Справаздача Урада Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь за 2025 год

  • 22
  • 2

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 лютага прыняў справаздачу Урада за 2025 год.

Кіраўнік дзяржавы ў якасці тэматыкі мерапрыемства абазначыў падвядзенне вынікаў дзейнасці Урада ў 2025 годзе і вызначэнне эканамічных перспектыў бягучага года.

Больш таго, ужо вядомы вынікі студзеня 2026 года. Як дакладваюць Прэзідэнту, Урад і Нацыянальны банк, старшыні аблвыканкамаў студзень поўнасцю правалілі. "Я і адкладваў справаздачу Урада на гэты час, каб мы ўжо мелі дакладныя вынікі мінулага года і атрымалі вынікі першага месяца, каб вызначыцца і бачыць тэндэнцыю", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Урад - гэта не толькі Прэм'ер-міністр і яго намеснікі, кіраўнікі міністэрстваў, але і работнікі Апарату Савета Міністраў, дырэктары важнейшых арганізацый, без якіх нельга вырашыць ніводнае пытанне. Менавіта таму я папрасіў членаў Урада і вядучых нашых дзеячаў запрасіць, каб разумелі тую адказнасць, якая на нас ляжыць у гэтым годзе", - адзначыў Прэзідэнт.

"Мерапрыемства не ўрачыстага характару. Вельмі хацеў бы, каб яно было рабочым, - адразу пасля прыбыцця расставіў акцэнты Кіраўнік дзяржавы. - Мы знаходзімся ў вельмі няпростай сітуацыі. І з усходу, і з захаду пад вельмі сур'ёзным прэсам. Я гавару пра эканоміку. Хоць і палітыка ёсць адлюстраванне эканомікі ў канцэнтраваным выглядзе, як гаварылі класікі. З аднаго боку Еўрапейскі саюз. З другога - Кітайская Народная Рэспубліка і Расія. Наш галоўны саюзнік і партнёр знаходзіцца ў вельмі складаным становішчы, мы гэта адчуваем, паколькі гэта наш асноўны рынак".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што напярэдадні на сустрэчы з дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы Сяргеем Глазьевым была абмеркавана сітуацыя з пункту гледжання эканомікі на агульнай прасторы. "Прыйшлі да адзінага меркавання, што проста не будзе", - сказаў ён.

"Ну для таго мы і ёсць, як нас называюць, эліта - самыя падрыхтаваныя і інфармаваныя людзі. І ў любой сітуацыі мы павінны працаваць і выдаваць вынік. Таму я вас заклікаю да вельмі адкрытай размовы. Прыхарошваць нічога не трэба. Акуратна, тонка, але мы, нават правяраючы Узброеныя Сілы, адкрыта гаворым пра нашы недахопы. Што наогул ніколі не прынята рабіць ні ў адной дзяржаве", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Час амаль ваенны. Чаму? Эканоміка стала рэальным полем бою. Эканамічнымі інструментамі дасягаюцца мэты класічнай вайны: адабраць рэсурсы, выклікаць сацыяльныя пратэсты, прымусіць выконваць не нашы правілы - жыць па іншых правілах, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Я хачу, каб вы адкрылі вочы і зразумелі, як развіваецца свет. Гасподзь нас усцярог ад гэтай жудаснай незразумелай рыначнай эканомікі. Памятаеце, нас вучылі ўвесь час: рынак усё адрэгулюе. Нічога мы не кінулі, цярпелі і сёння зразумелі: ніякі рынак нічога не рэгулюе. Глянуў на поўнач - Грэнландыя багатая - давай яе сюды. Нават Канада, адна з буйнейшых краін свету, 51-м штатам павінна быць. Венесуэла: схапілі Прэзідэнта. Які картэль, якія наркотыкі? Нафта!"

"І я ўдзячны Прэзідэнту ЗША, што ён адкрыта гэта робіць. Мы цяпер зразумелі, куды нас цягнулі. Праз ліберальныя нейкія прынцыпы нас пераконвалі ў тым, што мы павінны дзейнічаць так, а не інакш. Вытрымалі, разумеем, што рабіць, куды ісці. Спадзявацца трэба толькі на сябе. Не трэба ні на каго разлічваць. Самыя лепшыя сябры - як мінімум гэта нашы канкурэнты", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка пералічыў такія эканамічныя інструменты, якія выкарыстоўваюцца ў мэтах націску.

Першае - санкцыі. "Але для вас і для мяне іх няма. Калі пачалі б спасылацца на санкцыі, нас ужо не існавала б, - падкрэсліў беларускі лідар. - Як толькі набяром сабе ў галаву, што немагчыма працаваць - усё, мы загінем. Няпроста цяпер. Правал студзеня бягучага года сведчыць аб тым, што і будзе вельмі няпроста. Але ўсюды ёсць адказныя людзі, якія павінны даваць вынік. Не будзе выніку - прыйдзем да ваеннай эканомікі. А там да трох не размаўляюць".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пад непасрэдным дзеяннем санкцый знаходзіцца больш як паўсотня краін свету, а другасны эфект датычыцца, напэўна, ужо соцень дзяржаў. Аляксандр Лукашэнка падтрымаў ідэю аб тым, каб стварыць аб'яднанне краін свету, якія знаходзяцца пад санкцыямі, уключаючы Кітай. "Міністэрства замежных спраў Расіі звярнулася да мяне як Старшыні Вышэйшага дзяржаўнага савета (Саюзнай дзяржавы. - Заўвага), каб мы разгледзелі пытанне, і неяк усе, хто пад санкцыямі, аб'ядналіся. Угаварылі яшчэ і Кітай. Угаворваць яго не трэба, ён разумее, што наступны будзе ён, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Аб'ядналіся і паказалі сваю сілу і моц. Калі мы аб'яднаемся і дамовімся, спалохаюцца тыя, хто ўвялі супраць нас санкцыі".

Другое - эмбарга. "Гандлёвай блакадай і замарозкай актываў душаць сёння на вачах усяго свету Кубу", - прывёў прыклад Аляксандр Лукашэнка.

Трэцяе - тарыфныя войны. Тут у арсенале пошліны, квоты, забарона на імпарт і экспарт асобных тавараў.

Чацвёртае - валютныя атакі. "Праз абмежаванне хаджэння долараў, націск на курс і разлікі ў пэўнай валюце паспрабавалі ўчыніць каляровую рэвалюцыю ў Іране", - сказаў Прэзідэнт.

Пятае - барацьба за тэхналогіі. Тут мае месца канкурэнцыя ў самым непрыкрытым, неакаланіяльным выглядзе, заўважыў беларускі лідар. Гэта забарона на пастаўку абсталявання, чыпаў, праграмнага забеспячэння, блакіроўка доступу да навукаёмістых галін.

Шостае - кантроль ланцужкоў паставак, г.зн. спроба зрабіць іншыя краіны залежнымі ад лагістыкі і інфраструктуры.

