Рабочая паездка ў Брэсцкую вобласць
- 28
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай паездкі ў Брэсцкую вобласць 6 кастрычніка наведаў вучэбны аб'ект Міністэрства абароны "Вузел супраціўлення".
Прэзідэнт азнаёміўся з варыянтам інжынернага абсталявання вузла супраціўлення Кобрынскага ўмацаванага раёна і яго магчымасцямі.
Як далажыў камандуючы войскамі Заходняга аператыўнага камандавання Уладзімір Белы, ваенна-палітычная абстаноўка вакол Беларусі застаецца напружанай і сведчыць аб тым, што прымяненне ваеннай сілы па-ранейшаму з'яўляецца адным з асноўных інструментаў, якім карыстаюцца для дасягнення палітычных і эканамічных мэт.
Паводле яго слоў, падзеі ва Украіне паказваюць, што на напрамках, дзе загадзя абсталяваны вузлы супраціўлення, абарона найбольш устойлівая і наступальныя групоўкі войскаў адчуваюць найбольшыя цяжкасці ў пераадоленні абароны праціўніка.
"Адным з падыходаў забеспячэння надзейнай абароны з'яўляецца стварэнне ўмацаваных раёнаў. Іх асноўнае прызначэнне - прыкрыццё найбольш важных у аператыўна-тактычных адносінах раёнаў і верагодных напрамкаў дзеянняў праціўніка з мэтай адбіцця наступлення перавышаючых сіл праціўніка і стварэння ўмоў для дзеянняў нашых войскаў", - падкрэсліў Уладзімір Белы.
Прэзідэнту паказалі месцы размяшчэння асабовага складу, камандна-назіральны пункт камандзіра роты, гаспадарчы блок. Кіраўнік дзяржавы таксама пазнаёміўся з пазіцыямі мотастралковага аддзялення. "Ніякай паказухі, мужыкі! Усё павінна быць рэальна. Нават калі будзеце ўпэўнены, што нам ваяваць не трэба. За паказуху, як за дзедаўшчыну, жалезабетонна спытаем. Я гэта як радавы, сяржант і афіцэр вынес з арміі. Таму гэтага не павінна быць. Усё рабіце сумленна", - агучыў свае патрабаванні беларускі лідар.
Як далажылі Кіраўніку дзяржавы, на базе вузлоў супраціўлення для мотастралковых рот будуць арганізаваны двухтыднёвыя заняткі.
Аляксандру Лукашэнку таксама прадэманстравалі існуючыя на ўзбраенні і перспектыўныя сродкі для вядзення контрбатарэйнай барацьбы, сродкі сувязі. "Контрбатарэйная барацьба - пытанне пытанняў. Таму, зыходзячы з вайны ва Украіне, калі мы бачым, што чагосьці не хапае, вы павінны дакладна сказаць, што нам трэба гэта, гэта, гэта. Таму што без умення весці контрбатарэйную барацьбу на сучаснай вайне ваяваць немагчыма", - адзначыў Прэзідэнт.
Галоўнакамандуючы падкрэсліў асаблівую ролю беспілотнікаў рознага тыпу пры вядзенні баявых дзеянняў і неабходнасць абавязковага аснашчэння падраздзяленняў сучаснымі сродкамі сувязі. Затым яму паказалі комплексныя заняткі з узмоцненай мотастралковай ротай з выкарыстаннем элементаў вузла супраціўлення.
Размаўляючы пасля з журналістамі, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што дзеянні беларускіх ваенных сканцэнтраваны на абароне, але ў той жа час яны павінны ўмець і атакаваць.
"Нам не трэба ўжо будзе на ўзроўні Прэзідэнта выстаўляць і прыводзіць у поўную баявую гатоўнасць нашы падраздзяленні. У нас будзе нямала такіх пунктаў. І мы ў мірны час адпрацуем усе мерапрыемствы для таго, каб загадзя ў выпадку атрымання сігналу аб тым, што суседзі нашы дрэнна сябе паводзяць, заняць гэтыя пункты", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
Гэтыя вузлы супраціўлення павінны быць як мінімум цяжка праходнымі для праціўніка, падкрэсліў Прэзідэнт. "Будзем загадзя рыхтавацца да абароны сваёй Радзімы на напрамках верагодных атак нашай дзяржавы", - сказаў ён.
