Выязны семінар-нарада па сельскай гаспадарцы ў Мінскім раёне
- 15
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 чэрвеня сабраў выязны семінар-нараду па сельскай гаспадарцы ў Мінскім раёне.
Мерапрыемства прайшло на базе аднаго з малочнатаварных комплексаў філіяла "Астрашыцкі Гарадок" ААТ "Агракамбінат "Дзяржынскі".
У ліку ўдзельнікаў семінара-нарады - старшыні аблвыканкамаў і іх першыя намеснікі, упаўнаважаныя прадстаўнікі Кіраўніка дзяржавы ў рэгіёнах, памочнікі Прэзідэнта - інспектары па абласцях.
Кіраўніку дзяржавы і ўдзельнікам семінара далажылі аб вытворчай дзейнасці ААТ "Агракамбінат "Дзяржынскі".
Агракамбінат - гэта вертыкальна інтэграванае прадпрыемства, якое займаецца вытворчасцю і перапрацоўкай сельскагаспадарчай прадукцыі. Структура ўключае ў сябе некалькі падраздзяленняў, якія адказваюць за розныя напрамкі дзейнасці, такія як раслінаводства, жывёлагадоўля, перапрацоўка, камерцыйная дзейнасць і кіраванне. Філіялы агракамбіната размешчаны на тэрыторыях некалькіх раёнаў Мінскай вобласці. Работа будуецца па поўным замкнёным цыкле - ад поля і фермы да перапрацоўкі і продажаў, у тым ліку больш як праз сотню фірменных магазінаў.
"Па зямельных угоддзях гэта больш, чым раён. Па вытворчасці збожжа - гэта тры савецкія раёны", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт спытаў гендырэктара агракамбіната Уладзіміра Лук'янава, ці няма крыўды на цэнаўтварэнне.
"Не", - адказаў кіраўнік прадпрыемства.
Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым звярнуў увагу чыноўнікаў, адказных за пытанні цэнаўтварэння, што вопыт агракамбіната трэба браць і тыражаваць па краіне. "Вазьміце яго: вытворчасць, перапрацоўка, фірменны гандаль. Калі няма праблем, скапіруйце гэта ўсё і на краіну ўсё перакладзіце па прадукцыі, якую ён хаця б вырабляе. І народ перастане крыўдзіцца. Вось ён - ланцужок".
Яшчэ адзін важны напрамак, які маюць намер развіваць у "Дзяржынскім", - адкорм бычкоў на мяса. Размова ідзе пра вытворчасць высакаякаснай ялавічыны з добрым экспартным патэнцыялам. Пакуль такую вытворчасць плануецца стварыць у адным месцы - у Слуцкім раёне. Гэта дасць магчымасць у тым ліку загрузіць магутнасці Слуцкага мясакамбіната, які далучаецца да агракамбіната "Дзяржынскі".
"Мы думаем не малочны напрамак там развіваць, а адкорм. Таму што там побач Слуцкі мясакамбінат. Ён залежыць ад сыравінных зон. Мы хочам правесці такі эксперымент па адкорме на 8-9 тыс. галоў у год. Адпрацаваць там механізмы, падыходы, сумесна з навукай прапрацаваць рацыёны. Распрацаваць тэхналогію, рэгламент вырошчвання, утрымання, кармлення і будаўніцтва гэтага комплексу і падаць гэта як гатовы прадукт для ўсіх. Мы ўжо выбралі ўчастак, тэхналогію мы напісалі. Думаю, да новага года ў нас ужо будзе праектнае рашэнне і мы пачынаем гэты працэс, - расказаў гендырэктар. - Такім чынам, мы запоўнім наш мясакамбінат з забойнай пляцоўкай на 50-60% уласнай сыравінай. Гэта дасць нам магчымасць якасна, як асобная вытворчасць, палічыць затраты, рэтнабельнасць і атрымаць фінансавы вынік".
Папярэдні кошт праекта ацэньваецца ў памеры Br40-45 млн. У далейшым гэты вопыт, калі ён будзе прызнаны паспяховым, будуць тыражаваць у іншых філіялах агракамбіната.
"Трэба імгненна гэта будаваць. Паралельна ўсё рабіць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы, арыентуючы на максімальна сціслыя тэрміны.