"Беларусь на сабе ў поўнай меры адчула ўвесь гэты букет "цывілізаваных правіл". Разам з тым, як мы дамовіліся некалі, знешнія ўмовы вывучаем і разумеем, але працаваць ва ўмовах абмежаванняў і санкцый мы павінны", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт канстатаваў, што інтэгральны вынік мінулага года - гэта сціплы рост эканомікі рэгіёнаў і краіны ў цэлым. ВУП за 2025 год склаў 101,3% да ўзроўню папярэдняга года пры заданні 104%. "У матрыцы задач вертыкалі ўлады большасць з іх у чырвонай зоне (ВУП, экспарт, інфляцыя, запасы на складах, узровень затрат і гэтак далей)!" - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што пакуль Урад недастаткова паглыбляецца ў галіновыя праблемы, а часам увогуле там адсутнічае, а таксама ў сітуацыю на шэрагу значных прадпрыемстваў. "Лічыце за лепшае знаходзіцца разам з Нацбанкам у эйфарыі макраэканамічнай стабільнасці? - паставіў пытанне Прэзідэнт. - Але людзі жывуць на мікраўзроўні".

Прэзідэнт яшчэ раз растлумачыў сутнасць беларускай шматвектарнай палітыкі, расставіўшы ў гэтым пытанні неабходныя акцэнты.

"Мы праводзілі і будзем праводзіць шматвектарную палітыку. Адзінае пытанне заключаецца ў тым, што адзін вектар у нас застаецца (вы ведаеце яго), другі вектар зрушваецца на поўдзень - на Афрыку, Азію і ў тыя краіны, дзе нас чакаюць, - заявіў Прэзідэнт. - Пры гэтым ні ў якім разе нельга скідаць з рахункаў Еўропу. Мы - цэнтр, частка гэтай Еўропы". Так, сёння з Еўрапейскім саюзам няпроста, прасцей не будзе".

"Мы перабудавалі нашу знешнюю палітыку. Калі Захад не хоча з намі супрацоўнічаць (яны вельмі хочуць супрацоўнічаць, але разумееце, у чым справа), мы перакінулі частку нашых дыпламатычных ведамстваў і паслоў на Усход - там, дзе нас чакаюць - у Афрыку і гэтак далей", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. 

Кіраўнік дзяржавы ўказаў, што цяпер, напрыклад, краіны Афрыкі імкнуцца знайсці сабе новых партнёраў, і тут Беларусі трэба актыўна працаваць. "Тут наша месца. Мы высокатэхналагічная краіна, шмат што можам рабіць. Я ўжо гаварыў, што краіна вызначаецца не памерамі і колькасцю насельніцтва, а сваімі магчымасцямі. Мы з дабром прыходзім, вучым людзей нашым тэхналогіям". 

"Наша знешняя палітыка вынікае з нашай унутранай. Нас шмат крытыкуюць за нейкую шматвектарнасць. Шматвектарнасць наша - гэта не схапіць што папала і бегчы ў бок, дапусцім, ад Расіі або Кітая ці наадварот. Шматвектарнасць у любой дзяржаве павінна быць прадыктавана станам унутраных спраў дзяржавы і эканомікай. Наша шматвектарнасць вынікае з эканомікі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. 

Прэзідэнт канстатаваў, што цяпер у адносінах да Беларусі ўведзены страшэнныя санкцыі. "Нам фактычна адсеклі адно з эканамічных крылаў - заходняе крыло - там былі нашы пэўныя інтарэсы, там мы працавалі. Таму гэты вектар для нас быў важным. Але найважнейшы вектар заўсёды быў і застанецца, - упэўнены Аляксандр Лукашэнка. - Ніхто пасля нас, пасля мяне свае рынкі нікому не аддасць. Кожны змагаецца за свае рынкі, таму што гэта спосаб выжывання той ці іншай дзяржавы. Я гэта адчуваю. Многае даводзіцца вырашаць на асабістых кантактах. Але ўсюды супраціўленне, усюды барацьба. Нават калі нехта нешта абяцае, праз месяц зноў і зноў трэба прабівацца на рынкі".

Аляксандр Лукашэнка заклікаў ні ў чым не дапускаць самазаспакоенасці і нагадаў аб уроках нядаўняга мінулага.

"Часта гавару: вы забылі 2020 год! І калі вы думаеце, што 2020 год - гэта там знешнія ворагі нейкія… Ды не, калі б не было ўнутранай нашай адпаведнай сітуацыі, ніякія ворагі сюды не ўлезлі б. А калі б улезлі, то мы іх спынілі б у першыя дні. Але наша самазаспакоенасць... Назіраю гэта і цяпер, усюды", - падкрэсліў беларускі лідар. 

"Там, дзе бюджэт, там, дзе дзяржава, - толку няма. Давайце дамовімся: мы - гаспадары на гэтай зямлі, і аб вашай рабоце я буду меркаваць па-гаспадарску", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка прывёў шэраг канкрэтных прыкладаў, дзе бачыць самазаспакоенасць. "На першым месцы сродкі масавай інфармацыі. Вы ведаеце маё стаўленне да СМІ. Вайна ідзе на полі СМІ. І я вось гляджу новы канал, БТ-1, 2, 3 і іншыя… Слухайце, новы канал навін: тыдзень прайшоў, навіна была тыдзень таму (напрыклад, раніцай паглядзеў: Трамп яшчэ не вырашыў, што рабіць з Іранам). Ды гэта ён тыдзень таму сказаў. Няўжо гэта галоўная навіна?" - сказаў ён. 

"І ўсюды так. Вось гэта закарузласць, безадказнасць людзей", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. 

Ён звярнуў увагу, што нават у пытанні наяўнасці нагляднай інфармацыі на вуліцах горада аб правядзенні Года беларускай жанчыны Прэзідэнту давялося рабіць заўвагу. 

"Вы што, так будзеце і далей жыць? Убачыў недзе нешта Прэзідэнт - пхнуў. Не пхнуў - ну і добра", - паставіў рубам пытанне Кіраўнік дзяржавы. 

Яшчэ адзін прыклад - стан загарадных дарог, з якіх прыбралі снег, але ён так і застаўся ляжаць адваламі на абочынах. "Еду - карыта. Ачысцілі снег, налева-направа скінулі. Потым дожджык, і атрымаўся бар'ер "жалезабетонны". Вось цяпер пойдуць дажджы, адліга і ўтворыцца карыта - вада будзе на асфальце. Мы разбурым усе дарогі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Няўжо нельга было сапхнуць снег не на абочыну, а туды ў адхон, каб вада сцякала ўсю вясну, калі будзе раставаць снег. У нас што, дарожнікі гэтага не ведаюць? Ці ў нас віцэ-прэм'ера няма, які гэтым займаецца?" 

