Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

  • 40
  • 5

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 26 студзеня прагаласаваў на прэзідэнцкіх выбарах.

Кіраўнік дзяржавы прыняў удзел у галасаванні на выбарчым участку, які размешчаны ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры.

Апярэджваючы пытанне журналістаў аб тым, за каго ён аддаў свой голас, Прэзідэнт адзначыў: "Калі вы хочаце спытаць за каго, павінен вам шчыра прызнацца - за ўсіх!"

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што паразмаўляе падрабязна з прэсай у іншай лакацыі, каб не перашкаджаць галасаванню.

На выбарчым участку Кіраўнік дзяржавы коратка паразмаўляў з наглядальнікамі. Ён адзначыў адкрытасць Беларусі для наглядальнікаў, а таксама для журналістаў, якія асвятляюць выбары. Некаторыя прадстаўнікі СМІ, паводле слоў Прэзідэнта, нават выказвалі просьбу пабываць на паўднёвай граніцы краіны. "Калі хочуць журналісты на граніцу ехаць, іх трэба папярэдзіць, што там сур'ёзная сітуацыя. Хочаце - ідзіце. Таму не трэба нічога забараняць. Па-першае, нам гэта не трэба. А па-другое, няхай бачаць нашу адкрытасць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У час размовы з журналістамі Прэзідэнт сказаў, што заявы Еўрапейскага саюза аб выбарах у Беларусі - гэта дагаджанне ЗША.

"Гэта дагаджанне "старэйшым братам" у Вашынгтоне. Калі вы ўжо сапраўды так прынцыпова ставіцеся да выбараў, дык вы ім што-небудзь скажыце пра амерыканскія выбары - страшна. А тут можна: ведаюць жа, што нічога не будзе. Ну, выказаліся - нават у Амерыцы смех гэта выклікала ў асобных спецыялістаў, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Як можна ацаніць нешта, што яшчэ не адбылося? Гэта значыць, як заўсёды, відаць, паспяшаліся і наляпалі, што потым давядзецца ад гэтага адмывацца. Давайце гэта ўспрымаць як данасць - заявілі і заявілі".

"А потым, давайце абсалютна адкрыта, гэта што нам, вельмі нашкодзіла? Не. Шчыра скажу, гэта нам нават выгадна. Яны самі сябе паказалі ў такім святле. І дзякуй ім, - сказаў Прэзідэнт. - Спакойна трэба гэта ўспрымаць, не звяртаць увагі".

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што збеглыя на чале са сваімі "лідарамі" і "лідаркамі" аб'ехалі Вашынгтон, Брусель і іншыя заходнія сталіцы і слёзна прасілі не прызнаваць выбары ў Беларусі. "Думаю, што з іх падачы яны і прынялі такія заявы. Цана гэтай заявы - нуль. Нават калі б гэта было па сутнасці і адпавядала рэчаіснасці. Нуль. Мы праводзім выбары для свайго народа, і да канца дня, да раніцы, мы будзем ведаць усе ацэнкі і зробім адпаведныя высновы. А як ацэніце вы, журналісты, гэта ваша права", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Адказваючы на пытанні журналістаў, Прэзідэнт заявіў: "Мы нікога не выганялі з краіны. Больш таго, мы адкрылі краіну. І я раз пяць заяўляў аб тым, што мы не злапамятныя людзі. Кожнаму будзе прадастаўлены шанц".

"Прыязджайце - адказвайце. Парушыў закон жорстка - у месцы не такія аддаленыя", - дадаў Аляксандр Лукашэнка. У гэтым плане, нагадаў ён, працуе грамадская камісія.

Кіраўнік дзяржавы таксама адказаў на чарговае пытанне аб асуджанай у Беларусі Марыі Калеснікавай. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ўжо адказваў карэспандэнту BBC Стывену Розенбергу на пытанне пра Марыю Калеснікаву і пасля таго выканаў тое, аб чым яго раней пытаў журналіст. Гаварылі, што яна ледзь ці не памерла і што нікога да яе не пускаюць.

"Скажу шчыра: ты мяне падштурхнуў да таго, каб я пацікавіўся, а што там адбываецца з Марыяй. Гавораць, здаровая. Я гавару: ну пакажыце народу. Паказалі. Нехта хадзіў да яе, - расказаў Прэзідэнт. - Не пускаюць сваякоў... Я гавару: ну чаму вы бацьку не хочаце пусціць? Згодна з законам бацька не меў права з ёю сустракацца - яна парушае рэжым. Ён устаноўлены ў Амерыцы, Англіі, яшчэ недзе. Рэжым ёсць. Калі ты яго парушаеш - адказвай. Я гавару: слухайце, у мяне да вас просьба, гэта маё рашэнне - пусціце, няхай бацька сходзіць". 

"Не перабірай, Стыў! У любой дзяржаве за парушэнне закону трэба несці адказнасць. Суровы закон, але ён закон. Гэта не я прыдумаў", - падкрэсліў беларускі лідар. 

"Ты зноў мне пра Калеснікаву... Ты скажы, калі ты хочаш паехаць да Калеснікавай - арганізуем. Ты скажы, калі ты гэтага хочаш. Мы будзем думаць, як зрабіць, - сказаў Прэзідэнт. - Задай ёй пытанне: "Марыя, ты чаго тут сядзіш?" І яна табе павінна адказаць. Гэта не да мяне пытанне. Для таго каб гэта пытанне набыло гучанне і пачало разглядацца, па законе (што ў вас, што ў Амерыцы, што ў Бруселі і гэтак далей), жалезнае правіла (гэта мы ў вас, дэмакратаў, спісалі): ты павінен звярнуцца да чалавека, які прымае рашэнне аб памілаванні. Калі ты не звяртаешся, значыць, табе там добра".

Стывен Розенберг таксама пацікавіўся ў Кіраўніка дзяржавы яго стаўленнем да сітуацыі, калі нават яго сапернікі на выбарах выказваліся ў яго падтрымку. Напрыклад, лідар Кампартыі.

"Стыў, гэта для цябе новы вопыт. Дык, а што ты мне прапануеш, мне радавацца або смуткаваць наконт гэтага?" - з гумарам заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Ён растлумачыў гэта той палітыкай, якая праводзіцца ў краіне. "Таму што ў адзінай краіне на постсавецкай прасторы, у Беларусі, мы ніводную партыю ніколі не даймалі. Нават Беларускі народны фронт. Нават Зянона Пазняка, чый пункт гледжання цалкам адрозніваецца ад майго, я яго нават павіншаваў з юбілеем нядаўна. І прызнаю, што гэта сапраўдны рэвалюцыянер, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Калі б тая палітыка, якую яны праводзілі ў сярэдзіне 90-х, мы ўжо даўно ваявалі б з вамі. Але мы нават на іх не націскалі. Тым больш на камуністаў. У нашых цяперашніх камуністаў гэта наогул палітыка справядлівасці, гэта наша палітыка. Чаго яны супраць мяне будуць галасаваць?"

"Прызнаеце вы там у Еўрасаюзе, не прызнаеце гэтыя выбары - гэта справа густу. Паверце, клянуся, мне гэта абсалютна фіялетава, прызнаеце вы нашы выбары ці не. Мне галоўнае, каб беларусы прызналі гэтыя выбары і спакойна яны завяршыліся, як і пачаліся. Вось гэта галоўнае. А там ваша справа. Прызнаеце - мы адрэагуем, падзякуем. Не прызнаеце - ну дык вы ўжо не прызналі. Вось калі заўтра ЗША зробяць заяву або прамаўчаць хаця б наконт нашых выбараў, слухайце, што вы будзеце рабіць?" - сказаў Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанне журналіста ВВС.

"Калі б я цяпер зрабіў заяву, што я не прызнаю выбары ў ЗША і не прызнаю Трампа, што-небудзь у Амерыцы змянілася б? Ці ў вас там у Вялікабрытаніі: вось я не прызнаю Стармера (Прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі. - Заўвага), і што? Што ў Вялікабрытаніі адбудзецца? Нічога. Дакладна гэтак жа і ў нас нічога не адбудзецца", - сказаў беларускі лідар.

"Вечарам усё будзе вядома. Усё залежыць ад беларускага народа. Такі перыяд", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

"Трампа гэтага даймалі з раніцы да вечара. Як толькі Трамп выйграў выбары, вы (у Еўропе. - Заўвага) папаўзлі праз Атлантычны акіян. Хто паўзком, хто па дне, хто паверсе. Некаторыя не ведаюць, як падпаўзці сёння да гэтага Трампа. Цяжкі ў вас лёс - у Еўропы. Чакайце. Вам трэба занепакоіцца гэтым. З прыходам Трампа праблемы не ў Беларусі будуць. У Еўропе будуць праблемы. Яны ўжо ў вас пачаліся", - сказаў Кіраўнік дзяржавы, адказваючы на пытанне журналіста ВВС.

"Ён вам сказаў адкрыта, і маладзец, я яго ў гэтым падтрымліваю. Хоць не ва ўсім, але падтрымліваю. Ён вам сказаў: "Вы гатовы ва Украіне ваяваць? Ну дык плаціце не 2%, а 5%". І вы як вужы, як змеі круціцеся, не ведаеце, які знайсці выхад з гэтага становішча. Трамп захацеў Еўропу нахіліць - ён вырваў адтуль Вялікабрытанію - з ЕС. Навошта гэта трэба было, калі б Амерыка была нацэлена на ўзмацненне Еўрапейскага саюза? - заўважыў беларускі лідар. - Вырваў. Робіць стаўку на каго? На палякаў. Што, ён не разумее, што немцы і палякі - гэта закаранелыя, старыя, асмелюся сказаць, ворагі. Што, вы гэтага не ведалі або нехта не ведае? Вы памоўчваеце проста. Навошта ж ты расколваеш Еўропу, навошта робіш стаўку на Польшчу? Таму што гэта палітыка такая".

"Яны вас яшчэ ў такую позу паставяць, што вы доўгія дзесяцігоддзі або стагоддзі не ўстанеце. Яны разбурылі вашу эканоміку, і што? Яны спрабуюць разбурыць нашу эканоміку - Расіі і Беларусі. Мы супраціўляемся, мы працуем. Мы не папаўзлі па дне акіяна ў Вашынгтон, мы працуем. А вы?" - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У час прэс-канферэнцыі Прэзідэнт заявіў, што Беларусь гатова весці дыялог з Еўрасаюзам.

"Мы ніколі не адмаўляліся ад адносін з Захадам і ў тым ліку з Германіяй. Мы гатовы былі заўсёды. Але вы не хочаце гэтага. Дык што нам кланяцца перад вамі або поўзаць на каленях? Калі вы адкажаце на нашу прапанову аб гатоўнасці весці дыялог, мы з Еўрасаюзам гатовы весці дыялог, нават з тымі, хто праводзіў супраць нас агрэсіўную палітыку", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў: "Мы некалі з немцамі ваявалі. А быў перыяд нядаўні, калі ў нас былі добрыя адносіны. Зразумела, мы не забылі, што тыя фашысты чынілі тут. Мы гэта не забылі. І гэта вельмі актуальна напярэдадні 80-годдзя Перамогі над фашызмам. Мы гэта не забылі - загінуў кожны трэці ў Беларусі".

Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу: "Але мы знайшлі магчымасць з вамі супрацоўнічаць. Потым адмовіліся".

Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што ўсё можна вярнуць: "Мы заўсёды былі гатовы з ЕС супрацоўнічаць. І паверце, галоўнае тут не эканоміка і не гандлёва-эканамічныя адносіны. Ну, закрыліся і закрыліся. Прыйшлі іншыя".

Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што сітуацыя ў Германіі, якая была ў тройцы лідараў, істотна змянілася ў горшы бок.

"Хочаце з намі весці дыялог - мы гатовы", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Адказваючы на пытанне нямецкіх журналістаў, ці гатовы ён весці дыялог з апазіцыяй, якая з'ехала за мяжу, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Вы ведаеце, апазіцыя - гэта тыя, хто знаходзіцца ў краіне. А дыялог я гатовы весці з тымі, ад каго нешта залежыць". З такой "апазіцыяй", сказаў Прэзідэнт, няма пра што гаварыць.

Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў: "Вось ад апазіцыі ў нашай краіне Ганна Канапацкая, адзін з кандыдатаў у Прэзідэнты, яна мяне крытыкуе ўжо гадоў 15, не перастаючы. І яе настойлівасць некаторымі людзьмі ў нас у грамадстве падтрымліваецца, я гэта ведаю, вечарам мы будзем ведаць, наколькі падтрымліваецца. Гэта ўжо будзе сацыялагічны зрэз".

"Вось гэта - адна пазіцыя", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

"Камуністы, як мяне не хвалілі б, у іх таксама па асобных пытаннях ёсць прэтэнзіі да дзеючай улады. Яны гэта бачаць па-іншаму, - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы. - Вось з імі я гатовы весці дыялог, і з іншымі кандыдатамі. Я з імі гатовы, таму што ад іх хоць нешта залежыць у краіне. А калі яны будуць дэпутатамі парламента, калі прэзідэнтам нехта стане - чаму не весці дыялог, трэба весці".