З далучэннем іншых прадпрыемстваў і гаспадарак агракамбінат за 5 гадоў падвоіў валавую вытворчасць. У рэалізацыі - 7 розных інвестпраектаў, якія фінансуюцца часткова за кошт уласных сродкаў і часткова - крэдытаў Банка развіцця. У тым ліку прадпрыемства задзейнічана ў рэалізацыі праграмы "Адзін раён - адзін праект".
"Гэта добра, што ён (банк. - Заўвага) дапамагае таму, хто заўтра дасць аддачу. Але гэта не значыць, што мы маліцца на яго павінны, таму што ёсць такое добрае прадпрыемства. Павінны развіваць і іншыя прадпрыемствы", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
У гэтым плане Аляксандр Лукашэнка паставіў пытанне падрыхтоўкі кіраўнікоў, якія маглі б у будучым узначаліць або той жа агракамбінат "Дзяржынскі", або стварыць іншыя такія прадпрыемствы ў рэгіёнах краіны. "Заўтра цябе няма. Хто замест цябе?" - паставіў прынцыповае пытанне Кіраўнік дзяржавы перад Уладзімірам Лук'янавым.
"Пару чалавек ёсць", - адказаў ён.
"Ну хоць пару. Гэта важнае пытанне. Добрае прадпрыемства. Таму нам трэба бачыць тут людзей, якія заўтра створаць такую гаспадарку. Калі мы будзем падобнае ствараць, у нас праблем не будзе з прадуктамі харчавання і іншымі пытаннямі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт расказаў аб асноўнай задуме чарговага мерапрыемства ў такім фармаце - размова аб умовах утрымання буйной рагатай жывёлы (БРЖ).
"Ад гэтага мы нікуды не адыдзем", - падкрэсліў беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што раней прапаноўваў паставіць у Беларусі помнік карове ў знак заслуг гэтай жывёлы ў жыцці людзей, і асабліва ў гады Вялікай Айчыннай вайны. "Людзі ішлі ў лясы і з сабой бралі жывёлу, каб выжыць. Карова і сёння корміць народ. Гэта не толькі малако, але і мяса, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Калі мы хочам быць здаровымі, трэба дыхаць нармальным паветрам і харчавацца нармальнымі прадуктамі, зыходзячы з гэтага, карова, вобразна кажучы, павінна стаяць у палацы".
Прэзідэнт адзначыў, што за апошнія гады намацалі, якім шляхам развівацца ў жывёлагадоўлі. Прынялі рашэнне, што жывёлагадоўчыя фермы неабходна пераўтварыць у жывёлагадоўчыя малочнатаварныя комплексы (МТК), дзе ў цэлым па ўсім ланцугу выконваюцца тэхналогіі.
"Жым адносна гэтага будзе вельмі сур'ёзны. Я вырашыў вас запрасіць, паказаць, расказаць. Тут спецыялісты, якія могуць і пакрытыкаваць, і выказаць сваю пазіцыю. Для вас, для журналістаў невялікі гадзінны ўрок. Каб вы разумелі, што гэта за тэхналогія, у якім "палацы" павінны ўтрымліваць кароў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка аб задуме мерапрыемства.
Гэта важна яшчэ і напярэдадні дзвюх вялікіх нарад па захаванасці маладняку БРЖ і па рабоце аграрна-прамысловага комплексу ў Віцебскай вобласці, дзе назбіралася шмат праблем.
Прэзідэнт падкрэсліў, што вырабляць малако высокай якасці - гэта вельмі прыбыткова. З яго потым можна вырабіць цэлы спектр разнастайнай прадукцыі, якая шырока запатрабавана і за мяжой.
"У вас сёння ёсць усё для таго, каб арганізаваць працэс вытворчасці і перапрацоўкі. Без жартаў. Паўтараю яшчэ раз: не хочаце ў акопах сядзець, у гразі вошай пладзіць - давайце працаваць, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Выкананне тэхналогій і ваенная дысцыпліна. Вам дадзены ўсе правы. Калі не хочам вайны, значыць, трэба працаваць правільна. Трэба атрымліваць прадукцыю і прадаваць. Трэба, каб сумленна падыходзілі да гэтай работы".
