Наведванне ААТ "ІНТЭГРАЛ"
- 30
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 14 лютага наведаў ААТ "ІНТЭГРАЛ".
Гэта адно з буйнейшых навукова-вытворчых прадпрыемстваў Беларусі. Холдынг сёння аб'ядноўвае шэраг арганізацый, якія спецыялізуюцца ў галіне мікраэлектронікі і яе прымянення. Інтэграцыя ў адзіную сістэму вырабу крэмніевых пласцін, фоташаблонаў, ліній паўправадніковай вытворчасці, магутнасцей па выпуску металашкляных карпусоў для мікрасхем, зборачных вытворчасцей і вытворцаў электронных устройстваў забяспечыла холдынгу сінергічны эфект.
Асноўная прадукцыя прадпрыемства - гэта інтэгральныя мікрасхемы і паўправадніковыя прыборы рознага ўзроўню складанасці, якія знаходзяць шырокае прымяненне ў электроннай апаратуры, што выпускаецца як у Беларусі, так і ў краінах блізкага і далёкага замежжа. Наменклатура выпускаемай прадукцыі складае больш за 2500 тыпаў інтэгральных мікрасхем, 500 тыпаў паўправадніковых прыбораў, 200 тыпаў вадкакрышталічных індыкатараў, 150 відаў вырабаў электроннай тэхнікі.
На прадпрыемстве Кіраўніку дзяржавы далажылі аб фінансава-эканамічным стане холдынга і перспектывах яго развіцця. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з выстаўкай прадукцыі, што выпускаецца на прадпрыемстве. Прадэманстравалі яму і мікрасхему рэгуляванага стабілітрона К1242ЕР1БП (IL431AM-1), якая нядаўна была ўдастоена Дзяржаўнага знака якасці. Адметнасцю яе з'яўляецца павышаная стабільнасць выхаднога напружання пры змяненні тэмпературы навакольнага асяроддзя і току нагрузкі.
"Усіх вытворчых плошчаў каля 250 тыс. квадратных метраў, наша тэрыторыя 46 гектараў. Кіруючая кампанія тут, маем пляцоўкі ў Маладзечне, Гомелі і ў Брэсце і філіял у Пінску", - праінфармаваў генеральны дырэктар ААТ "ІНТЭГРАЛ" Андрэй Буйневіч.
"Тыя прадпрыемствы, якія, груба кажучы, вам калісьці навесілі на плечы, яны патрэбны вам былі, калі бралі, працуюць?" - удакладніў Прэзідэнт.
"Гэтыя пляцоўкі працуюць эфектыўна. Усе прадпрыемствы працуюць з чыстым прыбыткам, маюць праграмы развіцця і развіваюцца", - сказаў гендырэктар.
"Малайцы, што ўзялі заводы, якія некалі кульгалі, ды і ў вас было не вельмі", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як наладжаны вытворчыя працэсы ў холдынгу і на прадпрыемствах у рэгіёнах. "А без тых заводаў, пляцовак вы маглі б абысціся?" - спытаў ён.
"Сёння так выбудавалі кааперацыю, каб тыя пляцоўкі працавалі на нас. Прынялі ўсе меры для таго, каб тыя пляцоўкі функцыянавалі з намі як адзінае цэлае", - растлумачыў Андрэй Буйневіч.
"Мы цяпер вельмі шмат - з маёй падачы, жорсткага патрабавання - гаворым пра далейшае развіццё, інвестыцыйныя праграмы, укладанні грошай і гэтак далей. Двойчы я адхіляў усялякія інвестыцыйныя праграмы. Не скажу, што мы ўжо дайшлі да таго, чаго я хацеў бы ў гэтых інвестыцыйных праграмах. Многае пачалі, часам тое, што магло пачакаць (яно патрэбна будзе, але магло пачакаць), і трэба заканчваць, інакш разваліцца тое, што пачалі будаваць. Але з наступнага года мы будзем будаваць па інвестыцыйных праграмах толькі тое, што нам патрэбна для жыцця, і перш за ўсё вытворчасці. Ёсць вытворчасці - ёсць жыццё, няма вытворчасці - няма жыцця", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"І заўсёды паўстае пытанне: а якім жа шляхам ісці? Я зыходзіў з жыцця і запатрабаваў: давайце будзем развівацца ў тых напрамках, дзе ў нас ёсць кампетэнцыі і база. Вось, калі ласка, - мікраэлектроніка сёння ў топе. Які штучны інтэлект і іншае - без вас немагчыма. І што, мы будзем сёння ствараць ракеты касмічныя або будзем развівацца ў тых напрамках, дзе мы ўмеем нешта рабіць, разумеем. Таму я запатрабаваў, каб грошы ўкладвалі ў развіццё тых кампетэнцый, якія мы маем", - сказаў Прэзідэнт.
