Селектарная нарада па пытаннях уборачнай кампаніі 2025 года

  • 26
  • 2

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18 ліпеня правёў селектарную нараду па пытаннях уборачнай кампаніі 2025 года.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў краіне ідзе важнейшы этап сельскагаспадарчых работ, які як ніколі вызначыць вагу рэспубліканскага каравая ў гэтым годзе.

"Уборку збожжавых, зернебабовых і іншых культур могуць ускладніць і дажджы, і шквалісты вецер, і высокая тэмпература - любы неспрыяльны фактар навакольнага асяроддзя. Усё гэта аб'ектыўныя акалічнасці, негатыўны ўплыў якіх прагназуемы: паляганне пасеваў, вегетацыя пустазелля, а таксама магчымае прарастанне збожжа. Любыя рызыкі можна і трэба мінімізаваць. Для гэтага і збіраемся - каб абазначыць праблемныя пытанні, узгадніць падыходы, выпрацаваць стратэгію ўборачнай кампаніі ў такіх умовах", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У сувязі з частковым паляганнем пасеваў Кіраўнік дзяржавы ўдакладніў, ці ўсе камбайны абсталяваны сцеблапад'ёмнікамі і дзялільнікамі для ўборкі палеглага збожжа.

"У вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі за паўгоддзе мы бачым недабор крыху больш за 2% да ўзроўню мінулага года. Так, уніз нас цягне гадоўля свінапагалоўя, слабыя тэмпы нарыхтоўкі кармоў. Але неабходна не дапусціць спаду паказчыкаў па выніках года і пастарацца кампенсаваць недабор за кошт раслінаводчай прадукцыі. Зразумела, што першы ўкос траў мы ўбралі вельмі рана - не атрымалі патрэбных аб'ёмаў, магчыма, і якасці. Але другі ўкос, у некага ўжо і трэці ўкос адрастаюць нядрэнныя, - канстатаваў Прэзідэнт. - Стаіць задача забяспечыць нестандартную арганізацыю працы, каб правесці нарыхтоўку кармоў і своечасовую ўборку збожжавых перш за ўсё. Зрабіць гэта трэба вельмі хутка, нягледзячы на тыя ўмовы надвор'я, якія складваюцца".

На першым месцы, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, тэхнічная гатоўнасць усяго ўборачнага комплексу. Паводле яго слоў, вырашальнае значэнне мае дакладная арганізацыя работ і дастойнае заахвочванне за якасную працу.

"Нагадаю: дзяржава для правядзення паспяховай уборачнай кампаніі зрабіла ўсё магчымае. Таму ад усіх - ад кіраўніка да механізатара - патрабуецца максімальная аддача", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Па запэўненні Урада, прагназуемы валавы збор збожжа і збожжавых культур у бункернай вазе можа скласці каля 11 мільёнаў тон - тое, што нам трэба. Гэта тое, што цяпер на корані. Гэта трэба яшчэ без страт убраць", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час Камітэт дзяржаўнага кантролю, Генеральная пракуратура і Міністэрства ўнутраных спраў інфармуюць Прэзідэнта аб тым, што ў некаторых рэгіёнах дрэнна падрыхтаваліся да ўборачнай кампаніі. Напрыклад, стаяць няспраўнымі і збожжаўборачныя камбайны, і зернесушыльныя комплексы.