Гаворачы пра семінар-нараду, Аляксандр Лукашэнка расказаў, што папрасіў экс-кіраўніка Мінскай вобласці, а цяпер Прэм'ер-міністра Аляксандра Турчына і іншых спецыялістаў, каб яны вызначылі тыпавы комплекс, на прыкладзе якога можна прадэманстраваць існуючы перадавы вопыт. МТК "Селішча-2" у агракамбінаце "Дзяржынскі" нават з запасам адпавядае гэтым крытэрыям. "Гэта будучае стагоддзе", - канстатаваў Прэзідэнт. Тым не менш і тут усё зроблена хоць і вельмі добра, але эканомна. Многія будаўнічыя работы выконваліся гаспадарчым спосабам. "А што тут складанага? Калі ты добры кіраўнік, ты абавязаны мець сваю будаўнічую брыгаду", - заўважыў беларускі лідар.
Гэта адзін з добрых прыкладаў, які трэба пераймаць і ў іншых арганізацыях, дзе гэта яшчэ не зрабілі. У цэлым у краіне не больш як трэць сельгаспрадпрыемстваў, на якія трэба звярнуць пільную ўвагу. Астатнія працуюць або ў цэлым нядрэнна, або на высокім узроўні.
"Нам трэба прыстасаваць (вопыт перадавых гаспадарак. - Заўвага), недзе мадэрнізаваўшы старыя фермы, ператварыць іх у малочнатаварныя комплексы. Патрэбна сучаснае ўтрыманне жывёлы. І прадаваць малако гатункам "экстра". Гэта сёння добрыя грошы і сёння малако прыбытковае", - паставіў задачу беларускі лідар.
Ён звярнуў увагу на тое, што адбываецца ў свеце, - войны і канфлікты. Нажывацца на іх - гэта не палітыка Беларусі, але і без гэтага прадукты харчавання ў свеце заўсёды будуць запатрабаваны, упэўнены Прэзідэнт: "І без войнаў людзей трэба накарміць. Значыць, попыт на прадукты харчавання і адзенне будзе (а адзенне таксама з зямлі) толькі ўзрастаць. Таму нам трэба абавязкова ісці гэтым шляхам - ствараць МТК і вырашаць гэтыя праблемы".
Аляксандр Лукашэнка асабліва звярнуў увагу на ўмовы ўтрымання БРЖ, і асабліва маладняку, каб не дапускаць падзяжу, што для многіх гаспадарак пакуль з'яўляецца праблемай. А для гэтага патрэбны не толькі добрыя памяшканні, але і якасныя кармы. "Няма маладняку - няма ні малака, ні мяса", - канстатаваў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб двух даручэннях, якія даваліся яшчэ раней, - зрабіць айчынныя прэсы для нарыхтоўкі сенажу і робаты для даення, якія былі б па якасці не горшыя за замежныя.
"Прэс трэба зрабіць. Гэта пытанне жыцця і смерці", - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што якасць тэхнікі ўплывае на якасць кармоў, а гэта - здароўе жывёлы.
Што датычыцца робатаў для даення, Аляксандр Лукашэнка бачыць у гэтым перспектыву ў тым ліку з улікам дэфіцыту кадраў у вёсцы. Але гэта таксама пытанне эфектыўнасці вытворчасці.
У ходзе выязнога семінара-нарады Прэзідэнт заявіў, што ў сельскагаспадарчым сектары Беларусі пакуль не ўсюды хапае дысцыпліны.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што сярод цяперашняга складу старшынь аблвыканкамаў палавіна ўжо - не аграрыі. З другога боку, гэтыя людзі прайшлі праз цэнтр, займалі высокія пасады, у тым ліку ў прамысловасці, энергетыцы і нават сілавых структурах.
Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што гэтыя кіраўнікі ў тым ліку пасадзейнічаюць падняццю ўзроўню дысцыпліны, а канкрэтна спецыялістаў аграрнага профілю ў рэгіёнах дастаткова. "Спецыялістаў у нас шмат. Пакуль кульгае арганізацыя. Паглядзім, што з гэтага кадравага эксперымента атрымаецца. Але не хапае дысцыпліны. Усё робім правільна. Але часам робім марудна, а часам не робім наогул. Выканальніцкая дысцыпліна - пытанне нумар адзін, - падкрэсліў беларускі лідар. - У нас беспарадак у сельскай гаспадарцы. І няпраўда, што ў нас не хапае людзей. Мы іх не арганізавалі і не прымусілі працаваць. Павінна быць дысцыпліна. Патрэбны вынік".
