Рабочая паездка ў Шклоўскі раён Магілёўскай вобласці

  • 19
  • 2

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 9 жніўня зрабіў рабочую паездку ў Шклоўскі раён Магілёўскай вобласці.

Пасля прыезду ў Шклоў Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ў новага кіраўніка раёна Сяргея Барташа бягучай абстаноўкай і ходам уборачнай, а галоўнае - уражаннямі ад работы на новым месцы. Яшчэ нядаўна цяперашні кіраўнік раёна ўзначальваў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.

"Мае першыя ўражанні: база добрая, землі добрыя, з людзьмі трэба чуць-чуць дапрацаваць", - сказаў Сяргей Барташ.

"Чуць-чуць. Гэта - галоўнае", - заўважыў Прэзідэнт.

"Ну і тэхналогіі, тэхналогіі... Гэта самае галоўнае", - прадоўжыў кіраўнік раёна.

Аляксандр Лукашэнка даў новаму кіраўніку параду, якая датычыцца работы з людзьмі: "Ты запомні, тут заўсёды былі людзі са сваім царом у галаве: "Тэхналогіі... Ды падумаеш, тэхналогіі..." Гэта якраз я табе ўдзячны, што ты згадзіўся. З тваім характарам тут павінен быць парадак. Я ўжо атрымліваю першыя звесткі аб тваёй рабоце. Сказалі: "Не, з гэтым доўга не пагаворыш, сказаў рабіць - рабі, а ўсё правільна гаворыць". Таму так, трэба патрабаваць. Людзі, яны ўмеюць рабіць усё".

"Я праехаў паўраёна цяпер. Я на захадзе гэтага не бачыў, як яны апрацавалі глебу. Там вакол слупоў нават не засталося ні адной расліны. Яны абкасілі ўсё. Нідзе я не заўважыў (беспарадку. - Заўвага) - прыдзірліва глядзеў. Яны ўмеюць гэта рабіць. Таму трэба ўсюды гэта рабіць, а не толькі дзе Прэзідэнт праедзе або сам праедзеш", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

У Шклове Кіраўнік дзяржавы сабраў нараду па пытаннях эфектыўнага развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці Шклоўскага і Аршанскага раёнаў. Аднак Аляксандр Лукашэнка адразу паставіў пытанне шырэй - у маштабах усёй краіны. "Тэма сённяшняга дня - парадак і далейшае рэфармаванне сельскай гаспадаркі", - сказаў Прэзідэнт.

Адно з пытанняў, закранутых Кіраўніком дзяржавы ў час рабочай паездкі ў Шклоўскі раён, датычылася ролі старшынь райвыканкамаў. Размова аб нарматыўна-прававым рэгуляванні іх дзейнасці і дакладным разуменні паўнамоцтваў і сферы адказнасці. "Думаю, што да нас ёсць пытанні. Да мяне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ў краіне фактычна няма нарматыўна-прававога акта аб старшынях райвыканкамаў або аблвыканкамаў, дзе дакладна для ўсіх выкладаліся б адпаведныя пытанні. "А гэта трэба, каб адкрылі кніжку і пачыталі: вось мае (старшыні выканкама. - Заўвага) паўнамоцтвы, функцыі", - адзначыў Прэзідэнт.

Ён растлумачыў, што тады для ўсіх было б зразумела, што і ад каго могуць патрабаваць старшыні выканкамаў, не было б спрэчак наконт ведамаснай падпарадкаванасці і меж кампетэнцыі.

Да тэмы ўзмацнення ролі кіраўнікоў на месцах для развіцця даручаных ім рэгіёнаў Кіраўнік дзяржавы яшчэ не раз вяртаўся ў час нарады.

"Тут на тэрыторыі раёна старшыня райвыканкама - прэзідэнт. Я гэта даўно сказаў", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

На нарадзе абмеркавалі, якія рэальныя паўнамоцтвы ёсць у старшынь райвыканкамаў, наколькі яны могуць распараджацца фінансавымі сродкамі і фарміраваць раённы бюджэт. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў адпаведных пытаннях не варта адмаўляцца і ад савецкага вопыту, а наадварот, трэба яго вывучаць на прадмет магчымага выкарыстання ў сучасных умовах.

Прэзідэнт таксама падкрэсліў важнасць выканальніцкай дысцыпліны па ўсёй вертыкалі ўлады.

"Вельмі важна для старшыні райвыканкама, каб ён быў прэзідэнтам на гэтай тэрыторыі. І міліцыя, і пракурор, і банкі, і іншыя павінны не падпарадкоўвацца яму (у іх адпаведныя ёсць паўнамоцтвы), яны каб у адной каляіне ішлі, дзе наперадзе - прадстаўнік Прэзідэнта, ён жа старшыня райвыканкама", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы.

Кіраўнік раёна павінен мець магчымасць задзейнічаць усе структуры на тэрыторыі свайго рэгіёна. "Калі што, звярнуцца да губернатара, які яму акажа падтрымку па іншых напрамках", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Неабходна, паводле слоў Прэзідэнта, на заканадаўчым узроўні адрэгуляваць узаемаадносіны мясцовай улады з кіраўніцтвам прамысловых прадпрыемстваў рэспубліканскай уласнасці, якія размяшчаюцца на тэрыторыі раёнаў. "Яшчэ раз паўтараю: трэба дакладна прадугледзець гэта", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

