Разгляд кадравых пытанняў

  • 11
  • 2

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 лістапада разгледзеў кадравыя пытанні.

Кіраўнік дзяржавы назначыў:

Каржыцкага Дзяніса Леанідавіча - Старшынёй Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях;

Красоўскага Дзмітрыя Анатольевіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Федэратыўнай Дэмакратычнай Рэспубліцы Эфіопія па сумяшчальніцтве;

Маліноўскага Сяргея Мікалаевіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Чарнагорыі па сумяшчальніцтве.

Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:

Шамовіча Сяргея Сцяпанавіча - старшынёй Ушацкага райвыканкама;

Будневіча Мікалая Аляксеевіча - старшынёй Шумілінскага райвыканкама;

Бычкоўскага Віталя Генадзьевіча - старшынёй Валожынскага райвыканкама;

Яфімчыкава Аляксандра Аляксеевіча - старшынёй Краснапольскага райвыканкама;

Мелканяна Геворга Гарнікавіча - старшынёй Асіповіцкага райвыканкама;

Дзівакова Аляксандра Уладзіміравіча - старшынёй Хоцімскага райвыканкама;

Мурога Тараса Андрэевіча - генеральным дырэктарам ААТ "Мінскі трактарны завод";

Каспяровіча Сяргея Антонавіча - рэктарам установы адукацыі "Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт";

Машына Юрыя Віктаравіча - рэктарам установы адукацыі "Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова";

Васілеўскай Наталлі Валяр'янаўны - першым намеснікам міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю;

Дзікуна Алега Уладзіміравіча - намеснікам міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю;

Шаўчэнкі Аляксандра Уладзіміравіча - генеральным консулам Рэспублікі Беларусь у г.Шанхаі (Кітайская Народная Рэспубліка);

Мялешкіна Дзяніса Уладзіміравіча - генеральным консулам Рэспублікі Беларусь у г.Алматы (Рэспубліка Казахстан).

Аляксандр Лукашэнка, узгадняючы назначэнне новых старшынь райвыканкамаў, даў ім шэраг наказаў і даручэнняў, запатрабаваўшы выканаць элементарнае правіла і патрабаванне.

"Галоўнае, мужыкі, хачу сказаць, каб вы засвоілі тое, аб чым мы размаўлялі ў Віцебску (нарада 24 кастрычніка аб мерах па забеспячэнні ўстойлівага развіцця Віцебскай вобласці і сітуацыі з падзяжом буйной рагатай жывёлы. - Заўвага). Той, хто не засвоіць, працаваць не будзе. Гэта элементарнае, аб чым мы там вялі размову. І я ў вас нічога не прашу, як выканаць на гэтым этапе элементарнае правіла і патрабаванне", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Я ўжо вельмі шмат разоў гаварыў: недапушчальны падзеж і даенне кароў, як коз. Што гэта за карова - літр-два малака даюць. Каму патрэбны такія каровы і чаму да гэтага дастукаліся? Таму мая вам парада: дзень і ноч, пакуль вы не ўзварушыце свае калектывы ў раёнах, трэба бываць на прадпрыемствах, на фермах, малочнатаварных комплексах, на іншых комплексах, калі яны ў вас ёсць, прамысловых прадпрыемствах. Стратэгія вызначана - трэба аднавіць тое, што было, пачынаючы з раённых цэнтраў", - запатрабаваў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што калі ў раслінаводстве больш-менш навучыліся працаваць - у перыяд пасяўной, уборачнай кампаній, - то жывёлагадоўлі часам удзяляецца мала ўвагі. Аднак, падкрэсліў Прэзідэнт, завяршэнне ўборкі на палях - гэта не час для адпачынку, бо раслінаводства ў асноўным якраз арыентавана на жывёлагадоўлю. І ў гэтым напрамку яшчэ трэба будзе вырашыць шмат праблем, якія датычацца ўтрымання жывёлы.