Звярнуў увагу Прэзідэнт і на нясвоечасовасць выканання шэрага работ, што асабіста бачыў па дарозе на ваенны палігон пад Барысавам. "Разрылі Жодзіна гэта. Таксама - паказуха, Прэзідэнт жа будзе ехаць. Трубы цягаюць, кабель цягнуць нейкі і іншае. Я думаю: хлопцы, а вы што, у кастрычніку-лістападзе не маглі гэта скончыць? Ну навошта вы людзей (сёння мароз, заўтра - дождж) цягаеце па гэтай гразі і робіце нейкую паказуху?" - дадаў ён. 

Аляксандр Лукашэнка нагадаў таксама аб эканоміі на вулічным асвятленні, наконт чаго раней даваў даручэнні: "Ах, 10 мінут не туды, 10 мінут не сюды. Ды гэта эканомія - палова павышэння пенсій. Гэта грошы, усюды грошы. Мы гэта не лічым. А навошта лічыць? Гэта ж бюджэт... Ну калі нехта хоча свяціцца - няхай свеціцца, уключае ліхтары ў сябе, але плаціць за гэта".

Але ёсць і пазітыўныя прыклады. Аляксандр Лукашэнка пахваліў аператыўнасць дзеянняў праваахоўнікаў пры рэагаванні на ўзброены напад у Смалявіцкім раёне: "Паглядзеў на Кубракова (Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў. - Заўвага). Малайчына! Тое, што адбылося, тое адбылося. Але праз некалькі хвілін, раней за хуткую дапамогу (прыбылі праваахоўнікі. - Заўвага). Быў Міністр там і на месцы разбіраўся, хто ў чым вінаваты. Так павінна быць, калі мы хочам лічыць сябе народнай дзяржавай", - заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы ў сваім выступленні абазначыў найбольш праблемныя тэндэнцыі ў пытаннях эканамічнага развіцця.

Па-першае, ён звярнуў увагу на спад у прамысловасці.

"Увесь год у гэтай важнейшай сферы ішло ўстойлівае запаволенне тэмпаў, у другім паўгоддзі спрацавалі з адмоўнай дынамікай 98,2%. Студзень 2026 года - яшчэ мінус 3,4%. У складанай сітуацыі знаходзіцца палавіна апрацоўчай прамысловасці, калі не сказаць горш, - указаў Прэзідэнт. - На ключавым расійскім рынку толькі Мінпрам не дабраў у мінулым годзе $1 млрд. Што яшчэ горш (тое, аб чым я папярэджваў Прэм'ер-міністра) - завезлі туды тавар, там пакінулі без аплаты. Назіраем спад выпуску ключавых тавараў".

Разам з гэтым мае месца ўражальны рост запасаў - 2,5 млрд бел. руб. за мінулы год. "На складах фактычна замарожана прадукцыі на $4 млрд (12 млрд бел. руб.). І ў студзені бягучага года дабавілі яшчэ 800 млн бел. руб. Вось наша работа", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Плюс да гэтага з-за мяжы не вернута амаль $500 млн экспартнай выручкі (пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць).

Па-другое, захоўваюцца праблемныя пытанні ў сельскай гаспадарцы, якія патрабуюць аператыўнага вырашэння.

"На фоне добрага ўраджаю агульны вынік сельскай гаспадаркі крыху большы за 100% (да ўзроўню папярэдняга года. - Заўвага) не намнога лепшы, чым год таму. Пры гэтым сельгасарганізацыі спрацавалі з тэмпам 102,7%. Гэта значыць, наш курс на буйнатаварную гаспадарку ў цэлым правільны, - сказаў Прэзідэнт. - Вырасла жывёлагадоўля (103%), забяспечаны рэкордны экспарт прадуктаў харчавання - $10 млрд. Але недапушчальная сітуацыя з падзяжом (загінула 145 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы. - Заўвага), хранічная завінавачанасць сельгасарганізацый змазваюць гэтыя падагульняючыя рэзультаты".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што не першую пяцігодку ўжо ставіцца мэта зрабіць аграрны сектар фінансава ўстойлівым прыбытковым бізнесам. "Так, зарабляем нядрэнна, але толькі дзяржпадтрымка на пакрыццё страт склала 2,1 млрд бел. руб. Не кажучы ўжо пра льготныя пазыкі і пазыкі з бюджэту. Хтосьці скажа: дзяржаўная дапамога сельскаму сегменту - гэта паўсюдная сусветная практыка. Магчыма, - заўважыў беларускі лідар. - Але сітуацыя такая, што палова айчынных сельгасарганізацый па-ранейшаму шмат у чым існуе за кошт даўгоў, авансаў перапрацоўшчыкаў і без своечасовай падтрымкі стратная. Людзей на месцах гэта ўжо даўно не здзіўляе, успрымаюць як нармальную з'яву. Асабліва ў Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай - усходніх абласцях. Ды і ў іншых не без праблем".

Звярнуў Кіраўнік дзяржавы ўвагу і на недахопы ў сяўбе азімых: "У мінулым годзе правялі сяўбу азімых, але ў трэці гаспадарак не ўнеслі мінеральныя ўгнаенні, або 20% ад патрэбнасці. Не кажучы ўжо пра тое, што ва ўстаноўленыя тэрміны гэту сяўбу не завяршылі ні ў адной вобласці. Глядзіце, гэта вашы праблемы. Але ніжэй, чым 11,5 млн т па краіне мы атрымаць збожжавых не можам".

"Пад веснавую сяўбу назапашванне ўгнаенняў зноў буксуе - на 200 тыс. т менш, чым год таму", - заўважыў беларускі лідар.

Акрамя таго, у кожнай трэцяй гаспадарцы фіксуюцца парушэнні ў пытанні нарыхтоўкі кармоў. "Адкуль потым будуць здаровая жывёла, прыбаўленні ў вазе і надоі, калі такі тэхналагічны бардак у гаспадарках? Затое па падзяжы ўжо ў гэтым годзе ўстанавілі чарговы антырэкорд - 19,2 тыс. за адзін месяц толькі БРЖ. Я не гавару аб свіннях, птушцы і гэтак далей. Рост у паўтара раза! - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - І здзіўляюць мяне разважанні асобных кіраўнікоў і членаў Урада, губернатараў: "Мы на працягу года выправім". Што вы выправіце, калі ўжо 20 тыс. за адзін месяц загінула?"

Яшчэ адзін недахоп: нягледзячы на даручэнні Прэзідэнта, землі зарастаюць хмызнякамі. "Штогод пад хмызнякамі і хламам застаюцца 800 тыс. га. Гэта 22 Мінскі! І лічба не мяняецца ў меншы бок ужо мінімум пяць гадоў, - прывёў даныя беларускі лідар. - Гэтыя хмызнякі неабходна вынішчыць, калі трэба, завезці арганіку, торф і зрабіць землямі сельгаспрызначэння".