У сферу адказнасці кіраўнікоў раёнаў плануецца ўключыць усю работу з кадрамі і, як выказаўся Прэзідэнт, з правамі чалавека. Але не так, як іх нам навязваюць, а ў нармальным разуменні, у тым ліку ў частцы забеспячэння правоў чалавека на дастойную працу і заработную плату. "Кадравыя пытанні, іншыя і што датычыцца правоў чалавека (я так абагульняю) сапраўдных - работа, зарплата і іншае - гэта павінна быць у старшыні райвыканкама. Ён павінен усімі працэсамі кіраваць", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ адно пытанне, якое будзе замацавана за кіраўнікамі абласцей і раёнаў, - гэта вызначэнне падшэфных гаспадарак і прадпрыемстваў. Напрыклад, у Шклове ёсць папяровая фабрыка "Спартак", ільнозавод, арганізацыі райаграсэрвісу і іншыя. Яны цалкам могуць узяць шэфства над сельгаспрадпрыемствамі, але не ў плане нейкай матэрыяльнай або фінансавай дапамогі, а прадастаўлення дадатковых рабочых рук пры неабходнасці. "Людзі ў іх ёсць. Яны могуць паехаць і дапамагчы. Таму майце на ўвазе, гэта шэфская работа, гэта замацаванне - старшыні райвыканкама і аблвыканкама павінны вырашаць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы аб развіцці сельскай гаспадаркі, Прэзідэнт нагадаў аб тым, з чаго ўсё пачыналася на заранку станаўлення Беларусі як незалежнай суверэннай дзяржавы. Першая праграма адраджэння, а па сутнасці - выратавання вёскі стала лагічным працягам першай перадвыбарнай праграмы Аляксандра Лукашэнкі, галоўным пасылам якой было адвесці краіну ад прорвы. Тады востра стаяла задача забяспечыць людзей прадуктамі харчавання, паколькі іх не хапала, многія выдавалі па талонах.

"Таму была пастаўлена простая жыццёвая задача - накарміць людзей", - нагадаў Кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, адсутнасць фінансавых сродкаў у дзяржаве не дазволіла адразу прыняць праграму адраджэння вёскі. "Патрэбны былі пэўныя сродкі для таго, каб падняць сельскую гаспадарку і тым самым накарміць людзей", - сказаў ён.

Яшчэ адзін сур'ёзны напрамак, на якім тады сканцэнтраваліся, - гэта мабілізацыя людзей, сярод якіх была ў тыя гады сур'ёзная разгубленасць. Без памылак на першапачатковым этапе на абышлося. Быў вопыт па арганізацыі фермерскіх гаспадарак, для якіх зямлю дзялілі, рэзалі на кавалкі. Аднак нават у той час усё ж захавалі буйныя сельгасугоддзі, на якіх базіраваліся саўгасы і калгасы. І, як паказаў час, менавіта гэта рашэнне было самым правільным. Паколькі цяпер размова ідзе якраз аб неабходнасці аб'яднання шэрага гаспадарак, іх узбуйнення. Па гэтым шляху ідуць многія і ў суседніх краінах.

Да гэтага часу ў Беларусі рэалізаваны шэраг праграм па сельскай гаспадарцы, створана сур'ёзная база для яе развіцця, асабліва ў Шклоўскім і Аршанскім раёнах. Гэта пацвердзіў і новы кіраўнік Шклоўскага райвыканкама Сяргей Барташ, калі прыбыў на месца (а яму, як ранейшаму міністру сельскай гаспадаркі і харчавання, ёсць з чым параўноўваць). База для сельскай гаспадаркі, паводле яго слоў, у раёне шыкоўная.

Падводзячы вынікі зробленага ў папярэдні перыяд, Прэзідэнт падкрэсліў, што гэта зусім не азначае, што цяпер можна спыняцца на дасягнутым. "Мы адвялі народ ад прорвы, мы яго накармілі, адзелі і гэтак далей, да таго падобнае. Можна супакоіцца? Не", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. На нарадзе, паводле слоў Прэзідэнта, неабходна вызначыць далейшыя крокі па ўдасканаленні і развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці.

"Без развіцця вёскі краіны не будзе. Ні нашай, ні Расіі, ні Украіны. Мы - славяне, людзі калектыўныя па свайму духу, менталітэту. Таму вёска - гэта аснова, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Таму што без яе краіны няма, па-першае. А па-другое, попыт на прадукты харчавання пастаянна ўзрастае і будзе расці. На жаль, лішніх зямель на планеце няма".

Ён згадаў спробы вырошчваць сельгаспрадукцыю нават у пустыні, але адзначыў, што на гэта расходуюцца вялікія сродкі. "Таму трэба інтэнсіфікавацца. Попыт на прадукты харчавання будзе расці, таму што шалёнымі тэмпамі ў свеце расце насельніцтва. Вось простая формула. Нам нельга адстаць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Ёсць яшчэ важныя аспекты, на якіх зрабіў акцэнт Прэзідэнт: сельская гаспадарка ўносіць істотны ўклад у фарміраванне ВУП, іграе на карысць іміджу краіны. Адзін чалавек, заняты ў сельскай гаспадарцы, забяспечвае работу для 7-10 чалавек у горадзе.

"Можна шмат называць прычын, якія штурхаюць нас да развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці. Немалаважна, што мы ўмеем гэта рабіць. У нас створана добрая школа, у нас ёсць база. Мы не разбурылі той фундамент, які быў створаны ў савецкі час для развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці, якая ў тым ліку цягне за сабой вялікі кавалак прамысловасці. Сельгасмашынабудаванне - палова нашай прамысловасці, гэта вялікая справа", - падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, чаму асаблівая ўвага сканцэнтравана на двух раёнах. Шклоўскі добра вядомы Кіраўніку дзяржавы па ранейшай рабоце, таму тут пад яго кантролем ішлі пераўтварэнні, якія потым планавалася распаўсюджваць на іншыя рэгіёны. Былі сельскагаспадарчыя прадпрыемствы - маякі, на якія трэба было арыентавацца астатнім па прынцыпе "Ідзі, вучыся, паўтарай".

"Аршанскі раён у Віцебскай вобласці, я лічу, - самы перспектыўны. І тое, як ён працуе, - недапушчальна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка наконт другога раёна, аб якім ішла размова на нарадзе. У рэгіёне ёсць добрая база з шырокім спектрам вытворчасці сельгаспрадукцыі, які ўключае нават племянную жывёлагадоўлю.

"Усё там умеюць рабіць. Пры такой базе недапушчальна, як ён развіваўся апошнія некалькі гадоў і развіваецца цяпер", - падкрэсліў Прэзідэнт.

