Разгляд кадравых пытанняў
- 23
- 2
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 11 сакавіка разгледзеў кадравыя пытанні.
Кіраўнік дзяржавы назначыў:
Гару Дзмітрыя Юр'евіча - Старшынёй Следчага камітэта;
Сіняўскага Вадзіма Іванавіча - Міністрам па надзвычайных сітуацыях;
Гулевіча Віктара Уладзіміравіча - начальнікам Генеральнага штаба Узброеных Сіл - Першым намеснікам Міністра абароны;
Жука Андрэя Уладзіміравіча - Намеснікам Міністра абароны;
Дземідзенку Ігара Віктаравіча - камандуючым войскамі Заходняга аператыўнага камандавання Узброеных Сіл;
Навуменку Аляксандра Віктаравіча - камандуючым войскамі Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання Узброеных Сіл;
Краеўскага Антона Міхайлавіча - Намеснікам Кіраўніка спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
Валіева Аляксандра Анатольевіча - Першым намеснікам Старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта;
Бальшакова Андрэя Віктаравіча - Намеснікам Старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта;
Даніловіча Эдуарда Рыгоравіча - Намеснікам Старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта.
Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:
Генца Ігара Мікалаевіча - старшынёй Іўеўскага райвыканкама;
Лысенкі Максіма Уладзіміравіча - старшынёй Дзяржынскага райвыканкама;
Пуцяты Артура Уладзіміравіча - рэктарам УА "Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П.В. Сухога;
Дуная Валерыя Іванавіча - рэктарам УА "Палескі дзяржаўны ўніверсітэт";
Раманава Алега Аляксандравіча - рэктарам УА "Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт";
Барысевіча Мікалая Мікалаевіча - Намеснікам Міністра замежных спраў;
Скрыннікава Ігара Віктаравіча - Намеснікам Міністра па падатках і зборах;
Бранцэвіч Таццяны Віктараўны - Намеснікам Міністра эканомікі;
Мароза Дзяніса Равільевіча - Намеснікам Міністра энергетыкі;
Каліноўскага Сяргея Аляксеевіча - Намеснікам Міністра юстыцыі;
Барташэвіча Дзмітрыя Пятровіча - Першым намеснікам Старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі;
Шаршуна Анатоля Анатольевіча - дырэктарам Дэпартамерта па каштоўных паперах Міністэрства фінансаў;
Лазарава Яўгена Віктаравіча - Генеральным консулам Рэспублікі Беларусь у г. Дубаі (ААЭ);
Дулуба Пятра Міхайлавіча - першым намеснікам начальніка Беларускай чыгункі.
Кіраўнік дзяржавы, прымаючы кадравыя рашэнні аб назначэннях у сілавых структурах, папярэдзіў, што сучасныя войны пачынаюцца з расхіствання сітуацыі ўнутры краіны.
"Свет змяніўся, і пад гэты зменлівы свет прагнулася і ваенная арганізацыя. Я не хачу сказаць, што ў дрэнным сэнсе гэтага слова. Войны сёння набываюць іншы характар", - канстатаваў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, ніхто не нападзе войскамі, як гэта было ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. "Ніхто на нас групоўкамі наступаць не будзе, як ішлі ў 1941 годзе. Таму што абстаноўка змянілася. Гэта вельмі будзе яўна, і гэта - трэцяя сусветная вайна, калі толькі так адбудзецца, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Будуць падрываць знутры. Але мы гэта праходзілі ўжо часткова. Крыху нас зачапілі са жніўня пасля выбараў, паспрабавалі на зуб. Зуб зламалі. Цяпер на ўсе зубы будуць спрабаваць і будуць спрабаваць знутры".
"Публічна вам гавару: нам, людзям ваенным, давядзецца абараняць сваю краіну вось адсюль, пачынаючы знутры. Не трэба сядзець у войсках і чакаць, што нехта перасячэ нашу граніцу і вось тады мы стрэльбу возьмем і пачнём ваяваць. Ваяваць будзем адсюль. Вы да гэтага павінны быць гатовы", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"Таму калі вы гатовы ў гэтым плане, калі ласка, давайце разам будзем працаваць і служыць нашаму народу. Дзякуй мала хто скажа, не чакайце гэтага. Дзякуй скажуць потым, калі многія паспрабуюць нечага іншага, параўнанне зробяць, вось тады яны, магчыма, зрабіўшы высновы, скажуць нам дзякуй. А цяпер не чакайце. Мы павінны выконваць свае абавязкі. І дзейнічаць у адпаведнасці з законам", - дадаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся меркаваннем Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Аляксандра Вальфовіча наконт прадстаўленых кандыдатур, наколькі гэта надзейныя людзі і здольныя ўзначаліць адпаведныя напрамкі. Аляксандр Вальфовіч запэўніў, што ўсе кандыдатуры былі ўважліва вывучаны і ён гатовы асабіста паручыцца за кожнага.