Частка адрамантаваных камбайнаў не прайшла дзяржтэхагляд. Таму нядзіўна, што потым нагрузка на адзін працуючы камбайн павялічваецца, сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Збожжаўборачныя камбайны не гатовы да работы практычна ў кожнай трэцяй з правераных гаспадарак рэспублікі. Пры гэтым у асобных арганізацыях рамонт нават не пачыналі з-за адсутнасці запасных частак і механізатарскіх кадраў. У шэрагу сельгасарганізацый не падрыхтаваны склады для прыёмкі ўраджаю. Не ўсюды належным чынам паклапаціліся аб забеспячэнні тэхнікі гаручым, запаснымі часткамі, з-за чаго магчымы страты рабочага часу. Зноў жа, ніяк не пераможам прыпіскі. У 5% правераных гаспадарак устаноўлены выпадкі, калі тэхніка была гатова да работы толькі на паперы. Дзіўна, каго спрабуюць падмануць", - абазначыў праблемныя пытанні Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, уборачная кампанія толькі пачалася, а Камітэт дзяржаўнага кантролю ўжо выявіў факты няякаснай уборкі ўраджаю. Парушэнні зафіксаваны ў асобных гаспадарках Свіслацкага і Салігорскага раёнаў. Аналагічная сітуацыя і ў нарыхтоўцы кармоў. Нізкія тэмпы ўборкі траў з-за няспраўнай тэхнікі. У многіх гаспадарках своечасова не праведзена падкормка азотнымі ўгнаеннямі шматгадовых траў.

На 14 ліпеня ў Віцебскай вобласці не быў завершаны першы ўкос шматгадовых траў на плошчы амаль 20 тыс. га. Прэзідэнт пацікавіўся, у чым праблема і якія гаспадаркі не спраўляюцца з работамі.

"Нельга дапусціць, каб уборачная кампанія праходзіла ў нядбайным рэжыме. Гэта пагражае непазбежнымі стратамі ўраджаю", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У адказных за аграпрамысловы комплекс ён удакладніў, як у цэлым складваецца сітуацыя на месцах і якія пытанні патрабуюць неадкладнага вырашэння.

"Па-першае, што рэальна тармозіць і калі будзе завершаны рамонт усёй наяўнай збожжаўборачнай тэхнікі? Ці хапае запасных частак і як арганізаваны рамонт? Вось вам і сельгастэхнікі, аб якіх я вам пастаянна гавару. Некаторыя проста не могуць адрамантаваць гэту тэхніку. Па-другое, ці вырашаны пытанні забеспячэння палівам? Па-трэцяе, як будзе арганізавана сушка збожжа? - абазначыў шэраг пытанняў Кіраўнік дзяржавы. - Зернесушыльныя комплексы сёння выходзяць на першае месца: давядзецца ўбіраць (мы гэта ўжо бачым) вільготнае збожжа, яго трэба дапрацоўваць на зернесушылках".

У сувязі з гэтым Прэзідэнт пацікавіўся, як будзе задзейнічана сушыльная гаспадарка камбінатаў хлебапрадуктаў.

"Чацвёртае, залог поспеху на ўборцы - працоўная і тэхналагічная дысцыпліна. Што робіцца для прадухілення парушэнняў? Як перакрыты магчымыя каналы крадзяжу ў ходзе уборкі?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, што добра інфармаваны аб сітуацыі на месцах і без прыцягнення міліцыі: "Што толькі можна, тое і крадуць. Спыніць трэба жалезным чынам".

Прэзідэнт запатрабаваў ад міліцыі разабрацца з гэтай праблемай: "Закручвайце па лініі міліцыі, ды і іншых праваахоўных органаў, па поўнай".

Звяртаючыся да кіраўніка МУС, Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў прымаць самыя жорсткія меры да "несуноў і трасуноў". "Ніхто за каласок з чалавека не спаганяе. Але калі вінаваты - і за каласок спаганіце", - сказаў ён.

"Мы заўсёды даём інфармацыю губернатарам. Там, дзе не прымаюць меры, працуем жорстка", - адказаў на гэта Іван Кубракоў.

Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў, што за працоўную і тэхналагічную дысцыпліну спагнанне павінна быць самае жорсткае. "Лепш убіраць хлеб, чым ваяваць", - заявіў беларускі лідар.