"А тыя…што ад іх залежыць - гэта вам трэба з імі, спадары немцы, весці дыялог, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Глядзіце, не празявайце. Яны вам падкінуць столькі праблем, што ачухацца не зможаце потым. Я вас папярэджваў - вы ствараеце у Польшчы, Літве харугвы, а ва Украіне стварылі беларускі добраахвотніцкі корпус, глядзіце, каб яны гэтыя кулямёты супраць вас не павярнулі".

"Таму мне пра што з імі гаварыць? Будуць прапановы - разгледзім. Для мяне меркаванне людзей, якія мяне падтрымліваюць, вельмі важна", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка ў час размовы з журналістамі прапанаваў распрацаваць адзіныя крытэрыі для вызначэння дэмакратычнасці, але каб яны былі адзінымі для ўсіх краін.

"Вы вызначыцеся, што вы маеце на ўвазе пад дэмакратыяй. Можа, ёсць нейкія крытэрыі дэмакратычнасці? Давайце вызначымся і па гэтых крытэрыях будзем ацэньваць і Амерыку, і Вялікабрытанію, і Брусель, і Мінск. А так вы нам адны крытэрыі падсоўваеце і ацэньваеце нас, а ім - іншыя. Гэта няправільна", - сказаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што Беларусь адкрытая краіна і праілюстраваў свае словы наступным прыкладам. Як далажылі Прэзідэнту, прадстаўнікі нямецкага СМІ захацелі паехаць на беларуска-ўкраінскую граніцу для здымак, але беларускія пагранічнікі забаранілі ім гэта. "Я гавару: "Хлопцы, вы чаго? Вы пазвалі журналістаў і ім забараняеце нешта рабіць у Беларусі. Яны ж тэракты не ўчыняюць? - Не. - Дык чаго вы ім забараняеце? Неадкладна пазваніце. Калі яны хочуць - няхай едуць, здымаюць. Але папярэдзьце, што да граніцы пажадана не набліжацца", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Вось гэта дэмакратычна, нармальна", - звярнуў увагу Прэзідэнт. Ён заўважыў, што ў Амерыцы, напрыклад, журналістаў наўрад ці пусцілі б настолькі блізка да дзеючага Прэзідэнта на выбарчым участку ў час галасавання. "Вас наогул бы на парог не пусцілі. І вы гэта праглынаеце спакойна. Вы баіцеся", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У якасці прыкладу Кіраўнік дзяржавы прывёў інфармацыю, якая аказалася ў яго распараджэнні. Гэта былі рэдакцыйныя патрабаванні аднаго інфармацыйнага агенцтва да карэспандэнтаў, дзе адкрытым тэкстам указваецца на неабходнасць падаваць інфармацыю не аб'ектыўна, а пад пэўным вуглом, утойваць асобныя факты.

"Журналісты пабывалі ў нас і хочуць нешта напісаць. Ім гавораць: "Вось гэта - нельга, таму што ў нашай краіне зададуць пытанне: чаму ў іх ёсць наглядальнікі, а ў нас няма? А альтэрнатыўныя кандыдаты? - Не трэба нікога пералічаць. Гэта (даслоўна) утаіць немагчыма, але вы назавіце дзеючага кіраўніка дзяржавы і яшчэ чацвярых, але не акцэнтуйце на гэтым увагу, таму што ў нас гэтага няма, такой адкрытасці, могуць нашы грамадзяне ў нас спытаць". Гэта як называецца? Гэта палітыка рэдакцыі", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі адказаў на пытанне аб пратэстах у Славакіі і Сербіі.

"Усе дзеянні абсалютна скаардынаваны, і ўсё кіруецца са Злучаных Штатаў Амерыкі. І ў сваёй большасці фінансуецца фондамі Злучаных Штатаў Амерыкі, а часам непасрэдна праз пасольства. Мы маем мільёны такіх фактаў па Беларусі і іншых краінах. Таму хто плаціць грошы, той музыку і заказвае", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ўся палітыка ў Еўропе настолькі каардынуецца ЗША, што нават на стадыі абмеркавання ў еўрапейцаў наўрад ці ёсць які-небудзь голас. "Асабліва цяпер, калі яны сядзяць як мышы пад венікам і чакаюць, калі лёс іх вырашаць у Вашынгтоне. Таму ўсё гэта скаардынавана, мэтанакіравана і іншае. Вось калі ў нас спрабавалі бліцкрыг учыніць у 2020 годзе, усё ж кіравалася не са Злучаных Штатаў, а з Польшчы, Еўрапейскага саюза. Хто накіроўваў, хто фінансаваў гэта - Злучаныя Штаты. Сёння мы гэта ўжо ведаем", - заявіў Прэзідэнт.

"А наконт Славакіі, гэта людзі мужныя - разбяруцца. Але сёння ўжо ў Еўрапейскім саюзе, ва ўласным доме зразумеюць, што такое так званыя каляровыя рэвалюцыі, мяцяжы і бліцкрыгі. Але славацкі народ разбярэцца, хто мае рацыю, хто вінаваты. Я ў гэтым перакананы", - падкрэсліў беларускі лідар.

На прэс-канферэнцыі Кіраўнік дзяржавы заявіў, што ўлады Літвы знішчылі сваю краіну.

"Няма Літвы. Яны яе знішчылі. Цудоўную краіну. Вельмі працавіты народ, цярплівы. У савецкія часы - "пад акупацыяй", як яны кажуць, - яна дасягнула такіх вышынь! Я бываў у Літве. Людзі ў чарзе стаялі, каб купіць тэхніку, прадукты харчавання з Літвы. Мы марылі жыць так, як жывуць прыбалтыйскія рэспублікі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Сёння ж, жывучы "ў дэмакратыі", Літва страціла большую частку насельніцтва, звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. "У іх жа людзей не засталося. Вунь "дэмакратыі" паспытала і Украіна", - дадаў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, беларусы часам здзіўляюцца, чаму Літва закрывае граніцы, праводзіць супраць Беларусі жудасную палітыку, закрывае свае парты для беларускіх грузаў. "Мы цярпліва ставімся да гэтага. Мы стварылі для літоўцаў і латышоў бязвіз, адкрылі граніцы - яны сваіх людзей палохаюць, што мы іх тут будзем вербаваць. Ды бог з вамі! У нас завербавана дастаткова літоўцаў, не трэба нам нікога вербаваць. Не,"вось будуць вербаваць" і гэтак далей. Такое глупства!" - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што, яшчэ калі быў дэпутатам, ездзіў у Літву, каб падтрымаць яе кіраўніцтва, і пісаў пісьмы Гарбачову, заклікаючы праводзіць адносна Літвы больш мяккую палітыку. "Я ўсё рабіў для таго, каб захаваўся Савецкі Саюз, але я не хацеў, каб літоўцы гінулі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Вось яны і разбурылі сваю краіну. Што тут сёння пра гэту Літву гаварыць... Ёй пальцам пакажа Еўрапейскі саюз, Брусель - будзе рабіць, таму што яны сядзяць на грашах гэтага Бруселя. А не дай бог амерыканцы нешта скажуць - яны бягом бягуць рабіць. Але ці тое яшчэ будзе з гэтай Еўропай", - дадаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што Еўрапейскі саюз - гэта магутнае аб'яднанне. Там пражываюць каля 450 млн чалавек, што значна больш, чым у ЗША. ЕС валодае тэхналагічнай эканомікай і моцнай валютай.

Прэзідэнт перакананы, што планета будзе больш стабільнай, калі будзе абапірацца на мноства апор. "Еўрапейскі саюз, Злучаныя Штаты Амерыкі, Кітай, Індыя, Расія - гэта мноства апор, якія маглі б утрымліваць нашу планету. Але амерыканцы павінны былі разумець, што гэтыя апоры маюць значэнне, а яны зыходзяць з аднаго: Амерыка перш за ўсё, мы і толькі мы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"У Еўропы адзін шлях, разумны шлях - праводзіць сваю палітыку. Грошы ёсць, тэхналогіі ёсць. Патрэбны рэсурсы. Яны тут, на беларуска-расійскай прасторы. Яны ў Расіі. Дамоўцеся з Расіяй. Яны ж вам гатовы прыродны газ танней прадаваць, нафту больш танна. І калі з Расіяй дамовіцца, якая Амерыка, нават Кітай не справіцца з гэтым аб'яднаннем, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Чаму гэта не адбываецца? Гэта ж можна зрабіць, я гавару вам як Прэзідэнт. Як беларусы кажуць, духу не хапае. Няма каму прыняць такое рашэнне. Але гэта іх выбар. Час усё расставіць на свае месцы".

Каменціруючы тэму дэмакратычнасці ў разуменні асобных краін і, у прыватнасці, назіранне за выбарамі з боку БДІПЧ, Кіраўнік дзяржавы сказаў: "Яны гавораць аб нейкай дэмакратыі, аб правах чалавека, выбарчым працэсе - вучаць нас. А мы задаём простае пытанне разам з Лаўровым (Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў. - Заўвага): пакажыце нам хаця б да працэсу, да выбараў гэтыя крытэрыі. Пакажыце нам гэтыя патрабаванні. Яны самі сабе прыдумалі і пачынаюць потым разважаць на гэту тэму".

"Мы іх запрасілі: "Прыязджайце" - "Вы нас позна запрасілі". А дзе напісана, што мы вас павінны запрасіць учора, а не заўтра або сёння? Вы проста не хацелі ехаць. Значыць, не паехалі. Чаго вы крычыце, што мы вас не запрасілі? Мы нікому не забаранялі ўезд у Беларусь", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, дадаўшы, што грамадзяне прыблізна дзевяці дзясяткаў краін маюць права на бязвізавы ўезд у нашу краіну, і прапанаваўшы назваць яшчэ якую-небудзь краіну, якая дэманструе такую адкрытасць. "Не назавяце", - канстатаваў беларускі лідар.

Размаўляючы з журналістам з КНР, Прэзідэнт заявіў, што будучая шматпалярнасць залежыць ад Кітайскай Народнай Рэспублікі.

"Вы павінны вытрымаць. Сёння ад вас залежыць шматпалярнасць нашай планеты", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь гатова ў гэтым плане супрацоўнічаць разам з Кітаем. "Нам патрэбна шматпалярнасць. Аднапалярны свет не забяспечыць працвітання ўсім народам, - перакананы Кіраўнік дзяржавы. - Кітайцы паводзяць сябе дастойна: яны не эскалююць, не ствараюць напружання. Яны прапануюць: "Давайце супрацоўнічаць". Ад супрацоўніцтва Кітая і ЗША шмат што сёння залежыць. І будучая шматпалярнасць, якая павінна ўтрымаць у раўнавазе планету, залежыць ад Кітайскай Народнай Рэспублікі. Я жадаю, каб вы на гэтым шляху стойка трымаліся і не звярнулі з гэтага шляху".

Журналісты з Кітая пацікавіліся ў Кіраўніка дзяржавы, наколькі важна ў цяперашні час адзначаць Вялікую Перамогу і абараняць вынікі Другой сусветнай вайны.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што за гады вайны ў СССР загінулі каля 30 млн чалавек. Кітай страціў прыблізна такую ж колькасць насельніцтва ў барацьбе з японскім мілітарызмам. "Вы гэта адзначаеце, святкуеце. Сі Цзіньпін, мой добры сябар і таварыш, запрасіў многіх кіраўнікоў на гэтыя святы. Гэта будзе ў вас у маі пасля пасяджэння ШАС. Мы, хутчэй за ўсё, будзем у вас на гэтых святах", - сказаў Прэзідэнт.

Ён дадаў, што Беларусь гэтак жа штогод адзначае Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне.

"Мы, як і вы, гэту Перамогу лічым здабыткам не толькі тых пакаленняў, але і цяперашніх. Мы будзем адзначаць гэту Перамогу, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Думаю, што традыцыйна, калі ў нас будзе парад, нашы кітайскія сябры і таварышы прымуць у ім удзел. А наогул кітайцы вельмі актыўна прымаюць удзел у культурных, эканамічных акцыях. Плавальны басейн мы ўжо адкрылі, а цяпер адкрыем футбольны стадыён (жамчужына, Мінск упрыгожыў) якраз да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Таму вы будзеце ў парадку дня як нашы лепшыя сябры і памочнікі. Разам будзем адзначаць".

Аляксандр Лукашэнка заявіў кітайскім журналістам, што Беларусь паспяхова замяняе супрацоўніцтва з Захадам на Усход.