Звяртаючыся да ўдзельнікаў семінара-нарады, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што запрасіў іх на гэта мерапрыемства, таму што бачыць значны аб'ём невыканальнасці. "Я вырашыў зрабіць па-ваеннаму. У нас была ў арміі такая добрая формула: "Рабі, як я". Вось я вырашыў вам паказаць: я ад вас патрабую вось гэта, зрабіце так. Тады не будзе падзяжу жывёлы. Таму што, калі будзе падзеж жывёлы як цяпер або ўчора, будзе гэта ўсё прадаўжацца, мы прыйдзем да таго, што нам жраць самім будзе няма чаго. Таму не думайце, што гэта прыхамаць Лукашэнкі", - сказаў Прэзідэнт.
Што датычыцца тэзіса аб тым, што калі не працаваць належным чынам, то гэта прывядзе краіну да вайны, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта ніякая не палітычная прапаганда або агітацыя. "Я хачу, каб вы, кіраўнікі перш за ўсё, прасякнуліся гэтым. Як працаваць, мы ведаем", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што, напрыклад, у раслінаводстве ўжо гаварылі на многія тэмы, у тым ліку на ўзроўні Прэзідэнта. Вызначылі падыходы да вырошчвання рапсу, лёну, азімага ячменю і многіх іншых культур. "Я вясковы чалавек, які пражыў нямала. І ведаю, што без прадуктаў харчавання, без адзення, самага неабходнага, чалавек жыць не можа. А насельніцтва планеты ўвесь час расце. Мы ўмеем гэта рабіць. Давайце будзем развівацца. Але не забываць аб тым, што мы - машынабудаўнічая краіна. Што ў нас дастаткова школ створана па машынабудаванні, іншых напрамках - хімія, нафтахімія, нафтаперапрацоўка. У нас шмат галін там, дзе мы ўмеем працаваць. Туды трэба інвесціраваць і ствараць дадаткова новыя прадпрыемствы. Рабіць тое, што мы ўмеем", - заявіў Прэзідэнт.
На выязным семінары-нарадзе таксама абмяркоўвалася пытанне магчымага пераходу на цэнтралізаваныя закупкі вакцын для жывёлагадоўлі.
На мерапрыемстве з дакладам выступіў Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Каранік. Ён расказаў аб комплексным падыходзе да павышэння захаванасці буйной рагатай жывёлы і забеспячэнні росту яго прадукцыйнасці. Было адзначана, што сітуацыя з падзяжом жывёлы крыху стабілізавалася, але ўсё роўна не радуе. За пяць месяцаў бягучага года паказчык вырас на 1,7% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Аднак крыху змянілася структура непрадукцыйнага выбыцця: у большасці абласцей палепшылася сітуацыя адносна маладняку, але пагоршылася па асноўным статку.
Кіраўнік НАН падрабязна спыніўся на фактарах, якія ўплываюць на захаванасць жывёлы, і агучыў шэраг прапаноў па выпраўленні сітуацыі.
Напрыклад, каб пазбегнуць рызыкі страты цялят пры нараджэнні (як правіла, гэта адбываецца ўначы), на некаторых фермах даплачваюць тым супрацоўнікам, якія застаюцца на гэты час дзяжурыць.
Сярод важных фактараў - фарміраванне імунітэту ў цялят, далейшая вакцынацыя. Уладзімір Каранік падкрэсліў, што вакцыны, на жаль, часта прымяняюцца неадэкватна. Пералічваючы праблемы, ён адзначыў, што ў кожнай гаспадарцы павінен быць распрацаваны свой план вакцынацыі з улікам эпізаатычнай сітуацыі ў гаспадарцы, але часта планы не абнаўляюцца або бяруцца шаблонна з суседніх гаспадарак. Парушаюцца схемы вакцынапрафілактыкі, спосабы і дозы ўвядзення, захоўвання і транспарціроўкі. Усё гэта прыводзіць да таго, што вакцыны не працуюць. Для выпраўлення сітуацыі ён прапанаваў, каб раённыя ветстанцыі кантралявалі выкананне патрабаванняў аб распрацоўцы і выкананні планаў вакцынацыі з улікам сітуацыі.
Кіраўнік НАН таксама прапанаваў перайсці на цэнтралізаваную закупку вакцын для жывёл: "Прапаную разгледзець магчымасць правядзення цэнтралізаванай закупкі вакцын на ўзроўні раёна або вобласці. Каб мы разумелі, што абарону пагалоўя забяспечваем незалежна ад фінансавага стану гаспадаркі і ад таго, ёсць там ветэрынар ці не". Дарэчы, на яго думку, у пераліку на колькасць пагалоўя ў Беларусі дастаткова ветурачоў - трэба толькі правільна выбудаваць іх работу. Напрыклад, цэнтралізаваць сістэму, каб раённая ветстанцыя забяспечвала ветэрынарнае суправаджэнне па ўсім раёне.
