Наведванне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета
- 16
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета, дзе 3 ліпеня прайшоў святочны гала-канцэрт, прысвечаны Дню Незалежнасці.
Кіраўнік дзяржавы прысутнічаў у зале ў якасці гледача. З нагоды свята са сцэны Вялікага тэатра прагучалі фрагменты знакавых для гісторыі Вялікага тэатра і культурнай спадчыны краіны класічных музычных твораў - опер "Кармэн", "А зоры тут ціхія", "Турандот", "Сівая легенда" і іншых. Артысты таксама выканалі харэаграфічныя нумары вядомых балетных пастановак, у тым ліку "Спартак", "Лебядзінае возера", "Шчаўкунок".
Перад тым як прайсці ў залу для гледачоў, Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ў кіраўніцтва Вялікага тэатра перспектывамі развіцця ўстановы і матэрыяльна-тэхнічным станам будынка. У прыватнасці, Прэзідэнт удакладніў, ці ўтрымліваецца тэатр у парадку пасля маштабнай рэканструкцыі, якая завяршылася ў 2009 годзе. "Я памятаю, тады ж гэта быў космас", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"І цяпер ён (будынак тэатра. - Заўвага) знаходзіцца ў тым жа стане. Паводле сведчанняў тых, хто сюды прыязджае, тэатр у Мінску лічыцца адным з лепшых сусветных тэатраў і па якасці сцэны, і па гуку, і па якасці самой пляцоўкі. Ну а інтэр'еры наогул вышэй за ўсялякую пахвалу. Усе людзі, хто сюды прыходзіць, заўсёды выходзяць пад вялікім уражаннем", - адказаў Кіраўніку дзяржавы генеральны дырэктар Вялікага тэатра Вячаслаў Гарбузаў. Паводле яго слоў, цяпер патрабуюцца толькі некаторыя планавыя бягучыя работы для падтрымання добрага стану сцэны, рэпетыцыйных і іншых памяшканняў.
Аляксандр Лукашэнка таксама выказаўся наконт фінансавання Вялікага тэатра, папярэдзіўшы, што схема выдзялення бюджэтных сродкаў у хуткім часе будзе зменена па аналогіі з тым, як гэта было зроблена некалі са спартыўнымі федэрацыямі і клубамі: частку сродкаў тэатр павінен зарабляць самастойна, дзяржава будзе выдзяляць з бюджэту столькі ж. "Майце на ўвазе, у тэатры Янкі Купалы я ўжо гаварыў, што мы фінансаванне зменім, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Лішніх людзей трымаць не трэба".
Пасля завяршэння канцэрта Кіраўнік дзяржавы падняўся на сцэну і звярнуўся да прысутных у зале. У першую чаргу ён падзякаваў артыстам за выступленне і асабліва адзначыў іх нялёгкую працу - служэнне мастацтву, якому яны прысвячаюць усё жыццё. "Прыміце не толькі ад мяне, але і прысутных у зале нашу ўдзячнасць. Дзякуй вам вялікі", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на тое, што сёння ў тэатры знаходзіліся людзі з розных рэгіёнаў Беларусі. "Давайце падзякуем ім за тую цеплыню, якую яны, спадзяюся, падарылі вам сёння", - адзначыў ён.
"Усім вам, прысутным у зале, я хачу выказаць асабістую прэзідэнцкую ўдзячнасць за тую ролю, якую вы адыгралі на пераломным этапе развіцця нашай незалежнасці. Гэта не гучна сказана. Вас шмат, вы яркія прадстаўнікі большасці беларускага народа, якія, без перабольшання (а хто не разумее, хутка зразумее), выратавалі нашу краіну. Я вам бязмерна за гэта ўдзячны, вашу падтрымку я адчуваю", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуўся да творчай інтэлігенцыі. Аляксандр Лукашэнка выказаў шкадаванне наконт таго, што рэдка наведваў тэатральныя пастаноўкі. "Я больш быў сканцэнтраваны на тым, каб даць людзям тое месца, дзе яны павінны тварыць. Гэта я лічыў галоўным для мяне як Прэзідэнта. Калі мы не створым для вас гэтых пляцовак, дык і мастацтва няма дзе будзе паказваць", - растлумачыў беларускі лідар. Пад патранажам Кіраўніка дзяржавы ў апошнія гады былі рэканструяваны, мадэрнізаваны, пабудаваны шматлікія культурныя аб'екты па ўсёй краіне.
