Рабочая паездка ў горад Бабруйск Магілёўскай вобласці
- 44
- 3
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 чэрвеня зрабіў рабочую паездку ў горад Бабруйск Магілёўскай вобласці. У праграме наведвання былі два буйныя прадпрыемствы - "Бабруйскаграмаш" і "Белшына".
У першую чаргу пасля прыбыцця ў Бабруйск Аляксандр Лукашэнка даў даручэнні па развіцці вытворчай сферы і будаўніцтве жылля ў рэгіёнах. Ён звярнуў увагу на шэраг аб'ектаў у горадзе, у тым ліку сацыяльнай інфраструктуры, інтэрнаты, якія неабходна прывесці ў парадак. Акцэнтаваў увагу Кіраўнік дзяржавы і на факты безгаспадарчасці, якія выявіў у горадзе Камітэт дзяржкантролю перад прыездам Прэзідэнта, запатрабаваўшы не паказушнічаць толькі на аб'ектах наведвання Кіраўніка дзяржавы. На навядзенне парадку беларускі лідар адвёў тэрмін губернатару да 1 студзеня.
Паралельна трэба развіваць і вытворчую базу, будаваць жыллё. Гэта задача не толькі для Бабруйска. Глабальная мэта - не сцягваць усё насельніцтва краіны ў Мінск, а паўсюдна ствараць умовы для работы і жыцця людзей. Тым больш цяпер як ніколі актуальная тэма імпартазамяшчэння, а значыць, і стварэння новых, развіцця існуючых вытворчасцей.
Прэзідэнт прапанаваў у тым ліку пры неабходнасці распаўсюдзіць шэраг ільготных умоў на рэгіянальны ўзровень. "Усе льготы з Мінска перанесці да яго. На тых умовах, што ў Мінску", - сказаў ён.
"Сцягваць у Мінск з усёй Беларусі, напэўна, няправільна. Мінск хутка задыхнецца. Трэба расцягваць людзей па ўсёй краіне. Але не сілай. Работу далі, жыллё далі - едзьце", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт заслухаў грунтоўныя даклады кіраўнікоў прампрадпрыемстваў. Размова ў тым ліку ішла аб геаграфіі паставак, праходжанні плацяжоў, складскіх запасах. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў актыўнага ўключэння прампрадпрыемстваў краіны ў работу па імпартазамяшчэнні.
"Мы будзем на вас паднаціскаць. Імпартазамяшчэнне - гэта шанц. З аднаго боку, шанц. З другога боку, цяжкая работа, - сказаў Прэзідэнт. - Нам трэба задзейнічаць вытворчасці, якія цяпер не вельмі працуюць. Трэба прыцягнуць такія прадпрыемствы, загрузіць".
Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу і на важнасці развіцця сувязей з дружалюбнымі краінамі. Гэта не толькі Расія, але з буйных дзяржаў - Кітай. Вялікі патэнцыял Прэзідэнт бачыць і ва ўзаемадзеянні з Індыяй, з паслом якой ён гэтымі днямі правёў сустрэчу.
"За Расіяй замацаваны прэм'ер, за Кітаем - першы віцэ-прэм'ер, за Індыяй з учарашняга дня - міністр замежных спраў. Але і без вас нічога не будзе. Працуем!" - звярнуўся Кіраўнік дзяржавы да дырэктарскага корпуса прампрадпрыемстваў.
"Калі Мінпрам вытрымае, то і краіна будзе працаваць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У час наведвання "Бабруйскаграмаша" ўвазе Прэзідэнта прадставілі шырокі спектр імпартазамяшчальнай прадукцыі прампрадпрыемстваў краіны.
Падрабязна аб дзейнасці ў галіне імпартазамяшчэння Кіраўніку дзяржавы далажылі кіраўнікі такіх прадпрыемстваў, як "Бабруйскаграмаш", "Мінскі маторны завод, Мінскі аўтамабільны завод, Мінскі трактарны завод, холдынгаў "Аўтакампаненты", "Ніва-Холдынг", "АМКАДОР", "БЕЛАЗ-Холдынг", Аб'яднанага інстытута машынабудавання НАН, "Белкамунмаша". Было падкрэслена, што на кожным з прамысловых аб'ектаў на працягу апошняга часу вядзецца сістэмная работа па імпартазамяшчэнні і максімальнай лакалізацыі вытворчасці прадукцыі. Прычым у шэрагу выпадкаў важна не толькі скарацечная фінансавая выгада, але і доўгатэрміновыя перавагі, калі вытворца можа кіраваць рэсурсамі, быць упэўненым, што своечасова атрымае неабходныя дэталі і кампаненты.
