Сустрэча са старшынёй Нацыянальнага народнага сходу Парламента Алжырскай Народнай Дэмакратычнай Рэспублікі Ібрагімам Бугалі

  • 11
  • 3:43

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 26 мая сустрэўся са старшынёй Нацыянальнага народнага сходу Парламента Алжырскай Народнай Дэмакратычнай Рэспублікі Ібрагімам Бугалі.

Вітаючы замежнага госця на беларускай зямлі, Прэзідэнт пажадаў, каб гэты візіт быў плённым з прафесійнага пункту гледжання. "Але, самае галоўнае, каб вы душой і сэрцам адчулі, што тут жывуць не чужыя вам людзі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы абсалютна адкрыты для вашай краіны і вельмі хацелі б мець з вамі развітыя, самыя сур'ёзныя адносіны. Магчыма, самыя лепшыя з усіх краін Афрыкі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў Паўночнай, Цэнтральнай, Паўднёвай Афрыцы ў Беларусі ёсць краіны-партнёры, пры садзейнічанні якіх плануецца пашырыць супрацоўніцтва з усім Афрыканскім рэгіёнам. "Было б вельмі нядрэнна, калі б адной з такіх краін быў Алжыр", - прадоўжыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў час яго афіцыйнага візіту ў Алжыр у снежні 2025 года і перагавораў з Прэзідэнтам краіны Абдэльмаджыдам Тэбунам ён пераканаўся, што эканомікі дзвюх дзяржаў абсалютна спалучаюцца. "Мы можам вам прапанаваць тое, чаго ў вас няма. Вы ж у сваю чаргу можаце нам дапамагчы ў развіцці тых напрамкаў, у якіх мы вельмі маем патрэбу", - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што сустрэча з лідарам Алжыра пакінула ў яго самае вялікае ўражанне па выніках візіту. "Гэта вопытны і вельмі разумны чалавек. Мы многае можам зрабіць, калі ён будзе прытрымлівацца той палітыкі, якую ён цяпер прапаведуе", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка. Ён папрасіў перадаць ад яго самыя добрыя і цёплыя пажаданні Абдэльмаджыду Тэбуну.

Паводле слоў беларускага лідара, пры фарміраванні дарожнай карты супрацоўніцтва быў прадугледжаны шэраг канкрэтных мерапрыемстваў. "Вельмі хацелася б, каб гэтыя мерапрыемствы, па-першае, былі рэалізаваны. Па-другое, сталі фундаментам нашых адносін, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Калі пачынаем выбудоўваць адносіны з якой-небудзь краінай, вы ці мы заўсёды гаворым пра нейкія якарныя, значныя праекты. Такія праекты вызначаны. Вельмі разлічваю на тое, што парламентарыі Алжыра сур'ёзна падключацца да рэалізацыі гэтых праектаў".

"Як уплывовага чалавека ў Алжыры я прашу Вас: паглядзіце на асобныя нашы вытворчасці ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы. Дзверы адчынены ўсюды, - звярнуўся да госця Аляксандр Лукашэнка. - І зрабіце для сябе пэўныя вывады ў плане нашага далейшага супрацоўніцтва па стварэнні кааперацыйных прадпрыемстваў".

У першую чаргу Ібрагім Бугалі перадаў Кіраўніку беларускай дзяржавы ад Прэзідэнта Алжыра цёплыя прывітанні і словы глыбокай павагі разам з запэўненнямі аб гатоўнасці да сумесных дзеянняў па развіцці супрацоўніцтва. "Ваш візіт у снежні мінулага года меў вялікі грамадскі рэзананс і стаў пасланнем для алжырскага народа аб вашай зацікаўленасці ва ўмацаванні і развіцці супрацоўніцтва ў розных сферах: эканоміцы, гандлі, сельскай гаспадарцы, навуцы і культуры. Мы адчуваем, што існуюць вялікія магчымасці па павелічэнні тавараабароту, развіцці эканамічнага супрацоўніцтва, стварэнні сумесных вытворчасцей, каб служыць на карысць народаў нашых краін", - падкрэсліў старшыня Нацыянальнага народнага сходу Парламента Алжыра.

Ён звярнуў увагу, што цяпер у Алжыры зроблены акцэнт на палітыцы дыверсіфікацыі эканомікі і зніжэння залежнасці ад вуглевадародаў. Краіна імкнецца развіваць такія напрамкі, як сельская гаспадарка, прамысловасць, фармацэўтыка. "І мы маем патрэбу ў беларускім вопыце па ўмацаванні гэтых сфер, павелічэнні работы ў гэтых напрамках, і ўпэўнены, што тут існуюць перспектывы для сумеснай работы", - сказаў Ібрагім Бугалі.