Рабочая паездка ў Жыткавіцкі раён Гомельскай вобласці

  • 12
  • 2

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прадоўжыў рабочую паездку па Палескім рэгіёне. Кіраўнік дзяржавы 7 лістапада працаваў у Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці.

Знаёмячыся з вытворчым патэнцыялам рэгіёна, Аляксандр Лукашэнка наведаў ЗАТ "Сатурн-1" у Жыткавічах. Тут развіваюць вытворчасць вузлоў, агрэгатаў і іншых камплектуючых для чыгуначнага рухомага саставу. У першую чаргу Прэзідэнт спытаў, чаму на прадпрыемстве знізіліся аб'ёмы вытворчасці. Дырэктар завода Міхаіл Саскевіч растлумачыў, што іх прадукцыя актыўна прадавалася для патрэб чыгунак Расіі і Беларусі. Аднак потым патрэбнасці рынку змяніліся, узнік попыт на камплектуючыя і дэталі для цыстэрнаў, і завод асвоіў новы для сябе від прадукцыі. З-за гэтага па аб'ектыўных прычынах крыху знізіліся аб'ёмы прамвытворчасці, але затое з'явіліся перспектывы. Паводле слоў дырэктара, цяпер заключаюцца дагаворы на пастаўкі ў 2026 годзе і нават ідзе пашырэнне геаграфіі - за кошт Казахстана. "Гэта значыць перспектыва попыту на тваю прадукцыю праглядаецца?" - удакладніў Прэзідэнт і атрымаў станоўчы адказ.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што чыгуначныя перавозкі і ўсё, што з імі звязана, адназначна будуць развівацца. "Наш рынак велізарны - Расія, Казахстан. Гэты рынак заўсёды будзе запатрабаваны. Такая велізарная прастора без чыгунак быць не можа", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама арыентаваў на больш цеснае ўзаемадзеянне паміж айчыннымі прадпрыемствамі галіны. У прыватнасці, размова ішла аб тым, каб БЧ пры закупцы дэталей і камплектуючых у большай ступені арыентавалася на айчынных вытворцаў. "Такія прадпрыемствы нам патрэбны цяпер - маленькае, невялікае прадпрыемства, яно хутка перастройваецца і гэтак далей", - заўважыў Прэзідэнт.

Такім суб'ектам гаспадарання былі абяцаны падтрымка і садзейнічанне з боку дзяржавы. "Ты чалавек вопытны, бачыш перспектыву - рабі. Трэба нешта - будзем дапамагаць. Калі гэта выгадна для краіны, то мы дапаможам. Я скажу так: грошай лішніх няма. Гэта факт. Але ў нас няма нармальных перспектыўных праектаў пад тыя грошы, якія мы можам выдзеліць. Таму карыстайся гэтым момантам. Ніхто грошы проста так нікому не дасць. Дадзім грошы толькі пад тое, каб заўтра зарабіць новыя грошы і каб вярнулі гэтыя (укладзеныя ў праект. - Заўвага) грошы. Вось і ўсё. Дурніцу пара заканчваць. Не трэба "Бацька дапаможа, бацька выцягне!" Выцягнем. Але вось так "на дурняк" мы нічога рабіць не будзем", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы аб развіцці Палесся, Прэзідэнт адзначыў: "Нічога на Палессі не сапсавалі (меліярацыяй. - Заўвага). Мы не ператварылі Палессе, зарослае лесам і балотамі, у асушаны край. А ў гэтых палескіх краях дзе толькі можна атрымалі палі для сельскагаспадарчай вытворчасці і ўтварылі калгасы, саўгасы. Сёння на гэтай базе ствараем сучасныя гаспадаркі".

Ён канстатаваў, што ў рэгіёне ў цэлым зрухі ёсць. "Я з Мінска ляцеў. Часам прыдрацца няма да чаго", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што месцамі ўзараны не ўсе тэрыторыі, якія можна апрацоўваць. Важна гэта рабіць, каб такія ўчасткі зямлі не зарасталі. "У нас ёсць усё для таго, каб меліяраваныя палі, у якія некалі ўклалі мільярды савецкіх рублёў, прывесці ў добры стан", - сказаў ён, адзначыўшы, што для гэтага прынята адпаведная дзяржпраграма па меліярацыі.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што цяпер рэалізуецца новая праграма развіцця раёнаў Палесся, і ў бліжэйшы час ён мае намер заслухаць даклад па гэтай тэме. "Грошы кропкава будзем укладваць. "Дурніцы" не будзе", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Перш за ўсё дзяржава мае намер інвесціраваць у вырашэнне глабальных задач - стварэнне інфраструктуры, у тым ліку дарожнай, асваенне зямель, развіццё аграгарадкоў з камфортнымі ўмовамі жыцця для людзей і гэтак далей. А лакальныя пытанні павінны вырашацца на месцах. І тут значная роля адводзіцца кіраўнікам мясцовай вертыкалі. Напрыклад, старшыні Гомельскага аблвыканкама Прэзідэнт нагадаў, каб трымаў у полі зроку і такія "крайнія" раёны, як Жыткавіцкі.

