Рабочая паездка ў Краснапольскі раён Магілёўскай вобласці
- 31
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 14 красавіка зрабіў рабочую паездку ў Краснапольскі раён Магілёўскай вобласці, у ходзе якой наведаў рыбгас "Палуж" і правёў нараду па пытаннях комплекснага сацыяльна-эканамічнага развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці на 2026-2030 гады.
У час наведвання рыбгаса "Палуж" Кіраўніку дзяржавы было даложана аб выніках работы рыбаводчай галіны за мінулы год і перспектывах яе развіцця ў бягучай пяцігодцы, уключаючы меры па нарошчванні вытворчасці рыб каштоўных парод.
Цяпер вытворчасцю рыбы ў Беларусі займаюцца 16 рыбаводных арганізацый і звыш 500 суб'ектаў гаспадарання розных форм уласнасці. Пры гэтым больш за 80% рыбных рэсурсаў у краіне вырабляюцца рыбаводнымі арганізацыямі.
Вытворчасць рыбных рэсурсаў за 2025 годзе склала 14,4 тыс. т, у тым ліку сажалкавай рыбы - 12,9 тыс. т, каштоўных відаў рыб - 0,6 тыс. т, азёрна-рачной рыбы - 0,9 тыс. т. Як адзначыў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў, з улікам будаўніцтва комплексаў, аналагічных рыбгасу "Палуж", да 2030 года вытворчасць каштоўных парод рыб разлічваюць нарасціць да 3 тыс. т.
Кіраўнік дзяржавы даручыў удакладніць статыстыку, каб разумець рэальныя перспектывы галіны. "Статыстыку далі, і мы будзем радавацца, што ў нас 20 тысяч да 2030 года, а рэальна будзе 15 тысяч. Трэба пераправерыць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Што датычыцца каштоўных відаў рыбы, іх вырабляюць на шасці асноўных рыбаводна-індустрыяльных комплексах, на долю якіх прыпадае 97% агульнага аб'ёму вытворчасці такой рыбы. Асноўная вытворчасць ажыццяўляецца ў Магілёўскай вобласці ў ААТ "Фарэлевая гаспадарка "Лахва". На базе гаспадаркі ў 2025 годзе былі рэалізаваны інвестыцыйныя праекты па будаўніцтве комплексаў па вытворчасці рыб каштоўных парод у Краснапольскім раёне і гарадскім пасёлку Хоцімск вытворчай магутнасцю 1000 т кожны, а таксама комплекс па вытворчасці аплодненай ікры радужнай фарэлі ў Чэрыкаве.
Прэзідэнту ў рыбгасе "Палуж" расказалі і аб развіцці такой тэхналогіі, як развядзенне карпа ў спецыяльных садках. Метад заснаваны на ўтрыманні рыбы ў спецыяльных сеткавых камерах, так званых садках, устаноўленых у вадаёмах з пастаянным цячэннем або высокай праточнасцю. Гэта дае магчымасць забяспечыць высокую шчыльнасць рыбы і выкарыстанне інтэнсіўнага кармлення камбікармамі.
"Я бачыў гэтыя садкі, мне Пуцін паказваў на азёрах (у Карэліі. - Заўвага). Мы спецыяльна паехалі туды. Вельмі дастойна ўсё гэта выглядае. І вельмі ўражвае, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Юрыя Горлава, прымяненне гэтай тэхналогіі плануецца пашыраць, калі яна сябе зарэкамендуе.
"Вядома, зарэкамендуе. А чаму не? Возера ў возеры - толькі сетка стаіць, каб рыба не разбеглася", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання рыбгаса "Палуж" даручыў тыражаваць вопыт такіх комплексаў.
"Трэба напоўніць рынак рыбай. Тым больш ёсць магчымасць, - заявіў Прэзідэнт. - Трэба запісаць, каб Шулейка і Ісачанка (віцэ-прэм'ер Юрый Шулейка і старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. - Заўвага) зрабілі дзесяць такіх комплексаў. Трэба далей тыражаваць".
На прадпрыемстве Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з поўным тэхналагічным цыклам вырошчвання радужнай фарэлі: ад стадыі ікрынак, малькоў і аж да дарослых асобін для далейшага продажу і перапрацоўкі.
Прэзідэнту далажылі, што Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыяй распрацаваны айчынны корм для прамысловага вырошчвання рыбы неабходных характарыстык, ён доўга застаецца на паверхні вады і поўнасцю паглынаецца рыбай.