У падтрымку цэнтралізацыі пры закупцы вакцын на семінары-нарадзе выказаўся і намеснік старшыні Усебеларускага народнага сходу, упаўнаважаны прадстаўнік Кіраўніка дзяржавы ў Мінскай вобласці Аляксандр Косінец.
Паводле агучаных ім даных, у Беларусі вырабляюцца толькі 24 віды вакцын для ветэрынарыі: 17 на "Белвітуніфарме" і 7 у Інстытуце эксперыментальнай ветэрынарыі імя Вышалескага, сярод іх крыху больш за 10 - для БРЖ. Але 56 найменняў закупляюцца з-за мяжы для БРЖ, 51 - для птушкі і амаль такая ж колькасць для свіней. У краіне 1455 гаспадарак, і кожная закупляе вакцыны і лекавыя прэпараты самастойна, крытычна заўважыў ён.
"Вакцынацыя ў нас у краіне павінна быць цэнтралізаванай, але з улікам спецыфікі захваральнасці на кожным малочнатаварным комплексе", - згодны з Уладзімірам Каранікам Аляксандр Косінец. Ён перакананы, што неабходна абавязкова наладзіць сістэму кантролю за якасцю вакцын, што закупляюцца.
Асобная ўвага была ўдзелена прафілактыцы і лячэнню інфекцыйных паталогій. "На жаль, лабараторная дыягностыка інфекцыйных захворванняў на сённяшні момант не ў поўнай меры забяспечвае ветэрынарную службу неабходнай інфармацыяй. Частка методык або ўстарэла, або недастаткова дакладная", - растлумачыў ён. Напрыклад, у тым выпадку, калі проба на такое захворванне, як бруцэлёз, дае станоўчы рэзультат (а яна часта дае памылковастаноўчы рэзультат), то на ўстанаўленне дакладнага дыягназу патрэбны адзін месяц, і на працягу гэтага перыяду захоўваецца нявызначанасць наконт дзеянняў на гэтай ферме і з атрыманым малаком (яго трэба пастэрызаваць).
Уладзімір Каранік нагадаў, што ў Беларусі ў час пандэміі COVID-19 па рашэнні Кіраўніка дзяржавы былі значна пашыраны магчымасці лабараторнай службы ПЛР-дыягностыкі, якія дазваляюць хутка выяўляць розныя антыгены. "Я лічу, што мы цяпер павінны задзейнічаць ПЛР-лабараторыі (са сферы аховы здароўя ў інтарэсах ветэрынарыі. - Заўвага). Цяпер мы павінны ствараць сістэму ПЛР-дыягностыкі, якая дазваляе атрымліваць адказ не на працягу месяца, а аднаго - максімум двух дзён", - растлумачыў кіраўнік НАН. Паводле яго слоў, у бліжэйшы час спецыялісты прадставяць Прэзідэнту прапановы, якім чынам зрабіць лабараторную дыягностыку ў ветэрынарыі больш аператыўнай і сучаснай.
Асобна абмяркоўвалася пытанне эфектыўнасці гадоўлі некаторых парод буйной рагатай жывёлы. Напрыклад, у Беларусі вельмі распаўсюджаны каровы галштынскай пароды - адной з самых прадукцыйных малочных парод у свеце, але гэта прадукцыйнасць дасягаецца толькі за кошт строгага захавання норм кармлення і рацыёну. "Мы павінны прымаць рашэнне: або па-ранейшаму гэтак жа інтэнсіўна выкарыстоўваем гэтых кароў незалежна ад таго, ёсць тэхналогіі ці няма, або працуем над генетычнай разнастайнасцю", - сказаў кіраўнік НАН. Паводле яго слоў, для гаспадарак сярэдняга ўзроўню і слабых магчыма далейшае развіццё дацкага напрамку - каровы гэтай пароды хоць крыху менш прадукцыйныя, але больш устойлівыя і трывалыя.