"Пачынайце мэтанакіравана працаваць над узнаўленнем статка. Каб у вас не было кароў, якія літр-два даюць малака. Гэта жах. Трэба ў кожнай гаспадарцы мець ядро ​​адпаведнае. Вы гэта лепш за мяне ведаеце. І ад гэтага ядра мы павінны атрымліваць лепшых цялят, цялушак і кароў, якія будуць даваць хаця б 15-20 літраў", - арыентаваў Кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адна задача для ўлады на месцах - гэта аднаўленне эфектыўнай работы раённых арганізацый, такіх як будаўнічая ПМК, "Сельгастэхніка" і іншыя. Гэтыя арганізацыі вельмі важны і для абслугоўвання тэхнікі, і для падрыхтоўкі кадраў у тым ліку.

Аляксандр Лукашэнка прывёў у якасці прыкладу просьбы аб стварэнні мехатрадаў. "А дзе вы, старшыні райвыканкамаў, калі вы атрымаеце такі мехатрад, замацуеце яго? Ён што, у райвыканкамаўскіх гаражах або на пляцоўцы будзе стаяць, і вы разам з работнікамі райвыканкама будзеце абслугоўваць іх? Не. Для гэтага трэба выкарыстоўваць сельгастэхніку, - заўважыў ён. - І вучыце. Зіма ў нас заўсёды ў савецкі час была часам вучобы. Вучыце механізатараў працаваць на тэхніцы. Прычым гэта датычыцца ўсіх элементаў. І ведаеце, дзе мы вучыліся? У "Сельгастэхніцы".

Прэзідэнт расказаў, што ўжо будучай вясной для ўсіх раёнаў прадставяць узор таго, якой павінна быць гэта арганізацыя.

"Але месцаў у нас хапае, дзе трэба вучыць і аграномаў, і інжынераў, і ветурачоў і гэтак далей. Толькі не дапусціце памылкі. Не цягніце туды выкладчыкаў сельскагаспадарчых або нейкіх ВНУ. Практыкаў туды! Ніякіх выкладчыкаў - яны адсталі ад жыцця, ад вытворчасці. А так да вашых паслуг Акадэмія навук, профільныя інстытуты - туды. І навучыце спецыялістаў і кіраўнікоў за зіму. Паўтарыце ім лішні раз. Гэта будзе нядрэнна. Трэба вучыць людзей, трэба іх арганізоўваць, трэба кіраваць і несці за гэта адказнасць. Вельмі вас прашу", - даў параду Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цяпер ужо ў раёнах не па тры дзясяткі кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, як гэта было ранейшыя гады. Гаспадаркі ўзбуйнілі, і цяпер старшыні райвыканкама трэба працаваць максімум з 8-9 кіраўнікамі. "Дык вы збярыцеся і дамоўцеся па-мужчынску з імі. Дамоўцеся, як будзеце працаваць. Хлопцы, патрэбны рэзультат. Час такі, што без рэзультату нікуды. Няма рэзультату - няма работы. Ніякая філасофія тут не падыдзе. Ніякія размовы і разважанні. Толькі рэзультат. Для ўсіх. Ну а для вас перш за ўсё. Уся ваша работа ў рэзультаце. Ёсць рэзультат - ёсць толк", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён паабяцаў, што ў бліжэйшы час на месцы будуць для азнаямлення накіраваны "жудасныя матэрыялы" - факты, выяўленыя ў горшых гаспадарках: "Вы ўбачыце і размовы, і перагаворы, і ўсё астатняе з матамі-пераматамі, п'янкамі, пратэрмінаванымі лякарствамі і гібеллю жывёл".

"Рыхтуйце гэты матэрыял з Герасімавым (Старшыня КДК Васіль Герасімаў. - Заўвага), каб мы гэту петыцыю накіравалі. Каб яны не гаварылі, што я на іх дарэмна наязджаю. Як адзін губернатар: "Б'юць нас і б'юць!" Таму рабіце высновы з размовы ў Віцебскай вобласці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Узгадняючы назначэнне новых старшынь райвыканкамаў, Прэзідэнт заявіў аб планах ліквідаваць усякае пасрэдніцтва, перш за ўсё ў сельскай гаспадарцы.