На месцы Кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі поўны вытворчы цыкл рыбаводчага прадпрыемства, уключаючы работу спецыяльнага абсталявання па падрыхтоўцы і ачыстцы вады, працэс кармлення, сартавання рыбы па вазе і памеры, яе ачыстцы і перадпродажнай падрыхтоўцы.
Дэманстраваліся таксама ўзоры гатовай прадукцыі, у тым ліку філе радужнай фарэлі падвэнджанае і пасоленае і чырвоная ікра ласасёвых рыб. Некаторыя з іх Прэзідэнт прадэгуставаў.
У час рабочай паездкі ў Краснапольскі раён Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях комплекснага сацыяльна-эканамічнага развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці.
Указы Прэзідэнта па комплексным сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці (тэрыторыя Крычаўскага, Клімавіцкага, Краснапольскага, Касцюковіцкага, Слаўгарадскага, Чэрыкаўскага і Хоцімскага раёнаў) прымаліся раней у 2015 і 2020 гадах. Дакументы прадугледжвалі льготы і прэферэнцыі для павышэння інвестыцыйнай актыўнасці, рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, замацавання працоўных рэсурсаў, умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы сельскагаспадарчых і будаўнічых арганізацый.
Паводле даных Магілёўскага аблвыканкама, за час іх дзеяння ў эканоміку і сацыяльную сферу рэгіёна накіравана амаль 3,2 млрд рублёў інвестыцый у асноўны капітал. У ліку значных інвестыцыйных праектаў, рэалізаваных за гэты час, - завод па вытворчасці цэментна-стружкавых пліт у Крычаўскім раёне, свінагадоўчыя комплекс і рэпрадуктар у Слаўгарадскім і Клімавіцкім раёнах, комплексы па вытворчасці радужнай фарэлі ў Краснапольскім і Хоцімскім раёнах, рыбаводны комплекс па вытворчасці аплодненай ікры радужнай фарэлі ў Чэрыкаўскім раёне. Цяпер прапануецца прадоўжыць праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна на 2026-2030 гады.
Значная частка тэрыторыі пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, што негатыўна паўплывала на эканоміку. Існавала верагоднасць таго, што многае ў рэгіёне можа быць загублена.
"Сем раёнаў мы, на жаль, ледзь не загубілі. Многае загубілі, але трэба паднімаць гэтыя раёны. Пяць гадоў вам было дадзена. Але гэта не той вынік, на які асабіста я разлічваў. Мы, напэўна, праграму пяцігодкі паўднёвага ўсходу вызначым, але яна павінна быць выключна канкрэтнай", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт спытаў, чаму належным чынам не спрацаваў комплекс мер у мінулай пяцігодцы, якія недахопы ў ім былі. І ў той жа час які станоўчы вопыт мінулых гадоў трэба захаваць на чарговы тэрмін. Важна, паводле яго слоў, вызначыць асноўныя фактары, якія цяпер стрымліваюць развіццё рэгіёна, і меры, якія дадуць магчымасць выправіць сітуацыю ў 2026-2030 гадах. У гэтым кантэксце Аляксандр Лукашэнка чакае новых падыходаў і прарыўных ідэй. Хоць, як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, часам не трэба выдумляць нічога асаблівага, прарыўнога, а трэба звярнуцца да ўжо існуючага вопыту: "Хадзіць па зямлі, глядзець і бачыць, што трэба зрабіць".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў час наведвання рыбгаса "Палуж" у Краснапольскім раёне было прапанавана тыражаваць вопыт такіх прадпрыемстваў, якія станоўча ўплываюць на развіццё раёна.
"Добры праект. Проста сесці і падумаць - такіх жа праектаў нямала можна зрабіць. З фінансаваннем... Не дадзім - дапаможам", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Можа, адна з ідэй - нічога не выдумляць, а пабудаваць на паўднёвым усходзе не адну такую рыбаводчую гаспадарку? - прапанаваў Аляксандр Лукашэнка. - З улікам невялікай колькасці рэсурсаў (якія неабходны для рэалізацыі такога праекта. - Заўвага), з улікам таго, што мы ведаем, гузы набілі на гэтай будоўлі, мы ведаем, як будаваць". Да таго ж неабходнасць у такой прадукцыі патрэбна на ўнутраным рынку, дзе за кошт айчынных прадпрыемстваў забяспечваецца менш за палову спажываемай рыбы. "Бульбашы, бульбу ядзім. Але да бульбы патрэбна рыба. Не толькі мяса і малако", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Звяртаючыся да прадстаўнікоў Урада, Прэзідэнт падкрэсліў, што ўсю работу па развіцці паўднёвага ўсходу Магілёўскай вобласці не павінен цягнуць толькі аблвыканкам. Павінны быць памочнікі і адказныя на ўзроўні рэспублікі. "Абласны камітэт павінен даручыць гэта старшыням райвыканкамаў, і яны павінны варушыцца на месцы і адказваць за канкрэтныя планы", - сказаў беларускі лідар.