Размова ішла таксама аб перспектыўных імпартазамяшчальных інвестыцыйных праектаў, аб найноўшых распрацоўках айчыннага Мінпрама. Сярод узораў такой тэхнікі будучага быў прадстаўлены, напрыклад, электрагрузавік "Белкамунмаша".
Прэзідэнт дэталёва пацікавіўся станам спраў на прадпрыемствах, наяўнасцю праблем, пытаўся, якая дапамога для развіцця патрэбна з боку дзяржавы.
Грунтоўная размова прадоўжылася і на базе "Белшыны", дзе Прэзідэнт наведаў падрыхтоўчы, каландравы і зборачны цэхі. У гэтым годзе за першыя пяць месяцаў на прадпрыемстве было выраблена больш за 1,7 млн шын. За студзень-красавік на экспарт было пастаўлена тавараў на суму $8,8 млн, што на 14% больш за паказчыкі аналагічнага перыяду мінулага года. Працуюць тут больш як 6,7 тыс. чалавек. "Здаецца, што ўвесь Бабруйск на прадпрыемстве працуе, - заўважыў Прэзідэнт у час размовы з працоўным калектывам. - Раней столькі маладых людзей тут не было. Гэта таксама добра. Значыць, прадпрыемства глядзіць у будучыню".
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў усяму працоўнаму калектыву: "Дзякуй вам, што ў цяжкі час не кінулі прадпрыемства. Калі ў гэтым і наступным годзе сціснуўшы зубы вытрымаеце - мы ўсе вытрымаем. Іншая будзе краіна. Гэта я вам гарантую".
У сваю чаргу работнікі "Белшыны", ведаючы аб спартыўных захапленнях Кіраўніка дзяржавы, паднеслі ў падарунак Прэзідэнту хакейныя шайбы, вытворчасць якіх асвоілі на прадпрыемстве.
У час сустрэчы з працоўным калектывам Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сітуацыя ў свеце няпростая і можна шкадаваць наконт гэтага, але з іншага боку, гэта час магчымасцей і ён падштурхнуў да таго, каб вырабляць больш беларускага. "Сітуацыя ў свеце няпростая. Нікога палохаць не хачу. Вядома, самае галоўнае пытанне для нас цяпер - імпартазамяшчэнне", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, у гэтай сферы ёсць асобныя праблемы, але гэта прымусіла беларусаў пазбаўляцца ад імпарту. "У гэты цяжкі, складаны час, калі націснулі на Расію, а заадно і на нас", - адзначыў ён.
Паводле яго слоў, у напрамку імпартазамяшчэння ўжо нямала зроблена. І ў далейшым будзе нарошчвацца супрацоўніцтва з дружалюбнымі для Беларусі краінамі, такімі, як, напрыклад, Расія і Кітай. Прэзідэнт таксама згадаў аб сваёй нядаўняй сустрэчы з паслом Індыі і сказаў, што супрацоўніцтва з гэтай краінай павінна выйсці на новы ўзровень і дасягнуць такіх паказчыкаў, як у супрацоўніцтве Беларусі з Кітаем.
"Нам трэба выстаяць, вытрымаць. Цяжкасці, складанасці. Кожны павінен займацца сваёй справай", - падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт згадаў аб сваёй нядаўняй сустрэчы з паслом Індыі, у час якой яго запэўнілі ў гатоўнасці гэтай краіны прадаўжаць закупкі беларускіх тавараў, але ёсць складанасць у тым, што амерыканцы пачынаюць душыць тых, хто супрацоўнічае з Беларуссю.
