Нарада з кіраўніцтвам Савета Міністраў
- 10
- 13:27
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18 жніўня сабраў нараду з кіраўніцтвам Савета Міністраў.
Адным з пытанняў, якое разглядалі на нарадзе ў Прэзідэнта, стала дзяржаўнае кіраванне ў сферы турызму. Савет Міністраў падрыхтаваў Указ, які прадугледжвае перадачу функцый рэгулятара ў турыстычнай сферы ад Міністэрства спорту Нацыянальнаму агенцтву па турызме. Агенцтва, у сваю чаргу, прапануецца перадаць у непасрэднае падпарадкаванне Ураду. Кіраўнік дзяржавы запрасіў кіраўніцтва Саўміна, каб атрымаць канкрэтныя адказы на шэраг пытанняў.
Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, што перашкаджае дзеючаму рэгулятару эфектыўна кіраваць галіной і што зменіцца з прыняццем Указа, які пакуль яшчэ не падпісаны.
"Які практычны механізм рэалізацыі заяўленых мэт: як, за кошт чаго айчынны турызм атрымае новы імпульс для развіцця?" - спытаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт нагадаў, што на наступную пяцігодку Ураду пастаўлена задача зрабіць турызм нацыянальным праектам, максімальна рэалізаваць яго эканамічны патэнцыял. "Беларусь (мы гэта ведаем) - вельмі цікавая краіна для турыстаў. Але справа ж не толькі ў цікавасці. Склалася такая сітуацыя (і нават цяпер, наколькі я гэта бачу ў сродках масавай інфармацыі), што свабодных месцаў сёння ў гасцініцах няма. І тыя, хто займаецца турызмам, сёння поўнасцю загружаны. Калі нават і хацелі б больш - немагчыма. Але для таго, каб было больш, Снапкоў (першы віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў. - Заўвага) і іншыя прапануюць стварыць новае міністэрства, як я гаварыў", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Каб павялічыць прыток турыстаў, прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы, спатрэбіцца павышэнне якасці паслуг і дадатковае развіццё інфраструктуры індустрыі гасціннасці. "Груба скажу: калі ў гасцініцах па сценках і пад ложкамі будуць поўзаць тараканы, то ніякія турысты сюды не паедуць. Узровень патрэбны такі, каб і беларусы часцей выбіралі адпачынак на роднай зямлі. Я думаю, яны і выбіраюць", - дадаў Прэзідэнт. Разам з тым, заўважыў ён, беларусы нярэдка выбіраюць адпачынак за мяжой, але гаворка пераважна ідзе пра тыя краіны, дзе ёсць выхад да мора, а клімат больш гарачы.
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, якіх канкрэтных эканамічных паказчыкаў Урад плануе дасягнуць у галіне да канца пяцігодкі і на сярэднетэрміновую перспектыву. Кіраўнік дзяржавы таксама абазначыў шэраг іншых пытанняў, якія даюць больш поўнае разуменне планаў развіцця айчыннай турыстычнай галіны.
"Нельга забываць пра важнейшы складнік - кадравае пытанне. Хто будзе рэалізоўваць вашы планы і праграмы? Як будзе выбудавана ўзаемадзеянне з рэгіёнамі? Якая пазіцыя губернатараў па пытанні гэтай рэарганізацыі?" - спытаў Прэзідэнт.
Разам з тым, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, размова не ідзе аб рэформе дзеля рэформы. Стварэнне новай кіраўніцкай структуры ў сферы турызму не можа абмежавацца перайменаваннем і змяненнем падпарадкавання.
"Наспела неабходнасць кардынальных змяненняў форм і метадаў работы па развіцці турызму як унутры краіны, так і на знешніх рынках", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.
