Даклад Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзіміра Караніка

  • 7
  • 7:52

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр прыняў з дакладам Старшыню Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзіміра Караніка.

"Мяне перш за ўсё цікавіць удасканаленне дзейнасці Акадэміі навук. Для чаго ж мы замянілі Старшыню Акадэміі навук - для таго, каб было лепш. Час быў, каб разабрацца ў сітуацыі. Ды і вы, я ўпэўнены, паглыблены былі і раней наконт работы Акадэміі навук. Такім чынам, што вы бачыце, як будзем рухацца далей? Я ўжо шмат разоў гаварыў, што без навукі нікуды. Час цяпер такі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што цяпер зноў узнімаюцца пытанні аб узмацненні адказнасці заказчыкаў за навуковыя даследаванні, інавацыі і ў цэлым аб сувязі вытворчасці з навукай. "Ёсць такая тэма. Яна будзе заўсёды, - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы. - Раней гэта тэма гучала так: "Мы вынайшлі, а прамысловасць або сельская гаспадарка, або транспарт, ці яшчэ там нехта браць не хочуць. Паглядзіце, вялікі цуд вынайшлі - браць не хочуць".

У гэтых адносінах Прэзідэнт падкрэсліў, што апошняе слова павінна быць за кіраўніком Акадэміі навук. Ён павінен вывучыць, што прапануе той ці іншы інстытут НАН канкрэтнаму прадпрыемству, і прыняць рашэнне. Але і адказнасць будзе за ім. "Калі вы навяжаце рашэнне, якое нежыццяздольнае, мы ж адразу ўбачым гэта. Убачым на справе. Вы панесяце за гэта адказнасць. Калі сапраўды прынятае вамі рашэнне карысць прынясе, тады - ад дзяржаўных узнагарод да фінансавых заахвочванняў, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Таму пытанне не трэба тут абмяркоўваць і ўзнімаць, што нехта хоча, нехта не хоча. Ну і потым, вы ж недалёка: зняў трубку, пазваніце мне - рашэнне будзе прынята імгненна. І мы разбяромся, хто што можа, а хто што не можа".

Уладзімір Каранік расказаў, што асноўная задача, на якую ён арыентуе ўсіх вучоных, - распрацоўваць тое, што запатрабавана рэальным сектарам эканомікі, а не спрабаваць ім навязваць тое, што атрымалася.

Аляксандр Лукашэнка падтрымаў такую пазіцыю. "Гэта правільна. Абсалютна", - сказаў ён.

"Калі нешта атрымалася і гэта вельмі будзе запатрабавана, ну дзякуй. Таму што ўсё роўна навука павінна быць на крок наперадзе нашай практыкі і нават нашага ўсведамлення. Таму трэба глядзець на вынік гэтага вынаходства", - дадаў Прэзідэнт.

У сваю чаргу Уладзімір Каранік заўважыў, што Акадэмія навук "паварочваецца ўжо тварам да рэальнага сектара эканомікі". "Усе адзначаюць, што ўзровень узаемадзеяння з канкрэтнымі прадпрыемствамі рэзка ўзрос. Гэта датычыцца і БНБК, і прадпрыемстваў малакаперапрацоўкі, і аграпрамысловага сектара. Радасна, што да нас пачынаюць ужо звяртацца", - сказаў кіраўнік НАН.

Наконт гэтага Прэзідэнт звярнуў увагу: галоўнае, каб вучоныя маглі сапраўды эфектыўна, рэзультатыўна, з карысцю рэагаваць на звароты з боку рэальнага сектара эканомікі. "Зацікаўленасць будзе вялікая (з боку прадпрыемстваў. - Заўвага), таму што вы ж бачыце: жым з майго боку, і з боку міністраў, урада ўзмацняецца. І будуць бегаць у розныя шчыліны чыноўнікі для таго, каб атрымаць добры рэальны эфект", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Кіраўнік Нацыянальнай акадэміі навук у час даклада ўзняў пытанне аб павышэнні статусу вучонага ў Беларусі.