"Мы вельмі актыўна цяпер настроіліся на Індыю. Паўтара мільярда чалавек. Як я сказаў паслу, вы нас можаце ў агульны поезд зачапіць і не заўважыце, - вобразна выказаўся Аляксандр Лукашэнка. - Пашыраем супрацоўніцтва. Мы хочам выйсці з Індыяй па супрацоўніцтве хаця б на ўзровень Кітая. Кітай, Расія, Індыя, В'етнам, Інданезія, азіяцкія краіны - гэта там, дзе мы спакойна можам працаваць".
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што цяпер прадаўжаецца перадзел свету, які пачаўся яшчэ ў час каранавіруснай пандэміі. Беларусь паспяхова пераадолела пандэмію каранавіруса, пайшоўшы ўласным шляхам па пераадоленні COVID-19. Гэты шлях у выніку аказаўся правільным, у адрозненне ад многіх краін, якія ўводзілі татальны каранцін. "І калі падвялі вынікі, сёй-той на Захадзе праслязіўся", - сказаў беларускі лідар.
Каранавірус, строгія каранцінныя абмежаванні і павялічаныя расходы на ахову здароўя аказалі моцны негатыўны ўплыў на эканоміку шэрага краін, і яны не прыдумалі нічога лепшага, чым пачаць друкаваць новыя банкноты. "Помніце, я вас папярэджваў, што гэта бокам вылезе. Долары друкавалі трыльёнамі. А сёння пайшла шалёная інфляцыя з усіх бакоў, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Вядома, і да нас яна завозіцца. Калі метал і каўчук падаражэлі за межамі краіны, зразумела, і ў нас падаражэе прадукт, які мы з гэтага робім. Таму знешняя інфляцыя і нас захліснула. Мы ўперліся, стараемся цэны, наколькі гэта магчыма, стрымліваць, таму што і замарозіць цэны немагчыма. Калі мы замарозім цэны на шыны, то заўтра спыніцца "Белшына", не будзе працаваць рэнтабельна. Але нажывацца на сітуацыі нікому не дазволена - ні прыватнікам, ні дзяржаўным прадпрыемствам. Таму вы павінны вельмі добра разумець: многае ад нас не залежыць. Мы рост цэн завозім звонку, таму што купляем шмат сыравіны і матэрыялаў, а таксама экспартуем асноўную масу прадукцыі".
"Мы выстаім, вытрымаем, мы не адны ў гэтым свеце. Гэты дыктат з боку амерыканцаў і заходнікаў ужо ўсім у горле, ён надакучыў. Таму свет пачынае перабудоўвацца. Свет будзе зусім іншым, нават на працягу двух гадоў. Таму вы не перажывайце. Я калісьці з вялікай трыбуны вам сказаў: я вас прашу, рабіце кожны сваю справу. Астатнія праблемы - мае. Вытрымаем, не перажывайце", - сказаў Прэзідэнт.
Што датычыцца санкцый, ён адзначыў: "Націскаць можна там, дзе ёсць на што націснуць. Калі б вы не канкурыравалі з імі, не перашкаджалі амерыканскім, японскім вытворцам (мы для іх канкурэнты, блытаемся ў іх пад нагамі). Калі б у нас нічога не было ў краіне, на нас ніхто і не націскаў бы".
"Але мы высокатэхналагічная адукаваная нацыя. І мы здольныя канкурыраваць. І мы будзем канкурыраваць. І для таго, каб наша эканоміка вытрымала, у нас ёсць усё. Людзі, спецыялісты, кіраўнікі, улада ёсць. Не без грахоў. Мы такія, як вы. Можа, мы павінны крыху лепшымі быць, на паўкроку наперадзе. Не заўсёды, напэўна, атрымліваецца. Жыццё ёсць жыццё, - сказаў Прэзідэнт. - Мы вытрымаем. І не толькі таму, што няма куды дзявацца, а таму, што мы ўмеем. Але, самае галоўнае, мы сёння як ніколі запатрабаваны".
