Удзел у цырымоніі адкрыцця Нацыянальнага футбольнага стадыёна
- 22
- 13:17
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 чэрвеня прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця ў Мінску Нацыянальнага футбольнага стадыёна.
Кіраўніка дзяржавы каля ўвахода на стадыён сустракалі адказныя службовыя асобы і дзяўчаты-спартсменкі, якія па існуючай традыцыі перадалі Прэзідэнту букет кветак. Першае пытанне, якое Аляксандр Лукашэнка адрасаваў прысутным: "Будзем перамагаць? Калі?"
Недалёка ад увахода Прэзідэнт спыніўся каля скульптурнай кампазіцыі, якая ўяўляе сабой футбольных ігракоў з мячом. Наконт гэтага Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што тут было б дарэчы размясціць помнік Старшыні КНР Сі Цзіньпіну. Бо менавіта дамоўленасці на вышэйшым узроўні кіраўнікоў Кітая і Беларусі далі магчымасць ажыццявіць будаўніцтва маштабнага футбольнага стадыёна ў Мінску.
Кіраўніку дзяржавы было коратка даложана аб рэалізацыі праекта і перспектывах эксплуатацыі стадыёна. Акцэнт быў зроблены на тым, што гэта пляцоўка пабудавана ў адпаведнасці з патрабаваннямі міжнародных футбольных арганізацый ФІФА і УЕФА, і пачата працэдура па атрыманні неабходных акрэдытацый. Матч, згуляны ў дзень адкрыцця, з'яўляецца тэставым для гэтага, на ім прысутнічаюць 33 тыс. гледачоў.
Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўрачыстага адкрыцця стадыёна расказаў, як прымалася рашэнне наконт будаўніцтва ў сталіцы гэтага спартыўнага аб'екта і чаму яго ўзвялі менавіта каля Партызанскага праспекта.
"Я доўга думаў, што сказаць у гэтай сітуацыі. Хочацца проста ад душы, але не фармат: у нас вялікі афіцыёз сёння. Але тым не менш давайце па-чалавечы і ад душы", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што вельмі шмат разоў праязджаў па Партызанскім праспекце. Сёння гэта прыгожы і ўтульны раён Мінска, але так было не заўсёды.
"Праязджаючы па гэтым праспекце, я заўсёды глядзеў на гэты вялізны кавалак нашага Мінска, гэтага парку (50-годдзя Вялікага Кастрычніка. - Заўвага). А потым, з'яўляючыся дэпутатам парламента, стаўшы Прэзідэнтам, я не раз бываў у гэтым парку ў раёне нашага стадыёна "Трактар". І тады зарадзілася шалёная думка пабудаваць тут нешта значнае для гэтага раёна, дзе жылі і, упэўнены, жывуць надзейныя, моцныя людзі, рабацягі. Ды і для нашага горада Мінска. Акультурыць, прывесці ў парадак", - прызнаўся Аляксандр Лукашэнка.
З часам Кіраўнік дзяржавы вырашыў, што тут павінен быць пабудаваны Нацыянальны футбольны стадыён. Паводле слоў Прэзідэнта, ён прыслухаўся да беларусаў, якія лічылі, што ў краіне нібыта занадта шмат увагі ўдзяляецца хакею, а футболу - недастаткова.
"Думаў, трэба ж для сваёй "прафесіі" (а мая прафесія - гэта не хакей, а футбол, вы аб гэтым ведаеце) пабудаваць нацыянальны стадыён. Калісьці ж наша зборная нарэшце пакажа клас гульні і будзе гуляць так, як належыць! Было прынята рашэнне наконт будаўніцтва тут Нацыянальнага стадыёна. І аднойчы ў Пекіне, ведучы перагаворы са сваім старым, але вельмі надзейным сябрам - Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам, я пачаў гэту размову. І ён так па-кітайску (кітайцы - людзі вельмі спакойныя, узважаныя) у канцы таго, як я падзяліўся думкамі, сказаў: мы падумаем", - расказаў беларускі лідар.
У час чарговага візіту Кіраўніка дзяржавы ў Кітай Сі Цзіньпін нечакана прадэманстраваў яму два макеты - басейна міжнароднага ўзроўню і футбольнага стадыёна. Старшыня КНР тады заявіў, што будаўніцтва гэтых аб'ектаў будзе падарункам для беларускага народа.
"Я адразу не паверыў, добра ведаючы Кітай, кітайцаў. Але потым падумаў: кітайцы проста так дарэмна нічога не гавораць. А тым больш першая асоба. Вось з гэтага ўсё пачалося", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Стадыён быў пабудаваны адносна хутка. З'явіўся ў беларускай сталіцы і новы басейн міжнароднага класа. "Цалкам падарунак кітайскага народа. Там няма беларускіх грошай", - заўважыў Прэзідэнт.
