Наведванне Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм"
- 12
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 чэрвеня наведаў Нацыянальную кінастудыю "Беларусьфільм", дзе азнаёміўся з перспектывамі развіцця айчыннага кінематографа.
Адразу пасля прыезду на кінастудыю Аляксандр Лукашэнка задаў пытанне віцэ-прэм'еру Наталлі Пяткевіч: "Што, так дрэнна зусім тут?"
"Трэба дапамагаць", - адказала яна.
"Што значыць "дапамагаць"? - удакладніў Прэзідэнт. - Чарговы раз?"
Наталля Пяткевіч адзначыла, што да кіраўніцтва гэтай сферай прыйшлі новыя людзі і ў іх ёсць жаданне змяніць сітуацыю да лепшага. Але ёсць пытанні, якія яны самі не вырашаць, нават чыста ў гаспадарчым плане. Напрыклад, размова ішла пра знос некаторых будынкаў, неабходнасць зніжэння затрат.
"Гэта значыць, калі знясём, то справы пойдуць?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.
Да размовы падключыўся Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой, адзначыўшы, што гэта дасць магчымасць знізіць затраты. "У іх жа ўсё на балансе вісіць", - сказаў ён.
"Ну давайце знімем з балансу", - прапанаваў варыянт Прэзідэнт.
Дзмітрый Крутой на гэта сказаў: "Такая канцэпцыя таксама ёсць - падзяліць на дзве часткі".
"Я якраз прыйшоў да адваротнай высновы. Я лічу, іх трэба пакінуць. Няхай ствараюць, прадаюць і жывуць. Не - выбачайце. Ну колькі разоў можна дапамагаць? Яны ж фактычна вісяць на плячах у дзяржавы. Зыходзячы з той нават даведкі, якую камітэт і ты падрыхтавалі (размова пра КДК і Адміністрацыю Прэзідэнта. - Заўвага). А навошта ім працаваць? Прынясуць дакумент, падмахнуць, Прэзідэнту на стол: дайце грошы. А за што даваць грошы? - сказаў Прэзідэнт. - За апошнія некалькі гадоў гэта трэція "новыя людзі". І мы ўсё дапамагаем".
Кіраўніку дзяржавы было коратка даложана аб структуры кінастудыі, штатнай колькасці супрацоўнікаў, аснашчанасці студый і павільёнаў. Так, у Мінску на тэрыторыі "Беларусьфільма" размяшчаецца вытворчы корпус са здымачнымі павільёнамі, аўтабаза, некалькі неэксплуатуемых будынкаў, запланаваных пад знос, у Смалявічах - натурная пляцоўка. Штатная колькасць кінастудыі - 320 адзінак, але запоўнены далёка не ўсе. Напрыклад, застаюцца вакантнымі дзве з трох пасад намесніка дырэктара кінастудыі. Наконт гэтага Прэзідэнт крытычна заўважыў, што ў такой колькасці намеснікаў, хутчэй за ўсё, і няма асаблівай неабходнасці, паколькі галоўнае - каб былі тыя, хто займаецца непасрэдна кінавытворчасцю.
У структуру "Беларусьфільма" ўваходзяць тры асноўныя студыі: ігравых, дакументальных, анімацыйных фільмаў, а таксама Тэатр-студыя кінаакцёра. Здымачныя павільёны, размешчаныя ў Мінску, заняты пераважна пад будаўніцтва дэкарацый, здыманне кінафільмаў і тэлевізійных праектаў. Арганізавана таксама экспазіцыя, прысвечаная гісторыі айчыннага кінематографа, дзе праводзяцца экскурсіі. Цяпер у працэсе стварэння знаходзяцца некалькі кінастужак: у верасні намечаны выхад прэм'еры да Дня настаўніка - карціны "Класная" і да канца года - фільма "Пераломны момант", пачата работа над кінакарцінамі "Бацька Мінай. Партызанская легенда" (прэм'ера запланавана на 2026 год), "Адно на дваіх" і "Навагодні экспрэс".
Гаворачы пра вытворчасць фільмаў, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Сучасна павінна быць. Патрэбна дынаміка пэўная. Гэта маё меркаванне".
Прэзідэнт не выключыў магчымасці фінансавай падтрымкі, але патрэбны эфектыўнасць і аддача, каб на выхадзе было якаснае запатрабаванае кіно. Таму працэс падрыхтоўкі кадраў, кінавытворчасці, выдзялення на гэта сродкаў Аляксандр Лукашэнка патрабуе "жалезна браць на кантроль". "Потым трыма пальцамі ўзяў (размова пра разумны падыход да выдзялення сродкаў, не агулам. - Заўвага): вось табе рубель - вярні два", - агучыў агульны падыход беларускі лідар.