Пятае, адзначыў Прэзідэнт, уборка збожжавых супадае з тэрмінамі ўборкі рапсу, лёну, другімі ўкосамі шматгадовых траў, пасевам пажніўных культур. Сельгасработы не спыняюцца. Часта на кормаўборачных і збожжаўборачных камбайнах працуюць адны і тыя ж механізатары. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, які стан спраў з механізатарскімі кадрамі. "Вось за гэта трэба ўжо не толькі вушы, але і галаву адрываць", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў, што гэта праблема абмяркоўвалася яшчэ ў мінулым годзе. Тады ішла размова аб тым, каб прыцягнуць да ўборачнай кампаніі гарадскіх жыхароў, у якіх ёсць вопыт работы камбайнерам або памочнікам камбайнера. "З імі трэба было дамовіцца і прыцягнуць іх, мабілізаваць іх, кажучы на ваеннай мове, на ўборку ўраджаю", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка спытаў, ці створаны ўмовы для камбайнераў, вадзіцеляў, рабочых на збожжатоках - для тых, хто забяспечвае ход усёй уборачнай кампаніі.

"Мы не маем права забываць пра нашых сялян. Таму той ураджай, які ёсць на прысядзібных участках (няшмат ужо ўчасткаў, на жаль, засталося), трэба сялянам дапамагчы ўбраць", - паставіў задачу Кіраўнік дзяржавы.

Ён папрасіў службовых асоб не расказваць пра пагодныя рэаліі і іх наступствы: "Я хачу ведаць канкрэтна: што зроблена для атрымання максімальнага выніку ў экстрэмальных умовах".

"Я позна вечарам праехаў па тыпавых для Беларусі палях і ведаю абстаноўку. Больш за ўсё мяне непакоіць, каб фітафтора бульбу не з'ела. Паглядзіце. Не давядзі гасподзь, мне даложаць, што вы не апрацавалі бульбу. І зноў будзем перажываць у наступным годзе, у сакавіку-красавіку, што нам бульбы не хапіла. Трэба апрацаваць бульбу, догляд павінен быць. Па астатніх прапашных культурах я не бачу ніякіх праблем. Па збожжы найбольш небяспечна там, дзе адбыліся сур'ёзныя паляганні. А гэта, як вы разумееце, стварае парніковы эфект, і пачынае расці трава. Прарастае трава - і мы не зможам потым падняць гэты ўраджай збожжа, хоць ён у гэтым годзе нядрэнны", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт параіў аграрыям не расслабляцца, не чакаць і не сушыць збожжа ў палях. Паводле яго слоў, трэба своечасова ўбіраць ураджай і дасушваць. "Галоўнае, каб не было страт. Надвор'е будзе ўвесь час такое: дождж, суха, сонечна, дождж. Такога года яшчэ на нашай памяці не было. Год нядрэнны для сельгаскультур і для жывёл. Тэхнікі хапае, не хапае толькі дысцыпліны і арганізаванасці", - заявіў беларускі лідар.

У час селектарнай нарады Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў звярнуў увагу на шэраг праблем і недапрацовак у сельскагаспадарчым сектары. Размова, сярод іншага, ішла аб фактах негатоўнасці тэхнікі, неналежнага захоўвання збожжа, праблем з корманарыхтоўкамі, няхваткі механізатараў у асобных гаспадарках. Так, недахоп кадраў у канчатковым выніку вядзе да таго, што збожжаўборачныя камбайны могуць проста прастойваць.

"Няспраўнасць няспраўнасці (я ўжо вам прыводзіў прыклад) розніца. Можа, нейкая шасцярэнька нясвоечасова прыйшла... Гатовы камбайн? Не гатовы, але гэта дробязь. Пры ацэнцы трэба бачыць аб'ём, маштаб недапрацовак", - звярнуўся Прэзідэнт да Старшыні Камітэта дзяржкантролю.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, да праверак трэба падыходзіць максімальна акуратна. Усё павінна быць сумленна, аб'ектыўна і справядліва. Аляксандр Лукашэнка даручыў Васілю Герасімаву перадаць супрацоўнікам КДК падыходзіць да праверак, кіруючыся менавіта такімі прынцыпамі.

