Рабочы візіт у Расійскую Федэрацыю. Перагаворы з Уладзімірам Пуціным
- 14
- 4
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў 9 верасня перагаворы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у Маскве.
Апошнія некалькі гадоў Беларусь і Расія дбайна працавалі над саюзнымі праграмамі па паглыбленні інтэграцыі ў фармаце Саюзнай дзяржавы. Яны прапрацоўваліся на экспертным і ўрадавым узроўнях, абмяркоўвалі іх у час асабістых сустрэч і кіраўнікі дзвюх дзяржаў.
"Тое, аб чым мы, спадзяюся, дамовімся сёння, не звязана з нейкай бягучай палітычнай кан'юнктурай у нашых краінах або з палітычным календаром напярэдадні парламенцкіх выбараў у Расіі. Гэта наша бягучая, даўняя сумесная работа на працягу многіх гадоў", - падкрэсліў Уладзімір Пуцін.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што прыняцце саюзных праграм будзе прарывам.
"Думаю, мы добра папрацуем. Напэўна, ужо ў нас работы засталося менш, чым у былыя нашы сустрэчы. Яны працягваліся вельмі доўга. І па 5, і па 8 гадзін. Таму што тады даводзілася нам, можна сказаць, як "бульдозеры" праходзіць, каб расчысціць дарогу для ўрадаў і экспертаў. Яны папрацавалі, але ўвесь час натыкаліся на праблемы, якія не маглі вырашыць або прыняць рашэнне", - адзначыў беларускі лідар.
Ён нагадаў гісторыю пытання, як усё пачыналася ў Сочы. Тады лідары краін па запатрабаванні народаў і ў адказ на крытыку, што няма дынамікі ў Саюзнай дзяржаве, "накрэслілі" больш за 30 дарожных карт. "Схематычна прадставілі. Потым, працуючы над гэтымі картамі, прыйшлі да высновы (больш як год таму), што нам патрэбны канкрэтныя планы, а ўжо не нейкія схемы, і мы перайшлі на саюзныя праграмы. І вось сёння атрымалася, што мы гатовы абмеркаваць ужо на апошняй стадыі 28 праграм. Гэта вельмі шмат. Гэта асноўныя буйныя тэмы і напрамкі нашага супрацоўніцтва, каб даць магчымасць урадам заўтра (на саюзным Саўміне. - Заўвага) яшчэ раз на экспертным і ўрадавым узроўні разгледзець іх. Калі яны прымаюць, то на Вышэйшым дзяржсавеце, як мы дамаўляліся з вамі (магчыма, у канцы кастрычніка), прымем канчаткова гэтыя праграмы", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Гэта будзе прарыў. Прарыў у многіх сферах. Гэта не тайна. Мы апублікуем гэтыя праграмы, пакажам, па якіх напрамках мы працавалі", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Мы рухаемся, як і ўсе цывілізаваныя краіны. Толькі разам, толькі ў саюзе, родныя дзяржавы, блізкія народы. Практычна адзіны народ: ад аднаго кораня і рускія, і беларусы. Мы робім сваю справу, а яны (грамадзяне дзвюх краін. - Заўвага) ужо няхай нас ацэньваюць", - дадаў Прэзідэнт Беларусі.
Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў Крамлі прадоўжылася ў фармаце рабочага абеду і завяршылася прэс-канферэнцыяй для прадстаўнікоў СМІ.
Размаўляючы з журналістамі, Прэзідэнт Беларусі назваў перагаворы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у Маскве сумленнымі, адкрытымі і канструктыўнымі.
"Перш за ўсё хачу падзякаваць майму калегу, Прэзідэнту Расіі, за той прыём, які быў аказаны нашай дэлегацыі, а таксама максімальна сумленны, адкрыты і канструктыўны характар сённяшняй сустрэчы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы аб выніках перагавораў, Кіраўнік дзяржавы перш за ўсё выказаўся аб выніках работы над саюзнымі праграмамі - паводле яго слоў, "самай аб'ёмнай і, напэўна, самай раскручанай тэме сённяшняй размовы". Прэзідэнт нагадаў, што прадметная работа над так званымі дарожнымі картамі пачалася тры гады таму. Іх распрацоўку вырашылі пачаць пасля крытыкі Саюзнай дзяржавы, што прагучала ў грамадстве: маўляў, яна страціла тэмп развіцця. Тады гэтыя дакументы, па сутнасці, уяўлялі сабой "нейкія інтэграцыйныя контуры па асобных напрамках". Кожная ж з сённяшніх праграм - гэта ўжо канкрэтны план мерапрыемстваў, згодна з якім краіны і маюць намер рухацца.
