Рабочая паездка ў Магілёўскую вобласць

  • 21
  • 4

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 29 верасня наведаў з рабочай паездкай Магілёўскую вобласць.

Першым пунктам паездкі стаў аграгарадок Вішоў Бялыніцкага раёна. "Некалі ў савецкі час была добрая практыка - адрасы перадавога вопыту. Прыходзіць моладзь, яна хацела б бачыць, дзе лепш", - нагадаў Аляксандр Лукашэнка, наведваючы Вішоў.

Прэзідэнт адзначыў, што добраўпарадкаванне аграгарадкоў не выпадкова стала тэмай яго рабочай паездкі - "практычных заняткаў", як ён сказаў. У Беларусі іх амаль паўтары тысячы.

"Што граху таіць, насельніцтва сельскае ў будучым будзе жыць у аграгарадках, працэнтаў на 80-85. Астатняе насельніцтва будзе ў буйных вёсках", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Магчыма, сваё развіццё атрымаюць і некаторыя неперспектыўныя вёскі, але толькі калі будзе цікавасць з боку прыватных асоб.

"Але галоўнае - гэта аграгарадкі, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Вось сёння хацелася б паглядзець, як будзе выглядаць вёска будучыні. Мы пішам там розныя кандыдацкія, доктарскія, дысертацыі - сорамна назву чытаць, не тое што глядзець на гэту дысертацыю. Давайце на гэтыя тэмы будзем нешта пісаць, распрацоўваць. Тым больш спецыялістаў у нас дастаткова, якія добра ведаюць, як было, як ёсць і як будзе, гэта значыць, цэлы пласт можна і трэба падняць для разважання і ўжо практыкі".

Аляксандр Лукашэнка таксама закрануў ход сельгасработ у вобласці. Прылятаючы ў рэгіён, Прэзідэнт заўсёды дзеліцца ўбачаным з губернатарамі. "Не магу сказаць, што не працуеш. Работы ідуць. Але баюся, што ты спазняешся. Проста расслабіла нас надвор'е, а яно на наступным тыдні пачне пагаршацца. Трэба паскарацца. Як мінімум у два разы", - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым ён звярнуў увагу на тое, што цяпер найважнейшыя пытанні пры рабоце на зямлі - уборка кукурузы і сяўба азімых. Акрамя таго, трэба прыводзіць у парадак і добраўпарадкоўваць абводненыя землі.

Гаворачы аб развіцці вёскі, Аляксандр Лукашэнка даручыў Старшыні КДК Васілю Герасімаву вывучыць яшчэ адно пытанне: "Нам трэба паглядзець тэму разбою кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў на зямельных угоддзях".

"Абсалютна перакананы (падазрэнні ў мяне сур'ёзныя), што яны як будавалі ў свой час, так будуюць гэтыя новыя вуліцы ў полі. Але гэта павінна быць адвядзенне зямельных угоддзяў. І гэта толькі са згоды Прэзідэнта. Я сумняваюся, што я ўсюды ўзгадняў. Трэба паглядзець сур'ёзна, правесці рэвізію выкарыстання зямельных угоддзяў. Вуліца на 20 дамоў вымерла: паехалі людзі. Мы лезем на новыя ўчасткі, пачынаем будаваць дамы. Давайце на гэтых участках пабудуем дом або аддадзім чалавеку, няхай будуе, і будзем аднаўляць, рэанімаваць гэту вуліцу. Няхай яна жыве. Навошта лезці ў поле. Гэта ж дзікія затраты. Трэба вывучыць гэту тэму", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Паводле слоў Васіля Герасімава, такія факты выяўляюцца пры праверцы кожнага райвыканкама. Раней КДК правёў па краіне рэвізію ўсіх самавольна занятых участкаў.

У аграгарадку Вішоў Аляксандр Лукашэнка ў першую чаргу азнаёміўся з пілотным праектам па рамонце вулічна-дарожнай сеткі ў перспектыўных сельскіх населеных пунктах, у тым ліку з прымяненнем цэменту. У час рэалізацыі праекта работы выконваліся па некалькіх метадах: недзе бетон заліваўся на разбураны асфальт, недзе зношанае дарожнае пакрыццё перапрацоўвалася і да яго дадаваўся цэмент. На некаторых вуліцах клалася шырокафарматная бетонная плітка.

