Наведванне храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў аграгарадку Еўдакімавічы Шклоўскага раёна

  • 28
  • 16:00

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў светлае свята Вялікадня прыехаў у храм Свяціцеля Мікалая Цудатворца, які знаходзіцца ў аграгарадку Еўдакімавічы Шклоўскага раёна.

У храме беларускі лідар традыцыйна запаліў велікодную свечку, паразмаўляў з прыхаджанамі і свяшчэннікамі.

"Прыемна бачыць вашы добрыя і як заўсёды ўсмешлівыя вочы. Прыемна бываць у такім храме. Шчыра кажучы, гэта любімыя мае храмы - якія пабудаваны проста, без пампезнасці, асабліва калі яны выкананы ў дрэве", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Мая задача - прыехаць да вас, у гэты храм, святое месца, і выканаць сваё любімае дзейства - паставіць свечку. Гэта самае любімае, што ў мяне ёсць, калі я прыходжу ў храм. Разам з вамі я гэта зрабіў", - дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў свята Вялікадня ён як правіла наведвае невялікія вясковыя храмы. Калі надышоў час вызначыцца, куды ехаць, Прэзідэнт без усялякіх ваганняў выбраў Еўдакімавічы. "Шмат гадоў таму я бываў тут не аднойчы. Памятаю, недзе тут была ферма. Памятаю кожны кіламетр дарогі. Тым больш што я раней працаваў з вамі. Памятаю кіраўніка вашай гаспадаркі, Аляксандра Андрэевіча Папкова, з якім давялося яшчэ працаваць у Мінску", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён прызнаўся, што паездкі ў родныя мясціны заўсёды выклікаюць шмат добрых успамінаў пра былыя часы, хоць яны і былі няпростымі: "Вельмі цяжка было. Але заўсёды было і будзе цяжка. Такое наша жыццё, дараванае нам Госпадам Богам, каб мы не закаснелі, каб варушыліся".

Прэзідэнт падзякаваў прыхаджанам за тое, што яны прыйшлі на гэту сустрэчу, і выказаў цёплыя пажаданні з нагоды Вялікадня. "Я жадаю вам здароўя. Усё астатняе мы знойдзем. Як я часта гавару, не знойдзем - купім не за вялікія грошы. А здароўя не купіш. І Бог гэта здароўе нам дасць толькі тады, калі мы самі будзем імкнуцца мець нармальнае здароўе. Будзем рабіць усё ў імя здароўя. Няхай за ўсе вашы турботы ў вас будзе добрае і шчаслівае жыццё. Асабліва ў вашых дзяцей", - пажадаў Кіраўнік дзяржавы.

"Павінен сказаць, што нам скардзіцца няма на што, мы жывём, самае галоўнае, у міры і згодзе. Без войнаў, без сутыкненняў пасля 2020 года некалькі гадоў. І гэта самая галоўная заваёва нашага народа. Цудоўна, што з намі дзеці, якія не плачуць, не перажываюць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Настаяцелем храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Еўдакімавічах з'яўляецца протаіерэй Раман Выгоўскі. Свяшчэннік быў эвакуіраваны з Чарнобыльскай зоны і прыехаў у Беларусь. "Ён перажыў столькі гадоў блуканняў, можна сказаць, і знайшоў сваё спакойнае жыццё ў нас у Еўдакімавічах", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Такім чынам, упэўнены Прэзідэнт, у краіне створаны ўсе ўмовы для таго, каб людзі маглі працаваць і жыць дастойна. "Так будзе ў нашай Беларусі. Хто працуе і хоча нармальна жыць, той атрымлівае адпаведнае ад гэтага жыцця", - падкрэсліў ён.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што Беларусь нярэдка называюць маленькай краінай, хоць гэта не зусім так. "І ўсюды жывуць вельмі добрыя людзі - ад Гродна да Оршы. Усім нечым трэба дапамагчы. Але я як чалавек вясковы лічу, што дапамагаць неабходна там, дзе трэба. Як толькі мы пачынаем дапамагаць там, дзе не трэба, мы становімся іншымі. Не хачу ў гэты святочны дзень гаварыць якімі, вы цудоўна ведаеце", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

У час наведвання храма Аляксандру Лукашэнку падарылі абраз свяціцеля Мікалая Цудатворца, які быў напісаны ў 2016 годзе майстрам Аленай Рыбаковай. Яе работы знаходзяцца як у самім храме Свяціцеля Мікалая Цудатворца, так і на Трафімавай крыніцы ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна.

