Прэзентацыя спецыяльных відаў зімовай тэхнікі, спартыўнага інвентару і музычных інструментаў
- 15
Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку прадэманстравалі 18 верасня вырабленыя ў краіне спецыяльныя віды зімовай тэхнікі, спартыўнага інвентару і музычных інструментаў.
Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з некалькімі беларускімі ратракамі (снегаўшчыльняльнікі для падрыхтоўкі лыжных трас) Мінскага трактарнага завода "Беларус" МСУ-2022, МСУ-622 і МСУ-108, лёдазалівачнай машынай "Беларус" МЛ-428 і снегагенератарам СО-325, распрацаваным на прадпрыемстве "Місом ОП".
Прэзідэнта праінфармалі аб канструктарскіх асаблівасцях машын, іх адметнасцях у параўнанні з імпартнымі аналагамі. Як яму далажылі, пакуль лакалізацыя доследных узораў ратракаў складае ад 32% да 59%. Пры серыйнай вытворчасці яна павялічыцца да 75-100% у залежнасці ад мадэлі.
"Галоўнае, каб гэта ўсё было беларускае. Не абавязкова рабіць на МТЗ. Да наступнай зімы гэта павінен быць чыста беларускі ратрак, гэта не праблема. Самае складанае ў вас ёсць: энергетычны сродак, кабіна, кіраванне. А ўсё астатняе - гэта элементарна, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - У гэтым годзе вы забяспечваеце неабходны аб'ём, які патрэбны біятланістам, лыжнікам, з таго, што ёсць. У будучым годзе гэта тэхніка павінна быць выключна беларускай".
Незадаволены Кіраўнік дзяржавы і лакалізацыяй беларускага снегагенератара, а дакладней - айчыннага толькі на 50%. "Тут няма на што тады глядзець. Калі вы будзеце мець такую лакалізацыю па снежных пушках, то што тут размаўляць..." - сказаў Прэзідэнт.
Цана паказанага Кіраўніку дзяржавы снегагенератара складае $20 тыс., у той час як імпартных аналагаў - $30-40 тыс. "Тое, што патаннілі, - добра. Але патрэбна лакалізацыя", - падкрэсліў ён.
Аляксандру Лукашэнку таксама прадэманстравалі лыжныя чаравікі ад Marko, беларускія лыжы і лыжаролеры, мацаванні, лыжныя палкі і мазі.
Гаворачы пра спартыўны абутак, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што некаторыя мадэлі ўжо ўстарэлі і падыдуць толькі тым, хто зрэдку становіцца на лыжы. "Але для абучэння, для спартсменаў яны не патрэбны, гэта на шкоду, - упэўнены Прэзідэнт. - Але калі гэта трэба і хтосьці будзе заказваць - рабіце. Калі не, тады нам не трэба такія чаравікі".
Аднак класічныя варыянты чаравікаў Аляксандр Лукашэнка адобрыў. Як адзначалася, яны цалкам падыдуць для навучальных устаноў і спартсменаў-пачаткоўцаў.
Асобна Прэзідэнт спыніўся ля стэнда з лыжнымі мацаваннямі. Іх выпускае маладзечанскае прадпрыемства. Як заяўляе вытворца, па якасці і функцыянальнасці мацаванні не адрозніваюцца ад замежных канкурэнтаў. Прадукцыя ўжо рэалізуецца ў Беларусі і Расіі.
"Тое, што зрабілі гэтыя мацаванні, малайцы. Толькі не спыняйцеся. Удасканальвайцеся і абыходзьце гэтыя заходнія кампаніі. Зрабіце лепш. Пакуль добрыя. Калі якасныя і будуць трымацца, як цяпер, - нічога больш не трэба, выдатнае мацаванне", - пахваліў Кіраўнік дзяржавы.
Да беларускіх вытворцаў лыж аказалася дастаткова пытанняў. Пакуль айчынны інвентар шмат у чым уступае замежнаму. Прадпрыемствы Беларусі гатовы супрацоўнічаць з замежнымі вытворцамі.
