Рабочы візіт у Расійскую Федэрацыю. Перагаворы з Уладзімірам Пуціным

  • 9
  • 2

Сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Расіі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна прайшла 13 ліпеня ў Канстанцінаўскім палацы ў Санкт-Пецярбургу.

Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі развіццё супрацоўніцтва ў розных сферах, міжнародную праблематыку.

У час перагавораў Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што адно з галоўных пытанняў, якім неабходна займацца, гэта эканоміка, паколькі не толькі ў адносінах да Беларусі, але і Расіі ўводзяць або прадаўжаюць санкцыі. Тым не менш Прэзідэнт упэўнены, што краіны вытрымаюць гэты ўдар. "Як я некалі і гаварыў, няма чаго нам наконт гэтага перажываць. Мы ўсё ж такі эканоміцы ўдзяляем больш увагі, чым у СССР, мы людзей глядзім больш. Мы вытрымаем. Нават не вытрымаем - мы будзем развівацца. Гэта не пытанне. Сёння не атрымаецца манапалізаваць міжнародны парадак дня і націснуць на нас. Не атрымаецца! Свет змяніўся", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Усе сябры добрыя, але мы сваім розумам павінны жыць, як у нас гэта і атрымлівалася", - дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка назваў радасным той факт, што расце тавараабарот Беларусі і Расіі. "Нягледзячы ні на якія вірусы, як вы сказалі, звонку ў адносінах да Беларусі і Расіі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Ён згадзіўся з тым, што любыя санкцыі - гэта магчымасці: "З таго часу, як Расія перш за ўсё трапіла пад так званыя санкцыі, вы ўсё ж такі імпартазамяшчэнне правялі значнае. Асабліва ў сельскай гаспадарцы. Цяпер гэта ўжо праз 2-3 гады відаць. Гэта відавочны факт".

"Зразумела, што наша эканоміка вельмі сур'ёзна прывязана да расійскай. Мы захавалі многія кааперацыйныя адносіны з Расіяй, не пайшлі тым шляхам, як іншыя рэспублікі, асабліва наша паўднёвая рэспубліка. Мы не рвалі сувязі. Захавалі наогул ўсю прамысловасць, а дзе-нідзе і дабавілі, таксама дзякуючы інвестыцыям Расійскай Федэрацыі", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў фінансавых адносінах Беларусі заўсёды было няпроста. "Вы разумееце, чаму. І тут падтрымка была вельмі сур'ёзная з боку Расіі. Але мы свята стараемся выконваць свае абавязацельствы па крэдытах, якія выдадзены, і будзем іх выконваць, чаго б нам ні каштавала", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца заходніх санкцый, Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што пасля чарговай іх хвалі вядзецца дыверсіфікацыя ў эканоміцы, аднак па шэрагу напрамкаў аб'ёмы гандлю з Еўрасаюзам і ў былыя гады былі зусім невялікімі. Напрыклад, для трапіўшых пад санкцыі МАЗа і БЕЛАЗа гэта $3,3 млн і $4 млн. "Мы працуем на сваіх рынках, як гэта было. Дзякуючы таму, што мы не парвалі сувязі, нам удаецца ў гэты вельмі складаны час неяк карабкацца ў эканоміцы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, справа нават не ў санкцыях, а ў тым, што сусветная эканоміка ў цэлым сур'ёзна прасела і ўсе краіны адчуваюць гэты ўплыў. "Мы вытрымаем", - упэўнены беларускі лідар.

"Галоўнае - гэта бяспека нашых дзяржаў. Гэтаму трэба ўсю ўвагу ўдзяляць. Як бы яны нас ні заспакойвалі (апаненты. - Заўвага), мы бачым, што зрабілі ў свой час правільна, удзяляючы ўвагу абароне нашых дзяржаў і бяспецы. Я многае вам раскажу, што адбываецца. Дынаміка шалёная. Кожны дзень нешта мяняецца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што праціўнікі ўлады ў Беларусі перайшлі да індывідуальнага тэрору. Ён падкрэсліў, што гэта стала наступным этапам так званай каляровай рэвалюцыі або мяцяжу ў Беларусі. "Яны перайшлі да індывідуальнага тэрору. Я інфармаваў вас па некаторых пытаннях. І кожныя суткі ёсць развіццё. Індывідуальны тэрор супраць тых людзей, якія гаварылі шчыра, тых, якія выступалі за дзяржаву. Цяпер ужо на дэпутатаў перайшлі. І нягоднікі падбіраюць час, атакуючы жыллё аднаго з лідараў сярод дэпутатаў, партыі, калі дзеці там. Спрабуюць націснуць, запалохаць", - расказаў беларускі лідар.

"Думаю, гэта справа часу. Мы ўсіх іх вызначым. І знойдзем, прыцягнем да адказнасці, прытым у сур'ёзнай форме", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, расказаў Прэзідэнт, у Беларусі вельмі актыўна цяпер пачалі работу адносна розных НКА, НУА, так званых заходніх СМІ. "Якія тут дэмакратыю нам дарылі, а фактычна насаджалі. І не дэмакратыю, а вось гэты тэрор, - сказаў беларускі лідар. - Вы павінны разумець, што мы проста не можам інакш. Чым яны займаліся, зразумела. Яны фінансаваліся звонку. А мы ўсё думалі: ну добра, гэта ж дэмакратыя, давайце будзем гаварыць, супрацоўнічаць. Вось і атрымалі адпаведныя вынікі".

"Усё роўна, Уладзімір Уладзіміравіч, гэта для нас не катастрофа. Тэрор гэты і іншае. Мы справімся", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

У час сустрэчы Уладзімір Пуцін заявіў, што Беларусь застаецца для Расіі вялікім і надзейным партнёрам у эканоміцы. Ён адзначыў, што ў 2020 годзе тавараабарот паміж краінамі з-за наступстваў пандэміі ўпаў на 17%. Але за красавік-май гэтага года гандаль ужо дэманструе рост - лічбы павялічыліся больш як на 37%. "Гэта добры паказчык", - падкрэсліў Кіраўнік расійскай дзяржавы.

Ён звярнуў увагу, што, нягледзячы на знешнія выклікі, санкцыі і пандэмію, эканоміка Беларусі дэманструе нядрэнныя паказчыкі. У прыватнасці, рэспубліка абслугоўвае ўсе крэдыты, больш таго, яе знешні доўг скарачаецца. "У гэтым сэнсе Беларусь надзейны, стабільны партнёр", - заявіў расійскі лідар.

Упэўнена развіваецца ў Беларусі і прамысловая вытворчасць, заўважыў Уладзімір Пуцін. "Вырасла больш як на 16% - гэта вельмі добрыя паказчыкі. Я маю на ўвазе і нашу глыбокую кааперацыю ў сферы прамысловасці. Тыя вытворчыя сувязі, якія мы захавалі яшчэ з часоў Савецкага Саюза і развівалі апошнія гады, маюць пазітыўны эфект як для эканомікі Расіі, так і для эканомікі Беларусі", - дадаў Прэзідэнт Расіі.