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што ўсе астатнія матывы - гэта толькі прычына для націску і санкцый, і Захад у гэтым плане выкарыстоўвае і правачалавечую тэматыку. "Гэта ўсё выдумка, лозунг. Яны ж не скажуць, што мы вас душым, таму што вы вырабляеце шыны. Гэта ж смешна будзе. Не, там правы чалавека, у вас там дыктатура і іншае. Цяпер вы бачыце, якія правы чалавека ў іх і якая ў іх дыктатура. Ужо сёння пайшла размова ў Амерыцы: Джо Байдэн прайграе наступныя выбары, а хоча пайсці. Трамп умяшаўся. Ужо ідзе размова аб тым, каб Трампа наогул зняць з арэны, забараніць яму ўдзельнічаць. Слухайце, ну вы ж нас папракалі ў гэтым. Дык мы не забаранялі - удзельнічайце. Але яны хацелі краіну праз выбары перавярнуць. Вось вам правы чалавека і свабода слова", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў поспехі Беларусі за гады суверэннага развіцця. Напрыклад, вялікае развіццё атрымаў АПК, у той час як ў 90-я гады нават хлеб давалі толькі па талонах, а ў магазінах былі пустыя паліцы. "Сёння галоўнае, каб больш грошай было. Грошы ў вас тут. Прадайце больш шын - атрымайце больш грошай", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Што дытычыцца ўплыву санкцый на пастаўку сыравіны і камплектуючых, праходжанне плацяжоў, Прэзідэнт прызнаў наяўнасць цяжкасцей, але яны абсалютна вырашальныя. Напрыклад, на калійныя ўгнаенні ў выніку санкцый выраслі цэны, і Беларусь нават пры меншых аб'ёмах паставак у бягучым годзе атрымае неабходныя сродкі. "У свеце голад. Сёння пачынаюць паціху ўжо: давайце, неяк (размова аб пошуку замежнымі партнёрамі варыянтаў закупкі ўгнаенняў. - Заўвага)... Я гавару: калі ласка, прыязджайце, бярыце. І "Беларуськалій" не загнецца. Будзе працаваць. Можа, мы ў гэтым годзе менш прададзім калійных угнаенняў па аб'ёме, але цэны выраслі. Гэта значыць мы забяспечым зарплаты, свой калектыў, і падаткі яны будуць плаціць нармальна. Гэта значыць у грашах мы нічога не прайграем", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама згадаў аб існуючай праблеме з пастаўкай украінскага збожжа: "Аказваецца, самы танны шлях праз Беларусь. Але мы іх раскусілі хутка. Мы з Пуціным абмяркоўвалі гэту праблему. Я гавару: "Не перажывай, ніякага там збожжа столькі няма, колькі яны крычаць. І справа не ў збожжы. Яны хочуць нас абвінаваціць з табой, што мы ўчынілі сусветны голад". Мы такія гіганты, што ўчынілі ў свеце голад! Пачалі разбірацца. Ім проста трэба было яшчэ нейкую адну праблему сусветнага ўзроўню павесіць на нас. І афрыканцам і азіятам сказаць: "Два дыктатары вунь што робяць!".
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, калі было прапанавана 7 напрамкаў для вывазу збожжа, тэма адпала сама сабой. "Тэмы няма. Вось ён які свет. Таму мы вытрымаем. Будуць лакальныя праблемы, мы іх вырашым. І па прычыне таго, што мы аказаліся вельмі запатрабаваны перш за ўсё ў Расіі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
У час сустрэчы Прэзідэнт выказаўся аб сітуацыі ва Украіне. "Што датычыцца прагнозу, ніхто не ведае. Падкрэсліваю, ніхто не ведае, чым там закончыцца, як будзе сітуацыя развівацца. Так, вы можаце ў мяне спытаць: "Ну як, ты ж з Пуціным там размаўляеш кожны дзень..." У бліжэйшы час сустрэнемся, пагаворым па эканоміцы, бяспецы, - сказаў Прэзідэнт. - Усё толькі пачынаецца. Тое, што адбываецца ва Украіне, - гэта пачатак. Адзін з элементаў вялікага перадзелу свету. Таму як будуць развівацца падзеі... Цяжкі выпадак. Будуць ламаць, крышыць. І, ведаеце, трашчаць будуць перш за ўсё невялікія і сярэднія дзяржавы. Такія, як мы, Чэхія, Аўстрыя, Швейцарыя. Яны нікуды не дзенуцца. Іх таксама будуць крышыць. Свет будзе іншы".
