Рабочая паездка ў Магілёўскую вобласць

  • 26
  • 2

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 8 ліпеня зрабіў рабочую паездку ў Магілёўскую вобласць. У цэнтры ўвагі былі пытанні сельскай гаспадаркі.

Адна з тэм рабочай паездкі - гадоўля ў Беларусі племянных коз. Гэтым займаюцца на Магілёўскім дзяржплемпрадпрыемстве.

Кіраўнік дзяржавы задаваў чыноўнікам і спецыялістам канкрэтныя пытанні: ці запатрабавана прадукцыя, якая рэнтабельнасць, як хутка можна нагадаваць пагалоўе?

Прэзідэнту далажылі, што на племянных козачак ёсць добры попыт не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Ужо былі продажы ва Узбекістан, ёсць заяўкі з Расіі. У 2024 годзе з фермы прадалі 45 асобін, у гэтым - 174. Сярэдняя цана - Br1,5 тыс. Рэнтабельнасць работы фермы складае амаль 25%.

Племянная работа ў краіне вядзецца, але пакуль гэта робіцца "сяк-так", як сказаў Аляксандр Лукашэнка. І запатрабаваў хутчэй разгортвацца, развіваючы козагадоўлю ў буйных гаспарадках па краіне. Тым больш у Беларусі ёсць яшчэ два прадпрыемствы, якія таксама займаюцца гадоўляй коз - фермерская гаспарадка ў Дзяржынскім раёне і навукова-практычны цэнтр па жывёлагадоўлі НАН.

"А чаму не займацца гэтым? Попыт расце, у тым ліку і ў Расіі. Чаму не інтэнсіфікаваць працэс? - падкрэсліў Прэзідэнт. - Тут добрая справа, перспектыўная, попыт ёсць".

Аляксандр Лукашэнка дэталёва цікавіўся, ці трэба ствараць на племпрадпрыемстве якія-небудзь дадатковыя ўмовы, каб хуткімі тэмпамі нагадаваць пагалоўе. Паводле слоў спецыялістаў, у прынцыпе ўсё неабходнае ёсць, але адна з магчымых мер, прапанаваных імі, - закупка дадатковага пагалоўя коз для далейшай гадоўлі.

У сярэдзіне 2026 года паказчыкі павінны падвоіцца і іх тэмпы росту ў далейшым павінны заставацца такімі ж напружанымі, даручыў кіраўнік дзяржавы. "Павінна быць падваенне, пакуль ёсць попыт. А хадзіць і з працягнутай рукой прасіць грошы... Вось яны, жывыя грошы", - сказаў Прэзідэнт.

"Трэба ісці максімальна. Калі ёсць момант зарабіць грошы, трэба зарабляць, займаць рынак", - патрабуе беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта датычыцца не толькі козагадоўлі, але і іншых напрамкаў у сельскай гаспадарцы. "Мы наплявацельскі ставімся да сельскай гаспадаркі - упіваемся, што ў нас усяго хапае і амаль на $7 млрд мы прадаём (на экспарт. - Заўвага). А руху далей няма. Вось як тут, - сказаў ён. - Справа так далей не пойдзе, што мы сяк-так працуем".

У ходзе наведвання племзавода было ўзнята і кадравае пытанне. На Магілёўскім дзяржплемпрадпрыемстве пакуль няма гендырэктара, пасля таго як былы кіраўнік перайшоў на пасаду старшыні Горацкага райвыканкама. Прэзідэнт даручыў аператыўна вызначыцца ў гэтым плане.

Аляксандр Лукашэнка прадэгуставаў казінае малако і сыры з яго. "Ідэальнае малако", - ацаніў Кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт расказаў, што калісьці яго частаваў казіным малаком Уладзімір Пуцін і яно было абсалютна без спецыфічнага паху або смаку, як і тое, якое ён пакаштаваў зараз.

У складзе сыроў, якія цяпер вырабляюць у Беларусі, камбінацыя з казінага і каровінага малака. Кіраўніка дзяржавы запэўнілі, што ёсць рынак і добрая рэнтабельнасць. Прадукцыю купляюць ужо і ў Расіі.

Аляксандр Лукашэнка высока ацаніў смакавыя якасці і выказаўся аб карысці казінай прадукцыі. "Выдатнае малако. І дзеткам гэта вельмі важна, - сказаў ён. - Харчаванне - гэта перш за ўсё псіхалогія. Калі ты не ведаеш, што гэта карысна, тады доўга будзеш прывыкаць, агітаваць трэба. Трэба "ўлезці" чалавеку ў галаву з гэтым сырам і даказаць яму, што гэта вельмі карысна".