Звяртаючыся да Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Юрыя Горлава, Прэзідэнт арыентаваў яго зрабіць акцэнт на тых недахопах, якія ёсць у сельскагаспадарчай сферы. Кіраўнік дзяржавы сказаў, што даклад не павінен быць проста наборам фактаў - патрэбны аналіз, высновы, прапановы. Прэзідэнт прапанаваў Юрыю Горлаву звярнуць увагу і на тыя заўвагі, якія былі зроблены старшынёй Камітэта дзяржкантролю.

Як далажыў Юрый Горлаў, паводле ацэнак спецыялістаў і вучоных, чаканы валавы збор у бункернай вазе збожжавых і зернебабовых з кукурузай у сельгасарганізацыях рэспублікі чакаецца каля 9,7 млн т. Гэта вышэй за ўзровень мінулага года на паўмільёна тон. А з улікам чаканага валавога збору рапсу ў аб'ё    ме 900 тыс. т агульны валавы збор у бункернай вазе чакаецца на ўзроўні 10,7 млн т.

"Сёння, калі мінула некалькі дзён, як мы ўбіраем па ўсёй краіне, вы ўпэўнены, што мы столькі збяром?" - удакладніў Кіраўнік дзяржавы. 

"Такі прагноз рабіць вельмі дачасна..." - пачаў Юрый Горлаў.

"Карацей, не ведаеце! Не забалбатвайце праблему! Вы над гэтым не думалі, не ведаеце і адказаць на гэта не можаце! - перапыніў Аляксандр Лукашэнка. - Я лічу, што мы 11 млн (тон. - Заўвага) не атрымаем, зыходзячы з усіх фактараў". Паводле слоў Прэзідэнта, Юрый Горлаў як кіраўнік Мінсельгасхарча павінен адчуваць сам, ці ўдасца сабраць такі ўраджай.

Рзмова ішла і пра гатоўнасць тэхнікі. Прэзідэнт зноў удакладніў, ці ўсе камбайны, якія стаяць на ўліку, будуць прымаць удзел у сельгасработах. Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што не ўсе з улічаных камбайнаў гатовы пачаць працаваць на ўборцы. Таму ён даручыў Міністру ўнутраных спраў пераправерыць гатоўнасць тэхнікі: "Акуратна, уважліва падыходзячы да тых праблем, якія вырашаюцца ў раёне або ў канкрэтнай гаспадарцы. Не проста прыйшоў, убачыў, там з налёту па галаве настукаў механізатару - ён галаву апусціў і пайшоў. Акуратна трэба, тактоўна да гэтага пытання падысці і паглядзець, колькі там у нас камбайнаў".

Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу арганізаваць работу ў сельгаспрадпрыемствах так, каб не было ніводнай заўвагі. "Дзейнічайце, нягледзячы ні на што. Не - дакладвайце. Калі хтосьці там вам не падпарадкаваўся, інфармацыю вам не даў, далажыце мне неадкладна. Прымем самыя жорсткія меры. Сёння нельга жартаваць, - падкрэсліў беларускі лідар. - Глядзіце, каб мы не мелі непрыемных размоў па рэзультатах. Каб быў добры рэзультат, трэба працаваць цяпер".

Аб ходзе ўборачнай кампаніі ў рэгіёнах Прэзідэнта праінфармавалі старшыні аблвыканкамаў. Старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка, у прыватнасці, далажыў аб нарыхтоўцы кармоў, наяўнасці кадравых рэсурсаў і прагнозах на ўраджай.

"Вельмі спадзяюся, што Мінская вобласць спрацуе не горш за Гродзенскую", - адрэагаваў на даклад Прэзідэнт.

Старшыню Брэсцкага аблвыканкама Пятра Пархомчыка Аляксандр Лукашэнка арыентаваў "не засыпаць лічбамі", а сканцэнтравацца на галоўным і тэндэнцыях, сваіх уражаннях аб ходзе ўборкі і магчымых недахопах.