"Але, напэўна, упусціў я вас у тым плане, што рэдка бываў на вашых пастаноўках, спектаклях, на паказах", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, часткова гэта стала прычынай негатыўных праяў у культурным, тэатральным асяроддзі ў мінулым годзе. "У гэтым, напэўна, і ёсць віна, што тут ледзь ці не гучаў "Магутны Божа". Не са сцэны, у зале, - адзначыў Прэзідэнт. - Калі мне далажылі пра тэатр Янкі Купалы і пра вас, мяне гэта не проста здзівіла, мяне гэта прыбіла на тым этапе".
Звяртаючыся да дзеячаў культуры, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, Прэзідэнт перасцярог іх ад няправільных крокаў у далейшым. І ў сувязі з гэтым ён успомніў, як нядаўна гаварыў студэнтам у час балю выпускнікоў, каб яны не рабілі ў пачатку свайго шляху няправільныя крокі і прыводзіў вядомую прымаўку: спачатку ты працуеш на заліковую кніжку, а потым заліковая кніжка працуе на цябе. "Гэтак жа і ў маладосці. Калі вы робіце правільныя крокі ў патрэбным напрамку, вы пачынаеце закладваць фундамент свайго жыцця. Калі заложыце яго правільна, ён будзе ўсё жыццё працаваць на вас. Але, калі ў маладосці зробіце што-небудзь няправільнае, можаце зламаць усё сваё жыццё. Цяжка будзе потым выкарабкацца з гэтай сітуацыі", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
"Вы аблічча нацыі. Творчая інтэлігенцыя - гэта аблічча нацыі, народа, дзяржавы. Я вас прашу: не рабіце больш няправільных крокаў, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Калі малады чалавек зрабіў няправільны крок, яму можна дараваць, зразумець, у яго ёсць час выправіцца. Вы ніколі не выправіцеся. Калі здабылі і страцілі сваё аблічча, яго практычна нельга будзе аднавіць. Таму перш чым нешта зрабіць (а на вас глядзяць мільёны вачэй, і не толькі ў нашай краіне), думайце, сачыце за кожным сваім крокам. Вы таленавітыя. Не губіце гэтым свой талент".
Прэзідэнт заклікаў творчых людзей займацца ўласцівымі ім справамі і не ўмешвацца ў палітыку. "Паверце, вы будзеце тут лепшымі, а не там, у палітыцы. Там жорсткія, шалёныя законы, яны не для вас. Наўрад ці ў вас знойдзецца хоць адзін чалавек, які вытрымае гэта. А акунуўшыся туды, вы ўжо не зможаце адтуль вылезці. Таму беражыце сябе. Вы таленавітыя людзі, і тварыце там, дзе ў вас лепш гэта атрымаецца", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён зрабіў акцэнт на тым, што звяртаецца з такімі заявамі да творчай інтэлігенцыі амаль праз год пасля падзей электаральнага 2020 года. "Таму што разумеў: людзі творчыя, у вас цяжкая праца. Можа, вы недзе чагосьці недагледзелі, захапіліся нечым. Але і няшмат было сярод вас людзей, якія ідэйна замарочыліся. Але сёння мы падышлі да рысы. Нядаўна я пра гэта гаварыў. Далей - нельга, страцім краіну".