"Мы ціха, спакойна будзем супрацоўнічаць, таму што ашалелых яшчэ дастаткова, якія назіраюць за тым, каб палкі ў колы ўстаўляць. Мы дамовіліся з кітайцамі, што не будзем абнародаваць, вельмі дэталізаваць наша супрацоўніцтва. Але сёння тое, што мы некалі планавалі і пачыналі рабіць з заходнімі кампаніямі, мы паспяхова закончылі і працуем з кітайцамі. У Кітаі для развіцця нашай эканомікі ёсць усё", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым ён звярнуў увагу, што кітайцы, у адрозненне ад заходніх контрагентаў, не хаваюць свае тэхналогіі і гатовы дзяліцца імі. "Калі яны нам прадалі нейкі станок, яны і чарцяжы нам перадаюць, каб маглі гэтыя шасцярэнькі, валы, каробкі перадач і нават рухавікі зрабіць у Беларусі. Гэта значыць, мы паспяхова Захад замяняем на Усход за кошт Расіі і Кітайскай Народнай Рэспублікі ў асноўным. Ёсць і іншыя краіны. У гэтым сутнасць нашага супрацоўніцтва", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што ў беларуска-кітайскага супрацоўніцтва светлая будучыня. Ён расказаў, што супраць гэтага ў свой час выступалі ЗША.

"Пампеа (экс-дзяржсакратар ЗША Майкл Пампеа. - Заўвага) калі прыязджаў: "Вось вы з Кітаем супрацоўнічаеце. Вы ж разумееце, што гэта вораг Амерыкі". Я гавару: "Калі вы закрылі не толькі дзверы, але і вокны перад намі, Кітай перад намі адкрыў і вокны, і дзверы. Мы шмат у чым сёння захавалі высокатэхналагічнасць дзякуючы Кітаю. Вы хочаце, каб я ад іх адвярнуўся? Вось і скажы, як мужык, ты гэта як ацаніў бы?" Ён усміхнуўся, гаворыць: "Ну, зразумела". Больш пытанняў не задаваў. Яны разумеюць. Мы ім адкрыта гаворым: "Вы нас душылі, а Кітай нас ратаваў. Чаму мы супраць Кітая павінны ваяваць сёння і праводзіць палітыку супраць кітайскага народа і кіраўніцтва Кітая. Я ніколі на гэта не пайду, і вы мяне не купіце ў гэтым плане". Гэта была такая адкрытая размова", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Вось наша будучыня: мы для вас гатовы зрабіць усё, што вам трэба ў Еўропе, а вы для нас зробіце ўсё для таго, каб наша краіна засталася высокатэхналагічнай і мы маглі замяніць заходніх прадстаўнікоў, якія збеглі ад нас. Не канкрэтызуючы, не дэталізуючы. Шмат кітайцы нам дапамаглі, думаю, што і дапамагаць будуць", - сказаў Прэзідэнт.

У час размовы з журналістамі Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб адной з нядаўніх заяў Уладзіміра Зяленскага, што ён хацеў міру, а Прэзідэнт Беларусі прапаноўваў нанесці ўдар па Мазырскім НПЗ. "Слухайце, калі я гэта пачуў, мне стала дрэнна. Для мяне абсалютна было непрымальна - прапанаваць Зяленскаму нанесці ўдар па нашым НПЗ. Самаму лепшаму, я сказаў бы, у свеце заводу, які мы нядаўна мадэрнізавалі, уклаўшы туды вялізныя сродкі. Клянуся вам, што такога не было. Ну навошта ты гэта гаворыш? Ты дрэнны шоўмен, ты нават не Трамп. Гэтак нельга гаварыць, ты ж хлусіш!" - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што гэта яму было б не ў плюс: "Я павінен быў бы адказаць. Таму я ўцягваўся б у вайну". У той жа час, падкрэсліў беларускі лідар, ён рабіў усё, каб вайны не было.

"Што датычыцца міру ва Украіне, гэта пытанне не да мяне. Вы маю палітыку і пазіцыю ведаеце даўно. Тры туры мірных перагавораў адразу пасля пачатку канфлікту - СВА - прайшлі на нашай зямлі. І калі б я ў дэталях (расказаў. - Заўвага) або хто гэтыя першыя туры арганізоўваў, вы былі б уражаны. Гэтыя ўкраінцы, Зяленскі паводзіў сябе ненатуральна. Дамовіліся ў Гомелі першую сустрэчу правесці, дапусцім, у 11 раніцы, - яны прыехалі толькі да ночы. Шчыра скажу, я расіян ужо ўтрымліваў, гавару: "Не трэба ехаць! Абвінавачваць будуць потым, што мы не захацелі перагаворы", - расказаў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, так было ўвесь час. Потым украінскі бок захацеў весці перагаворы ўжо ў Белавежскай пушчы, далей ад граніцы з Расіяй. І гэта просьба была задаволена. Потым, пасля трох тураў мірных перагавораў у Беларусі, перагаворы перанеслі ў Стамбул. "Едзьце куды хочаце. У Казахстан, Стамбул... Толькі не спыняйце перагаворы. Гінуць людзі! Ужо тады было зразумела, колькі загіне людзей", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка, гаворачы пра сваё стаўленне да гэтага ў той перыяд.

"У гэтым годзе развязка нейкая будзе. Я не гавару, што закончыцца вайна і іншае. Канфліктаваць, напэўна, яшчэ доўга будуць. Але развязка будзе. Святло ў канцы тунэля з'явіцца ў бягучым годзе", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Мы прыхільнікі міру ва Украіне. Трэба цяпер улічваць усё. І Расіі (пазіцыю. - Заўвага). Без яе нікуды. Ніякая Амерыка ніколі Расію не прымусіць. Трамп не ідыёт, не дурань, ён так Пуціну не скажа. А калі скажа, гэта будзе на шкоду. Нельга панукаць і намі круціць-вярцець. У нас ёсць свае інтарэсы, а ў Расіі тым больш. Але мы не хочам вайны, мы не хочам гібелі людзей. Таму што загінуць мільёны. Каму гэта трэба? - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Трэба цяпер спыніцца. І гэта ў інтарэсах перш за ўсё Еўропы. Яны гэта разумеюць, але трэба адчапіцца ад гэтага "авіяносца" амерыканскага".

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, чаму Беларусь павінна быць за сталом перагавораў па Украіне.

"Часта круцяць-верцяць гэта пытанне, нібыта Лукашэнка страціць розум, калі не будзе за сталом перагавораў. Справа не ў Лукашэнку, тут няма асабістых амбіцый, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Тут два пытанні: нашы інтарэсы і бяспека ў рэгіёне. Я зыходзіў з гэтага".

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў: "Першае - нацыянальныя інтарэсы. Ёсць хаця б на гэтым кавалку зямлі нашы інтарэсы, беларускага народа? Ёсць. Другое. Я зыходзіў з таго, што гэта ж Валодзя Зяленскі ўвесь час прапагандуе гарантыі, спакой, бяспеку ў гэтым рэгіёне. І калі ты хочаш гэтых гарантый і спакою, то трэба, каб былі ўлічаны інтарэсы ўсіх, наколькі гэта магчыма. І да гэтага павінны быць прыцягнуты ўсе ўдзельнікі гэтага працэсу, хто жыве тут, у тым ліку і беларускія. Літоўцы, латышы, ды і палякі, яны ўсе туды рвуцца, і Зяленскі гэта вітае, і Захад. Чаму? Гэта наша прастора, без нас не можа быць поўнай бяспекі. Таму два пытанні - нашы інтарэсы і бяспека ў рэгіёне".

"Але каб я губляў розум, што вось, мы павінны быць за сталом перагавораў, - у мяне гэтага няма, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - Ну, без мяне будуць там вырашацца пытанні. Ну дык там будзе Прэзідэнт Расіі, без яго дакладна не будзе перагавораў. Вы што думаеце, ён беларускую пазіцыю не падтрымае, тым больш яна абсалютна няцяжкая ні для Расіі, ні для Украіны, ні для Захаду".

Прэзідэнт падкрэсліў: "Хачу сказаць, што няма такога, як некаторыя крычаць за межамі нашай краіны: вось Лукашэнка, з яго трэба браць нейкія абавязацельствы, патрабаваць выпускаць палітзняволеных з турмаў, таму што ён вельмі хоча быць за сталом перагавораў".

"Глупства поўнае. Мы, калі хочам, каб тут быў мір, спакой, павінны быць прыцягнуты - на будучае, каб было добра - да гэтых перагавораў. Вось мая пазіцыя, і нічога асабістага", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт расказаў аб сваім бачанні кампрамісу для міру ва Украіне.

"Кампраміс можа быць такі. Уладзімір Уладзіміравіч нядаўна сказаў: адыходзьце за межы граніц абласцей - Данбас, Луганская вобласць, потым Херсон, Запарожская вобласць. Туды - да граніц. Усё - спыняемся. Але, напэўна, не зусім... Таксама адыходзіць (украінскі бок. - Заўвага) на граніцы не будзе. Ну тады што? Ну тады вы не патрабуйце, каб мы вам вярнулі тэрыторыі і Азоўскае мора, якія некалі былі ўкраінскімі. Вось кампраміс, каб спыніцца на лініі сутыкнення. Магчымы. Гэта маё такое меркаванне. Але Валодзі Зяленскаму і Уладзіміру Пуціну лепш відаць. Яны там непасрэдна паглыблены ў гэта. Але кампраміс давядзецца знайсці. З разлікам на тое, што настане час, народы вызначацца, дзе ім жыць і якую валюту выкарыстоўваць. Народы! Толькі не трэба ім перашкаджаць. Але, зноў жа, гэта вырашаецца за сталом перагавораў", - сказаў Прэзідэнт.

"Цяжкі лёс чакае ўкраінскі народ, калі яны не вызначацца са сваім лідарам, са сваёй уладай і не зразумеюць, што ім трэба аднавіць краіну самім. Я нават не выключаю, што і Крым... Слухайце, прыйдзе новае пакаленне - адно, другое, трэцяе - і па Крыме вырашыцца пытанне, і па Данбасе па гэтым. Яшчэ невядома, можа, і граніц паміж дзяржавамі не будзе, - лічыць Аляксандр Лукашэнка. - Але трэба сёння зыходзіць з рэалій, з таго, што можна зрабіць. А не гаварыць: "Вось, цяпер Крым вернем!.." Ды ніколі Расія Крым не верне. Нават Захад ім гаворыць: "Гэта пытанне адрэзанае, вырашанае". Што, сёння расіяне выйдуць з тых тэрыторый, якія падкантрольныя расійскай арміі? Я не ўяўляю, што павінна здарыцца, каб яны выйшлі адтуль, дзе яны цяпер знаходзяцца. Таму, магчыма, ужо і гэта пытанне вырашанае".

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што граніца паміж Беларуссю і Украінай закрыта наглуха, але бакі падтрымліваюць пэўныя кантакты.

"У нас няма інфармацыі наконт жадання з таго боку адкрыць граніцу. Я прапаную вельмі часта ім", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларускі бок падтрымлівае пэўныя кантакты з украінцамі. Паводле яго слоў, Беларусь, у прыватнасці, аказвае садзейнічанне Расіі і Украіне ў абмене ваеннапалоннымі.

"Сотні даводзіцца абменьваць, і ўсё гэта робім мы. Украінцы з расіянамі не кантактуюць. Прывозяць з Украіны, прывозяць з Расіі ваеннапалонных або загінулых, і мы іх ужо бяром туды або перавозім адтуль сюды, - расказаў Прэзідэнт. - Мы вядзём абмены і дыялогі па-чалавечы, там, дзе трэба. А так граніца замініравана і забарыкадзіравана. У асноўным пад Гомелем гэты кантакт з украінцамі, і гэта нармальна".

Акрамя таго, у Беларусі прымаюць вялікую колькасць бежанцаў з Украіны, нагадаў Аляксандр Лукашэнка. У той жа час граніца застаецца закрытай наглуха.

Паводле слоў Прэзідэнта, толькі ў мінулым годзе ў Беларусь з Украіны, у асноўным тайна перасякаючы граніцу, прыбылі амаль 300 тыс. чалавек. "Калі мяне праінфармавалі, я не паверыў. Я гавару, пераправерце, можа, памыліліся. 300 тысяч чалавек да нас! Да агрэсара прыбылі. Дапамагаем ім", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Частка ўкраінцаў далей выбывае ў Польшчу, нехта ў Расію, застаюцца і ў Беларусі. "Вось вам дом, вось вам трактар, камбайн, завод, фабрыка - ідзіце працуйце. Вашым дзецям - бясплатную адукацыю, бясплатную ахову здароўя, у дзіцячы сад і іншае, і іншае. Вось такія нашы адносіны да ўкраінцаў, калі яны да нас прыязджаюць жыць. Да ўсіх", - заявіў беларускі лідар.

Прэзідэнт упэўнены, што Захад дакладна не зацікаўлены ў аднаўленні і развіцці Украіны для народа гэтай краіны. "І так ужо спустошылі, на калені паставілі. Не ведаю, як яны без нас, без Расіі будуць наогул выкарабквацца з гэтага. Пра іх хутка ўсе забудуць. Ніхто інвесціраваць ва Украіну дзеля ўкраінскага народа не будзе. Так, недзе нейкія радовішчы, недзе выгадныя кавалкі эканомікі транснацыянальныя кампаніі падбяруць. Зразумела, амерыканцы іх там або еўрапейцы будуць падтрымліваць. А каб краіну адбудаваць - толькі Расія зможа дапамагчы", - сказаў ён.