З дакладам па тэме выступіў Мікалай Снапкоў. Паводле яго слоў, у сферы турызму ў Беларусі занята 230 тыс. чалавек, што складае 5,5% занятых ва ўсёй эканоміцы. Турызм забяспечвае прыкладна 2% ВУП, што, на думку першага віцэ-прэм'ера, не адпавядае патэнцыяльнаму ўзроўню і магчымасцям. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што нават у краінах, якія маюць уласныя запасы нафты і газу, турызм - адна з вядучых сфер эканомікі. У якасці прыкладу такой краіны ён прывёў Аб'яднаныя Арабскія Эміраты.
Мікалай Снапкоў таксама абазначыў такое праблемнае пытанне, як перавышэнне колькасці выязных тураў з Беларусі над уязнымі турамі. Значыць, аб'ём вывезеных беларускімі турыстамі сродкаў перавышае аб'ём увезеных замежнымі турыстамі.
"Наша задача - змяніць існуючы баланс, пакінуць больш валюты ў краіне. Для гэтага трэба выканаць дзве ключавыя задачы: павялічыць працягласць знаходжання турыстаў і павялічыць сярэдні чэк. Гэта значыць, колькі турыст пакідае грошай у час свайго падарожжа, - падкрэсліў першы віцэ-прэм'ер. - У Беларусі дамінуюць на гэты момант кароткатэрміновыя паездкі - як у нашых грамадзян, так і ў іншаземцаў. А гэта мінімальны сярэдні чэк".
Паводле слоў першага віцэ-прэм'ера, менавіта павышэнне даходнасці з'яўляецца мэтай рэфармавання сферы турызму. Выпрацаваны адпаведны механізм рэалізацыі. Размова, у прыватнасці, ідзе аб перафармаціраванні галіны ў рэальную вертыкаль і аб'яднанні намаганняў дзяржавы і прыватнага бізнесу. Усе кіраўніцкія рэсурсы неабходна сканцэнтраваць у адным цэнтры прыняцця рашэнняў, каб каардынаваць дзясяткі галін, забяспечваць экспартны рост і стымуляваць інвестыцыі ў гэтай сферы.
"Прапануецца стварыць цэласную сістэму кіравання турыстычнай галіной, аб'яднаць Дэпартамент па турызме і існуючае Нацыянальнае агенцтва па турызме ў адзіную структуру. Аб'яднаную структуру - Нацыянальнае агенцтва па турызме - прапануецца падпарадкаваць непасрэдна Саўміну, гэта значыць вывесці з Мінспорту", - растлумачыў Мікалай Снапкоў.
Ён дадаў, што так агенцтва набудзе большую вагу і статус з улікам непасрэднага падпарадкавання віцэ-прэм'еру ва Урадзе, але па форме захаваецца існуючая структура.
Па выніках абмеркавання гэтай тэмы Аляксандр Лукашэнка падтрымаў ініцыятыву Урада аб стварэнні ў Беларусі новага рэгулятара турыстычнай сферы, але з персанальнай адказнасцю за дасягненне выніку.
Яшчэ адным з пытанняў парадку дня мерапрыемства стала забеспячэнне ўстойлівай работы холдынга "АМКАДОР". Яго гісторыя налічвае амаль 100 гадоў. З моманту стварэння ў 1927 годзе першага завода ён ператварыўся ў буйнейшага вытворцу дарожна-будаўнічай, лясной і сельскагаспадарчай тэхнікі ў Беларусі і краінах СНД. "Найважнейшы і найкаштоўнейшы завод", - падкрэсліў Прэзідэнт. Ад якасці яго тэхнікі, напрыклад, залежыць хуткасць устаранення бураломаў, будаўніцтва дарог, элементарная чысціня на вуліцах гарадоў, ды і запасы збожжа, паколькі апошнім часам і ў гэтай сферы выкарыстоўваюцца новыя ўзоры тэхнікі холдынга.
Аднак цяпер холдынг перажывае не самы лепшы час. "Лінейка прадукцыі пастаянна пашыраецца, - заўважыў Прэзідэнт. - За апошнія гады створана нямала навінак. Гэта пагоня за разнастайнасцю, магчыма, і стала адной з прычын складанай фінансавай сітуацыі".
