Даклад першага віцэ-прэм'ера Мікалая Снапкова і Міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзіміра Калтовіча
- 11
- 3:26
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае важнасць зладжанай работы дзяржаўных органаў у пытаннях абароны ўнутранага рынку і інтарэсаў айчынных вытворцаў. Аб гэтым ён заявіў 1 красавіка, прымаючы з дакладам першага віцэ-прэм'ера Мікалая Снапкова і Міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзіміра Калтовіча.
"Пытанне абароны ўнутранага рынку і айчыннага таваравытворцы - пытанне нумар адзін. Мы вырабляем. Няхай наш рынак невялікі. Але трэба канкурэнтным чынам, зразумела, не аддаваць нікому гэты рынак. Мы, вядома, павінны памятаць пра нашы абавязацельствы ў рамках еўразійскай эканамічнай прасторы. Але тым не менш, ёсць вялікія пытанні і да органаў кіравання, якія павінны кантраляваць і прымаць адпаведныя меры па абароне ўнутранага рынку і нашых таваравытворцаў", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта і іншыя пытанні ўзнімаліся самімі беларускімі таваравытворцамі. "Таму я меркаваў, што ва Урадзе вы падрыхтуеце шэраг адпаведных мер. Па-першае, для абароны ўнутранага рынку. І тут жа - для абароны айчыннага таваравытворцы. Тут нам мудраваць, хітрыць і хаваць нейкія пытанні няма неабходнасці. Мы сёння вырабляем велізарны спектр тавараў спажывання. А ў асобных нашых так званых супермаркетах і магазінах мы гэтага не бачым, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Дайшло да таго, што некаторыя з іх (гэта ўжо праваахоўныя органы разбіраюцца) проста адмаўляліся браць да рэалізацыі беларускія тавары".
"Я не буду іх называць - гэтыя кампаніі. Але вельмі шкада, Уладзімір Васільевіч (Калтовіч. - Заўвага), што гэта не ад вас інфармацыя Прэзідэнту паступіла. Гэта сведчыць аб тым, што тыя даручэнні, якія мною дадзены вам, перш за ўсё прафсаюзам і дэпутатам (Урад мы з гэтага спіса не выключаем, зразумела), як мінімум не зусім выконваюцца. Такія рэчы трэба не проста спыняць, а выпальваць гарачым жалезам", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся пытаннем крытычнага імпарту: "Што гэта такое ў нашых умовах, як ідуць справы, што неабходна зрабіць?"
Прэзідэнт звярнуў увагу на неабходнасць кантраляваць сітуацыю з цэнамі на спажывецкія тавары і не дапускаць фактаў іх неабгрунтаванага росту.
"Як вы гаворыце, перш за ўсё на тавары (размова аб кантролі над цэнаўтварэннем. - Заўвага), якія карыстаюцца павышаным попытам у нашых небагатых суайчыннікаў. Але самае галоўнае - недапушчальнасць неабгрунтаванага росту цэн. Як вы разумееце "неабгрунтаванага росту" і як вы з гэтым спраўляецеся? Не дай бог у другім, трэцім і далей кварталах мы будзем мець праблемы бескантрольнага, мякка кажучы, цэнаўтварэння", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што цэнавая сітуацыя і прагноз па інфляцыі - гэта адно з найбольш важных пытанняў: "Як вы бачыце сітуацыю з цэнамі? Помніце, мы займаліся сур'ёзна лякарствамі ў пачатку бягучага года, спажывецкімі таварамі так званага сацыяльнага спектра. Хоць я гэта не зусім разумею, што значыць сацыяльныя, не сацыяльныя тавары? На ўсе тавары трэба маніторыць цэны і прымаць меры. Галоўнае, каб метода была ў нас адпаведная для прыняцця такіх рашэнняў".