"Праз год патрэбны такія лыжы (аналагічныя Fisher), каб у нас застаўся толькі адзін сегмент - гэта спартыўныя. Спартсменам вы, напэўна, пакуль не зробіце: гэта трэба некалькі гадоў вам працаваць. Але гэта ваша мэта, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Да наступнай зімы пакажыце "фішэраўскія" лыжы".
Айчынныя лыжаролеры Прэзідэнту прадставіў Старшыня КДБ, кіраўнік Беларускай федэрацыі біятлона Валерый Вакульчык. Ролікавыя лыжы з нядаўняга часу вырабляюцца ў Смалявічах. Уважліва агледзеўшы інвентар, Аляксандр Лукашэнка ўсумніўся ў іх якасці і ўспомніў, як ужо выпрабоўваў узор некалькі месяцаў таму. "Я надзеў гэтыя лыжы і ледзь не ўпаў - яны не коцяць наогул", - канстатаваў Прэзідэнт.
Аднак, паводле слоў Валерыя Вакульчыка, з таго часу лыжаролеры дапрацавалі, і цяпер кіраўнік дзяржавы трымае ў руках узор, аснашчаны сёмым варыянтам колаў. "На першых варыянтах было адслаенне або растрэскванне рызіны да 50 км. Гэтыя прайшлі ўжо больш за 200 км", - адзначыў кіраўнік федэрацыі. Акрамя таго, дадаў ён, беларуская мадэль у чатыры разы таннейшая за замежную прадукцыю.
Тое, што лыжаролеры прыдатныя для трэніровак, пацвердзіла і вядомая біятланістка Алена Зубрылава. На яе думку, яны добра зарэкамендуюць сябе ў дзіцяча-юнацкіх спартыўных школах і сярод аматараў спорту. Беларускі выраб збіраюцца яшчэ больш удасканаліць.
"Летам гэта ўсё павінна быць на патоку. Да наступнага сезона, каб мы ўжо карысталіся ўсюды, у спартыўных школах у тым ліку, - даручыў Аляксандр Лукашэнка. - Трэба стварыць праграму, сарыентавацца, колькі трэба, каму трэба, і няхай закупляюць. Недзе мы будзем дапамагаць".
Акрамя таго, Кіраўніку дзяржавы прадставілі зробленыя ў краіне музычныя інструменты: піяніна, гітары, цымбалы, балалайкі, баян і іншыя.
"Мы дамаўляліся аб тым, што нам трэба адрамантаваць усё, што ў нас ёсць, пачынаючы ад духавых інструментаў, струнных і гэтак далей. Мы павінны адрамантаваць і балалайку, і скрыпку, і гітару. І мы гэта павінны неадкладна рабіць. Другое - гэта вытворчасць новых інструментаў", - нагадаў аб сваім даручэнні Прэзідэнт.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што рамантавацца інструменты павінны выключна ў Беларусі. На гэтыя работы Аляксандр Лукашэнка адвёў два гады.
Тут жа Кіраўніку дзяржавы паказалі і першую беларускую скрыпку ручной работы. Яе за паўтара месяца зрабіў дэкан факультэта традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва БДУКМ Аляксандр Сурба. Ён выкарыстоўваў клён, елку, чырвонае дрэва. У Беларусі такі інструмент могуць вырабіць толькі тры-чатыры майстры. У год кожны гатовы выпускаць восем скрыпак, усяго музычныя і адукацыйныя ўстановы маюць патрэбу ў 147 інструментах.
Да нядаўняга часу ў Беларусі не было таксама вытворчасці балалаек і домраў. Цяпер іх робіць у Пінску майстар Руслан Макарэвіч. Пакуль выпускае каля 10 інструментаў у год, але аб'ёмы могуць дасягнуць 100 адзінак.
Прэзідэнт даручыў аказаць майстру садзейнічанне ў арганізацыі вытворчасці, пры неабходнасці прадаставіўшы дадатковыя плошчы за сродкі мясцовага бюджэту. "Прыцягвай столькі чалавек, колькі трэба. Таму што гэты інструмент трэба будзе яшчэ адрамантаваць, відаць, - звярнуўся Кіраўнік дзяржавы да музыканта. - За табой - школа. Пакуль ты адзін, але ў цябе павінна быць больш памочнікаў. У будучым годзе я буду ў Пінску, і ты мне пакажаш, якую табе плошчу адвялі".