На прыкладзе гэтых двух раёнаў, паводле яго слоў, трэба вызначыць наступныя крокі па мадэрнізацыі і развіцці сельгасвытворчасці і вёскі ў цэлым. Яны могуць стаць своеасаблівымі ўзорамі для іншых, але не абавязкова агулам для гаспадарак па ўсёй краіне. Напрыклад, у шэрагу раёнаў Гродзенскай вобласці ўжо вызначыліся з тым, якім будзе аграпрамысловы комплекс і, вызначаючы стратэгію для Шклоўскага і Аршанскага раёнаў, важна не разбурыць тое, што ўжо створана ў іншых раёнах. Акцэнт трэба рабіць у першую чаргу на навядзенні парадку, атрыманні найбольшага эфекту ад капітальных укладанняў і забеспячэнні тэхналагічнай, выканальніцкай дысцыпліны.

У час нарады Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць вырашэння вельмі важнага пытання - вызначыцца з метадамі павышэння эфектыўнасці сельгасвытворчасці двух валаўтваральных раёнаў.

Спачатку размова зайшла пра Оршу. Імпульс для развіцця рэгіён атрымаў у канцы 2018 года, калі Прэзідэнт падпісаў Указ 506 "Аб развіцці Аршанскага раёна" з мэтай павысіць узровень і якасць жыцця людзей.

Была прынята пяцігадовая праграма паскоранага развіцця, якая ахапіла практычна ўсе напрамкі вытворчасці і сацыяльнай сферы. "Праект паказальны. Выкарыстоўвалі праграмна-мэтавы метад. Вызначылі элементы інтэгравання", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ўсе неабходныя рэсурсы былі выдзелены, а канкрэтна ў АПК Аршанскага раёна ўкладзена звыш Br1 млрд. "Раён крыху прыўзнялі. Павялічылі зарплаты людзей. Запаволіўся (толькі запаволіўся) адток кадраў", - звярнуў увагу на пазітыўны эфект Кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым былі названы і недахопы. Так, не ўсе мерапрыемствы, прадугледжаныя праграмай, былі выкананы, не дасягнуты шэраг вытворчых і фінансавых паказчыкаў. У прыватнасці, не ўдалося выйсці на параметры па збожжавых і лёне. Засталіся недазагружаны сыравінай новыя магутнасці па перапрацоўцы. Шэраг ферм да гэтага часу не запоўнены жывёлай.

"Думаю, вам давядзецца сур'ёзна папрацаваць, каб гэту праграму давесці да лагічнага завяршэння", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы аб Шклоўскім раёне, Прэзідэнт звярнуў увагу, што і ў гэтым рэгіёне ідуць інтэграцыйныя працэсы. У раёне 10 гаспадарак, хоць у савецкія часы іх было каля 30. "Старшыня райвыканкама, наладзь нармальныя адносіны з 10 кіраўнікамі і дзейнічайце, дапамагайце адзін аднаму", - арыентаваў Аляксандр Лукашэнка.

Самыя буйныя гаспадаркі раёна - гэта "Купалаўскае" і прадпрыемствы Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта "Александрыйскае" і "АСБ-Агра Гарадзец".

Даручэнні навесці парадак у "Купалаўскім", якое акрамя кіруючай кампаніі аб'ядноўвае яшчэ тры сельгаспрадпрыемствы, былі дадзены крыху больш за пяць гадоў таму, нагадаў Кіраўнік дзяржавы. "Ведаю, што кантралёраў і інспектараў тут было шмат, але сістэмныя праблемы амаль не зрушыліся з мёртвай кропкі", - заўважыў ён.

У 2024 годзе ў параўнанні з 2023-м ёсць пэўны рост па валавой прадукцыі, малаку і буйной рагатай жывёле. Нарыхтавана больш сенажу і травяных кармоў. Аднак трэба паглядзець не толькі на паказчыкі на паперы, але і на якасць, звярнуў увагу Прэзідэнт. Паколькі нават пры такіх паказчыках падзеж ва ўсіх гаспадарках холдынга вырас практычна ў два разы. Ёсць праблема з кадрамі, не хапае ветэрынарных спецыялістаў, растуць даўгі.

"Пасля першага этапу, які мы тады намецілі, вам не ўдалося выйсці на прыбытковую работу. А база там створана добрая", - зрабіў выснову Кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца ААТ "Александрыйскае", то ў яго, як адзначыў Прэзідэнт, укладзены немалыя рэсурсы (амаль Br40 млн - на пагашэнне інвестыцыйных крэдытаў, закупку збожжа, угнаенняў і іншыя мэты). А праблемы практычна тыя ж, што і ў "Купалаўскага": зніжэнне пагалоўя птушкі, скарачэнне вытворчасці яек, рост падзяжу буйной рагатай жывёлы.

Між тым у рэгіёне яшчэ з савецкіх часоў захавалася высокая культура апрацоўкі глебы - землі апрацаваны так, як не ўсюды нават у заходніх раёнах. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы слушна пакрытыкаваў кіраўнікоў Магілёўскай і Мінскай абласцей: "У Ісачанкі палі не ўзараны. Тое ж самае і ў старшыні Мінскага аблвыканкама - ад Барысава да Бярэзінскага запаведніка, там наогул пустуюць палі. Паўстае пытанне, Леанід Канстанцінавіч (Заяц. - Заўвага), мы навошта меліярацыяй займаемся? Яны не ўзворваюць тыя палі, якія сёння трэба ўзворваць, г.зн. мы гераічна прырастаем меліярацыяй і столькі ж страчваем ад тых гектараў, якія трэба араць без меліярацыі".

Прэзідэнт даручыў кіраўнікам абласных і раённых выканкамаў, каб усе неабходныя ўчасткі былі ўзараны.

Вяртаючыся да размовы пра развіццё "Александрыйскага", Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што даручаў Кіраўніцтву справамі сумесна з вучонымі выпрацаваць дакладную і зразумелую канцэпцыю, як быць далей.