"Я першым, а вы ўслед (як інтэлігенцыя, якая павінна весці за сабой народ) будзем вінаватыя ў тым, што ўпусцілі краіну. Таму мы павінны аб'яднацца і ўтрымаць краіну для тых, хто пасля вас прыйдзе на гэту сцэну, і пасля мяне - у гэту палітыку, - звярнуў увагу беларускі лідар. - Мы пасля сябе павінны пакінуць нешта дзецям. Прынамсі, давайце не будзем разбураць тое, што стварылі за чвэрць стагоддзя".
Прэзідэнт адзначыў, што сапраўды ў краіне не ўсё было ідэальна. Але ідэальна і быць не магло, таму што беларусы ўпершыню напрацоўвалі вопыт пабудовы ўласнай незалежнай дзяржавы. "Калі вы думаеце, што мы заўтра зламаем краіну, яна будзе, напрыклад, у складзе Польшчы і вы будзеце там вялікімі і вядомымі, то памыляецеся. Пагаварыце з тымі, хто паехаў туды і вярнуўся", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Мы падышлі да рысы. І я вам гавару цяпер як Прэзідэнт грамадзянам нашай краіны, - падкрэсліў беларускі лідар, - гэта ваша зямля, і вы яе павінны зберагчы".
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што добра паінфармаваны пра абстаноўку ў Вялікім тэатры, ведае пра настроі ў калектыве. Прэзідэнт таксама ў курсе кадравых рашэнняў. У прыватнасці, Кіраўнік дзяржавы згадаў, што з яго згоды ў Вялікі тэатр у якасці мастацкага кіраўніка вярнуўся Валянцін Елізар'еў. "Думаю, што ён яшчэ нешта можа зрабіць у гэтым тэатры, таму што ён нямала ўжо зрабіў для тэатра, імя яго тут гучыць", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
"Але я не мог згадзіцца з тым, што ў вас адбывалася ў мінулым годзе", - дадаў ён. Тады, каб разабрацца з сітуацыяй у творчым асяроддзі, Прэзідэнт, паводле яго слоў, назначыў новага Міністра культуры Анатоля Маркевіча і прадаставіў яму поўнае права навесці парадак. Міністр у сваю чаргу прыняў рашэнне аб назначэнні на пасаду гендырэктара Вялікага тэатра Вячаслава Гарбузава. "Гэта легітымнае дзеянне? Ён меў права гэта зрабіць? Меў. Ён назначыў. Калі ласка, гэта рашэнне Міністра прашу прыняць як належнае, - падкрэсліў Прэзідэнт, звяртаючыся да калектыву тэатра. - Гэта не значыць, што вы павінны быць маўклівымі, калі гэта не той чалавек. Але вы дайце шанц чалавеку паказаць сябе".
Кіраўнік дзяржавы прапанаваў заснаваць новую традыцыю ў святкаванні Дня Незалежнасці. Прэзідэнт перакананы, што любая дзяржава каштоўная і моцная традыцыямі. Яны ёсць і ў незалежнай Беларусі. Калі гаварыць пра Вялікі тэатр, то гэта, напрыклад, Навагодні баль.
Кіраўнік дзяржавы выказаў пажаданне, каб святочныя вечары, падобныя да сённяшняга канцэрта ў Вялікім тэатры, сталі традыцыйнымі для Дня Незалежнасці. "Я хачу, каб гэтыя сустрэчы (цяперашняга Прэзідэнта і будучых прэзідэнтаў) сталі традыцыйнымі, штогадовымі. Мы падумаем, як гэта аформіць. Але вы (прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі. - Заўвага) заўсёды будзеце ў цэнтры. Вы будзеце паказваць лепшую сваю творчасць, а я прыму рашэнне аб прысуджэнні да гэтага дня дзяржаўных прэмій, званняў народных, заслужаных. Мы зробім, каб наша творчая інтэлігенцыя ў Дзень Незалежнасці прагучала. Лічыце гэта рашэнне прынятым", - сказаў Аляксандр Лукашэнка і паабяцаў прыехаць у Вялікі тэатр праз год, 3 лiпеня 2022 года.