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Расія прыхільная да перагаворнага працэсу. "Гэта я дакладна ведаю", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Чаму ўкраінцы адмовіліся размаўляць з расіянамі? У нас пачаўся гэты дыялог, я быў у яго ўключаны, за каўнер іх сюды, можна сказаць, прыцягнуў. Яны сышлі. Чаму? Амерыканцы сказалі: не, перагаворам не бываць. І там кіруюць англічане, амерыканцы праз палякаў у многім. Тыя ўсюды хочуць пастарацца і быць каля нагі гаспадара, і нешта ад гэтага атрымаць", - звярнуў увагу беларускі лідар.
Ён падкрэсліў, што ў Польшчы ўжо мараць аб Заходняй Украіне: "Тут нам давядзецца рэагаваць. Таму што мы не можам дапусціць, каб нас наогул палякі акружылі. Гэта небяспечны варыянт. І я калісьці сказаў: яшчэ ўкраінцы нас папросяць з расіянамі, каб мы ім дапамаглі захаваць цэласнасць. Каб не адсеклі".
Паводле слоў Прэзідэнта, гэта стала магчымым дзякуючы таму, што за спінай Польшчы стаяць амерыканцы, якія фінансуюць, даюць узбраенне, перакідваюць узброеныя сілы. "Мы гэта бачым. Таму мне даводзіцца і на Захадзе трымаць узброеныя сілы напагатове, і на поўдні. Дзесяць падраздзяленняў выстраіў уздоўж граніцы за спінай у пагранічнікаў, каб не ўлезлі ў Беларусь. А такія думкі былі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт упэўнены, што Захад імкнецца ўцягнуць Беларусь у гэты канфлікт. "Ніколі Пуцін мяне не прасіў: давай, зайдзі, там некага "замачы" ва Украіне і іншае. А вось яны (Захад. - Заўвага) нас штурхаюць у гэты канфлікт, каб разабрацца і з Расіяй, і з Беларуссю і выбудаваць фронт - лінію ад Піцера да Растова. Каб не было гэтага беларускага балкона, як называюць яго. У 2020 годзе не атрымалася. Прадаўжаюць гэта рабіць іншымі метадамі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусі трэба не ўцягнуцца ў гэты канфлікт і не стварыць "вайнушку". "Нам трэба абараніць гэты кавалак зямлі (Беларусь. - Заўвага). Пакуль, дзякуй богу, удаецца. Для мяне галоўнае, каб не ўлезці туды па вушы, у гэты ўкраінскі канфлікт, а зрабіць так, каб ён хутчэй закончыўся", - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што напярэдадні ў Кіеў прыязджалі вядучыя еўрапейскія лідары. "Шольц, Макрон, італьянскі Прэм'ер-міністр. Чаго прыехалі? Пакуль яшчэ незразумела. Але Еўропе вайна таксама не патрэбна. Але, вы заўважылі, там не было паляка. Яны ж круцяцца ўсюды. Там не было англічаніна. Там не было амерыканца. Што гэта такое - пытанне. Або Еўропа сама вырашыла тут супакоіць сітуацыю і патушыць гэты пажар вайны, або ж амерыканцы далі каманду: вы там едзьце, падтрымайце ўкраінцаў, Зяленскага і дайце зброю. Хутчэй за ўсё, другое. Таму што сёння прэзідэнт Францыі ўжо заявіў, што будуць пастаўляць самую сучасную зброю Украіне. Гэта значыць, там ідзе нейкая заварушка. У бліжэйшы час з Прэзідэнтам Расіі абмяркуем, што там адбываецца. Таму ніхто не можа сказаць, як там будуць развівацца падзеі. Вельмі шмат невядомага".