У якасці аднаго з прыкладаў Кіраўнік дзяржавы прывёў развіццё аўтамабілебудавання і, у прыватнасці, вытворчасць электрамабіляў. "Ёсць сёння попыт на электрамабілі, давайце зоймемся гэтым. Што для гэтага патрэбна - электрарухавік. Мы ўмеем іх рабіць? Умеем. Яны не аўтамабільныя - для ліфтаў і гэтак далей (у Магілёве), але гэта блізка да таго. Развіваемся, і электрамабіль - доследны ўзор - атрымалі. Калі будзем далей настойліва ісці, то праз год-паўтара-два мы будзем мець свой электрамабіль. А для гэтага патрэбна электрычнасць. Атамная станцыя ёсць, лішак электраэнергіі і іншае. Сёння думаем, можа, і другую пабудаваць, таму што электраэнергія патрэбна будзе заўсёды. Яна залішняй быць не можа", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Яшчэ адзін перспектыўны напрамак - вытворчасць медыцынскіх прэпаратаў і процівірусных вакцын. "Пастаўлена задача. У бліжэйшы час я займуся гэтай тэмай, - дадаў беларускі лідар. - Мы можам і самалёт пабудаваць, і тое, і другое, і пятае, і дзясятае. Але для гэтага трэба вялікія грошы і час. І ці варта нам гэтым сёння займацца? Давайце вось гэта, зямное, рабіць і пару-тройку праектаў, як атамная станцыя, БНБК, яшчэ некалькі напрамкаў".
Адразу пасля знаёмства з вытворчасцю Прэзідэнт правёў нараду па пытаннях развіцця айчыннай мікраэлектронікі.
"Нам трэба чарговы раз прааналізаваць работу аднаго з важнейшых сектараў беларускай прамысловасці - мікраэлектронікі. Гэта не выпадкова, не дзеля таго, каб паказаць, што мы гэтым займаемся, а таму што мікраэлектроніка аказалася на сённяшні дзень вельмі запатрабаванай ва ўсім свеце. Роля электронікі для будучыні Беларусі, у тым ліку для Беларусі і Расіі, вельмі важна. У наш век перадавыя тэхналогіі - гэта абараназдольнасць, суверэнітэт, незалежнасць дзяржавы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь адна з нямногіх, хто мае высокія кампетэнцыі ў распрацоўцы і вытворчасці шырокай наменклатуры электроннай кампанентнай базы, вырабе ўнікальнага тэхналагічнага абсталявання для прадпрыемстваў галіны.
"Такія краіны ў свеце літаральна можна пералічыць па пальцах адной рукі. Аднак час не чакае. І канкурэнты таксама не чакаюць. Вы гэта бачыце, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Мы захавалі не толькі вытворчасці, але і, што яшчэ больш важна, навуковыя, канструктарскія, інжынерныя кадры. Захавалі і развіваем сваю школу, вучым моладзь. Гэта значыць, у нас ёсць вельмі сур'ёзныя, сусветнага ўзроўню кампетэнцыі. У гэтым напрамку мы будзем развівацца, рухацца. Будзем інвесціраваць у гэтыя напрамкі, укладваць сродкі, таму што мы ў гэтым плане сусветнага ўзроўню і распрацоўшчыкі, і вытворцы".
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што два гады таму пры наведванні ім холдынга "Планар" падрабязна абмяркоўваліся пытанні развіцця айчыннай мікраэлектронікі. Тады была вызначана і ніша на адным з самых ёмістых сегментаў сусветнага рынку мікрасхем.