"Цяпер мы, груба кажучы, "калючым дротам" абнясём гэта. 320 чалавек (на кінастудыі. - Заўвага) - калі ласка: стварайце, прадалі - жывіце. З гэтага пачнём", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
А тых, хто дае вынік, прапануе перспектыўныя ідэі, трэба і адпаведна падтрымліваць. "Мы трацім шалёныя грошы марна. Дык трэба заплаціць людзям, якія працуюць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнту таксама далажылі аб рэалізацыі тэлевізійных праектаў на плошчах "Беларусьфільма". Белтэлерадыёкампанія тут здымае шэраг папулярных перадач. "Пад гэта грошай не шкада, калі ёсць вынік", - сказаў ён.
Кіраўнік дзяржавы на кінастудыі паразмаўляў з Кірылам Халецкім - кінарэжысёрам-пастаноўшчыкам фільма "Класная", які ў верасні выйдзе ў пракат. "Божа мой, рэжысёры ёсць у нас! Ты ў нас, як карысны выкапень. Ці ты, можа, аднекуль прыехаў?" - звярнуўся да яго Аляксандр Лукашэнка.
"Не, я беларус. Акадэмія мастацтваў", - адказаў Кірыл Халецкі.
"Дзякуй табе, госпадзі! Аказваецца, яшчэ ёсць (рэжысёры ў Беларусі. - Заўвага)", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Як расказаў Кірыл Халецкі, фільм "Класная" пра маладую настаўніцу, якая паехала па размеркаванні ў аграгарадок і становіцца класным кіраўніком у 11-класнікаў. Фільм раскажа пра шлях станаўлення маладога педагога. "Фільм разлічаны на гледачоў пачынаючы з 6 гадоў. Гэта значыць, першакласнік можа ўжо з бацькамі або ўсім класам ісці ў кіно. Фільм знаходзіцца на стадыі мантажу. Атрымліваецца вельмі добрае, светлае, жыццёвае кіно. Міністэрства адукацыі курыруе гэты праект, дапамагаюць нам. Ва ўсіх кінатэатрах краіны з 18 верасня", - расказаў рэжысёр.
Аляксандр Лукашэнка сказаў, што знаёмы са зместам кінастужкі, але даў адзіную параду, каб жыццё ў аграгарадку было належным чынам адлюстравана, бо яно адрозніваецца ад, напрыклад, мінскіх рэалій "Каб тут кантрасту не было, што ў мазгах Мінск, а здымаеш ты аграгарадок", - адзначыў Прэзідэнт.
У рамках наведвання кінастудыі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях развіцця нацыянальнага кінематографа.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што рашэнне правесці сустрэчу па заяўленай тэматыцы наспела даволі даўно. Паводле яго слоў, стан спраў на кінастудыі і ў галіне ў цэлым вельмі нездавальняючы. "Дзяржавай створаны ўмовы для развіцця айчыннага кінематографа і ў прыватнасці "Беларусьфільма", - звярнуў увагу Прэзідэнт. Але аддача, як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, пакуль не тое што нулявая, а ніжэйшая за нуль. "Мінусавая! Ні дзяржава, ні глядач не бачаць вынікаў", - заявіў ён.
Паводле слоў Прэзідэнта, для большасці беларусаў айчыннае кіно скончылася "Жніўнем 44-га…" і "Брэсцкай крэпасцю". "Глядзець проста няма чаго! - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы. - Канчаткова страчаны сямейная, юнацкая і дзіцячая аўдыторыі".
"І не трэба мне з вашага боку расказваць, як вы "рванулі" ў рабоце з гледачом і арганізавалі прагляды для працоўных калектываў, - прадоўжыў Прэзідэнт. - Няхай, няма акупнасці на ўнутраным рынку - мы па насельніцтве, па рынку, як прынята гаварыць, невялікая краіна (хоць усе гаворым пра рынак, а жыць у рыначных умовах не хочам). Прыбытак ад пракату атрымаць складана, хоць калі стварыць добры фільм, я ўпэўнены, што і тут мы атрымаем прыбытак. Але мы сваё прадаць за мяжу не можам. Таму што няма чаго. Ды і канкурэнцыя сур'ёзная".