"Гэта павінен быць канкрэтны, а галоўнае - рэалістычны план мерапрыемстваў. З тэхналагічнымі картамі, прапрацаванымі заданнямі, дэталёвым прагнозам па перспектывах выкарыстання кожнага поля і аб'екта перапрацоўкі", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, для ўдзелу ў нарадзе спецыяльна запрошаны ўсе кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў Аршанскага і Шклоўскага раёнаў. "Неабходна падрабязна абмеркаваць дэталі і прыняць канчатковыя рашэнні", - абазначыў задачу Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт папярэдзіў, што памылак у рэалізацыі быць не можа: "Таму што гэта вялікія грошы, і ў нас лішніх грошай няма". Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Аршанскім раёне, напрыклад, пабудаваны агракомплексы, вопыт якіх можна і трэба тыражаваць на гэты і Шклоўскі раёны.

"Ёсць гэтыя зародкі. Трэба ісці ў гэтым напрамку. Мы ўжо вычарпалі тое, што ляжала на паверхні, прыносячы $8 млрд экспарту. Гэта вялікія грошы, ні адна галіна столькі не дае. Усё гэта вычарпана, трэба цяпер тэхналогіямі займацца. А тэхналагічная і выканальніцкая дысцыпліна - гэта галоўнае. Не будзе гэтага, няма чаго і займацца і ўкладваць грошы. Таму перш чым прасіць грошы, звяртацца ў банкі, ва Урад, тым больш да мяне, пакажыце, што ўкладзены рубель дасць 10 рублёў выручкі", - арыентаваў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на некалькі прынцыпова важных аспектаў.

Першы датычыцца інтэграцыі сельгасвытворцаў. Яе трэба прадаўжаць, ствараючы буйныя кампаніі з поўным цыклам вытворчасці. "Там, дзе гэта патрэбна, - зрабіў акцэнт Прэзідэнт. - Там, дзе можа працаваць асобная гаспадарка тыпу "Гарадзец", "Гастэлаўскае", "Усход" і іншыя, добрыя гаспадаркі, невялікія, - няхай працуюць".

Калі сама гаспадарка ў працэсе развіцця прыходзіць да таго, што ёй недастаткова зямель, то дзяржавай гэта вітаецца. "Таму шукаем з губернатарам свабодныя плошчы, каб далучыць да гэтай гаспадаркі і эфект большы атрымаць. Мы ведаем, што там атрымаецца", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым Прэзідэнт перасцярог ад таго, каб прымусова праводзіць узбуйненне. Рашэнне трэба прымаць на месцах, зыходзячы з сітуацыі. "Не губіце яе далучэннем нейкай слабай гаспадаркі. Гэта будуць гіры на нагах гаспадаркі, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Шчыра кажучы, я не прыхільнік буйных гаспадарак. Але бачу, што тэндэнцыя такая. Але штучна нічога рабіць не трэба".

Як далажыў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, у Аршанскім раёне працуе 12 сельгасарганізацый, і пакуль нейкіх далейшых рэзкіх рухаў па іх узбуйненні і інтэграцыі не плануецца.

"Інтэгруй толькі тады, калі "пераварыш" тое, што ты зрабіў. Калі ты не гатовы "пераварыць" далей, навошта інтэгравацца, навошта патрэбны гэтыя інтэграцыі? У вас свой метад, свая форма. Мяне ніхто не пераканаў, што гэта няправільна. Мы аб'ядноўвалі гаспадаркі, падключалі пад інтэгратара - мясакамбінат або малаказавод. Адтуль грошы павінны ісці туды, куды трэба", - нагадаў Аляксандр Лукашэнка аб сваім ранейшым даручэнні.

"Усё ад жыцця, эвалюцыйна ідзём. Ніякіх рэзкіх рухаў не робім", - запэўніў кіраўнік рэгіёна.

"Скажы, чаго ў Аршанскім раёне не хапае, каб блішчаць, як Гродзенскі раён", - спытаў Прэзідэнт

Аляксандр Субоцін на гэта адказаў так: "Усё трывіяльна. Нам трэба будзе яшчэ 5 комплексаў дабудаваць. Яны вызначаны. Шукаем ужо механізмы фінансавання. У праграме на наступны год пачатак таксама ўжо ёсць".

Прэзідэнт у сувязі з гэтым падкрэсліў, што важна не чакаць заканчэння будаўніцтва новых комплексаў, а ўжо зараз навесці парадак на фермах. "Парадак трэба навесці з тым, што сёння ёсць. Комплексы мы будзем у краіне будаваць яшчэ тры гады. Пад адказнасць Урада", - сказаў ён.

Падрабязна Кіраўнік дзяржавы цікавіўся станам спраў на Аршанскім мясакамбінаце, у мадэрнізацыю якога было ўкладзена нямала сродкаў. Аляксандра Лукашэнку запэўнілі, што ў цэлым на прадпрыемстве навялі парадак, знеслі стары забойны цэх, а на яго месцы ствараюць новыя магутнасці. Загрузка прадпрыемства яшчэ далёкая ад поўнай, але паступова нарошчваецца, што завязана ў тым ліку і на магчымасці сыравіннай базы.

На прадпрыемстве ёсць лінія па вытворчасці дзіцячага харчавання. На гэта Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу, бо гэта прадукцыя вельмі запатрабавана ў шэрагу дзяржаў, з якімі супрацоўнічае Беларусь. Гэта, напрыклад, Зімбабвэ. Па дзіцячым харчаванні загрузка магутнасцей цяпер складае 65%, але за кошт кантрактаў з партнёрамі ў Расіі і Афрыцы да канца года іх плануецца нарасціць да 95%.

Яшчэ адзін цікавы і патэнцыйна перспектыўны праект - вытворчасць корму для катоў і сабак. Праект цяпер знаходзіцца на экспертызе ў Банку развіцця. На нарадзе дыскутавалі пра яго кошт і шэраг іншых вытворчых момантаў, абмяркоўвалі бачанне далейшага збыту прадукцыі. "Гэта ўсё трэба падлічыць вельмі хутка", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што важна зрабіць якасны і канкурэнтны па цане корм, тады ён будзе запатрабаваны не толькі на ўнутраным рынку, але і за мяжой. "Вы сядзьце і вызначцеся разам з Урадам. Але вызначцеся на працягу тыдня. Прыміце рашэнне: не - не; так - так", - даручыў беларускі лідар.