Такіх ліній абароны, але яшчэ больш маштабных, па перыметры беларускай граніцы будзе некалькі. Іх арганізоўваюць з улікам сучасных войнаў, у тым ліку ва Украіне, і рэкамендацый ПВК "Вагнер".
"Вопыт сучаснай вайны цалкам намі засвоены. Да сярэдзіны будучага года мы будзем мець усё ў поўным аб'ёме, што нам неабходна: сувязь, разведка, беспілотнікі, ударныя ў тым ліку, актыўная абарона", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У той жа час Прэзідэнт звярнуў увагу, што Беларусь не нарошчвае Узброеныя Сілы ля граніц Польшчы і краін Балтыі з мэтай атакі. "Але, абараняючыся, мы гэта будзем рабіць актыўна. Каб у любы момант перайсці ў наступленне, калі будзе неабходнасць", - падкрэсліў ён.
"Мы не гаворым пра больш магутную зброю, якая сёння ў нас ёсць, для таго, каб паказаць сваю моц і нанесці праціўніку непапраўны ўрон (у выпадку нападзення на Беларусь. - Заўвага). Мы не будзем купляць тысячы танкаў, але ў нас заўсёды ёсць магчымасць нанесці непапраўны ўрон. Гэта значыць, перш чым нападаць на Беларусь, ён падумае, што адказ будзе такі, што для іх непапраўны", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
У час размовы з журналістамі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не выключае спынення падтрымкі Украіны з боку ЗША.
Ён адзначыў, што сёння Злучаныя Штаты папракаюць кіраўніцтва Украіны ў марудным контрнаступленні і пасылаюць недвухсэнсавыя сігналы. Так, на мінулым тыдні ўлады ЗША прынялі часовы бюджэт, з якога былі выключаны пункты аб прадастаўленні фінансавай дапамогі Украіне.
"Змест гэтага сігналу заключаецца ў тым, што "хлопцы, хутчэй, маштабней наступайце і пабольш туды моладзі кідайце", - сказаў Прэзідэнт. - Гэта ўжо нават не сігнал, а канкрэтнае дзеянне: забівайце пабольш украінцаў".
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што ўкраінскія ўзброеныя сілы ўвязлі ў сваім контрнаступленні. Фронт, лінія сутыкнення ў асноўным стаіць на месцы.
"Рух ёсць туды-сюды. За вышыні ваююць. Бывае, што ўкраінцы гэтыя вышыні захопліваюць з раніцы, вечарам іх расіяне выбіваюць. Таму вельмі складана гэты "контрнаступ" ажыццяўляўся. Першы этап праваліўся, цяпер яны рыхтуюць другі этап (абазначылі 4-8 тыдняў)", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што амерыканцы падштурхоўваюць і прыспешваюць украінцаў, таму што гэта вайна не дабаўляе аўтарытэту ўладам ЗША. "Тут трэба нейкая перамога. Амерыканцам трэба нешта пакласці на стол, каб выйграць. Таму прыспешваюць. Шукаюць новыя варыянты, аж да спынення падтрымкі Уладзіміра Зяленскага", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў медыя склаўся вобраз Уладзіміра Зяленскага як папрашайкі. Маўляў, гэта несур'ёзна - Прэзідэнт Украіны толькі і робіць, што выпрошвае дапамогу ў іншых дзяржаў.
"Зяленскі паводзіць сябе абсалютна правільна", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт нагадаў, што канфлікт ва Украіне быў запланаваны загадзя. Украіну Злучаныя Штаты вызначылі ахвярай, паабяцаўшы ёй максімальную падтрымку. І ўкраінскія ўлады згадзіліся на гэту ролю.
"Бачым, што Зяленскі зрабіў няправільна: падставіў цэлую дзяржаву, багатую, моцную дзяржаву. Што далей адбываецца: ён да апошняга ўкраінца ваюе. А яны тое, што абяцалі, або нясвоечасова робяць, або не даюць тое, што абяцаюць. Зяленскі задае пытанне: "Як жа так?" І Захад (еўрапейцы асабліва) не выконвае дамоўленасці, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Таму Уладзімір Аляксандравіч ім гаворыць: "Чаму не робіце тое, што абяцалі?" Ён едзе і ад іх патрабуе. Правільна робіць? Правільна. Дамоўленасць была".
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Уладзімір Зяленскі сёння разумее, што заходнія партнёры яго "кінулі".