Аляксандр Лукашэнка ў гэтым кантэксце адзначыў, што нядаўна бачыў па тэлебачанні сюжэт, што Беларусь пастаўляе ў Кітай вагонамі торф, каб там палепшыць урадлівасць зямлі. У той жа час унутры Беларусі гэтым рэсурсам, відаць, карыстаюцца не ў поўнай меры. "А на месцы мы не можам гэтым скарыстацца? Ці нам не патрэбны землі сельгаспрызначэння? - звярнуў увагу беларускі лідар. - Зямлі сельгаспрызначэння - гэта святое. Насельніцтва ў свеце пастаянна расце. Не сёння, дык заўтра прадукты харчавання будуць даражэйшыя за золата".

Трэцяя праблемная тэндэнцыя датычыцца гандлю таварамі на экспарт. Аляксандр Лукашэнка настройвае экспарцёраў на актыўную работу, пашырэнне існуючых і асваенне новых рынкаў збыту.

"Гандаль таварамі на экспарт амаль увесь мінулы год горшы за папярэдні. З адмоўных значэнняў выбраліся толькі ў лістападзе-снежні. І, здавалася б, можна ганарыцца вынікам - выканалі экспартны план пяцігодкі. Вось толькі заданні па экспарце канкрэтных тавараў, якія вы самі ж сабе ўстанаўліваеце, у мінулым годзе не выкананы нават напалову", - сказаў Прэзідэнт. 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў факты, калі ў фізічных пастаўках губляюцца рынкі, кульгаюць аналіз і планаванне. У шэрага прамысловых флагманаў прыбытак не пакрывае аб'ём выплачаных банкам працэнтаў.

"Вы на фронце штурмавікі ў першых радах - дырэктары. Побач з вамі міністры, а потым Урад. І не думайце, што за вас нехта будзе вырашаць вашы праблемы, а вы будзеце спасылацца на тое, што ў вас не тое санкцыі, не тое яшчэ нейкая зараза, - падкрэсліў беларускі лідар. - Уся ваша абаротка ў валютнай выручцы! Зарабляйце і вяртайце грошы ў краіну". 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што нягледзячы на рост паставак у Расію, з 80 расійскіх абласцей (гарадоў, рэспублік), з якімі гандлюе Беларусь, продажы ўпалі ў кожнай другой. "І гэта пры тым, што расійскія губернатары да нас прыязджаюць пастаянна і яны гатовы з намі супрацоўнічаць", - заўважыў Прэзідэнт. Пытанне пры гэтым у асноўным ставяць толькі адносна забеспячэння неабходнага абслугоўвання тэхнікі. 

"Мы трацім значныя сумы на стымуляванне экспарцёраў, кожны міністр замацаваны за канкрэтнымі краінамі, каб паглыбляць з імі кааперацыю і пашыраць тавараабарот. А вынік? Дзе ён? - паставіў пытанне Аляксандр Лукашэнка. - У нас стала модна наракаць на жорсткую палітыку Цэнтрабанка Расіі або на агрэсіўныя паводзіны кітайскіх таваравытворцаў. Гэта ёсць, мы пастаянна гаворым аб гэтым з Прэзідэнтам Расіі. Што нам, бачачы ўсё гэта, перашкаджае працаваць дакладна гэтак жа ў адстойванні беларускіх інтарэсаў, асабліва на асноўным нашым рынку?" 

Акрамя таго, звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы, продажы замыкаюцца ў асноўным на адным-двух рынках. "Маючы ўстойлівыя эканамічныя і дружалюбныя сувязі ў Азіі, Афрыцы, Лацінскай Амерыцы, на Блізкім Усходзе, пастаўляем туды толькі пятую частку нашага экспарту. Вось дзе сапраўдны рэзерв для яго нарошчвання", - сказаў Прэзідэнт. 

Ён нагадаў, што падрабязныя экспартныя задачнікі па таварах і краінах распрацаваны Міністэрствам замежных спраў і даведзены да ўсіх кіраўнікоў. МЗС таксама было даручана тэрмінова перакінуць дыпламатаў з Захаду на Усход. 

"Работа на экспартных рынках - гэта персанальная задача Прэм'ер-міністра. І самае галоўнае - яго намеснікаў. Віцэ-прэм'еры павінны перш за ўсё займацца пастаўкамі за межы Беларусі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Чацвёртае - Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў больш актыўна працаваць і на ўнутраным рынку.

Прэзідэнт крытычна заўважыў, што ўнутраны попыт на шэраг таварных пазіцый пакуль не задавальняецца, не прыняты дастатковыя меры па яго насычэнні. У прыватнасці, у мінулым годзе масава імпартаваліся аўтобусы (больш за 500 адзінак), грузавая тэхніка (больш за 7,5 тыс. адзінак), дарожная і будаўнічая тэхніка (1623 адзінкі). Хоць уся гэта тэхніка вырабляецца ў краіне.

"Толькі па гэтых таварах можаце запісаць сабе ў мінус амаль $400 млн!" - сказаў Прэзідэнт.

Асобную ўвагу Аляксандр Лукашэнка звярнуў на сітуацыю ў лёгкай прамысловасці. "Пры мадэрнізаваных "Камволі" і льнокамбінаце прадаўжаем завозіць тканіны-аналагі (яшчэ мінус амаль $35 млн). Дарэчы, па канцэрне "Беллегпрам" гэта паўсюдная карціна. Доля айчынных тавараў легпрама на ўнутраным рынку - менш як 10 працэнтаў, затое паток імпарту тавараў лёгкай прамысловасці вырас амаль на трэць", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

"У вашым распараджэнні ўсе рычагі, аж да адміністрацыйнага. Чаму не прымаеце меры? Дзе вашы стратэгіі, агрэсіўныя механізмы абароны, рэклама, маркетынг? - спытаў ён. - Страчваць свой рынак - гэта злачынства. За 5 гадоў доля айчынных тавараў на ўнутраным рынку знізілася з 60% да 54%".

Пятая праблемная тэндэнцыя - павелічэнне затрат: "Кожны другі міністр іх не толькі не знізіў, але і нарасціў. У "Беллегпрама" прыбаўка амаль 5%. І гэта пры тым, што яго склады затавараны амаль на 4 месяцы (работы. - Заўвага) наперад. У "Беллеспаперапрама" - плюс 6%. Мінпрам дабавіў 2,5%".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў апошнія гады ўвогуле перасталі займацца зніжэннем затрат, сабекоштам і эканоміяй. "Гэта тэма ў прынцыпе сышла з парадку дня ўрада. Ці вы забылі, што акрамя рынку існуюць і такія эканамічныя паняцці?" - звярнуўся да прысутных Кіраўнік дзяржавы. Ён заўважыў, што значныя выдаткі перашкаджаюць паспяхова канкурыраваць на знешніх рынках з замежнымі ўзорамі.

Асаблівы акцэнт Прэзідэнт зрабіў на прадаўжэнні работы над якасцю выпускаемай прадукцыі. Тым больш, што пяцігодка якасці ў Беларусі прадаўжаецца.