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што ўвесь Захад увязаўся ў вайну, але Расія ваюе звычайнымі ўзбраеннямі. Але ў Расіі дастаткова і іншай зброі. "Украінцы, Зяленскі просяць зброю дальнабойную для таго, каб ударыць па гарадах Расіі. Курск, Растоў, Арол, Белгарад. Суседнія гарады. Але, я неяк публічна сказаў, ні ў якім выпадку гэтага рабіць нельга. Таму што Расія прыменіць ужо новага ўзроўню зброю. І прыменіць па Кіеве, па тых, хто прымае гэтыя рашэнні. Таму яны яшчэ крыху баяцца. Але не ад іх залежыць. Залежыць усё ад таго, наколькі амерыканцы будуць іх падштурхоўваць да гэтай вайны, - сказаў Прэзідэнт. - Учора Байдэн заявіў, што будуць пералічваць кожны месяц Украіне па паўтара мільярда долараў. Для чаго? Для вайны. Таму гэта толькі пачатак. Вялікая наперадзе ў іх работа - уладных людзей - перадзяліць свет. Амерыканцы адчуваюць, што прайграюць. А прайграваць не хочуць, таму што гэта іх багацце. Хочацца быць зверху і кіраваць усім светам".
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка заклікаў да адзінства: "Будзе няпроста. І нам патрэбны гэты маналіт, адзінства. Нам трэба зрабіць усё, каб захаваць свой кавалак зямлі. Наша эканоміка запатрабавана на сусветным рынку. Таму што мы людзей кормім, апранаем, вырабляем "боты" для аўтамабіляў і гэтак далей. Усё, што патрэбна для звычайнага жыцця".
Кіраўнік дзяржавы таксама запэўніў, што Беларусь не збіраецца ваяваць ва Украіне. "Учора мне задавалі гэта пытанне: а як, што і іншае, вы зойдзеце ва Украіну - ваша армія? Я кажу: мы не збіраемся нікуды заходзіць, пакуль вы не перайшлі чырвоную лінію. Як толькі вы пяройдзеце нашу граніцу або будзеце нацэльваць на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод (у іх такая шалёная думка была), мы імгненна адкажам. Таму вы нас не чапайце, мы да вас не збіраемся ісці. Будзеце хапаць нашых вадзіцеляў, як гэтых 75 чалавек, значыць, будзем праводзіць аперацыю. Шматслойную. Не атрымаецца гэтых людзей забраць мірам, значыць, правядзём ваенную аперацыю. Але сваіх людзей не кінем. А як вы думалі? 75 чалавек - гэта таксама нечыя дзеці, у іх ёсць дзеці, унукі. Таму давялося рызыкаваць. Дзякуй богу, што ўсе жывыя, здаровыя", - заявіў беларускі лідар.
Ён таксама падкрэсліў важнасць ваеннай падрыхтоўкі, умацавання беларускай арміі: "Вучыць будзем, асабліва мужыкоў. Час такі. Чым больш мы будзем мець, чым мацнейшая ў нас будзе зброя, тым нам спакайней будзе. Яны будуць разумець: калі яны ўдараць па Мазыры, то мы ўдарым па Кіеве, не заходзячы ва Украіну. Яны гэта павінны разумець. Але для таго, каб ударыць, трэба мець, чым ударыць. У нас гэта ёсць".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ва Украіне вельмі цяжкая сітуацыя, але ён заўсёды да ўкраінцаў адносіўся з павагай. Гэта абумоўлена шэрагам фактараў, у тым ліку і ўкраінскімі каранямі Кіраўніка беларускай дзяржавы, тым, што ён праходзіў ваенную службу ў гэтай краіне, асабістым вопытам узаемадзеяння. "Гэта такія працавікі, вы не ўяўляеце. Украінцы, простыя людзі, народ Украіны, - гэта сапраўдны, моцны, мужны, добры народ. Так, са сваімі асаблівасцямі. У нас таксама, ведаеце, не ўсё адназначна. Любы народ, усе людзі, яны розныя. Але гэта вельмі добры народ", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, так здарылася, што ў палітыцы Украіны стаў дамінаваць нацыяналізм, і нават нацызм. "Не дай бог, да фашызму дойдуць. Вось у іх узялі верх гэтыя кіраўнікі", - адзначыў ён.