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў свой час была праведзена поўная мадэрнізацыя кінастудыі "Беларусьфільм" і зроблена ўсё так, як аб гэтым прасілі самі прадстаўнікі індустрыі. Устаноўлена новае тэхналагічнае абсталяванне, укладзены велізарныя сродкі. "Аванс, які дзяржава выдзеліла беларускаму кінематографу, так і не адпрацаваны", - сказаў Прэзідэнт.
У якасці прыкладу Кіраўнік дзяржавы прывёў абсталяванне павільёнаў для здымання тэлевізійных праектаў на кінастудыі. Галоўнае патрабаванне, якое тады было агучана, - рабіць усё максімальна ўласнымі сіламі і эфектыўна выкарыстоўваць фінансавыя сродкі. Гэтак жа трэба дзейнічаць і цяпер у дачыненні да "Беларусьфільма" ў цэлым.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што за апошні час няма гучных айчынных кінапрэм'ер, і нават па тэлеканалах дэманструюцца ў асноўным кінастужкі мінулых гадоў, але яны ўжо не так "чапляюць" сучасных гледачоў, тым больш калі ёсць магчымасць выбару са многіх дзясяткаў каналаў.
"Трэба, вядома, карані свае не забываць, у нас добрае мінулае, у "Беларусьфільма". Але трэба прыстасоўвацца да сучаснасці", - арыентаваў Прэзідэнт. Разам з тым ён папярэдзіў, каб у пагоні за актуальнымі тэндэнцыямі кінематаграфісты не перабралі меру са сцэнамі гвалту, страляніны і да таго падобнае ў кіно. Да гэтага не трэба прывучаць грамадства, упэўнены беларускі лідар. Ён перакананы, што наяўнасць такіх сцэн зусім не з'яўляецца абавязковым атрыбутам сучасных кінакарцін і залогам поспеху ў гледачоў. "Калі будзе добрая альтэрнатыва - у нас людзі разумныя, разбяруцца. Але альтэрнатывы пакуль няма", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы спытаў, што перашкаджае кінастудыі працаваць, заваёўваючы ўвагу гледачоў хаця б так, як гэта адбываецца ў суседняй Расіі. "Не трэба гаварыць, што там мора грошай і яны валяць гэтыя грошы (у кінематограф. - Заўвага). Нічога падобнага. Грошы там умеюць лічыць. Там у асноўным гэта робяць прыватнікі, прыватнікі грошы даюць, фінансуюць, і абы на што ніхто грошы свае не дасць", - заўважыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што для фінансавання "Беларусьфільма" лішніх грошай у бюджэце няма, таму не трэба разлічваць на дадатковае ўліванне, як кажуць, пад новую каманду - кіраўніка, які нядаўна назначаны дырэктарам кінастудыі. "На маёй памяці гэта ўжо, напэўна, восьмая ці дзявятая каманда. І мы ўвесь час пад новую каманду выдзялялі грошы. І што? Таму рашэнне адно. Не крыўдуйце, я вобразна скажу, вы вобразы любіце: калючы дрот вакол (я так сялянам некаторым гавару), 320 чалавек ёсць - стварайце за гэтым дротам што хочаце, гэта ваша справа. Галоўнае, каб ідэалагічна вы правільна выбудоўвалі", - сказаў ён. Прэзідэнт згодны з вядомым выказваннем, што найважнейшым з мастацтваў усё ж такі з'яўляецца кінематограф і ў краіне ён павінен развівацца. Але разлічваць трэба перш за ўсё на ўласныя сілы, а не на бясконцую падтрымку дзяржавы. Ёсць штатная колькасць супрацоўнікаў, ёсць матэрыяльна-тэхнічная база, трэба ўсё гэта разумна, эфектыўна задзейнічаць і выдаць вынік.
"Запомніце: лішніх грошай не будзе. Ніхто вам ніякіх грошай пад нейкую новую каманду не дасць. І калі вы да 1 верасня на чале з Міністрам культуры не наведзяце тут парадак, рашэнні будуць самыя жорсткія. І не думайце, што мы вас проста з пасады знімем", - папярэдзіў беларускі лідар.