"З інтэграцыяй будзьце акуратныя, - рэзюмаваў па гэтай тэме Кіраўнік дзяржавы. - Будзьце акуратныя аб'ядноўваючы, раз'ядноўваючы гаспадаркі. Трэба раіцца на месцах. Трэба ўлічваць вопыт мінулага і будучыню".

Другі важны аспект, аб якім сказаў Прэзідэнт, - узбуйненне павінна адбывацца на базе моцных гаспадарак з дакладнай і зразумелай спецыялізацыяй.

Трэці: пераўтварэнні трэба ўкараняць пры строгім выкананні ўсіх тэхналогій, прапрацаванай да самых дробных дэталей сыравіннай базе і строгай дысцыпліне.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што за вынік будуць адказваць не толькі старшыні райвыканкамаў і губернатары. "За кожным мерапрыемствам, арганізацыяй, полем, фермай і іншымі аб'ектамі праграмы павінны быць замацаваны канкрэтныя службовыя асобы выканкамаў, міністэрстваў, Урада, Адміністрацыі Прэзідэнта, Кіраўніцтва справамі і Акадэміі навук", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Пра сваё бачанне эфектыўнага развіцця сельгасвытворчасці ў Шклоўскім раёне на нарадзе далажыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. Вытворчых задач, якія датычацца перагляду структуры пасяўных плошчаў, развіцця малочнатаварных комплексаў, загрузкі перапрацоўкі і многіх іншых пытанняў, шмат. Але ўсё ўпіраецца ў дысцыпліну, прызнаўся кіраўнік рэгіёна. "Усё гэта рэальна, усё ажыццявіма. Але, зноў жа, пры захаванні строгай тэхналагічнай дысцыпліны. Усе нашы разлікі паказваюць, што гэта рэальна", - сказаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама.

Дадатковую магчымасць для развіцця ў рэгіёне таксама бачаць ва ўзбуйненні гаспадарак, стварэнні інтэграцыйных структур. Такі вопыт у Слаўгарадскім і Кіраўскім раёнах Магілёўскай вобласці даў пэўны станоўчы вынік. Ёсць прапанова такім чынам дзейнічаць і ў Шклоўскім раёне.

Аднак Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае, што проста аб'ядноўваць гаспадаркі дзеля аб'яднання не трэба, паколькі гэта само па сабе не панацэя. "У канцы фінансы павінны быць", - падкрэсліў ён.

"Яшчэ раз гавару, не абвяргаючы вашы тэзісы. Але я катэгарычна супраць, каб зверху націскалі на гэта аб'яднанне. Мы ўжо ў савецкія часы і аб'ядноўвалі, і раз'ядноўвалі. Рэарганізацыя праблему асноўную не вырашае. Калі б ты сказаў, што мы аб'яднаем дзве гаспадаркі і туды прыйдзе добры інвестар, - іншая справа. А так проста дзве гаспадаркі аб'ядналі, - заявіў беларускі лідар. - Трэба вельмі акуратна падыходзіць і пераконваць людзей. Не павінна быць навязвання зверху".

Кіраўнік дзяржавы арыентаваў на прадаўжэнне інтэграцыі сельгасвытворцаў, стварэнне буйных кампаній з поўным цыклам вытворчасці.

"Там, дзе гэта патрэбна, - зрабіў акцэнт Прэзідэнт. - Там, дзе можа працаваць асобная гаспадарка тыпу "Гарадзец", "Гастэлаўскае", "Усход" і іншыя, добрыя гаспадаркі, невялікія, няхай працуюць". Калі сама гаспадарка ў працэсе развіцця прыходзіць да таго, што ёй недастаткова зямель, то дзяржавай гэта вітаецца.

"Таму шукаем з губернатарам свабодныя плошчы, каб далучыць да гэтай гаспадаркі і эфект большы атрымаць. Мы ведаем, што там атрымаецца", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым Прэзідэнт перасцярог ад таго, каб прымусова праводзіць узбуйненне. Рашэнне трэба прымаць на месцах, зыходзячы з сітуацыі.

"Не губіце яе далучэннем нейкай слабай гаспадаркі. Гэта будуць гіры на нагах гаспадаркі, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Шчыра кажучы, я не прыхільнік буйных гаспадарак. Але бачу, што тэндэнцыя такая. Але штучна нічога рабіць не трэба".

Што датычыцца ў цэлым павышэння эфектыўнасці работы прадпрыемстваў сельскай гаспадаркі, Аляксандр Лукашэнка арыентаваў кіраўнікоў на тое, каб яны шукалі шляхі зніжэння сабекошту прадукцыі, але не за кошт эканоміі на аплаце працы работнікаў.

"Мужыкі, не эканомце на зарплаце. Я не кажу, што "дармаплату" плаціць. Але не эканомце на гэтым. Калі чалавеку трэба заплаціць - заплаціце. Працуйце, як у прыватнай кампаніі. Хоць я не думаю, што вас нешта стрымлівае. Будучы дырэктарам, у мяне гэтых праблем не было", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён заклікаў шукаць варыянты зніжэння сабекошту і прапанаваў эканоміць на перагонах уборачнай тэхнікі з поля ў машынны двор. "Убіраеце поле - 20 км ад машыннага двара. Адзін раз вы прыгналі - гэта 10 людзям месячная зарплата. Думайце, працуйце над сабекоштам. Але не эканомце на заработнай плаце", - даў параду Кіраўнік дзяржавы.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады і ў прынцыпе да кіраўнікоў усіх узроўняў, Прэзідэнт перасцярог іх ад любых карупцыйных праяў.

"Мужыкі, я буду вас падтрымліваць, лячыць, карміць, што хочаце рабіць. Адзінае - не змагу вам дапамагчы, калі вы будзеце непрыстойнымі справамі займацца. Карупцыя - гэта выключана. Даравання не будзе. Гэта немагчыма", - папярэдзіў беларускі лідар.

"Нідзе ніколі вы тайна нічога не зробіце. Пачуйце вы, нарэшце, мяне. Не рабіце гэтага. Будзе вынік - мы знойдзем заўсёды капейку вам дапамагчы. Але не лезьце ў гэта. Проста вас прашу і папярэджваю".