Але, як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, асноўную частку - працэнтаў 75 - павінен будзе зрабіць сам украінскі народ. "І гэты народ трэба мабілізаваць. І не кішэні набіваць, як гэта ў іх там у час вайны - красці і вывозіць за межы або купляць на Блакітным беразе нейкую ўласнасць. А трэба як Сталін: боты адзеў, адна кашуля, адзін шынель - і пайшоў. Таму трэба будзе мабілізоўвацца. Вось ад гэтага будзе залежаць далейшая (будучыня. - Заўвага) Украіны, - упэўнены Прэзідэнт. - Украінскі народ павінен некалі адвязацца па-сапраўднаму і выбраць свайго Прэзідэнта. Які ў адных ботах... Ну не трэба ў адных, няхай будзе дзве пары ботаў, два шынялі, - і пачаць аднаўляць краіну. І дамаўляцца перш за ўсё з суседзямі".

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што ўкраінскі народ чакае цяжкі лёс, калі яны не вызначацца са сваім лідарам і ўладай і не зразумеюць, што ім трэба аднавіць краіну самім.

Журналісты з Малдовы спыталі Кіраўніка беларускай дзяржавы, якой ён бачыць будучыню іх краіны.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што вельмі цёпла ставіцца да Малдовы, неаднаразова бываў у гэтай краіне ў савецкія часы і пазней, пасля чаго засталіся добрыя ўражанні. Ён перакананы, што ў Малдове ёсць усё для таго, каб квітнець. Але для гэтага цяпер трэба мабілізавацца, знаходзіць шляхі аб'яднання краіны, захоўваючы яе суверэнітэт, і ні ў якім разе не ламаць тую сістэму, якая ўжо выбудавана.

"Вазьміце галаву ў рукі і пачынайце адбудоўваць краіну. Лічыце, што ёсць нейкі разбураны фундамент, і паціху пачынайце яе выбудоўваць. Вопыт ёсць. Хочаце дапамогі - калі ласка, можам дапамагчы", - рэкамендаваў Прэзідэнт.

"У вас выбудавана сістэма эканомікі. Так, яна ў заняпадзе знаходзіцца, але сістэма ёсць. А калі ёсць сістэма, яе прасцей аднавіць. Я гэта ў Беларусі праходзіў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Я не гавару, што вы павінны пайсці нашым шляхам ці ў наш бок. Але навошта вы ламаеце тое, што стварылі? Я чалавек эвалюцыйнага развіцця. Давайце з таго, што ёсць, вырастайце як дзяржава (а яна ёсць у вас, суверэнная) або на Захад, або на Усход. Але толькі не ламайце тое, што ёсць. Будзе цяжка потым", - параіў Кіраўнік дзяржавы.

"Вам патрэбна цяпер моцная ўлада для таго, каб магла мабілізаваць народ, і трэба дамаўляцца, дзе толькі можна, - лічыць Аляксандр Лукашэнка. - Трэба на кагосьці абапірацца, таму дамаўляйцеся з тымі, хто не патрабуе ад вас нейкага злому, ломкі". На яго думку, ёсць магчымасці дасягаць дамоўленасці і з Расіяй, і з Захадам, але рабіць гэта трэба з пазіцыі ўласных, нацыянальных інтарэсаў.

Італьянскія журналісты спыталі кіраўніка беларускай дзяржавы пра яго стаўленне да рэзалюцыі Еўрапарламента, у якой савецкія сімвалы былі прыраўнаваны да нацысцкіх.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі вельмі добра ведаюць, што такое нацысцкая сімволіка. За гэтыя веды, на вялікі жаль, краіна заплаціла страшную цану. Страты Беларусі ў Вялікай Айчыннай вайне вялізныя, краіна была фактычна сцёрта з зямлі і яе давялося доўга аднаўляць.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на жэст Ілана Маска ў час інаўгурацыі Дональда Трампа. "Чым бы яны гэта ні абгрунтоўвалі, калі ён там зігуе адкрыта, гэта сталі нахабнымі амерыканцы ўжо і гэты Маск", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што Маску напэўна добра вядома, што гэты жэст асацыіруецца з нацысцкім. "Чаму яўрэі гэта спакойна праглынулі? Пад гэтым зігаваннем халакост быў учынены. Ні адзін яўрэй Маска не асудзіў і Трампу не сказаў: "Чаго вы робіце там!" - заўважыў беларускі лідар.

"Што ты выходзіш на экран і на мільёны людзей зігуеш? Каму ты дабро прыносіш? Мы ж з амерыканцамі супраць гэтага ваявалі. Гэта ўжо ачумелі і адурэлі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Павінен вам сказаць, што сіла, якая іх спыніць, ёсць. Яны ўсе веруючыя. Гасподзь Трампа сапраўды пашкадаваў (маецца на ўвазе няўдалы замах на Дональда Трампа. - Заўвага) не для таго, каб ён такую палітыку праводзіў і акружаў сябе такімі людзьмі. Гэта вар'яты, якія сталі нахабнымі і адурэлі ад вялікіх грошай. Трэба асуджаць за нацызм не нас і не Савецкі Саюз. А вось ён, жывы".

Акрамя таго, Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на актыўнае ўмяшанне ЗША ва ўнутраныя справы іншых краін. І ў гэтым плане, паводле яго слоў, Вялікабрытанія не выключэнне. "У Вялікабрытанію хутка падкінуць вам новае кіраўніцтва. З Вашынгтона прывязуць. Вось ваша палітыка, да чаго дайшлі. Таму супакойвайцеся і пачынайце адраджаць і ўстанаўліваць адносіны на Усходзе. Не абапірайцеся на адно крыло. А то мяне папракаеце: адны кажуць, што я сяджу на крэсле з адной ножкай, а другія - што на дзвюх. Дык вы вызначыцеся: вы на дзвюх седзіце або на крэсле з адной ножкай", - параіў Прэзідэнт.

"Дональд класны артыст, акцёр. Ён шоўмен, бізнесмен і іншае. Вельмі класны. Ён умее гэта рабіць. Мы таксама гэта ўмеем рабіць. Але ў яго характар такі, што ён не саромеецца гэта рабіць, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Як вопытны палітык павінен сказаць, што я не зусім разумею і не ведаю, што зменіцца ў нас у нашым рэгіёне пасля прыходу да ўлады Трампа".

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што Прэзідэнт такой краіны, як ЗША, павінен думаць аб тым, "як па той бок экрана цябе ацэняць". У гэтым плане Кіраўнік дзяржавы чарговы раз згадаў аб сваіх негатыўных эмоцыях ад прамовы Трампа на інаўгурацыі, у якой ён накінуўся з крытыкай на Джо Байдэна і Камалу Харыс.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што трэба менш звяртаць увагі на розныя заявы ў ЗША, якія ў першую чаргу разлічаны толькі на рэзананс у СМІ. "Гэта іх праблемы. Няхай яны гэтым займаюцца", - сказаў ён.

У гэтым плане Прэзідэнт параіў браць прыклад з Кітая, для якога гэта ў парадку дня 25-е пытанне.

"Трэба перастаць канцэнтраваць увагу нават на ім (размова пра Трампа. - Заўвага). Так, буйная эканоміка, трэць сусветнага ВУП. Ну і што? Дык гэта трэць. А астатняе дзе - у Кітаі, Індыі, у Расіі, іншых краінах. А рэсурсы якія? А Афрыка прачнулася - больш танцаваць не будзе пад бізуном ЗША. Гэта трэба разумець", - адзначае Кіраўнік дзяржавы.

Спакойна да гэтых розных заяў ставяцца і ў Турцыі, у прыватнасці Прэзідэнт Эрдаган. Журналіст з гэтай краіны і задаваў пытанне Аляксандру Лукашэнку.

"Мы па-турэцку да гэтага ставімся, спакойна. Мы не чакаем ад Амерыкі нейкіх падачак, але мы хочам з імі супрацоўнічаць, - сказаў беларускі лідар. - Разумеючы, што гэта ўсё ж такі вядучая краіна ў свеце, яна сур'ёзна ўплывае і на эканоміку ўнутры Беларусі, нашага саюза з Расіяй, на эканоміку Кітая. Уплыў аказвае на эканоміку ўсіх краін. Ну чаго нам сварыцца? Мы з Амерыкай глабальных пытанняў вырашаць у свеце не будзем, мы ведаем сваё месца".

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што цяперашні Прэзідэнт ЗША здольны на тое, каб павесці сябе "алагічна" ў параўнанні з традыцыйнай палітыкай ЗША. "Мы на гэта спадзяёмся", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён лічыць, што ў гэтым плане якраз карысна эпатажнасць і непрадказальнасць Дональда Трампа, які можа прыняць нечаканае алагічнае рашэнне. "Мы чакаем, каб ён прыняў такое нелагічнае рашэнне па Украіне. Калі зыходзіць з логікі і карыстацца ўкаранелымі крытэрыямі вырашэння такіх пытанняў, амерыканцы ніколі не пойдуць на тое, каб задаволіць патрабаванні і чаканні расійскага народа і Прэзідэнта. Гэта не ў іх інтарэсах. Але Трамп непрадказальны. Ён у гэтым плане можа "бабахнуць" і пайсці на тое, як ён паабяцаў - мір. І ён - "місія". Гасподзь яго вуха прастрэліў, а не галаву, каб ён усталяваў гэты мір. І ён прыхільны да гэтага ўнутры. Ён вельмі стойкі. Яго памочнікам і іншым цяжка паварушыць і некуды яго павярнуць. Значыць, ён можа павесці  сябе алагічна - не так, як нам цяпер здаецца", - заўважыў беларускі лідар.

У сувязі з гэтым ён лічыць, што дасягненне міру магчыма. "Але ў мяне 50/50. Думаю, амерыканцы будуць рабіць так, каб нам і Расіі было не вельмі добра", - лічыць ён.

Гаворачы пра Дональда Трампа, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ён ведае, што такое сям'я, дзеці, у адрозненне ад многіх іншых бяздзетных палітыкаў у ЗША.

Прэзідэнт спаслаўся на меркаванне аднаго свайго добрага сябра, які лічыць, што Трамп стаў іншым, вельмі веруючым чалавекам, і шмат што змянілася. "Калі веруючы чалавек, то павінен божымі гэтымі запаведзямі карыстацца. Прастрэліць вуха і застацца жывым (размова пра замах на Трампа ў час перадвыбарнай кампаніі. - Заўвага) - сапраўды Бог яго пашкадаваў, для нечага яго захаваў. Для чаго - зразумела. Каб рэалізоўваць запаведзі божыя", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Размаўляючы з журналістамі, Прэзідэнт Беларусі перасцярог кіраўніцтва Арменіі: "Яны пачалі заігрываць з ЕС. Небяспечная гульня. Супакойце яго там. Ён знішчыць Арменію. У яго праблема з аднаго боку - з усходу, у яго праблема з захаду. Ён яшчэ і Расію настройвае супраць сябе. Ён у акружэнні, невялікая тэрыторыя. Насельніцтва не гіганцкае. І ён акружыў сябе ворагамі. Вось, Еўрасаюз пачне яму там нечым дапамагаць... Яму што, не зразумела, што адбылося ва Украіне? Няхай, Украіна. Але Грузія побач (размова пра дэструктыўныя палітычныя падзеі, якія адбываюцца там пры актыўным удзеле Еўрасаюза. - Заўвага). Ён знішчыць краіну. Таму яго трэба ўціхамірыць. Нельга дапусціць вайны на Каўказе".

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаўся пра крыўду армянскага кіраўніцтва на Беларусь. "Яны на мяне крыўдзяцца, што я падтрымаў Азербайджан. Гасподзь з вамі, я заўсёды падтрымліваў разважлівасць, быў за тое, каб не было вайны, каб мы не біліся адзін з адным", - сказаў ён.

Прэзідэнт нагадаў, што ў свой час фактычна выконваў пасрэдніцкую функцыю паміж лідарамі Азербайджана і Арменіі, спрабуючы пасадзейнічаць мірнаму вырашэнню тэрытарыяльнай спрэчкі. І Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў займаў прагматычную пазіцыю, прапаноўваў эканамічнае супрацоўніцтва і інвестыцыі. "У Аліева нават не было мэты ваяваць з Арменіяй", - расказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што публічна агучваў гэтыя прапановы, у тым ліку ў Арменіі, але ў армянскага кіраўніцтва гэтыя прапановы развіцця не атрымалі. "Ваяваць пачалі. Я пры чым тут? Мы за тысячы кіламетраў жывём. Хіба я гэту вайну развязаў? - задаў рытарычнае пытанне кіраўнік дзяржавы. - Тое, што адбылося, вынікі гэтых бітваў - віна кіраўніцтва ў Арменіі. Толькі іх віна".

