Віншаванне Прэзідэнту Лаоскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі Тханглуну Сісуліту

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Прэзідэнта Лаоскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі Тханглуна Сісуліта і народ гэтай краіны з Днём абвяшчэння Рэспублікі.

    Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што Беларусь і Лаос маюць доўгую гісторыю ўзаемадзеяння, заснаванага на павазе, даверы, гатоўнасці дапамагчы адзін аднаму. 

    У гэтым годзе споўнілася 30 гадоў з моманту ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж дзвюма краінамі. "Наша дружба, безумоўна, праверана часам, - гаворыцца ў віншаванні. - Мы ўпэўнена будуем двухбаковы партнёрскі дыялог. У абедзвюх дзяржаў аднолькавыя падыходы па прынцыповых пытаннях глабальнага і рэгіянальнага парадкаў дня, у тым ліку мірнага вырашэння любых канфліктаў на аснове міжнароднага права".

    Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў яго засталіся самыя цёплыя ўражанні ад сустрэчы з лідарам Лаоса ў Казані на саміце БРІКС. "Прыемна адзначыць, што Мінск і В'енцьян зацікаўлены ў далейшым развіцці ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва і практычнай рэалізацыі значнага эканамічнага патэнцыялу беларуска-лаоскіх сувязей", - дадаў Прэзідэнт.

    Кіраўнік дзяржавы пацвердзіў запрашэнне Прэзідэнту Лаоса наведаць гасцінную Беларусь у любы зручны час для падрабязнага абмеркавання ўсіх спраў, якія ўяўляюць узаемны інтарэс для дзвюх краін.

    Аляксандр Лукашэнка пажадаў Тханглуну Сісуліту добрага здароўя, шчасця і поспехаў у адказнай дзяржаўнай дзейнасці, а народу Лаоса - згоды і прагрэсу.