У Беларусі ёсць таксама вопыт работы з дацкай чырвонай пародай кароў, іх гадуюць у сельгаспрадпрыемстве "Вусце". Аднак па шэрагу аб'ектыўных і суб'ектыўных прычын гэты вопыт пакуль не занадта паспяховы. У сувязі з гэтым Уладзімір Каранік прапанаваў узяць частку пагалоўя са статка і паспрабаваць папрацаваць з гэтай пародай на базе адной з перадавых гаспадарак краіны ў Брэсцкай або Гродзенскай абласцях. Гэта дасць магчымасць параўнаць вынікі і канчаткова вызначыцца з перспектывамі.
Па выніках праведзенай дыскусіі Аляксандр Лукашэнка даручыў падрабязна абмеркаваць усе выказаныя прапановы і пры неабходнасці аформіць іх у канкрэтныя рашэнні.
"Давайце дамовімся, што мы не проста будзем чарговы раз на нарадзе па прадухіленні такога падзяжу, як у нас, слухаць размовы і лекцыі нам будуць вучоныя чытаць (правільна будуць гаварыць)… Але каб мы прынялі рашэнне. Калі трэба цэнтралізацыя ветслужбы… Шулейка лічыць, што трэба, а Косінец - не (я прыкладна гавару). Дык вы сыдзіцеся на агульнай думцы і ўнясіце канкрэтную прапанову, - сказаў Прэзідэнт. - Калі Уладзімір Сцяпанавіч (Каранік. - Заўвага) лічыць, што нам трэба падключыць сістэму аховы здароўя да дыягностыкі або яшчэ нечага, давайце будзем падключаць, уносьце прапановы. Калі ёсць разумныя, вывераныя прапановы, рашэнне прымаецца на працягу сутак".
Аляксандр Лукашэнка адобрыў прапанаваны падыход да далейшай работы з дацкай чырвонай пародай кароў. "Калі вы хочаце паспрабаваць недзе ўтрымліваць 50-60 галоў дацкай жывёлы, гэта трэба рабіць, - сказаў ён. - Я не супраць. Спрабуйце. Думайце, як далей дзейнічаць, каб атрымаць вынік".
Што датычыцца закупкі вакцын для ветэрынарыі праз адзіную сістэму, тут Прэзідэнт таксама пагадзіўся з агучанай ініцыятывай. Тым больш, як паказаў час, ніякія рыначныя механізмы не дапамагаюць вырашыць гэту праблему. Наадварот, усё часцей узнікаюць пытанні з якасцю і цаной прэпаратаў, якія закупляюць самі жывёлагадоўчыя гаспадаркі.
"Трэба цэнтралізаваць - давайце будзем цэнтралізаваць. Закончым і ў гэтым плане балбатню ўсякую пра рынкі. Мы заўтра не вырабім лякарстваў і вакцын дастатковую колькасць, і наўрад ці ёсць такая дзяржава, якая ўсё вырабляе, а калі ёсць, то адзінкі. Таму паўстае пытанне: тое, што мы закупляем, - хто пацікавіўся якасцю? Калі б мы закуплялі патрэбнай якасці і патрэбнае, то, напэўна, быў бы і вынік зусім іншы", - крытычна заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Па выніках выязнога семінара-нарады Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пытанне мэтазгоднасці будаўніцтва буйных свінакомплексаў на 100 тыс. галоў неабходна дадаткова абмеркаваць і прапрацаваць з усімі зацікаўленымі.
Размова ішла, у прыватнасці, аб тым, што для рэалізацыі такіх маштабных праектаў патрабуецца дэталёва абмеркаваць усе існуючыя аспекты, і асабліва рызыкі. Павінна быць, напрыклад, гарантаваная кармавая база, выканальніцкая дысцыпліна і строгае захаванне тэхналогій. Паколькі пры такой канцэнтрацыі пагалоўя ў адным месцы павялічваюцца рызыкі значных страт у выпадку ўзнікнення якіх-небудзь праблем, захворванняў. Таму, магчыма, мае сэнс размяркоўваць пагалоўе па 25 тыс. на чатырох асобных больш дробных комплексах замест аднаго буйнога.
У той жа час на карысць будаўніцтва буйных комплексаў сведчаць эканамічныя разлікі, паказчыкі фінансавай эфектыўнасці на такіх аб'ектах вышэйшыя.