"Барані божа вас ад гэтага пасрэдніцтва. Мы дамовіліся з Міністрам сельскай гаспадаркі перш за ўсё. Гэта датычыцца ўсіх. Мы цяпер працуем, Косінец (Намеснік Старшыні УНС сёмага склікання Аляксандр Косінец. - Заўвага) адказвае за гэту работу - мы ліквідуем усякае пасрэдніцтва. І займацца пасрэдніцтвам будзе катастрофай. Таму што перасаджалі палавіну кіраўнікоў: як пасрэднік, дык хабары. Вось апошняе данясенне прачытаў. Жудасна чытаць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Вы бачыце, што адбываецца ва Украіне. Як быццам ва Украіне не было ніколі карупцыі і там не кралі больш, чым уся краіна. Вось у апошні час $100 млн. Трамп гаворыць, што $300 млрд толькі яны далі Украіне. Што такое $100 млн у $300 млрд? Нічога. Але галоўнае ж не ў тым, што хтосьці там украў гэтыя $100 млн. А важна - выкрыта сістэма, пачынаючы ад першага кіраўніка і заканчваючы ўсімі астатнімі, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - І гэта нават у гэтым украінскім кругавароце не галоўнае. Галоўнае тое, што іх цяпер за нітачкі, за вяровачкі з-за мяжы, з-за акіяна пачынаюць тузаць. Ім (размова пра Уладзіміра Зяленскага. - Заўвага) кіравалі, а цяпер тым больш: "Гэтага ўстарані, гэтага, гэтага, гэтага..." Устараняе. Але ўстароняць жа і цябе".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што і ў Беларусі ўсе апошнія дзесяцігоддзі змагаюцца з гэтай заразай. "У нас таксама гэтага хапае. У любой краіне гэтага хапае. Але ніхто мяне не папракне, што я заахвочваў нейкіх там жулікаў, якія мне насілі б у тым ліку хабары. Ніхто. А яго папракнуць. Таму глядзіце. Прыйшлі працаваць - працуйце. Цікавая работа. Не бедныя", - падкрэсліў беларускі лідар.

Гаворачы аб выкараненні пасрэдніцтва, Прэзідэнт адзначыў, што не збіраецца скоўваць ініцыятыву старшынь райвыканкамаў. "Калі вы дзесьці знойдзеце танней, чым міністр або сістэма сельскай гаспадаркі прапаноўвае, - буду толькі заахвочваць і падтрымліваць. Але калі вы будзеце купляць па трайной цане нейкія там хімпрэпараты, угнаенні, запчасткі і іншае, а потым з гэтым пасрэднікам дзяліць грошы, хлопцы, вы выбралі самі гэты шлях", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

"Глядзіце, мужыкі, усё замкнёна на вас. Вы там - як варатар у варотах. Там ужо за спінай нікога ў вас няма. Вы - крайнія. І патрабаванне будзе з вас за гэта. Вось такое ваша жыццё і лёс, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Старшыня райвыканкама, кіраўнікі на месцах - вы як на шкле. Вы праглядаецеся з усіх бакоў. Схавацца там не атрымаецца. Людзі бачаць вас, і людзі розныя. І яны вас па-рознаму будуць ацэньваць. Таму павінна быць цвёрдая мэтанакіраваная лінія. Вы павінны яе прытрымлівацца. Сёння не разумее чалавек - заўтра зразумее. Гэта ўсіх датычыцца".

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, як у 2020 годзе ў перыяд пандэміі каранавіруса многія не ўспрымалі і не разумелі яго падыходаў. "Што цяпер? Вазьміце гэту пандэмію. Аказваецца, Лукашэнка меў рацыю", - заўважыў ён.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што і цяпер ёсць COVID, але вакол гэтай тэмы няма каронапсіхозу, які губіў людзей. "Усё ў нашай галаве, уся хвароба, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Але я сціснуў зубы і рабіў справу".

"Скажу шчыра: у пераважнай большасці начальнікі ішлі за мной, выконвалі мае рашэнні. А так павінна і быць у наш час. Таму вы там начальнікі, вы кіраўнікі. У вас усё ў руках. Рабіце, нясіце адказнасць, давайце вынік", - даў наказ беларускі лідар.