"Разбурэнне эканомікі плюс іржа карупцыі - гэта вайна. Страшная справа, - перасцярог Прэзідэнт. - Вайна пачынаецца з эканомікі. Таму я заўсёды нагадваю. Давайце лепш ціха працаваць у ціхай спакойнай краіне, чым ваяваць".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што патрабуе ад кіраўнікоў выканальніцкай дысцыпліны і будзе і далей аказваць адпаведны націск. "Я вас заўсёды папярэджваю. Нават выкарыстоўваю такое дрэннае слова, як "рэпрэсіі" (я вобразна кажу). Таму давайце знізу даверху дысцыпліну, сабраліся. Напружанне ствараецца наверсе, а яго трэба перакласці на сваіх падначаленых. Каб варушыліся ўсе".

У сельгаспрадпрыемствах узнікаюць пытанні з запаўненнем вакансій кіраўнікоў гаспадарак, і тут Аляксандр Лукашэнка арыентуе ў тым ліку паглядзець на чыноўніцкія кабінеты, дзе часам "занадта шмат спецыялістаў". "А аднаго-двух кіраўнікоў у нас у раёне не хапае. Першае месца, дзе трэба іх знайсці. Гэта датычыцца ўсіх", - адзначыў ён.

Адначасова Прэзідэнт арыентуе працаваць над замацаваннем спецыялістаў на месцах. І размова не толькі пра абавязацельствы, звязаныя з размеркаваннем пасля ВНУ, але і пра пэўныя стымулы для маладых спецыялістаў. "Калі са спецыялістамі праблема - ну, трэба танцаваць вакол іх", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Трэцяе, на што арыентуе Кіраўнік дзяржавы, - падтрыманне дысцыпліны як у цэлым, так і тэхналагічнага складніка ў прыватнасці. "Кіраўнікі гаспадарак планёрку правялі, заданне паставілі. Калі нехта не выканаў... Мы ведаем такіх дзеячаў. У кожнай гаспадарцы два-тры чалавекі ёсць, - сказаў Прэзідэнт. - Не павінна быць гэтай расхлябанасці: "Вось я кінуў і пайшоў". Раней партыя стрымлівала ў гэтым плане. Выключаць з партыі - выганяць з работы, усё жыццё сабе сапсуеш".

"Вайна пачынаецца з эканомікі, таму я заўсёды нагадваю: давайце лепш ціха працаваць у ціхай спакойнай краіне, чым ваяваць. Трэба паціху ад гэтага "шалёнага рынку" адыходзіць. Я яшчэ раз падкрэсліваю, няма гэтага рынку. Нам амерыканцы гэта падкінулі. Яны могуць усё што хочаце. Таму што яны станок уключылі - надрукавалі, калі грошай не хапае. Мы гэтага зрабіць не можам".

"Калі ёсць добрыя спецыялісты, кадры, тады будзе вынік. А для гэтага павінна быць выканальніцкая дысцыпліна. А як нюанс - тэхналагічная. Вырашана - пасей у гэты час. Вырашана столькі ўгнаенняў - унось", - яшчэ раз падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ў кадравым пытанні адзначыў наяўнасць кантрактных абавязацельстваў: "Прыйшоў - цывілізаваны кантракт. З аднаго боку - абавязкі старшыні райвыканкама ад імя дзяржавы. З іншага - абавязкі кіраўніка, - сказаў ён. - Кадравы рэестр у Прэзідэнта, кадравы рэестр у губернатара - дзе, каго ён узгадняе, назначае і гэтак далей. І вось гэтай бязладнасці (быць не павінна. - Заўвага)".

"Усё, што я гавару, - гэта савецкі вопыт. І трэба адтуль узяць лепшае - і ў рабоце з кадрамі, і гэтак далей", - дадаў беларускі лідар.

На нарадзе зайшла размова таксама пра развіццё льняной галіны.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што восенню плануе вярнуцца да гэтай тэмы. "Асобна на льнокамбінаце чацвёрты раз на маім узроўні мы будзем гаварыць пра лён. Мы дамовіліся. Восенню. Там увесь ланцужок. Я міністру ўжо сказаў тыдзень таму, што лён - гэта палітычная культура. Лён - на нашым гербе. Справа нават не ў гэтым, хоць і ў гэтым. Цяпер паволі раскручваецца попыт на льняное. На лён мода ідзе. Гэта - добра, гэта - наша", - сказаў Прэзідэнт.

Ён канстатаваў, што ёсць яшчэ шмат недахопаў у гэтай галіне, пачынаючы з вырошчвання лёну і забеспячэння перапрацоўкі высакаякаснай сыравінай. Хоць напрацоўкі вучоных у гэтым плане ёсць, і ў Беларусі ёсць гаспадаркі, дзе навучыліся на высокім узроўні вырошчваць лён.

Аляксандр Лукашэнка закрануў пытанне работы льнозаводаў. Некаторы час таму яны былі мадэрнізаваны, але цяпер, як дакладваюць Прэзідэнту, месцамі зноў неабходна мадэрнізацыя. "Вы вызначыцеся, нарэшце, колькі нам патрэбна гэтых заводаў. Вызначыцеся з зонай, дзе будзем вырошчваць лён. І тады будзем гаварыць аб ільнозаводах, але трэба з гэтых выціснуць максімум. Прадумвайце сур'ёзна гэтыя пытанні, - арыентаваў беларускі лідар. - Давайце гэтым займацца. І гэта добры кавалак (работы. - Заўвага) для Магілёўскай і Віцебскай перш за ўсё абласцей. Трэба разгледзець гэтыя планы".

Асобнае даручэнне Кіраўніка дзяржавы датычылася малочнатаварных комплексаў.