"Урады правялі каласальную работу. Мы з Уладзімірам Уладзіміравічам усе прынцыповыя рашэнні, якія датычыліся нас, сёння прынялі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Каб не пераказваць змест разгледжаных дакументаў (яны будуць абнародаваны, гэта не сакрэт), вылучу самае галоўнае ў іх. Гэта роўныя правы для суб'ектаў гаспадарання нашых краін. Тыя самыя роўныя ўмовы, аб неабходнасці якіх розныя прадстаўнікі Беларусі, у тым ліку я як Прэзідэнт, гаворым на працягу многіх гадоў. Гэта аснова асноў. Мы - паўнапраўныя партнёры", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што для ўсіх кампаній на рынках Беларусі і Расіі павінна быць сумленная канкурэнцыя. "Менавіта дзеля раўнапраўя, выгаднай кааперацыі, плённага супрацоўніцтва і задумвалася беларуска-расійская інтэграцыя, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - У саюзных праграмах дакладна прапісаны механізмы развіцця адзінай эканамічнай прасторы: фарміраванне аб'яднаных галіновых рынкаў, рэалізацыя гарманізаванай фінансавай, падатковай, крэдытнай, цэнавай, гандлёвай палітыкі".
У саюзных праграмах, паводле слоў Прэзідэнта, таксама закладзены вырашэнне праблемы паставак у Беларусь энерганосьбітаў, рост аб'ёму транспартных паслуг, фінансаванне новых інвестыцыйных праектаў, выхад на адзіныя прынцыпы рэалізацыі аграрнай і прамысловай палітыкі, павышэнне ўзроўню ўзаемных сацыяльных гарантый для грамадзян дзвюх краін.
Аляксандр Лукашэнка спытаў крытыкаў Саюзнай дзяржавы ў Беларусі: што ў прынятых рашэннях дрэннага для беларусаў? "А ў крытыкаў нашай інтэграцыі ў Расіі хачу пацікавіцца: дзе вы бачыце тут "гіру на назе Расійскай Федэрацыі"? Нічога дрэннага для народаў Беларусі і Расіі ў гэтых праграмах няма і быць не магло. Усё было нацэлена на рост дабрабыту нашых народаў. І трэба, напэўна, паставіць ужо кропку ў гэтых размовах. Наша інтэграцыя мае выключна ўзаемавыгадны характар", - заявіў беларускі лідар.
Ён адзначыў, што на перагаворах удалося дасягнуць узаемаразумення па ўсіх асноўных напрамках. Урады Беларусі і Расіі неадкладна зоймуцца "дашліфоўкай" некаторых момантаў ужо 10 верасня на пасяджэнні саюзнага Саўміна ў Мінску.
"Калі будуць адобраны і ўзгоднены "апошнія штрыхі" (а мы ў гэтым упэўнены), гатовы зацвердзіць пакет саюзных праграм на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы", - падагульніў Аляксандр Лукашэнка.
"Нас часта абвінавачваюць у тым, што Саюзная дзяржава - толькі палітычны праект. Не, гэта ўнікальнае інтэграцыйнае аб'яднанне, развітое па ўсіх напрамках, і ў палітыцы таксама - вазьміце наш ваенна-палітычны саюз, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Падкрэслю: жыццё пераканаўча даказвае, што ўсё, што мы робім, накіравана на карысць і канкрэтныя патрэбнасці нашых людзей".