"Колькі гадоў працавалі над развіццём электратранспарту, рэалізавалі цэлую праграму. Але кожны год скаргі на дэфекты і пачкі рэкламацый. У мінулым годзе ў "Белкамунмаша" па ўсіх рэгіёнах продажаў дэфектнасць павялічылася амаль на 40%. Не лепшая сітуацыя на "Гомсельмашы", дзе розныя прычыны адмаўленняў у кожнага другога гарантыйнага камбайна", - абазначыў праблемныя аспекты Аляксандр Лукашэнка.

"Сёння Міністр прамысловасці праваліў якасць тэхнікі, а заўтра з-за яго недапрацовак панясе страты міністр сельскай гаспадаркі, з якога запатрабаванне за сяўбу і ўборку ўраджаю штодзённы. Следам партнёры на знешніх рынках ужо не так ахвотна набываюць нашу тэхніку. Яны таксама лічаць і час, і грошы", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт запатрабаваў ад галіновых рэгулятараў, курыруючага віцэ-прэм'ера і апарату ўрада ўзмацніць работу па выпраўленні недахопаў.

"Ёсць вельмі добрыя тавары, якія ўдастоены Знака якасці. Але работы па прасоўванні гэтых тавараў не відаць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Шостае - інфляцыя. Прэзідэнт падкрэсліў, што гэта тэма нумар адзін, якая хвалюе грамадзян. "Як бы ні заспакойваў Урад, маўляў, недавыканалі крыху, факт - рост цэн 106,8% пры заданні 105%", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым зводную лічбу Белстата Кіраўнік дзяржавы разглядае як "сярэднюю тэмпературу па бальніцы". Па многіх адчувальных для людзей таварах цэны выраслі ў значна большым памеры. Напрыклад, на свініну - амаль на 15%, ялавічыну - на 12%, рыбу - на 11%, малако і кефір - на 9-10%, сметанковае масла (якога на складах ляжыць 40 тыс. т) - на 8%, грэчку - на 11%, кандытарскія вырабы - амаль на 15%, моркву і капусту - на 19-27%. І гэта пры тым, што некаторыя фермеры, у прыватнасці ФГ "Навіцкіх" у Лунінецкім раёне, не ведалі куды дзяваць гэту агародніну, заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

"Больш за ўсё насцярожвае і абурае, што гэты прырост цэн кладзецца ў кішэні ведаеце каго", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў, што два гады таму пасля гучных цэнавых разборак першы віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў анансаваў новую аўтаматызаваную сістэму аналізу цэн. "Тэматыка інфляцыі для людзей вельмі вострая, і цэнавае бязмежжа ў нашай краіне недапушчальна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У пілотным рэжыме сістэма працуе ўсяго толькі па трох не самых адчувальных таварах (халадзільнікі, шыны, веласіпеды). Хоць сродкі на яе распрацоўку затрачаны немалыя - 5,1 млн бел. руб.

Паводле слоў Прэзідэнта, падрыхтаваны праект Указа, у якім на функцыянаванне сістэмы штогод запытваецца да 2,5 млн бел. руб.

У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як гэта сістэма дапаможа айчынным вытворцам або абароніць спажыўца ад нядобрасумленных перакупшчыкаў, які будзе канкрэтны вынік для грамадзян, колькі дасць магчымасць эканоміць штогод.

"Паўтараю тым, хто не разумее, - людзі ядуць прадукты, а не статыстыку! Таму кантроль за цэнамі павінен быць жорсткім, а іх фарміраванне справядлівым!" - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

Сёмае - праца і забаротак. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "Па сутнасці, гэта квінтэсенцыя ўсіх эканамічных праграм. У кожнай намі ставіцца нязменна правільная мэта - рост дабрабыту насельніцтва. Якасны рост павінен забяспечвацца эфектыўнай працай". 

Аднак цяпер рост рэальнай заработнай платы апярэджвае прадукцыйнасць працы, заўважыў Прэзідэнт. Так, у 2025 годзе тэмп прадукцыйнасці працы - 101%, тэмп рэальнай зарплаты - 109%. Памер сярэдняй зарплаты - 2693 бел. руб. ($886). "Больш таго, гэта тэндэнцыя доўжыцца не першы год. Якая цана такому дабрабыту, які мы выпінаем як вялікае дасягненне?" - сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт звярнуў увагу, што Савет Міністраў прыпыніў сваё рашэнне аб выкананні каэфіцыента "прадукцыйнасць - зарплата", які павінен перавышаць адзінку (цяпер 0,93). 

"З аднаго боку запэўніваеце, што праз зарплату трымаем патрэбныя кадры. Але ж па прадукцыйнасці працы мы ў 2-3 разы адстаём ад развітых краін. Дык можа, трэба павялічваць аддачу? - рытарычна спытаў Кіраўнік дзяржавы. - Калі кадры трымаеце, кадры павінны ўпірацца і працаваць. І не ў пасрэдніцкіх структурах, а на вытворчасці". 

"Я не заклікаю агулам (як мы ўмеем) абрэзаць даходы працуючых. Я патрабую, каб усе патокі ў эканоміцы былі збалансаваны. Каб потым не давялося гераічна выпраўляць памылкі або, горш таго, пакінуць іх будучым упраўленцам", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Уражвае, як заўважыў Прэзідэнт, іншая крайнасць: наяўнасць арганізацый, дзе людзі з цяжкасцю зарабляюць паўтары мінімальныя зарплаты, гэта значыць пасля выліку падатку прыкладна 1,1 тыс. бел. руб. Па краіне колькасць такіх арганізацый - каля 150 (у тым ліку адукацыйныя цэнтры, будаўнічыя кампаніі і нават паліклініка), у іх занята 7 тыс. чалавек. 

"Як расцэньваць гэты факт? Што гэта нізкакваліфікаваная праца, узаконенае рабства або адыход ад падаткаў і зарплата ў канверце?" - задаў пытанні Кіраўнік дзяржавы. Ён даручыў вывучыць сітуацыю на гэтых 150 прадпрыемствах і, дзе магчыма, перавесці людзей у іншыя арганізацыі. "І не расказвайце сёння, што недзе чагосьці не хапае. Усяго ў нас хапае, калі б была дысцыпліна і арганізацыя працы", - сказаў Прэзідэнт.

Яшчэ адна тэма на злобу дня - кадравы дэфіцыт. Асабліва па-за сталіцай і абласнымі цэнтрамі. Пры гэтым у краіне мноства бюджэтных арганізацый. "Я гавару пра сотні бюджэтных прысосаў у кожным практычна ведамстве і міністэрстве. Блатныя месцы для адстаўных чыноўнікаў і гэтак далей", - сказаў Прэзідэнт, падкрэсліўшы, што гэтыя словы не датычацца радавых школ, бальніц, спартыўных секцый і да таго падобнае.