"Няма нейкіх сур'ёзных праблем. Практычна ўсе пытанні, уключаючы кадравыя, вырашаны. Мы для ўборкі ўраджаю прыцягнулі 334 механізатары, у тым ліку 234 камбайнеры. Усе яны пачалі работу, - адзначыў Пётр Пархомчык. - Гэта людзі Брэсцкай вобласці, з розных прадпрыемстваў, якія практычна сістэмна ўдзельнічаюць ва ўборцы."

"Хацелася б, каб вы гэтых людзей пасля ўборкі не забылі", - даручыў Кіраўнік дзяржавы, маючы на ўвазе неабходнасць па выніках уборачнай заахвоціць работнікаў, якія прыцягваюцца.

У цэлым жа, заявіў Аляксандр Лукашэнка, па Брэсцкай вобласці асаблівых праблем ён не бачыць.

Як далажыў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, у актыўную стадыю ўборачная кампанія ў рэгіёне ўвойдзе на наступным тыдні, усе прадпрыемствы АПК нацэлены на вынік.

Кіраўнік рэгіёна, у прыватнасці, расказаў аб гатоўнасці зернесушыльных комплексаў. "199 у нас ёсць, гатовы ўжо да работы 177, гэта 90%. Работы гэтыя прадаўжаюцца, - адзначыў ён. - Прапускная здольнасць існуючых зернесушыльных комплексаў у два разы перавышае магчымасці намалоту збожжа існуючымі камбайнамі".

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым удакладніў: "Значыць тое, што вы не адрамантавалі ў суседняй гаспадарцы, вы аднекуль з іншай гаспадаркі павезяце збожжа, там, дзе адрамантаваны зернесушыльны комплекс?"

Аляксандр Субоцін расказаў, што такая перакідка падлічана з мінімальнымі затратамі. "Мы максімальна рупліва падыходзім, каб мінімальныя былі перакідкі збожжа, мінімальныя перакідкі кармоў", - растлумачыў ён.

Прэзідэнт адзначыў, што хоць магутнасці зернесушылак і большыя, як запэўнівае кіраўнік вобласці, трэба ўлічваць і транспартныя затраты, калі вазіць збожжа на дапрацоўку ў іншыя гаспадаркі. "Калі ёсць зернесушылка, яе трэба адрамантаваць і сушыць збожжа. Тым больш такі сыры год, - падкрэсліў беларускі лідар. - Нельга сушыць збожжа ў полі. Страцім усё".

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што комплексна стан спраў у сельскай гаспадарцы Віцебскай вобласці яшчэ трэба будзе ацаніць на асобнай нарадзе. У тым ліку размова пойдзе аб недапрацоўках, якія агучваюцца кантралюючымі органамі.

Расказваючы аб тым, як ідуць справы са жнівом у Гродзенскай вобласці, старшыня аблвыканкама Юрый Караеў адзначыў, што азімыя ў рэгіёне адчуваюць сябе крыху горш, чым яравыя культуры. Ураджайнасць рапсу ў рэгіёне складае 39 ц/га, збожжавых - 51 ц/га.

Старшыня Гродзенскага аблвыканкама адзначыў, што ў рэгіёне асаблівая ўвага ўдзяляецца барацьбе з крадзяжом. "Змагаемся па ўсіх напрамках, - сказаў Юрый Караеў. - Вядома, там, дзе механізатара злавілі з 20 літрамі афарбаванага паліва, мы з міліцыяй так вырашаем, каб ён прадаўжаў працаваць. А, вядома ж, крымінальная справа або адміністрацыйная (па памеры) узбуджана, і ён адкажа за гэта".

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, якія яшчэ выяўляюцца праблемы ў ходзе ўборачнай кампаніі.