"У Еўропы і Амерыкі, як бы яны ні дэманстравалі, што яны адзіныя, ніякага адзінства няма. Гэта я вам гавару дакладна, зыходзячы не толькі з майго аналізу, але і з тых кантактаў, якія ў мяне асабіста былі. І не толькі ў мяне - у нашых ваенных і дзяржбяспекі", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што Еўропа ваяваць не хоча. У яе інтарэсах, каб канфлікт ва Украіне не разрастаўся, бо вайна ідзе ў агульным доме. ЗША ж знаходзяцца далёка і могуць адседзецца за Атлантыкай. Адзіная нагрузка для іх заключаецца ў кругласутачнай рабоце доларавага станка. Інфляцыя ж перакладваецца на ўсе астатнія краіны, якія выкарыстоўваюць долар.
"Тое, што ім (ЗША. - Заўвага) трэба там выпрабаваць, яны выпрабоўваюць. І нават шалёныя еўрапейцы гавораць аб тым, што гэта самая танная вайна. Ужо больш за паўмільёна загінулых ва Украіне. Моладзь ваяваць не хоча, збегла. Цяпер ужо не толькі сваіх хапаюць, але і за межамі Украіны (у Польшчы і іншых краінах) хапаюць украінцаў і вязуць туды. Плюс наёмнікі. Вось такая вайна цяпер ва Украіне", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт упэўнены, што вайну ва Украіне трэба спыніць: "Чарговы раз кажу: трэба спыніцца, таму што будзе горш. Вы бачыце, што палякі ўжо гатовы прыхапіць захад Украіны. Расіяне па ўсіх ужо напрамках (я кожны дзень атрымліваю гэту інфармацыю) вядуць актыўную абарону. Яны ўжо атакуюць. Украінцам ваяваць няма чым. Нават калі ёсць, яны не могуць гэту моц стрымліваць. Таму цяпер трэба спыніцца. У адваротным выпадку ніхто на гэту тэму размаўляць праз некалькі месяцаў не будзе ні з украінцамі, ні з Захадам".
"У мяне складваецца такое ўражанне (зноў жа гавару: гэта маё меркаванне), што амерыканцы штурхаюць расіян да прымянення самай страшнай зброі. Гэта ўзбраенне Уладзіміра Зяленскага і яго арміі, аснашчэнне ракетамі далёкага радыуса дзеяння. Няхай нават на глыбіню 300 кіламетраў. Вы ўяўляеце: на глыбіню 300 кіламетраў магутныя ракеты будуць паражаць расійскую тэрыторыю. Вы што, думаеце, Прэзідэнт Расіі і ваенныя будуць на гэта спакойна глядзець?" - задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што нагнятанне і эскалацыя канфлікту з боку Захаду прывядзе да таго, што расіяне дастануць "чырвоную кнопку" і пакладуць на стол. "А яшчэ адна такая атака на глыбіню - і будзе адказ каласальны. У адваротным выпадку навошта гэта зброя?" - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
"Зноў, неразумныя, думаюць, што за акіянам адседзяцца. Яны проста ўцягнуць увесь свет у гэту цяжкую вайну", - заявіў беларускі лідар.
Міністр абароны рэгулярна дакладвае Прэзідэнту пра абстаноўку на беларускіх граніцах. Ваенныя кантралююць сітуацыю і робяць неабходныя крокі. "Мы проста рыхтуемся для таго, каб быць гатовымі (прабачце за таўталогію) адбіць любыя спробы, нават спробы нападзення на нашу тэрыторыю", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
Адказваючы на пытанне аб выбарах у Польшчы, што адбудуцца ў хуткім часе, Прэзідэнт адзначыў, што нават калі да ўлады прыйдзе апазіцыя, то невядома, якую яны будуць праводзіць палітыку адносна Беларусі і Расіі.