Прэзідэнт адзначыў, што беларусы і расіяне не адчуваюць сябе чужымі ў абедзвюх краінах, могуць свабодна перамяшчацца, атрымліваць адукацыю, працаўладкоўвацца. "Гэта дарагога варта. Прычым людзі ўпэўнены, што гэта само сабой зразумела, што так было заўсёды. Гэта і ёсць найлепшы доказ жыццяздольнасці нашага саюза. Я абсалютна перакананы, што паглыбленне інтэграцыі, нарошчванне разнапланавага ўзаемадзеяння - самы паказальны, дзейсны адказ усім нашым нядобразычліўцам. Разам мы толькі мацнейшыя", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнты ў час перагавораў, акрамя паглыблення інтэграцыі паміж краінамі, дэталёва абмеркавалі і актуальныя міжнародныя праблемы, адносіны з суседнімі краінамі і аб'яднаннямі. Падрабязна яны спыніліся на абстаноўцы ў зонах нестабільнасці, перш за ўсё ў Афганістане, з пункту гледжання пагроз для бяспекі Саюзнай дзяржавы.
"У гэтым кантэксце першачарговая важнасць - ажыццяўленне ўсебаковай бяспекі нашых краін і АДКБ у цэлым. Адзіную пазіцыю па гэтым пытанні мы ўсе разам зацвердзім у ходзе маючых адбыцца мерапрыемстваў у Душанбэ (самітаў АДКБ і ШАС. - Заўвага). Нават мы, знаходзячыся ў цэнтры Еўропы - далёка ад тэатра ваенных дзеянняў, адчулі на сабе наступствы афганскага крызісу. Паглядзіце, што робіцца з бежанцамі на нашых граніцах, як паводзіць сябе "прагрэсіўны" Захад. Больш таго, пастаянна ужо бразгаючы зброяй", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
У гэтым кантэксце лідары закранулі тэму саюзных ваенных вучэнняў "Захад-2021". "Сумеснае процідзеянне агульным выклікам і пагрозам будзем толькі нарошчваць, - заявіў Прэзідэнт. - І тут не трэба крычаць, што мы праводзім гэтыя вучэнні. У нас ёсць армія, сумесная групоўка на заходнім напрамку. Яе трэба абучаць ваеннаму рамяству, мы нічога выключнага не робім".
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, на сустрэчы таксама былі разгледжаны пытанні далейшай нармалізацыі транспартных зносін, кааперацыі ў галіне мікраэлектронікі і ў будаўнічай сферы.
"Так, мы ўпэўнены, што практыку выкарыстання навукова-тэхнічнага і вытворчага патэнцыялу ў Саюзнай дзяржаве неабходна пашыраць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
"Зразумела, што не ўсе вузлы ў нашых адносінах яшчэ развязаны. Пры такім аб'ёме ўзаемадзеяння гэта нармальна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ па выніках перагавораў са сваім расійскім калегам.
Разам з тым ён звярнуў увагу, што платформа для далейшага руху створана. "Дзякуючы ёй мы будзем і далей забяспечваць сацыяльныя гарантыі, паступальна павышаць дабрабыт беларусаў і расіян", - заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што многім можа здацца, што рэалізацыя распрацаваных Беларуссю і Расіяй саюзных праграм вельмі расцягнута па часе. Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, інакш быць і не можа, бо да гэтых пытанняў неабходна падыходзіць выверана і акуратна.
"Мы паказваем прыклад, якім чынам трэба рухацца ў ЕАЭС і тым больш у СНД. Мы, як бульдозер, ідзём наперадзе, расчышчаючы дарогу для саюзных аб'яднанняў на постсавецкай прасторы. Саюз - гэта прыклад, той шлях, па якім давядзецца ісці тым дзяржавам, якія будуць разлічваць на больш цесны саюз", - заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін таксама адказалі на пытанні журналістаў, якія датычыліся рэалізацыі палажэнняў саюзнага дагавора, зняцця розных застарэлых праблем у двухбаковым супрацоўніцтве, міграцыйнага крызісу, тэматыкі авіяцыйных зносін паміж краінамі, цэн на пастаўляемыя ў Беларусь расійскія энерганосьбіты, пытанняў крэдытнай падтрымкі і магчымасці з'яўлення адзінай валюты Саюзнай дзяржавы.
"Мы дамовіліся аб правядзенні агульнай макраэканамічнай палітыкі, гарманізацыі грашова-крэдытнай палітыкі, інтэграцыі плацежных сістэм. Дамовіліся аб забеспячэнні інфармацыйнай бяспекі, паглыбленні супрацоўніцтва ў мытнай і падатковай сферы: размова ідзе аб празрыстасці мытнага кошту тавару і вызначэнні празрыстай структуры кошту тавараў у эканоміцы наогул", - расказаў Уладзімір Пуцін.