Больш таго, Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян сам у сваіх заявах прызнаў тэрытарыяльныя прэтэнзіі Азербайджана, калі мог гэтага і не рабіць. "Слухайце, мы з Пуціным ашалелі. Пуцін гаворыць: "Навошта ён гэта сказаў? Яго ж за язык ніхто не цягнуў". Пашынян жа сам адмовіўся ад Нагорнага Карабаха. Хоць у той момант Ільхам гатовы быў згадзіцца, што гэта тэрыторыя, дзе Арменія будзе мець сур'ёзны ўплыў. Але тут такі падарунак. Хто не скарыстаецца? Пры чым тут я? Але пытанне не ўва мне і ў Беларусі. Яны вырашылі (кіраўніцтва Арменіі. - Заўвага) "выстраліць" у мяне, але ведаеце, у каго яны хацелі трапіць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што ён і раней, і цяпер добра ставіцца да Арменіі і народа гэтай краіны. "Адукаваны народ, землі добрыя, ведаеце, як жыць і працаваць. Скарыстайцеся гэтым. Навошта вы з намі сварыцеся? Што гэта вам прынясе? Не страчвайце тое, што ў вас ёсць", - заклікаў ён.

Прэзідэнт расказаў, што раней, як толькі Нікол Пашынян стаў Прэм'ер-міністрам, у яго з ім былі "жорсткія сутыкненні": "Я, праўда, грубавата тады абышоўся, назваў яго сорасаўцам і гавару: "Ты прывядзеш Арменію да вайны!" Так і адбылося".

"І сёння ён на мяне крыўдзіцца. Чаго ты крыўдзішся? Я ж не ваяваў на баку Азербайджана. Ён гаворыць, зброю яны (Азербайджан. - Заўвага) у нас купляюць. Можа, Азербайджан і купляў. Але мы былі адкрыты і для Арменіі. Хто плаціў грошы, той і атрымліваў тавар", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Журналісты звярнулі ўвагу на вельмі цёплае і шчырае выступленне Прэзідэнта Беларусі ў час фіналу "Марафону адзінства".

"Я шчыра гаварыў. Шчырасць заўсёды падкупляе. Гэта канёк маёй палітыкі, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Што датычыцца таго, што я сказаў "без мяне", гэта к таму, каб у 2030 годзе ўсё было спакойна, бо я ж не вечны. Мяне ж збеглыя пахавалі ўжо. То я паміраю - не дай бог я недзе нейкую заразу падхапіў. Грып нейкі пайшоў. І я на хакеі, напэўна, грып гэты падхапіў. Шмат давозіцца гаварыць, і голас страціў".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Я не збіраюся паміраць яшчэ. Дай бог, каб у мяне было такое здароўе, як да гэтага часу, больш не хачу. Што датычыцца 2030 года, мы ўсе разумеем, што я не вечны. Магу сказаць - я не хацеў ісці на гэтыя выбары".

Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што чыноўнікі і людзі вылучылі яго кандыдатуру на выбары.

Напярэдадні выбараў Аляксандр Лукашэнка працаваў па сваім звычайным прэзідэнцкім графіку - былі запланаваны раней мерапрыемствы. "Але я нідзе не гаварыў: галасуйце за мяне", - падкрэсліў ён.

Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што Беларусь і ў далейшым будзе рухацца выбраным шляхам развіцця.

"Калі пяць гадоў таму мы бачылі, што ў нас ачумелых была пэўная колькасць, сёння Беларусь ужо іншая: прышчэпку атрымала. Мы не лёс свой вызначаем сёння, мы яго ўжо вызначылі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу на важнасць таго, што ў краіне захавана пераемнасць і ўсё грунтуецца на базе таго, што было дасягнута раней, у тым ліку і ў савецкія гады.

"Я заўсёды гаварыў, што не трэба адкідваць ранейшыя пакаленні. Мы нічога б не каштавалі, калі б не выкарыстоўвалі тое, што да нас пакаленні стварылі. І гэта жудасна, калі працавала пакаленне, пакаленне пераможцаў - і нехта прыйшоў і адкінуў гэта. У нас былі такія, і да чаго гэта прывяло, ва Украіне, у Прыбалтыцы. Ці то яшчэ будзе", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Ён выказаў меркаванне: "Трэба эвалюцыйна ўсё выбудоўваць, без рэвалюцый, і ўсё павінна ісці з мінулага. Будучае павінна быць заснавана на фундаменце мінулага. Мы ад гэтага не адмовіліся. Таму людзі і падтрымліваюць сёння гэты курс. Але наколькі - увечары даведаемся".

"Мы не лёс свой вызначаем сёння, мы яго даўно вызначылі. І гэты адзін дзень нічога не пераверне ў Беларусі. Мы пабудавалі тое, што сёння падабаецца народу", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Раней Прэзідэнт неаднаразова заяўляў, што ўлада ў краіне будзе перадавацца новаму пакаленню. "Маладое пакаленне - гэта не мой малодшы сын і не мой старэйшы сын", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт расказаў, што нядаўна прачытаў у "гадкіх рэсурсах", што "зняў з пасады" свайго старэйшага сына. Як вядома, раней Віктар Лукашэнка быў памочнікам Кіраўніка дзяржавы па пытаннях нацыянальнай бяспекі.

"Час прыйшоў. Мы ліквідавалі гэту пасаду. Размеркавалі (абавязкі. - Заўвага) паміж Дзяржсакратаром, ААЦ і КДБ. І нармальна цяпер працуем. Але я са здзіўленнем даведаўся, што я, аказваецца, свайго старэйшага сына адхіліў ад пасады. Самы паслухмяны у мяне - гэта старэйшы сын. І нібыта я ўжо малодшаму (ледзь ці не гавару. - Заўвага): "Будзеш Прэзідэнтам". Ды ён у страшным сне гэта сабе ўявіць не можа ўжо цяпер, і ніводны з маіх сыноў", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Але будучая пяцігодка - гэта пяцігодка маладых людзей. І настаў час нам, старэйшаму пакаленню, перадаць краіну. Не толькі ўладу. Я гаварыў пра пакаленне, не пра персаналіі. А вы ў мяне адразу: хто гэта будзе? Гэта будзе новае пакаленне. Зразумела, напэўна, будзе і новы Прэзідэнт, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Будзем пакрыху рыхтаваць новае пакаленне. Вы паглядзіце, будучыя прэзідэнты (хацелася б) - гэта цяперашнія губернатары, цяперашнія міністры, члены Урада, кіраўнікі палат парламентаў, вышэйшыя службовыя асобы. Гэта людзі ўжо зусім іншыя".

У той жа час Аляксандр Лукашэнка лічыць, што Прэзідэнт у Беларусі - гэта не жаночая пасада. "Жанчына не можа быць дыктатарам, а мужыкоў у нас ужо з'явілася нямала для таго, каб узначаліць наша кіраўніцтва, - сказаў ён. - І ў сферы культуры ў нас моцныя людзі ёсць, не шоўмены, а сапраўдныя. І ў сродках масавай інфармацыі. Паглядзіце, зусім новае пакаленне прыйшло", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, чаму гэты год будзе няпростым для Беларусі.

"Я зыходжу з цяперашняй сітуацыі. Вайна закончыцца - дай бог, будзе крыху лепш. Вы ж разумееце, што вайна на гэты рэгіён уплывае сур'ёзна. Я ўжо не гавару пра Расію, якая траціць вялікія грошы на вайну. Расія - наш саюзнік, наш асноўны рынак, куды мы пастаўляем прадукцыю, і наш асноўны пастаўшчык. Гэта значыць мы ўвязаны вельмі цесна. Зразумела, мы залежым адзін ад аднаго, асабліва мы ад Расіі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт канстатаваў, што ў Расіі цяпер няпростая эканамічная сітуацыя, а значыць, і ў Беларусі яна будзе няпростай.

"Таму я папярэджваю сваіх (і ва Урадзе, і міністраў, і губернатараў, і вытворцаў), што гэты год будзе няпросты і нам яго трэба вытрымаць, трэба мабілізоўвацца. Мы гэта пачалі ўжо рабіць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

У той жа час Беларусь стараецца дыверсіфікаваць рынкі збыту. Гэтаму, у прыватнасці, прысвечаны міжнародныя візіты кіраўніка дзяржавы. У бліжэйшым будучым Аляксандр Лукашэнка, напрыклад, плануе наведаць Кітай і КНДР.

У час размовы з журналістамі Прэзідэнт адказаў на пытанне аб ядзернай зброі. Паводле яго слоў, ядзерная зброя перш за ўсё служыць для стрымлівання. Не для таго, каб не прамокнуць пад ядзерным "дажджом", але каб гэтага "дажджу" наогул не было, вобразна выказаўся Кіраўнік дзяржавы.

"Ніхто з ядзернай краінай ваяваць не хоча і не будзе. Нават ЗША. Яны, як людзі, прагрэсіўныя ў гэтым плане, разумеюць - гэта катастрофа", - адзначыў беларускі лідар.

У гэтым плане ён адзначыў, што ў Трампа ёсць сям'я, дзеці, і ён ведае, што гэта такое. У адрозненне ад многіх іншых бяздзетных палітыкаў.

"Што датычыцца бяспекі, гэта важнейшае пытанне нашых адносін з Прэзідэнтам Пуціным і з Расіяй. Ніколі не было перагавораў, сустрэч і проста размоў, каб мы не абмяркоўвалі гэтыя праблемы. У нас няма закрытых тэм у гэтай частцы, ды і наогул у адносінах з Расіяй", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт згадаў аб нядаўняй заяве Сакратара Савета Бяспекі РФ Сяргея Шайгу, што расійскі "ядзерны парасон" забяспечвае абарону Рэспублікі Беларусь у тых жа рамачных сцэнарыях, у якіх Расія дапускае ядзернае рэагаванне для ўласнай абароны. "Ён канстатаваў вельмі важны факт. І павінен сказаць, што ў Беларусі з'явілася ядзерная зброя ў многім дзякуючы Сяргею Шайгу. Ён быў прыхільнікам таго, каб Беларусь валодала сваім гэтым, няхай невялікім, але дастатковым "парасонам" ад ядзернага "дажджу", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адказаў на пытанне аб размяшчэнні расійскага ракетнага комплексу "Арэшнік" у Беларусі.

"Туды, бліжэй да Смаленска. Я так мару. А там паглядзім. Трэба вызначаная адлегласць. Дрэнна, калі твае аб'екты паражэння вельмі блізка. Але і калі вельмі далёка, меншую нагрузку яны могуць несці. Таму я разглядаю недзе каля вас (Расіі. - Заўвага). Тым больш, гэта ж агульная зброя. Але я не гавару, што пад Смаленскам. Я проста цяпер так думаю", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Адказваючы на пытанне аб тэрмінах паставак у Беларусь "Арэшніка", Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што ён з Уладзімірам Пуціным тэрміны не вызначаў. "Па-першае, гэта не гарыць. Я, вядома, разумею, што і ў Расіі "Арэшнік" гэты патрэбны і гэтак далей. Ну і потым, гэта не так проста. Калі я сказаў "10 комплексаў", я пажартаваў, - сказаў Прэзідэнт. - Гэта шалёныя грошы. І прамысловасць Расіі не толькі ж "Арэшнікі" вырабляе. Я гэта разумею. Дастаткова аднаго комплексу "Арэшніка", каб засцерагчы Беларусь ад небяспекі. Але яны патрэбны і ў Расіі. І мы не агаворвалі канкрэтныя тэрміны. Не гарыць. Для таго, каб Беларусі абараняцца, у нас дастаткова (іншага ўзбраення. - Заўвага)".

"Трэба - мы яшчэ ў Расіі сёе-тое возьмем і папросім. Ну а калі ўжо вельмі нешта надзвычайнае і патрэбны будзе "Арэшнік", ну дык мы ўвядзём яго з Расіі - тыя, якія ў іх сёння ёсць. У нас гэта па бяспецы тэрыторыя, якая падлягае абароне агульнымі намаганнямі, створана сумесная групоўка Беларусі і Расіі. Якая б вайна ва Украіне ні ішла, а гэта групоўка ў нас існуе", - дадаў Прэзідэнт.

Ён таксама адзначыў, што планы дыслацыраваць "Арэшнік" у Беларусі - гэта ў адказ на жаданне і магчымасць размяшчэння амерыканскіх ракет сярэдняй далёкасці ў Еўропе. "Таму калі яны адмовяцца ад гэтага, тады я старэйшаму брату скажу: "Давай пачакаем". Няважна, будуць яны ў Смаленску ці ў Оршы. Для нас не важна. А нам важна, каб амерыканскія ракеты сярэдняй далёкасці не трапілі на тэрыторыю Еўропы, таму што яны могуць быць аснашчаны і ядзерным кампанентам. Калі гаварыць шчыра", - заявіў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, першую ўстаноўку "Арэшніка" размесцяць, як толькі яна будзе выраблена ў Расіі.

Адно з пытанняў журналістаў было аб тым, куды Прэзідэнт зробіць свой першы афіцыйны візіт у выпадку перамогі на выбарах.

