Рабочы візіт у Таджыкістан. Сустрэчы з Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам і Прэм'ер-міністрам Кахірам Расулзадой
- 15
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 15 верасня прыляцеў з рабочым візітам у Таджыкістан.
Ля трапа самалёта беларускага Прэзідэнта сустракалі Прэм'ер-міністр Таджыкістана Кахір Расулзада, кіраўніцтва Міністэрства замежных спраў і горада Душанбэ.
У хуткім часе пасля прыбыцця ў Душанбэ Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам. Лідары дзвюх краін абмеркавалі развіццё двухбаковага супрацоўніцтва, ваенна-палітычную абстаноўку ў рэгіёне і пытанні правядзення ў бліжэйшыя дні ў таджыкскай сталіцы самітаў АДКБ і ШАС.
Кіраўнікі дзяржаў таксама падрабязна абмеркавалі двухбаковы парадак дня, адзначылі пазітыўную дынаміку ў развіцці супрацоўніцтва. Галоўная задача - не зніжаць тэмп, рухацца ў духу падпісанага раней дагавора аб стратэгічным партнёрстве.
Самы маштабны блок на сустрэчы быў прысвечаны міжнароднай праблематыцы, у тым ліку сітуацыі вакол падзей у Афганістане. Размова ішла аб кансалідаванай пазіцыі па гэтым пытанні ў рамках АДКБ.
Кіраўнікі дзяржаў зверылі пазіцыі, абмяняліся інфармацыяй напярэдадні маючых адбыцца ў Душанбэ міжнародных сустрэч.
Большую частку сустрэчы Аляксандр Лукашэнка і Эмамалі Рахмон гаварылі сам-насам. А пасля, ужо "на нагах", размову прадоўжылі з удзелам міністраў замежных спраў.
Эмамалі Рахмон таксама правёў кароткую экскурсію па залах Палаца Нацыі, якія прымуць маючыя адбыцца саміты.
Увогуле сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Эмамалі Рахмона доўжылася больш за дзве гадзіны.
Яшчэ адну сустрэчу з кіраўніцтвам Таджыкістана Прэзідэнт Беларусі правёў адразу ж пасля прылёту ў Душанбэ: у аэрапорце Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з Прэм'ер-міністрам краіны Кахірам Расулзадой.
У сталіцы Таджыкістана 15-17 верасня пройдуць сесія Савета калектыўнай бяспекі АДКБ і пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў - членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. У Кіраўніка беларускай дзяржавы таксама запланаваны шэраг двухбаковых сустрэч з замежнымі калегамі.
На саміце Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы будуць абмеркаваны праблемы міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі і іх уплыў на бяспеку дзяржаў АДКБ. Адным з самых важных пытанняў стане сітуацыя ў Афганістане.