"Комплексы, комплексы і яшчэ раз комплексы. Трэба забыць пра гэтыя фермы. Тры гады - крайні тэрмін. Усе малочнатаварныя комплексы павінны быць як з іголачкі. Яны ўсе павінны быць пабудаваны, - даручыў Кіраўнік дзяржавы. - Людзей не так шмат (работнікаў) .- Заўвага. Яны хочуць жыць у нармальным жыллё і працаваць на сучасных комплексах.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка патрабуе ўдзяліць павышаную ўвагу пытанню забяспечанасці жывёлагадоўлі кармамі, каб не дапускаць падзяжу і мець эфектыўную рэнтабельную вытворчасць. "Не абмяркоўваецца. Той, хто сёння ў курганы або нейкі роў выкладвае кармы - гэта дрэнна. Трэба, каб кармы нарыхтоўваліся як трэба", - арыентуе Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ў час нарады таксама падзяліўся планамі па будаўніцтве ў Беларусі арэнднага жылля. Яго будуць узводзіць там, дзе гэта неабходна.

"Трэба ў раёне нейкі дом - вы толькі павінны даказаць, што там гэта будзе заселена", - сказаў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што ў гэтым плане не хоча паўтарыць вопыт, калі ў кожнай гаспадарцы па праграме будавалі па пяць так званых прэзідэнцкіх домікаў. Але частка з іх у выніку аказалася незаселенай. "Цяпер будзе па-іншаму. Мы будзем будаваць пад прадпрыемствы. Дапусцім, мы ў Мінску робім завод на МАЗе - аўтобусы вырабляем, попыт вялікі. Вось пад гэту вытворчасць, як у савецкія часы, мы вам дадзім жыллё. Арэнднае", - растлумачыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, што такое арэнднае жыллё павінна быць з пэўнымі абавязацельствамі ў тым ліку з боку кіраўнікоў гаспадарак і прадпрыемстваў. Гэта значыць, для арганізацый такія дамы будуць узводзіцца не бясплатна. "Кіраўнік купіць яго павінен (ва ўласнасць арганізацыі. - Заўвага). Калі не можаш, ну, паглядзім - адтэрміноўкі, растэрміноўкі і за якія грошы. Трэба знайсці (прымальны варыянт. - Заўвага), каб і кіраўнік прадпрыемства разумеў, што гэта не проста з неба падарунак", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб неабходнасці выканання яго даручэння "адзін раён - адзін праект". Гэта, паводле яго слоў, стане своеасаблівым экзаменам для старшынь райвыканкамаў. У бліжэйшы час у краіне прарэвізуюць сітуацыю ў гэтым плане і дадуць ацэнку кадрам на месцах.

"Балючае пытанне, за якое старшыням райвыканкама галава з плячэй, я ўжо сказаў: "адзін раён - адзін праект", - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адно патрабаванне Прэзідэнта датычыцца аднаўлення райаграсэрвісаў. "Усе павінны быць адноўлены. Не абмяркоўваецца. Райсельгасхімія, якая была ў сэрвісе, калі вам трэба, - калі ласка, аднаўляйце: нейкі склад, чыгунка, пад'ехалі, выгрузілі калій, яшчэ нешта… Але Старшыня КДК атрымаў даручэнне: не дай бог мы знойдзем дзесьці ўгнаенні, няхай нават калійныя, якія валяюцца пад адкрытым небам - вы будзеце расказваць. Не давядзі гасподзь. Гэта вялікія грошы. І такую безгаспадарчасць ніхто цярпець не будзе”, - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Райаграсэрвісы трэба аднавіць, трэба іх функцыі аднавіць. Не толькі ўгнаенні. Дзесьці нафтапрадуктамі яны займаліся, запчасткамі, рамонтам… Вазьміце вопыт, паглядзіце і зрабіце тое, што трэба", - арыентаваў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама запатрабаваў звярнуць увагу на будаўнічыя перасовачныя механізаваныя калоны. "Ну як у кіраўніка раёна пад рукой няма будаўнічай арганізацыі? Нейкі рамонт, дах камусьці накрыць, а можа, і дом пабудаваць. Пакрыху трэба загружаць іх работай", - патрабуе Кіраўнік дзяржавы.

Больш лакальнае даручэнне па Шклове датычыцца аднаўлення камбікормавага завода. "Трэба, каб ён адноўлены быў загружаны на 100%. Але гэты завод не павінен належаць адной гаспадарцы", - даручыў беларускі лідар і распарадзіўся, каб работу завода курыраваў старшыня райвыканкама Сяргей Барташ.

Асобным блокам на мерапрыемстве ў Шклове абмяркоўвалася прапанова стварыць у Шклоўскім раёне буйны агракамбінат, але Прэзідэнт не стаў спяшацца з рашэннем.

Размова ідзе аб развіцці аграхолдынга "Купалаўскае" з удзелам у новай інтэграцыйнай структуры ААТ "Александрыйскае", ЗАТ "ААБ-Агра Гарадзец" і ААТ "Шклоўскі масларобны завод". Апошнія тры прадпрыемствы ўваходзяць у структуру Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Беларусі.

"Мы прапануем гэта аб'яднаць у адну структуру, - далажыў Кіраўнік спраў Прэзідэнта Беларусі Юрый Назараў. - У выпадку вашай згоды мы забяром "Купалаўскае" ў структуру Кіраўніцтва справамі. Гэтага на першым этапе будзе дастаткова. Я лічу, што мы прыйдзем да агракамбіната, дзе будзе жорсткая цэнтралізацыя. Мы больш падрабязна вывучылі вопыт агракамбіната "Дзяржынскі". Мне вельмі падабаецца гэта структура. Але да гэтай структуры трэба падысці. За кошт канцэнтрацыі рэсурсаў, аптымізацыі рэсурсаў у нас на роўным месцы будзе эфект".

Аляксандр Лукашэнка спытаў, ці не могуць гэтыя прадпрыемствы працаваць, як цяпер, асобна. Яго запэўнілі, што гэта магчыма, але не дасць патрэбнага эфекту.

"Я не магу спрачацца з гэтым. Толькі каб гэта не было народжана ў кабінетах у Мінску. Каб гэта было прааналізавана з усіх бакоў. Калі вы і старшыня райвыканкама лічыце, што гэта дасць вынік, і мы па мясе загрузім уласныя магутнасці тут і на Оршу лішняе аддадзім…", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Пасля дадатковага абмеркавання шэрага момантаў Аляксандр Лукашэнка агучыў наступнае рашэнне: "Давайце дамовімся, што вы яшчэ раз прадумаеце гэта пытанне. І пажадана, каб быў не адзіны пункт гледжання, а хоць нехта сумняваўся. Я не спрачаюся, што трэба аб'яднаць патокі сыравіны. І трэба аб'яднаць нейкім чынам патокі фінансавыя. Вытворчасць, перапрацоўка і гандаль. Калі яшчэ будзе задзейнічаны гандаль... А мы гэта можам зрабіць у Беларусі адназначна, ну і Расія ў нас купіць гэты прадукт. Галоўнае - гэта вытворчасць. Мы павінны атрымаць максімум адсюль".