"Калі Вішову пашанцавала, то ў нас яшчэ паўтары тысячы аграгарадкоў, дзе трэба рабіць хаця б цэнтральныя, асноўныя вуліцы. Разумна трэба падыходзіць. Каб людзей затрымаць у вёсцы, ім трэба ствараць умовы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Як далажыў Міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Трубіла, усяго ў населеных пунктах Беларусі налічваецца больш за 76,3 тыс. вуліц з плошчай дарожнага пакрыцця 288,2 млн кв.м. Большасць мае асфальтавае пакрыццё. Наступнае па палярнасці пакрыццё - бетоннае. Застаюцца яшчэ вуліцы з пясчана-жвіровым і грунтавым пакрыццём. 

"За зіму і вясну дарогі былі практычна разбураны з-за ўмоў надвор'я. Людзі скардзіліся. Была пастаўлена задача прывесці ў парадак. Ніякіх ям. Усё гэта аднавіць. Вы паспяваеце па краіне гэта зрабіць, як абяцалі?" - спытаў Прэзідэнт. 

Намеснік Прэм'ер-міністра Анатоль Сівак заявіў, што рамонт ідзе паскоранымі тэмпамі з апярэджаннем графіка.

Пры развіцці населеных пунктаў і будаўніцтве там новых вуліц або дамоў Кіраўнік дзяржавы патрабуе адыходзіць ад бюракратычных перашкод. "Не трэба валакіціць, трэба рабіць хутчэй, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Таму трэба завяршыць гэту работу і адысці ад гэтых бюракратычных прынцыпаў. Трэба рабіць па-гаспадарску і заўсёды памятаць, што мы можам і вуліцу знесці, і дамы знесці, зрабіць праспект, але гэта вялікія грошы". 

"Вось як у прыватных дамах. Прыватнік хоча пабудаваць дом, а мы да яго лезем з рознымі нарматывамі. Хоча ён будаваць - няхай будуе. Ён жа для сябе будуе", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. 

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што калі ва ўладальніка дома ўзнікне неабходнасць звярнуцца да праекціроўшчыкаў або МНС, то ён звернецца і сам, навошта яго скоўваць фармальнымі патрабаваннямі.

Як далажылі Прэзідэнту, планы па рамонце вулічна-дарожнай сеткі не проста выконваюцца, а перавыконваюцца.

"Добра, што ты перавыканаў, але запомні: за якасць будзеш адказваць. Нельга рабіць дрэнна, таму што гэта вельмі дорага. Гэта не для нас. Таму квадратныя метры добра, але якасць - найважнейшае пытанне. Трэба нам будучы год аб'яўляць Годам якасці. Усё ў нас добра: і аб'ёмы робім, і попыт на Беларусь каласальны (мы не паспяваем забяспечыць попыт Расіі), але ў нас яшчэ ёсць праблемы з якасцю. Таму якасць і яшчэ раз якасць. І за гэта адказваць трэба", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што нядаўна яму паступіла скарга на прадукцыю МТЗ. Прэзідэнт даручыў КДК разабрацца з гэтым пытаннем. 

"Рыхтуйцеся да таго, што наступны год - гэта Год якасці. Год якасці на зямлі, у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, у абслугоўванні і дарогах", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што дзяржава ўзмоцнена стараецца падтрымліваць якасць дарог, але і самі грамадзяне павінны ўносіць у гэта свой уклад. 

"Няякасна рабіць нельга. Якасць і яшчэ раз якасць", - рэзюмаваў беларускі лідар.

Прэзідэнт ў час наведвання Бялыніцкага раёна пабываў таксама на малочнатаварным комплексе "Лямніца" СВК "Калгас "Радзіма".