На сустрэчы з журналістамі было адзначана, што Расія здымае ўсе кавідныя абмежаванні ў пасажырскіх авіязносінах з Беларуссю. Расійскі лідар растлумачыў, што непасрэдна на перагаворах гэта тэма не закраналася. Аднак камісія расійскага Урада літаральна нядаўна прыняла адпаведнае рашэнне.
Прэзідэнт Расіі адзначыў, што ў выніку перагавораў удалося выпрацаваць узаемапрымальныя падыходы па газавай тэматыцы. Цана для Беларусі на расійскі прыродны газ на 2022 год захаваецца на ўзроўні бягучага года. Пры гэтым да 1 снежня 2023 года будзе падпісаны дакумент па стварэнні аб'яднанага рынку газу ў рамках Саюзнай дзяржавы.
Акрамя таго, паводле яго слоў, прадугледжана заключэнне дагавора аб аб'яднанні рынкаў нафты і нафтапрадуктаў, а таксама дагавора аб адзіным рынку электраэнергіі.
Што датычыцца крэдытнай падтрымкі, Аляксандр Лукашэнка расказаў, што размова на гэту тэму з расійскім калегам была ў наступным ключы: "Я прасіў яго аб тым, што нам не патрэбны новыя крэдыты, калі мы ад атамнай станцыі, на якую нам выдзелены пэўны крэдыт (гэта практыка Расійскай Федэрацыі ва ўсім свеце), чагосьці сэканомім, я яго папрасіў: ты мне аддай гэту эканомію як крэдыт. Адказ быў такі: падумаем, нас гэта задавольвае, калі будуць добрыя, выгадныя праекты для Беларусі і Расіі".
На сустрэчы з журналістамі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін таксама выказаліся аб адзінай валюце Саюзнай дзяржавы.
Беларусі і Расіі пакуль рана пераходзіць да адзінай валюты, лічыць Кіраўнік беларускай дзяржавы.
"Пытанне не ў тым, што Пуцін або Лукашэнка тармозяць гэтыя працэсы. Калі мы вывучалі гэту праблему, тады Цэнтральны банк Расіі і наш Нацыянальны банк у адзін голас папрасілі нас да гэтага пытання пакуль не падыходзіць. Яны заявілі, што ні яны, ні нашы краіны не гатовы да гэтага", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым Прэзідэнт не стаў выключаць, што ў будучым да гэтага пытання краіны могуць вярнуцца. "Пытанне не ў валюце. Пытанне заўсёды ў нас упіралася ў адзіны эмісійны цэнтр. Вось тут ёсць пэўныя праблемы", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы.
Што краіны пакуль не гатовы пераходзіць да адзінай валюты, лічыць і Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. Паступовае вырашэнне гэтых пытанняў, паводле яго слоў, закладзена ў саюзныя праграмы. "Нам трэба вельмі акуратна дзейнічаць, аналізаваць плюсы і мінусы, станоўчыя і адмоўныя прыклады нашых суседзяў", - падагульніў ён.
Размаўляючы з журналістамі па выніках перагавораў, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь выконвае ўсе свае абавязацельствы з партнёрамі, але ва ўмовах санкцый не можа забяспечыць бяспеку Еўрапейскага саюза на граніцы.
"Што вы ад нас патрабуеце? Вы супраць нас кожны дзень уводзіце ўсё новыя і новыя санкцыі. Мы па санкцыях ужо на парадак апярэдзілі Расійскую Федэрацыю. Літаральна за паўгода яны ўвялі столькі санкцый, і я і беларускі народ што, павінен абараняць іх на граніцы? Не", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Ён звярнуў увагу на тое, што Еўрапейскі саюз згарнуў усе праграмы па пагадненні з Беларуссю аб рэадмісіі. "Атрымлівайце цяпер вынікі сваёй палітыкі, - дадаў беларускі лідар. - Паглядзіце на іх "дэмакратычны" твар: яны ж страляюць, з сабакамі ловяць гэтых мігрантаў, арганізуюць групамі і гоняць праз граніцу да нас, страляючы паверх галоў, дзякуй богу, пакуль. Хоць ёсць і гібель людзей. Яны перакідваюць да нас праз граніцу: "Забірайце". Вось іх "дэмакратычны" твар. Мы сумленна выконвалі сваю місію да той пары, пакуль яны не сталі сілай пераварочваць сітуацыю ў краіне і звяргаць уладу".