"Нам трэба мабілізоўвацца цяпер, каб перажыць гэты складаны час. Прытым незразумелы час. Я як Прэзідэнт не ведаю, да чаго вас рыхтаваць. Вось працуем, каб жыць. Адзін лозунг: "Працуем, каб жыць". Не проста выжыць, а каб жыць. А што далей? А далей ніхто не ведае, што адбудзецца, што там выкінуць уладныя людзі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Яшчэ адзін важны аспект - чаканыя вынікі ад развіцця рэгіёна ў канцы пяцігодкі. "Наколькі яны рэальныя?" - удакладніў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама спытаў, ці дастаткова высока ўстаноўлена планка задач і ці дасягальныя яны.
Немалаважнае пытанне, абазначанае Прэзідэнтам, датычылася аб'ёмаў і крыніц фінансавання. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што з боку дзяржавы падтрымка для рэнтабельных праектаў будзе забяспечана, але яна не будзе бязвыплатнай.
"Пад гэта мы знойдзем адпаведныя крэдытныя рэсурсы, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Бясплатных грошай не бывае. Вы ж кіраўнікі, вы разумееце. Але гэта павінны быць пад'ёмныя крэдытныя рэсурсы. Мы маем такую магчымасць - не толькі вам на паўднёвым усходзе, але па ўсёй краіне, дзе будзем рэалізоўваць гэту праграму і іншыя праграмы, якія хутка акупляюцца, - выдзеліць недарагія рэсурсы, але зваротныя". Напрыклад, паводле ацэначных даных спецыялістаў, рэнтабельнасць праекта рыбаводчай гаспадаркі, накшталт "Палуж", мінімум 15%. Пры такой эфектыўнасці работы прадпрыемства цалкам здольнае разлічвацца па крэдытных абавязацельствах і развівацца.
"З фінансаваннем мы вам дапаможам. Гэта будуць крэдыты, пад'ёмныя, зваротныя. Можа, з інвестараў нехта рызыкне ўкласціся. Я, напрыклад, у такія прадпрыемствы, калі б быў інвестарам і меў грошы, з задавальненнем уклаўся б. Рэнтабельнасць вельмі добрая. Кампактная, нармальная гаспадарка", - лічыць Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка ў ходзе нарады выказаўся аб прыярытэтах у стварэнні ўмоў для грамадзян. "Заўсёды ідэалагічна было так: стварэнне ўмоў для грамадзян, а потым - эканоміка. Так не будзе. Гэта мы ўжо так разбалавалі сваіх людзей. Будзе эканоміка - будуць і грамадзяне жыць нармальна. Таму наперадзе эканоміка, вытворчасці. А ў нас утрыманства вельмі моцна развіта", - заявіў Кіраўнік дзяржавы
"Трэба, каб людзі разумелі, як будзем дзейнічаць далей, пакуль цяперашні Прэзідэнт. Прыйдзе новы Прэзідэнт, як ён сябе зарэкамендуе? Ці будзе такі аўтарытэт улады, як цяпер? Таму зараз трэба зрабіць тое, што мы павінны зрабіць. Трэба паскарацца, трэба рабіць, трэба дзейнічаць. Трэба стварыць краіну, якую мы перададзім новым пакаленням", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы заслухаў даклад Старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіля Герасімава аб праблемных пытаннях рэгіёна. Паводле слоў кіраўніка КДК, праграма падтрымкі паўднёвага ўсходу вобласці на папярэднія гады не спрацавала так, як павінна была. У прыватнасці, скарацілася насельніцтва і колькасць занятых у эканоміцы. Не дасягнуты паказчыкі па аб'ёмах вытворчасці ў сельскай гаспадарцы, назіраецца падзеж жывёлы. Дзяржпадтрымка ў шэрагу выпадкаў вышэйшая, чым выручка сельгаспрадпрыемстваў, якім яна аказваецца. Ёсць недахопы ў напаўняльнасці сучасных комплексаў, якія будуюцца ў рэгіёне, высокапрадукцыйным пагалоўем жывёлы. На гэта старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка растлумачыў, што гэты працэс ідзе, але патрабуе больш часу.
