Рабочая паездка ў Смалявіцкі раён Мінскай вобласці

  • 20
  • 17:16

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 8 жніўня наведаў Смалявіцкі раён, дзе асабіста пракантраляваў ход уборачнай кампаніі. 

Кіраўнік дзяржавы пры наведванні "Азярыцкі-Агра" ў Смалявіцкім раёне паставіў задачу асвойваць айчынную вытворчасць розных відаў тэхнікі для сельскай гаспадаркі. 

Адзначалася, што ўраджайнасць рапсу розніцца па рэгіёнах і ў гаспадарках. Напрыклад, у "Азярыцкім-Агра" яна дасягае 52 ц/га, і гэта, можна сказаць, узорны прыклад. "Люба-дорага паглядзець на поле, апрацавана ўсё, прыгожа! Азярцо зрабілі, акультурылі, - даў высокую ацэнку Кіраўнік дзяржавы. - Калі б у нас палі апрацоўвалі ўсюды, і рапс і нашы гібрыды, нашы сарты мелі б ураджайнасць няхай не 50 цэнтнераў (з гектара. - Заўвага), але 45 дакладна".

Дасягнуць добрых вынікаў удаецца за кошт многіх кампанентаў: выкарыстоўваюцца гібрыдныя сарты (як імпартныя, так і айчынныя, хоць апошнія яшчэ не заўсёды дацягваюць па якасці), выконваецца тэхналогія вырошчвання і ўборкі, своечасова і ў дастатковай колькасці ўносяцца ўгнаенні, прымяняецца добрая тэхніка для ўборкі.

На гэту тэму - тэхнікі для ўборкі - размова зайшла падрабязная і прадметная. Прэзідэнт спытаў, якая цяпер лакалізацыя пры вытворчасці прэс-падборшчыкаў на айчынных прадпрыемствах. Было даложана, што яна складае каля 35-40 працэнтаў, але асноўныя вузлы ўсё ж замежнай вытворчасці.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ставіў адпаведныя задачы пры назначэнні Віктара Каранкевіча віцэ-прэм'ерам, які адказвае за прамысловы сектар, - размова ішла пра неабходнасць вырабляць уласны, беларускі аўтаматычны прэс і робат для даення кароў, якія па характарыстыках павінны быць не горшыя за імпартныя.

"Мы павінны сваё рабіць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Ён заўважыў, што такая сітуацыя шмат гадоў таму складвалася на машынабудаўнічых прадпрыемствах краіны, лакалізацыя была нізкай, усё завозілася па імпарце, пакуль Прэзідэнт не паставіў строгую задачу - праводзіць імпартазамяшчэнне і рабіць сваё, у выніку цяпер у Беларусі ёсць свой аўтамабіль. "Дакладна гэтак жа і тут. Пяць-дзесяць гадоў таму вы камплектуючыя завозілі, сёння - лакалізацыя, замена замежнага беларускім. Рабіце!" - сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Выкарыстанне прэс-падборшчыкаў дае магчымасць аптымізаваць працэс уборкі і нарыхтоўкі кармоў. У Беларусі з-за ўмоў надвор'я вельмі цяжка нарыхтаваць і захаваць якаснае сена для далейшага кармлення жывёл, колькасць вільгаці бывае празмернай, што ўплывае на якасць канечнага прадукту. Ад гэтага спосабу нарыхтоўкі кормаў не трэба адмаўляцца цалкам, але добрай альтэрнатывай з'яўляецца кансервацыя кармоў у рулоны плёнкі. "Вось для чаго нам патрэбны прэс, мы без яго не абыдземся. Камбайн мы сякі-такі  атрымалі (уборачны. - Заўвага), нібыта ён не ўступае замежнаму", - заўважыў Прэзідэнт, удакладніўшы, што аналагічным чынам трэба папрацаваць над айчынным прэс-падборшчыкам. 