"Паглядзіце, чым загружаны спецыялісты па налічэнні розных дапамог, стыпендый і пенсій, - прывёў адзін з прыкладаў Аляксандр Лукашэнка. - Ганяюць людзей за кучай даведак, якія і так даўно ёсць у дзяржаўных сістэмах, і атрымаць іх можна на месцы па адным запыце. Толькі на пенсійную сістэму працуе паўтары сотні арганізацый і больш за 4 тыс. чалавек. Збіраеце ў чэргах пенсіянераў, каб заяву аб чарговым пераразліку з рук у рукі прыняць. У краіне паўмільёна працуючых пенсіянераў. Калі ім хадзіць па вашых кабінетах? Дзе ваша хвалёная лічбавізацыя?"

Прэзідэнт паставіў задачу ва ўсіх сферах тэрмінова пазбавіцца "ад незразумелых арганізацый, структур і бюракратаў". У гэтай справе, паводле яго слоў, буксуе ўжо трэці віцэ-прэм'ер - Наталля Пяткевіч пасля Ігара Петрышэнкі і Уладзіміра Караніка, не прымаючы рашэнняў там, дзе імгненны жывы эфект для бюджэту.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гатовы разгледзець прапановы Прэм'ер-міністра па аптымізацыі сістэмы дзяржаўных органаў. Але важна дакладна разумець, што гэта дасць з пункту гледжання росту экспарту, эканоміі затрат і напаўнення бюджэту, звярнуў увагу Прэзідэнт.

Напрыклад, які раз гучыць прапанова расфарміраваць Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, далучыўшы яго да Мінбудархітэктуры. Аднак Кіраўнік дзяржавы сумняваецца, што гэта мэтазгодна, асабліва з улікам таго, што значная частка скаргаў з боку насельніцтва датычыцца праблем у ЖКГ, а колькасць работнікаў міністэрства даволі невялікая, усяго некалькі дзясяткаў чалавек, і яго ліквідацыя не дасць істотнага эфекту ў эканоміі сродкаў.

Кіраўнік дзяржавы таксама заявіў пра неабходнасць якаснага рыўка навукі як інавацыйнай асновы развіцця рэальнага сектара. "Самы рухавы чалавек узначаліў Акадэмію навук, разумны, дасведчаны, ініцыятыўны. Сказана ў апошнія месяцы нямала. Два гады таму стварылі Савет па стратэгічных праектах, уключылі ў яго склад вучоных і міністраў, кіраўнікоў прадпрыемстваў і банкіра. Аднак ад гэтай структуры я не бачыў ні моцных ініцыятыў, ні нават дробных нейкіх праектаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт пацікавіўся, што канкрэтна з прапаноў савета ўключана ў Дзяржаўную праграму інавацыйнага развіцця на пяцігодку, і канстатаваў, што пакуль назіраецца "толькі працэс, зведзены да пасяджэнняў і справаздач самім сабе". "Мы маем хранічна нізкі ўзровень укаранення навуковых распрацовак у краіне. Да высокатэхналагічных прамысловых вытворчасцей нельга аднесці нават 10% ад існуючых", - падкрэсліў ён. 

Аляксандр Лукашэнка даручыў Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзіміру Караніку разам з віцэ-прэм'ерамі адпрацаваць адзін-два па-сапраўднаму стратэгічныя для краіны праекты па зацверджаных УНС прыярытэтах. "Нам трэба, каб навуку было відаць!" - заявіў беларускі лідар.

Прэзідэнт звярнуў увагу і на якасць работы самога Урада. "Трэба часцей бываць у рэгіёнах і на прадпрыемствах, размаўляць са спецыялістамі, а не выязджаць для кароткіх інфармацыйных мерапрыемстваў, урачыстых пасяджэнняў і абедаў. Інакш канчаткова ператворыцеся, як нярэдка нас крытыкуюць, у "паштамт" па перасылцы дакументаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што стратэгічныя напрамкі развіцця краіны былі вызначаны Усебеларускім народным сходам. "Пачалася новая пяцігодка, і нагадваю, што цяпер Урад штогод будзе даваць справаздачу перад дэлегатамі УНС. І ніхто там купіраваць нічога не будзе. Наадварот, Адміністрацыя Прэзідэнта павінна ініцыяваць і стымуляваць дэлегатаў, каб яны выходзілі на трыбуну і выразна заяўлялі аб недахопах Урада. Каб не праваліцца ўжо на старце, важна хуткасць рэалізацыі ўсіх намечаных мерапрыемстваў і праектаў", - падкрэсліў ён.

Разам з тым, канстатаваў Прэзідэнт,Урад тоне ў бюракратыі і грашыць адсутнасцю аператыўнасці. "Амаль усе ўказы Прэзідэнта вяртаюцца на дапрацоўку. Успомніць толькі вашу шматгадовую валтузню з антыкрызіснымі кіраўнікамі, пераводам індывідуальных прадпрымальнікаў у арганізацыі або размеркаваннем арэнднага жылля. Дарэчы, усе гэтыя пытанні павінны быць у першым паўгоддзі вырашаны", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Яшчэ адзін "грашок" Урада - жаданне завуаліраваць, схаваць або забалбатаць праблему. Я не дарэмна ў пачатку вам сказаў: адкрытая размова. Не трэба баяцца, што заўтра збеглыя пачнуць нас там крытыкаваць па тых або іншых пытаннях, якія мы бачым або выявілі, - сказаў Прэзідэнт. - Даўно напляваць на іх крытыку. Ім больш няма чаго рабіць, як недзе нешта падслухаць і потым "звягаць" тыдзень, пакуль мы яшчэ нешта не скажам. Для нас важна наша насельніцтва, каб яно было ўпэўнена, што ўлада бачыць праблему.

У прыклад такога жадання завуаліраваць праблему Кіраўнік дзяржавы прывёў укамплектаванне кадрамі аграпрамысловага комплексу, аб чым гаворыцца на многіх нарадах. "І што піша Урад па выніках мінулага года: забяспечанасць заатэхнікамі - 87%, ветэрынарамі - 80%. Я калі лічбу гэту атрымаў, то здзівіўся. Амаль 100% заатэхнікаў і ветэрынараў. Дык чаго дохне жывёла? І прапануюць даручэнне зняць з кантролю як выкананае ў 2025 годзе! Каму вы дапамагаеце такімі справаздачамі?" - задаў рытарычнае пытанне беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка ўдзяліў увагу такім пытанням, як дарогі, капітальны рамонт жылля і якасць вады. Ён падкрэсліў, што ва Урада ёсць усе інструменты, каб эфектыўна вырашаць гэтыя пытанні. У іх ліку дзяржпраграмы і спецыяльныя паўнамоцтвы.

"Напрыклад, у новым Указе па ЖКГ прадугледзелі павелічэнне сродкаў на адлічэнні водаканалам і на ачышчальныя збудаванні. Таму праект "Чыстая вада" павінен быць рэалізаваны прыярытэтна па ўсёй краіне", - даручыў беларускі лідар.