Гаворачы ў цэлым аб прадстаўніках сферы культуры, Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб тым, як павялі сябе некаторыя з іх у 2020 годзе. "Чаго там граху таіць, ён (той год. - Заўвага) паказаў, хто ёсць хто. І вы былі наперадзе. І што, калі б не вытрымалі ў 2020 годзе? Мы ваявалі б... Ды не ваявалі, нас не было б даўно! Вы бачыце, што ва Украіне робіцца. Нас тут не было б", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Эмоцыі, якія тады авалодалі некаторымі творчымі людзьмі, трэба было б прытрымаць у сабе, а не паддавацца ім, упэўнены Прэзідэнт. "Я не хачу вас усіх агулам абвінавачваць. Вы людзі эмацыянальныя, я таксама. Але эмоцыі часам трэба выкарыстоўваць на карысць справы. І хаваць іх далей да пары да часу. Не спяшайцеся. Куды вы спяшаецеся? Фільмы ствараць вы не спяшаецеся, а вось выскачыць на вуліцу ў кароткіх спаднічках - гэта вы маглі, і ўсіх "гвалтавалі" там", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Вы павінны быць памяркоўнымі, узважанымі - беларусамі. Зямнымі людзьмі, якія глядзяць наперад. Не завываць увесь час, што ў нас "ах, дрэнна, бульбы не хапае", яшчэ нечага... Усяго хапае ў нас. Калі праверыў Камітэт дзяржкантролю некаторых дзеячаў, аказваецца, у палітыцы была справа. Бульбы хапала. Але недзе прытрымалі, каб паказаць, што, вось, Прэзідэнт у цэнаўтварэнне ўмяшаўся, таму вось вынік. А калі ён (КДК. - Заўвага) з наручнікамі прыйшоў, на стол паклаў - бульба з'явілася", - заявіў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы зрабіў асаблівы акцэнт на складанай геапалітычнай абстаноўцы вакол Беларусі. "Бог нас збярог і дапамагае нам захаваць гэты кавалачак. Паглядзіце, навокал вайна, навокал бушуе. Вазьміце Фінляндыю. Я паглыблены ў гэту палітыку. Прабачце, што вам палітінфармацыю гэту чытаю. Вось Пуцін мне гаворыць: "Слухай, жылі нармальна (з Фінляндыяй. - Заўвага)". Гаворыць, у магазін ездзілі туды нашы людзі, усё было нармальна, жылі. Не, ім трэба было ўступіць у НАТА", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Ніжэй апускаемся. Цяпер пагаворваюць ужо аб тым, каб блакіраваць Балтыйскае мора, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Каб гандлёвыя караблі, у тым ліку і нашы (не прапускаць. - Заўвага). Мы ж гандлюем цяпер не праз Літву і Латвію, як раней, - шалёныя гэтыя нас туды не пускаюць. Мы гандлюем праз Ленінград (парты Ленінградскай вобласці. - Заўвага) па Балтыцы. - Вось, мы (гавораць апаненты. - Заўвага) закрыем недзе ў Даніі праход. - Што ж, мы дазволім, каб з нас здзекваліся? Ваенныя караблі будуць суправаджаць гандлёвыя судны".
"Апускаемся ніжэй - Прыбалтыка, балтыйскія тры дзяржавы, Польшча. Ну гэтым тром (Літва, Латвія і Эстонія. - Заўвага), ім жа чаго не хапала? Я бачыў, як гэта было. Ім усё туды, як у народзе нашым кажуць, "пёрлi ўсё". Для таго каб паказаць, што ўскраіны ў Савецкім Саюзе развіваюцца і гэтак далей. Высокатэхналагічныя былі рэспублікі. Парты, жыві - не хачу. Гандлявалі, велізарны аб'ём рэсурсаў. Што не хапала? Ну добра, вы хочаце самастойна. Мы таксама хочам жыць самастойна. Навошта вы плюяце ў наш бок?" - выказаўся Кіраўнік дзяржавы аб трох краінах Балтыі.
Аляксандр Лукашэнка прадоўжыў: "Апускаемся ніжэй. Пра Польшчу гаварыць не хачу. Ведаеце. Яшчэ ніжэй вайна - Украіна. Яшчэ ніжэй - на Каўказе, яна не скончылася".
"Я навошта гэта гавару: і вось тут гэты астравок (спакойная і стабільная Беларусь. - Заўвага). Вы думаеце, нам спакойна жыць дадуць? Не, гэта каштуе каласальнага напружання. Перш за ўсё Прэзідэнта, прабачце за нясціпласць. Ну дык вызваліце мяне ад таго, каб здымаць фільмы", - рэзюмаваў Прэзідэнт, падкрэсліваючы асабістую адказнасць кінематаграфістаў за сваю справу.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на першым этапе трэба знайсці хаця б трох добрых рэжысёраў, якія хочуць працаваць. "Яны знойдуць каманду, яны прапануюць вам сцэнарыі, яны вам усю рэжысуру пакладуць на стол. Дзейнічайце. Адсюль трэба пачынаць, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Трэба пачынаць з "трэнераў каманд". А такія ў Беларусі ёсць. Іх нямала".