Тое ж самае датычыцца неабходнасці распрацаваць і вырабіць свой уласны робат для даення кароў. Трэба абавязкова ісці па шляху большай механізацыі ў сельскай гаспадарцы і іншых сферах, гэта дасць магчымасць не толькі павышаць эфектыўнасць, але і працаваць якасна пры скарачэнні працоўных рэсурсаў. 

У размове аб імпартазамяшчэнні закранаўся яшчэ адзін важны аспект - вытворчасць плёнкі, якая выкарыстоўваецца пры нарыхтоўцы кармоў прэс-падборшчыкамі і далейшай кансервацыі. Гэты матэрыял займае вялікую ўдзельную вагу ў агульным кошце (да 60 працэнтаў), рабіць нарыхтоўку кармоў такім спосабам значна даражэй, чым прывычнай тэхналогіяй закладкі кармоў у траншэі. Аднак пры кансервацыі ў плёнку захаванасць кармоў, іх якасць істотна вышэйшая, а значыць, і прадукцыйнасць кароў, захаванасць жывёлы, якая спажывае гэты корм, таксама лепшая. "Таму калі ўзяць у цэлым, то гэта (кансервацыя ў плёнку. - Заўвага) - справа добрая", - лічыць Аляксандр Лукашэнка. 

Напрыклад, у Мінскай вобласці выкарыстоўваецца плёнка пяці вытворцаў, з якіх два беларускія і тры кітайскія. Па характарыстыках і кошце яны прыкладна супастаўныя. Але Прэзідэнт паставіў задачу знізіць кошт айчыннай плёнкі, каб яе доля ў сабекошце работ па кансервацыі кармоў скарацілася з цяперашніх 60% да прыкладна 30-35%. "Але гэта (такую нарыхтоўку кармоў) трэба рабіць, таму што захаваем цялят, захаваем карову і атрымаем вынік", - сказаў Прэзідэнт.

У цэнтры ўвагі рабочай паездкі Прэзідэнта быў азімы рапс. Тое, што вырошчваць азімы рапс выгадна і гэтым у Беларусі трэба займацца, справа ўжо вырашаная. Культура дае магчымасць атрымліваць вельмі карысны алей (па вытворчасці якога Беларусь ужо займае, паводле розных даных, 5 ці 6 месца ў свеце) і бялок для патрэб жывёлагадоўлі. Плюс на палях пасля вырошчвання рапсу выдатна растуць збожжавыя культуры, таму яго называюць "папярэднікам". 

Цяпер азімы рапс вырошчваецца на плошчы 370 тыс. га і на 48 тыс. га - яравы рапс. Спецыялісты гавораць, што для Беларусі гэта культура сучаснасці і будучыні. Калі ў 1980-я гады яе наогул не вырошчвалі ў краіне, а потым, паводле ацэнкі замежных экспертаў, лічылі, што для яе прыдатная толькі невялікая частка глеб, то цяпер дзякуючы распрацаванай у нас тэхналогіі вырошчвання, падтрымцы дзяржавы і асабіста Прэзідэнта азімы рапс паспяхова займае ўсё больш і больш пасяўных плошчаў. 

Цяпер застаецца ўдасканаліць тэхналогіі і сарты. Прэзідэнт пацікавіўся, як ідзе работа над айчыннымі гібрыднымі сартамі рапсу. Як растлумачыла загадчык аддзела алейных культур НПЦ НАН Беларусі па земляробстве Ядвіга Пілюк, у краіне стараюцца вытрымліваць прапорцыю выкарыстання насення свайго і імпартнага 80/20. Аляксандр Лукашэнка арыентуе на нарошчванне долі ўласнага насення і паляпшэнне яго якасці. За апошнія 10 гадоў створаны 30 сартоў рапсу, попыт на іх вялікі - прададзена 110 т насення і гэта ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі з больш як 20 буйнейшымі фірмамі свету. 