Тыдзень таму ў Салігорску Кіраўнік дзяржавы прыняў удзел у пленарным пасяджэнні рэспубліканскага семінара-нарады аб развіцці жывёлагадоўлі. Тады Прэзідэнт заявіў, што ў яго ў планах - падрабязна азнаёміцца з адкормам буйной рагатай жывёлы. У якасці прыкладу ён прывёў работу СВК "Калгас "Радзіма" ў Бялыніцкім раёне, дзе выпрацавана эфектыўная сістэма.

Сёння, наведаўшы малочнатаварны комплекс "Лямніца" гэтай гаспадаркі і азнаёміўшыся з арганізацыяй вытворчасці малака і гадоўлі цялушак у жывёлагадоўчым памяшканні, кіраўнік дзяржавы застаўся задаволены ўбачаным. 

У чым жа сакрэт гэтага жывёлагадоўчага памяшкання? Будавалі яго ў гаспадарцы сваімі сіламі. Выглядае яно проста, але ў той жа час надзейна: бетонныя падлогі, металічныя канструкцыі, драўляныя сцены і шыфер на даху. На будаўніцтва, уключаючы матэрыялы, пайшло Br185 тыс. Узвялі аб'ект за 3 месяцы. 

"Капейкі. Малайцы! Вось усе мы гаворым: так, так, так. Але мала хто гэта робіць. У лесе жывём - бяры не хачу, асабліва пасля буралому. Гэта самае лепшае памяшканне для жывёлы", - падкрэсліў ён.

Як далажыў старшыня СВК Алег Лапацентаў, у рэканструкцыю ўсяго малочнатаварнага комплексу сельгаскааператыў уклаў Br2,7 млн, у тым ліку ў рэканструкцыю трох будынкаў і будаўніцтва даільна-малочнага блока - каля Br1,15 млн. Для параўнання, у Мінскай вобласці будуюць малочнатаварныя комплексы за Br5-6 млн. Праўда, гэта з улікам абсталявання.

"Вось. Нічога не трэба выдумляць. Імем рэвалюцыі трэба гэта будаваць, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта тое, што нам сёння трэба, каб вывесці з хлявоў жывёлу ў такія памяшканні. Укачваць у жалезабетон - гэта ж каласальныя затраты".

У калгасе "Радзіма" працуе больш за 300 чалавек, сярэдняя зарплата тут звыш Br2,2 тыс.

Трэцім пунктам рабочай паездкі Прэзідэнта стаў участак па гадоўлі рыб каштоўных парод "Вішоў" фарэлевай гаспадаркі "Лахва". Прэзідэнту далажылі аб перспектывах развіцця рыбаводчай галіны на тэрыторыі Магілёўскай вобласці, прымаемых мерах па нарошчванні вытворчасці каштоўных парод рыб. Затым Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з тэхналогіяй гадоўлі рыб.

"Імпарт рыбы і рыбнай прадукцыі за 2022 год склаў 164 тысячы тон. Калі ў грашах, гэта $500 млн. З іх імпарт свежай і ахалоджанай фарэлі - 9,4 тысячы тон", - далажыў губернатар Магілёўскай вобласці Анатоль Ісачанка.

"500 мільёнаў імпарту - гэта добры рынак", - адзначыў Прэзідэнт.

Як праінфармавалі Аляксандра Лукашэнку, у Краснапольскім раёне паблізу ракі Палуж плануецца стварыць комплекс па вытворчасці рыб каштоўных парод. Вытворчая магутнасць складзе 1 тыс. т фарэлі ў год. Папярэдні кошт праекта складае амаль Br40 млн. 

Яшчэ адзін рыбаводны комплекс па вытворчасці аплодненай ікры вясёлкавай фарэлі з'явіцца ў Чэрыкаве. Яго будаўніцтва абыдзецца амаль у Br35 млн.  Праектная магутнасць - 25 млн ікрынак у год.

Цяпер патрэбнасць Беларусі ў аплодненай ігры складае 4 млн штук. Пакуль яна імпартуецца. З уводам новых комплексаў штогадовая патрэбнасць павялічыцца ў 8 разоў - да 32,5 млн штук. Таму абмяркоўваецца яшчэ будаўніцтва ў будучым фарэлевага матачніка.