"Не скажу, што Жыткавічы закінуты. Не скажу, што яны не пачалі варушыцца (толькі каб гэта не было дзеля паказухі). Узаралі прыдарожныя невялікія ўчастачкі, якія ніколі не араліся. Трэба ўключаць у севазварот. Трэба прыводзіць усё ў парадак, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - У Жыткавічах я наогул праблем не бачу. Вялікі горад, добры горад, перспектыўны".

Важны момант, на якім засяродзіў увагу Прэзідэнт, звяртаючыся да чыноўнікаў і кіраўнікоў прадпрыемстваў, - гэта выплата заработнай платы работнікам. "Нават калі ён (кіраўнік. - Заўвага) будзе паміраць, адна капейка застанецца, няхай аддасць сваім рабочым. Трэба плаціць грошы людзям, чаго б ні каштавала, з усіх крыніц, нават калі стратнае прадпрыемства", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка арыентаваў чыноўнікаў на персанальны ўдзел кожнага ў рэалізацыі задач па пашырэнні экспарту на міжнародныя рынкі, уключаючы краіны далёкай дугі.

"Стратэгія - добра. Але сёння важна тактыка, каб мы маглі прадаць прадукцыю, - сказаў Прэзідэнт. - Нам сёння не да раскошы, дай бог выжыць, таму патрэбна і тактыка".

Ён падкрэсліў, што павінна быць канкрэтыка, і да кожнага чыноўніка, які адказвае за супрацоўніцтва з той ці іншай краінай або рэгіёнам, будзе даведзена дакладнае заданне.

Адпаведнай работай займаецца і сам Кіраўнік дзяржавы ў ходзе перагавораў з замежнымі калегамі і візітаў у іншыя краіны. "Вам Прэзідэнт адкрыў дзверы. Дык ідзіце ў гэтыя дзверы. Што вы чакаеце?! Настаў час канкрэтных спраў", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт таксама прапанаваў прадпрыемствам больш сканцэнтравацца на паляпшэнні якасці вырабляемай прадукцыі. На гэта ў некаторых з іх якраз ёсць час, пакуль продажы на экспарт не растуць хуткімі тэмпамі.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў цяперашніх умовах некаторага прасядання паставак айчыннай тэхнікі на расійскі рынак ёсць магчымасць прадаставіць больш машын для ўнутранага рынку. І такая задача Прэзідэнтам перад прамысловасцю пастаўлена. Але разам з тым - патрабаванне да кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў забяспечыць яе эфектыўнае выкарыстанне, эксплуатацыю і належнае захоўванне.

"Барані бог, калі пасля зімы знойдзем кінутую тэхніку за агароджай, - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. - Патрэбны парадак. Усё трэба выкарыстоўваць, каб захаваць тэхніку". У гэтым сэнсе трэба дзейнічаць па аналогіі з парадкам і дысцыплінай у ваенных.

"І трэба закруціць патэнцыял старшыні райвыканкама. Без іх - райвыканкамаў перш за ўсё і гарвыканкамаў - нічога не будзе. І гэта можна зрабіць. Не хапае толькі дысцыпліны", - дадаў Прэзідэнт.

Ён таксама нагадаў аб асаблівых умовах, на якіх сельгаспрадпрыемствы будуць атрымліваць пры падтрымцы дзяржавы новую дарагую тэхніку: эксплуатаваць такія машыны павінны кваліфікаваныя, прафесійныя спецыялісты, а знайсці іх можна ў тым ліку на прамысловых прадпрыемствах і на час прыцягнуць для работы ў палях.