"Мы з Уладзімірам Уладзіміравічам (Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. - Заўвага) нядаўна абмяркоўвалі гэту тэму: "Слухай, будзе дзіўным, калі я паеду куды-небудзь, а не ў Маскву" - "Аляксандр Рыгоравіч, мы заўсёды Вас чакаем". Вось такая была размова. Зразумела, гэта будзе не проста дзіўна, гэта будзе незразумела для многіх. Таму я планую, што мы сустрэнемся з Прэзідэнтам Расіі ў Маскве і, як належыць афіцыйным візітам, правядзём адпаведныя кантакты і перагаворы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Я наогул афіцыёзу гэтага не люблю. Я люблю рабочыя сустрэчы: сустрэліся, пагаварылі (да ночы ў нас заўсёды гэтыя перагаворы зацягваюцца). Але гэта ж сігналы для грамадства. Таму я планую наведаць Расійскую Федэрацыю", - сказаў Прэзідэнт і тут жа дадаў, што гэта было правакацыйнае пытанне.

"Вось вы мяне справакавалі. А Стыў (журналіст ВВС Стыў Розенберг. - Заўвага) цяпер скажа, што я ўжо ведаю, што выйграю. Стыў, гэта не я сказаў! - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Я, напэўна, дарэмна засяродзіў на гэтым увагу, таму што Стыў прапусціў гэты момант. Добра, няхай гавораць. Усё роўна будуць гаварыць".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што збеглыя, якія падтрымліваюцца спонсарамі, стратэгічна рыхтуюцца да 2030 года, а пакуль чакаюць зручнага моманту, выпадку. "Калі выпадак прадставіцца, за мяжой усё гатова, - сказаў Прэзідэнт. - У іх усё гатова - ваенны складнік, каб зайсці (на тэрыторыю Беларусі. - Заўвага) і падцягнуць натаўскія войскі з Польшчы, Літвы".

"Калі момант з'явіцца, будзе незадаволенасць людзей і іншае, - яны гатовы. Гэта іх тактыка. І стратэгічна яны рыхтуюцца да 2030 года. Пад гэта ствараюцца структуры і фінансуюцца", - дадаў беларускі лідар. Зрэшты, цяпер шэрагі збеглых ахапіла паніка, таму што Дональд Трамп заявіў аб скарачэнні праграм і фінансавання.

"Што датычыцца палітзняволеных. Вы нікому не верце, што на мяне нехта націснуў, што гэта хтосьці са збеглых. Наогул з імі не маем ніякіх адносін..." - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён растлумачыў, што памілаваны былі тыя, хто, па-першае, папрасіў аб памілаванні. Па-другое, пры прыняцці гэтых рашэнняў Прэзідэнт зыходзіў з прынцыпаў гуманнасці. Сярод памілаваных былі людзі пажылога ўзросту, з сур'ёзнымі захворваннямі.

Аднак не ўсе сярод зняволеных гатовы пісаць прашэнне аб памілаванні. "Усё ў вашых руках. Прасіце - будзем разглядаць", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што ў Беларусі няма палітзняволенных. "Яны парушылі Крымінальны кодэкс. Калі каму-небудзь цікава, мы можам крымінальную справу паказаць і паказаць, якія артыкулы закону парушаны, - сказаў Прэзідэнт. - Вызваляем гэтых людзей зыходзячы з прынцыпаў гуманнасці, выключна зыходзячы з прынцыпаў гуманнасці. А не таму, што нехта захацеў".

Паводле слоў Прэзідэнта, ёсць і звароты з замежных краін, у прыватнасці з ЗША, наконт іх грамадзян, якія былі асуджаны. "Мы іх чуем. Мы непасрэдна, без усялякіх нашых "опаў" (апазіцыянераў. - Заўвага) вядзём з імі дыялог. Думаю, і там, і тут людзі разумныя, дамовімся. Калі яны не забівалі, не гвалтавалі, мы разгледзім гэта пытанне. Але калі яны груба парушылі Крымінальны кодэкс, я не магу гэта зрабіць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Публічна вам заяўляю, што мы не хочам выкарыстоўваць працэс вызвалення гэтых крымінальнікаў дзеля таго, каб даць сігнал Захаду. Пляваць я хацеў на гэты Захад", - заявіў Кіраўнік дзяржавы. Ва ўмовах уведзеных з боку Захаду санкцый Беларусі сапраўды давялося сутыкнуцца з некаторымі цяжкасцямі, адзначыў ён, але ў краіны хапае партнёраў, на дадзеным этапе ёсць дамоўленасць з імі аб тым, каб дзейнічаць разам. А вось Захад сваімі дзеяннямі рэгулярна дэманструе ўсяму свету, што проста кідае сваіх саюзнікаў.

"Мы з расіянамі маем добрыя адносіны, вы гэта бачыце, яны палепшыліся. З Кітаем маем добрыя адносіны, сяброўскія (так было, так і ёсць), з іншымі краінамі. Ну, не хочуць мяне бачыць у Польшчы - пераб'юся я неяк, вытрымаю", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Або іншы прыклад - Украіна, дзе нібы ў горшы бок змянілася стаўленне да Беларусі і яе лідара пасля пачатку ваенных дзеянняў. "Я ведаю меркаванне ўкраінскага народа пра Беларусь і беларускага Прэзідэнта. Гэта так хочацца ўладзе - зрабіць з мяне нейкага нягодніка. Так, некаторыя людзі паверылі ў прапаганду… Але прыйдзе час, разбяруцца, хто мае рацыю, хто вінаваты, і спытаюць, з каго трэба. Але трэба сваю віну спіхнуць на каго-небудзь. На каго? На Пуціна і Лукашэнку - вось два "агрэсары". Пакуль яшчэ ніхто не разбіраецца, хто мае рацыю, хто вінаваты", - заўважыў беларускі лідар.

Яшчэ адно пытанне, зададзенае Кіраўніку дзяржавы, датычылася магчымай міратворчай місіі краін Захаду, каб ахоўваць граніцы ў выпадку дасягнення перамір'я ва Украіне.

"Калі ў імя даверу і справядлівасці, то, акрамя беларускай арміі, у іх нічога няма. Гэта не значыць, што я пашлю ў якасці міратворцаў сваю армію туды - 70 тыс. - там іх выстраю. Але дзеля таго, каб было так, як дамовяцца - гэта толькі беларуская. Іншых няма. Усе астатнія будуць цягнуць або на Захад, або на Усход. Таму дамовіцца яны могуць толькі пра беларускіх міратворцаў", - упэўнены беларускі лідар.

"Але, каб вы разумелі, я туды не рвуся і, хутчэй за ўсё, я сваіх людзей (на сённяшні дзень) туды не збіраюся адпраўляць - міратворцаў. Не збіраюся. Але беларусы толькі могуць забяспечыць паміж сярэднім і старэйшым братам нармальныя ўзаемаадносіны", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аднак ён лічыць, што не толькі ўкраінцы, але і Захад з гэтым не пагодзіцца. "Ім трэба прапхнуць сваіх. Але гэта не вельмі будзе задавальняць расійскі бок. Калі будзе прынята рашэнне аб увядзенні міратворчага кантынгенту, гэта будзе вельмі сур'ёзная спрэчка. Хто слабейшым будзе, той і пагодзіцца на гэтыя варыянты", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Што датычыцца Расіі і міратворчых сіл (заходніх. - Заўвага) на лініі размежавання, то гэта справа Прэзідэнта Расіі. Не думаю, што ён будзе ў захапленні. Але гэта будзе вызначацца на перагаворах, калі там будуць нейкія міратворцы. Яны (на Захадзе. - Заўвага) хочуць, каб гэта была пяцізначная лічба - 50-70 тыс. чалавек. Гэта вялікая армія", - заявіў Прэзідэнт.

Што датычыцца беларуска-ўкраінскай граніцы, то Аляксандр Лукашэнка гатовы да любога развіцця падзей: "Яны могуць прысылаць са свайго боку каго яны хочуць. Мне ўсё роўна, каго яны паставяць па той бок граніцы. Крок налева, крок направа за межы дзяржаўнай граніцы - вы ведаеце нашу рэакцыю. Таму гэта іх справа".

На прэс-канферэнцыі ў Прэзідэнта спыталі і пра крыптавалюту. "У Беларусі мы працуем над стварэннем крыптавалюты. Лішкі электраэнергіі ў нас ёсць", - адказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Задача такая пастаўлена спецыялістам, Ураду, і нядаўна мне нашы айцішнікі прыслалі пісьмо", - прадоўжыў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў: "Нам прапануюць гэты напрамак. Яны самі прапануюць, але трэба ім дапамагчы (як некалі я ствараў парк) - папрацаваць над штучным інтэлектам і над крыптавалютай".

"Нам гэта нармальна - разлікі весці ў крыпце. Мы займаемся стварэннем крыптавалюты ў Беларусі. У нас лішкі электраэнергіі ёсць. Мы паспяхова гэта выкарыстоўваем", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Размова таксама зайшла пра небяспечныя вынікі развіцця нейрасетак і неабходнасць заканадаўчага ўрэгулявання гэтых пытанняў, як гэта робяць у некаторых краінах. 

"Цяпер мы вывучаем гэты пласт. Мы толькі на пачатковай стадыі, але будзем ісці хутка", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Небяспека нейрасетак не толькі ў тым, што яны будуць вяшчаць нечымі галасамі. Гэта мы растлумачым людзям. Калі будзе надзвычайна -  гэта раўнасільна вайне, - мы будзем па-ваеннаму дзейнічаць, але сваю краіну мы не аддадзім. Мы прыменім усе метады, у гэтым можаце не сумнявацца. Будзем дзейнічаць жорстка, рашуча", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што, калі быў у ААЭ, якраз вялікую ўвагу ўдзяліў тэме развіцця штучнага інтэлекту. "Эміратцы вельмі паглыблены ў гэту тэму", - заўважыў Прэзідэнт.

Ён таксама звярнуў увагу: "Нядаўна Генеральны сакратар ААН заявіў, і гэта таксама меркаванне сусветных спецыялістаў: чалавецтва сёння не ўмее кантраляваць і кіраваць штучным інтэлектам, гэта можа прывесці да гібелі ўсяго чалавецтва".

Закранаючы тэму заканадаўчага рэгулявання звязаных са штучным інтэлектам пытанняў, Кіраўнік дзяржавы адзначыў: "Мы цяпер гэты пласт вывучаем для таго, каб прыняць адпаведнае рашэнне. І калі нам трэба пайсці нейкім шляхам, мы пойдзем кітайскім шляхам, жорстка абараняючы сваю краіну".

Ён таксама прадоўжыў: "Мы ведаем, што могуць падрабіць асобу, але "прышчэпку" людзям мы зрабіць можам. Галоўнае, каб тыя, хто наперадзе нас, гэта перш за ўсё ЗША (Кітай супраць нас не будзе змагацца), каб яны не разбурылі нам краіну. І калі амерыканцы, інвесціраваўшы туды паўтрыльёна долараў, думаюць, што яны, апярэдзіўшы іншых, на гэтым нешта атрымаюць, яны могуць атрымаць адваротны эфект. Вакол Трампа, бізнесмена, мільярдэра, круцяцца такія ж мільярдэры як Маск, яны няхай думаюць яшчэ і аб тым, што гэта можа быць накіравана супраць іх. Яны гэтага звера з клеткі выпусцяць і ён выскаліць зубы супраць іх".

Разам з гэтым Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, наколькі Кітай старанна падыходзіць да выбару канкрэтных напрамкаў для выкарыстання штучнага інтэлекту - гэта тыя напрамкі, якія важныя для грамадства, дапусцім, медыцына, абарона. Прэзідэнт Беларусі выказаў захапленне сучаснымі дасягненнямі Кітая.

Адказваючы на пытанне прадстаўніка польскага СМІ, Аляксандр Лукашэнка заявіў: "Польшча праводзіць супраць Беларусі самую агрэсіўную і дрэнную палітыку. Я нічога не прыдумваю. Мы - вашы суседзі, мы шмат гадоў жылі ў адной дзяржаве. Дрэнна, добра... Вы сёння прэтэндуеце на Заходнюю Беларусь да Мінска, пра Заходнюю Украіну пачалі ўжо гаварыць. Навошта вам гэта імперства? Вы ж разумееце, што вы ў нас нават метра тэрыторыі не атрымаеце. Гэта наша тэрыторыя. У нас жывуць палякі, але гэта мае палякі. Таму ў вас нейкія пасылы дзікія ідуць, калі вы спрабуеце абгрунтаваць тую ці іншую тэндэнцыю ў вашай палітыцы". 

"Мы хочам з вамі жыць, нармальна жыць. Мы для вас заўсёды былі сябрамі і хочам жыць у дружбе, - падкрэсліў беларускі лідар. - Купілі вы ў карэйцаў танкі, ну і бог з вамі. Не крычыце, што вы там супраць Расіі. Якой Расіі? Вы ж мяжуеце не з Расіяй, вы ж мяжуеце з Беларуссю. З Калінінградам хочаце там раскрычацца? Не раю. І вы разумееце, што гэта немагчыма. Таму ў вас ненармальная нейкая ў гэтым плане палітыка".