"Паколькі былыя ўладальнікі холдынга сумленна прызналі, што больш не могуць забяспечваць вяртанне запазычаных сродкаў (гэта значыць прызналі, што даўгі ўзялі, а вярнуць не могуць), мы былі вымушаны прыняць кіруючую кампанію ва ўласнасць дзяржавы, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Мы ж не можам калектыў кінуць, гэта тысячы людзей. Самае галоўнае, што гэта прадукцыя нам патрэбна".
Ураду ставілася задача падрыхтаваць комплекснае рашэнне па фінансавым аздараўленні "АМКАДОРа". Асноўныя ўмовы - захаваць вытворчасць, не страціць напрацаваныя кампетэнцыі і абараніць працоўны калектыў. "Людзі ні ў чым не вінаватыя. Тым больш людзі моцныя (у плане прафесіяналізму, кваліфікацыі. - Заўвага), вопытныя".
"Цяпер не час нам распыляцца, спрабуючы ў адзін момант задаволіць запыты ўсіх спажыўцоў. Трэба забяспечыць вытворчасць самых запатрабаваных і, адпаведна, буйнасерыйных мадэлей тэхнікі, іх якасць і канкурэнтаздольнасць", - расставіў прыярытэты Прэзідэнт. Калі, вобразна кажучы, у холдынгу захочуць асвоіць выпуск яшчэ якіх-небудзь навінак, няхай гэта будуць хоць касмічныя ракеты, яны могуць гэта рабіць, але выключна за кошт уласных сродкаў. Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што пазычыць пад гэта ў дзяржавы грошай, а потым іх не вярнуць, не атрымаецца.
Яшчэ адзін аспект, на які звярнуў увагу Прэзідэнт і ад якога залежыць стабільная эфектыўная работа холдынга, гэта імпартазамяшчэнне. "Каб не залежаць ад еўрапейскіх пастаўшчыкоў камплектуючых, патрэбны ўласныя распрацоўкі і рост лакалізацыі. Імкнуцца трэба да 100%. Каб усё выраблялі самі. У крайнім выпадку - з расіянамі", - адзначыў ён.
На разгляд Кіраўніка дзяржавы прадстаўлены падрыхтаваны Урадам праект Указа, які забяспечвае вырашэнне крызіснай сітуацыі ў холдынгу "АМКАДОР". Гаворачы пра гэты дакумент, Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што ён павінен быць абгрунтаваным і добра прапрацаваным, каб не давялося ў хуткім часе ўносіць змяненні або дапаўненні, зноў разлічваючы на падтрымку з боку дзяржавы.
"Я ўжо не раз адзначаў: ад практыкі "падтрымання штаноў" трэба пазбаўляцца. Бюджэтныя грошы - грошы народныя. І ў нас шмат ёсць куды ўкладваць гэтыя грошы", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы спытаў, што ўжо зроблена Урадам і новым кіраўніцтвам "АМКАДОРа" для выпраўлення існуючай сітуацыі і ці ёсць станоўчыя якасныя змяненні.
У ходзе мерапрыемства праект Указа па стабілізацыі дзейнасці прадпрыемстваў холдынга "АМКАДОР" быў канцэптуальна разгледжаны і ў цэлым падтрыманы Прэзідэнтам. Пасля аператыўнай дапрацоўкі ён будзе ўнесены на подпіс Кіраўніку дзяржавы.
У праекце прадугледжваецца рэструктурызацыя даўгавых абавязацельстваў "АМКАДОРа" з мэтай іх далейшага эфектыўнага выкарыстання для павелічэння аб'ёмаў вытворчасці, забеспячэння збалансаванасці фінансавых патокаў і завяршэння рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, якія знаходзяцца ў высокай ступені гатоўнасці.


