Рабочая паездка ў Магілёўскую вобласць

  • 21
  • 3

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 красавіка працаваў у Шклове. У цэнтры ўвагі - аб'екты аграпрамысловага комплексу.

Галоўная мэта рабочай паездкі - на прыкладзе Шклова і Шклоўскага раёна задаць курс для развіцця іншых рэгіёнаў. "Са Шклоўскага раёна ты павінен зрабіць узорна-паказальны раён. Зробіш - прыходзь прасі ўсё, што палічыш патрэбным", - сказаў Аляксандр Лукашэнка старшыні райвыканкама Сяргею Барташу.

Першы аб'ект, на які прыехаў Кіраўнік дзяржавы, - гэта аграсэрвіс, дзе вядзецца маштабная рэканструкцыя.

"Чаму пачынаем са Шклоўскага раёна рэанімацыю, аднаўленне - таму што я ведаю тут кожны метр. Уся краіна будзе капіраваць гэты вопыт. Не можа раён развівацца без гэтай базы", - падкрэсліў беларускі лідар.

Старыя будынкі зносяць, каб на іх месцы ўжо да лістапада бягучага года стварыць сучасныя камфортныя ўмовы для рамонту і абслугоўвання шырокага спектра сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталявання.

Па гэтым прыкладзе трэба будзе навесці парадак ва ўсіх раёнах. "Мы пастаянна гаворым, што Беларусь будзе развівацца за кошт рэгіёнаў", - заўважыў Прэзідэнт.

Цяпер пляцоўка райаграсэрвісу аддадзена ў веданне холдынга "Купалаўскае" - самае вялікае прадпрыемства ў раёне. Аднак Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што арганізацыя павінна працаваць у інтарэсах усяго раёна. Кіраўніка дзяржавы запэўнілі, што так і будзе.

Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў, што работа аграсэрвісу павінна быць пастаянна ў полі зроку старшыні райвыканкама. "Твая задача - быць крытыкам, але не тармазіць працэс", - сказаў Прэзідэнт кіраўніку раёна Сяргею Барташу.

Ён далажыў, што ў аграсэрвісе будзе ажыццяўляцца поўны рамонт сельгастэхнікі, рухавікоў, каробак пераключэння перадач, гідраўлікі, даільнага абсталявання.

"Спачатку распрацавалі тэхналогію, а потым на яе "надзявалі" будынак. Мы не пад будынак падстройваліся", - удакладніў Кіраўнік спраў Прэзідэнта Юрый Назараў.

"Усё трэба прыводзіць у парадак. Калі прыйшлі ўжо сюды, усё трэба прывесці ў парадак, - сказаў Прэзідэнт. - Дамаўляемся: снежань - уваходзіце і сістэма поўнасцю працуе. Так, як задумана".

Пасля агляду пляцоўкі рэканструкцыі райаграсэрвісу Прэзідэнт наведаў працуючы ў горадзе камбікормавы завод. Тут таксама вядзецца сур'ёзная мадэрнізацыя.

Кіраўніку дзяржавы падрабязна далажылі аб планах па развіцці прадпрыемства і мадэрнізацыі. Да новага ўраджаю плануюць поўнасцю запусціць новыя аб'екты. Тут у тым ліку плануюць наладзіць выпечку хлеба.

Гэта вытворчасць вельмі важна для павышэння ўзроўню работы ў жывёлагадоўлі. "У Магілёўскай вобласці трэба спыняць гэтыя разбоі і карміць зернем жывёлу. Трэба рыхтаваць камбікармы для таго, каб былі нармальныя надоі і прыбаўленні ў вазе. Проста трэба забараніць выкарыстоўваць на гэта зерне. Але каб забароны спрацавалі, цэнаўтварэнне павінна нармальнае быць. Усё трэба палічыць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, мэта ў тым, каб забяспечыць рэнтабельную работу прадпрыемства, а з іншага боку - не адбіць жаданне ў кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў пастаўляць сваё зерне для вырабу камбікорму.