Такія варыянты Прэзідэнт назваў, магчыма, нестандартнымі, але затое дазваляючымі кропкава і ў пэўны прамежак часу вырашыць актуальную для некаторых гаспадарак праблему дэфіцыту кваліфікаваных кадраў. "Вядома, нестандартны крок, нестандартны ход. Мяне тут многія могуць крытыкаваць. Але гэта выйсце са становішча - захаваць дарагую тэхніку", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка, дадаўшы, што ў гэтым плане разлічвае на разуменне і падтрымку з боку прамыслоўцаў.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што часта на месцах перабольшваюць праблему з дэфіцытам кадраў: "Хапае ў нас людзей. Самае страшнае - калі ёсць людзі, а работы няма. Вось гэта страшна. А калі работы шмат, а людзей нібы не хапае - гэта жыць можна. Заплаці добра чалавеку - ён зробіць тры-чатыры тыя нормы".

"Трэба нестандартныя рабіць захады для таго, каб забяспечыць прадуктамі харчавання і адзеннем людзей. Без гэтага краіны быць не можа", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Наведваючы Жыткавіцкі маторабудаўнічы завод, які ўваходзіць у холдынг "Мінскі маторны завод", Аляксандр Лукашэнка заявіў, што хоча бачыць перспектыву ў развіцці маторабудавання ў Беларусі.

"Я на маторны завод усё збіраўся прыехаць, паглядзець, што там зроблена. Патрэбна перспектыва. Маторны завод будзем развіваць. Гэта нядобра - машынабудаўнічая краіна, мы вырабляем усе машыны - ад легкавой да БЕЛАЗа. А начынку (размова пра рухавікі. - Заўвага) часам шукаем па ўсім свеце. Трэба сваё вырабляць. Чапляцца за тых, у каго тэхналогіі ёсць, і развіваць сваё", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўніку дзяржавы прадставілі лінейку прадукцыі, у якой выкарыстоўваюцца вырабляемыя на заводзе ў Жыткавічах камплектуючыя. Гэта ў тым ліку рухавікі, дызель-генератары, кампрэсарнае абсталяванне, помпавыя ўстаноўкі. Апошнія могуць, напрыклад, выкарыстоўвацца для арганізацыі паліва ў сельскай гаспадарцы. "Гэта вялікая будучыня. Столькі вады ідзе ў Чорнае мора. А ў нас з'яўляюцца сёння засушлівыя раёны. Нам гэта вельмі трэба. Я ўжо ў сябе паспрабаваў", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнту таксама прадэманстравалі розныя дэталі, якія патрэбны ў маторабудаванні. Быў прадстаўлены і матацыклетны рухавік у разборы, які выкарыстоўваецца на Мотавелазаводзе ў Мінску. Цяпер вядзецца работа над тым, каб усе алюмініевыя дэталі поўнасцю адліваць у Беларусі, і ў цэлым вырабляць уласны рухавік. Кіраўнік дзяржавы згадзіўся, што трэба зрабіць свой, каб "сэрца матацыкла было беларускае". "Але трэба, каб ён працаваў нармальна. Калі будзе перспектыва, будзем дапамагаць у гэтых праектах", - сказаў беларускі лідар.

Ён таксама даручыў паступова прыводзіць у парадак дастаткова вялікую тэрыторыю прадпрыемства, хоць першачарговая задача - гэта інвестыцыі ў асноўную вытворчасць. Як расказалі Прэзідэнту, на заводзе выкарыстоўваюць не толькі новыя сучасныя станкі, але прывялі ў парадак і ранейшыя, якія таксама запатрабаваны.

Жыткавіцкі маторабудаўнічы завод цяпер развівае сучасную вытворчасць па выпуску шасцяронных помпаў, дэталей і вузлоў да дызельных рухавікоў і сельскагаспадарчай тэхнікі.

Знаходзячыся на прадпрыемстве, Прэзідэнт згадаў і пра задачы па навядзенні парадку і развіцці сельскай гаспадаркі, што асабліва актуальна для Гомельскай вобласці і шэрага яе раёнаў. "Трэба падцягнуць вытворчасць. Тым больш у сельскай гаспадарцы. Усё ў нас ёсць у сельскай гаспадарцы. І прадукцыя патрэбна будзе. Гэта не тое, што ў яго з гэтым жалезам - усе вырабляюць гэтыя рухавікі, паспрабуй канкурыраваць... А людзей карміць у свеце трэба будзе. І гатовы сёння плаціць, аддаваць апошняе, але каб людзі былі накормлены. Таму нельга гэта страціць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да старшыні аблвыканкама Івана Крупко.

