Прэзідэнт падпісаў законы аб ратыфікацыі міжнародных дакументаў у сферах міграцыі і праваахоўнай дзейнасці

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў шэраг законаў аб ратыфікацыі міжнародных дакументаў, якія рэгулююць праваадносіны ў сферы міграцыі і праваахоўнай дзейнасці. Адпаведныя законы раней былі прыняты Палатай прадстаўнікоў і адобраны Саветам Рэспублікі.

    Падпісаны Закон аб ратыфікацыі міжурадавага пагаднення паміж Беларуссю і Кыргызстанам аб парадку знаходжання грамадзян на тэрыторыях дзвюх краін. Пагадненнем урэгуляваны парадак часовага знаходжання грамадзян, вызначаны пералік дакументаў, па якіх яны могуць уязджаць (выязджаць) на тэрыторыю Кыргызстана і Беларусі.

    Таксама падпісаны Закон аб ратыфікацыі міжурадавага пагаднення паміж Беларуссю і Кыргызстанам аб рэадмісіі. Пагадненнем вызначаецца парадак вяртання, прыёму і перадачы асоб, якія знаходзяцца на тэрыторыі дзвюх дзяржаў у парушэнне дзеючага нацыянальнага заканадаўства па пытаннях уезду, выезду і знаходжання замежных грамадзян і асоб без грамадзянства.

    Прэзідэнт падпісаў Закон аб ратыфікацыі пратакола аб спыненні дзеяння пагаднення аб дапамозе бежанцам і вымушаным перасяленцам ад 24 верасня 1993 года. Дакумент прадугледжвае спыненне дзеяння названага пагаднення ў сувязі са стратай яго актуальнасці. Цяпер праваадносіны, звязаныя з забеспячэннем дапамогі бежанцам і вымушаным перасяленцам на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, урэгуляваны нацыянальным заканадаўствам, якое ўлічвае ўсе міжнародныя абавязацельствы ў гэтым напрамку.

    Аляксандр Лукашэнка таксама падпісаў Закон аб ратыфікацыі дагавора аб парадку арганізацыі і правядзення міжнароднай кантралюемай пастаўкі кампетэнтнымі органамі дзяржаў - удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Дагаворам вызначаецца парадак арганізацыі і правядзення міжнароднай кантралюемай пастаўкі тавараў, сродкаў, рэчываў і прадметаў, свабодная рэалізацыя якіх забаронена або грамадзянскі абарот абмежаваны, а таксама прадметаў, здабытых злачынным шляхам, у мэтах выяўлення злачынстваў і ўстанаўлення асоб, якія іх падрыхтоўваюць, учыняюць або ўчынілі.