На будаўніцтва рыбаводных комплексаў грошы хоча выдзеліць са свайго інавацыйнага фонду Магілёўскі аблвыканкам. У першую чаргу размова ідзе аб вытворчасці аплодненай ікры. 

"Добра, мы падтрымаем гэта. Нават калі будзе не хапаць, пазычым крыху грошай. Але трэба гэта імгненна пабудаваць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Давайце будзем гэтыя два праекты рэалізоўваць".

У час паездкі Кіраўнік дзяржавы таксама паразмаўляў з жыхарамі аграгарадка Вішоў, якія сабраліся на вуліцы, заўважыўшы, што да іх у аграгарадок прыехаў Прэзідэнт.

"Мы рады, што Вы да нас прыехалі. Дзякуй Вам, што тут мір, што мы пенсіі своечасова атрымліваем, у такой прыгажосці жывём!" - звярнулася да Аляксандра Лукашэнкі адна з жыхарак.

"Вось бачыце, 25-30 гадоў таму ўсе крычалі: раздзяліць калгасы, саўгасы - фермерам раздаць. Другі гвалт быў: чаго ты дапамагаеш гэтым калгасам, саўгасам, грошы закопваеш. Чаму і дапамагаю: таму што на яго плечы (кіраўніка гаспадаркі. - Заўвага) кладзецца не толькі бізнес (на полі нарыхтаваў, на ферме вырабіў, прадаў), а вуліцы, вёскі, пенсіянеры. Усё гэта на яго плячах. Плюс старшыня сельскага Савета. Таму я і дапамагаю калгасам, саўгасам, таму што яны глядзяць за пенсіянерамі, школамі, садамі і іншае. Гэта не фермера работа, гэта дзяржавы. Таму я ад гэтага і не адыходзіў, няхай будзе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Вунь тыя, хто разбурыў, сёння ваююць. І ўжо зямля нават там не іх фермераў, а дзядзькоў з акіяна. І ў нас гэта было. Давялося імем рэвалюцыі адбіраць. Вось для таго, каб быў мір, нам трэба працаваць, працаваць і працаваць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Адна з жыхарак аграгарадка шматдзетная маці Алена Калакустава падзякавала Прэзідэнту за падтрымку шматдзетных сем'яў. Алена працуе ў мясцовым доме культуры кіраўніком народнага ансамбля "Вабічанскія ўзоры". Цяпер у яе шасцёра дзяцей, і яшчэ ў 2017 годзе яна атрымала з рук Кіраўніка дзяржавы ордэн Маці.

"Я вельмі ім ганаруся і ўдзячна Вам за падтрымку шматдзетных маці, за Вашу ўвагу, за клопат аб нашых дзецях", - сказала шматдзетная маці.

"Шматдзетныя сем'і - мы будзем іх уважліва вывучаць, таму што яны розныя. Таму я і настойваю цяпер: мы падумаем, як гэта зрабіць, - каб грошы даходзілі да дзяцей. Трэба знайсці механізм, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Для дзяцей са шматдзетных сем'яў мы будзем рабіць усё. Таму што ў нас не хапае насельніцтва. Нам трэба павялічваць насельніцтва. Мы ў два разы больш маглі б сёння пракарміць людзей".

"Правільна!" - падтрымалі Прэзідэнта жыхары.

Падтрымку будуць аказваць і ваеннаслужачым, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. "Яны не павінны турбавацца, што ў іх не будзе жылля, - сказаў ён. - Пабудуем столькі жылля, колькі трэба".

1 кастрычніка ў Беларусі будуць адзначаць Дзень настаўніка. У сувязі з гэтым жыхары аграгарадка павіншавалі Прэзідэнта са святам: Кіраўнік дзяржавы мае да яго непасрэднае дачыненне.

"А зараз Вы настаўнiк ужо дзяржавы! - заявілі жыхары Вішова. - Мы вельмі жадаем, каб вы заставаліся з намі як мага даўжэй".

"Мы з вамі вызначымся, як жыць далей, не хвалюйцеся. Настане час, мы выберам добрага кіраўніка. Толькі трэба акуратна і галаву на плячах трымаць", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.