Асобна Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб задачы займацца пытаннямі, якія хвалююць людзей на месцах. "Не крыўдзіце людзей. Вы павінны іх прымаць, вы з імі павінны размаўляць", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка ў гэтым плане асабліва падкрэсліў неабходнасць дакладнага размежавання сферы адказнасці і паўнамоцтваў. "Прыехалі сенатары, дэпутаты, нехта яшчэ. Прыйшлі людзі на прыём. А яны (хто прыехалі праводзіць прыём грамадзян. - Заўвага) вам указанні даюць, што дзе рабіць. Трэба гэта спыняць. Прыём грамадзян павінен быць, усе павінны прымаць. Але трэба разумець, хто каму дае ўказанні. А то ў нас навучыліся: з Мінска хто б ні прыехаў -  даюць указанні старшыням райвыканкамаў. Ды яны ім не падпарадкаваны. Таму тут павінен быць адпаведны парадак", - звярнуў Кіраўнік дзяржавы ўвагу на праблемны аспект.

Ён растлумачыў, як трэба дзейнічаць у гэтым выпадку: "Убачылі нешта на прыёме не так - калі ласка, заўвагу пакладзіце на стол старшыні райвыканкама. І пракантралюйце, як будуць вырашацца гэтыя пытанні. І не трэба закідваць мясцовыя органы ўлады непатрэбнымі пытаннямі".

"Таму вы кіраўнікі. І кіруйце. У вас адзін там начальнік, і то адносна, - гэта губернатар. Калі ён у нечым не мае рацыю - інфармуйце. Там упаўнаважаныя, памочнік Прэзідэнта і губернатар. Вось тройка. Я не агітую вас да таго, каб вы не звярталі ўвагі на заўвагі дэпутатаў, сенатараў і іншых. Таму што, ну недзе прагледзелі, можа. Ну паглядзіце і прыміце адпаведныя рашэнні. За свае рашэнні вы будзеце несці адказнасць. Не вырашылі - вы таксама за гэта адказваеце", - давёў Аляксандр Лукашэнка схему работы для кіраўнікоў раёнаў.

Закрануў Кіраўнік дзяржавы і пытанні сацыяльнай сферы, асабліва ў вёсцы. Напрыклад, функцыянаванне школ і арганізацыя падвозу дзяцей, лячэбных устаноў.

"Гэта ваша справа. Але не павінна быць бяздумна: закрылі школу, закрылі ФАП, нейкую ўчастковую бальніцу і стварылі праблему. Ну вы пагаварыце з людзьмі. Самі ж будзем старымі. Стары старому не роўны. Нехта можа ісці, нехта не можа. Таму паглядзіце. Можа, вам гэта і не дорага - пакінуць нейкі там пункт і фельчара хаця б, які пагаворыць з гэтым чалавекам і, як кажуць, таблетку нейкую дасць", - сказаў Прэзідэнт.

Звяртаючыся да новых кіраўнікоў ВНУ Сяргея Каспяровіча і Юрыя Машына, Прэзідэнт арыентаваў іх перш за ўсё на дасягненне канкрэтных вынікаў, тым больш што людзі яны адукаваныя, дасведчаныя і павінны самі разумець, якія да іх прад'яўляюцца патрабаванні. "Рэктар - гэта вельмі вялікая пасада. Марыць толькі можна аб такой рабоце. Усё ў цябе пад рукамі: працуеш з моладдзю, разумныя, дасведчаныя падначаленыя. Патрэбны рэзультат", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым Прэзідэнт крытычна адазваўся аб паводзінах асобных кіраўнікоў вышэйшых навучальных устаноў. "Некаторых панесла. Асабліва маладых рэктараў. Яны ўжо дастукаліся да антыдзяржаўнай палітыкі. Яны сталі "царкамі" там, ва ўніверсітэце, - звярнуў увагу ён. - Барані божа вас ад гэтага галавакружэння ад поспехаў. Павінна быць пэўная палітыка. А то ў нас некаторыя гавораць: "На Захадзе - вось гэта так, а ў нас - гэта не". І ў той жа час усе вы і тыя, пра якіх я гавару (выбачайце, не называю сёння прозвішчы), яны ж адукацыю атрымалі і вялікімі сталі тут. Таму працуйце сумленна, акуратна".