"Нам трэба мільён атрымаць дакладна - алейнага семя (у бягучым годзе. - Заўвага)", - паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка па ўраджаі азімага рапсу. 

"У гэтым годзе мы яго атрымаем, валавы збор. Будзем глядзець, як дадасць нам яравы рапс", - удакладніла Ядвіга Пілюк. Спецыяліст растлумачыла, што ў гэтым годзе для азімага рапсу вельмі складаныя ўмовы надвор'я, тым не менш, паводле прагнозаў, удасца сабраць не менш як мільён тон рапсу, але гэта агульны валавы збор, а алейнага семя будзе крыху менш. Хоць у мінулым годзе ўраджай менавіта алейнага семя быў 1 млн т. 

"Нам бы на гэтым утрымацца", - арыентаваў Прэзідэнт на паказчыкі мінулага года.

Гаворачы пра ўмовы надвор'я і іх уплыў на ход уборачнай кампаніі, Аляксандр Лукашэнка прыгадаў і пра свой вопыт работы ў сельскай гаспадарцы. "Я ж помню... Прачынаешся: ніякі не дождж - валтузня. Пырснула - да абеда не можам у поле выйсці. А калі добры дождж прайшоў, то дзень яшчэ на заўтра да абеда ўбіраць не можам", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.

Тым не менш, падкрэсліў Прэзідэнт, у гэту ўборачную кампанію работнікі сельскай гаспадаркі паказваюць вельмі добрыя рэзультаты. "Скажу шчыра: сяляне - малайцы ў гэтым годзе. Мы людзі такія, славяне: калі складаней, мы пачынаем напружвацца і працаваць па-сапраўднаму, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Сёлета малайцы як ніколі. Я вось гэта адчуваю".

Як далажылі Прэзідэнту, на раніцу было ўбрана 48% плошчы разам з рапсам, а да абеду плануецца ўбраць 50 працэнтаў. "Палавіна - далей ужо крыху лягчэй будзе, - лічыць Кіраўнік дзяржавы. - Але цяпер вельмі важна ўбраць рапс. Трэба хутка заканчваць з гэтым рапсам, каб страт не дапусціць".

Паводле слоў віцэ-прэм'ера Юрыя Шулейкі, спажыванне гэтага прадукту ў Беларусі за два гады павялічылася на 20 працэнтаў. "Ну і добра. Вельмі добрая штука. Хочаш быць здаровым - трэба выкарыстоўваць гэты алей, - парэкамендаваў Аляксандр Лукашэнка. - Алей вельмі карысны. І наогул, я прыхільнік таго, каб ужываць у ежу тое, што ў цябе расце".

Кіраўнік дзяржавы падрабязна распытаў спецыялістаў пра сітуацыю з вырошчваннем азімага рапсу. Размова ішла пра забеспячэнне насеннем гэтай культуры, асаблівасці тэхналогіі вырошчвання, тэрміны высадкі і ўборкі і гэтак далей. Як растлумачылі спецыялісты, у гэтым годзе для азімага рапсу вельмі складаныя ўмовы надвор'я, тым не менш, паводле прагнозаў, удасца сабраць не менш за мільён тон рапсу, але гэта агульны валавы збор, а алейнага семя будзе крыху менш. Хоць у мінулым годзе ўраджай менавіта алейнага семя быў 1 млн т.

Прэзідэнту таксама прадставілі асартымент рапсавага алею, што вырабляюць у Беларусі. Аляксандр Лукашэнка перадаў на пробу бутэльку гэтага алею старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксею Кушнарэнку. Кіраўніку цэнтральнага рэгіёна 8 жніўня споўнілася 50 гадоў. З гэтай нагоды адразу пасля прыезду на поле Кіраўнік дзяржавы ўручыў Аляксею Кушнарэнку падарунак, які прывёз з нядаўняй паездкі на Валаам, - абраз Георгія Перамаганосца.