Сярод праблем, выяўленых КДК, - безгаспадарчае стаўленне да сельгастэхнікі, яе неналежнае захоўванне і рамонт, адсутнасць механізатараў, замацаваных за дарагімі сучаснымі трактарамі і камбайнамі, насуперак патрабаванню Прэзідэнта. У сваю чаргу Анатоль Ісачанка растлумачыў, што такія факты адзінкавыя і працэс не мае масавага характару. Па кожным з іх прымаюцца строгія меры.
Васіль Герасімаў таксама адзначыў адсутнасць бачных вынікаў у прамысловасці і не ў поўнай меры рэалізаваную мэту па стварэнні новых прарыўных высокадаходных вытворчасцей. "У актыве рэгіёнаў не хапае новых ідэй і ініцыятыў, на месцах думкі практычна адны: "Калі б не праграма, было б яшчэ горш". Выказваюцца думкі і аб большай дзяржпадтрымцы: "Вось выдзелілі б з дзяржбюджэту не толькі на тэхніку, але і на яе рамонт", - сказаў, завяршаючы свой даклад, кіраўнік КДК.
Міністр фінансаў Уладзіслаў Татарыновіч у сваім дакладзе пацвердзіў, што на месцах гучаць просьбы захаваць ільготы, якія былі ў папярэдніх указах па развіцці паўднёвага ўсходу Магілёўскай вобласці, у тым ліку па зніжанай стаўцы падаходнага падатку і ўзносаў у фонд сацабароны. Паводле слоў міністра, за мінулыя перыяды існуючыя льготы не далі эфекту. "Мы паглядзелі, як у цэлым па краіне. Нідзе больш вось такога плана льготы ў выглядзе паніжаных ставак падаткаў не прымяняюцца. Праграма скончылася ў 2025 годзе. На наступныя пяць гадоў такія прэферэнцыі ўстанаўліваць няма неабходнасці, яны не даюць выніку", - сказаў ён.
"Вядома, калі яны не працуюць, навошта іх устанаўліваць", - згадзіўся Аляксандр Лукашэнка.
Яшчэ адзін аспект, які абмяркоўваўся на нарадзе, датычыцца рэалізацыі інвестпраектаў з прыцягненнем сродкаў Банка развіцця і выкарыстанне для гэтага сістэмы бюджэтных трансфертаў.
Паводле слоў кіраўніка Мінфіна, на прыкладзе паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці была адпрацавана новая форма фінансавай падтрымкі: не змяншаць працэнты або гасіць частку асноўнага доўгу, а прадастаўляць трансферт з дзяржбюджэту ў памеры 20% ад затрат па меры завяршэння, увядзення ў эксплуатацыю аб'екта і яшчэ 15% - пры выхадзе на праектную магутнасць. У выніку 35% затрат пакрываюць у выглядзе бюджэтных трансфертаў. "Гэтыя расходы нясе рэспубліканскі бюджэт. Але той, хто рэалізаваў праект, не проста іх атрымаў, а з мэтавым накіраваннем - на пагашэнне крэдыту Банка развіцця", - удакладніў Міністр.
"Адпрацаваўшы гэты механізм тут, мы сталі прымяняць такую ж форму падтрымкі ў выглядзе бюджэтных трансфертаў пры рэалізацыі праектаў і ў цэлым у АПК, яны добра там працуюць. І будзем прымяняць такую форму падтрымкі ў рамках рэалізацыі інвестпраектаў", - дадаў ён.
Мінфін прапануе прадоўжыць такую сістэму падтрымкі на паўднёвым усходзе Магілёўскай вобласці на перыяд 2026-2030 гадоў. Пры гэтым пералік праектаў, па якіх магчымы трансферты, зацвердзіць Савет Міністраў па прапанове Магілёўскага аблвыканкама, і трапяць туды эфектыўныя і акупныя праекты.
Прэзідэнт з такім падыходам у цэлым пагадзіўся.
"Галоўнае, каб гэта не было агулам, не як агульная льгота", - падключыўся да дыскусіі Старшыня КДК.