Сярод удзельнікаў мерапрыемства былі прыхільнікі абодвух пунктаў гледжання. Напрыклад, Намеснік Старшыні Усебеларускага народнага сходу, упаўнаважаны прадстаўнік Кіраўніка дзяржавы ў Мінскай вобласці Аляксандр Косінец лічыць, што лепш не канцэнтраваць вялікае пагалоўе ў адным месцы. Лепш разгрупаваць па тэрыторыі краіны комплексы на 25 тыс., тым больш што плошчаў для гэтага хапае. У выпадку ўзнікнення захворванняў гэта дасць магчымасць правесці комплекс мерапрыемстваў і выратаваць пагалоўе. Ды і вопыт арганізацыі работы такіх свінакомплексаў у краіне ёсць, схема наладжана і можа быць распаўсюджана ў розных рэгіёнах. Арганізаваць кантроль за выканальніцкай дысцыплінай на такіх аб'ектах прасцей.
У той жа час прыхільнікі будаўніцтва статысячнікаў апелююць да большай эканамічнай аддачы ад рэалізацыі буйных праектаў. Сярод іх, напрыклад, Намеснік Прэм'ер-міністра, упаўнаважаны прадстаўнік Кіраўніка дзяржавы ў Брэсцкай вобласці Юрый Шулейка і старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко. Адна з прапаноў, вынесеных на разгляд Прэзідэнта, датычылася ўзвядзення такога шматлікага комплексу ў Гомельскай вобласці.
"У нас, Юрый Вітольдавіч, асабліва ў сістэме, якую вы ўзначальваеце, з'явілася нейкая лёгкасць: ах, давайце гэта, давайце сто тысяч... Не спяшайцеся. Вельмі шмат праблем", - звярнуўся да віцэ-прэм'ера Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што рашэнне павінна быць узважаным, абгрунтаваным, а не паспешным. "Давайце падыходзіць разумна. Я буду рады і шчаслівы, калі ў Гомельскай вобласці мы пабудуем нейкія свінакомплексы і яны там будуць паспяховыя, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Таму што нам Гомельскую вобласць трэба развіваць. А гэта - развіццё. Але калі яны не могуць - няма чаго туды і хадзіць".
"Давайце з вамі вызначымся: мы ў Гомельскай вобласці будзем будаваць чатыры комплексы або адзін статысячнік", - паставіў ключавое пытанне Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка ў ходзе выязнога семінара-нарады па сельгастэматыцы зноў закрануў актуальную цяпер тэму наяўнасці ў гандлі бульбы.
"Калі вы думаеце, што наша моладзь, якая ідзе за намі, будзе так працаваць (як папярэднія пакаленні. - Заўвага), вы памыляецеся або самі сябе падманваеце. Не будзе. Гэта іншая моладзь. Яны думалі, што бульба расце ў інтэрнэце. Аказалася, не ў інтэрнэце бульба расце, яна расце ў полі, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - У нас ныюць - пачынаючы ад вёскі да раённага цэнтра і гарадоў - людзі, якія маюць свае дачы. Што вы ныеце? У нас хапае насення. Ну дык вы дзве баразёнкі для сябе (пасадзіце. - Заўвага), каб два мяхі бульбы (нарасло. - Заўвага). Высаджвайце на гэтым кавалачку зямлі або ў вёсках. У вёсцы ж не апрацоўваюць участкі".
Кіраўнік дзяржавы спытаў у намесніка Кіраўніка спраў Прэзідэнта Мікалая Шарснёва, ці высаджвае ён на сваёй дачы бульбу. "Штогод саджу", - адказаў чыноўнік.
"Вось, у яго ёсць бульба, без праблем. Высокага ўзроўню чыноўнік. А звычайнаму чалавеку, у якога дзеткі маленькія... Мне бульба не трэба. Я яе знайду паўтара меха. Але ў мяне два ўчасткі. Хочаце паглядзець - калі ласка, хоць зараз. Учора я паглядзеў і адзін, і другі ўчастак, бульба - заглядзенне. Акадэмія навук перадала насенне, я правяраю, што гэта за насенне. Усіх забяспечу бульбай, хто стаіць тут", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Дык чаму мы гэтым не займаемся? Што мы ўсё ходзім і ныем, нечага нам не хапае. Я разважаю, магчыма, як рэтраград і кансерватар нейкі, але ў жыцці нічога не прыдумалі іншага: для таго, каб нешта мець, трэба пагарбаціцца. Не гарбацімся - будзе дрэнна. Наша моладзь да гэтага не прывыкла. І калі вы думаеце, што размовамі мы яе прывучым, - нічога падобнага", - дадаў Прэзідэнт.