Яшчэ адно патрабаванне, выказанае Кіраўніком дзяржавы да ўсіх кіраўнікоў ВНУ, датычылася забеспячэння пераемнасці, выхавання новага пакалення выкладчыкаў. "У вас павінны быць нармальныя паслядоўнікі, у вас павінны быць вучні", - падкрэсліў Прэзідэнт.

У той жа час трэба правільна наладзіць кадравую работу і ў адносінах да выкладчыкаў, супрацоўнікаў больш старэйшага ўзросту. "Нікому спуску быць не павінна. Прыйшоў з жоўтымі канспектамі на лекцыю выкладчык - трэба яго адправіць на іншую работу. Лепш на іншую работу, чым ён будзе губіць гэтыя маладыя лёсы, якія ў вас там тысячамі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Сяргей Антонавіч, Вы гатовы дабавіць на новым месцы работы?" - удакладніў кіраўнік дзяржавы ў новага рэктара БДТУ.

"Так, таварыш Прэзідэнт", - запэўніў Сяргей Каспяровіч.

У размове з новым кіраўніком МТЗ Тарасам Мурогам Кіраўнік дзяржавы строга акрэсліў пастаўленыя перад ім задачы і папярэдзіў, што часу на разварушванне няма і з першых дзён на новай пасадзе працаваць трэба напружана, адразу паказваючы рэзультат. "Вам "размінка" будзе ў пачатку студзеня (2026 года. - Заўвага), калі вам давядзецца ў тым ліку і перада мной даць справаздачу разам з урадам, якія ў вас вынікі і колькі ў вас на складах трактароў. І чаму вы іх не прадалі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заўважыў, што цяпер некаторыя кіраўнікі замест таго, каб вырашаць існуючыя праблемы, сталі спасылацца на нейкія "аб'ектыўныя цяжкасці". "Ці бачыце, санкцыі, яшчэ чагосьці… Але не вайна ж, - парыраваў на такія довады Кіраўнік дзяржавы. - У нашых трактарах мае патрэбу ўвесь свет. Прадавайце. Калі нешта не атрымліваецца ў нейкі перыяд часу, займіцеся якасцю. Зрабіце супертрактар, які лепшы ў свеце, і крыху даражэй яго прадасце. Я, напрыклад, бачу выйсце з існуючага становішча менавіта ў гэтым".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў неабходнасць развіваць экспартныя продажы айчыннай прадукцыі на ўсіх узроўнях, і асабліва ў час службовых камандзіровак за мяжу.

"Я Прэм'еру ўжо даручыў, Ураду - усім, пачынаючы ад Крутога (Дзмітрыя Крутога, Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. - Заўвага), хоць гэта не яго пытанні, але тым не менш... І мяне гэта датычыцца. Паехаў (за мяжу. - Заўвага) - колькі прадаў трактароў, камбайнаў, сеялак, арфаў, культыватараў, дыскатараў?.. Колькі ты прадаў? У адваротным выпадку чаго туды паехаў? Усіх датычыцца. І кіраўнікоў парламента, і ўсіх вышэйшых службовых асоб, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Але перш за ўсё вас і вашых падначаленых".

"Не павінна быць, Тарас, дрэнна на МТЗ, - звярнуўся Прэзідэнт да Тараса Мурога, узгодненага на пасаду гендырэктара МТЗ. - Гэта брэнд нашай краіны. Вы ведаеце, куды ідзяце".

Прымаючы кадравыя рашэнні, Аляксандр Лукашэнка арыентаваў вучоных і работнікаў вытворчасці на сумесную дзейнасць з абавязковымі канкрэтнымі вынікамі.