"Толькі пад канкрэтны праект, - удакладніў Аляксандр Лукашэнка. - Ні ў якім выпадку, Уладзіслаў (Татарыновіч. - Заўвага). Я, цябе назначаючы, гаварыў: трымай у кулаку ўсе грошы". Галоўныя крытэрыі, якія абазначыў Прэзідэнт, - рэнтабельнасць прапанаваных праектаў, наяўнасць рынкаў збыту. Важная пры гэтым і хуткасць рэалізацыі, пакуль захоўваецца адпаведная кан'юнктура рынку.
Падтрымку для такіх праектаў з боку дзяржавы Прэзідэнт паабяцаў, але звярнуў увагу, што ніякіх усеагульных ільгот чакаць не трэба. "35% (ад сумы затрат на праект у выглядзе бюджэтнага трансферту. - Заўвага) - гэта добрая сума, добрая льгота. Тут відавочна пад канкрэтны праект. Мы гэта абмяркуем і прымем адпаведнае рашэнне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Па выніках нарады Прэзідэнт даручыў дапрацаваць праект адпаведнага Указа на 2026-2030 гады з улікам праведзенай дыскусіі і аператыўна ўнесці яму на разгляд. Пры гэтым абавязкова прыцягнуць да падрыхтоўкі праекта Указа старшынь сямі раёнаў, пра развіццё якіх ідзе гаворка.
"Указ (праект Указа. - Заўвага) абмяркуем. Але перш чым уносіць яго мне... Пакліч іх (старшынь сямі раёнаў паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці. - Заўвага) разам, - звярнуўся Прэзідэнт да кіраўніка вобласці Анатолю Ісачанкі. - Вы павінны кожны прапанаваць хаця б па адным праекце ў раёне - такім грашовым, нармальным праекце".
Аляксандр Лукашэнка ўвогуле нацэльваў кіраўнікоў мясцовай вертыкалі на больш актыўную работу, асабліва ў навядзенні парадку ў сельскай гаспадарцы, падтрыманні працоўнай дысцыпліны, развіцці эканамічнага патэнцыялу раёна.
"Няхай старшыні райвыканкамаў у струнку выцягваюцца і тых людзей, якія ёсць, няхай прымушаюць працаваць, - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы. - Не трэба нікога ўгаворваць".
Прэзідэнт паабяцаў, што запатрабаванне са старшынь раёнаў будзе вельмі жорсткае. "Вы сядзіце і, напэўна, чакаеце, калі аблвыканкам вам якую-небудзь датацыю ці нейкую капейку скіне, а вы тут растраціце. Ад гэтага трэба адыходзіць, па-першае, Анатоль Міхайлавіч, - сказаў беларускі лідар, звяртаючыся да старшыні Магілёўскага аблвыканкама. - А па-другое, няхай яны хаця б арганізацыяй вытворчасці зоймуцца як мае быць".
У прыватнасці, асаблівая ўвага звярталася на тэхналагічную і працоўную дысцыпліну ў сельскай гаспадарцы. У ліку праблемных момантаў Прэзідэнт указаў на недастатковыя культуртэхнічныя мерапрыемствы па контуры палёў у рэгіёне, з-за чаго паступова выводзяцца з сельгасабароту і апрацоўкі істотныя плошчы ўрадлівых зямель.
Кіраўнік дзяржавы ўзняў тэму вымачак - участкаў поля, дзе застойваецца вада, што прыводзіць да гібелі сельскагаспадарчых культур. Як правіла, гэта адбываецца вясной пры раставанні снегу ці пасля ліўняў. З'яўленне вымачак звязана ў тым ліку з нізкай культурай земляробства, на што і звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
"Людзі апрацоўвалі поле, усё было нармальна. Потым пятачок кінулі, вымачкі гэтыя не апрацавалі - хмызняк пачынае паднімацца. Ляціш над вобласцю, і на полі, дзе раней атрымлівалі хлеб, на вымачках вырас гэты хмызняк. Гэта ненармальна, таму цяпер трэба тактыку меліярацыі мяняць", - падкрэсліў ён.
У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы ўказаў на неабходнасць займацца культуртэхнікай. Размова ідзе аб комплексе меліярацыйных мерапрыемстваў, якія накіраваны на падрыхтоўку паверхні зямель для сельскагаспадарчага выкарыстання. Гэта і расчыстка ад драўняна-хмызняковай расліннасці, купін, камянёў, і выраўноўванне паверхні, і першасная апрацоўка глебы.