Для дэгустацыі была прадстаўлена і прадукцыя з казінага мяса, якое мае ўнікальныя пажыўныя якасці. З улікам запланаванага росту вытворчасці казінага малака айчынныя прадпрыемствы прапрацоўваюць розныя новыя рэцэптуры і варыянты прадукцыі.

На ферме па ўтрыманні і гадоўлі племянных коз Магілёўскага дзяржплемпрадпрыемства Кіраўніку дзяржавы падарылі дзвюх коз - зааненскай і альпійскай парод.

У час рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць Прэзідэнт запатрабаваў аператыўна ўстараніць недапрацоўкі ў расчыстцы і выкарыстанні паваленага лесу.

"Гэта што за безгаспадарчасць? Вывезлі лес і кінулі", - крытычна выказаўся Аляксандр Лукашэнка, звярнуўшы на гэта асаблівую ўвагу кіраўніка рэгіёна, памочніка Прэзідэнта па вобласці, Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

"Каб да 1 верасня па краіне не было ніводнага бервяна, што валяецца на ўскрайку лесу", - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы.

Інакш, адзначыў Прэзідэнт, запатрабаваная драўняная сыравіна проста згніе. Раней ён даручаў у тым ліку перадаваць павалены лес у распараджэнне насельніцтва.

Аляксандр Лукашэнка ў ходзе рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць таксама азнаёміўся са станам спраў на агракамбінаце "Зара".

Размова ў першую чаргу зайшла аб фінансава-гаспадарчай дзейнасці гэтага агракамбіната. Камітэт дзяржкантролю перад прыездам Кіраўніка дзяржавы выявіў некаторыя праблемныя пытанні ў захоўванні кармоў. На гэта Аляксандр Лукашэнка асобна звярнуў увагу гендырэктара агракамбіната Кацярыны Зароўскай.

У цэлым жа справы ў гаспадарцы ідуць нядрэнна. Прыбытак накіроўваецца на развіццё вытворчасці, абнаўленне тэхнікі. Сярэдняя рэнтабельнасць па гаспадарцы - 6,6%, а ў перапрацоўцы - амаль 12-13%. Даволі паспяхова працуе "Зара" і па вырошчванні розных культур, аб чым адбылася грунтоўная размова з Кіраўніком дзяржавы.

Напрыклад, ураджайнасць на полі азімага ячменю, якое агледзеў Прэзідэнт, перасягае 60 ц/га. На гэту сельгаскультуру кіраўнік дзяржавы апошнія некалькі гадоў звяртае асаблівую ўвагу. У многім з-за таго, што азімы ячмень убіраюць раней за іншыя збожжавыя культуры. Гэта дае магчымасць аператыўна атрымаць кармы для жывёлагадоўлі і больш раўнамерна задзейнічаць тэхніку перад масавай уборкай. Хоць культура і капрызная, але пры выкананні тэхналогій можна разлічваць на добры вынік. І гэта практыка сябе апраўдвае, аб чым сведчыць і вопыт агракамбіната "Зара". "Вельмі добры вынік. Мы можам падладзіцца пад умовы надвор'я", - адзначыла кіраўнік прадпрыемства.

У гаспадарцы таксама ёсць два буйныя малочнатаварныя комплексы, працуюць таксама ў сферы птушкагадоўлі, гадоўлі свіней, ёсць сетка сваіх гандлёвых аб'ектаў. "Уласны мясакамбінат. Перапрацоўваем 100 працэнтаў таго, што вырабляем. І ўсё праз фірменную гандлёвую сетку ў Магілёве і Магілёўскай вобласці", - расказала Кацярына Зароўская.

Як запэўнілі Кіраўніка дзяржавы, няма тут і праблемы з падзяжом жывёлы, якая ўласціва шэрагу гаспадарак у розных рэгіёнах краіны. Усё ў гэтым плане робіцца па тэхналогіі.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што такія гаспадаркі, якія эфектыўна працуюць, не маюць даўгоў перад дзяржавай і банкамі, трэба дадаткова падтрымліваць у рэалізацыі тых ці іншых праектаў.

"Гэта нядрэнная гаспадарка. Загубіць яе нельга. Глядзі, нідзе не спатыкніся. Адносна іншых у цябе нядрэнна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Самая лепшая работа - кіраўніком гаспадаркі", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кацярына Зароўская цалкам згодная з гэтым тэзісам: "Мне нельга ў кабінет. Я люблю поле, людзей, мне трэба камбайны. Я стараюся ўсё бачыць. У сельскай гаспадарцы трэба жыць, а не адбываць. Калі адбываеш, выніку не атрымаеш. У сельскую гаспадарку трэба ўкладваць душу, гэта жыццё".