Прэзідэнт нагадаў, што па тым жа сцэнарыі развіваліся падзеі і ў Беларусі з пачатку 90-х, але, у адрозненне ад Украіны, у краіне "адмялі гэту нечысць" і пайшлі іншым шляхам: "Гэта няпроста было зламаць. Мы без вайны гэта зрабілі. Вы ўспомніце, якія бунты былі, як у Мінску пераварочвалі аўтамабілі, палілі. У нас гэта было ў першыя гады майго прэзідэнцтва. Нацыяналісты не здаваліся ў нас проста так. А ва Украіне яны не вытрымалі. Украіна заўсёды была больш нацыяналістычнай, чым Беларусь. Мы заўсёды такімі былі талерантнымі, інтэрнацыяналістамі, добрымі. Таму што гісторыя ў нас такая была. Мы заўсёды часта былі бітыя, пакутавалі. І Напалеон, і Першая сусветная вайна, рэвалюцыя, Другая сусветная вайна".
"Напэўна, бог нам дапамог. Мы ад гэтага адмовіліся ў мінулым стагоддзі ў сярэдзіне 90-х і выбралі іншы курс. Ён аказаўся на сённяшні дзень, дай бог, каб далей так было, правільным", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што ў свеце ёсць шмат добразычліўцаў, добрых людзей, якія жадаюць Беларусі і яе народу шчасця. "Іх сотні мільёнаў. Паверце. Проста цяпер манапалізавалі СМІ і мы бачым вакол гэтыя фэйкі. Такі свет цяпер. Ад гэтага нікуды не дзецца. Дзякуючы гэтым фэйкам у 2020-м годзе ледзь краіну ў нас не перавярнулі. Але час бярэ сваё. Праўда заўсёды перамагае. Таму, напэўна, бог нам і дапамагае. Разлічвалі, што мы рухнем імгненна з гэтымі санкцыямі і іншым. І часам, ведаеце, невыказна і невытлумачальна мы выходзілі з сітуацыі. Напэўна, убачыў, дапамог (Гасподзь. - Заўвага), - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - А дапамог таму, што мы яшчэ не зусім дрэнныя. Значыць, мы яшчэ не дайшлі да дна, да ручкі, як у народзе кажуць. Усе ж вернікі, а не заўсёды робім там, як павінны, як у Свяшчэнным Пісанні напісана. Таму верыць - гэта добра, гэта проста. А вось жыць трэба яшчэ ў адпаведнасці з тым. Думаю, што ён на нас глядзіць. І, не дай бог, па галаве ўдарыць. Ён нас часта біў па галаве, але быў лістасцівы, шкадаваў. Таму мы вытрымаем гэты час".
Адно з пытанняў Кіраўніку дзяржавы датычылася яго стаўлення да новага свята і традыцый, якімі, на думку Прэзідэнта, яго варта напоўніць. Цікава, што задаваў пытанне супрацоўнік "Белшыны" Валерый Салавянчык - бацька семярых дзяцей.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што з радасцю згадзіўся на прапанову, якая была агучана ў час звароту Прэзідэнта з пасланнем да народа і парламента, - заснаваць у Беларусі Дзень бацькі. Таму што свят, прысвечаных ролі жанчын, маці шмат, а вось мужчыны, бацькі былі неяк незаслужана абдзелены ў гэтым сэнсе. "Міжнародны жаночы дзень, маці ўзнагароджваем... Слухайце, нібыта дзеці ў жанчын нарадзіліся без нас, нібыта мы нічога і не рабілі. Таму трэба было неяк замацаваць, што і мы чагосьці з гэтымі дзецьмі рабілі, мы іх гадуем, кормім, адказваем за іх у цэлым", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што зыходзячы з дэмаграфічных паказчыкаў у краіне для росту колькасці насельніцтва трэба значна павялічыць нараджальнасць. А гэта азначае, што кожная беларуская сям'я павінна арыентавацца на тое, каб мець як мінімум трое дзяцей: "Для нас колькасць дзяцей - галоўная праблема, не вашы шыны. Нам трэба спачатку, каб было хаця б трое ў кожнай сям'і. Тады будзе прырост".
"Калі ў нас у кожнага будзе хаця б пяцёра дзяцей, квітнеючай будзе краіна", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Бабруйск - буйны, перспектыўны горад. Мы будзем развіваць Бабруйск. Менш будаваць жылля ў Мінску, а будзем арыентаваць нашых людзей на такія буйныя гарады, як Бабруйск, і больш дробныя. Там трэба ствараць вытворчасці і замацоўваць людзей, каб з усёй краіны людзі патокам не хлынулі ў Мінск", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, будаўнікоў і кіраўнікоў на месцах трэба заахвоціць, каб яны больш будавалі і рабілі гэта на тых умовах, якія прыняты ў краіне - з пэўнымі льготамі. "Гэта не значыць, што заўтра ўсім па кватэры, - папярэдзіў Прэзідэнт. - Але будзем больш арыентавацца на такія гарады, як Бабруйск".