"Надзея заўсёды ёсць. Гэтыя зразумела як сябе паводзяць і будуць паводзіць, а як будуць паводзіць тыя - надзея нейкая ёсць, што яны ўсё ж такі галаву ў рукі возьмуць і будуць працаваць на тое, каб наладзіць адносіны. Дарэчы, такой пазіцыі прытрымліваюцца і дыпламаты Польшчы, і ў тым ліку якія працуюць у нас. Яны, трэба аддаць ім належнае, малайцы, разумеюць, што адбываецца. Але таксама - рукі апусцілі, чакаюць выбараў і кажуць: "Калі новыя сілы прыйдуць да ўлады, то ёсць надзея, што будзе нейкая перазагрузка". На гэта можна спадзявацца. Але вы ж бачыце: мы ні на што не спадзяёмся, мы максімальна рыхтуемся да горшага варыянта. Рыхтуйся да горшага, будзе лепшае - добра", - адзначыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы таксама расказаў, чым адрозніваюцца кіруючая ў Польшчы партыя "Права і справядлівасць" (ПіС) і іх апаненты партыя "Грамадзянская платформа" Дональда Туска. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і Прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі - халуі Вашынгтона, якія знаходзяцца ў яго на кароткім павадку. Дональд Туск, наадварот, праеўрапейскі палітык. І ёсць надзея, што ён будзе дзейнічаць у інтарэсах Еўропы, а не ЗША.
"А гэтыя (цяперашнія ўлады Польшчы. - Заўвага) - зразумела. Яны хочуць быць калі не пупам, то пупком усёй планеты. Яны ўзбройваюцца. Ужо ўсіх напружылі. Немцы ўжо ненавідзяць кіраўніцтва Польшчы. Вазьміце рэакцыю французаў. Дуда-Маравецкія заяўляюць, што яны "зменяць свет". Вар'яцтва! Гэта поўнасцю падкантрольныя халуі Вашынгтона. Яны загразлі ў гэтым. Зваротнай дарогі няма. Хоць (я іх ведаю даўно) яны могуць развярнуцца. Але, напэўна, амерыканцы не дурні - яны іх павязалі намертва, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - А тое, што яны пачалі гэту валтузню з Украінай наконт збожжа, ужо зневажаюць адзін аднаго, гэта поўны правал Варшавы. Хоць бы памаўчалі. Тое, што яны накатваюць на Украіну, - гэта іх правал. У гэтай сітуацыі рот трэба зашыць і маўчаць, а яны пачынаюць ляпаць".
У той жа час Прэзідэнт звярнуў увагу, што хоць Дональд Туск і настроены па-праеўрапейску, ён не будзе праводзіць антыамерыканскую палітыку. "Але прынамсі, думаю, што бегчы, як гэта робяць апісаныя "пісаўцы", за амерыканцамі ён не будзе. Гэта ўсё ж такі еўрапейскі чалавек", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што ён катэгарычна падтрымлівае існаванне Еўрапейскага саюза. Аб гэтым Прэзідэнт неаднаразова заяўляў і раней.
"ЗША, Еўрапейскі саюз, Кітай, індусы і расіяне - гэта апоры. Асабліва ЗША і Еўрапейскі саюз. Калі разваліцца Еўрапейскі саюз, будзе горача ўсім. Але вельмі спадзяюся, нутром чую, што Германія і ў цэлым Еўропа, Францыя таксама паварочваюцца ў наш бок. Калі будзе новая ўлада ў Польшчы (думаю, што яны не дурні, збоку паназіралі), яны ў гэтым напрамку разварот зробяць. А ўсё астатняе - гэта балбатня. Яны ж ужо гавораць: "Не было б Лукашэнкі, нам трэба было б яго прыдумаць". Аказваецца, Лукашэнка стаў у іх адным з камянёў спатыкнення, спрэчак, пунктаў перасячэння ў іх унутрыпалітычнай барацьбе", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Існуючыя ж пытанні ў двухбаковых адносінах, напрыклад, праблему нелегальнай міграцыі, польскія ўлады выкарыстоўваюць выключна ў сваіх папулісцкіх мэтах у час перадвыбарнай гонкі. Прычым даходзіць да абсурду, заўважыў Прэзідэнт: тое ж пытанне аб зносе сцяны на граніцы з Беларуссю выносіцца на рэферэндум. А з мігрантамі польскі бок абыходзіцца самым бязлітасным чынам.
"Яны ж забіваюць іх і выкідваюць на нашу тэрыторыю. Вось такая ў іх "дзярмократыя", - канстатаваў беларускі лідар.