"Тое, што цалкам справядліва дзяржкантроль выявіў у Свіслацкім раёне па няякаснай нарыхтоўцы кармоў, вядома, гэта ахвяраваў старшыня той гаспадаркі якасцю для таго, каб, як гаворыцца, паказчыкі далажыць. Своечасова яго паправілі і на яго прыкладзе ўсіх астатніх, што якасцю ахвяраваць недапушчальна", - сказаў Юрый Караеў.

Ён дадаў, што ўсе пытанні са жнівом у рэгіёне разбіраюцца на ўзроўні вобласці і ўсё вырашаецца ў штатным рэжыме.

У Гомельскай вобласці ў бягучым годзе плануюць сабраць з улікам кукурузы больш за 1,4 млн т збожжа, праінфармаваў у час нарады кіраўнік рэгіёна Іван Крупко. "На сённяшні дзень гатоўнасць тэхнікі высокая. З 948 камбайнаў гатовы 945 - 99%. Пройдзены тэхагляд на 98%. Сушыльная гаспадарка гатова на 96%", - заявіў старшыня Гомельскага аблвыканкама.

Асобна Прэзідэнт пацікавіўся сітуацыяй на "Гомсельмашы". Наконт гэтага Іван Крупко далажыў аб рабоце па пашырэнні тэхнікі на знешнія рынкі - не толькі ў Расію, але і іншыя краіны.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ні ў якім разе нельга аслабляць напружанне ў гэтым плане. Трэба актыўна выходзіць на розныя рынкі, у тым ліку краін Афрыкі. "Унутраны рынак ніколі не вырашаў праблему ні для МАЗа, ні для МТЗ, ні для "Гомсельмаша". Мы заўсёды больш прадавалі (за мяжу. - Заўвага)", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аб палявых работах у рэгіёне далажыў і старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. Паводле яго слоў, гаспадаркамі ўжо ўбрана 67% ад агульнай плошчы азімага ячменю. Валавы збор чакаецца на 30% вышэйшы за мінулагодні. "Выбарачна пачалі ўборку азімага рапсу, церабленне лёну, адначасова вядзём нарыхтоўку травяных кармоў, - расказаў Анатоль Ісачанка. - Масавую ўборку збожжавых і зернебабовых культур пачнём праз 7-10 дзён".

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама выказаўся і па праблемных пытаннях. Сярод іх - гатоўнасць збожжаўборачнай тэхнікі і сушыльных комплексаў, наяўнасць у тэхнікі тэхагляду.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, ці запушчаны ў работу мадэрнізаваны нядаўна камбікормавы завод у Шклове. Гэтай работай займалася Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта, у чыім веданні знаходзіцца прадпрыемства.

"Ён ужо прыняў першыя 2 тыс. т збожжа, ужо сушыць", - адказаў Анатоль Ісачанка. Тут жа, адзначыў старшыня аблвыканкама, прыводзяць у парадак мясцовы льнозавод і сельгастэхніку - важнае звяно для сельскай гаспадаркі.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб сваім патрабаванні, што завод павінен працаваць і ў інтарэсах іншых сельгаспрадпрыемстваў, а не толькі падпарадкаваных Кіраўніцтву справамі.

Асаблівы акцэнт Аляксандр Лукашэнка зрабіў на аднаўленні ў раёнах паўнацэннай работы райаграсэрвісаў на ўзор Шклова.

У бягучым годзе аграрнаму сектару рашэннямі Урада і Кіраўніка дзяржавы была аказана ўся неабходная дапамога, а за тыя ці іншыя недапрацоўкі спагнанне павінна быць на месцах, заявіў на нарадзе віцэ-прэм'ер Юрый Шулейка.

Паводле яго слоў, пачынаючы з веснавых палявых работ максімальна былі прыняты меры. Напрыклад, па павелічэнні пасяўных плошчаў, у тым ліку агароднінных культур. Сканцэнтраваліся аграрыі і на выкананні задач па атрыманні неабходнага вала збожжа. У тым ліку сялян падтрымалі ў пытанні частковага перасявання пасля веснавых замаразкаў, што дазваляе ў гэтым складаным сезоне разлічваць на ўраджай па збожжы не меншы за мінулагодні.