Перададзены ў дар Кіраўніку дзяржавы абраз Мікалая Цудатворца выкананы ў кананічным стылі на ліпавай дошцы. Пры напісанні абраза выкарыстоўвалася сусальнае золата, натуральная тэмпера і яечная эмульсія. Свяціцель Мікалай Цудатворац паказаны ў класічным вобразе, у якім кожная дэталь напоўнена глыбокім сімвалізмам.

Як расказаў настаяцель храма протаіерэй Раман Выгоўскі, гэты абраз знаходзіўся тут з моманту асвячэння царквы ў 2017 годзе. Перад абразом людзі ўзносілі свае малітвы і прасілі ў свяціцеля Мікалая Цудатворца дапамогі і падтрымкі.

"Я буду прасіць цяпер для нашых людзей, гледзячы на гэты абраз, каб у іх было дабро і здароўе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі падарыў храму ў аграгарадку Еўдакімавічы спісак абраза Божай Маці Уладзімірскай, які выкананы майстрамі Свята-Лісавецінскага жаночага манастыра ў Мінску. Уладзімірскі абраз Божай Маці з'яўляецца адной з самых шануемых святынь Рускай праваслаўнай царквы. Абраз, падораны кіраўніком дзяржавы храму Свяціцеля Мікалая Цудатворца, выраблены на дошцы, пакрытай ляўкасам, з выкарыстаннем яечнай тэмперы, сусальнага золата, натуральных камянёў.

Аляксандру Лукашэнку ў Шклоўскім раёне таксама перадалі пісьмо, напісанае ім у гады, калі ён балаціраваўся ў дэпутаты.

Пісьмо Кіраўніку дзяржавы перадаў старшыня Шклоўскага райвыканкама Сяргей Барташ. Яно было напісана ў тыя гады, калі Аляксандр Лукашэнка ўзначальваў саўгас "Гарадзец". "Вы пісалі аб тым, што ператварылі ў жыццё: захаваць вёскі і населеныя пункты, даць роўныя ўмовы гарадскім і вясковым жыхарам... Мы не ведаем, было яно надрукавана ў раённай газеце ці не. Але мы знайшлі яго ў архіве", - адзначыў Сяргей Барташ.

"Я прачытаю. Наўрад ці яно было апублікавана. У нас былі складаныя адносіны з партыйнымі органамі", - сказаў з усмешкай Кіраўнік дзяржавы і падзякаваў старшыні Шклоўскага райвыканкама за памятнае пісьмо.

Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў у Сяргея Барташа, як ідуць справы ў раёне. Паводле слоў старшыні Шклоўскага раёна, пасяўная ідзе нядрэнна і да гэтага моманту амаль завершана, хоць дажджы ўнеслі невялікія карэктывы.

"На наступным тыдні нам абяцаюць цёплае надвор'е. Трэба хутчэй завяршыць сяўбу, каб нармальна было і не менш за мінулы год. У мінулым годзе ў нас была такая планка - ніжэй нельга", - нагадаў аб сваім даручэнні аграрыям Прэзідэнт. У 2025 годзе ў Беларусі ўдалося намалаціць больш як 11 млн т збожжа разам з рапсам і кукурузай, і ў гэтым годзе Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу сабраць ураджай не ніжэйшы за мінулагодні.

Гаворачы пра стан спраў у сельскай гаспадарцы Шклоўскага раёна, Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на неабходнасць забяспечыць аграрыяў жыллём. "Трэба будаваць жыллё для іх, арэнднае жыллё, каб яны нараджалі людзей. Каб свае людзі працавалі, а не з Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі. Хоць там вельмі працавітыя людзі. Я, калі пабываў там, думаю: калі б мы так працавалі, мы праблем не мелі б. Але зямелькі ў іх... 85% горы, 15% толькі прыдатных для апрацоўкі зямель. Таму там кожны лапік апрацаваны", - заўважыў ён.