Адказваючы на пытанне аб выкліках у сферы нелегальнай міграцыі, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Польшча па камандзе Еўрасаюза і ЗША ўвяла супраць Беларусі санкцыі, нягледзячы на цесныя бізнес-кантакты з польскімі прадпрымальнікамі. 

"Што такое санкцыі? Гэта ўдушэнне майго народа і мяне. Гэта пятля на шыі. Вы накінулі пятлю на шыю. І вы што, хочаце, каб я абараняў вас? І я адкрыта сказаў: "Я не буду вас абараняць, таму што вы душыце мой народ. Санкцыі - гэта перш за ўсё супраць народа", - сказаў Прэзідэнт. 

Больш таго, у 2020 годзе ішло прамое ўмяшанне не толькі ў выбарчы працэс, але і з тэрыторыі Польшчы накіроўваліся спробы разваліць краіну. 

Прадаўжаючы тэму сітуацыі на граніцы, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў Польшчы пабудавалі сцяну, нібыта спрабуючы абараніцца ад мігрантаў. Пры тым, што праз Беларусь у ЕС ідзе толькі малая доля мігрантаў ад агульнага патоку. "Вы ж іх забіваеце і закопваеце ў лесе. Журналістаў туды не пускаюць", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. 

"Поўная карупцыя, хлусня. Ведаеце, колькі трэба часу мігрантам, каб пераадолець вашу сцяну, - 10 мінут пад, 15 мінут праз. А яны ж плацяць добрыя грошы вашым там, якія ахоўваюць граніцу. Яны (пагранічнікі. - Заўвага) проста адварочваюцца. Вось ваша палітыка. Якія прэтэнзіі да мяне? Мы ж для палякаў бязвіз арганізавалі. Мы адкрытыя для вас. А вы сваіх людзей да нас не пускаеце. Таму што яны праўду з Беларусі прывязуць. Што беларусы любяць палякаў, што яны да іх ставяцца па-чалавечы, як да суседзяў, талерантная, добрая, цудоўная краіна", - сказаў Прэзідэнт. 

"Чаму вы на нас глядзіце праз ствол гарматы або праз прыцэл аўтамата? Мы не збіраемся на вас нападаць. Навошта? Мы ж не зможам вас перамагчы. Але і вы павінны ведаць, што вы нас не пераможаце ніколі. Нават калі б у нас не было Расіі, ядзернай зброі, яшчэ нечага. Гэта наша зямля", - падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы агучыў і цалкам канкрэтную перасцярогу: "У вас няпростая сітуацыя. Вы там пасварыліся з немцамі, ёсць вельмі сур'ёзныя праблемы. І з намі. Вы што, на два франты "ваяваць" хочаце? Вы гатовы зайсці ў Заходнюю Украіну. Паспрабуйце толькі. Будзеце мець тады справу і з Беларуссю, і з Расіяй. Не трэба лезці ва Украіну. Заходняя Украіна - гэта Украіна. Яна ўжо ніколі не будзе Польшчай. Так, як і Заходняя Беларусь".

"Аляксандр Квасьнеўскі, былы Прэзідэнт (Польшчы. - Заўвага), разумную думку нядаўна сказаў пра амерыканцаў і вас: калі вы думаеце, што вы будзеце пад амерыканцамі або на амерыканскім кані тут скакаць і заўсёды будзеце дружыць з Амерыкай, - памыляецеся. Будзе, як з Украінай. Улада памяняецца і вы застаняцеся пры ўласных інтарэсах. А тут з намі жыць вы будзеце заўсёды. З Расіяй, з намі, з прыбалтамі. У вас і з Літвой не вельмі добрыя адносіны. І з Украінай, мы гэта бачым. Навошта вам гэта? Вы хочаце быць апорай ЗША ў Еўропе? Вельмі дарэмна. Палякі гэту палітыку не падтрымаюць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён яшчэ раз заклікаў Польшчу жыць дружна: "Калі вы хочаце, каб было добра, - здымайце санкцыі, давайце супрацоўнічаць разам". 

"Я хачу, каб у нас былі нармальныя адносіны. Паверце, у Беларусі ніколі больш не будзе Прэзідэнта другога, які б так хацеў добрых адносін з палякамі. Ну які гэты "гонар" польскі вас адолеў? Чаму вы да нас так ставіцеся? Нікога не слухайце, што мы настроены супраць вас. Што Расія на вас хоча напасці. У нас сваёй зямлі хапае. У нас няма ніякай неабходнасці на вас нападаць або супраць вас весці вайну. Выкіньце вы з галавы гэта", - сказаў Прэзідэнт.

"Перастаньце закупляць танкі. Трактары купляйце. Фермеры ў вас ужо ходзяць, прабачце мне, гноем закідваюць вашы офісы. А заўтра ў іх не будзе на чым зямлю араць і апрацоўваць, - заклікаў Аляксандр Лукашэнка. - Давайце зямлю араць, давайце гандляваць, давайце супрацоўнічаць разам. Давайце жыць дружна!"

Прэзідэнт таксама заўважыў, што камплектуюць "харугвы" - камплектуюць баявыя атрады, у складзе якіх пасылаюць у тым ліку і беларусаў на гібель ва Украіну. "Вы іх там фарміруеце, утрымліваеце для таго, каб у патрэбны момант перакінуць праз нашу граніцу. Як я ў сувязі з гэтым павінен да вас (Польшчы. - Заўвага) ставіцца? Вы рыхтуецеся супраць нас арганізаваць інтэрвенцыю. Мне ж даводзіцца цяпер узмацняць граніцу, ствараць там апорныя пункты, умацраёны. Нам супраць нашых славян, супраць нашых палякаў даводзіцца сёння ствараць гэтыя апорныя пункты, каб абараніцца, здавалася б, ад сваіх людзей", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пасля таго як Прэзідэнт адказаў на пытанне польскага журналіста, Прэс-сакратар Кіраўніка дзяржавы Наталля Эйсмант агучыла свежую заяву кіраўніка польскага МЗС наконт непрызнання выбараў у Беларусі. У гэтай заяве гаварылася ў тым ліку і аб "агрэсіі Расіі" і расійскага лідара.

"Навошта вы чапляеце Расію? Ну што ў вас праблем не хапае? Сікорскі ж вопытны чалавек. Мы з ім сустракаліся, размаўлялі. Чаго яму карціць наконт нашых выбараў? Ён няхай думае, што будзе заўтра. Сёння гноем закідалі Міністэрства замежных спраў польскія сяляне. А заўтра? Таму супакойцеся! Мы што, пра вас нешта гаворым? Не", - адрэагаваў Прэзідэнт.

Ён нагадаў, што ў Польшчы ў маі свае выбары. "Але мы не будзем у іх умешвацца. А калі хочаце, можам паказаць, што мы нешта ўмеем. Са штучным інтэлектам, IT-тэхналогіямі і іншым. Але мы такой мэты не ставім. Нам гэта не патрэбна. Мы не хочам эскалацыі, мы не будзем гэта рабіць. А мы з вамі людзі веруючыя. Мы хрысціяне. Не дай бог Ён гэта ўбачыць і пачне разбірацца. Мала не падасца. Нам, але вам тым больш. Таму давайце жыць дружна!" - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Звяртаючыся да польскага журналіста, Прэзідэнт дадаў: "Сікорскаму чыркані, што няхай свой нос не суе, куды яго не просяць".

Кіраўнік дзяржавы адказаў на пытанне прадстаўнікоў брытанскіх СМІ, ці можна крытыкаваць альтэрнатыўным кандыдатам дзеючую ўладу ў краіне. 

"Гэта ў вас не проста крытыкуюць уладу, а ганьбяць яе як хочуць. Ёсць краіны, дзе ўладу не крытыкуюць, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Далей. Калі вы гаворыце, што мы забаранілі крытыкаваць уладу, факты. Называйце факты, хто. Нам гэта не трэба. Ніякія забароны: ні на граніцы, ні вашы перамяшчэнні - нам гэта не трэба, таму што мы ведаем, што народ павінен нас падтрымаць, таму што лепш сініца ў руках, чым журавель у небе". 

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што яго праграма не супярэчыць праграме кандыдата ад Камуністычнай партыі. Чаму тады ён павінен крытыкаваць уладу, задаўся пытаннем Прэзідэнт. 

"Канапацкая крытыкуе цяперашнюю ўладу, вы проста не ў тэме. Яна супраць прэзідэнцкай улады, за парламенцкую рэспубліку, прыватызацыю прадпрыемстваў, зямель і гэтак далей. Яна зусім альтэрнатыўную палітыку праводзіць, якую хацелі б бачыць у тым ліку англічане ў нас. Але робіць гэта цывілізавана. Не так, як крычаць гвалтам у Амерыцы", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. 

Ён падкрэсліў, што крытыка павінна быць абгрунтаванай і цывілізаванай. "Мы рот закрываць не будзем і не закрываем. Гаварыце. Але мы пяць гадоў праводзілі такую палітыку, каб народ не абвінаваціў нас. Вось і вынік, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Я нікому нічога не забараняў, перш за ўсё таму, што мне гэтага не трэба. Гэта было б на шкоду".

На прэс-канферэнцыі Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь забяспечвае сябе самым неабходным, без чаго людзі не могуць абыходзіцца. У краіне вырабляецца дастаткова прадуктаў харчавання выдатнай якасці. Больш таго, яны экспартуюцца ў многія краіны. Захаваная з савецкіх часоў прамысловасць, якая развіваецца і таксама пастаўляе сваю прадукцыю на экспарт, дзеліцца сваімі тэхналогіямі з іншымі краінамі.

"Для жыцця чалавека мы забяспечылі ўсё, але трэба развівацца. Трэба вырабляць тавар, які прынясе валюту. Мы стварылі БНБК, ствараем іншыя прадпрыемствы, якія, магчыма, нам і не патрэбны ў краіне, але вялікі попыт на міжнародных рынках", - сказаў Прэзідэнт.

У апошнія гады Беларусь уцягнута ў працэс імпартазамяшчэння, які актывізаваўся ў Расіі пасля ўвядзення санкцый. "Я ўжо расіян пачынаю агітаваць: пацярпіце, давайце не на "Мерседэсах" будзем перамяшчацца пакуль, а на "Масквічах", "Ладах". Нядрэнныя ж… Тэхналогіі таксама яны (заходнікі. - Заўвага) прывозілі. Давайце паднапружвацца, мабілізоўвацца, і праз некаторы час мы дагонім іх, мы ўмеем многае рабіць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Сумесная беларуска-расійская работа па імпартазамяшчэнні выгадная для абедзвюх краін, упэўнены Прэзідэнт. "У нас гэты працэс сур'ёзна рухаецца наперад. Мы ўжо дайшлі да імпартазамяшчэння нават у выбарчым працэсе", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, Беларусь і Расія забяспечылі сабе "выбарчы суверэнітэт" на аснове свайго заканадаўства, а не нейкіх міфічных "дэмакратычных каштоўнасцей і прынцыпаў". "Мы зрабілі сваё, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Ужо не па вашым шляху ідзём, ужо сваім шляхам ідзём, але ўлічваючы ваш вопыт".

Аляксандр Лукашэнка назваў важным супрацоўніцтва з краінамі Лацінскай Амерыкі.

"Паколькі нам даводзіцца цяпер дыверсіфікаваць гандлёва-эканамічныя адносіны, то Беларусь шукае пункты апоры ва ўсім свеце. Гэта прадукцыя на мільярды долараў, якая не толькі ў Беларусі вырабляецца, а ў многіх краінах. Праз жорсткую канкурэнцыю даводзіцца праходзіць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Асобна Прэзідэнт спыніўся на ўзаемадзеянні з Венесуэлай: "Мы не настолькі марнатраўныя, каб раскідвацца нашымі дасягненнямі. А адносіны з Венесуэлай - гэта наша дасягненне, яшчэ з часоў Уга Чавеса".

Аляксандр Лукашэнка расказаў аб тым, як шмат было зроблена ў беларуска-венесуэльскім узаемадзеянні. "Мы пабудавалі ў вас трактарны, аўтамабільны, цагельны заводы, цэлыя гарады і пасёлкі, тое, што прасіў Уга Чавес. Таму мы ні ў якім разе не хацелі б страціць Венесуэлу і падтрымліваем гэтыя адносіны", - адзначыў ён.

Прэзідэнт таксама расказаў: "Нядаўна наша ўрадавая дэлегацыя наведвала краіны Карыбскага басейна, уключаючы Венесуэлу, Нікарагуа, Кубу. Гэта значыць, у нас ёсць пункты, дзе мы прадоўжым развіваць пачатае".