"Мы не хочам, каб палякі лічылі нас чужымі людзьмі, ворагамі. Мы ніколі не ставілі сваёй мэтай нават не ваяваць - абвастраць з палякамі адносіны. Нам гэта не трэба. У нас 200-250 тысяч палякаў жыве. Праўда, нашых. Гэта "мае" палякі. Я заўсёды так падкрэсліваю: гэта палякі, але гэта "мае" палякі. І яны не хочуць у Польшчу ехаць, яны тут жывуць і будуць жыць. Яны праблем ніякіх не ствараюць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Яны ў нас ва ўладзе, гэтыя палякі. У нас няма прынцыпу, што паляк - значыць, да ўлады блізка не падыходзь", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы жартам (ці не) заўважыў, што, магчыма, і ў губернатара Брэсцкай вобласці Юрыя Вітольдавіча Шулейкі польскія карані. "Губернатар на захадзе! Я ніколі пытанняў гэтых не задаваў, назначаючы яго на гэту пасаду. Таму што я ўпэўнены, што гэта прабеларус. І нават калі ў яго там карані (я, праўда, не ведаю, але дай Бог, каб у цябе карані там былі), гэта лідар разам з гродзенскім губернатарам у нашай краіне", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Я абсалютна інтэрнацыянальны чалавек. І я не хачу, каб палякі думалі, што Лукашэнка вораг Польшчы. Гэта ж так падаюць народу. А што такое Лукашэнка - гэта Прэзідэнт Беларусі. Значыць, і беларусы такія. Я вось гэтага не хачу. Я хачу, каб палякі ведалі, што тут адбываецца", - сказаў Прэзідэнт.
Менавіта з гэтай прычыны Беларусь увяла бязвізавы рэжым для сваіх заходніх суседзяў. А іх улады, наадварот, спрабуюць пераканаць сваё насельніцтва, што ў Беларусі іх чакае небяспека, маўляў, беларускія спецслужбы вярбуюць гасцей з Польшчы, Літвы і Латвіі. "Якое глупства! Безгаловыя. Яны ўжо нічога не могуць прыдумаць істотнага, каб з намі змагацца. Ніхто іх не хапае на граніцы і не вярбуе. Гэта было б глупства несусветнае. Не дай Бог я даведаўся б пра гэта. Яны перакрэслілі б усё, што мы робім па адкрытасці, адсутнасці віз", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Людзі разбяруцца ва ўсім. Не хачу ўмешвацца ў іх выбары, але хачу, каб палякі не думалі, што тут жывуць іх ворагі. Мы былі добрымі для іх суседзямі і будзем", - рэзюмаваў беларускі лідар.
Журналісты пацікавіліся падрыхтоўкай да будучай выбарчай кампаніі і папрасілі пракаменціраваць асобныя заявы пра нібыта прадвызначанасць вынікаў выбараў.
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што дзяржава не ўтойвае свайго намеру ўплываць на выбарчы працэс, але толькі ў той частцы, якая датычыцца работы з людзьмі, растлумачэння выбаршчыкам, чаго на самай справе варты той ці іншы кандыдат, каб ніякія мярзотнікі не змаглі скарыстацца сітуацыяй. Да таго ж органы ўлады на месцах так ці інакш будуць задзейнічаны ў арганізацыі выбарчага працэсу, паколькі ЦВК не валодае дастатковай штатнай колькасцю супрацоўнікаў для гэтага.
Аднак Прэзідэнт выключыў якія-небудзь спробы націску на выбаршчыкаў: "Людзей трэба прасіць, ім трэба расказваць. І ў гэтым заключаецца роля кіраўнікоў палат парламента, губернатараў, усёй вертыкалі ўлады - данесці праўду да людзей".
Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў важнасць забеспячэння пераемнасці ў парламенце. "Нам вопыт патрэбны. Нельга (так, каб. - Заўвага) вось агулам усіх змялі, прыйшлі новыя і год-паўтара (я ж працаваў у парламенце) не будуць ведаць, у якія дзверы зайсці", - сказаў Прэзідэнт.
Адказваючы на ўдакладняльнае пытанне, ці ёсць верагоднасць таго, што пры ўмяшанні краін Захаду на маючых адбыцца выбарах паўторыцца што-небудзь з падзей 2020 года, Аляксандр Лукашэнка заявіў: "Не паўторыцца. Гэта немагчыма". У Беларусі ўжо не вераць у добрыя намеры калектыўнага Захаду, паколькі пасля таго, як у краіне ў 2020 годзе адбыліся дэмакратычныя выбары, ніхто на захадзе "дзякуй" не сказаў.