"У гэтым напрамку будзем актыўна рухацца і атрымліваць прадукцыю найвышэйшай якасці. Яна будзе запатрабавана яшчэ шмат дзесяцігоддзяў, а можа, і стагоддзі. Гэта аснова вырабаў сілавой і прамысловай электронікі, а таксама для космасу, дзе трэба ўлічваць уздзеянне радыяцыі, радыёперашкод. Сумесна з нашымі расійскімі партнёрамі мы вызначылі крытычна важную элементную базу для асваення. Усё гэта лягло ў аснову Праграмы развіцця мікраэлектроннай прамысловасці на перыяд да 2030 года, у рамках гэтай праграмы мы і праводзім сваю мадэрнізацыю", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, за мінулыя два гады на яе выкананне накіравана амаль Br500 млн. Да 2030 года плануецца асвоіць яшчэ столькі ж. Сумарны аб'ём выручкі па галіне за праграмны перыяд павінен павялічыцца ў тры-чатыры разы.
Прэзідэнт спытаў, як выконваецца праграма, ці наспелі актуальныя змяненні і дапаўненні. "Гэта яшчэ і важна перад сустрэчай з Прэзідэнтам Пуціным, каб мы маглі скарэкціраваць нашы крокі, а магчыма, нешта і дабавіць. Як мяне інфармуюць, пэўныя вынікі ёсць. Валютная выручка расце, прыбытак павялічваецца. Зарплаты на прадпрыемствах у паўтара раза вышэйшыя за сярэднюю па краіне. Упэўнены: ёсць рэзервы для таго, каб паднаціснуць і ў гэтым годзе, максімальна нарасціць аб'ёмы вытворчасці і дабавіць абавязкова па экспарце", - заявіў беларускі лідар.
"Сёння свету патрэбны мільярды чыпаў, мікрасхем, транзістараў. Але і барацьба за рынкі ідзе значная, сур'ёзная. Ніхто проста так сваю нішу нікому не аддасць. Канкурэнцыя будзе толькі ўзмацняцца. Мы можам на гэтым рынку канкурыраваць. Гэта велізарнае наша дасягненне. Таму неабходна як мага далей заглядаць у будучыню і ўкладвацца ў развіццё", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт заўважыў, што ў ААТ "ІНТЭГРАЛ" гэта робяць, але хацелася б, каб такіх прынцыпаў прытрымліваліся на ўсіх прадпрыемствах. "Не будзеш глядзець у будучыню - жыццё тваё нядоўгае. Патрэбна пастаянная апераджальная мадэрнізацыя прадпрыемстваў, укараненне найноўшых тэхналогій, інвесціраванне ў кадры. Грошы на гэта мы абавязаны адшукаць. Дзяржава ўсё будзе рабіць для таго, каб такія грошы знайсці", - заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як вядзецца работа па падрыхтоўцы і замацаванні спецыялістаў у галіне, як выбудавана ўзаемадзеянне з ВНУ, ці ёсць праблемы і ці патрэбна дапамога ў іх вырашэнні.
"У нашай прамысловасці арыентавацца трэба на тое, што мы будзем вырабляць сёння з развіццём на заўтра. І грошы ўкладваць трэба ў тое, што мы ўмеем рабіць. І, як я гавару, два-тры праекты, якія мы ніколі не ажыццяўлялі. Гэта значыць, трэба не толькі развівацца ўглыб, але і пашырацца", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
Ён прывёў у прыклад будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі. Да гэтага ў краіне атамнай энергетыкай ніколі не займаліся. "Гэта поўная навінка. І сёння мы не проста эксплуатуем гэту станцыю самі, мы ўжо можам абысціся без прыцягнення кадраў збоку. А раней, я памятаю, гэта была дзікая праблема. Больш таго, мы ўжо дапамагаем будаваць атамныя станцыі. Мы поўнасцю можам пабудаваць атамную станцыю пры наяўнасці поўнага камплекта з боку, дапусцім, Расіі або якой-небудзь іншай краіны, - сказаў Прэзідэнт. - Калі пабудуем другую станцыю, то мы сапраўды будзем самастойна будаваць свае станцыі, без усялякай дапамогі пры камплектаванні іншай краінай. Прыкладна так мы плануем".
"Вось так пакрыху мы развіваем гэтыя кампетэнцыі. Тут яны ёсць. Іх трэба развіваць. Тым больш усё, што мы сёння вырабляем, запатрабавана - ад прадуктаў харчавання да інтэгральных схем", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.


