Сустрэча са старшынёй Партыі сацыялістаў Рэспублікі Малдова Ігарам Дадонам
- 7
- 5:35
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 26 мая сустрэўся з малдаўскім палітыкам і экс-прэзідэнтам Ігарам Дадонам, які цяпер займае пасаду старшыні Партыі сацыялістаў Рэспублікі Малдова (ПСРМ).
"Не трэба рэзаць гэту пупавіну і рваць адносіны з тымі, з кім вы заўсёды знаходзілі агульную мову. Вось гэта для мяне галоўнае, і я публічна хацеў сказаць, што Малдова і малдаване - гэта наша любоў. Я думаю, Савецкага Саюза некалі ў цэлым. Мы з вялікай павагай ставіліся да вашага народа і вашай краіны. І мы не хочам гэтага страціць. І вы, спадзяюся, таксама", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка заклікаў да аднаўлення работы беларуска-малдаўскай камісіі па супрацоўніцтве, якая раней была створана паміж краінамі: "Трэба рухацца наперад і шукаць новыя агульныя інтарэсы".
Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама прапанаваў абмеркаваць тэматыку Еўразійскага эканамічнага саюза: "Ёсць аб чым пагаварыць. Вельмі важна, што гэта сёння. Паколькі якраз у нас гэтымі днямі (адбудзецца. - Заўвага) саміт ЕАЭС. Гэта эканамічнае ядро нашай садружнасці. І вельмі важна пачуць твае словы, тваё меркаванне, якое я, вядома ж, давяду да кіраўнікоў дзяржаў, з якімі буду сустракацца".
Прэзідэнт падкрэсліў, што малдаване павінны жыць як горды і незалежны народ.
"Наогул, я рады цябе бачыць здаровым, зараджаным, адчуваю, на многія рэчы. І думаю, што ў сваёй краіне ты яшчэ нямала добрага зробіш, і не толькі для сваёй краіны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да Ігара Дадона.
"Можа, гэта будзе не зусім дыпламатычна. Сяброўскі хачу пачуць адказ на пытанне аб суверэнітэце і незалежнасці Малдовы. Мы вельмі часта апошнім часам чуем з розных крыніц аб тым, што Малдова гатова стаць ледзь ці не часткай іншай дзяржавы. Вядома, шчыра скажу, я як наогул чалавек улюбёны ў вашу краіну, ты гэта добра ведаеш, з жахам гэта чую і ўспрымаю", - сказаў беларускі лідар.
"Не хачу гаварыць банальныя рэчы аб тым, што суверэнітэт і незалежнасць дорага заўсёды каштуюць і гэта галоўнае для любой краіны (гэта ты лепш за мяне ведаеш), але я вельмі прасіў бы і цябе, і тваіх прыхільнікаў, каб ні ў якім разе не дапусцілі знішчэння такой квітнеючай, прыгожай, няхай невялікай па памерах, краіны, як Малдовы. Такой прыгажосці, якую беларусы ўсе любілі ў Малдове, наўрад ці знойдзеш у свеце. Гэта такі ціхі, спакойны быў куток (думаю, і ёсць) для жыцця людзей. Мы заўсёды вам зайздросцілі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы ўспомніў свае ўражанні, калі ў 2018 годзе ў час візіту ў Малдову ён з Прэзідэнтам Ігарам Дадонам сеяў кукурузу на адным з палёў недалёка ад Кішынёва: "На ўзвышшы нейкім. І вось перад вачыма карцінка: я адтуль глядзеў на Кішынёў, а ён быў увесь у квецені - усё расцвітала, увесь белы горад".
"І я вось цяпер думаю: ну як такую прыгажосць (і працавіты ж народ, малдаване, яны горы могуць звярнуць) камусьці аддаць або ўключыць у склад якой-небудзь іншай дзяржавы. Таму думаю, што для цябе як чалавека-патрыёта і тваіх прыхільнікаў галоўнае - зберагчы Малдову для малдаван, - заклікаў Кіраўнік дзяржавы. - Мы ж гэта разумеем. Нідзе мы нікому не патрэбны. Вопыт нам паказаў ужо (не хачу таксама называць краіны). Ён паказаў, як з намі абыходзяцца".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не бывае народаў малых або вялікіх, яны ўсе аднолькавыя і вялікія, асабліва для палітыкаў у той ці іншай краіне. "Таму малдаўскі народ, гаротны народ, які ў сваёй гісторыі шмат нацярпеўся, - гэта вялікі народ. Нельга яго прыніжаць, кудысьці засоўваць, нават у вельмі перспектыўную і развітую краіну. Вы заслужылі гэта месца пад сонцам. Трэба там жыць і рабіць шчаслівым свой народ. Вось галоўнае, што я хацеў бы табе сказаць па-сяброўску, карыстаючыя нашай сустрэчай", - заявіў Прэзідэнт.
"Паважаны Аляксандр Рыгоравіч, дарагі сябар, таварыш малдаўскага народа! Вы зараз гаварылі гэтыя словы - у мяне дваякае пачуццё. Гонар, павага і прыкрасць. Гонар і павага да вас, таму што вы такія добрыя, прыгожыя словы гаварылі пра маю радзіму. А прыкрасць у тым, што вы разумееце тое, што не разумее цяперашні прэзідэнт Рэспублікі Малдова. Для мяне як карэннага малдаваніна, грамадзяніна сваёй краіны (у мяне няма іншага грамадзянства), калі прэзідэнт іншай краіны з'яўляецца большым патрыётам Малдовы, чым цяперашні прэзідэнт Малдовы… Для мяне гэта, ведаеце, на душы балюча", - сказаў палітык.
Ён падкрэсліў, што размова не пра яго палітычныя баталіі з цяперашнім прэзідэнтам Малдовы Маяй Санду. "Мы змагаліся з цяперашнім прэзідэнтам. Адзін раз я ў яе выйграў. Другі раз - яна ў мяне. Але мы ўсе кляліся на Канстытуцыі абараняць Малдову, абараняць нашу краіну, - адзначыў Ігар Дадон. - Цяперашні прэзідэнт пасля таго, як усвядоміла, што ніякай еўрапейскай інтэграцыі не будзе, што гэты шлях - банкруцтва, і гэта паказваюць цяперашнія рэаліі ў Малдове (як тая прыказка: пасля мяне няхай хоць хата гарыць), пачала развіваць ідэю ліквідацыі малдаўскай дзяржавы. Для нас гэта вялікая праблема".
Ігар Дадон падзякаваў Аляксандру Лукашэнку і заявіў, што ў Малдове беларускі лідар з'яўляецца палітыкам, якога падтрымлівае большасць грамадзян краіны з ліку знешніх сяброў. "Гэта невыпадкова. Для нас прыклад тое, што робіць Беларусь. Тая палітыка, якую праводзіць Беларусь. І сацыяльна-эканамічная, і ва ўмовах вельмі няпростага рэгіянальнага і геапалітычнага канфлікту", - сказаў ён.