"Мы афіцыйна адкрываем найвялікшы "помнік". Я сказаў на ўваходзе (каля стадыёна ўстаноўлена скульптурная кампазіцыя, якая ўяўляе сабой футбалістаў Беларусі і Кітая. - Заўвага): якраз тут паставіць бы помнік майму сябру Сі Цзіньпіну. Таму што толькі дзякуючы яму кітайцы за свой кошт пабудавалі гэты стадыён. Як сказаў міністр, такіх мала ў Еўропе", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Гэта грандыёзнае збудаванне. Для нашай краіны, для Беларусі, гэта найвялікшая падзея. Цудоўная арэна, як і новы басейн міжнароднага ўзроўню, спраектаваны і пабудаваны нашымі сябрамі з Кітайскай Народнай Рэспублікі", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы выказаў удзячнасць Старшыні КНР Сі Цзіньпіну, а таксама ўсім кітайскім партнёрам за ўзвядзенне гэтага аб'екта - самага вялікага і сучаснага футбольнага стадыёна Беларусі, які спалучае нацыянальныя традыцыі і перадавыя інжынерныя рашэнні. Асаблівыя словы ўдзячнасці беларускі лідар адрасаваў кітайскім футбалістам і балельшчыкам: "Мы зробім усё, каб вам у Беларусі спадабалася!"
"Я перакананы, гэты стадыён стане яшчэ адным пазнаваемым вобразам нашага горада-героя Мінска, сімвалам моцнай беларуска-кітайскай дружбы", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Нацыянальны футбольны стадыён адпавядае самым высокім сусветным стандартам. "Спадзяюся, у бліжэйшай будучыні разам з таварыскімі гульнямі, матчамі нацыянальнага чэмпіянату мы зможам прымаць тут афіцыйныя міжнародныя сустрэчы і атрымліваць асалоду ад выступлення лепшых футбалістаў свету", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Да адкрыцця стадыёна мінчане добраўпарадкавалі прылеглы парк імя 50-годдзя Вялікага Кастрычніка і абнавілі інфраструктуру стадыёна "Трактар". Такім чынам, гэты зялёны куток сталіцы літаральна за пяцігодку ператварыўся ў сучасны спартыўны квартал для аматараў актыўнага адпачынку, заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
"Але гэта яшчэ не канец. Мы павінны ўкласці тут нямала працы для таго, каб гэты стадыён патанаў у зеляніне і кветках. Такая задача пастаўлена кіраўніцтву горада", - заявіў Прэзідэнт.
"Спорт справядліва лічаць паслом міру. Футбол - самая папулярная, масавая народная гульня - сцірае граніцы паміж краінамі, збліжае розных людзей, аб'ядноўвае і тых, хто гуляе, і тых, хто балее. Усіх нас. Спадзяюся, узровень гульні нашых клубаў і асабліва зборных будзе адпавядаць створаным для іх умовам. Вельмі спадзяюся, хлопцы, на вас. Вы маладыя. Будучыня. Вам гуляць, вам адстойваць гонар роднай зямлі", - звярнуўся Кіраўнік дзяржавы да маладзёжнай зборнай.
Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што беларускія футбалісты, атрымаўшы такі падарунак - Нацыянальны футбольны стадыён, нарэшце, пачнуць апраўдваць чаканні балельшчыкаў, і яны ўбачаць з гэтых трыбун яркія перамогі любімых каманд.
Прэзідэнт падкрэсліў, што беларусы ўмеюць гуляць у футбол. Ён нагадаў, што мужчынская зборная па пляжным футболе на нядаўнім чэмпіянаце свету бліскуча паказала, як трэба абыгрываць самых моцных сапернікаў. Тады беларусы ўступілі ў фінале бразільцам, ледзь не абыграўшы саперніка.
На цырымоніі таксама прысутнічалі і кітайскія партнёры. Як адзначыў намеснік кіраўніка Галоўнага дзяржаўнага ўпраўлення па фізічнай культуры і спорце КНР, віцэ-прэзідэнт Алімпійскага камітэта КНР Чжан Цзяшэн, рэалізаваны праект з'яўляецца прыкладам палітычнага даверу і глыбокай дружбы паміж народамі Беларусі і Кітая.
Чжан Цзяшэн згадаў пра нядаўні паспяховы візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай. "Лідарамі нашых краін дасягнуты важныя дамоўленасці аб далейшай інтэнсіфікацыі кітайска-беларускіх адносін, створаны новы трывалы фундамент для ўстойлівага і доўгатэрміновага супрацоўніцтва", - сказаў прадстаўнік кітайскага боку.
Ва ўрачыстай абстаноўцы Чжан Цзяшэн перадаў Кіраўніку дзяржавы сімвалічны ключ ад стадыёна, а Прэзідэнт у сваю чаргу ўручыў ключ беларускім спартсменам, якія падзякавалі за з'яўленне ў сталіцы аб'екта, які дазволіць футбалістам трэніравацца, развівацца і дабівацца высокіх вынікаў.
У слове ў адказ беларускія спартсмены адзначылі, што новая арэна стане месцам для яркіх матчаў і незабыўных эмоцый. Футбалісты запэўнілі, што прыкладуць усе намаганні, каб праслаўляць краіну і з гонарам несці сцяг дзяржавы.
"Дзякуй. Мы пачакаем. Мы спадзяёмся. Я думаю, вы нас ніколі не засмуціце на гэтай цудоўнай арэне. І не толькі на гэтай", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.