Паралельна Кіраўнік дзяржавы даручыў планава заняцца мадэрнізацыяй цеплавых і электрычных сетак. "Каб сітуацыя з прарывам цеплатрасы, як у Мінску, не паўтарылася і не давялося ўстараняць яе наступствы ў мароз, - заявіў Прэзідэнт. - Тое ж самае з забеспячэннем электрычнасцю: на зарадных станцыях - чэргі (таксама для мяне навіна - няўжо не хапае зарадных станцый), у доме і на дачы электраацяпленне - праблема, дазволаў не даюць. Нейкія інфраструктурныя цуды пры лішку генерыруючых магутнасцей!"

Прэзідэнт даў Ураду шэраг канкрэтных даручэнняў. "Непасрэдна цяпер першачарговыя, імгненныя задачы Урада - тэрмінова спыніць спад у прамысловасці і разгрузіць склады. Усе ключавыя прадпрыемствы яшчэ ўчора павінны быць узяты літаральна на ручны кантроль. Барані вас бог скідаць са складоў некаму без грошай тую ці іншую прадукцыю", - заявіў ён. 

Прэзідэнт даручыў прыкамандзіраваць на месцы спецыялістаў міністэрстваў або канцэрнаў, якія змогуць прарэвізаваць работу маркетолагаў, службаў збыту, сістэм закупак. "Задача адна - тэрмінова знайсці новыя кантракты. Далей - сігнал наверх свайму Міністру, няхай пад гэты экспарт (асабліва на новыя рынкі) шукае разам з віцэ-прэм'ерам і банкамі фінансавую падтрымку", - падкрэсліў ён.

Беларускі лідар таксама абазначыў важнасць інвестпраектаў, асабліва ў рэгіёнах: "Не захаваем матэрыяльную аснову нашай эканомікі праз новыя прампляцоўкі і вытворчасці - ніколі не спынім адток людзей". У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы звярнуў асобную ўвагу на такую праграму, як "Адзін раён - адзін праект", і назваў яе лакмусавай паперкай работы кожнага кіраўніка раёна і вобласці.

"Плюс аднаўленне базавых прадпрыемстваў: райаграсэрвіс, сельгасхімія, ПМК, меліярацыя. Усе паўнамоцтвы па будоўлі, экспертызе, фінансах і кадрах - на месцы, уніз. Старшыня раённага выканаўчага камітэта - цяпер ключавое звяно сістэмы ўлады ў краіне. Па выніках паўгоддзя правядзём сур'ёзны разбор гэтых пытанняў", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка. 

Што датычыцца інфляцыі, Прэзідэнт нагадаў аб тым, што яе ўзровень быў вызначаны не вышэйшы за 7%, але яшчэ лепш, калі інфляцыя не будзе перасягаць 5-6%. 

Задачы былі пастаўлены і ў сферы сельскай гаспадаркі. Аляксандр Лукашэнка даручыў забяспечыць тэрміновае будаўніцтва прафілакторыяў для цялят. "У АПК трэба тэрмінова пабудаваць цялятнікі, - заявіў ён. - Я чалавек вопытны... Што тут тлумачыць: сёння няма цялят - заўтра няма малака, няма мяса".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што дапусціць правалу прынятай праграмы пяцігодкі ўжо на старце ні ў якім разе нельга. "Пакуль не адчуваецца ваеннага становішча, мабілізацыі кадраў і жадання яе выконваць. Нехта думае адсядзецца або прыкрыцца "аб'ектыўнымі прычынамі". Не атрымаецца. Калі аб'явілі час канкрэтных спраў, то і за іх адсутнасць будзе канкрэтнае запатрабаванне", - папярэдзіў ён.

Паводле слоў Прэзідэнта, штогод трэць яго даручэнняў ідзе з адзнакай "Не выканана": "З агнём жартуеце. І мы ж туды накіравалі цэлага генерала (размова пра цяперашняга кіраўніка Апарату Савета Міністраў Валерыя Вакульчыка. - Заўвага). Ваенны чалавек... Няўжо нельга настроіць падначаленых, каб усё працавала па-армейску". 

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што, нягледзячы на шырокія паўнамоцтвы і прафесійныя кампетэнцыі Прэм'ер-міністра і яго намеснікаў, Урад так і не стаў моцным аналітычным і эканамічным штабам у кантэксце вырашэння міжгаліновых задач. У сувязі з гэтым беларускі лідар асобна спыніўся на ролі і задачах віцэ-прэм'ераў. 

"Намеснікам Прэм'ер-міністра не трэба падмяняць сабой работу міністраў і тануць у мікраменеджменце. Ваша задача - выпрацоўка канцэптуальных прапаноў, увязка ўсіх інтарэсаў і самае галоўнае - экспарт", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама запэўніў, што скакаць з аднаго цёплага крэсла ў другое не ўдасца: "Вось гэта галоўнае: сеў у крэсла - адказвай. Як у Кітаі або як было ў Савецкім Саюзе. Людзі цуды рабілі і ў Саюзе, і ў Кітаі. Калі Прэзідэнт сказаў буралом прыбраць да нейкага тэрміну, гэта павінна быць прыбрана", - прывёў адзін з прыкладаў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў Беларусі прыняты ўсе найважнейшыя дакументы да пачатку новага перыяду. "Сістэмнасць у выкананні задач, аператыўнасць, падрыхтоўка рашэнняў, калі трэба, жорсткая выканальніцкая дысцыпліна - аснова вашай далейшай рэзультатыўнасці. Хочаце працаваць - давайце будзем працаваць", - рэзюмаваў беларускі лідар.

На нарадзе з дакладамі выступілі кіраўнікі Белстата і Камітэта дзяржкантролю Іна Мядзведзева і Васіль Герасімаў. У іх выступленнях прагучала крытычная ацэнка стану спраў у галінах нацыянальнай эканомікі з упорам на канкрэтныя факты і паказчыкі.

Аб мерах па нарошчванні эканамічнага патэнцыялу краіны далажыў Прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын.

Падводзячы вынікі мерапрыемства, Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз арыентаваў Урад і Нацыянальны банк на забеспячэнне эфектыўнай і стабільнай работы эканомікі.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў краіне ёсць патэнцыял і магчымасці для таго, каб істотна палепшыць эканамічныя паказчыкі. "Мы можам. Патрэбны вынік. Я проста хачу папярэдзіць, не запалохваючы нікога. Хачу, каб вы мяне пачулі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мая вам парада. Як сваім дзецям вам раю: займіцеся справай. Сказана ісці працаваць - значыць, трэба. Час такі. Паверце, трыццаць пяты раз гавару: гэта лепш, чым ваяваць".

"Давайце варушыцца і працаваць, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Колькі вас можна пераконваць у гэтым! Давайце ў спакойным рэжыме працаваць. Кожны павінен несці нагрузку. Падумайце аб сваіх дзецях. Мы ўжо нешта пражылі. А што мы дзецям пакінем?"

