны з недарагіх падручных камплектуючых, але трэба зрабіць скідку на тое, што гэта ўсё ж такі дзіцячая творчасць і пакуль толькі прататып. Юнак прадэманстраваў, як пыласос працуе на справе, і расказаў, што ў тым ліку самастойна прапісаў для яго праграмны код.
Прэзідэнт паставіўся да распрацоўкі з усёй сур'ёзнасцю. Тым больш што Уладзіслаў прасіў падтрымаць ідэю вытворчасці ў Беларусі такіх робатаў-пыласосаў.
"Ну, калі гатовы, - сказаў Прэзідэнт. - Думаю, калі мы вырабім нешта сваё, ты мне першы экзэмпляр падарыш".
Аляксандр Лукашэнка папрасіў звярнуць увагу на гэта пытанне такіх прадпрыемстваў, як "Інтэграл" або "Гарызонт". "Трэба ім сказаць. Няхай паглядзяць на гэта", - сказаў ён.
Яшчэ адзін праект юнага распрацоўшчыка - аўтаномная крыніца энергіі, у канструкцыі якой у тым ліку выкарыстаны сонечныя батарэі. Ад устройства можна сілкаваць нават лямпачку або тэлевізар. Тут размова зайшла аб вытворчасці ў Беларусі сонечных батарэй. Прэзідэнт не выключае, што гэта можа быць перспектыўным напрамкам.
"Я табе скажу, святла, у прынцыпе, у нас хапае (для эфектыўнага выкарыстання сонечных батарэй. - Заўвага). Я ў сябе дома ў вёсцы, дзе я жыў, паспрабаваў гэта. Мы купілі сонечныя панэлі. І я хацеў адысці ад вялікай колькасці спажывання электраэнергіі. Атрымалася вельмі салідна. Працуе да гэтага часу", - падзяліўся асабістым вопытам беларускі лідар.
Ён прапанаваў накіраваць юнака на рэальныя прадпрыемствы ў Беларусі, каб ён мог на практыцы азнаёміцца з вытворчымі працэсамі, паразмаўляць з ужо дарослымі людзьмі, якія ствараюць рознае электроннае абсталяванне.
З вялікай цікавасцю Аляксандр Лукашэнка таксама азнаёміўся з работай лабараторыі аўтамотатэхнікі. У адным з памяшканняў лабараторыі ўстаноўлены сімулятар гоначнай карты, на якім якраз займаўся 12-гадовы Міхаіл. З іх 7 гадоў ён займаецца картынгам. "Да аўтаспорту мяне прывёў бацька. Мой бацька таксама займаўся аўтаспортам. І я буду прадаўжаць справу свайго бацькі", - бойка расказаў юны гоншчык.
Прэзідэнт пажадаў яму поспехаў, але параіў у звычайным жыцці не спяшацца на дарозе: "Жадаю табе пасведчанне вадзіцеля хутчэй атрымаць. Але не ліхач. Я табе як вадзіцель гавару. Часам мы з шалёнай скорасцю едзем, а выйграём усяго 3-4 хвіліны. Дык ці варта гэта таго, каб рызыкаваць? Не варта. Таму не спяшайся ў жыцці".
Кіраўнік дзяржавы таксама вельмі пазітыўна ацаніў той факт, што дзяцей навучаюць, як уладкавана тэхніка, з чаго складаецца рухавік і да таго падобнае. "Малайцы, гэта вельмі важна. Таму што цяпер большая палова вадзіцеляў, якія ўмеюць толькі круціць (руль. - Заўвага БЕЛТА). А калі ў іх элементарнае пытаешся - не ведаюць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я свайго выкладчыка, калі вучыўся ў школе ДТСААФ, да гэтага часу памятаю. Усіх іх памятаю. Тое, што яны мяне навучылі, як уладкаваны аўтамабіль. Да гэтага часу гэта памятаю. Вялікая справа і для жыцця вельмі карысная. Тое, чаго не ведае сучасная моладзь".
Дзеці вывучаюць не толькі ў тэорыі, але і на практыцы, як уладкаваны аўтамабілі і матацыклы. У суседнім памяшканні лабараторыі размясцілася цэлая майстэрня, а з матацыкламі дапамог Мотавелазавод. У ліку выкладчыкаў ёсць нават уласныя выгадаваныя кадры з ужо скончанай вышэйшай адукацыяй па тэхнічным профілі.
"Вось гэта вось наша багацце. Вучыўся, скончыў, прыйшоў, працуе, вучыць. Ну і сам жа, галоўнае, каб не спыніўся на гэтым, каб развіваўся. Нам патрэбны вось такія", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўніку дзяржавы прадставілі адну з выхаванак па імені Соня. Яна спартсменка і ўдзельнічае ў спаборніцтвах на матацыкле. Адрэкамендавалі нават як галоўнага крытыка Мотавелазавода, які можа падказаць, што трэба яшчэ палепшыць у канструкцыі.
"Гэта вельмі правільна. Ты вельмі мне дапамагаеш, таму што я быў прыхільнікам таго, каб захаваць вытворчасць матацыклаў і веласіпедаў у краіне, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я таксама матацыкліст. І на "Харлеі" магу праехаць, электраматацыкл у мяне ёсць. На жаль, пакуль сабраны на Мотавелазаводзе - там розныя камплектуючыя, не толькі нашы. Але гэта добрая штука. Электрычныя матацыклы, аўтамабілі - гэта будучыня".
"Малайцы. Мяне заўсёды таксама ў дзяцінстве цягнула нешта разабраць, сабраць. Не заўсёды атрымлівалася. Умоў такіх не было", - дадаў Прэзідэнт.
Ужо на прылеглай да цэнтра тэрыторыі Прэзідэнту прадэманстравалі вучэбна-трэніровачны заезд радыёкіруемых аўтамадэлей і практычныя заняткі па кіраванні беспілотнымі лятальнымі апаратамі. Пляцоўка для радыёкіруемых мадэлей адпавядае ўсім неабходным міжнародным стандартам і патрабаванням, а таму падыходзіць, каб адточваць навыкі і ўдасканальваць тэхніку ў працэсе падрыхтоўкі да спаборніцтваў.
Мадэлі аўтамабіляў - гэта практычна зменшаная копія сапраўдных транспартных сродкаў. Там ёсць і рухавік унутранага згарання, і каробка перадач, і дзеючая незалежная падвеска. Можна сказаць, усё па-даросламу.
Як расказалі Прэзідэнту, большасць дзяцей, якія пачынаюць з шасці гадоў займацца ў цэнтры, ходзяць не ў адзін гурток, а адразу ў некалькі, вывучаючы тым самым шырокі спектр сучасных тэхналогій.
На завяршэнне дзеці ў якасці падарунка ўручылі Аляксандру Лукашэнку спецыяльна вырабленую фігурку робата, які выкананы ў колерах нацыянальнай сімволікі. Прэзідэнт даручыў размясціць "гэтага чалавека" ў Палацы Незалежнасці.
Дарэчы, Яўген, аўтар робата, падзяліўся з Кіраўніком дзяржавы тым, што хацеў бы трапіць на вучобу ў тэхнапарк і рэалізаваць сваю ідэю па стварэнні спецыяльных пратэзаў для тых, хто атрымаў раненні або мае прыроджаныя паталогіі. "Я хацеў бы заняцца такім у нашай краіне", - расказаў юнак.
"Справа добрая", - падтрымаў Кіраўнік дзяржавы.
На памяць аб прыездзе Аляксандр Лукашэнка сфатаграфаваўся разам з усімі юнымі тэхнікамі і вынаходнікамі.