"Трэба цяпер займацца культуртэхнікай. Мы меліяруем балота - капаем, рыем. Але асушыць балота не так лёгка. А прыходзяць нашы старшыні райвыканкамаў і кіраўнікі гаспадарак - яны ўяўлення не маюць, што гэта поле трэба даглядаць, што ў гэта ўкладзены вялікія грошы, - канстатаваў беларускі лідар. - Я лячу і бачу, што зноў хмызняк пачынае расці на меліяраваных землях. Таму трэба памяняць тактыку. Меліярацыя няхай ідзе, але трэба хмызняк гэты знішчаць. Гэта танней, і контурнасць палёў будзе павялічвацца".
Прэзідэнт прывёў просты прыклад, калі з-за безгаспадарчага падыходу і нізкай культуры земляробства страчваюцца цэлыя гектары прыдатных для сельскай гаспадаркі зямель. "Каля лесу раз не дааралі - растуць дрэвы. Ветка адрасла і заходзіць на поле, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Трактарыст яе аб'ехаў, потым яшчэ раз адступілі, нешта кінулі - і вось так контурнасць змяншаецца і гектары мы страчваем. Зарастае ўсё хмызняком".
Беларускі лідар падкрэсліў, што гаспадарчага падыходу трэба прытрымлівацца не толькі ў АПК. У прыклад Аляксандр Лукашэнка прывёў рыбгас "Палуж", які ён наведаў у ходзе рабочай паездкі ў Краснапольскі раён. Было даложана, што для забеспячэння сябе рыбай Беларусі неабходна 15 такіх прадпрыемстваў. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што да іх будаўніцтва трэба падыходзіць разумна і па-гаспадарску.
"Па-гаспадарску трэба падыходзіць. Трэба 15 - значыць, трэба запісаць 15 і па гадах (будаваць іх. - Заўвага). Пяць у адзін год, дзесяць у другі. А так, калі мы запішам агульнымі фразамі, нічога рабіць не будуць. І будуць разважаць: а мы туды, а мы сюды..." - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама папярэдзіў аб адказнасці за неналежнае захоўванне і невыкарыстанне належным чынам мінеральных угнаенняў. Ён звярнуў увагу: калі на знешніх рынках былі высокія цэны на мінеральныя ўгнаенні, айчынныя вытворцы па даручэнні Кіраўніка дзяржавы прадаўжалі забяспечваць аграрыяў краіны значнымі аб'ёмамі і па даступным кошце. У той жа час Прэзідэнт ставіў задачу перад АПК максімальна эфектыўна выкарыстоўваць угнаенні, каб атрымаць добры ўраджай. І тады папярэдзіў міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Юрыя Горлава: "Май на ўвазе: не дай бог дзесьці хоць у адной гаспадарцы ўгнаенні не так захоўваюцца…" Той запэўніў, што такога не здарыцца. Аднак факты безгаспадарчага стаўлення былі выяўлены.
"Як я на гэта павінен рэагаваць? - абурыўся Кіраўнік дзяржавы. - Я "забраў" грошы ў вытворцаў, у бюджэце "забраў" грошы - мы недаатрымалі, маглі прадаць у пяць разоў даражэй, валюту атрымаць - аддаў вам, а вы загубілі!"
"Васіль Мікалаевіч, па ўсёй краіне разбярыцеся і пасадзіце (вінаватых. - Заўвага), - запатрабаваў Прэзідэнт, звяртаючыся да Старшыні КДК. - Хопіць з імі жартаваць".
"Дыктатура" ў краіне, Прэзідэнт дае даручэнне, а мае падначаленыя не выконваюць. Што гэта такое? - крытычна выказаўся Аляксандр Лукашэнка. - Шулейка з Горлавым, па поўнай адкажаце, калі вы не разумееце, што я вам гавару. Гэта ж элементарна. Я проста вам растлумачыў, якія грошы краіна магла атрымаць і палітычная якая выгада".
"Усё пачынаецца з эканомікі. Давайце як-небудзь упірацца. Старшыні райвыканкамаў, вазьміцеся за справу! Зрабіце так, каб бегалі бягом! А як рабіць - вы ведаеце", - заявіў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што пытанні развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці разам з праграмай Прыпяцкага Палесся і сітуацыяй у Віцебскай вобласці пастаянна знаходзяцца ў яго полі зроку. "Я гэта памятаю, тут часта бываю і гляджу. Таму не думайце, што мы пагаварылі, і гэта ўсё так заціхне. Дзейнічайце! Калі нехта не можа, прыйдзіце, скажыце. Знойдзем іншую працу", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.