Цяпер гаспадарка "Александрыйскае" з'яўляецца самым буйным і шматгаліновым прадпрыемствам у Шклоўскім раёне, і яе асаблівасцю з'яўляецца наяўнасць уласных перапрацоўчых магутнасцей, што на сёння з'яўляецца ключавым фактарам развіцця аграпрамысловай вытворчасці. Гэтыя перапрацоўчыя магутнасці трэба мадэрнізаваць і ствараць новыя. Акрамя рэканструкцыі і мадэрнізацыі дзеючых вытворчасцей запланавана будаўніцтва новага малакаперапрацоўчага завода.

Другая ключавая задача - забяспечанасць жывёлагадоўчага комплексу ўласнымі кармамі, а таксама ўсіх перапрацоўчых магутнасцей прадпрыемства гарантаванымі аб'ёмамі сыравіны.

Як далажылі Прэзідэнту, цяпер паміж прадпрыемствамі Шклоўскага раёна (удзельнікамі аграхолдынга "Купалаўскае", "Александрыйскае", "ААБ-Агра Гарадзец" і Шклоўскі масларобны завод) існуюць таварна-сыравінныя сувязі, але пры гэтым кожнае з іх арыентавана на закрыццё ў першую чаргу сваіх патрэбнасцей. Прапануецца разгледзець варыянт аб'яднання прадпрыемстваў у адзіную інтэграцыйную структуру - агракамбінат. Рэсурсны патэнцыял гэтага агракамбіната будзе значным: плошча сельгасугоддзяў амаль 43 тыс. га, або 59% плошчы сельгасарганізацый раёна.

Прадугледжваецца, што аб'яднанне названых прадпрыемстваў у адзіную структуру дасць магчымасць на першым этапе пасля аптымізацыі пасяўных плошчаў забяспечыць да 2028 года галіну жывёлагадоўлі практычна пад поўную патрэбнасць кармамі ўласнай вытворчасці, у тым ліку збожжам. Будзе вырашана пытанне з забеспячэннем мясаперапрацоўчага комплексу ААТ "Александрыйскае" і новага малакаперапрацоўчага прадпрыемства гарантаванай і якаснай сыравінай.

Новую інтэграцыйную структуру, калі Аляксандр Лукашэнка падтрымае гэту прапанову, плануецца стварыць у 2 этапы. На першым этапе ў 2024-2028 гадах аграхолдынг "Купалаўскі" пяройдзе ў падпарадкаванне Кіраўніцтву справамі Прэзідэнта і ў яго склад увойдуць "Александрыйскае", "ААБ-Агра Гарадзец" і Шклоўскі масларобны завод.

У далейшым на другім этапе прапануецца стварыць вертыкальна інтэграваную структуру - агракамбінат, які будзе функцыянаваць як адзіны тэхналагічны ланцужок па вытворчасці і рэалізацыі аграпрамысловай прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю.

Размова на нарадзе таксама ішла аб вырашэнні жыллёвага пытання для замацавання кадраў у агракамбінаце і ў цэлым навядзенні ва ўсіх гаспадарках парадку, павышэнні эфектыўнасці работы.

У ходзе рабочай паездкі Прэзідэнт таксама паразмаўляў з жыхарамі Шклова.

"Настаў час, калі для сельскай гаспадаркі трэба рабіць новыя крокі наперад. Абавязкова трэба рабіць. Адпачываючы на ​​лаўрах, можам празяваць некаторыя моманты. Сельская гаспадарка для нас стала добрым драйверам росту. Мы прырастаем сур'ёзна, і ў гэтым годзе ў тым ліку", - сказаў ён.

Прэзідэнт у сувязі з гэтым адзначыў, што ў Шклове практычна ніколі не праводзіць вытворчых нарад. "Таму што калі едзеш па Шклове, на цябе нахлыне хваля ўспамінаў. І добрых, і дрэнных. І думаеш: на гэтых эмоцыях якая можа быць нарада… Але зараз склаліся абставіны такім чынам, што трэба было сустрэцца мне тут на нашай зямлі з кіраўнікамі Аршанскага і Шклоўскага раёнаў. Гэта была гістарычная, можна сказаць, сустрэча. Таму што рэфармаваць сяло мы пачыналі адсюль - са Шклоўскага раёна. І гэта не таму, што гэта - мая радзіма або вы - мае землякі. А таму, што я ведаў тут кожны кавалачак, кожнае поле. І абысці мяне ў нечым, падмануць або недагаварыць было складана", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што попыт у свеце на прадукты харчавання расце, асабліва ў такіх рэгіёнах з прыростам насельніцтва, як Афрыка і Азія. У гэтых умовах у Беларусі тым не менш імкнуцца стрымліваць цэны ўнутры краіны, наколькі гэта магчыма. "Можна так стрымаць цану, што заўтра тавараў не будзе на прылаўку, таму што ўсё вывезуць", - заўважыў Прэзідэнт, тлумачачы, што ў справе стрымлівання цэн нельга і перастарацца.

"Таму мы вырашылі зрабіць яшчэ адзін крок. І зноў са Шклоўскага раёна - як далей будзем рухацца ў сельскай гаспадарцы, як будзем карміць і апранаць нашых людзей. Гэта - галоўная тэма, аб чым мы гаварылі. Аб рабоце з кадрамі, будаўніцтве жылля і гэтак далей. Такія мы праблемы абмяркоўвалі. На працягу чатырох гадзін прыйшлі да пэўных рашэнняў - як будзе развівацца Шклоўскі раён і, на яго прыкладзе, як павінны развівацца іншыя раёны", - рэзюмаваў беларускі лідар.