"У бягучым годзе беспрэцэдэнтна Урад з вашай дапамогай прыняў і аказаў сялянам усю неабходную дапамогу, пачынаючы ад тэхнікі, угнаенняў. Сёння ёсць аб'ектыўныя пытанні, па якіх трэба спаганяць ужо з абласцей", - падкрэсліў віцэ-прэм'ер.

Ён запэўніў, што аграрыі, нягледзячы на складаныя ўмовы надвор'я, разлічваюць дастойна завяршыць гэты сезон і ідуць да абазначаных мэт.

"Убачым восенню. Вы правільна сказалі, што мы для сялян зрабілі ўсё. І нават больш, чым павінны былі рабіць", - пагадзіўся Аляксандр Лукашэнка.

У тым ліку вырашаны пытанні па забеспячэнні палівам, за якое пасля ўборачнай яшчэ трэба будзе разлічыцца. У дастатковай колькасці ёсць тэхніка. Але Прэзідэнт строга папярэдзіў, каб выкараняліся факты нядбайнага стаўлення да гэтай тэхнікі, а тым больш крадзяжу. Асабліва на фоне фінансавай падтрымкі аграрыяў пад тыя ці іншыя бягучыя патрэбы.

"Мы гэта сабралі і далі вам. А ў вас збожжа крадуць, паліва раскрадаецца, запчасткі нясвоечасова прывозяць, камбайны не даглядаюцца, п'яныя на работу ходзяць. Як гэта разумець? Вы мяне зразумейце: уся гэта інфармацыя да мяне прыходзіць, а заўтра вы прыходзіце: "Пазычце грошы", - акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка на шэрагу негатыўных момантаў, якія выяўляюцца кантралюючымі органамі ў асобных гаспадарках.

Падводзячы вынікі нарады, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўзровень падрыхтоўкі і работы кіраўнікоў у гэтым годзе як у гаспадарках, так і на ўзроўні ўлады значна вышэйшы, чым было раней. Але ўсё псуюць канкрэтныя недахопы, на якія ў тым ліку ўказвалі ў ходзе селектарнай нарады Старшыня КДК і кіраўнік Мінсельгасхарча.

"Не павінна быць гэтых дробязей, прамаруджванняў, бюракратызму. Канкрэтна па-ваеннаму трэба вырашаць усе задачы. Час, мужыкі, такі. І мы яго пераробім, гэта час. Таму павінна быць дакладна, зразумела. Як у нас у Гродзенскай, Мінскай або ў Брэсцкай абласцях, - падкрэсліў беларускі лідар. - Што датычыцца адстаючых абласцей, то Віцебску я сказаў, але і ў Гомельскай вобласці праблем нямала. Не хацеў бы, каб гэтыя праблемы былі і ў Магілёўскай вобласці".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што шэраг абласцей у Беларусі ўзначальваюць людзі, якія па сваёй прафесіі не з'яўляюцца спецыялістамі ў галіне сельскай гаспадаркі. Але гэта не перашкаджае, а часам і з'яўляецца пэўным плюсам у рабоце. "Я гэта адчуваў, што як толькі прыходзіць губернатар-аграрый, ён пачынае разумець стан спраў на месцах. А на месцах кіраўнікі недапрацоўваюць. А мы ў іх становішча ўваходзім. Па-ваеннаму ўсё павінна быць", - патрабуе Прэзідэнт.

"План склалі - хоць памры, але зрабі. Кантраляваць у гэтым годзе будзем вельмі прынцыпова, але не крыўдзячы людзей", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Ён яшчэ раз акцэнтаваў увагу на неабходнасці ў поўнай меры вырашыць кадравае пытанне з прыцягненнем механізатараў на перыяд уборкі. Людзей трэба прыцягваць у тым ліку з гарадоў. Усе рашэнні наконт гэтага раней былі прыняты. "Размоў аб недахопе кадраў наогул быць не павінна пасля нашага мінулагодняга абмеркавання гэтай праблемы. Мы тады дамовіліся, што за зіму вы вырашыце пытанні з кадрамі, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Калі ў вас "не даехаў нехта", гэта значыць, мы прашлёпалі гэта пытанне".