Кіраўніку дзяржавы было даложана аб сацыяльна-эканамічным развіцці Гомельскай вобласці. У прыватнасці, размова ішла аб тым, што за дзевяць месяцаў гэтага года выкананы сем з дзевяці ключавых паказчыкаў: не дасягнуў неабходнага ўзроўню валавы рэгіянальны прадукт (102,3% пры заданні 103,8%) і аб'ём сельгасвытворчасці (107,9% і 112,3% адпаведна). Пры гэтым выраслі інвестыцыі ў асноўны капітал - амаль на 20% пры заданні 5,7%. Сярэдняя заработная плата па рэгіёне павялічылася амаль на 17% пры заданні 10,3%.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў рэгіёне ёсць станоўчыя змяненні, аднак і зрабіць яшчэ трэба будзе нямала. "Трэба паскарацца. Бачу, што неяк ты ўзяўся за вобласць, бачу гэтыя зрухі (не хачу перахваліць), але гэта толькі пачатак. Ты ведаеш, што вельмі шмат праблем", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да кіраўніка вобласці.

Прэзідэнт заўважыў, што яму добра вядомы ключавыя паказчыкі па Гомельскай вобласці і яго больш цікавіць, якія канкрэтна ёсць праблемы. "Што цябе больш за ўсё непакоіць? З-за чаго ты не спіш?" - спытаў ён у Івана Крупко. Той у сваю чаргу абазначыў некаторую занепакоенасць наконт выканання паказчыка па ВРП.

У гэтым кантэксце Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што для кіраўніка вобласці не павінна быць "сваіх" або "чужых" прадпрыемстваў, няважна ці знаходзяцца яны ў рэспубліканскай уласнасці - гэта ўсё сфера адказнасці старшыні аблвыканкама. Івану Крупко, у прыватнасці, даручана больш дэталёва разабрацца ў сітуацыі на БМЗ, "Гомсельмашы", у шкляной прамысловасці рэгіёна. Закраналася пытанне работы Беларускай шкляной кампаніі, і Кіраўніком дзяржавы былі дадзены канкрэтныя даручэнні: памочніку Прэзідэнта - інспектару па Гомельскай вобласці Руслану Пархамовічу разабрацца ў тым, што адбываецца. "Разбярыся. Калі гэта надбудова 30 ці колькі чалавек перашкаджае і не патрэбна, значыць, не разважайце, усіх 30 чалавек - на прадпрыемствы, пачынаючы ад сельскай гаспадаркі да прамысловасці. Да 1 студзеня каб быў наведзены парадак, калі толькі пытанне ў гэтым, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Да 1 студзеня павінна быць прынята рашэнне".

"Гомельскую вобласць трэба прыводзіць у нармальны стан. Гэта два флангі Беларусі - Віцебская на поўначы і Гомельская на поўдні. Іх трэба прывеці ў парадак", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы пра Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, які адзначаецца 7 лістапада, Прэзідэнт адзначыў, што гэта добрае свята і не трэба ад яго адмаўляцца: "Ёсць у нас працэнтаў 30 людзей, якія з павагай ставяцца да гэтага свята. Мы рэвалюцый не хочам больш, але ёсць людзі, якія да гэтага свята добра ставяцца. Ну і няхай будзе ў іх гэта свята. Мы будзем памятаць, што было такое свята. Не трэба забываць тое, што было. Не трэба раніць людзей, якія сёння на пенсіі і пакідаюць гэта жыццё. Няхай яны ведаюць, што мы дастойныя прадаўжальнікі іх спраў".

"Нармальнае гэта свята. Мы яго асучаснілі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што няма нічога дрэннага, напрыклад, у тым, што да гэтага свята на Мінскім маторным заводзе вырабілі новы добры рухавік на аснове камплектуючых Жыткавіцкага маторабудаўнічага завода.

"Што дрэннага, што мы мост здалі (напярэдадні ў Мазыры адкрыты абноўлены мост цераз Прыпяць. - Заўвага). Калі б не паехалі туды ўчора, Іван Іванавіч (старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко. - Заўвага) там добраўпарадкоўваў бы да вясны. А так падагналі, зрабілі. І па ўсёй краіне так", - сказаў Прэзідэнт.

"Таму са святам! Здароўя, шчасця. Астатняе купім", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.