"Цяпер мы з імі гульні на полі дэмакратыі ладзіць не будзем. Мы будзем выключна падыходзіць са сваіх пазіцый. Таму што мы ўбачылі, што гэта за "дэмакратыя", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі ўлічылі вопыт, атрыманы падчас выбарчай кампаніі 2020 года: "Мы ўжо гэтага наеліся, мы людзі вопытныя".
"Няхай нават не разлічваюць расхістаць Беларусь. Мы гэтага не дазволім. У тым ліку і таму, што ёсць вы, і за вас я нясу персанальную адказнасць. Я маю на ўвазе - прыхільнікі, якія зрабілі стаўку на Прэзідэнта, у тым ліку і сілавікі. Я за вас адказваю, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - І я, і ўсе мы нікому не дазволім краіну расхістаць. Гэта ваша краіна. Тыя, хто расхіствае, ведаюць, да чаго гэта прывядзе".
Яшчэ адно пытанне Кіраўніку дзяржавы датычылася рэзананснай крымінальнай справы аб забойстве бацькамі іх трохгадовага сына і падрабязнасцей аб ладзе жыцця сям'і, што высветліліся ў ходзе расследавання і слухання ў судзе.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў такіх сітуацыях, безумоўна, важна роля грамадства, якое не павінна быць абыякавым да таго, што адбываецца вакол, і своечасова рэагаваць, прымаць меры.
Падтрымка шматдзетных сем'яў з боку дзяржавы, паводле слоў Прэзідэнта, мае вялікае значэнне, таму што трэба паляпшаць дэмаграфічную сітуацыю ў краіне. Але сістэму неабходна выбудаваць так, каб дапамога была адраснай - на дзяцей. І ў гэтым сэнсе трэба арганізаваць кантроль за мэтавым выкарыстаннем такой дапамогі.
"Каб грошы, якія дзяржава перадае дзецям, даходзілі да дзяцей. Якая гэта будзе сістэма, шчыра кажучы, я не ведаю. Гэта няпростая будзе работа, і сістэму гэту распрацаваць будзе складана. Але толькі ведаю, што без вас мы гэтага не зробім. У гэтым нам павінны дапамагчы людзі на месцах. Але гэта трэба рабіць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Улада, мы павінны выпрацаваць такую схему, сістэму паводзін, каб ведалі, што за сям'я. На месцах людзі ведаюць. Калі мы, атрымаўшы інфармацыю, убачылі б, што гэта алкашы і яны, атрымаўшы дапамогу, яе прап'юць, то мы ўжо самі кармілі б гэтых дзяцей, апраналі, у школу адпраўлялі і вучылі там", - дадаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні журналістаў, расказаў падрабязнасці пра створаны фонд Першага.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ідэя стварыць у краіне адзіны фонд пад патранатам Прэзідэнта была выказана ім даўно, а рэалізавана - адносна нядаўна. Перш за ўсё фонд Першага створаны для мэт дабрачыннасці - каб сабраць сродкі ў адным месцы і аказаць дапамогу тым, хто ў ёй сапраўды мае патрэбу.
"Галоўнае, што мы зможам акумуляваць грошы тых, хто неабыякавы. І з майго боку - гарантыя таго, што гэтыя грошы раскрадзены не будуць", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
Пакуль фонд не пачаў актыўную дзейнасць: на яго рахунку пакуль адсутнічаюць паступленні, яшчэ няма кіраўніка і гэтак далей.
"Я, можна сказаць, сваё імя туды аддаў - фонд Першага, каб мы маглі сабраць нейкія грошы і дапамагчы тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Гэта галоўная яго задача", - дадаў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што пасля закрыцця шэрага фондаў і арганізацый, якія пад выглядам дабрачыннасці і іншай грамадскай дзейнасці спрабавалі ў 2020 годзе расхістаць абстаноўку ў краіне, аказалася цяжкім знайсці спосаб, каб паўдзельнічаць у дабрачыннасці. "Мы прыкрылі тут. І тыя, хто нам дапамагаў і хочуць дапамагчы, - юрыдычна не могуць. Тады я гавару: давайце пад эгідай Прэзідэнта створым гэты фонд, адкрыты абсалютна, каб людзі, якія ў гэты фонд уносяць сродкі, разумелі, куды ідуць гэтыя грошы", - сказаў беларускі лідар.