Аляксандру Лукашэнку паказалі і беларускія баяны "Зонта", якія вырабляюць у Маладзечне. Сярод іх унікальны экзэмпляр - баян-сінтэзатар, які па Wi-Fi падключаецца да калонкі. Яго магчымасці прадэманстраваў віртуоз Віталь Варанко. Незвычайны баян можа замяніць цэлы аркестр. Адначасова з яго можа гучаць шэсць розных інструментаў. А паасобку - у дзясяткі разоў больш.
Вытворцы адзначылі, што баян - даволі дарагі інструмент. Раней людзі яго маглі купляць з прыцягненнем крэдытаў, цяпер гэта стала нявыгадна. Прэзідэнт даручыў прапрацаваць гэта пытанне: "Калі людзі будуць купляць, стаўку мы зменшым".
Кіраўнік дзяржавы таксама паставіў задачу дапамагчы ў пашырэнні вытворчасці беларускім вытворцам гітар і цымбал. "Трэба зрабіць так, каб дастойная ў іх была вытворчасць, каб не сорамна было, - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. - Грошы мы знойдзем".
На заканчэнне Прэзідэнту паказалі новую версію піяніна "Беларусь". Сабрана яно ў асноўным з імпартных дэталей, але затое ў Мінску - а гэтыя работы складаюць 40 працэнтаў ад сабекошту. Кіраўніку дзяржавы сыгралі некалькі кампазіцый, каб прадэманстраваць гучанне інструмента, і ён высока ацаніў яго якасць.
"Палічыце, колькі трэба грошай на ўсё, аб чым мы гаварылі, без празмернасцей. Да першага кастрычніка скажыце. Асноўнае мы павінны вырабіць у сябе. Што трэба па імпарце пакуль закупіць - мы закупім. Але мы сабраліся для таго, каб вырабляць усё ў сябе. І дадаткова тыя інструменты, якія тут не прадстаўлены, - адзначыў беларускі лідар. - Гэта праграма павінна быць рэалізавана працэнтаў на 90-95 ужо ў 2019 годзе".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што праблем з фінансаваннем не будзе. Тым больш усё гэта робіцца для будучых пакаленняў.
"Гэта ўсё для дзяцей. Адчуваю, што надышоў такі перыяд, калі мы яго ўпусцім, то ніколі не дагонім. І наша нацыя з музычнай, разумнай, таленавітай ператворыцца ў паўшых людзей. Таму трэба падняць іх, падставіць ім плячо, каб яны не ўпалі ва ўзроўні. Я лічу, што няма такога народа, як беларускі, які можа ў музычным мастацтве быць на такім узроўні. Але калі не будзе інструмента, то мы звалімся ў балота. Таму мы спрабуем за гэта ўхапіцца цяпер. Адчуваю, што мы нават дзесьці крыху страцілі час", - рэзюмаваў Прэзідэнт.
Аб тым, што Кіраўнік дзяржавы даручыў наладзіць у Беларусі вытворчасць ратракаў, лыжаролераў, лыжных чаравікаў і іншай спартыўнай артыбутыкі, стала вядома ў канцы сакавіка. Прэзідэнт расказаў аб гэтым на сустрэчы з алімпійскімі і паралімпійскімі чэмпіёнамі. "Трэба, каб зрабілі ўсё. Калі не могуць адразу зрабіць, закупім. Але неабходна рабіць гэта ўсё ў сябе", - падкрэсліў тады Аляксандр Лукашэнка.
Аб аднаўленні ў Беларусі вытворчасці музычных інструментаў размова ішла таксама ў сакавіку - у час сустрэчы Кіраўніка дзяржавы з творчай моладдзю. "Я заўважыў, што інструменты ў вас ёсць, прынамсі, у тых, хто дэманстраваў сваё майстэрства. У каго іх няма, віцэ-прэм'ер паабяцаў, што нават музычныя інструменты ў бліжэйшы час мы ўжо будзем вырабляць у Беларусі, - адзначыў Прэзідэнт. - Пастаўлена задача адрамантаваць усё старое і аднавіць вытворчасць, але на больш высокім узроўні, музычных інструментаў, асабліва піяніна, якое ў нас некалі выпускалася".