Прывітанне ўдзельнікам Міжнароднай канферэнцыі "Вяршэнства Канстытуцыі: канстытуцыйныя змяненні і сучаснае развіццё канстытуцыйнага кантролю"
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне ўдзельнікам Міжнароднай канферэнцыі "Вяршэнства Канстытуцыі: канстытуцыйныя змяненні і сучаснае развіццё канстытуцыйнага кантролю".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў сімвалізм таго, што такі прадстаўнічы форум праходзіць у перыяд 30-годдзя Канстытуцыі Беларусі. "У эпоху глабальных выклікаў і перамен Асноўны Закон нашай краіны з'яўляецца прававым фундаментам развіцця беларускай дзяржаўнасці, гарантуе правы і свабоды грамадзян. Самабытны характар Канстытуцыі шмат у чым вызначаецца выбарам народа, зробленым на рэферэндумах на карысць захавання традыцый сапраўднай дэмакратыі, гістарычнай праўды, духоўна-маральных арыенціраў", - гаворыцца ў прывітанні.
Ключавое значэнне Асноўнага Закона ў сістэме нарматыўных прававых актаў абумовіла неабходнасць стварэння ў Беларусі інстытута канстытуцыйнага кантролю, які таксама адзначае 30-годдзе, звярнуў увагу Прэзідэнт.
"На працягу сваёй дзейнасці Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь уносіць важкі ўклад у абарону дзяржаўнага ладу, умацаванне правапарадку, забеспячэнне сацыяльнай справядлівасці", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што канферэнцыя адкрые новыя магчымасці для абмену вопытам у сферы развіцця канстытуцыйнай законнасці.
Прэзідэнт пажадаў удзельнікам форуму плённай працы, невычэрпнай энергіі, міру і дабра.