Ён звярнуў увагу на цікавасць да яшчэ адной краіны: "Мы спрабуем выбудаваць адносіны з вялізнай краінай - Бразіліяй. Мы ведаем, што ў іх па пэўных таварах вялікі інтарэс да Беларусі. У нас вялікі інтарэс не толькі па самалётах, але гэта адзін з напрамкаў, які мы хацелі б зачапіць".

"Мы будзем падтрымліваць адносіны і з Кубай, Нікарагуа, Мексікай, Венесуэлай і Бразіліяй. Калі мы гэта выбудуем, гэта будзе добра", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, Прэзідэнт адзначыў: "Хацелася б, каб мы супрацоўнічалі з ЗША, Канадай і, можа, з Грэнландыяй. Мы ад гэтага не адмаўляемся".

Кіраўніка дзяржавы спыталі, ці ідзе цяпер пошук пераемніка для кіравання краінай у будучым.

"Я гэтага пераемніка не шукаю. Ці шукае Наталля Іванаўна (Качанава. - Заўвага) або Уладзімір Яўгенавіч (Кухараў. - Заўвага), я не ведаю. Але, напэўна, прадумваюць", - сказаў у адказ Аляксандр Лукашэнка. Разам з тым яму не ўсё-роўна, хто будзе на чале ўлады ў краіне. "Але мы пакуль жывём гэтымі выбарамі. Пасля выбараў будзем думаць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што цяпер трэба думаць перш за ўсё аб тым, як паспяхова прайсці 2025 год, развіваючы супрацоўніцтва з Расіяй, і як выбудоўваць будучыню краіны такім чынам, каб не трапіць у залежнасць у тым ліку ад краін Захаду. "Мы выбудуем. Французы, італьянцы (і іншыя. - Заўвага) павінны ведаць, што мы выбудуем сваё жыццё. Нічога вы з намі не зробіце", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адказаў на пытанне, ці апошнія гэта яго выбары.

"Я паміраць не збіраюся. Прыйдзе час, над гэтым падумаем", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Я за вас адказваю, нясу адказнасць", - адзначыў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што работа Прэзідэнта - гэта не тое, што "ты ўладу ўзяў і за яе трымаешся". "Ты павінен забыць сваё і сканцэнтравацца на дзяржаўным. Калі па-сапраўднаму. Па-сапраўднаму - ад усяго адракайся і забывай. Я так разумею сваю місію Прэзідэнта", - заявіў беларускі лідар.

"Мы будзем думаць аб тым, хто будзе прадаўжаць гэту місію Прэзідэнта. Мы ні на кога не будзем націскаць. Гэта бескарысна. Але будзем прапаноўваць кандыдатуры тыя, якія маладзей за нас (змена пакаленняў ідзе) і якія могуць утрымаць той курс, які мы праводзім. Калі мы прыйдзем да агульнага меркавання, што ў нас ёсць мужыкі, якія ўзначаляць гэту краіну і будуць у правільным напрамку яе весці, паверце, я ў гэтым крэсле не затрымаюся. Але гэта павінна быць не толькі маё меркаванне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Адно з пытанняў кіраўніку дзяржавы датычылася асаблівасцей агітацыйнай кампаніі ў час прэзідэнцкіх выбараў. На што Прэзідэнт заўважыў: "Чаму няма "шоу" і "валтузні"? Я рады. Ведаеце, нам шоу не трэба. Гэта не наша. Выбары - гэта сур'ёзная рэч. Сур'ёзныя рэчы павінны сур'ёзна рабіцца. Чаго хадзіць, гвалтам крычаць, праводзіць мітынгі?" 

"Я рады, што па-дзелавому (праходзіць прэзідэнцкая кампанія ў Беларусі. - Заўвага). Я шчыра хацеў, каб гэта было нармальна", - дадаў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што беларусы ў 2020 годзе атрымалі "прышчэпку" і зрабілі адпаведныя вывады. "Мы больш гэтага не паўторым", - сказаў Прэзідэнт.

Прадстаўнік аднаго з замежных СМІ пацікавіўся, ці сапраўды ў Беларусі ёсць такая праблема з парушэннем правоў чалавека, як звальненне работнікаў за ўдзел у беспарадках у 2020 годзе.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ўдзел у беспарадках гэта і ёсць не што іншае, як парушэнне правоў іншых грамадзян, а таксама і норм Крымінальнага кодэкса. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што некаторыя перагібы дапускаліся з боку тых, хто разбіраўся з наступствамі беспарадкаў 2020 года. "Такая інфармацыя да мяне даходзіць. Я тады даю ўсім каманду, кажу: "Вы яго выкінулі на вуліцу, звольнілі. Але яны ж нядрэнныя спецыялісты, зразумелі, усвядомілі. Навошта вы настойваеце на звальненні?" - расказаў Прэзідэнт.

"Мы гэту сітуацыю змянілі", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка, дадаўшы, што гэта пытанне ў грамадстве цяпер не стаіць востра. "Гэтага ў Беларусі ўжо няма. Але было: калі недзе спатыкнуўся чалавек - звольніць яго. Не трэба яго звальняць. Трэба даць чалавеку шанц. Я не кажу: дараваць. Яму трэба даць шанц", - дадаў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, большасць з тых, хто спатыкнуўся ў 2020 годзе, прызналі сваю памылку, раскаяліся.

"Па гэтым пытанні тэма закрыта. Мы не будзем бегаць за кожным і прыцягваць да адказнасці, але мы іх бачым - тых, хто парушаў Крымінальны кодэкс", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Журналіст агенцтва Франс Прэс пачаў гаварыць аб тым, што ў Варшаве праходзіць масавы мітынг. Аднак Аляксандр Лукашэнка запярэчыў, што гэта мерапрыемства зусім не такое масавае, як яго спрабуюць падаць у заходніх СМІ, там некалькі дзясяткаў чалавек, а зусім не тысячы. "Не смяшыце людзей. Я ведаю, як гэты мітынг рыхтаваўся. Няма там мітынгу, таму што прыпынена фінансаванне (з боку ЗША пасля ўступлення на пасаду новага Прэзідэнта. - Заўвага), Трамп не даў грошы", - сказаў Прэзідэнт.

Ён звярнуў увагу, што журналістаў заходніх СМІ не раз лавілі на неаб'ектыўнасці і яны могуць даваць карцінку з вулічных акцый, у якой колькасць удзельнікаў будзе значна перабольшана, як гэта было ў Мінску ў 2020 годзе. "Усё, што вы сказалі (пра шматтысячны мітынг у Варшаве і матывацыю людзей прыйсці на яго. - Заўвага), - гэта хлусня", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што ад кампетэнтных органаў яму паступала інфармацыя аб тым, як рыхтавалася гэта акцыя ў суседняй сталіцы і што там цэлая бойка адбывалася: адны гаварылі, што не ўдасца сабраць нават тысячу чалавек, таму і збірацца не варта, а іншыя ўсё роўна настойвалі.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ён даручыў адпаведным службам устанавіць асобы ўдзельнікаў акцыі, якія маюць дачыненне да Беларусі. "Мы намякнулі, што іх сваякі, бацькі, родныя, блізкія жывуць тут. Вы проста падставіце сваіх людзей. А з вамі мы разбяромся, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Яны (патэнцыяльныя ўдзельнікі. - Заўвага) на гэта адрэагавалі: "Калі вы дурні, ідзіце. А мы не пойдзем. Не хочам, каб нашы сваякі падставіліся (яны ў Беларусі жывуць), ды і самі хочам вярнуцца некалі ў краіну. Можа, пры гэтым Прэзідэнце".

Іншае пытанне ад прадстаўніка гэтага французскага інфармагенцтва датычылася пачатку ўзброенага канфлікту ва Украіне 24 лютага 2022 года і руху расійскіх войскаў. Паводле слоў Прэзідэнта, меркаванне журналіста наконт гэтага можна назваць дылетанцкім. Аляксандр Лукашэнка чарговы раз растлумачыў: "Гэта былі войскі не беларускія. Я адказваю за беларускія войскі. І калі вы думаеце, што я, нягледзячы на нашы блізкія адносіны з Уладзімірам Уладзіміравічам Пуціным, сяджу ў Генштабе Расіі і на карце малюю рух расійскіх узброеных сіл, слухайце, вы тады дылетант. Гэта такія рэчы, якія робяцца ў цішыні і робяцца мінімальнай колькасцю людзей. Без іншаземнага ўмяшання, без іншаземцаў".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што не шкадуе аб сваіх рашэннях у той перыяд 2022 года, таму што галоўнае - што Беларусь не была ўцягнута ў вайну.

Адказваючы на пытанне аб анамальна цёплай цяперашняй зіме, Прэзідэнт Беларусі сказаў: "Тое, што цяпер адбываецца, для ўраджаю не мае небяспекі. Расліны пачынаюць вегетаваць недзе пры тэмпературы 7-8 градусаў цяпла. Вегетацыя раслін зімой цяпер небяспечная. Іх не падкорміш, а яны выкарыстоўваюць пажыўныя рэчывы. Вось калі б было цяплей, гэта небяспечна. 1, 3, 4 градусы цяпла - расліны ў спакоі. Яны не выкарыстоўваюць пажыўныя рэчывы. Страху няма. Калі ўдарыць моцны мароз, не дай бог, вядома, рапс падмерзне. А ў нас вялікая колькасць пасеваў. Могуць недзе быць пашкоджаны азімыя". 

"Але калі будзе так да вясны, страху ніякага няма. Мы падкормім азотам усе нашы азімыя расліны і яны пойдуць у рост. Галоўнае, каб рэзкіх перападаў не было. Але зіма яшчэ будзе", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

У Прэзідэнта спыталі, як у яго з'явіўся шпіц Умка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што любіць сабак яшчэ з часоў жыцця ў вёсцы. Аднак раней ён аддаваў перавагу вялікім пародам, такім як аўчаркі. Што датычыцца шпіца Умкі, яго гаспадаром Аляксандр Лукашэнка стаў фактычна выпадкова.

"Падарылі яго не мне, але ён прывязаўся да мяне. Ну, што мне рабіць. Таму я яго вельмі люблю. Гэта як дзіця. Галоўны канкурэнт у яго Коля, вядома, дома, таму што ён ведае, што я Колю люблю і яго, і ён гэта адчувае. Я раней гэтага не разумеў, хоць у вёсцы нарадзіўся і ведаю, што такое жывёлы, - расказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я не думаў, што можна так ставіцца да жывёлы: вельмі адданы, надзейны. Людзі, напэўна, не могуць быць такімі адданымі, як сабакі. Калі я куды-небудзь еду, дзе людзі будуць, усё, ён нутром адчувае, што ён там павінен прысутнічаць".

Чаму Умка заўсёды суправаджае свайго гаспадара? "Ён як дзіця. Я збіраюся - ён адчувае, што я ад'язджаю. І вось ён глядзіць, каб яго не пакінулі. Паглядзіш - шкада становіцца. Ну добра, вазьму яго ў машыну. А яго не ўтрымалі - ён выскачыў з машыны і за мной. Яго павінны былі патрымаць - адмовіўся. Гляджу - бяжыць следам. Сабака заўсёды выбірае сабе гаспадара", - адзначыў Прэзідэнт.

"І наогул жывёлы для мяне - выключны прыярытэт. Вы павінны разумець, што гэты сабачка мае патрэбу ў абароне і падтрымцы больш, чым чалавек. Чалавек можа сябе абараніць, а ён - ніколі. Як да дзяцей стаўлюся, асабліва да такіх малых", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што калі-небудзь раскажа журналістам - але сам-насам - гісторыю з'яўлення шпіца Умкі. "Калі я яго ў адной далоні трымаў, выйшлі на возера і ён з пірса (бачыць, ліхтары адсвечваюць - ён думаў, што гэта не вада) туды ўпаў. Пасля гэтага ён да вады не падыходзіць. А я скокнуў, каб адтуль яго дастаць. Узімку! І мокрага загарнуў у куртку, панёс дадому. Ён ацаніў гэта", - дадаў Прэзідэнт.

Пасля завяршэння прэс-канферэнцыі, якая доўжылася чатыры з паловай гадзіны, Аляксандр Лукашэнка па традыцыі на выбарчым участку зазірнуў у буфет і прадэгуставаў прадукцыю, якая там прапаноўвалася.

Асабліва душэўнай атрымалася размова з прадстаўнікамі Камароўскага рынку. "Каўбаска пальцам піханая, сальца на чатыры пальцы..." - спакушалі прысмакамі Кіраўніка дзяржавы.

У падарунак яму далі "семкі, каб ніколі не нападалі праблемкі" і цэлыя саначкі розных пачастункаў.

Аляксандр Лукашэнка паабяцаў падзяліцца з суправаджаючымі, паколькі сам усё гэта напэўна не з'есць.

На выхадзе Прэзідэнта чакаў цэлы натоўп людзей, якія не разыходзіліся, нягледзячы на размову, якая зацягнулася, Кіраўніка дзяржавы з журналістамі. Беларускія песні, пажаданні здароўя і поспехаў - менавіта так завяршылася для Аляксандра Лукашэнкі наведванне выбарчага ўчастка.