Рабочая паездка ў Кіраўскі раён Магілёўскай вобласці
- 21
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 жніўня зрабіў рабочую паездку ў Магілёўскую вобласць. Кіраўнік дзяржавы наведаў ААТ "Рассвет імя К.П.Арлоўскага" ў Кіраўскім раёне.
Адразу пасля прыбыцця Аляксандр Лукашэнка падрабязна пацікавіўся ў кіраўніка сельгаспрадпрыемства Аляксандра Багеля, як ідуць справы ў гаспадарцы. Прэзідэнту далажылі пра самыя розныя аспекты работы "Рассвета": ход уборачнай, ураджайнасць сельгаскультур, жывёлагадоўлю. Выслухаўшы яго, Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што справы ў "Рассвете" ідуць нядрэнна. "Малайчына, што ў парадак прывёў гаспадарку", - пахваліў кіраўніка Прэзідэнт.
У той жа час пра суседнія гаспадаркі такога сказаць нельга. Размова зайшла і пра гаспадаркі Мінскай вобласці. "Паміж Чэрвенем і Беразіно (я заўсёды за гэтыя раёны перажываю Мінскай вобласці) - катастрофа. Палі не апрацаваны. Вось, што мяне непакоіць", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым, дадаў Аляксандр Лукашэнка, гэта такія ж палі, як і ў "Рассвете", дзе сітуацыя куды лепшая. "Начальнікі ў нас, як і ў былыя часы, ездзяць па дарогах. Вось па дарозе едзеш, пры дарогах усё апрацавана, добра - амаль як у "Рассвете". А далей (я ж бачу, з верталёта ўсё відаць) усё гэтым сумнікам зарасло. Так, мужыкі, справа не пойдзе", - сказаў Прэзідэнт.
Гаворачы пра "Рассвет імя К.П.Арлоўскага", Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў савецкія часы гэта гаспадарка ў Кіраўскім раёне дасягала найвышэйшых вынікаў не толькі ў маштабах БССР, але і ўсяго СССР. Першым кіраўніком "Рассвета" быў Кірыл Арлоўскі, якога Аляксандр Лукашэнка назваў заслужаным чалавекам. "Калі б не ён, такой гаспадаркі не было б", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт нагадаў, што ў свой час, пасля распаду Савецкага Саюза, давялося займацца аднаўленнем некалі паспяховых сельскагаспадарчых арганізацый, якія аказаліся ў 90-я не ў самым лепшым стане. І тады ў шэрагу краін пайшлі па шляху продажу зямлі. Але Беларусь зрабіла для сябе іншы выбар, і цяпер эфектыўна працуюць калгасы, саўгасы і гэтак далей. У такой сталай, адладжанай сістэме ёсць магчымасць перадаваць, напрыклад, фермерам асобныя землі для вядзення сельскай гаспадаркі.
"Тады мне давялося паказаць: вось гэтым шляхам мы пойдзем - буйнатаварныя гаспадаркі. Але калі нехта хоча стаць фермерам - калі ласка, вам зямля. Сёння наогул праблем няма. Бярыце любую гаспадарку. Зразумела, "Рассвет" вам ніхто не аддасць, вы ж разумееце, што тут і бойка будзе яшчэ за гэты "Рассвет" або за землі нейкія. Гэта ж сяляне, нельга тут ламаць... Трэба акуратна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Сёння няма ніякіх праблем фермерскія гаспадаркі ствараць, дадаў ён. Але складанасць у тым, што на гэты момант многія, хто звяртаецца з просьбай аб прадастаўленні зямель сельгаспрызначэння, хацеў бы мець "вялікія латыфундыі", гэта значыць займацца буйнатаварнай вытворчасцю, але на прыватным узроўні. "Калі ласка. У нас ёсць. Але адразу кажу, што гаспадаркі, якія добра працуюць (іх большасць), вядома, ніхто не аддасць. Навошта іх ламаць? Працуюць - няхай працуюць. А там, дзе трэба прыкласці руку прыватніку, - калі ласка, будзем падтрымліваць", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
"З тым, хто працуе, з тымі і размаўляем", - дадаў ён.