"Вы ўзнімаеце пытанне аб узмацненні статусу вучонага. У грамадстве. І што, магчыма, прывядзе да прытоку маладых кадраў у навуку ў цэлым. Не толькі ў Акадэмію навук. Не першы раз гэта пытанне ўзнімаецца. Маю пазіцыю вы ведаеце. Яна, напэўна, і ў вас такая, асабліва пасля работы ў рэальным сектары эканомікі, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Я ведаю, што такое праца вучонага чалавека. Гатовы садзейнічаць таму, каб максімальна плацілі, але патрэбны вынік. Вось проста статус (вучонага. - Заўвага) падняць, у два разы павялічыўшы заработную плату, - наўрад ці мы нешта атрымаем. Таму тут трэба ўнікаць глыбока ў тое, каб сапраўды вучоны быў вучоным. І каб рэальна падняць статус. А не так, як звычайна гэта ў нас бывала: вось, давайце за дысертацыю будзем плаціць, яшчэ там за нешта будзем плаціць і гэтак далей".

Аляксандр Лукашэнка пры гэтым адзначыў, што, магчыма, недзе нешта і трэба дабавіць, але статус вучоны вызначае сам сваімі дасягненнямі. "Будуць дасягненні, будзе вынік - любыя грошы", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт прывёў прыклад з беспілотнікамі. Напрыклад, калі хто-небудзь прынясе такі ўзор, які будзе практычна непаражальным перад сродкамі радыёэлектроннай барацьбы або зброяй. "Атрымай грошы за вынаходства, за ўзор, які ты паклаў на стол", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адзін прыклад - электрамабіль, які ўжо на працягу некалькіх гадоў абяцаюць прадставіць беларускія вучоныя. "Колькі было абяцанняў! Дзе гэты электрамабіль? Мы дапамагалі, і Акадэмія траціла немалыя грошы. Аўтамабіля няма. Ну дык які статут?" - паставіў пытанне Аляксандр Лукашэнка.

"Таму ёсць дасягненні, вынаходствы, канкрэтны вынік - атрымай за гэта грошы. Гэта значыць, за вынік дзяржава павінна плаціць. І мы будзем плаціць вучонаму, аддаючы апошнія грошы, - агучыў асноўнае патрабаванне Прэзідэнт. - Я яшчэ раз гавару: недзе, магчыма, мы недапрацоўваем. Трэба, каб вучоныя прыходзілі, працавалі, жабракамі не былі. Таму што пакуль ён нешта вынайдзе... Але за вынік трэба плаціць. Гэта галоўнае. Гэта мая цвёрдая пазіцыя".

Прэзідэнт адзначыў, што яго размова з кіраўніком НАН папярэднічае маштабнаму мерапрыемству з удзелам навуковай грамадскасці.

"Гэта такі першы крок да правядзення нашай размовы з вучонымі, вялікай размовы", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. Арганізаваць яе плануецца ў перыяд з 17 па 23 лістапада. Дакладную дату вызначаць пазней, яна будзе залежаць ад графіка работы Кіраўніка дзяржавы, у тым ліку правядзення міжнародных мерапрыемстваў. "У вас будзе магчымасць падрыхтавацца да гэтай нарады, да гэтай сур'ёзнай размовы. Трэба, каб менш было заарганізаванасці. Калі па справе ёсць у вучонага што-небудзь сказаць па парадку дня гэтай нарады, які мы вызначым, няхай гавораць, паслухаем", - сказаў Прэзідэнт.

"Трэба, каб члены-карэспандэнты, акадэмікі прысутнічалі і разумелі нашы патрабаванні. Мы паддобрывацца да вучоных не збіраемся, у тым ліку і я. Чаму? Таму што гэта разумныя людзі. Яны павінны разумець, што без выніку толку не будзе", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.