Правядзенне больш як 200 адміністрацыйных працэдур карэкціруецца ў Беларусі

    Правядзенне больш як 200 адміністрацыйных працэдур карэкціруецца ў Беларусі. Адпаведны Указ № 55 Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 16 лютага.

    Змяненні ўнесены з улікам практыкі ажыццяўлення гэтых адміністрацыйных працэдур, а таксама прапаноў зацікаўленых органаў і арганізацый.

    У прыватнасці, выключаюцца адміністрацыйныя працэдуры, якія страцілі сваю актуальнасць або аб'яднаны з іншымі. Так, для зручнасці грамадзян аб'ядноўваецца ў адну працэдуру выдача некалькіх даведак аб займаемым у дадзеным населеным пункце жылым памяшканні, месцы жыхарства і складзе сям'і.

    Скарачаецца колькасць прадстаўляемых грамадзянамі дакументаў па асобных працэдурах. Напрыклад, пры выдачы дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху больш не патрэбна вадзіцельскае пасведчанне і страхавое пасведчанне, а пры рэгістрацыі дагавора арэнды жылога памяшкання прыватнага жыллёвага фонду выключаецца неабходнасць прадстаўлення асобнага дакумента, які пацвярджае пісьмовую згоду іншых уласнікаў (у выпадку, калі здаецца жылое памяшканне, што знаходзіцца ў агульнай уласнасці, адпаведныя адзнакі праводзяцца на пададзенай заяве).

    Таксама змяншаюцца тэрміны выдачы даведак аб знаходжанні ў водпуску па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім трохгадовага ўзросту (з 5 да 3 рабочых дзён) і рэгістрацыі транспартных сродкаў у ДАІ (з 10 да 7 рабочых дзён). У той жа час павялічваюцца тэрміны дзеяння выдадзеных вадзіцельскага пасведчання (з 10 да 20 гадоў) і дазволу на допуск да ўдзелу ў дарожным руху аўтамабіляў, з года выпуску якіх прайшло менш за 3 гады (да 3 гадоў).

    Гэтыя палажэнні Указа ўступаюць у сілу праз месяц пасля яго афіцыйнага апублікавання.