Прэзідэнту падрабязна далажылі аб ходзе ўборачнай кампаніі ў цэлым па краіне і ў асобных рэгіёнах. На гэты час, паводле даных Мінсельгасхарча, убрана збожжавых і зернебабовых з 91% плошчаў і намалочана 8,4 млн т збожжа з улікам рапсу. З улікам укладу фермерскіх гаспадарак у Беларусі плануецца ў бягучым годзе выйсці на ўраджай 9 млн т збожжавых (без кукурузы). Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як спраўляюцца з уборкай у Віцебскай вобласці і ці дастаткова там тэхнікі, беручы пад увагу асаблівую сітуацыю гэтага года, калі з-за ўмоў надвор'я ў АПК супалі ў адзін час і пасяўная кампанія азімых культур, і ўборачная. Прэзідэнта запэўнілі, што Віцебская вобласць па вялікім рахунку спраўляецца.
Асобную ўвагу Кіраўнік дзяржавы засяродзіў на культуры земляробства ў Мінскай вобласці, асабліва ў раёне Беразіно, дзе застаюцца неўзаранымі і недагледжанымі вялікія ўчасткі зямлі. "Уражанне жудаснае, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Палі наогул неўзараныя засталіся. Як я гавару, не ўлезці. Зноў хмызняком зарастуць і мы гераічна будзем траціць грошы на меліярацыю, каб іх прывесці ў парадак. Таму я вам раю ад дарогі далей на 3-5 кіламетры ад'ехаць і паглядзець, што там робіцца".
Прэзідэнт таксама арыентаваў на тое, каб завяршаць па ўсёй краіне пасяўную па азімым рапсе (у гэтым годзе кампанія з-за надвор'я зрушылася па тэрмінах і часткова супала з уборачнай). "У гэтым годзе амаль у тэрмін пасеялі. У тыя гады я бачыў: тыдзень, 10 дзён, маглі да сярэдзіны верасня сеяць. А сёлета… Сціслыя тэрміны... І наогул у гэтым годзе сяляне працуюць добра (у параўнанні з тымі гадамі). Зразумела, ёсць і добрыя, і дрэнныя, але ў цэлым паглядзець - працуюць нядрэнна", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Падрабязная размова аб сітуацыі з ураджаем агародніны ў гэтым годзе адбылася ў Прэзідэнта з кіраўніком СФГ "Дзіяна" Шклоўскага раёна Уладзімірам Маліноўскім. Паводле слоў фермера, ураджай будзе нядрэнны і дакладна не ніжэйшы за ўзровень мінулага года. Тым больш што па просьбе мясцовых улад пасяўныя плошчы пад гэту культуру сёлета былі павялічаны ў паўтара раза. Акрамя таго, якасць бульбы цяпер значна лепшая, паколькі было больш ападкаў. Гэта фермерская гаспадарка на 100% выконвае даведзены дзяржзаказ па агародніне (але ў яе агульным аб'ёме гэта невялікая доля), а астатняе ідзе на экспарт і закладваецца на захоўванне, для чаго ёсць аўтаматызаванае сучаснае агароднінасховішча.
Асобнай тэмай даклада Кіраўніку дзяржавы стала вырошчванне бульбы. У Беларусі яе вырошчваюць пераважна фермеры і насельніцтва, і ў меншай ступені - сельскагаспадарчыя арганізацыі. Але пры гэтым пасяўныя плошчы пад бульбу ў фермераў меншыя, а вось ураджайнасць - большая за кошт строгага выканання тэхналогій.
Пасля праблем з наяўнасцю бульбы ў гандлі вясной бягучага года, было прынята рашэнне яшчэ павялічыць плошчы пад вырошчванне гэтай культуры.
"Я вам раіў пасеяць бульбу. Як вы бачыце цяпер, мы не памыліліся, што бульбу пасеялі (на павялічаных плошчах. - Заўвага)?" - звярнуўся да прысутных Аляксандр Лукашэнка. Усе пагадзіліся, што рашэнне было правільным.
Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, што ў бягучым годзе захаваецца значны попыт на бульбу за межамі краіны, у тым ліку ў суседняй Расіі, дзе ў час вясенняга дэфіцыту была прададзена нават насенная бульба і, значыць, хутка нарасціць пасяўныя плошчы не ўдасца. Такая прапанова - прадаць насенне - паступала таксама і ад чыноўнікаў у Беларусі, але адказ Прэзідэнта быў дакладны: "Насенне прапаноўвалі прадаць вясной. Я кажу: вы што, з глузду з'ехалі? Ну, пацерпім ужо... Аказваецца, там справа не ў бульбе была, а ў нечых галовах, якія сёння ў турме сядзяць".
Прэзідэнта запэўнілі, што ўраджай бульбы будзе дастатковы. Важна, каб былі падрыхтаваны агароднінасховішчы і ўраджай быў захаваны да вясны, каб былі наладжаны цесныя сувязі з гандлёвымі сеткамі і яны своечасова пастаўлялі бульбу ў магазіны. Каб не паўтарылася сітуацыя вясны бягучага года.
"Трэба глядзець, каб не гандлёвыя сеткі вамі кіравалі, а вы імі кіравалі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - І глядзіце, каб мы стабілізацыйныя фонды заклалі, а потым (каб не атрымалася так, што. - Заўвага) нам нечага не хапіла або праблемы ўзніклі. Павінны да гэтага (гандлёвыя сеткі. - Заўвага) падключацца максімальна, наколькі магчыма".
Асобна Прэзідэнт спытаў пра наяўнасць бульбы цяпер у магазінах і яе кошт для насельніцтва. Было даложана, што гандаль на 95% забяспечаны ранняй бульбай, цана ў сярэднім Br1,3. Але гэта на раннюю бульбу, а ў далейшым яна знізіцца.
Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай паездкі расказаў, што, накіроўваючыся з візітам у Кітай, возьме з сабой некалькі мяшэчкаў бульбы, каб перадаць іх у падарунак замежным лідарам.
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, падрыхтаваны ужо падарачныя льняныя мяшэчкі з бульбай свежага ўраджаю, вырашчанай на падсобнай гаспадарцы Прэзідэнта. Гэта бульба айчынных сартоў, такіх як, напрыклад, "Першацвет", "Брыз", "Гарантыя".
Аляксандр Лукашэнка ведае аб якасці айчынных сартоў не толькі са слоў спецыялістаў. Многія з іх ён тэсціруе на асабістым падворку. Напрыклад, пра новы сорт "Умка" ў Кіраўніка дзяржавы супярэчлівыя ўражанні. З аднаго боку, назва выклікае прыхільнасць да таго, каб высаджваць такую бульбу, з іншага боку, яе ўраджайнасць на асабістым падворку ў гэтым годзе не вельмі высокая, хоць у мінулым годзе была добрая.
Гаворачы ў цэлым аб айчынных сартах бульбы, Прэзідэнт падкрэсліў, што ніхто не прымушае гаспадаркі набываць пэўныя сарты і не настойвае, каб яны былі толькі айчынныя. Калі ў гаспадаркі ёсць сродкі на імпартнае насенне, якое, зразумела, даражэйшае, і пры гэтым агульная эканоміка складваецца, атрыманыя даходы пакрываюць затраты, то няхай яны робяць як хочуць. "Я не супраць. Але калі ёсць сваё, усё ж такі трэба арыентавацца на сваё. У адваротным выпадку, як нас навучылі заходнікі, недзе вароты зачыняць і мы будзем рукамі разводзіць, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Таму трэба арыентавацца на свае сарты". Тым больш калі яны супараўнальныя ці нават лепшыя па якасці, па прадукцыйнасці, цане.
Кіраўнікі фермерскіх гаспадарак выказалі свае заўвагі наконт айчынных сартоў, адзначылі іх асноўныя перавагі і недахопы, асаблівасці вырошчвання і захоўвання.
"Ёсць нармальныя сарты, не трэба адхіляць беларускія. Імі таксама трэба займацца", - сказаў кіраўнік СФГ "Дзіяна" Шклоўскага раёна Уладзімір Маліноўскі.