"Трэба зрабіць так, каб людзі, якія кінулі вёску і паехалі ў горад, - па-добраму з імі дамовіцца, - каб яны ў цяжкую часіну дапамагалі. Асабліва механізатары на камбайнах. Гэта штучныя (спецыялісты. - Заўвага), не кожнаму камбайн даверыш. Таму гараджан трэба задзейнічаць, як толькі можна, але і мы да іх павінны па-чалавечы адносіцца і дапамагаць. Гэтых людзей нельга забываць ніколі на працягу года, а не толькі тады, калі яны нам патрэбны", - арыентуе Кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ з прынцыповых патрабаванняў Прэзідэнта - не дапускаць страт збожжа на палях, а таксама беражлівае стаўленне, своечасовае абслугоўванне і рамонт дарагой тэхнікі. "З будучага года вы тэхніку атрымаеце толькі тады, калі вы дакажаце камісіі з Міністэрства сельскай гаспадаркі, што ў вас нармальна эксплуатуецца тэхніка, якая ў вас на ўліку, і тэхнічнае абслугоўванне пастаўлена на ўзровень. Мы не можам вам дзясяткамі, сотнямі ўкідваць тэхніку, разумеючы, што ў вас старая тэхніка не абслугоўваецца", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. 

"Яшчэ раз прашу вас, звярніце самую сур'ёзную ўвагу на арганізацыю. Трэба заплаціць людзям, накарміць своечасова, арганізаваць іх адпачынак, вольны час. Дзе толькі магчыма, будзьце бліжэй да людзей. І прымусьце іншых бываць блізка да людзей", - даручыў беларускі лідар.

Прэзідэнт абазначыў і тэму меліярацыі, дзе таксама неабходны належны кантроль. За гэту тэму ў краіне адказвае цяперашні сенатар Леанід Заяц, які ў мінулым узначальваў Мінсельгасхарч, а затым быў віцэ-прэм'ерам, які курыраваў пытанні АПК. "З яго гэту праблему ніхто не здымаў. Ведае. Чалавек ваенны, можна сказаць, у гэтым плане, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - У нас бесталковае стаўленне, я гэта бачу, да меліяраваных зямель. Мы з вамі ўсё прывядзём у парадак. І палі прыгожыя пасля меліярацыі ўсюды, але потым жа даглядаць трэба належным чынам".

Асобны акцэнт Кіраўнік дзяржавы зрабіў на плюшчэнні збожжа: "Як ніколі важна гэта пытанне. Жалезна трэба выконваць тэхналагічную дысцыпліну".

Ён таксама нагадаў аб даручэнні на раённым узроўні займацца адстаючымі гаспадаркамі: "У кожным раёне паўтары-дзве гаспадаркі працуюць вельмі дрэнна. Гэта зона адказнасці старшыні райвыканкама і яго першага намесніка. Калі ласка, не забывайце пра гэта. Мы на гэта ўвагу ў бліжэйшы час звернем".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў бягучым годзе ўраджайнасць збожжавых ніжэйшая за 30 ц/га будзе лічыцца дрэннай. "Таму, пакуль мы яшчэ ў полі можам знайсці ўраджайнасць - шукайце яе там", - сказаў ён.

"Цяпер будзем глядзець, як на справе будзе арганізавана ўборка ўраджаю. Але на сённяшні дзень значна лепш, чым мінулыя гады. Я не хачу тут распыляцца па канкрэтных асобных пытаннях. Вы іх бачыце на месцах і ведаеце лепш, што трэба зрабіць. Таму, мужыкі, у бой!" - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.