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ЗША на фоне вываду сваіх войскаў з Афганістана далі каманду Еўрапейскаму саюзу прыняць усіх афганскіх бежанцаў. ЕС, паводле слоў Прэзідэнта, "узяў пад казырок, і афганцаў - да сябе". "Калі вы іх паклікалі, дык вазьміце, адкуль яны ні прыйшлі б. Якія прэтэнзіі тут да беларусаў, тым больш да Расіі?" - задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка.
"Тое, што нам трэба выконваць як надзейнаму партнёру, мы будзем рабіць заўсёды. Калі Еўропа хоча гэтых нармальных адносін - калі ласка, мы гатовы заўтра дамаўляцца", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік расійскай дзяржавы, адказваючы на пытанне беларускага журналіста, адзначыў, што некаторыя яго заходнія калегі і еўрапейскія лідары заклікаюць яго да сумесных дзеянняў у вырашэнні праблем з мігрантамі на граніцы з Беларуссю.
"Адказ просты: гэта нас не датычыцца", - адказаў Уладзімір Пуцін. Ён падкрэсліў, што міграцыйны крызіс узнік на дзяржаўнай граніцы Беларусі з іншымі суверэннымі краінамі, таму вырашэнне праблем яны павінны шукаць паміж сабой. "Хочаце па-сапраўднаму праблему вырашаць - звяртайцеся да беларускіх улад на любым узроўні і вырашайце праблему з суседняй дзяржавай", - падкрэсліў расійскі лідар.
Прэзідэнт Беларусі падзякаваў расійскаму калегу за яго пазіцыю па пытанні міграцыйнага крызісу. "Еўрапейскі саюз і іншыя спрабуюць вырашаць гэту праблему ў тым ліку прад'яўляючы нейкія прэтэнзіі кіраўніцтву Расіі, у тым ліку майму калегу: вы, маўляў, акажыце ўздзеянне, націсніце там на Лукашэнку і гэтак далей... Я яму ўдзячны за яго пазіцыю, якую ён усюды выказвае: ёсць у Беларусі кіраўніцтва, ёсць улада - калі ласка, як сказаў Прэзідэнт, звяртайцеся, вырашайце гэту праблему. Бачыце, яны з намі размаўляць не могуць, таму што ці то Прэзідэнт "нелегітымны", ці то ўлада не такая. А вось з талібамі - гэта іншае. Там яны могуць размаўляць і весці дыялог", - звярнуў увагу беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пры будаўніцтве Саюзнай дзяржавы Беларусь і Расія заўсёды арыентаваліся на Еўрапейскі саюз, але сёння гэта аб'яднанне не лепшы прыклад. "Там ужо мноства тэндэнцый, якія вядуць да развалу. Яны адзін аднаго ўжо адкрыта крытыкуюць. Мы не хочам паўтарыць гэтыя памылкі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Акрамя таго, заўважыў Аляксандр Лукашэнка, Беларусь і Расія хочуць пазбегнуць памылак, дапушчаных у СССР. "Мы робім пэўныя высновы", - дадаў ён.
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін адзначыў, што Беларусь і Расія не імкнуцца як мага хутчэй выканаць ключавыя палажэнні Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Пакуль краіны стварылі эканамічную базу адносін, усё астатняе - гэта палітычная надбудова, заявіў ён.
Аляксандр Лукашэнка выказаўся на сустрэчы з журналістамі аб укідах пра паглынанне Беларусі Расіяй: "Далікатна Прэзідэнт Расіі не сказаў аб розных разважаннях, што тут хтосьці кагосьці паглыне і гэтак далей. Павінен сказаць, што мы гэтай хваробай і не хварэлі з Прэзідэнтам Расіі. Калі хтосьці гэтым хварэў, можам падлячыць".
У той жа час Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што кіраўніцтва абедзвюх краін будзе рабіць захады выключна ў інтарэсах народаў. Калі Беларусі і Расіі спатрэбяцца больш цесныя адносіны, гэта будзе зроблена імгненна, як толькі прагучаць запыты грамадзян, заявіў Прэзідэнт.