"Гэта значыць, калі па-чалавечы працаваць, то і беларускія нармальныя?" - удакладніў Прэзідэнт.
"Патрэбна паўната выканання тэхналогій. Тады заўсёды будзе вынік", - адказаў фермер.
У сваю чаргу генеральны дырэктар НПЦ НАН па бульбаводстве і плодаагародніцтве Вадзім Маханько расказаў аб тым, як удасканальваюцца беларускія сарты, якія з'яўляюцца новыя.
Размова зайшла і аб тым, каб больш шырока выкарыстоўваць беларускую бульбу ў арганізацыях грамадскага харчавання, у тым ліку ў сетцы "Мак.бай". Прэзідэнт нагадаў, што былыя ўладальнікі сышлі з Беларусі і дзяржаве давялося ўмяшацца, каб сетка прадоўжыла працаваць. "Я гавару: бог з вамі, вы ж "Макдональдс" гэты не панесяце? 27 кропак - не вывезеце. Ну і едзьце. Узяў на кантроль, - нагадаў, як гэта было, Прэзідэнт. - Сёння мне кажуць: чэргі стаяць. Абышліся. У нас разумныя людзі".
Першапачаткова пасля гэтага рашэння ўзнікалі некаторыя цяжкасці з пастаўкай інгрэдыентаў для прыгатавання асобных страў. Напрыклад, патрабаваліся пэўнай рэцэптуры катлеты для бургераў, сарты бульбы для прыгатавання яе ў фрыцюры і гэтак далей. Кіраўнік дзяржавы арыентаваў на тое, каб у максімальнай ступені выкарыстоўваць айчынныя прадукты харчавання, тым больш што краіна славіцца сваімі якаснымі і смачнымі прадуктамі, вырабляе іх у дастатковай колькасці.
Цяпер імпартазамяшчэнне зроблена прыкладна на 84%. "Там павінна быць беларускае", - паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што для прыгатавання бульбы фры павінны выкарыстоўваць на 100% айчынную бульбу. Прэзідэнта запэўнілі, што ўжо цяпер у гэтай сетцы гатуюць усё з беларускай сыравіны, у тым ліку і бульбу фры, і катлеты для "біг-макаў". З імпартнага - толькі булачка, але і яе вось-вось пачнуць выпякаць у краіне, такім чынам закрыўшы астатнія 16%. Плануецца, што адпаведная пякарня пачне працаваць з лютага, і тады меню "Мак.бай" стане на 100% сваё, беларускае.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што яму было б цікава наведаць гэту сетку, але зробіць ён гэта пры адной умове - калі там яго пачастуюць стравай, зробленай на 100% з беларускіх прадуктаў. Прэзідэнт прызнаўся, што ні разу не спрабаваў тое, што прапануецца ў меню "Мак.бай". Хоць некаторыя іншыя замежныя лідары аддаюць перавагу менавіта такой ежы. Напрыклад, Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп так любіць біг-макі, што за ім паўсюль ездзіць спецыяльны фургон, дзе іх гатуюць.
У час рабочай паездкі беларускі лідар таксама пабываў у бульбасховішчы, дзе азнаёміўся з тэхналогіямі дапрацоўкі і захоўвання бульбы.
"Абсалютна нічога складанага няма ў тым, каб захаваць бульбу. Адна праблема - у галаве. Але ў нас усё ў галаве ў людзей: пачынаючы ад хвароб і заканчваючы добрымі справамі. Але тут таксама - у галаве. Перш за ўсё ў нас, у чыноўнікаў. Няма ніякіх праблем, каб пабудаваць у Беларусі патрэбную колькасць сховішчаў і нармальна захаваць бульбу", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
У рамках паездкі ў Кіраўскі раён Магілёўскай вобласці Прэзідэнт правёў нараду па актуальных пытаннях развіцця бульбаводства ў Беларусі.
Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады, адзначыў, што гэта сустрэча мае перш за ўсё сімвалічнае значэнне. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў свой час тэма бульбы набыла грамадскае гучанне, у тым ліку ў сродках масавай інфармацыі.