Аналагічна і з падрыхтоўкай маладых кадраў, работы з Акадэміяй мастацтваў. "Трэба пачынаць ад кораня - ад кухні, дзе рыхтуюць кадры. Уладзіміру Барысавічу (Пярцову, Першаму намесніку Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. - Заўвага) і Кіраўніку Адміністрацыі сёння пастаўлена жалезная задача: ідзіце ў гэту альма-матар, у ручным рэжыме (пакуль усё не наладзіцца) разбірайцеся з выкладчыкамі і з тым прадуктам, які яны адтуль выпускаюць, што гэта за людзі. У адваротным выпадку вы не здымеце ні аднаго сучаснага душашчыпальнага фільма", - паставіў задачу Кіраўнік дзяржавы. Адукацыя там, як і ў іншых сферах, павінна быць практыкаарыентаванай, упэўнены Прэзідэнт. "Тэорыя павінна быць. Але трэба, каб людзі бачылі здымачную пляцоўку", - сказаў ён.
У развіцці айчыннага кінематографа Прэзідэнт арыентуе дзейнічаць хутчэй: "Далей, далей. Трэба бегчы". А дзяржава кропкава, дзе гэта сапраўды неабходна, падставіць плячо і дапаможа. "Дзяржава кіруемая. Усе вы крычыце: "Дыктатура!" Вось гэта дыктатура будзе вам на карысць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што ёсць вялікія пытанні да Міністэрства культуры, і выпраўленне сітуацыі - персанальная адказнасць назначанага нядаўна новага Міністра Руслана Чарнецкага: "У цябе ніякага шанцу няма для таго, каб як раней працаваць. Мінкульт павінен больш актыўна варушыцца. Але без Урада і Адміністрацыі Прэзідэнта будзе складана. Вось тут трэба дапамагчы. Але павінна быць жалезнае запатрабаванне".
Дакладчыкаў на нарадзе Кіраўнік дзяржавы папрасіў у першую чаргу далажыць аб тым, чаго не хапае, каб ствараць добрае, запатрабаванае кіно. "Яшчэ раз падкрэсліваю: я гатовы вам дапамагаць. І дапамагаць не толькі як Прэзідэнт, у якога ў руках гэтыя фінансы. Трэба асабіста недзе падключыцца - з вялікім задавальненнем, - запэўніў беларускі лідар. - Плаціць будзем за работу. З заўтрашняга дня. І без работы ніякіх авансаў не чакайце. Калі толькі на стварэнне. Здымаеце фільм, са спецыялістамі і фінансістамі дамовіліся, што гэта нармальна (чалавек, які будзе несці за ваш фільм адказнасць), мы вам невялікі аванс - ідзіце, працуйце. Зрабілі добры прадукт - грошай не шкада. Тым больш на добрае кіно. Таму што гэта дэфіцыт. Страшэнны дэфіцыт у нашым грамадстве. Без гэтага нікуды. Ніякай ідэалогіі без кіно быць не можа".
"Любую сістэму пракату стварайце - на стол, мы зацвердзім. У нас многае пад кантролем. Вам дастаткова. Наперадзе толькі вы, праца ваша. Дайце вынік", - заклікаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама даручыў прааналізаваць сітуацыю ў рабоце і іншых устаноў культуры, а не толькі "Беларусьфільма". "Усё павінна быць празрыста. Глядзіце, каб усюды былі людзі сумленныя. І плаціць трэба тым, хто сёння працуе і паказвае вынік. Будзе работа, будзе вынік - вы крыўдаваць не будзеце. Не будзе выніку - не будзе нічога", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што так адкрыта і ў крытычным плане выказваецца аб праблемах у рабоце "Беларусьфільма", таму што ў гэтым выпадку дзяржава нічога не губляе, нават калі нехта пакрыўдзіцца на сказанае: "У мяне выйсця іншага няма. Таму я гавару Міністру, кіраўніку "Беларусьфільма": не будзе выніку - самае жорсткае стаўленне. Я ў вас спытаў: "Вы гатовы?" - Гатовы. - Ідзіце, давайце вынік. Не дасце - лічыце, што вы мяне падманулі. Таму не крыўдуйце. Я не гавару, што так яно будзе. Але калі раптам, крайні варыянт, - мы нічога не губляем. Таму давайце не будзем даводзіць сітуацыю да абсурду".