Асобна Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся будучыняй тэрыторыі, дзе размяшчалася мэблевая фабрыка. Высветлілася, што прыватнік там не спрацаваў, справа не пайшла. Прэзідэнт прапанаваў прыгледзецца да вопыту стварэння тэхнапаркаў, каб задзейнічаць у вытворчасці існуючыя памяшканні. "Падзяліць будынак так, як інвестары захочуць. Прывесці ў парадак і здаць яго. Гэта адзін з варыянтаў. Гэта павінна быць па-гаспадарску, капітальна, каб людзі працавалі, плацілі падаткі і зарплату тым, хто там будзе працаваць, - даручыў кіраўнік дзяржавы. - Усё трэба рэанімаваць, усё павінна быць задзейнічана. Каб ніводнага кавалачка да новага года недагледжанага не засталося. Шклоў трэба прывесці ў парадак".

"Вы глядзіце, калі сёння трэба рабіць нешта, - не пакідайце недаробак", - заклікаў Кіраўнік дзяржавы, адзначыўшы, што іншы раз часовае потым застаецца надоўга.

Трэцяя кропка на маршруце Аляксандра Лукашэнкі ў Шклове - пляцоўка будаўніцтва малаказавода.

У горадзе будуецца малакаперапрацоўчы завод вытворчай магутнасцю па сыравіне 300 т малака за суткі. Аб'ект абяцаюць узвесці за год і ўвесці ў эксплуатацыю да канца 2026-га.

"Усё, што вакол, трэба прыводзіць у парадак. Калі ўзяліся за гэту тэрыторыю, яна павінна быць добраўпарадкавана", - даручыў Кіраўнік дзяржавы.

Цяпер у горадзе працуе ўжо малакаперапрацоўчае прадпрыемства - Шклоўскі масларобны завод. Як далажылі Прэзідэнту, там штодзень перапрацоўваецца 100 т малака. У асноўным вырабляецца натуральнамалочная прадукцыя. Аляксандр Лукашэнка даручыў падумаць, што рабіць з гэтай пляцоўкай пасля ўвядзення ў строй новай вытворчасці. "Цяпер не трэба чапаць, няхай працуюць. Як толькі мы пераходзім сюды ў 2026 годзе, ніякіх двух заводаў быць не можа. Усё малако мы тут перапрацуем. А цяпер няхай працуюць", - сказаў беларускі лідар.

"Давайце дамовімся, што мы тут сур'ёзна будзем працаваць. Калі нешта трэба ад мяне, гаварыце", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

У час рабочай паездкі ў Шклоў Прэзідэнт выказаўся пра будаўніцтва жылля ў Беларусі.

Ён адзначыў, што акцэнт пры гэтым будзе зроблены на арэндным жыллі, каб забяспечыць ім работнікаў прадпрыемстваў. Гэта ў тым ліку будзе садзейнічаць развіццю рэгіёнаў, каб не сцягваць усё насельніцтва ў Мінск і іншыя буйныя гарады.

"Жыллё тут (у Шклове. - Заўвага) неабходна таму, што трэба будзе прыцягваць людзей. Трэба, каб танней было, будаўнічы комплекс свой прыводзіць у парадак. Арэнднае жыллё патрэбна для людзей. І калі развіццё рэгіёнаў, яно павінна такім чынам развівацца. Не ў Мінску будаваць дамы гэтыя... Там нейкую колькасць у адпаведнасці з абавязацельствамі будзем будаваць. Там жа і ваенныя, і шматдзетныя, іншыя, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Жыллё будзем будаваць перш за ўсё пад патрэбнасці вытворчасці. Пад тое, што дае грошы".

Але і ў Мінску Аляксандр Лукашэнка не выключае будаўніцтва арэнднага жылля пад патрэбнасці прадпрыемстваў.