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў першую чаргу за прыняцце ключавых эканамічных рашэнняў адказны Урад і Нацыянальны банк. "Вы павінны працаваць на адно. Эканоміка - гэта Урад і Нацыянальны банк", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што дапускае наяўнасць розных пунктаў гледжання, але яны не павінны мець антаганістычны характар. "Я вам працаваць не перашкаджаю. Але за вынік трэба будзе адказваць", - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў, што нядобразычліўцаў вакол хапае і яны Беларусі спакойна жыць не дадуць. У сувязі з гэтым былі згаданы падзеі 2020 года і ўрокі, якія трэба было атрымаць з таго, што адбылося, паколькі паўтарэнне такога сцэнарая можа прывесці да страты дзяржавы.

"Ніхто нам не дапамагаў і не дапаможа. Наша шчасце тут, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Неяк круцімся, верцемся і гэтак далей. Не толькі я, але і вы. Мы будзем жыць у сваёй дзяржаве. Мы хочам жыць у сваёй дзяржаве. Нешта купілі, нешта прадалі... Трэба купляць танней, прадаваць даражэй. Але прадаваць трэба. Нельга спыняцца".

У ліку прыярытэтных задач Кіраўнік дзяржавы бачыць развіццё ўласнай вытворчай базы: "Трэба вырабляць сваё, мы гэта ўмеем рабіць".

Важна пры гэтым больш актыўна працаваць на ўнутраным рынку. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што раней даваў персанальнае даручэнне Аляксандру Косінцу прапрацаваць прапановы па ўстараненні неабгрунтаванага пасрэдніцтва. "Ён мне другі раз прыслаў дакумент: стварыць нейкую камісію, групу… Гляджу на гэту групу, там усе міністры, усе губернатары. Гэта што, другі Урад Косінец стварае? Ну папрасіў бы пяць чалавек спецыялістаў, якія разумеюць нешта ў гэтым. Гэта (было б. - Заўвага) зразумела. Губернатары будуць ездзіць на нарады да Косінца?! Я раз насцярожыўся, другі раз. Ну навошта? Які губернатар паедзе ў Мінск на гэтыя нарады? Ці ў Віцебску ён іх збярэ і будзе вырашаць пытанне пасрэдніцтва? - крытычна заўважыў Прэзідэнт, абазначыўшы шэраг рытарычных пытанняў.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што чакаў канцэптуальных прапаноў для Указа Прэзідэнта па акрэсленай тэме. 

"Я катэгарычна ад вас патрабую: ніякага імпарту ў краіну без дазволу профільнага Міністра, - назваў эфектыўны спосаб вырашэння праблемы Кіраўнік дзяржавы. - Завозім аўтобусы - ідзіце да Міністра, папрасіце дазволу. Завозім тканіны - ідзіце да старшыні канцэрна ("Беллегпрам". - Заўвага), папрасіце ў яе дазвол. Не трэба гэтыя сістэмы мільённыя. Яна падпісала - мы з яе і запатрабуем тады, чаму яна льнотканіны завезла, калі ў нас свой ільнокамбінат". 

У той жа час неабходна ўзмацніць патрабаванні да льнокамбіната, іншых айчынных прадпрыемстваў па якасці вырабляемай  прадукцыі. Калі гаварыць, напрыклад, пра беларускую лёгкую прамысловасць, то ёсць шмат таварных пазіцый высокай якасці, якія цэняцца нават за межамі краіны. "Я, калі еду за мяжу, мы ж дорым абрусы, яшчэ нешта (з беларускай традыцыйнай прадукцыі. - Заўвага). Яны ахкаюць, вохкаюць: "Нічога сабе!" Усе задаволены. А ў нас не - Гучы і Версачэ. Дык мы пастаянна прывучаем наша насельніцтва, рэкламуем гэтыя Гучы-Версачэ", - крытычна заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, Прэзідэнт запатрабаваў перастаць адцягваць увагу губернатараў ад выканання асноўных задач на месцах, неабгрунтавана выклікаючы іх на розныя нарады, пасяджэнні і іншае. Аналагічны падыход і да работы міністраў. "Па-першае, яны незадаволены, міністры, калі іх тузаюць, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - А па-другое, некаторыя: "А чаго там, пайду ў Прэзідэнта пасяджу паўдня, у Прэм'ера паўдня, потым у Качанавай паўдня, у Сергяенкі паўдня" - паўтыдня няма. Навошта вы іх тузаеце на гэтыя нарады? Няўжо тут нельга парадак навесці? Прэм'ер паклікаў на нараду ва Урад і папярэдзіў міністраў: "Без майго ведама нікуды".

"Так і зроблена", - адказаў на гэтыя заўвагі Кіраўніка дзяржавы кіраўнік Урада Аляксандр Турчын.

Узгадваўся таксама прыклад са сферы дарожнага будаўніцтва. Прэзідэнт заўважыў, што асфальтавае пакрыццё дарог схільна да разбурэння ва ўмовах надвор'я беларускай зімы, таму, дзе гэта мэтазгодна, трэба выкарыстоўваць бітум і асабліва - цэмент. "Таму трэба ўпор рабіць на бетанаванні", - арыентаваў Аляксандр Лукашэнка. Тым больш што ў краіне ўжо асвоены адпаведныя тэхналогіі, ёсць неабходная тэхніка і добрыя прыклады эксплуатацыі дарог з такім пакрыццём.

"Трэба цяпер падумаць, як адрамантаваць дарогі пасля зімы, - паставіў задачу Кіраўнік дзяржавы. - Трэба аднавіць, чаго б гэта ні каштавала. Трэба мабілізавацца".

Прадаўжаючы размову аб развіцці ўласнай вытворчай базы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што тут хапае недахопаў, якія трэба будзе выпраўляць. У першую чаргу размова аб кадравай палітыцы, адказным стаўленні да працы, дысцыпліне і захаванні тэхналогій. "Мы не робім элементарнага. І вы хочаце, каб было нармальна? Кожны на сваім працоўным месцы павінен займацца справай", - арыентаваў Прэзідэнт.

"Губернатары, Прэм'ер-міністр і астатнія павінны як "Ойча наш" запісаць: ніхто нікуды без вашага ведама не павінен пайсці. Жалезная павінна быць дысцыпліна. У той жа час добрых дастойных людзей мы павінны бачыць, заахвочваць, узнагароджваць і рухаць наперад, калі гэта патрэбна, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Справядлівае павінна быць стаўленне. Гэта для Кіраўніка Адміністрацыі задача найважнейшая. Ён наверсе гэта кантралюе, а Прэм'ер-міністр, губернатары перш за ўсё прымаюць рашэнне, дзейнічаюць".

Асобная ўвага звярталася на недапушчальнасць неабгрунтаванага росту зарплат. Памер сярэдняга заработку па краіне набліжаецца да $900. "Мінімальную (зарплату. - Заўвага) мы забяспечылі, для таго, каб нармальна існаваць. Далей - трэба вярцецца, круціцца. Далей - хто зможа, той няхай зарабляе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.