"У мяне з вамі сёння кароткая, мужчынская размова, - папярэдзіў Прэзідэнт, звяртаючыся да новых кіраўнікоў ДКНТ, ВНУ і МТЗ. - Настаў час канкрэтных спраў". Дзейнічаць, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, трэба згодна з прынцыпам "прыйшлі, убачылі, далі вынік". Тады можна весці размову і аб заслужаным узнагароджанні. "Дастань і пакладзі (гэта значыць прадастаў вынік. - Заўвага) - атрымай столькі, колькі захочаш. Але калі няма чаго дастаць, няма аб чым і размаўляць", - вобразна растлумачыў Кіраўнік дзяржавы.

"Я вельмі хацеў бы, каб у вас быў вынік. Ва ўсіх. І ў вучоных, і ў работнікаў вытворчасці. А лепш - разам", - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка.

У сувязі з гэтым Прэзідэнт нагадаў пра нядаўнія звароты да яго наконт павышэння статусу вучоных у краіне і неабходнасці нейкіх рашэнняў з боку дзяржавы для гэтага. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што статус вучонага залежыць перш за ўсё ад дзейнасці самога вучонага. І калі яна эфектыўная, значная, то гэта заканамерна вядзе да росту аўтарытэту і самога вучонага, і тых людзей, з кім ён працуе.

"Вучоны павінен рабіць сябе сам, - упэўнены беларускі лідар. - Калі вучоныя заўтра (у ходзе намечанай вялікай размовы Прэзідэнта з прадстаўнікамі навуковай грамадскасці. - Заўвага) прыйдуць з завываннямі і філасофіяй, што трэба статус павысіць, яшчэ нечага - лепш да мяне не хадзіць".

Такі ж прынцып прымяніны і ў адносінах да прадстаўнікоў вытворчай сферы. "Тое ж магу сказаць пра такія кампаніі, як МАЗ, БЕЛАЗ, МТЗ, "Гомсельмаш" і гэтак далей. Ідзіце да вучоных. Без навукі вы не будзеце рухацца. Стаўце перад імі задачы, заказвайце свае распрацоўкі, фарміруйце праграмы - і патрабаваць будзем з вучоных", - арыентаваў Кіраўнік дзяржавы.

У тым, што датычыцца агульнай каардынацыі навуковай дзейнасці ў краіне, усе рашэнні прыняты, сістэма створана, гэтыя функцыі ўскладзены перш за ўсё на ДКНТ, які можна назваць своеасаблівым камітэтам дзяржкантролю ў навуцы. "Нічога выдумляць не трэба. А то некаторыя ўжо адышлі ад навукі (накіраваліся так, што іх адышлі адтуль), і яны цяпер гатовы выбудоўваць вертыкаль і кіраваць. У нас ёсць ДКНТ для таго, каб фарміраваць практычныя задачы перад вучонымі, фінансаваць і патрабаваць. Ажыццяўляйце кантроль, арганізацыю, кіруйце і давайце вынік", - паставіў задачы Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы аб перастаноўках у кіраўніцтве ДКНТ і назначэнні Старшынёй Дзяніса Каржыцкага, які працаваў раней на пасадзе першага намесніка, Прэзідэнт абазначыў некаторую насцярожанасць: "Мы прыйшлі да высновы, што цяперашні кіраўнік не спраўляецца, яго трэба замяніць. А першы намеснік, ён што, да таго, што адбываецца ў ДКНТ, не мае дачынення? - спытаў Кіраўнік дзяржавы. - Вы маеце непасрэднае дачыненне да тых правалаў і вялікіх перамог, якія сёння ў ДКНТ. Я прашу гэта мець на ўвазе. І ніякіх разважанняў, што там быў кіраўнік, а я вось на другіх ролях, таму не адыгрываў ніякай ролі, быць не можа".

"Вы вучоны чалавек, вы эліта нашага грамадства. Калі бачылі, што недзе нешта не так, на сваёй пасадзе першага намесніка вы павінны былі інфармаваць і стукацца ва ўсе дзверы, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - Запомніце, гэта вам урок як маладому чалавеку". Цяпер у новага кіраўніка ёсць усе магчымасці праявіць сябе, і ад яго чакаюць канкрэтных вынікаў. "Не справіцеся - нідзе не ўладкуецеся ў краіне і за мяжой. Вось адзінае, што я вам скажу", - папярэдзіў Прэзідэнт.