"Дзякуй богу, гарачай вайны ў нас няма. Інфармацыйная вайна ідзе з нарастаючым напружаннем. І калі не знімаць такія сімптомы хваробы, гэта будзе дрэнна ў будучым. Таму людзі нашы павінны ведаць, што бульбы, як заўсёды, у Беларусі дастаткова. А ў гэтым годзе і ў будучым да новага ўраджаю - больш чым дастаткова".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што па пачатку ўборкі бульбы можна меркаваць аб яе нядрэннай ураджайнасці. Пры гэтым і фермеры, і кіраўнікі гаспадарак гавораць пра нядрэнныя якасць і попыт. "Значыць, як мы і планавалі вясной, пасеяўшы на 4,5 тыс. га больш бульбы, мы не пралічыліся, як у народзе кажуць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт сказаў, што бульба - гэта знакавая культура для Беларусі, якая ўзведзена ў ранг нацыянальнага прадукту. Ён нагадаў, што ў часы СССР беларусаў нездарма жартам празвалі бульбашамі, хоць рэспубліка і займала толькі трэцяе месца па вытворчасці гэтай культуры - пасля РСФСР і Украінскай ССР. Але і зямлі ў гэтых рэспублік было больш, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
"Спажывалі і цяпер спажываем больш за ўсіх не толькі на постсавецкай прасторы, але і ў свеце: 160 кг на брата, а тое і 180 было. Нездарма кніга "500 страў з бульбы" была настольнай у кожнай беларускай гаспадыні і перадавалася ў спадчыну", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Спецыялісты запэўніваюць: у грамадскім сектары ў гэтым годзе збяром мільён тон бульбы, што на трэць больш, чым у мінулым годзе. А разам з насельніцтвам атрымаем 3,3 млн т, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Гэта дасць магчымасць не толькі поўнасцю забяспечыць сябе, але і экспартаваць".
Аляксандр Лукашэнка назваў цалкам заканамерным той факт, што пры такой любові да бульбы беларусы заўсёды ўмелі яе вырошчваць. Гэта датычыцца як сельгасарганізацый, так і асабістых падворкаў. "Да гэтага часу, калі ў каго-небудзь ёсць кавалак зямлі або домік у вёсцы, то клапатлівы, добры гаспадар, градку-другую бульбы абавязкова вырошчвае. Але некаторыя з нас сталі ўжо да такой ступені нахабнымі, што цяжка нахіліцца і кошык бульбы пасеяць вясной, каб забяспечыць сябе хаця б познім летам і восенню гэтым хлебам", - дадаў ён.
У гэтым плане Прэзідэнт не выключэнне. Аляксандр Лукашэнка вырошчвае бульбу айчыннай селекцыі. А яшчэ дзеліцца ёй з замежнымі калегамі. Усё пачалося з жарту Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. "Гавару, што табе падарыць? Ён кажа: бульбы! Дык я яму ў Крэмль чатыры мяшкі і завёз, што ён не чакаў", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Уборачная кампанія ў разгары. Усё, аб чым прасіў Урад, зроблена. Цяпер вынік залежыць ад вас. Паралельна з бульбай ідзе ўборка буракоў, у тым ліку цукровых, кукурузы на зерне, капусты, морквы. Год быў няпросты, але, паўтараюся, ураджай на палях дастойны. Трэба яго сабраць і захаваць", - падкрэсліў Прэзідэнт.
У сувязі з гэтым размова зайшла аб умовах захоўвання, у тым ліку бульбы, якая і была ў цэнтры ўвагі рабочай паездкі Аляксандра Лукашэнкі ў Кіраўскі раён. У размешчанай тут гаспадарцы "Рассвет імя К.П.Арлоўскага" Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з тэхналогіямі дапрацоўкі і захоўвання бульбы. "Бачылі сёння прыстасаванае сховішча, дзе нядрэнна захоўваецца бульба", - дадаў ён.