Прэзідэнт растлумачыў: раней прапаноўваліся розныя кандыдатуры і не ўсе былі ім прыняты. "І я яму (Дзяржсакратару Савета Бяспекі. - Заўвага) даручыў фундаментальна разабрацца з гэтымі рэчамі. Галоўны ўпор быў зроблены на тое, што камандаваць напрамкамі аператыўнымі і быць начальнікам штаба, намеснікамі міністра павінны людзі, якія паваявалі, вобразна кажучы. Якія былі камандзірамі. Там (у ліку кандыдатаў. - Заўвага) былі розныя людзі, у тым ліку і палітрукі. Я сам палітрук па сваім жыцці. Але я ведаю, як камандзіры ставяцца да камісараў і гэтак далей. Не таму, што яны не патрэбныя або дрэнныя. Але калі чалавек праслужыў усё жыццё нампалітам або камісарам, згадзіцеся, гэтага недастаткова. Гэта як прыклад. Было шмат кандыдатур. І людзей, якія вялікімі злучэннямі камандавалі", - расказаў Аляксандр Лукашэнка аб падыходах у кадравым пытанні.
Ён дадаў, што літаральна на працягу некалькіх месяцаў выявіцца, ці правільна ажыццёўлены гэты падбор. "Таму што мы жывём у вельмі сур'ёзны і незвычайны час. І гэта не проста прапаганда. Вы людзі з войскаў непасрэдна. А генерал міліцыі (Вадзім Сіняўскі, які назначаны Міністрам па надзвычайных сітуацыях, а да гэтага кіраваў УУС Гродзенскага аблвыканкама. - Заўвага), дык ён наогул з Гродна, на перадавой. І бачыць, і ведае, што там адбываецца. Ды і Гара (новы Старшыня Следчага камітэта, а раней - Намеснік Генеральнага пракурора. - Заўвага) таксама па сваёй ранейшай рабоце не адпачываў, а добра ведае сітуацыю ў краіне, ды і на гэтай пасадзе", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
"Я згадзіўся з гэтымі кандыдатурамі - з вамі, людзьмі, якія сёння прысутнічаюць за гэтым сталом. І вельмі спадзяюся, што ні я, ні народ не расчаруецца. Народ не расчаруецца ў нас. Таму што мы павінны абараніць - не будзем гаварыць аб суверэнітэце, незалежнасці, дзяржаве - гэта зразумела, мы за гэта грошы атрымліваем (няхай невялікія, але атрымліваем). Мы свае сем'і павінны абараніць. І сем'і нашых людзей. Вось і ўсё. Простая арыфметыка", - падкрэсліў беларускі лідар.
Прымаючы кадравыя рашэнні, Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў кіраўніцтве краіны і мясцовых органах улады з'яўляецца больш людзей новага пакалення.
"Што называецца, чарговая плеяда кіраўнікоў высокага ўзроўню ў Беларусі. Хто б як ні гаварыў, што мы закасцянелі, нічога падобнага. Мы практычна абнавілі ўсё кіраўніцтва краіны і ўзровень губернатара, ды і старшынь райвыканкамаў на новых людзей. Вы новае пакаленне, і вам прымаць эстафету ў будучым і будаваць Беларусь. Беларусь такую, якую мы вырашылі пабудаваць на Усебеларускім народным сходзе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэты значны форум не быў фармальным мерапрыемствам у жыцці краіны. Рашэнні, прынятыя на Усебеларускім народным сходзе, - арыенцір для кіраўнікоў усіх узроўняў, падкрэсліў Прэзідэнт. "Гэта арыенцір, да чаго мы павінны імкнуцца. Таму работы нам хопіць", - дадаў ён.