Разам з тым і самі жыхары горада павінны імкнуцца развіваць і добраўпарадкоўваць сваё месца жыхарства, упэўнены беларускі лідар. "Варушыцца трэба перш за ўсё бабруйчанам. Будзеце варушыцца - будзем дапамагаць. Будзеце спусціўшы рукавы хадзіць па Бабруйску, баяцца елку, сасну пасадзіць - ніхто вам дапамагаць не будзе, - сказаў Прэзідэнт. - Начальнікі ведаюць, што рабіць. Дапамагайце, дзейнічайце".
У працяг размовы Аляксандр Лукашэнка дадаў: "Трэба замацоўваць нашых людзей, моладзь, каб яны нікуды не раз'язджаліся, а працавалі ў Бабруйску. Трэба і ўмовы ствараць, але і моладзь павінна варушыцца. Ніхто на сподачку з блакітным беражком шчасця не прынясе. Нам трэба разумець, што мы самі, сваімі рукамі павінны гэта ствараць. За мной не заржавее - я буду рабіць усё, каб чымсьці дапамагчы".
У час сустрэчы Кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне, што раней рабоце па патрыятычным выхаванні моладзі і захаванні памяці аб Вялікай Айчыннай вайне ўдзялялася недастаткова ўвагі, што стала, магчыма, адной з прычын падзей 2020 года: "Мы ўпусцілі гэту работу. Дарослым і дзецям у школе не гаварылі так, як цяпер гаворым, што гэта - наша гісторыя, мы ёй павінны ганарыцца. 30 мільёнаў савецкіх людзей загінулі і прынеслі нам Перамогу. Што такое Перамога? Гэта наш гонар", - сказаў беларускі лідар. Ён перакананы, што аб гэтай Перамозе савецкага народа варта часцей і не саромеючыся нагадваць і жыхарам заходнееўрапейскіх краін, якія былі вызвалены ад нацызму.
Прэзідэнт лічыць, што трэба было часцей публічна нагадваць палякам аб тым, колькі соцень тысяч савецкіх людзей загінулі пры вызваленні іх краіны, а немцам - аб тым, што генацыд быў не толькі ў адносінах да яўрэяў, але і да беларускага народа. "Мы баяліся сказаць. А сёння ўжо больш за 200 магіл адкапалі ў Беларусі, якіх раней не ведалі. Там тысячы і тысячы расстраляных людзей", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Аб усіх гэтых фактах, падзеях Вялікай Айчыннай вайны і подзвігу народа трэба больш гаварыць і ўнутры Беларусі, асабліва падрастаючаму пакаленню, перакананы Аляксандр Лукашэнка. "Трэба гаварыць, трэба вучыць нашых дзяцей, каб яны шанавалі нашу зямлю. Трэба пісаць, паказваць. Тады мы гэту памяць захаваем", - падкрэсліў ён.
"Усе павінны зразумець, што Айчынная вайна - гэта наш здабытак, мы вельмі шмат (кожнага трэцяга) палажылі там, і здрадзіць гэтаму не можам. А калі мы здрадзім - нам здрадзяць. Калі толькі мы аддадзім забыццю тое, што было з намі, нашы ўнукі і дзеці з намі гэтак жа зробяць.Таму давайце будзем берагчы гэту каштоўнасць - Вялікую Перамогу і тое, што мы не сталі тады рабамі і ў нас ёсць кавалак зямлі. Многім не падабаецца, што мы занялі такую свабодалюбівую пазіцыю, але мы ж нікога не напружваем. Па суседстве нікому ў агарод не лезем, не патрабуем ні ад каго аддаць кавалак зямлі, нікога не збіраемся заваёўваць, нам свайго хапае. Але і да нас не лезьце. Вось такая жыццёвая пазіцыя", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.