Разам з тым трэба захаваць не толькі бульбу, але і іншую агародніну, падкрэсліў беларускі лідар. "Нам жа трэба і буракі, і цыбулю, і моркву, і капусту пэўны перыяд захаваць. Таму па-гаспадарску трэба да гэтага падыходзіць. Надышоў час, - упэўнены Аляксандр Лукашэнка. - Калі праспім гэты час, быць бядзе".
"Звяртаю ўвагу кіраўнікоў гандлёвых сетак, што адсутнасць у магазінах якаснай даступнай айчыннай бульбы будзе мець для ўсіх сумныя вынікі", - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы.
Спецыялісты запэўніваюць, што ў гэтым годзе ў Беларусі ўдасца сабраць мільён тон бульбы, што на трэць больш, чым у мінулым годзе. А разам з насельніцтвам ураджай можа скласці каля 3,5 млн тон. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, гэта дасць магчымасць не толькі цалкам забяспечыць сябе, але і экспартаваць. "Мінулая вясна паказала, што наша бульба на знешніх рынках ідзе нарасхват. Даходзіла да ажыятажнага попыту, і нібыта ў нас былі пустыя паліцы ў магазінах", - дадаў ён.
Прэзідэнт нагадаў, што Ураду было даручана прыняць усе меры, каб сітуацыя не паўтарылася. Паводле яго слоў, беларусы ўвесь год павінны мець магчымасць купіць айчынную бульбу (а таксама цыбулю, моркву, капусту) па прымальнай цане.
Пры гэтым, падкрэсліў беларускі лідар, не трэба бясконца мыць бульбу, каб прадаць яе даражэй. "Любы селянін ведае, што мытая доўга не захоўваецца, гніе. І ў выніку вы яе проста выкінеце. Таму падыходзьце разумна, па-гаспадарску", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.
"На сённяшні дзень наша галоўная задача - убраць ураджай (бульбы. - Заўвага) і захаваць яго. Што ў нас у краіне са сховішчамі? Ці дастаткова іх? У тым ліку для насеннага фонду", - пацікавіўся Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт сказаў звярнуць самую пільную ўвагу на якасць клубняў, якія ідуць у закладку на міжсезонне: "Калі не вытрымаць лячэбны перыяд (аб гэтым вучоныя скажуць), нічога захоўвацца не будзе. А гэта наш залаты запас. Прычым не толькі харчовы, але, як паказала практыка апошніх гадоў, і валютны".
"Можа, варта нейкую колькасць бульбы максімальна перапрацаваць, пакласці ў сухім выглядзе: як у нас прынята, пюрэ, крухмал, чыпсы і гэтак далей", - прапанаваў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт таксама даручыў палічыць, колькі трэба замарожанай бульбы фры для забеспячэння, напрыклад, таго ж Mak.by.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што надвор'е ў гэтым годзе не заўсёды было спрыяльным для аграрыяў. "У гэтым годзе вясной былі шматразовыя замаразкі. Усё лета заліўныя дажджы, а потым - ранні туман, фітафтора. Ці ёсць у нас сарты (бульбы. - Заўвага), аднолькава ўстойлівыя да гэтага фітафтарозу, паршы, паражэння драцянікам? Трэба атрымаць нармальны сорт", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт нагадаў, што пры Нацыянальнай акадэміі навук працуе цэлы Інстытут бульбаводства. "Скарб", "Маніфест", "Ласунак", "Брыз", "Першацвет" (размова пра сарты бульбы. - Заўвага) сёння мы бачылі. Цяпер экзотыка пайшла. "Сапфір" у вас там з'явіўся з карыснай фіялетавай мякаццю - многія іх ведаюць і любяць. Але, як фермеры кажуць, ужо розныя колеры не вітаюцца. Традыцыйны, класічны любяць. Але трэба вырошчваць тое, што карыстаецца попытам", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз падкрэсліў, што спыняцца на дасягнутым нельга. Ён упэўнены, што беларускія вучоныя могуць і павінны пастаянна паляпшаць лінейкі айчынных высокапрадукцыйных сартоў, рабіць іх устойлівымі да хвароб і неспрыяльных умоў надвор'я. У сувязі з гэтым беларускі лідар пацікавіўся, як развіваецца сітуацыя ў гэтым напрамку.


